У канцы лета супрацоўнікі сферы адукацыі (ды іх шматлікія куратары) па завядзёнцы рыхтаваліся да новага навучальнага года. Тутэйшае міністэрства 23.08.2022 прыняло пастанову аб зацвярджэнні праграм факультатыўных заняткаў у школах – не першую і не апошнюю…
Нечакана – для мяне, ва ўсякім разе – пастанова справакавала рэзкі адлуп. Шматгадовыя супрацоўнікі альтэрнатыўных СМІ Сяргей Абламейка («РС») і Міхась Скобла («НВ») палічылі яе некарыснай або нават шкоднай, бо сярод музычных інструментаў, пералічаных у пастанове (блокфлейта, флейта, саксафон, труба, ксілафон, малы барабан, літаўры, вібрафон, домра, віяланчэль), фігуруе і балалайка. А скрыпкі нямашака 🙁
C. Абламейка і М. Скобла
Слова крытыкам (бяру з іх тэкстаў найбольш істотныя, на маю думку, урыўкі):
С. А.: «У 1970–1980-я гады ў БССР праводзіліся рэспубліканскія конкурсы ігры на беларускіх народных інструмэнтах. Выканальніцкіх катэгорый было тры — балалайка, гармонік і цымбалы.
Менавіта такі патройны набор народных інструмэнтаў быў кананізаваны камуністычнымі ўладамі БССР, а магчыма, і Масквой зь яе агітпропам, ЦК і Лубянкай.
Гэта, вядома, была адна з праяваў паўзучай русыфікацыі Беларусі. Насамрэч, беларускі народны інструмэнтарый іншы і нашмат багацейшы, а балалайка туды трапіла выпадкова — гэта вынік перасяленьня ў Беларусь хваляў расейскіх старавераў і пазьнейшага знаходжаньня Беларусі ў складзе Расеі. У навуковых тэкстах сьцьвярджаецца, што балалайка вядомая ў нас зь сярэдзіны XIX стагодзьдзя, а пашырэньне набыла ў 1920–1930-я гады ў СССР. Этнографы ведаюць, што ў народзе існавала адмоўнае стаўленьне да балалаечнікаў, пра што сьведчыць сама народная назва балалайкі — балабайка, утвораная ад слова “балабол”…
Здаецца, у 1987 годзе пасьля абвяшчэньня адбору на чарговы рэспубліканскі конкурс выканаўцаў на народных інструмэнтах мая душа ня вытрымала. Я напісаў абураны ліст у газэту “Літаратура і мастацтва”, які, са згоды сваёй бабулі, падпісаў “Пэнсіянэрка Вера Лось-Паўлава”. І ліст той “ЛіМ” надрукаваў цалкам… Я пісаў пра беларускую скрыпку, якая была незаслужана забытая арганізатарамі конкурсу. У той час па ўсёй Беларусі яшчэ жылі дзясяткі народных майстроў, якія саматужна выраблялі скрыпкі, а на народных сьвятах, вясельлях і вечарынках скрыпач заставаўся цэнтральнай фігурай. Скрыпка, пісаў я, — гэта адзін з самых старажытных і самых улюбёных беларускіх народных інструмэнтаў, і нагадваў пра першыя назвы кніг Францішка Багушэвіча і Цёткі — “Смык беларускі” і “Скрыпка беларуская”.
Ніякай рэакцыі на той ліст, наколькі памятаю, не было. Але праз два гады, у 1989 годзе, калі нарэшце выйшла доўгачаканая энцыкляпэдыя “Этнаграфія Беларусі”, на яе першым развароце пад сьпісам рэдакцыйнай калегіі быў зьмешчаны фатаздымак народнага музыкі са скрыпкай, а ў адпаведным артыкуле, напісаным неўтаймоўнай дасьледчыцай беларускіх народных інструмэнтаў, незабыўнай прафэсаркай Інай Назінай, сьцьвярджалася: “У народзе скрыпку называюць царыцай музыкі, здольнай перадаць настрой і перажываньні ўсіх і кожнага…”
Увесну 2022 году мне давялося трапіць у швайцарскі Цюрых. У гэтым горадзе ёсьць тры месцы канцэнтрацыі твораў Марка Шагала. Гэта царква Fraumünster зь пяцьцю вітражамі Шагала ў апсыдзе, рэстаран Kronenhalle з карцінамі вядомых мастакоў-мадэрністаў на сьценах, сярод якіх і Марк Шагал. І, нарэшце, мастацкі музэй Kunsthaus, у адной з заляў якога сабраныя вялікія палотны Шагала, у тым ліку “Палёт над Віцебскам”.
У музэй мы прыйшлі ўжо даволі раззлаваныя паўсюднымі згадкамі на шыльдах, у буклетах і турыстычных даведніках пра “расейскага мастака” Марка Шагала, які “чэрпаў натхненьне ў хасыдзкіх традыцыях сваёй расейскай радзімы”.
Але, падышоўшы да карціны Шагала “Сьвятло шлюбу”, я раптам успомніў і пра “Этнаграфію Беларусі”, і пра Іну Назіну, і пра свой студэнцкі артыкул у “ЛіМе” з пратэстам супраць ігнараваньня беларускай скрыпкі.
Раздражненьне прайшло, стала лёгка і сьмешна. Немцы могуць нас ня ведаць, але мы сябе ведаем. Ім можна ня ведаць пра расейскі народны інструмэнтарый, але мы дакладна ведаем, што такое беларуская народная капэля.
М. Шагал, “Святло шлюбу” (“Свадебные огни”, 1945)
У цэнтры карціны “Сьвятло шлюбу” на местачковым пляцы, за якім відаць сьцены хрысьціянскай бажніцы, стаяць маладыя, а вакол іх грае капэля. Набор інструмэнтаў такі: зьлева барабаншчык, унізе музыкант з басэтляй, у правым ніжнім куце рука з бубнам, а справа ад маладых — скрыпач. Я засьмяяўся і сказаў жонцы:
— Будуць нам немцы даказваць, што Шагал з Расеі! Вось амаль увесь набор беларускай народнай капэлі. Аналягічны набор мелі і габрэйскія музыкі, якія гралі ў корчмах Беларусі: барабан, басэтля, скрыпка. Не хапае толькі беларускага драўлянага клярнэта.
Жонка ў адказ:
— А гэта што?
Я паглядзеў, куды яна паказвала, а там, над маладымі, сваю партыю дагары нагамі выконвае пяты музыка… зь беларускім драўляным клярнэтам» (07.09.2022).
Другі тэкст, які я прачытаў тутака (21.09.2022), больш катэгарычны й наступальны…
М. С.: «У новаспечанага міністра [адукацыі РБ] Андрэя Іванца сваё бачанне каштоўнасцяў і традыцый. У канцы жніўня ён падпісаў пастанову “Об утверждении учебных программ факультативных занятий” па музыцы. У нешматлікім пераліку зацверджаных інструментаў там чамусьці значыцца… балалайка. Няма ні дуды, ні скрыпкі, ні цымбалаў, пад якія беларус стагоддзямі смуткаваў і радаваўся, а вось балалайка ні з пушчы, ні з поля – ёсць!
Балалайка, якая абсалютна чужая беларускай народнай культуры. Гэты музычны інструмент пашырыўся на нашай зямлі толькі ў 1920–1930-я гады – разам з прыхаднямі і паязджанамі з усходу, прыехаў, так бы мовіць, у абозе русіфікатараў. Нездарма ва ўсім свеце балалайка дагэтуль успрымаецца як нешта спецыфічна расійскае, служыць своеасаблівым апазнавальным знакам Расіі.
Пра птушыныя правы балалайкі ў Беларусі сведчыць і той факт, што яна практычна не згадваецца ў класічнай беларускай літаратуры… Балалайка – гэта не традыцыя. У традыцыйных беларускіх вясковых капэлах, што стагоддзямі абслугоўвалі вяселлі, хрэсьбіны і другія святы, балалайкі ніколі не было. Там выспеўвала любую – мінорную ці мажорную – мелодыю царыца музыкі скрыпка. Там адбіваў рытм басавіты бубен. Там знаходзілася месца працяжнай дудзе, якая вось ужо чатырыста гадоў гучыць па ўсёй Еўропе – ад Шатландыі да Полацка.
Хай бы беларускія школьнікі на ўроках музыкі і засвойвалі гэтыя інструменты, аднаўлялі даўнія традыцыі…
Так, канешне, ні скрыпку, ні тым больш дуду на мэблевай фабрыцы не зробіш. Прыйдзецца заказваць майстрам. А яны ёсць, і тых жа дудаў вырабляюць колькі патрэбна. Апошнім часам цэлыя дударскія фэсты ў Беларусі ладзяцца.
З балалайкамі, вядома, прасцей. Толькі свісні – цэлы вагон прывязуць. Разам з какошнікамі і сарафанамі.
Папраўдзе сказаць, у самой Расіі балалайка – малапаважаны інструмент. Уладзімір Маякоўскі, помніцца, называў балалаечнікамі паэтаў, што не мелі свайго адметнага голасу, збіваліся ў хор.
А які інструмент Міхаіл Булгакаў даў у рукі Паліграфу Шарыкаву – аднаму з самых агідных герояў у расійскай літаратуры? Балалайку».
Не пераканалі мяне довады паважанага аўтара – ні гістарычная даведка, ні літаратуразнаўчая, ані развагі пра сучаснасць.
Нават калі б інструмент прыехаў у Беларусь толькі сто гадоў таму «ў абозе русіфікатараў» (зрэшты, у 1920-х іх у БССР не дужа пешчылі), стагоддзе – дастатковы перыяд, каб «асіміляваць» балалайку, далучыўшы яе да ўласных традыцый. І піяніна ж беларусы не самі прыдумалі, і акардэон, і гітару – але ж масава й паспяхова граюць на гэтых інструментах. Так уладкаваны свет – ідзе ўзаемаабмен прадметаў, людзей, ідэй. Мяркую, нідзе зараз дзяцей не вучаць музыцы пры дапамозе толькі «адвечна сваіх» інструментаў – хіба ў ізаляваных ад знешняга свету пустэльнях або таёжных краях, ці на маладаступных акіянскіх выспах.
Насамрэч жа балалайка мела ў Беларусі некаторую папулярнасць і раней за савецкі час. У лекцыях Наталлі Яканюк, спецыялісткі з універсітэта культуры (Мінск, 2007), зафіксаваныя, напрыклад: «Уцягванне балалайкі у каляндарна-земляробчую і сямейна-абрадавую практыку некаторых мясцовасцей Беларусі. Удзел балалаечнікаў у валачобных (Шклоўскі р-н Магілёўскай вобл.) і вясельных абрадах (Віленская губ., XIX ст.)». Іншы наш сучаснік – мастацтвазнавец Валянцін Шчарбак з беларускай акадэміі музыкі – называў балалайку «інтэрнацыянальным інструментам, распаўсюджаным у розных краінах, асабліва ў славянскіх».
На балалайцы ў пяшчотным веку навучыліся граць такія ключавыя для беларускай культуры асобы, як Максім Гарэцкі (1893-1938) і Кузьма Чорны (1900-1944). Гэта не перашкодзіла ім стаць тымі, кім яны сталі – не ператварыла ні ў «балалаечнікаў» паводле Маякоўскага, ні ў булгакаўскага Шарыкава… А ёсць яшчэ верш Мойшэ Кульбака «Сярод палёў» («Цвішн фелдэр», 1919; быў перакладзены на беларускую Сцяпанам Гаўрусёвым), дзе ў ціхіх вёсках – беларускіх, трэба меркаваць – на знак абнаўлення «тромкаюць балалайкі». Наратар быў зусім не супраць… Кульбак і бандуру паважаў («Гэй, Антоша…» у паэме «Беларусь», aka «Райсн»), дарма што гэты інструмент апрыёры выглядае хутчэй украінскім, чым беларускім. І ў паэме Ізі Харыка «На чужым вяселлі», дзе пад Барысавам усё адбываецца, адзін з клезмераў грае на бандуры, хоць яўна не казацкага роду 🙂
Дарэчы, балалайку і ў Расіі, нават на пачатку ХХ ст., цанілі ўсё ж каліва болей, чым даводзіў М. Скобла – на ёй, напрыклад, любіў граць інтэлігентны шахматыст і педагог Пётр Раманоўскі (1892-1964), адзін з першых настаўнікаў «нашай» Кіры Зварыкінай.
З майго (дылетанцкага) пункту гледжання, мелодыя ўвогуле важыць больш, чым інструмент, на якім яна выконваецца… То бок няхай бы дзеці навучыліся карэктна граць на той жа балалайцы, у т. л. мелодыі беларускіх аўтараў (у праграме яны ёсць) – хто ведае, мо потым пераключацца на скрыпку ці дуду. Не забараняецца ж у нас іграць на гэтых інструментах, дзякуй і за тое 😉
У татальную музычную залежнасць ад «усходняга суседа», які, маўляў, завязе да нас балалайкі «з какошнікамі і сарафанамі», не дужа веру – хаця б таму, што прадаюцца тут балалайкі з Румыніі. Навучыліся ў Сінявокай рабіць і свае… спачатку асобныя майстры кшталту Руслана Макарэвіча з Пінска, цяпер, здаецца, наладжана серыйная вытворчасць.
Так-то скарачаць залежнасць ад «дабрадзеяў» з імперскімі амбіцыямі трэба, аднак не балалайка тут мае быць прадметам для крытыкі і кпінаў, ой, не балалайка… Як бы навучыць ахвочых да перамен шукаць там, дзе згубілі, а не там, дзе светла («эфект вулічнага ліхтара»)?
Падрыхтаваў В. Рубінчык, г. Мінск
03.10.2022
w2rubinchyk[at]gmail.com
Апублiкавана 03.10.2022 23:15