Шалом-алэйхем.by! Магчыма, чытачам сайта belisrael.info ужо трапляліся на вочы мае матэрыялы. Жыву пераважна ў Мінску, незалежны даследчык, аўтар пяці кніг, перакладчык. Прафесійным гісторыкам (як і літаратуразнаўцам) ніколі не з’яўляўся, але ў вольны час люблю распрацоўваць гістарычныя і літаратурныя сюжэты. Буду рады, калі мае практыкаванні кагосьці зацікавяць. Е-mail для кантактаў: rubinczyk[at]yahoo.com.
ЗАБОЙСТВА ПЯТЛЮРЫ ВАЧЫМА БЕЛАРУСКАГА ЯЎРЭЯ
У маі 1926 г. у Парыжы адбылося незвычайнае забойства – 39-гадовы Шолэм (Самуіл) Шварцбард на вуліцы застрэліў 47-гадовага Сымона (Сямёна) Пятлюру і здаўся паліцыі. У кастрычніку 1927 г. парыжскі суд прысяжных апраўдаў Шварцбарда – не ў апошнюю чаргу дзякуючы энергіі яго адваката Анры Тарэса ды «грамадскіх абаронцаў», сярод якіх вылучаюцца Максім Горкі, Аляксандр Керанскі і Альберт Эйнштэйн. Сведкі расказалі суду пра пагромы на Украіне і ролю ў іх вайсковых частак Украінскай народнай рэспублікі (УНР). Цэнтральным органам УНР у 1918-1920 гг. была Дырэкторыя, з лютага 1919 г. яе ўзначальваў С. Пятлюра. Суд палічыў, што ён вінаваты ў пагромах, якія забралі жыцці дзясяткаў тысяч яўрэяў, а значыць, заслугоўваў свайго лёсу. Усё, здавалася б, ясна… Шварцбард быў адпушчаны на волю і памёр сваёй смерцю ў 1938 г. Для большасці яўрэяў, беларускіх і небеларускіх, Пятлюра застаецца антыгероем, катам нашага народа.
Летась, у сакавіку 2013 г., мы з жонкай упершыню наведалі Кіеў. Адным з першых – і моцных – уражанняў стала вуліца Пятлюры, што ішла ад чыгуначнага вакзала да цэнтра. А вось Ізраіль я не наведваў больш за 10 гадоў, аднак таксама быў уражаны, калі нядаўна даведаўся, што ў чэрвені 2013 г. у Гуш-Эцыёне адкрылася памятная дошка ў гонар Шварцбарда. Некаторыя зараз запісалі б яго ў тэрарысты, а на дошцы ён называецца «праведным мсціўцам», які расплаціўся за смерць 60000 яўрэяў. Відавочна, існуе канфлікт светапоглядаў (і інтарэсаў), так што чалавек з дыпломам палітолага міма прайсці не мог… Найперш я зазірнуў на сайт «Краткой еврейской энциклопедии» eleven.co.il, дарма што стаўлюся да яго крытычна (пра слабасць артыкулаў «КЕЭ», прысвечаных Мінску і Беларусі, гаварылася ў маёй кніжцы 2011 г. «На ізраільскія тэмы», але за 2,5 гады мала што змянілася).
У артыкуле «Петлюра» з «КЕЭ» дамінуе абвінаваўчы тон. Аднак нават з гэтага артыкула вынікае, што дачыненні С. Пятлюры з яўрэямі (у прыватнасці, украінскімі) не былі адназначныя, што краевугольным каменем яго палітыкі антысемітызм не быў. Пятлюра быў членам Украінскай сацыял-дэмакратычнай партыі, у 1907 г. «спачувальна адгукнуўся пра нацыянальныя памкненні яўрэйскага народа». У артыкуле Генры Абрамсона з амерыканскага часопіса «Slavic Review» я прачытаў, што ў канцы 1917 г. Пятлюра, тагачасны сакратар УНР па вайсковых справах, падтрымаў прапанову сіяністаў стварыць атрады яўрэйскай самаабароны. Праз непаразуменні паміж сіяністамі і яўрэйскімі сацыялістамі такія атрады створаны не былі – а як бы яны спатрэбіліся пазней! У 1918 г. пры ўрадзе УНР дзейнічала міністэрства па яўрэйскіх справах – праўда, у лютым 1919 г. міністр Абрам Равуцкі з партыі «Паалей-Цыён» сышоў у адстаўку. Да 1920 г. пры ўрадзе Пятлюры служыў Пінхас Красны – яго місія заключалася найперш у тым, каб дапамагаць ахвярам пагромаў. Большасць паплечнікаў Пятлюры – варта назваць такіх ключавых персанажаў УНР, як Міхаіл Грушэўскі і Уладзімір Віннічэнка – нічога супраць яўрэяў не мелі.
Усё гэта я пішу не для таго, каб давесці, што Пятлюра быў лібералам, дэмакратам і «сябрам яўрэйскага народа». Мабыць, сябрам ён быў перадусім для сваіх аднадумцаў, i той жа Красны пазней выкрываў яго. Бойкі журналіст і аратар, пры ўсіх сваіх здольнасцях ён аказаўся чалавекам, слаба падрыхтаваным да кіравання такім вялікім краем, як Украіна. Адносна лёгка заваяваўшы аўтарытэт на фоне малапапулярнага гетмана Скарападскага (стаўленіка немцаў) і захапіўшы ўладу ў Кіеве пад канец 1918 г., ён не здолеў эфектыўна пабудаваць дзяржаўны апарат. Так, пятлюраўцы спрабавалі абысціся без агульнанацыянальнай паліцыі, бо ўскладалі спадзевы на самасвядомасць «простых украінцаў». У выніку ўжо на пачатку 1919 г. улада Дырэкторыі рэальна распаўсюджвалася толькі на Кіеў і некаторыя прылеглыя гарады. З поўначы і ўсходу УНР пагражала Чырвоная Армія (якая ў студзені 1919 г. узяла Чарнігаў, у лютым – Кіеў), з захаду – маладая і агрэсіўная польская дзяржава, на поўдні стаялі войскі белых… Постфактум, у 1926 г., Пятлюра сцвярджаў, што ўжо ў канцы 1918 г. разумеў: «нацыянальную справу на нявызначаны час мы прайгралі» (цыт. паводле даследавання праф. Міхаіла Фрэнкіна).
Армія УНР, за выняткам асобных частак (сечавыя стральцы), была па сутнасці кангламератам далёкіх ад дысцыпліны сялянскіх атрадаў, у вялікай ступені аўтаномных, з харызматычнымі атаманамі на чале. Лёгка сабе ўявіць, што лаяльнымі да Дырэкторыі і асабіста да Пятлюры яны былі толькі датуль, пакуль гэта было выгадна. «Атаманшчына» фактычна і загубіла УНР, не раўнуючы як сепаратызм саюзных рэспублік у канцы 1980-х гадоў прывёў да развалу СССР. На атаманах кшталту Козыра-Зіркі і Самасенкі ляжыць віна за большасць пагромаў, адбытых на Украіне ў 1918-1920 гг.
У студзені 1919 г. Пятлюра, як галоўнакамандуючы УНР, разам з Уладзімірам Віннічэнкам і іншымі міністрамі падпісаў адозву супраць пагромаў – не з нейкіх асабістых сімпатый да ўкраінскіх яўрэяў (у цэлым яны не былі самай лаяльнай да УНР групай), а больш з прагматычных меркаванняў, між іншага і для таго, каб здабыць падтрымку для маладой рэспублікі на Захадзе. Вядома, адозвы і распараджэнні ў той час каштавалі танна. Больш энергічныя захады, напрыклад, арганізацыя ваенна-палявых судоў, рабіліся урадам Пятлюры са спазненнямі, калі ўвогуле рабіліся. І яго паплечнік Віннічэнка, які ў лютым 1919 г. пакінуў пасаду старшыні Дырэкторыі УНР, перакінуўшы ўсю адказнасць на «галоўнага атамана», пазней пісаў: «І калі бальшавіцкая, эсэраўская і дзянікінская прэса называла С. Пятлюру “пагромшчыкам”, то трэба адкрыта, бязлітасна прызнаць, што гэты чалавек заслужыў сваю славу». «КЕЭ» піша: «На адну з просьб яўрэяў, каб ён… спыніў пагромы і пакараў пагромшчыкаў, Пятлюра адказаў: “Не сварыце мяне з маёй арміяй”». Толькі ў сярэдзіне 1919 г. урад Пятлюры рэзка асудзіў пагромы. Паводле «КЕЭ», у жніўні 1919 г. у загадзе па арміі Пятлюра заявіў, што яўрэі не з’яўляюцца ворагамі ўкраінскага народа і прыгразіў суровай карай пагромшчыкам. Аднак млявасць у прадухіленні забойстваў – адно, ініцыяванне і непасрэднае іх выкананне – другое. Няма грунтоўных доказаў, што іменна Пятлюра быў сярод падбухторшчыкаў распраў над яўрэямі.
Вядома, гістарычныя аналогіі кульгаюць, але… Шмат было прэтэнзій да Міхаіла Гарбачова як да кіраўніка СССР. Пры яго ўладзе здарылася адна з найбуйнейшых сусветных катастроф – Чарнобыльская (1986 г.), адбыліся крывавыя пагромы ў Азербайджане (1988 г.)… Рэакцыя ўлады на гэтыя жахі таксама была запаволенай і недастаткова эфектыўнай, аднак што б мы сказалі, калі б нейкі былы «чарнобылец» ці армянін, уцеклы з Сумгаіта, забіў бы Гарбачова ў 1995 г.? Які суд апраўдаў бы гэтага чалавека?
Віну Пятлюры ў пагромах трэба было ўстанавіць цывілізаваным парадкам, праз юрыдычныя органы. Мяркую, непрадузяты суд прыняў бы пад увагу і цяжкую спадчыну, што дасталася Пятлюру (малаграматны люд, стомлены ад Першай сусветнай вайны і рэвалюцый, калі жыццё чалавека не каштавала ламанага шэлега), і яго спробы выправіць становішча (Дырэкторыя сяк-так дапамагала ахвярам пагромаў, у тым ліку матэрыяльна)… Верагодна, такі гіпатэтычны суд прызнаў бы Пятлюру ў злачыннай нядбайнасці, што не цягне за сабой смяротнай кары. (Ізноў на хвілю вярнуся да «чарнобыльскай» тэмы – дырэктар АЭС Віктар Бруханаў, ускосна вінаваты ў смерці тысяч людзей, у 1987 г. атрымаў 10 гадоў зняволення, быў вызвалены ў 1991 г.). Самасуд, учынены рукамі Шварцбарда – пасрэднага паэта, анархіста, паводле пэўных крыніц, звязанага з савецкімі спецслужбамі – павінен быў ацэньвацца рэальным французскім судом 1920-х гадоў як «забойства ў стане афекту» або «забойства пры змякчаючых віну акалічнасцях». У любым разе, апраўдальны вердыкт прысяжных з пазіцыi сённяшняга дня выглядае рашэннем неправавым, а бадай, і палітызаваным…
У лепшым выпадку Шварцбард стаў ахвярай свайго неўраўнаважанага характару і грамадскай думкі, якой патрэбен быў «сімвал пагромаў» (ім ужо на пачатку 1920-х лічыўся Пятлюра), у горшым ён быў наймітам, які маскаваў матывам «святой помсты» свае абавязацельствы перад непрыяцелямі УНР. Тое, што Пятлюра, які к 1926 г. фактычна страціў шансы вярнуцца на Украіну, не хаваўся, а жыў у адносна ліберальнай краіне, бясспрэчна, палегчыла яго ліквідацыю.
Узвядзенне ў ХХІ ст. у героі чалавека, які падстрэліў такую «лёгкую мішэнь», як бяззбройны парыжанін, выклікае пытанні, перш за ўсё класічнае «каму выгадна»? Мемарыялізацыю Шварцбарда ў Гуш-Эцыёне ініцыявала былая масквічка, а цяпер жыхарка Іерусаліма Ліна Торпусман. Гэтая жанчына, якая нарадзілася яшчэ да Другой сусветнай вайны, праславілася (без двукоссяў!) тым, што «прыклала руку» да помніка мінскай падпольшчыцы 1941 г. Машы Брускінай у Тэль-Авіве (2006 г.) і да таго, каб у Іерусаліме з’явілася вуліца Брускінай (2007 г.). Відаць, для Л. Торпусман звароты да падзей мінулага – сэнс жыцця, і ў гэтым плане да яе прэтэнзій быць не можа. Аднак назіранне за яе шматлікімі артыкуламі на newswe.com непазбежна вядзе да высновы, што эмоцыі ў шаноўнай спадарыні часцяком дамінуюць над ведамі (гэта не раз адзначалася ў каментарыях на сайце). Мяркую, больш рацыянальныя асобы, напрыклад, кіраўнікі мясцовага савета Гуш-Эцыёна маглі б падказаць Л. Торпусман больш узважанае рашэнне – іншымі словамі, скарыстаць яе энэргію ў «мірных мэтах». На жаль, у 2013 г. гэтага не адбылося. Чаму? Мабыць, таму, што як на Украіне, так і ў Ізраілі палітыка ў галіне мемарыялізацыі (і не толькі) нярэдка будуецца на эмоцыях і фобіях. Тым не менш украінцы знайшлі ў сабе мужнасць і ў 2010 г. прызналі незаконным указ прэзідэнта (!) 2007 г. аб пасмяротным прысваенні звання Героя Украіны Раману Шухевічу – супярэчліваму, шмат у чым адыёзнаму дзеячу, які ў час вайны «наслядзіў» і ў Беларусі. Яны не пабаяліся выглядаць непаслядоўнымі ўваччу «міжнароднай супольнасці».
Наўрад ці публічная «дэгераізацыя» Шварцбарда нанесла б шкоду інтарэсам Ізраіля ўвогуле і пасяленцаў Гуш-Эцыёна ў прыватнасці. Педагагічная вартасць дошкі, на якой настойваў старшыня савета пасяленцаў Давідзі Перэль, больш чым спрэчная. У цяперашнім выглядзе дошка будзе або ігнаравацца, або ўзмацняць у маладога пакалення «псіхалогію асаджанай крэпасці» («супраць нас увесь свет», ці прынамсі «уся Еўропа»). Перспектывы ўзаемавыгадных адносінаў Ізраіля і Украіны ў такім разе становяцца праблематычнымі. Не выключана, зрэшты, што ініцыятары напаміну пра «яўрэйскага героя», які забіў «самога Пятлюру», гэтага і дабіваліся.
У 2000 г. я пазнаёміўся ў Іерусаліме з Якавам Сусленскім, былым савецкім палітвязнем, старшынёй таварыства яўрэйска-украінскіх сувязей. Насуперак таму, што цяпер пра яго пішуць, ён не лічыў віну Пятлюры «нязначнай», але ў 1987 г. у часопісе «Диалоги» разважаў: «Я асуджаю паводзіны яўрэяў, якія ў свой час аднастайна абаранялі С. Шварцбарда, які забіў С. Пятлюру. Якімі б матывамі ён ні кіраваўся – гэта была не яго справа… Рабіць з Шварцбарда героя – зло». На жаль, пасля смерці Я. Сусленскага ў 2009 г. мала хто ў Ізраілі здольны ўголас паўтарыць яго словы.
Вольф Рубінчык, г. Мінск
студзень 2014 г.
P.S. Куды больш за Шварцбарда на ролю «праведнага мсціўцы» надаецца 23-гадовы шавец-бундавец Гірш Лекерт. У 1902 г. ён страляў у віленскага генерал-губернатара Віктара фон Валя, які загадаў быў адлупцаваць арыштантаў, і параніў яго. Губернатара ахоўвалі, дый Лекерт ведаў, што ідзе на смерць (суд Расійскай імперыі – зусім не тое, што суд Французскай рэспублікі). Не дзіва, што ў раннесавецкі час павешаны Лекерт быў даволі папулярным персанажам, асабліва ў БССР, – яму прысвячаліся п’есы, яго імем называліся вуліцы. У Беларусі дагэтуль захаваліся вуліца і завулак Лекерта ў Смілавічах, дый нават вёска Лекерта (нядаўна яна называлася пасёлкам) пад Бабруйскам. Не ўхваляю яго ўчынак, але, абстрактна разважаючы, папулярызацыя ў Ізраілі імені Лекерта, а не Шварцбарда, была б «меншым ліхам». Ці «большым дабром» – каму як падабаецца.
Автор не претендует на абсолютную истину. Рассчитывает на отклики, в том числе и критические.
30 января 2014