І. Мельнікаў. У які футбол гулялі ў Заходняй Беларусі?

04-12-2022 Ігар Мельнікаў

У Заходняй Беларусі было нямала прафесійных футбольных каманд, некаторыя з іх нарабілі шуму ў польскім чэмпіянаце. А падчас першага пасляваеннага чэмпіянату БССР клубы з Брэста і Гродна занялі, адпаведна, 2-е і 3-е месцы.
.

Матч “Якар” Пінск — “Чорныя львы” Львоў. Фота з архіва Ігара Мельнікава     Матч “Якар” Пінск — “Чорныя львы” Львоў. Фота з архіва Ігара Мельнікава

Пачатак «пілкі ножнай»

У верасні 1918 года быў створаны агульнапольскі саюз, які павінен быў заняцця развіццём спорту ў адроджанай Польшчы. Калі ў 1921 годзе ў Другой Рэчы Паспалітай было каля 70 тысяч спартоўцаў, то праз тры гады іх было ўжо 115 тысяч. У 1927 годзе пытанні развіцця спорту ў краіне былі перададзены ў вядзенне Дзяржаўнага бюро фізічнага выхавання і вайсковай падрыхтоўкі. Калі казаць пра развіццё футбола, то ў снежні 1919 года ў Варшаве адбыўся з’езд польскіх футбольных клубаў, у якім удзельнічалі прадстаўнікі 31 каманды.

Па выніках пасяджэння быў створаны Польскі футбольны саюз (PZPN) са штаб-кватэрай у Кракаве (знаходзілася там да 1928 года — аўт.). Адпаведна, першым старшынёй арганізацыі быў абраны кіраўнік клуба «Краковія» Эдвард Цэтнароўскі. Тэрыторыя краіны была падзелена на 5 футбольных акруг: кракаўскую, львоўскую, лодзьскую, познаньскую, варшаўскую. Першы чэмпіянат павінен быў прайсці ў 1920 годзе, але вайна з бальшавікамі перакрэсліла планы тагачасных польскіх футбольных функцыянераў.

Пасля заканчэння савецка-польскай вайны ў складзе Другой Рэчы Паспалітай аказаліся новыя тэрыторыі на ўсходзе і на захадзе. Гэты факт паўплываў і на фармаванне структуры футбольных акруг. Да ўжо пералічаных вышэй дадаліся: горнасілезская, люблінская, торуньская і віленская. У 1929 годзе да іх дадаліся палеская і беластоцкая. У апошніх трох акругах і канцэнтравалася футбольнае жыццё Заходняй Беларусі.

Гульня №1 у Заходняй Беларусі

На першым кангрэсе FIFA ў красавіку 1923 года Польскі футбольны саюз быў прыняты ў яго структуру. У 1927 годзе была створана так званая «польская ліга» (экстраліга). У яе ўвайшлі 14 клубаў. Трапіць у эліту можна было праз рэгіянальныя спаборніцтвы, якія праводзіліся ў рэгіянальных футбольных акругах. Па сутнасці, клас А, у якім якраз і разыгрывалася званне чэмпіёна, быў другой лігай польскага чэмпіянату. Пераможца гульняў у акрузе восенню пачынаў змагацца за выхад у вышэйшую лігу. На першым этапе ў групе збіраліся суседзі, таму з года ў год пераможцы палескай, беластоцкай і віленскай акруг разыгрывалі паміж сабой адзіны білет у экстралігу.

На тэрыторыі заходнебеларускіх ваяводстваў найбольшага поспеху дасягнуў шэраг футбольных клубаў. У 1929 годзе гродзенская «Крэсовія» выйграла чэмпіянат Беластоцкай акругі, абыграўшы свайго галоўнага канкурэнта — клуб «WKS 42 PP» (спартыўны клуб арміі, што прадстаўляў 42-і пяхотны полк з Беластока — аўт.). У складзе гродзенскага клуба гуляў такі вядомы польскі ігрок, як Марыян Схалер. Дарэчы, пазней ён перайшоў у варшаўскую «Легію» і пяць разоў запрашаўся ў нацыянальную зборную Польшчы.

Іншым знакамітым гродзенскім клубам быў «WKS 76 PP» (СКА 76-га пяхотнага палка імя Людвіка Нарбута). У 1930-х гадах гэты клуб проста дамінаваў у Беластоцкай футбольнай акрузе. На працягу 1930-х гадоў «WKS 76 PP» толькі аднойчы, у 1935 годзе, прапусціў іншую каманду да чэмпіёнства. Справа ў тым, што службу ў палку праходзіла шмат таленавітых гульцоў з добрым досведам. Напрыклад, нападаючы Ежы Хасельбуш, што выступаў у свой час за «Варшавянку», ці абаронца Адам Халішка, які 3 разы (у 1934–1935 гадах) выступаў за нацыянальную зборную Польшчы.

Аднак было і шмат сваіх, досыць добрых футбалістаў. Сярод іх варта вылучыць нападаючага Яўгена Адамчыка, які ў сезоне 1938 года забіў 30 (!) галоў. Яго брат Тадэвуш разам з Кастусём Мельнікавым складалі добрую звязку паўабаронцаў. Надзейна гуляў брамнік Зенка, абаронцы — Юргелевіч, Пабурэнны ды іншыя.

У 1931 годзе «WKS 76 PP», набраўшы 25 балаў, упершыню заняў першае месца ў чэмпіянаце Беластоцкай акругі. А ў наступным годзе абыграў свайго галоўнага канкурэнта, «Ягелонію» з Беластока, з лікам 6 : 2. У сезоне 1938 года гродзенцы выйгралі 11 матчаў з 12 і яшчэ адзін матч скончыўся нічыёй. У наступным годзе, падчас апошняга перадваеннага чэмпіянату, разграмілі клуб «Макабі Ломжа» з лікам 13 : 1. Дарэчы, у 1939 годзе гродзенскі клуб згуляў таварыскі матч з літоўскім прафесійным клубам «LSGF Kaunas» і абыграў літоўцаў з лікам 4 : 2.

WKS (Гродна) перад сустрэчай  літоўскім клубам з Каўнаса. Фота з архіва Ігара Мельнікава

Гульні ў Гродна адбываліся на стадыёне Акруговага таварыства фізічнага выхавання, які знаходзіўся на вуліцы Сабескага, 3. Квіткі на гульню каштавалі досыць дорага — 1 злоты, але вольных месцаў на стадыёне амаль не было.

Яшчэ адным вайсковым клубам з Заходняй Беларусі быў «WKS 82 PP» (СКА 82-га пяхотнага палка) з Брэста. У 1930 годзе, падчас барацьбы за месца ў 1-й лізе, брэсцкі клуб абыграў вельмі моцны віленскі «Агніска» і беластоцкі клуб 42-га пяхотнага палка. Аднак у выніку Брэст прайграў аднаклубнікам з Седлец і аддаў ім адзіную пуцёўку ў вышэйшую лігу. Удала гуляў і брэсцкі клуб танкістаў 4-га танкавага дывізіёна. Дарэчы, у горадзе на Бугу былі і іншыя клубы («Рух Брэст», «Пагоня Брэст»), якія даволі паспяхова змагаліся ў чэмпіянаце Палесся.

Былі свае клубы і ў яўрэйскага насельніцтва заходнебеларускіх ваяводстваў Польшчы. Так, у Гродна гулялі каманды «Макабі» і «Крафт». Дарэчы, менавіта ігрок-яўрэй Юзаф Клоц забіў у 1922 годзе першы гол у гісторыі польскай зборнай па футболу. Той матч супраць Швецыі палякі выйгралі 2 : 1. У студзені 1938 года пад ціскам з боку кіраўніцтва Трэцяга Рэйха Польскі футбольны саюз выключыў са свайго складу ўсе яўрэйскія клубы. Пасля гэтага частка футбалістаў-яўрэяў, у тым ліку і з Заходняй Беларусі, эмігравала ў Палесціну.

У Пінску гуляў клуб «Якар». Па назве зразумела, што гэта быў марскі клуб і складаўся з вайсковых маракоў, якія служылі ў Пінскай флатыліі. Гэты клуб двойчы станавіўся чэмпіёнам Палесся, а яго галоўнай зоркай быў Караль Косак, які меў досвед гульні ў польскай зборнай. У 1933 годзе ў Вільне быў створаны аб’яднаны вайсковы клуб «Сміглы» (WKS Śmigły Wilno). Хутка гэта каманда стала дамінаваць у спаборніцтвах у Заходняй Беларусі і нават прайшла ў экстралігу. Найбольш удалым яе іграком быў Юліуш Балосек, які нарадзіўся пад Гродна.

* * *

1 верасня 1939 года пачалася Другая сусветная вайна. Шматлікія польскія футбалісты з першых дзён удзельнічалі ў вайсковых дзеяннях. Некаторыя з іх загінулі ў баях. Іншыя апынуліся ў нямецкім і савецкім палоне. Шэраг польскіх паліцэйскіх з Познані, якія ў міжваенны час гулялі ў прафесійных і паўпрафесійных футбольных камандах, апынуліся ў руках НКУС і пазней утрымліваліся ў турмах Мінска. Іх прозвішчы могуць знаходзіцца ў Беларускім катынскім спісе. Што ж тычыцца футбольных клубаў з Заходняй Беларусі, то пра іх добрую падрыхтоўку сведчыць той факт, што падчас першага пасляваеннага чэмпіянату БССР па футболе каманды з Брэста і Гродна занялі, адпаведна, 2-е і 3-е месцы.

Крынiца

Апублiкавана 05.12.2022  20:07