В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (125)

Кажуць, жаданне – крыніца пакут, але пры наяўнасці жадання – шалом! Кур’ёзнаватыя падзеі адбыліся з моманту выхаду 124-й серыі «Катлет…»: 20-гадовая студэнтка-феміністка Лізавета падала скаргу на дзеянні А. Лукашэнкі, які дачасна распускае парламент. Матывіроўка скаргі дасціпная: праз «выбары» ў лістападзе 2019 г. Ліза не зможа ажыццявіць сваё права кандыдаваць у парламентарыі (21 год ёй споўніцца толькі ў студзені 2020 г.).

Суд Ленінскага раёна г. Мінска прадказальна адмовіў нашай «Тэруань дэ Мірэкур»: маўляў, прэтэнзіі не па адрасе… Выглядае, што ўказы прэзідэнта «простым смяротным», насупор Канстытуцыі, Грамадзянскаму і Грамадзянска-працэсуальнаму кодэксам, аспрэчыць увогуле нерэальна: суддзі памятаюць, хто іх прызначае і звальняе.

Канстытуцыйны суд у Беларусі фармальна крыху менш залежны ад «галоўнага палітыка» (непасрэдных прэзідэнцкіх прызначэнцаў згодна з арт. 116 Канстытуцыі там толькі палова – праўда, старшыня суда ўваходзіць у іх лік), але да яго яшчэ паспрабуй дагрукайся… Грамадзянам не дадзена права ініцыяваць справу ў КС, а палата прадстаўнікоў, якую жэстачайшэ пазбаўляюць дзесяці месяцаў канстытуцыйных паўнамоцтваў, не шманае.

Меркаванні некаторых дэпутацікаў (даруйце, але дэпутатамі яны стануць толькі тады, калі пачнуць бараніць… калі не выбарцаў, дык хоць сваіх калег і сваё месца працы) ужо цытаваліся. Пасля той публікацыі зноў выступіла Алена Анісім, паразважаўшы: «у прынцыпе зрабіць гэта можна, даць запыт у Канстытуцыйны суд… Калі цалкам парламент, то яно не пройдзе. Можна паспрабаваць склікаць паседжанне палаты прадстаўнікоў, але гэта толькі гіпатэтычна». І спаслалася на ўласны досвед, як у пачатку 2017 г. хадзіла да старшыні ПП з прапановай склікаць адмысловае пасяджэнне, а ён адмовіў.

Мінула два з паловай гады, за гэты час нешта магло змяніцца ў галовах шараговых членаў ПП. Закон аб Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь (арт. 76) прадугледжвае шанс на скліканне пазачарговай сесіі па ініцыятыве дзвюх трацін поўнага складу палаты – г. зн. трэба 74 подпісы. Рэальна іх сабраць? З такім настроем, як у А. Анісім, вядома, наўрад ці. Не асуджаю спадарыню, ды нагадаю: прэцэдэнт збору 67% подпісаў такі здарыўся 17 год таму. Было гэта ў рамках грамадскай ініцыятывы «Няміга-1570», створанай у ліпені 2002 г., пра якую каліва пісаў тут.

У канцы лета 2002 г. каардынатар «Нямігі-1570» Якаў Гутман даволі хутка сабраў 10 або 15 подпісаў дэпутатаў ПП, але пасля нашых пасядзелак на Даўмана і Старажоўскай (бралі ўдзел Вольга Вечар, Уладзімір Дзянісаў, Алесь Марачкін, я) і прэс-канферэнцыі на сядзібе БНФ у верасні 2002 г. вырашыў не спыняцца на дасягнутым…

Справаздачы газет «Вечерний Минск», 30.09.2002, і «Народная газета», 20.11.2002

У выніку да лістапада 2002 г. Я. Гутман сустрэўся з 105 дэпутатамі ПП НС (са 109 магчымых) і дастаў 75 подпісаў пад зваротам да А. Лукашэнкі ў абарону гісторыка-культурнай спадчыны. Сёлета я спытаўся ў Гутмана, які зараз курсіруе паміж ЗША і Расіяй, як ён трапляў у Дом ураду. Атрымаў адказ: «Часам праходзіў з гордым відам міма паставога… Часам пропуск заказваў Уладзімір Парфяновіч, нябожчык Фралоў або яшчэ хтосьці. Пасля таго як трапляў у будынак, па кабінетах можна было хадзіць бясконца. Дапамагаў статус прэзідэнта Сусветнага згуртавання беларускіх габрэяў» (14.08.2019).

Як успамінае сп. Гутман, на гутарку з адным дэпутатам ён траціў ад 15 да 45 мінут. (З некаторымі гутарылі і іншыя людзі, намякаючы на тое, што дэпутатам яшчэ трэба будзе перавыбірацца.) Амаль усе суразмоўцы Гутмана гаварылі пра тое, што з варварскім знішчэннем спадчыны пара канчаць. Некаторыя распавядалі пра сітуацыю на «яўрэйскай вуліцы» ў сваіх акругах.

У снежні 2002 г. Лукашэнка «адфутболіў» калектыўны зварот на адрас Тозіка (тагачасны старшыня камітэта дзяржкантролю) і Шэймана (генпракурор), але яўрэйскі актывіст не шкадуе пра затрачаны час: «Па-першае, я зрабіў усё, што мог. Маё сумленне чыстае. Па-другое, кантактаваў з выдатнымі людзьмі. Асабістае знаёмства са 105 дэпутатамі парламента было б моцным фундаментам для далейшай працы, калі б гэта было ў іншай дзяржаве».

Адозва Н. Цыркун да калегаў; пікіроўка А. Тозіка з Ул. Парфяновічам

Дадам, што чын 2002 г. усё ж меў і рэальныя вынікі. Сінагогі на Дзімітрава, 3 і на Нямізе, 3 не аднавілі, але праверка з дзяржкантролю выявіла, што чыноўнікі Мінгарвыканкама мелі намер знесці будынак абласнога ваенкамата – помнік архітэктуры. Ён быў захаваны, і цяпер там філіял гарадскога музея – «мастацкая галерэя Савіцкага». Дзякуючы актывізацыі дэпутатаў удалося не дапусціць будоўлі жытла на месцы могілак часу Першай сусветнай вайны (вул. Чарвякова; цяпер там мемарыял).

Не ведаю, хто б зараз узяўся сабраць 74 подпісы, але і 54 сталі б файнай аплявухай для лукашэнскай адміністрацыі. Ды што 54 – нават 24… Як ёсць жаданне, то з’яўляюцца і магчымасці.

Цвяроза ацэньваючы стан дэпутацкага корпусу (у 2002 г. дзеяла ў ПП «напаўапазіцыйная» група «Рэспубліка», куды ўваходзілі вышэйзгаданыя Парфяновіч, Фралоў…), мяркую, што «выбары» 17.11.2019 усё ж адбудуцца. Дыбаць на ўчастак або не, пакуль што не вырашыў. З аднаго боку, няма ахвоты ўдзельнічаць у мерапрыемстве, якое глуміць Канстытуцыю, але, кіруючыся такой логікай, не варта браць удзел ні ў воднай дзяржаўнай імпрэзе пасля 24.11.1996… Гэта амаль немагчыма, і ёсць доля ісціны ў словах аўтара belisrael Анатоля Сідарэвіча: «Адсутны не мае рацыі». Хаця… я б не надта сумаваў, калі б кандыдаты «альтэрнатыўных сіл» дружна адмовіліся ад удзелу ў «выбарах», як тое прапаноўваў у мінулым месяцы і сам сп. Анатоль 🙂

*

Вычытаў у Івана Шамякіна ў дзённіках, якія харошыя аповесці ён пісаў у пачатку 1990-х. «Зямны рай» («Paradies auf Erden») я сяк-так асіліў, другую потым чытаць не захацелася. Вырашыў спытацца ў Андрэя Федарэнкі, ці сапраўды ён хваліў шамякінскія творы, і вось які быў адказ (13.08.2019):

Тое, што напісаў пра мяне Шамякін – гэта яго літаратурныя фантазіі. Вось вер пасля гэтага дзённікам. Я ўспомніў размову з ім, першы і апошні раз адзін на адзін, у рэдакцыйным кабінеце часопіса «Полымя». Ён друкаваў тады ці то гэты самы «Зямны рай», ці то быў у яго такі раман – «Злая зорка», пра Чарнобыль. Я тады на прозе не працаваў, але чуў, як наракалі людзі ў рэдакцыі на яго слабізну і на пазіцыю аўтара. Шамякін спытаў, як мне яго твор, я пачырванеў і сказаў, што чарнобыльскія рэаліі ён слаба ўяўляе, што ж да яго грамадзянскай пазіцыі, яна мне катэгарычна не падабаецца. Ён нічога не адказаў, але больш мы ніколі ў жыцці не сустрэліся і не перазваніліся.

Мо я пакінуў бы гэты ліст у сваім архіве, аднак… Запісы Шамякіна 1990-х гадоў увайшлі ў збор яго твораў, выдадзены ўжо ў нашым стагоддзі пад грыфам Нацыянальнай акадэміі навук. Выдаўцы і каментатары некрытычна ўспрынялі запіс народнага пісьменніка ад 19.04.1993, гэтаксама як многія іншыя, мякка кажучы, небясспрэчныя заявы Шамякіна (больш падрабязна гл. тут). От такая гістарыяграфія, гэткае літаратуразнаўства… Мо даспею да асобнага артыкула пра фэйкі ў акадэмічным выданні, падрыхтаваным з удзелам кандыдата філалагічных навук Алесі Іванаўны Шамякінай і доктара філалагічных навук Міхася Іосіфавіча Мушынскага (1931–2018, хай ён спіць спакойна).

Фрагменты з т. 22 і 23 збору твораў І. Шамякіна (Мінск: Мастацкая літаратура, 2014)

Але ж ёсць больш уцешныя моманты ў жыцці. Прыйшоў ліст ад небезвядомага актывіста «Народнай грамады» Сяргея Спарыша (у «Катлетах…» была зацемка пра піва «Спарыш» :)) Сяргей не застаўся абыякавым да ідэі «Шахматнага» напою. Чамусьці ён мяркуе, што шахматная дошка звычайна пахне хвояй, а таму прапануе зварыць хваёвае піва… Тым не менш, якой бы ні была матывіроўка, цікава азнаёміцца з разгорнутым пажаданнем ад сацыял-дэмакрата: «Піва на маладых парастках сасны або елкі, можна дадаць трохі ядлоўца. І які-небудзь адпаведны сорт хмелю – каб адчуваўся, нягледзячы на хваёвы пах, але пры гэтым гарманіраваў і дапаўняў. Можа быць, нешта з цытрусавым водарам?» Прыслухайся, о «Аліварыя»! 🙂

С. Спарыш з улюбёным напоем

Пастаянны чытач-глядач серыяла, Пётр Рэзванаў з Мінска, таксама не супраць таго, каб у Беларусі было піва «Шахматнае», але малюе яго іначай: «гэта мусіць быць кактэйль з цёмнага і светлага гатункаў».

У Нацыянальным мастацкім музеі даступныя для агляду карціны юбіляра 2019 г. Якава Кругера, а тутака можна пачытаць падрабязны нарыс пра мастака. Дэманструюць у музеі і работы Льва Дамінскага, Ісака Мільчына, Лейзера Рана.

Андрэй Дубінін наведаў выставу і сфоткаў палатно Л. Рана «Звесткі з Петраграда. 1917 год» (1957). Рэвалюцыя ў чалавечым вымярэнні…

Апрача таго, даўні аўтар belisrael.info распрацаваў лагатып для кніжнай серыі «Гебраістыка Беларусі», задуманай мінскім выдаўцом Раманам Цымберавым. Бусел у ярмолцы і талесе – адсылка да славутага рамана Майсея Кульбака пра зельманскі двор: «Дзядзькі тыя – чатыры стаўпы двара… як калгаснікі, не паснедаўшы, у разлёце белых талесаў, бы старыя буслы, беглі ўдому».

Эскізы А. Дубініна да лагатыпа серыі

Агулам платформа парталу tut.by не цешыць, але сярод інфармацыйнага фастфуду і злёгку прыхаванай прапаганды трапляюцца і годныя матэрыялы. Дзякуючы гэтаму рэсурсу я, напрыклад, даведаўся пра мастачку Яўгенію Магарыл з Віцебска (1902–1987), якая ў 1920-х гадах перабралася ў Петраград…

Вяртаючыся да размовы пра выкладанне літаратуры ў школе: ці ведалі вы, што ў Беларусі міністэрствам адукацыі яшчэ ў 2010 г. зацверджана цэлая вучэбная праграма па яўрэйскай літаратуры «для класаў з вывучэннем мовы нацыянальнай меншасці»? Аўтары – М. Журына, І. Грузман. Добра, што праграма ёсць, і да таго ж не пазбаўленая логікі, але… Штосьці заўсёды будзе лішняе, а чагосьці будзе не хапаць. Асабіста мне не хапае таго ж Кульбака, Эфраіма Севелы… І неяк дратуе сказ «Народный, разговорный язык произведений Сфорима» (гэта пра ўраджэнца беларускага Капыля Мендэле Мойхер-Сфорыма, aka Мендэле-кніганошу, aka проста Мендэле; асобнае слова «Сфорым» знача «кнігі» :)).

Загрузіць вордаўскі файл з праграмай можна тут. Я б не быў супраць атрымаць уражанні пра дакумент ад чытачоў, дасведчаных у літаратуры і педагогіцы. Раптам агульныя намаганні спародзяць нешта лепшае?

Цытатнік

«У Беларусі попыт на здаровых, паслухмяных выканаўцаў з комплексам вывучанай бездапаможнасці, у большай частцы свету на здаровых, разумных стваральнікаў з высокай гатоўнасцю да самарэалізацыі. Добра, што мы супадаем з сусветным запытам прынамсі ў адным пункце: здароўе» (Віктар Бабарыка, 2019)

«Тэорыі змоў не проста прывабныя… Іх распаўсюд падточвае дэмакратыю і ўмацоўвае таталітарныя рэжымы» (Хемі Шалеў, жнівень 2019)

«Ніводзін новы ідэалагічны прадукт, у тым ліку і той, што прыходзіць да нас з геаграфічнага Захаду, няможна ўспрымаць некрытычна: трэба разабрацца ў тым, што іменна, як і чаму прапаноўвае той ці іншы аўтар» (Андрэй Іларыёнаў, 06.08.2019)

«Мізантропія – добры інструмент для мастака, але яна не можа быць асновай яго светапогляду» (Дзмітрый Быкаў, 09.08.2019)

«Калі доўга весяліцца, гледзячы, як навокал нелянівыя людзі будуюць антыўтопію, то апынешся акурат унутры антыўтопіі» (Іван Давыдаў, 14.08.2019)

«Калі ў вас пастаянна крадуць фігуры з дошкі і мяняюць правілы гульні, то даволі дзіўна марнаваць час на “разумныя хады”, – больш лагічна змахнуць дошку са стала» (Аляксандр Хоц, 15.08.2019)

Вольф Рубінчык

Мінск, 16.08.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 16.08.2019  22:10

Водгукi

“Калі пафантазіраваць, то “Шахматнае” піва магло б быць у двух варыянтах — светлае і цёмнае. Наконт усялякіх дабавак у напой гаварыць не буду — як аматар нямецкіх законаў піўной чысціні стаўлюся да ўсялякіх дадаткаў падазрона )))” (Зміцер Дзядзенка, г. Мінск)  19.08.2019  01:17

“Успомніў свае першыя куплёныя шахматы, 3 р. 60 кап., пачуў непаўторны стук адна аб адну драўляных фігурак, успомніў, чым яны пахлі: лакам і… хвояй. Менавіта так  хвоя  называлі ў нас сасну. Так што Спарыш не памыліўся. Поспехаў Вам!” (Андрэй Федарэнка, г. Мінск) 21.08.2019  09:07