Нават да маёй ізаляванай званіцы даходзяць звесткі, што так званая генпракуратура, якая два з паловай месяцы валаводзіць са справай Рамана Бандарэнкі, займела намер прызнаць бел-чырвона-белы сцяг «экстрэмісцкім». Г. зн. пакінуць «у законе» адзін чырвона-зялёны.
Не праміну зацытаваць свой тэксцік чатырохмесячнай даўніны:
З павагай стаўлюся да абодвух варыянтаў сімволікі, але бел-чырвона-белы сцяг з’явіўся раней на 30 з плюсам гадоў і болей грэе душу… Пад ім у снежні 1917 г. прайшоў Усебеларускі з’езд, без якога не было б сучаснай Беларусі. Дый цяжка запярэчыць аўтарытэтным навукоўцам канца ХХ ст. (гл. у артыкуле Аляксандра Кур’яновіча пастанову Вучонага савета Інстытута гісторыі Акадэміі навук, прынятую 12.09.1991) наконт таго, што «герб і сцяг БССР, зацверджаныя ў 1951 г., не адлюстроўваюць шматвяковую гераічную гісторыю і нацыянальныя колеры беларускага народа».
Наўрад ці на 44-м годзе жыцця змяню сваю пазіцыю праз высілкі нейкіх там гора-пракурораў і «дэпутатаў».
На мінулым тыдні палітаглядальнік Арцём Шрайбман таксама выказаўся пра два віды сцягоў:
Забарона БЧБ і прызнанне яго экстрэмісцкім — важны крок да далейшай сакралізацыі сцяга. Ён пачынаў 2020 год як сімвал нацыянальна-дэмакратычнай праслойкі грамадства — 15-20% ад сілы. Завяршаў ён гэты год як сімвал шырокага грамадзянскага пратэсту без прывязкі да сваёй гісторыі. Чырвона-зялёны сцяг заўсёды меў большую падтрымку, чым беларуская ўлада, і дакладна мог яе перажыць. Цяпер грамадству прапануюць падзяліцца. Сядзець побач з чырвона-зялёным сцягам цяпер праява палітычнай пазіцыі…
Такая палітызацыя сімвала і яго прывязка да канкрэтнай пазіцыі — шлях да таго, што сыход улады будзе азначаць сыход і яе атрыбутаў разам з ёй. Чырвона-зялёны сцяг меў шанцы не стаць такім атрыбутам, але зараз сапраўды стане.
Забараняючы БЧБ, улада гарантуе, што ён будзе дзяржаўным, паколькі гэта цяпер не субкультура.
На мой густ, развагі трохі павярхоўныя і паспешлівыя – відаць, даецца ў знакі вопыт вядзення тутбаеўскай рубрыкі «Разжёвано» – але ў цэлым карэктныя. Тым часам на Арцёма накінуліся «правільныя нацыяналісты» – на першы погляд, за слоўца «субкультура», а на другі?..
Аляксандр Краўцэвіч (фб, 30.01.2021). Палітычны аналітык Шрайбман назваў бела-чырвона-белы сцяг да 2020 «субкультурай». Вось за што не люблю гэткага гладкапісара – не грамадзянін, не патрыёт, цынік.
Віталь Станішэўскі. Метады ў ТУТ.бая такія. Часціца «не» падсвядомасцю не ўспрымаецца, ён мусіць ведаць, на семінарах гэтаму вучаць. Так што так, абазваў субкультурай… Да таго, як Шрайбман напісаў, што наш сцяг – больш не субкультура, хто ўласна так лічыў? Ён мог бы напісаць і так: БЧБ – больш не сцяг людажэраў. Ці там: БЧБ – больш не фішка інстаграмных пустышак. Разумееце, Шрайбман штучна закінуў думку, нібыта нехта так лічыў у мінулым.
Севярын Квяткоўскі. Чалавек абраў шлях працы на РФ. І звяртаецца да РФаўцаў.
Уладзімір Хільмановіч. Я адзін раз прачытаў гэтага «аналітыка» і больш ні разу не ўзьнікла жаданьне яго чытаць.
Анхела Эспіноса. БЧБ сьцяг і ёсьць дзяржаўным сьцягам РБ. Ці хтосьці далей лічыць рэферэндумы гэтага пацука легітымнымі?
А. Э. Руіс (фота з lit-bel.org)
Адразу адкажу беларускамоўнай паэтцы з Іспаніі, ганаровай сяброўцы «майго» творчага саюза. Хоць непасрэдна я не ўдзельнічаў у рэферэндуме 1995 г. – ён ладзіўся за месяц да таго, як мне споўнілася 18 – дастаткова ведаю пра ігнараванне законаў у час яго падрыхтоўкі… Тым не менш парушэнні юрыдычных норм – і аналагічныя праз паўтара года – не абудзілі шырокія народныя масы; апошнія прынялі як непераадольную сілу і новы-стары сцяг, і Канстытуцыю ўзору 1996 г. Дэ-факта дзяржаўным сцягам стаў чырвона-зялёны, і з ім падчас навуковай канферэнцыі ў Магілёве (май 2014 г.) не грэбаваў фоткацца нават Алег Трусаў, «дэпутат Незалежнасці», удзельнік галадоўкі супраць рэферэндуму 1995 г… Калі я злёгку пакпіў з той «фотасесіі», спадар Алег аджартаваўся прыкладна так: «Абы не з расійскім трыкалорам».
Сумна, але праўда: прыхільнікі бел-чырвона-белага штандара і адпачатнага тэксту Канстытуцыі (гэта розныя катэгорыі, але шмат у чым пераплеценыя) пасля 1995–96 гг. апынуліся ў меншасці ды наступныя 20 з чымсьці гадоў на самай справе ўяўлялі з сябе нешта накшталт «субкультуры». Са сцягам выходзілі на дэманстрацыі тутэйшыя дысідэнты, шмат гадоў ён вісеў над уваходам у сядзібу БНФ па вул. Варвашэні, 8, мо і над іншымі падобнымі сядзібамі… але кола яго прыхільнікаў да 2020 г. расло марудна. Нават у кастрычніку канцы верасня 2020 г., паводле даследавання брытанскага «Chatham House», на пытанне «Якія з наступных дзяржаўных сімвалаў найдаражэйшыя Вам?» перавагу бел-чырвона-беламу сцягу і «Пагоні» аддалі 38,2%. Гэта нямала, але ніяк не адпавядае ўяўленням пра пераважную большасць; да таго ж 42,2% выбралі ўсё-такі афіцыйную сімволіку (c. 25 справаздачы). Так, пасля жнівеньскіх падзей.
Пра тое, што Канстытуцыю ўзору 1994 г. вярнуць аўтаматычна не ўдасца, дый наўрад ці гэтае вяртанне было б аб’ектыўна мэтазгодным, я разважаў не аднойчы. Новыя довады – і, на маю думку, даволі грунтоўныя – выставіў Міхась Пліска.
З тымі, хто нападае на асобу Шрайбмана (argumentum ad hominem), не бачу неабходнасці сур’ёзна спрачацца. Ну, можа, і я «працую на РФ» – стасаваўся нейкі час з маскоўскім выдавецтвам (прыватным, але хто ведае?), ездзіў з жонкай у Піцер, Пскоў, Смаленск…
Трохі расчараваў мовазнавец-бізнэсовец Віталь – «выкрывальнік маніпуляцый», які проціставіў апошнім тэзіс, варты Оруэла: «“не” значыць “так”» (ды іншы довад ад абсурднага, звядзенне меншасці да людажэраў…). А калісьці я спасылаўся на В. С. 🙁
Некаторым крытыкам Арцёма, як заўважыў, не спадабалася, што чалавек з яўрэйскім прозвішчам увогуле ўзяўся разважаць пра палітыку ў Беларусі. Нічога новага, адзначаў гэткую рэакцыю чатыры гады таму; з другога боку, цягам «рэвалюцыі свядомасці» некаторыя «інтэлектуалы» маглі б і паразумнець… Бязглуздыя нападкі – чарговы доказ таго, што ў 2020 г. рэвалюцыі не адбылося, а «неверагодная салідарнасць» апанентаў рэжыму была залішне міфалагізаваная.
Яшчэ адзін невялікі, але важкі доказ – становішча недзяржаўных газет. «Комсомольская правда в Белоруссии» яшчэ год таму па серадах выходзіла накладам 165-180 тыс. асобнікаў. Пасля летніх і восеньскіх мітрэнгаў наклад «таўстушкі» сягае 36600 (№ за 21.01.2021). Так, газету выкінулі з друку ў Беларусі, з кіёскаў і з падпіснога каталога «Белпошты», аднак яна прадаецца ў буйных крамах і… не выклікае ажыятажу, нягледзячы на бясспрэчныя заслугі рэдакцыі перад «вольным словам». Там, дзе я набываю «КП» (гіпермаркет у Цэнтральным раёне Мінска, побач з «Плошчай Перамен»), у серады яшчэ ляжаць купы нераспрададзеных газет за мінулы чацвер 🙁
Да канца студзеня 2021 г. «Новы час» пашыраўся не толькі па падпісцы, а і праз «Белдрук» (цяпер прадпрыемства мінінфармацыі «спахапілася» ды прыбрала няўрадавую газету з продажу). Ізноў, не казаў бы пра шалёны попыт і шквал грамадскай салідарнасці з выданнем: наклад 4200 асобнікаў (№ за 22.01.2021) пры цане 56 капеек як бы намякае. Праўда, год таму – 24.01.2020 – наклад сягаў толькі 2000 ас. Але чаму яму было не вырасці ў 5-7 разоў – напрыклад, за кошт 25 тыс. чытачоў друкаванай версіі «Народнай волі», якая не выдаецца з сярэдзіны лістапада 2020 г.? Далёка не ўсё вырушылі ў сеціва…
Каб не забыцца, скажу тутака дзякуй тым, хто ў студзені 2021 г. самахоць стварыў «мае» старонкі ў беларускамоўнай вікіпедыі: як «клясычнай», так і «наркамаўскай». Гэтыя стваральнікі – Руслан Равяка і Уладзіслаў Чаховіч. «Чытайце, зайздросціце…» (С) Вікі-праектам(і) ніколі не захапляўся, але тут ужо такая справа: калі эсбэшны М-к «супраць», то я – «за» 🙂
Тут мінскі жыллёвы комплекс «Магістр» абклаўся жоўтымі зоркамі з лічбамі «6.2» (пад гэтым кодам «Магістр» пазначаны ў спісе раёнаў, якія, паводле гарадскіх уладаў, вымагаюць узмоцненага патрулявання міліцыі)…
Так сабе ідэя – што з патруляваннем, што з шасцікутнымі зоркамі. Пры ўсёй жорсткасці рэжыму, ён не дасягнуў узроўню татальнай гітлераўскай лютасці… Можа быць, выявы пакліканы прыцягнуць увагу да тутэйшага аўтарытарызму? То пра яго і так усе, хто хацеў, даведаліся за апошнія паўгода. Альбо аўтары «перформанса» хацелі прысароміць чыноўнікаў? Дык я не ўпэўнены, што апошнiя ведаюць пра злавесны сэнс жоўтых зорак, а калі ведаюць – хутчэй за ўсё, проста паціснуць плячыма. Што да жыхароў раёна, іх такая «творчасць», імаверна, толькі дэмаралізуе. У мінчан хапае нагодаў, каб адчуваць сябе прыніжанымі, нашто выдумляць новыя?
Сумняюся я і ў тым, што дапаможа паспалітым беларусам вестка пра вылучэнне Святланы Ціханоўскай у патэнцыйныя лаўрэаты Нобелеўскай прэміі міру 2021 г. (вылучыў, нібыта, прэзідэнт Літвы…) Замежныя прэміі зазвычай не дадаюць палітыкам аўтарытэту ва ўнутраных справах – успамінаюцца казусы Міхаіла Гарбачова ды Шымона Пераса… Калі казаць пра беларусаў, то неўзабаве па прысуджэнні яму прэміі Еўрапарламента (2006) Аляксандр Мілінкевіч «садзьмуўся»… Напрошваецца выснова: добрая рэпутацыя ва ўласным горадзе/раёне/краіне, магчыма, важнейшая, чым сусветнае прызнанне. Не шкода мне прэмій, але, так ці іначай, грамадска-палітычным дзеячам – а Святлана ўсё ж імкнецца быць палітыкіняй – варта абапірацца перадусім на сваіх землякоў.
Сяння споўнілася 75 год «Краснакуцкаму» – Уладзіміру Майсеевічу Ліўшыцу, які публікуецца ўжо з паўстагоддзя. За гэты час ён усебакова апяяў Горкі Магілёўскай вобласці і Ноф а-Галіль у Ізраілі (дзе жыве з 2007 г.). Пазнаёміўся з ім я ў Мінску, на «яўрэйскай» навуковай канферэнцыі 1996 г. – потым абменьваліся лістамі на розныя тэмы… Прывяду жартаўлівы вершык, які друкаваўся ў беларуска-яўрэйскім бюлетэні «Мы яшчэ тут!» на 60-годдзе кандыдата філасофскіх навук, тады яшчэ дацэнта Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі:
Прыгоды Тараса на Горацкім Парнасе
Павел Саковіч
Тарас заўважыў вокам зоркім:
Хтось пад гарой вядзе раскопкі.
Вунь як стараецца – глядзі ты!
Мо талент свой ім тут зарыты?
Але калі так пойдзе дзела,
Гара каб раптам не асела.
А можа, трэба – для страхоўкі –
Пужнуць нахабу з дубальтоўкі?
Намер Тараса Зеўс спыняе:
– Яго ж любы сабака знае!
У Горках тых ва ўсякім разе,
Бо ўсё тут вывучыў, аблазіў,
І напісаў пра Горкі кніжку.
З ім варта выпіць па кілішку!
Пакліч сюды яго, Тарасе,
Хай адпачне лепш на Парнасе.
Ён будзе тут зусім не лішні:
Пісьменнік, навуковец, Ліўшыц.
У. М. Ліўшыц (злева) з магілёўскім літаратарам Міколам Яцковым. Фота: horki.info
Un avade, biz hundert un cvancik! Да 120!
Вольф Рубінчык, г. Мінск
01.02.2021
wrubinchyk[at]gmail.com
Апублiкавана 01.02.2021 21:21