Прадмова да 1-й серыі
Шаноўны чытач – ці не менш шаноўная чытачка! Вы бачыце перад сабой аўтарскі раздзел, у якім я ў свой вольны час, ні на кога не азіраючыся, буду дзяліцца сваімі развагамі пра падзеі ў Беларусі, а мо і ў свеце. У нейкай ступені хацеў бы арыентавацца на стыль іранічных блогаў Дзмітрыя Растаева (rastaev.livejournal.com) і Віктара Малішэўскага (antijournalist.by). Праўда, не абяцаю, што ў мяне атрымаюцца растаеўскія вершыкі або малішэўскія «сачыце за рукамі». Кожнаму сваё, усім – шалом!
В. Рубінчык, палітолаг & перакладчык
Больш інфармацыі пра аўтара: http://lit-bel.org/by/friends/360/5865.html
Кароткі змест 1-й серыі: ІРА – за шматгалоссе, выбары прэзіка скрадзены
Катлеты, або ІРА для чайнікаў
У Беларусі ёсць такая арганізацыя, Іудзейскае рэлігійнае аб’яднанне, – яе абрэвіятура па-беларуску напамінае ці то пяшчотнае жаночае імя, ці то скарачэнне ад «Ірландскай рэспубліканскай арміі»… Офіс ІРА, аднак, не ў Белфасце, а ў Мінску на Свіслачы. Дзейнічае з пачатку 1990-х гадоў і мае за мэту каардынаваць жыццё іўдзеяў у краіне (ёсць і канкурэнты). Тэарэтычна ІРА яднае больш за 10 абшчын, а значыць, сотні вернікаў. Хто кіраваў у першыя гады, ужо і не помню; з 1996 па 2013-ы руліў Юрый Дорн, з 2013 г. – Рыгор (Гарык) Хайтовіч. З 1999 г. выдаецца газета «Берега», асобныя матэрыялы і нават нумары можна пачытаць тутака: berega.by.
Мае адносіны з ІРА складваліся няпроста. Нейкі час наведваў сінагогу па тым жа адрасе (Ём-Кіпур, Пейсах), ды не адчуў, што гэта «маё». У 2001–2002 гг., калі яшчэ спадзяваўся перарабіць сусвет, сустракаўся на Даўмана, 13б з актывістамі-яўрэямі. Абмяркоўвалі мы, як уратаваць бібліятэку Мінскага аб’яднання яўрэйскай культуры, будынак старой сінагогі на Дзімітрава, 3. Прыпамінаю, што Ю. Дорн цікавіўся нашым меркаваннем адносна вяртання сінагогі, але рабіў заўсёды па-свойму. Улетку 2002 г. на Даўмана збіраліся і члены эфемернай грамадскай ініцыятывы за ўратаванне гістарычнага цэнтра Мінска «Няміга-1570» – не толькі яўрэі.
Даволі хутка адміністрацыя ветліва, але настойліва «папрасіла» нас з сінагогі. Якаў Гутман лічыў тады, што быў званок «зверху»; мне ж здаецца, што Юрый Міхайлавіч вырашыў сам падстрахавацца. У той перыяд ён выглядаў чалавекам асцярожным, аднак пазней уцягваўся ў розныя скандалы, за якія заплаціў годам сядзення ў беларускіх турмах (2012–2013 гг.). Пэўную ролю ў тым, што ён трымаў ад нас дыстанцыю, адыграла, мабыць, і прыняцце ў канцы 2002 г. новай версіі закона аб веравызнанні. Дзяржава ясна дала зразумець, што ўсе канфесіі ў Беларусі роўныя, але некаторыя – раўнейшыя, і ўзяла іудзейскія абшчыны на карацейшы павадок.
Гадоў 10 таму я здаля сачыў за тым, што адбываецца ў ІРА, часам пісаў пра становішча ў «Нашу Ніву» і/або «Мы яшчэ тут!». Напрыклад: http://nn.by/?c=ar&i=101054
Пад восеньскія сьвяты з рабінам менскай сынагогі, ізраільцянінам Сэндэрам Урыцкім не падоўжылі кантракт. Ён працаваў у Юдэйскім рэлігійным аб’яднаньні (ЮРА) сем гадоў і да апошняга часу ўсіх задавальняў. Ягоныя апанэнты ўпікаюць яму, што ён мала наведваў суполкі ў рэгіёнах і спрабаваў узяць пад кантроль фінансавыя плыні з Амэрыкі і Ізраілю. Новага духоўнага лідэра яшчэ шукаюць. Звольнены і кіраўнік адзінага ў Беларусі ешыботу «Бэйс-Агарон» Дзьмітры Шчаглоў, які падтрымліваў рава Ўрыцкага ў ягоных спрэчках з адміністрацыяй ЮРА. Дзейнасьць ешыботу на Даўмана, 13б прыпынена.
У канцы 2000-х я пайшоў працаваць на пошту і страціў ІРУ-ЮРУ з поля зроку. Часам чытаў пра выбрыкі некаторых дзеячаў у СМІ (тагачасны галоўны рабін ІРА дадумаўся да петыцыі Бараку Абаму, якой у «СБ» далі сакраментальную назву «Не нужна нам, евреям, другая власть» – мне падказваюць, што публікацыя адбылася 6.09.2011, і пасля хвалi абурэнняў яе прыбралi з sb.by), аднак увогуле сутыкаўся з яўрэйскімі арганізацыямі раз на год, 9 мая ля «Ямы». Аднойчы давялося паразмаўляць там і з Г. Хайтовічам, які пакінуў уражанне самавітага прадпрымальніка. Прынамсі крытычныя думкі пра публікацыі «Берегов» ён выслухаў уважліва.
І вось – год 2015-ы… Як выявілася, ІРА мае афіцыйна-неафіцыйную старонку ў фэйсбуку. Больш за тое, адміністратар(ы) чытае(-юць) гэты сайт, belisrael.info, і даюць на яго спасылкі. Так, вылучылі яны мае артыкулы «О Левине и левинщине» (каментарый 09.03.2015 ад імя ІРА: «Нам хочацца зразумець, як зрабіць працэс кансалідацыі яўрэйскіх груп больш інтэнсіўным, хто не дае гэтаму ход») і «Адкрыты ліст Шульгану Ю. В.» (каментарый 21.06.2015: «ІРА ў РБ інфармуе і лічыць, што дзеянні любога грамадзяніна, скіраваныя на адмену віз і свабоднае перасячэння мяжы грамадзянамі РБ і Ізраіля, ідуць на карысць і ўмацаванне дружбы як паміж дзяржавамі і іх грамадзянамі, так і ва ўсім свеце… людзі маюць права на сваё меркаванне і вольна яго выказваць, і ніхто не можа ім у гэтым адмовіць на гэтай старонцы»).
Такім чынам, рэлігійнае аб’яднанне выступіла – страшна вымавіць! – за плюралізм меркаванняў. Знайшліся, вядома, і тыя, каму гэта не спадабалася. Адзін малады чалавек імем Максім палічыў, што ІРА дарэмна падтрымлівае «пана Рубінчыка», які ўвесь час піша «спрэчныя рэчы». Калі яму параілі звярнуцца непасрэдна да аўтара і пашукаць ісціну разам, гэты добразычлівы незнаёмец выказаўся так: «Не дай Б-г мне яшчэ з аўтарам асабіста стасавацца!» Што ж, даганяючы не нацалуешся («насильно мил не будешь») – дзякуй, хоць міліцыю на «правакатара» не напусціў. Людзі, якія прайшлі суворую школу «галоўнага яўрэйскага саюза» (beljews.org), на такое здольныя – у сакавіку 2006 г. сам быў сведкам…
ІРА – рэспект, па цяперашніх крытэрыях і спасылка на «нехарошы» сайт – амаль подзвіг (прыпамінаю, як газета «Авив» дала рэпартаж з канцэрта Дзімы Сляповіча, але «забылася» пазначыць, што рэпартаж быў падрыхтаваны для «Белорусской деловой газеты»). Трэба чакаць, што і ў «Берегах» з цягам часу пабольшае шматгалосся.
Мухі, або Кандыдаты – ненастаяшчыя!
Выбары ў Беларусі – традыцыйна панылая камедыя правінцыйнага тэатру, і я разумею тых, хто ніколі на іх не ходзіць. Увесну 2015 г. мне здалося, што камедыя становіцца сапраўды смешнай – пра жаданне быць прэзідэнтам заявіў мой раўналетак Юрый Шульган, які некалі вучыўся на гісторыка, беспрацоўны з пачатку 2000-х гг. Пры ўсёй гратэскнасці вобраза гэтага «дармаеда ў дэкрэце», ён мог адшчыкнуць не адну сотню тысяч галасоў у лепшага нармалізатара беларускіх яўрэяў. Больш за тое, на выбары яго вёў лёгка зразумелы асабісты інтарэс – жаданне знайсці працу. Больш за тое, яго вылучэнне падтрымала палітычная партыя, зарэгістраваная ва ўстаноўленым парадку (belgreens.org). На сайце гэтага прэтэндэнта (shulgan.org) было багата вясёлых матэрыялаў. І нарэшце, ён адгукнуўся на мой паўжартоўны адкрыты ліст, змешчаны на belisrael.info, пра які гаварылася вышэй. Не заўважыў я, каб іншыя беларускія палітыкі цікавіліся праблемамі сайта «KYKY» або правалам бязвізавага рэжыму паміж РБ і Ізраілем.
Сярэдзіна ліпеня 2015 г., пятніца, апошні дзень прыёму дакументаў. Патэнцыйныя кандыдаты паспешліва здаюць у Цэнтрвыбаркам спісы сваіх прыхільнікаў. Прыйшоў на плошчу Незалежнасці і Шульган са сваім начальнікам штаба Паўлам Канавальчыкам – усіх пусцілі, іх – не. Неўзабаве Шульган і Канавальчык апынуліся ў сумнавядомым ізалятары на завулку Акрэсціна, дзе і адседзелі выходныя. Пасля гэтага ім яшчэ, здаецца, штрафы за дробнае хуліганства прысудзілі. Матыў – знаходзіліся ў публічным месцы ў нецвярозым стане.
Якой жа была рэакцыя іншых прэтэндэнтаў на правакацыю супраць калегі? Стрыманай, мякка кажучы: усе дбалі пра сябе і сваё. Таму і мяркую, што апаненты Лукашэнкі – несапраўдныя. За кожным з іх цягнецца шлейф няўдач, і нават калі долар будзе каштаваць 20000 беларускіх рублёў (а да гэтага ідзе), ніхто з «палітыкаў» не здолее з гэтага скарыстацца.
Кіраўнік штаба Анатоля Лябедзькі, «наш чалавек» Леў Марголін, прызнаўся ўжо, што наўрад ці збярэ нават 100 тыс. подпісаў за свайго паплечніка. Кажуць, што Таццяна Караткевіч збярэ іх хутчэй – можа, і так, дый сам я за яе падпісаўся, але мне проста шкада гэтай жанчынкі. У верасні 2012 г. ужо бачыў яе, кандыдатку на «парламенцкіх выбарах», – проста не верылася, што яна мае адукацыю псіхолага і вопыт працы ва ўніверсітэце. На сустрэчы з выбарцамі (20 чалавек у актавай залі школы па вул. Сердзіча), што цягнулася больш за гадзіну, – ніводнага трапнага адказу на пытанні, агульныя словы… Не адрэагавала актывістка і на мой электронны ліст пасля сустрэчы.
Рускамоўнаму агітатару пад бел-чырвона-белым сцягам, што пад канец ліпеня 2015 г. падсунуў мне падпісны аркуш, я задаў пытанне: «Самі-то верыце ў перамогу Караткевіч?» Хлопец адказаў шчыра: «Ну, яе зарэгіструюць, а пераможа ці не – іншае пытанне». І калі б так разважаў асобна ўзяты зборшчык подпісаў… Толькі што прачытаў, што і кіраўнік партыі, якая стаіць за Караткевіч, не дужа настроены на поспех: Алексей Янукевич: «Многие распространяют лживые слухи» Як усё ж дэградавала «апазіцыя» ў Беларусі за апошнія гадоў ..наццаць!
Аднак не хочацца завяршаць на сумнай ноце. Паліталагіня Кацярына Шульман напісала артыкул, у якім напамінае: «умовай існавання ў палітычнай сістэме з’яўляецца палітычны ўдзел» (Игра с шулером, или Лягушка в молоке) Іншымі словамі, нават калі выбары несапраўдныя (несвабодныя і недэмакратычныя), удзельнічаць у іх, паводле Шульман, усё-такі трэба, каб трэніраваць «кадры» і не губляць надзеі на лепшае. Хто ведае, дадам ад сябе, мо і напарстачнікі калі-небудзь стомяцца…
Мінск, 13.08.2015
Зачапіла? Лістуй сюды: rubinczyk[at]yahoo.com
Ад рэдакцыі. Нагадаем на далейшае, што кожны аўтар выказвае свае суб’ектыўныя ацэнкі, з якiмi мы можам быць не заўсёды згодны.
Размешчана 13.08.15 20:59