Tag Archives: Андрей Дубинин

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (79)

Ізноў здароў! Месяц мінуў, а курапацкі вузел не развязаны, сустрэча ўласнікаў рэстарацыі і пратэстоўцаў, якая мелася адбыцца 29 чэрвеня, сарвалася. Дайшло надоечы і да арыштаў на 10 сутак

Абодва бакі дэманстравалі ўпартую зацятасць (ці зацятую ўпартасць), а іх прыхільнікі часам рабілі інфантыльныя крокі. Чаго варты «наезд» тутэйшага каблана Аркадзя Ізраілевіча на дэпутатку Алену Анісім, нібыта адказную за публікацыю недасканалага расследавання ў газеце «Новы час». Потым бізнэсовец прызнаў, што нагаварыў лішняга, але «асадачак застаўся». Газета ў адказ вынайшла новую прычыну прыцягнуць Ізраілевіча за вушы да будоўляў 2010-х гг. – у 2005 г. адзін з яго супрацоўнікаў, шараговы член навукова-метадычнай рады пры міністэрстве культуры РБ (усяго там было 8 чалавек), ухваліў «эскізны праект» прыдарожнага сэрвіса на 51-м кіламетры мінскай кальцавой дарогі. Здавалася б, пры чым тут рэстаран, адкрыты сёлета зусім іншай фірмай?

Больш канструктыўна выглядаюць ідэі Міколы Арцюхова, аднаго з заснавальнікаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (у 2004–2007 гг. – сустаршыня): «Пачаць перамовы з Поедем поедим. Прыняць ад іх 2 домікі пад музей (мо перанесці ў цэнтр?) і фінансаванне мемарыяла-капліцы. Забавязаць адгарадзіцца трох-пяціметровым супрацьшумавым плотам. Дамовіцца, каб у іх была рэкламная стойка Мемарыяла, прапанаваць паўдзельнічаць у мемарыялізацыі астатніх 11 (17) месцаў генацыду мясцовага насельніцтва з боку НКВД СССР» (25.06.2018). Адказ Ганны Шапуцька («Адгароджвацца нельга, згодна з Кодэксам аб культуры. Гэта гісторыка-культурная каштоўнасць, і яна павінна быць бачна з усіх бакоў») не пераканаў мяне; калі ёсць жаданне кампрамісу, то знаходзяцца і магчымасці.

А вось Зміцер Дашкевіч – якому даўно за 35, а ён усё гукае ад імя «Маладога фронту» – то фактычна падбухторвае няспелыя розумы спаліць рэстарацыю, то пераносіць няўклюдныя паводзіны грамадзяніна РБ Ізраілевіча на Ізраіль – «Ізраэль» у аўтарскім напісанні… З сакавіка 2014 г., часу, калі Зміцер выйшаў на Дзень волі з партрэтамі Булак-Балаховіча ды Шухевіча, сумотна мне назіраць за эвалюцыяй гэтага «палітыка» – суцяшае хіба тое, што бываюць і горшыя.

…Хто пра што, а лысы пра расчоску. Канфлікты вакол Курапатаў сталі для мяне чарговым доказам таго, што «яўрэйская абшчына» ў Беларусі – ніякая… Былі ў яе шансы мабілізавацца ў 2001 г., калі разбуралася сінагога на Дзімітрава, 3 – але ў выніку разбурэнню рэальна спрабавалі перашкодзіць тры чалавекі, адзін з якіх на наступны дзень «саскочыў», назіраючы за пікетам ля Мінгарвыканкама з бяспечнай адлегласці.

На фоне вялікага скандалу і шматлікіх пратэстаў, у тым ліку ад 75 (! – са 109 магчымых) дэпутатаў палаты прадстаўнікоў, у калегаў была магчымасць парушыць камфорт «галоўнага яўрэя Беларусі», які давёў справу да разбурэння гістарычнага помніка на Дзімітрава й душыў ініцыятыву абаронцаў… Але ў 2004 г. на з’ездзе ў Гарадзеі яго перавыбралі аднагалосна – з крытыкай жа многія дэлегаты абрынуліся на «Мы яшчэ тут!», дзе выкрывалася неадэкватнасць «лідара». Па завядзёнцы, у сваім коле – ніхто нават не рызыкнуў звязацца з рэдакцыяй «паклёпніцкага выдання», а пагатоў падаць у суд, як гразіліся 🙂

Пасля гэтай гісторыі не здзівілі ўжо ні хабёльства «прафесійных яўрэек» на «Яме» ў 2006 г., ні рэакцыя на брыдкія заявы Рыгорыча ў 2007 годзе (у гэтым бяззубым прэс-рэлізе асабліва «дастаўляе» перавод стрэлак на Скобелева)…

«Авив», № 7-9, 2007. Ага, сцвярджэнні на прэс-канферэнцыі самі прагучалі 🙂

…ні лёгка праглынутае знішчэнне будынка драўлянай сінагогі ў Любані 2009 г., ні кааптацыя П. І. Якубовіча, на якім к таму часу не было дзе ставіць пробы, у склад «Савета абшчыны» ў сярэдзіне 2010-х гг. (ён і цяпер там) 🙁

І вось у чэрвені 2018 г., замест важкіх словаў пра Курапаты, дзе, сярод іншых, ляжаць і яўрэі, – працяглая паўза… Урэшце, вучань тав. Левіна, «галоўны прагрэсіўны рабін», заявіў, што «ёсць неабходнасць зрабіць мемарыял па прыкладзе Трасцянца, каб тыя, хто прыйшоў, ведалі, што тут адбылося». Засталіся адкрытымі пытанні, як «народны мемарыял» (шматлікія крыжы, помнік загіблым іудзеям і мусульманам, пастаўлены ў 2004-м…) інтэграваць у «Трасцянец-2», што рабіць з рэстаранным комплексам, блізкім да ўрочышча… Пазней (20.06.2018) Р. Абрамовіч, наведаўшы рэстарацыю ў спрэчнай зоне, вымавіў: «І ты маеш рацыю, і ты маеш, і я маю, як у анекдоце. Так, побач Курапаты, але побач і кальцавая дарога… Так, патрэбен музей, але як і хто гэта пачне?» Марнаслоўе з дамешкам рытарычных пытанняў – даволі танны спосаб здавацца мудрым…

«Рабініха» праявіла сябе яшчэ больш яскрава. Нават не рызыкну перакладаць гэтыя напаўпісьменныя плёткі «в виде версий» на беларускую.

Наконт звестак ад ДАІ (дапусцім, дама рэальна дзейкала з міліцыянтамі…). Сярод тых, на каго складаліся пратаколы – Наталля Гарачка, Алесь Лагвінец, Вольга Нікалайчык, Павел Севярынец, Юрый Чавусаў, іншыя жыхары Мінска. Пакінем у баку намёк на тое, што лёс урочышча Курапаты павінен хваляваць найперш мінчукоў – а чаму ў такім разе не жыхароў Мінскага раёна, да якога яно тэрытарыяльна адносіцца (?!).

Не да таго хілю, што Грыша Абрамовіч павінен адказваць за выбрыкі Ірыны. Проста яна славіцца як адна з элітных прадстаўніц «абшчыны» – дзясятак гадоў працавала ў «культурнай» суполцы «Эмуна», зараз курыруе працу з падрастаюшчым пакаленнем у аб’яднанні прагрэсіўнага іудаізму… Калі такое вярзе і так ставіцца да людзей «эліта» яўрэйскіх арганізацый РБ, то які ж там будзе сярэдні ўзровень? (Таксама не ўтрымаўся ад рытарычнага пытання, але прыватнай асобе даравальна, дый не пнуся ў аўтарытэты.)

Мінская актывістка Інэса Ганкіна самакрытычна напісала ў фэйсбуку трохі з іншай нагоды: «Магчыма, яўрэі Беларусі заслужылі тую абшчыну, якая ёсць! З усімі яе плюсамі і мінусамі». Не, я не лічу, што заслугоўваю такой «абшчыны», гнілой адсоткаў на 80-90. Раней больш актыўна спрабаваў займацца яе санацыяй, цяпер – менш. Аднак, пакуль жыву ў Беларусі, не збіраюся заплюшчваць вочы на негатыўныя з’явы. Насуперак таму, што сёлета 9 мая ля «Ямы» раіла экс-рэвізорка «абшчыны», якая прачытала-такі мой артыкул 2015 г. пра Левіна і левіншчыну: «У чымсьці справядліва… Але ты не маеш рацыю, выносячы смецце з хаты». Аз ох ун вэй, сцены скора паваляцца пад грузам смецця, схамяніцеся ўжо…

Большасць жыхароў Беларусі ўсё адно бачаць «нас» як абшчыну, і варта было б кіраўнікам яўрэйскіх арганізацый неяк будаваць яе ў няпростых умовах ХХІ ст., няхай і з аскепкаў… З чаго пачаць? Напэўна, усё ж не з пасярэдніцтва ў калякурапацкіх справах. Наўрад ці Леанід Зайдэс раіўся з рабінамі ды тутэйшымі «баронамі», калі будаваў свой рэстаран, таму не іх справа разрульваць шумную спрэчку.

Паўнакроўнае адраджэнне мовы ідыш, як паказала млявая рэакцыя на прапановы 2016 г., у Беларусі ўжо наўрад ці магчымае, і нездарма гісторык разважае пра музей як найбольш дарэчнае для ідыша месца. З вяртаннем і ўтрыманнем сінагог таксама не ўсё адназначна: вернікам і аматарам традыцый працэс патрэбен, але большасці – амаль усё роўна, пагатоў старыя будынкі, як правіла, вымагаюць немалых грошай на рамонт. Але, думаю, ніхто з беларускіх яўрэяў не аспрэчыць, што варта пашыраць прысутнасць «нашых» у тапонімах.

Сёе-тое для таго, каб выбітныя яўрэі (або, радзей, яўрэйскія матывы) фігуравалі ў назовах вуліц, апошнім часам рабілася. Так, не ўдалося ў пачатку 1990-х дабіцца вяртання ў Мінск вуліцы Яўрэйскай (з 1934 г. Калектарная) – затое ў 1996 г. з’явілася Іерусалімская, у 1998 г. – Заіра Азгура, у 2003 г. – Льва Выгоцкага, у 2005 г. – Міхаіла Гебелева… Але ж і цяпер доля вуліц з «яўрэйскімі» назовамі не адпавядае ўнёску, зробленаму яўрэямі ў развіццё Мінска цягам стагоддзяў. Ёсць шанс забіць мядзведзя.

Ці не найлепей з буйных гарадоў адлюстраваны «яўрэйскі ўнёсак» у Віцебску, дзе ёсць, прынамсі, аж некалькі вуліц Змітрака Бядулі 🙂 Па адной – Самуіла Багарада, Імануіла Велікоўскага, Іосіфа Бумагіна, Лазара Лагіна, Аркадзя Маўзона, Марка Фрадкіна, Марка Шагала (плюс праезд Шагала). Асабліва важным лічу згадаць вуліцу, названую ў 2015 г. імем знакамітага баксёра і трэнера Абрама Брына, бо сёлета 12 чэрвеня яму споўнілася б сто гадоў (спартсмен памёр у 2004 г.). Яшчэ ў 2009 г. у гонар Брына на віцебскай вуліцы Леніна ўрачыста павесілі мемарыяльную дошку.

Як бачыцца, у прынцыпе з мясцовымі ўладамі працаваць можна – не ўсе і не паўсюль адфутбольваюць карысныя ініцыятывы. Для пачатку можна было б арганізаваць «унутранае» абмеркаванне на тэму, якія знакамітыя яўрэі заслугоўваюць увекавечання ў беларускай тапаніміцы, няхай бы нават праз газеты «Авив» (наклад 250 экз.) і «Берега» (100 экз.). Потым «абшчына», прадстаўленая міжарганізацыйным камітэтам з удзелам навукоўцаў, магла б сістэматызаваць прапановы і публічна «ўпісацца» за іх.

Дзякуючы Андрэю Дубініну звярнуў увагу на японскае мастацтва кінцугі – адмысловае склейванне посуду: «Замест таго каб маскаваць паломку, кінцугі аднаўляе зламаны аб’ект, эстэтычна запаўняючы месца пашкоджвання спецыяльным швом і захоўваючы гісторыю аб’екта. Кінцугі – гэта мастацтва залатога шва: калі не можаш нешта схаваць, то паспрабуй зрабіць з відочнага дэфекта прыгажосць».

Фота з pikabu.ru

Ці зацікавяцца мясцовыя натаблі «яўрэйскім кінцугі» не на словах, а на справе? Папраўдзе, сумняюся.

Тым часам пасаду старшыні беларускай федэрацыі хакея, займаную ў 2017–2018 гг., пасля фіяска на чэмпіянаце свету пакінуў Сямён Шапіра. Шмат гадоў быў ён і міністрам сельскай гаспадаркі, і старшынёй аблвыканкамаў (Гродзенскага і Мінскага), раздаваў «каштоўныя парады» гісторыкам, а на хакеістах зубы абламаў… Цяпер кажа, што хакеем павінны займацца прафесіяналы. Што замінала зразумець тое раней і адмовіцца ад «новага прызначэння» ў маі 2017 г.? Хіба пераацэнка сваіх сілаў, а яшчэ страх перад начальствам, няўменне казаць «не», на якім у свой час пагарэў, сярод іншых, cавецкі яўрэйскі паэт Ізі Харык… Яму партыя КХП-БНФ мерыцца паставіць асобны памятны знак у Курапатах.

Доктар сельскагаспадарчых навук выявіўся адным з многіх не(да)кампетэнтных кіраўнікоў эпохі позняга лукашызму. Суцяшае, што пачуццё адказнасці за сваю працу ў яго канчаткова не знікла, і ў гэтым сэнсе «віцэ-прэм’ер» Васіль Жарко з яго жалюгоднымі адмазкамі (маўляў, не ведаў пра карупцыйныя схемы ў падначаленым міністэрстве аховы здароўя) мог бы пайсці Шапіравым шляхам. Дый не толькі Жарко – бярыце вышэй…

Пра бедныя навуку з адукацыяй. Кажуць, у свеце траціна даследчыкаў запэцканыя ў плагіяце і/або фальсіфікацыях. Колькі ж такіх у Беларусі? Тэма балючая, не раз закранутая ў серыяле, але «Васька слушает…»

Супрацоўнік мінадукацыі РБ, фэйкавы палітолаг Андруша Л., стаміўшыся выдумляць нешта новае дзеля дыскрэдытацыі апанентаў, на тым тыдні перапісаў кпіны з «Луркамор’я», сайта, закрытага ў Беларусі (праўда, не для ўсіх :)):

Вось «злонравия достойные плоды» яно як бывае, калі на дзяржаўную працу бяруць людзей без маральных тармазоў.

Але ёсць і добрая навіна: у Гродзенскай вобласці ёсць Іўеўскі музей нацыянальных культур, а ў ім з пачатку года – выстаўка «Беларускія яўрэі». Усе ў Іўе, панове!

Вольф Рубінчык, г. Мінск

02.07.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 02.07.2018  17:59

Ці трэба Беларусі музей культуры ідыш?

Піша доктар гістарычных навук Леанід Лыч

Калісьці на нашай зямлі квітнела створаная на ідышскай аснове культура. Пачатак ёй паклалі ў канцы XIV стагоддзя запрошаныя ўладамі Вялікага Княства Літоўскага яўрэі. Асноўныя плыні іх ішлі да нас з Нямеччыны і Польшчы. У якасці сродку зносінаў паміж сабою яўрэі гэтых краінаў выкарыстоўвалі ідыш. Ён быў даволі шырока распаўсюджаны на еўрапейскім кантыненце, таму яўрэі добра разумелі адно аднаго незалежна ад месца свайго пражывання. Падобнае можна сказаць і пра шырока распаўсюджаную ў Сярэднявеччы латынь, прычым не толькі ў межах Еўропы. Адзіная камунікатыўнага характару агульнаяўрэйская мова Еўропы ідыш мела пэўныя тэрытарыяльныя асаблівасці, бо ніяк жа нельга было абысціся без папаўнення яе лексікі словамі карэннага насельніцтва той ці іншай мясцовасці.

Падобнае мела месца і ў Беларусі, толькі далёка не ў такіх маштабах, як у Нямеччыне, таму яўрэяў – носьбітаў ідышу яе жыхары разумелі і разумеюць без перакладчыка, што, аднак, пазітыўна не адбілася на іх узаемадачыненнях. У непараўнальна лепшым становішчы, чым беларуская мова, знаходзіўся ідыш у часы Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі. З-за крайне адмоўных наступстваў свядомай палітыкі першай здольныя да літаратурнай дзейнасці беларусы вымушаныя былі пісаць свае творы па-польску, а другой – па-руску. Яўрэі ў гэтых высакародных этнастваральных мэтах выкарыстоўвалі толькі ідыш. І калі цягам XVIII–ХІХ стагоддзяў беларусы на сваёй роднай мове не напісалі нічога такога, чым бы захаплялася Еўропа (яна захаплялася іх польска- і рускамоўнымі творамі), у літаратуры Беларусі на ідыш з гэтым не мелася ніякіх праблемаў. Праўда, пэўныя перашкоды чыніў царызм, але яны не ідуць ні ў якае параўнанне з тым благім, што ён рабіў для беларускай мовы. Сам факт непрызнання беларускай мовы самабытнай, адрознай ад рускай дае ўсе падставы разглядаць моўную палітыку царызму як каланізатарскую, якая нам яшчэ і сёння адрыгаецца непрыемнай пякоткай.

Яўрэі Беларусі могуць ганарыцца, што менавіта іх сын з Капыля Мендэле Мойхер-Сфорым (сапр. Шолам-Якаў Бройдэ, па пашпарце Саламон Абрамовіч) з’яўляецца заснавальнікам новай яўрэйскай класічнай літаратуры. Нарадзіўся ён у 1836 г., а памёр праз месяц пасля Кастрычніцкага перавароту – 25 лістапада (8 снежня) 1917 г. Да выезду ў 1853 г. у Камянец-Падольскі ён яшчэ паспеў закончыць Слуцкую яўрэйскую бурсу. Усе свае літаратурныя творы на ідыш напісаў за межамі Беларусі, аднак іх не могуць не лічыць за свае беларускія яўрэі. Асабліва гэта датычыцца твораў аўтабіяграфічнага характару, дзе паказаныя жыццё, побыт рамеснікаў Капыля – напрыклад, «Шлёма, Хаімаў сын» (1911).

Прыхільнікі пісаць літаратурныя творы на ідыш даволі лёгка інтэграваліся ў нацыянальную палітыку міжваеннай беларусізацыі. Паводле аб’ёмаў выдання ўсіх відаў друкаванай прадукцыі яўрэі ў асобныя гады саступалі толькі беларусам. На ідыш выходзілі і былі вельмі папулярнымі сярод яўрэйскіх чытачоў часопіс «Штэрн» («Зорка»), газеты «Дэр юнгер арбетэр» («Малады рабочы»), «Акцябер» («Кастрычнік»), «Дэр юнгер ленінец» («Юны ленінец»). У 1929 г., напрыклад, на гэтай мове было выдадзена 55 кніг. З 1926 г. на ідыш працаваў у сталіцы рэспублікі Менску Дзяржаўны яўрэйскі тэатр БССР. У тыя гады не меў сабе роўных на ідышскім літаратурным полі Беларусі Ізі Харык. Паводле словаў аўтара кнігі «Еврейские советские писатели Белоруссии» (Мінск, 2006) Гірша Рэлеса, творы гэтага аўтара «отличаются особой музыкальностью».

Далейшую творчую дзейнасць яўрэйскай, як і беларускай, інтэлігенцыі прыпынілі масавыя сталінскія фізічныя рэпрэсіі, пік якіх прыпаў на 1937–1938 гг. Затым не толькі самі яўрэі, але і іх літаратура на ідыш сталі ахвяраю Халакосту.

Спрыяльным ні для яўрэяў, ні для ідышу не назавеш пасляваенны перыяд. Справядліва не бачачы з-за вялікіх заганаў нацыянальнай палітыкі КПСС асаблівых перспектываў у беларускай мастацкай літаратуры, здольныя да такой творчай дзейнасці яўрэі палічылі за лепшае для сябе працаваць на ніве рускамоўнай літаратуры. З ідышам не пажадалі развітацца толькі лічаныя асобы, адзінкі. Адным з найапошніх масцітых яго магіканаў быў Гірш Рэлес (1913–2004).

Аўтарытэт яўрэяў, як і іх мовы ідыш, быў моцна падарваны на ўсёй савецкай прасторы, у тым ліку і ў Беларусі, барацьбой камуністаў з выдуманым імі бязродным касмапалітызмам. І тым не меней да канца першага пасляваеннага дзесяцігоддзя можна было даволі часта чуць ідыш у грамадскіх месцах. Сціх ён трохі пазней. Праз 10–15 гадоў амаль такі гаротны лёс напаткаў на сваёй гістарычнай зямлі і беларускую мову.

Ніколькі не лепшае становішча з ідышам і ў многіх іншых краінах яго колішняга шырокага распаўсюджвання. Ідыш знаходзіцца пад сур’ёзнай пагрозай канчатковага выхаду з рэальнага жыцця, непазбежнага памірання. Гэта разумеюць усе, і цалкам апраўдана, што сярод іх знаходзяцца асобы, гатовыя кінуць якар выратавання ідышу. Не магу прыгадаць, дзе чытаў, што ў ЗША нібыта існуе, функцыянуе нейкая творчая супольнасць людзей, і ёю штосьці практычнае робіцца ў інтарэсах ідышу. Поспеху ім у гэтай высакароднай справе. Найбольш жа заклапочаных трагічным станам ідышу людзей, зразумела, знаходзіцца ў Ізраілі, хоць там і з’яўляецца адзінай дзяржаўнай мовай іўрыт – старажытнаяўрэйская мова. І, думаецца, што сярод тых людзей ёсць нямала яўрэяў з Беларусі, бо тут на ідышы створанае бясцэннае багацце, якім сёння нельга не ганарыцца.

З атрыманнем яўрэямі яшчэ за савецкім часам права выезду на сваю гістарычную радзіму яны ў масавым парадку пачалі пакідаць Беларусь: штогод па 100–150 тысячаў чалавек. Яна да такой ступені абез’яўрэілася, што перапіс насельніцтва 1999 года зафіксаваў толькі 27,8 тысячаў прадстаўнікоў гэтай этнічнай групы. З іх толькі 1508 чалавек назвалі ідыш сваёй роднай мовай!

Несумненна, яшчэ менш было яўрэяў, якія валодалі ідышам, маглі размаўляць, пісаць на ім літаратурныя творы. Пераканаўча сведчыць пра гэта і такі факт: калі ў канцы 1980-х – пачатку 1990-х гадоў у нацыянальны рух разам з беларусамі ўключыліся і ўсе нашыя этнічныя групы (патрэбы ў гэтым не мелася толькі ў рускіх Беларусі, бо тут яны карысталіся такімі ж правамі, як і ў Расійскай Федэрацыі), яўрэі не стварылі аніводнага перыядычнага выдання на мове ідыш. У гэтых мэтах выкарыстоўвалася выключна руская мова.

І ўсё ж раз-пораз ідыш заяўляе пра сябе на беларускай зямлі, сцвярджае, што яшчэ не адышоў на той свет, хоча заставацца на гэтым, як больш вядомым, блізкім чалавецтву. Як ніхто іншы, не дае памерці ў нашым краі ідышу Аляксандр Астравух – аўтар выдадзенага ў 2008 годзе ілюстраванага ідыш-беларускага слоўніка. Яго аб’ём складае 928 старонак, на іх змешчана 25 тысячаў слоўнікавых артыкулаў і 50 тысячаў словаў. Многім падабаюцца аўтобусныя экскурсіі пад назовам «У пошуках ідышу».

Сёння ў Беларусі на мове ідыш пішуць свае літаратурныя творы толькі адзінкі, зведваючы неверагодныя цяжкасці з іх надрукаваннем. У лік такіх творцаў уваходзіць і добра вядомы ў краіне Фелікс Баторын. Шмат у яго і беларускамоўных паэтычных твораў. Ён з’яўляецца сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Вялікай і прыемнай нечаканасцю з’явіўся для мяне змешчаны ў «Краязнаўчай газеце» (№ 7 за 2018 год) «Ліст-зварот да рэдакцыі “Краязнаўчай газеты”» мастака Андрэя Дубініна і палітолага Вольфа Рубінчыка – перакладчыкаў з ідышу. Яны, хоць і з вялікім спазненнем, уносяць вельмі слушную прапанову: усталяваць мемарыяльную дошку ў Мінску на доме па вуліцы Рэвалюцыйнай, 2, дзе ў 1930–1941 гг. выдаваўся орган Аргкамітэта Саюза савецкіх пісьменнікаў БССР яўрэйскі часопіс «Штэрн». Нельга не здзіўляцца, што такога мемарыяльнага знака яшчэ няма ў нас. Ён абавязкова павінен быць. Больш за тое, беларускі ідыш заслугоўвае сабе спецыяльнага музея кнігі на ідыш. Зразумела, не ад нашай беднай дзяржавы, у якой безліч дзірак. За гэтую высакародную справу павінна ўзяцца раскіданая па ўсім свеце беларуская яўрэйская супольнасць, сярод якой нямала і мільянераў. Верыцца, што да стварэння музея мовы ідыш далучацца дзеці, унукі, праўнукі і прапраўнукі, якія пакінулі Беларусь сто і болей гадоў таму.

Я чалавек зусім мала дасведчаны ў музейнай справе, але лічу вельмі карысным, прычым не толькі беларускім яўрэям, сабраць у адведзеным пад гэта будынку ўсю наяўную ў нас літаратуру на мове ідыш, нават і тую, што маюць дзяржаўныя бібліятэкі Рэспублікі Беларусь. З просьбай перадаць літаратуру на ідыш можна звярнуцца да яўрэяў усіх краінаў свету, і тыя з іх, што не збіраюцца следам за Беларуссю рабіць крокі па стварэнні музея ідыш, ахвотна падзеляцца напісанай на ім літаратурай, што надасць мінскаму музею ідыш калі не планетарны, дык еўрапейскі характар.

Дзякаваць богу, у Беларусі яшчэ не перавяліся тыя, хто можа не толькі чытаць і пісаць, перакладаць з ідышу, але і выкарыстоўваць яго ў якасці роднай мовы ў сваёй літаратурнай дзейнасці. З дапамогай такіх людзей можна агучыць найлепшыя літаратурныя творы на ідыш вядомых беларускіх яўрэйскіх майстроў прыгожага пісьменства. Іх, напэўна ж, захочуць пачуць як мясцовыя жыхары, так і замежныя турысты. Не выключана, што такая практыка вельмі паспрыяе іх колькаснаму росту. Вельмі пажадана агучванне сваіх твораў Феліксам Баторыным. Бо дзе гарантыя, што ў нас яшчэ з’явяцца яго паслядоўнікі? Пазітыўных зрухаў для ідышу я, напрыклад, не прадбачу, таму і неабходна закансерваваць яго ўсімі неабходнымі сродкамі. Лепшым з іх, несумненна, з’яўляецца музей кнігі на мове ідыш. Ён неабавязкова павінен размяшчацца ў Мінску, даволі добра забяспечаным рознага роду аб’ектамі мемарыяльнага прызначэння. У гэтых мэтах можна выбраць і першую сталіцу Вялікага Княства Літоўскага Наваградак, славуты сваёй гісторыяй.

Незалежна ад месца стварэння музея нам удасца адным стрэлам забіць не аднаго зайца. Папершае, аддамо заслужаную павагу тым, хто на нашай зямлі стагоддзямі не толькі размаўляў, але і ствараў літаратуру на ідыш і ў цэлым развіваў ідышскую культуру. Падругое, звернем увагу сусветнай цывілізацыі, прычым не толькі яе яўрэйскага складніка, на мэтазгоднасць правядзення канкрэтных захадаў па прытарможванні поўнага заняпаду, а ў лепшым выпадку і рэальнага выратавання ідышу ад смерці. Патрэцяе (і гэта асабліва важна для нашай амаль без уласнага этнанацыянальнага аблічча краіны), абудзім планетарны інтарэс да лёсу існых на сёння тых моваў Зямлі, якія не маюць светлай будучыні. Знікненне любой з іх не робіць аўтарытэту цывілізаванаму свету. І як бы хацелася, каб аб гэтым задумаліся нашыя ўлады, грамадства ў цэлым і штосьці практычнае пачалі рабіць па павышэнні сацыяльнай ролі беларускай мовы. За апошнія дваццаць гадоў такая роля апусцілася амаль да нулявой адзнакі. А вось музей мовы, культуры на ідыш можа і ў беларусаў абудзіць жаданне да прыняцця дзейсных захадаў па выратаванні роднага слова Бацькаўшчыны.

Леанід ЛЫЧ, г. Мінск

Крыніца: «Краязнаўчая газета», № 22 (711), чэрвень 2018 г.

Некалькі абзацаў у адказ

Удзячны паважанаму гісторыку з Нацыянальнай акадэміі навук, які памятае і даваенныя падзеі (чытаў фрагменты з яго мемуараў у «Народнай волі»), за зварот да тэмы. Разам з тым, прапанова стварыць тутака асобны музей ідыша з апорай на выхадцаў з Беларусі, раскіданых па ўсім свеце, не падаецца мне рэалістычнай. Багата ўжо было культурніцкіх праектаў, разлічаных на замежнікаў-багатыроў, рэкламаваліся яны шумліва, а вынікі аказваліся сціплыя; узяць «Дом Вейцмана» ў Моталі, «Яўрэйскае мястэчка пад Мінскам»…

Бадай, сітуацыя зараз увогуле маласпрыяльная для размашыстых праектаў. Два гады таму я выступіў з ініцыятывай правесці сярод беларускіх яўрэяў сацыялагічнае даследаванне, а потым заснаваць у Пінску ці Бабруйску Цэнтр, або «Вышэйшыя курсы» ідыша… «І цішыня». Праўда, было колькі водгукаў ад шанаваных мною чытачоў, але не ад прадстаўнікоў тутэйшых яўрэйскіх суполак, без якіх нялёгка штосьці зрушыць з мёртвай кропкі. І тым больш – не ад мільянераў 🙂

Апрача ўсяго, стварэнне музея ідыша – калі ў Беларусі да яго ўсё ж дойдзе чарга – тоіць у сабе не толькі пазітыў, а і пэўную рызыку. Напрыклад, не хочацца, каб ідышныя кнігі з Нацыянальнай бібліятэкі былі перададзены ў іншую ўстанову; раз-пораз карыстаюся імі ў чытальных залах.

Арыентуюся найперш на «малыя справы» і спадзяюся, што пры дапамозе Беларускага фонду культуры будзе ўсё-такі даведзена да ладу справа з шыльдай у гонар часопіса «Штэрн». Ідэя мемарыяльнай дошкі высоўвалася светлай памяці Гіршам Рэлесам яшчэ ў 2003 г., але толькі ў 2017 г. я даў рады з абгрунтаванай даведкай пра часопіс. Як cёлета выявілася, Мінгарвыканкам не супраць памяткі на Рэвалюцыйнай, 2.

Ахвотных пазнаёміцца з дзейнасцю некамерцыйнай арганізацыі «Yiddish Book Center», якая пераводзiць кнігі (у тым ліку выдадзеныя ў Беларусі) у лічбавы фармат і змяшчае іх у адкрытым доступе, адрасую сюды: https://www.yiddishbookcenter.org У сеціве ёсць таксама групы аматараў мовы кшталту «Идиш – любовь моя» (дарэчы, актывісты названай групы не раз абмяркоўвалі і публікацыі беларускix аўтараў з belisrael.info).

І апошняе. Не сказаў бы, што яўрэі на беларускіх землях цікавіліся выключна літаратурай на ідышы; таксама і той, што на «лошн-кейдэш» (г. зн. на cтаражытнаяўрэйскай, з якой вырас сучасны ізраільскі іўрыт). Напрыклад, ураджэнец Койданава Абрам Рэйзен (1876–1953) згадвае пра сваё юнацтва: «мястэчка знаходзілася за 50 міль ад Менска, дзе жыло некалькі знакамітых пісьменнікаў (праўда, большасць з іх пісала на іўрыце)». Іўрыцкія вершы паралельна з ідышнымі пісаў і бацька А. Рэйзена Калман. Пазней гэткае ж дзвюхмоўе ў творчасці было ўласцівае паэту Элю Савікоўскаму (1893, м. Палонка – 1959, Мінск).

Вольф Рубінчык, перакладчык

 

Ідыш у газеце «Анахну кан» (Мінск, 2002) і бюлетэні «Мы яшчэ тут!» (Мінск, 2008)

Ад рэд. belisrael.info. Запрашаем чытачоў выказвацца наконт прапаноў прафесара Леаніда Лыча, можна і тут: https://www.facebook.com/aar.sh.7503

Апублiкавана 22.06.2018  00:22 

Водгукі чытачоў:

Якаў Гутман (прэзідэнт «Сусветнага згуртавання беларускіх габрэяў»): «Ідэя някепская. На жаль, я не ведаю, хто за гэта возьмецца».

Віктар Жыбуль (кандыдат філалагічных навук, супрацоўнік БДАМЛМ): «Сама па сабе ідэя стварэння музея культуры ідыш – даволі сімпатычная, але, здаецца, малаажыццяўляльная. Проста бібліятэкі і архівы не маюць права нічога перадаваць на пастаяннае карыстанне ў іншыя ўстановы – хіба толькі ў выключных выпадках па абмене фондамі. А ці адгукнуцца прыватныя ўладальнікі выданняў на ідыш – невядома… Усталяванне мемарыяльнай шыльды – справа напраўду больш здзяйсняльная. Хоць сама па сабе “культура шыльдаў”, калі так можна сказаць, у нас пакуль яшчэ на даволі невялічкім узроўні».

Дадана 22.06.2018  16:29

Яшчэ водгукi:

Барыс Лахман: Трэба. Muz zayn.
Cяргей Спарыш: Патрэбны, без варыянтаў.

ЯШЧЭ ПРА НАТАНА ВОРАНАВА

У дадатак да эсэ Андрэя Дубініна прапануем урыўкі з біяграфічнага нарыса, падрыхтаванага Наталляй Сяліцкай для ўкладзенага ёю зборніка «Натан Воранаў» (Мінск: Беларусь, 2016).

Вокладка трохмоўнага зборніка (96 c., 600 экз.), які дзенідзе яшчэ можна набыць у сталіцы Беларусі

* * *

Творчасць Натана Воранава, выдатнага савецкага жывапісца, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР (1966), дацэнта кафедры малюнка і жывапісу Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (1970), займае годнае месца ў нацыянальным мастацтве ХХ стагоддзя. За сваё яркае жыццё майстрам былі створаны дзіўныя па прыгажосці і выразнасці мастацкай мовы творы, якія адрозніваюцца жанравай і тэматычнай разнастайнасцю.

Натан Майсеевіч Воранаў (1916–1978) нарадзіўся ў Магілёве. У сям’і Майсея і Соф’і раслі яшчэ двое сыноў – старэйшы Аарон і малодшы Веньямін. Бацька быў мастаком і выкладаў у мясцовай мастацкай школе. Відавочна, што творчая атмасфера, у якой рос маленькі Натан, паўплывала ў далейшым на яго жаданне прафесійна займацца мастацтвам.

Да 1953 года на тэрыторыі Беларусі галоўнай навучвальнай установай па прафесійнай падрыхтоўцы мастакоў быў Віцебскі мастацкі тэхнікум. Менавіта туды ў 1931 годзе паступіў Натан і правучыўся там да 1934 года. Яго настаўнікамі сталі знакамітыя Іван Ахрэмчык і Фёдар Фогт. Затым на працягу года Н. Воранаў выкладаў жывапіс і малюнак у школах № 3 і № 20 у Магілёве. У 1934 годзе быў уведзены IV курс навучання ў Віцебску, і мастак працягнуў вучобу. Ужо ў тэхнікуме ён праявіў сябе як выдатны вучань… Пра гэта сведчыць і той факт, што ўжо з 1933 года малады мастак стаў прымаць удзел у выставах.

У 1935 годзе Н. Воранаў у ліку лепшых вучняў быў накіраваны на вучобу ў Ленінград у Інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Я. Рэпіна. Яму пашчасціла паступіць у майстэрню выдатнага савецкага мастака і таленавітага педагога Аляксандра Асмёркіна, які выхаваў некалькі пакаленняў студэнтаў у лепшых традыцыях рускага і заходняга мастацтва. У 1941 годзе ў гэтым інстытуце з поспехам прайшла персанальная выстава Натана Майсеевіча. Гэта быў апошні курс перад дыпломам. Летам малады чалавек павінен быў ехаць на мастацкую практыку ў Карпаты.

Аднак 22 чэрвеня 1941 года пачалася Вялікая Айчынная вайна. У гэты час Н. Воранаў знаходзіўся дома на вакацыях у сваіх бацькоў у Магілёве. Нягледзячы на тое, што студэнт меў права заставацца ў Ленінградзе да заканчэння вучобы, ён прыняў іншае рашэнне. Пасля караткачасовай падрыхтоўкі ў 3-м артылерыйскім вучылішчы (г. Кастрама) Н. Воранаў добраахвотнікам пайшоў на фронт. Маючы магчымасць пазбегнуць страшнай долі ваенных гадоў, ён абраў самы, мабыць, складаны, але годны шлях. Натан Майсеевіч быў з ліку тых беларускіх мастакоў, якія добраахвотна аддалі перавагу зброі замест пэндзляў і палітры. Сярод іх – і майстры, і тыя, хто ў будучым зойме годнае месца ў нацыянальным мастацтве. Дастаткова ўспомніць Б. Аракчэева, А. Бархаткова, Г. Бржазоўскага, В. Вярсоцкага, П. Гаўрыленку, А. Глебава, В. Грамыку, П. Данелію, І. Дмухайлу, С. Каткова, А. Кроля, П. Крохалева, С. Лі, А. Малішэўскага, П. Масленікава, А. Мазалёва, М. Манасзона, М. Савіцкага, У. Сухаверхава, Л. Шчамялёва і многіх іншых – людзей, для якіх свабода краіны cтала сінонімам уласнай свабоды.

Натан Воранаў прайшоў праз усю вайну. У свае няпоўныя 30 гадоў ён камандаваў батарэяй 45-міліметровых процітанкавых гармат на Паўднёва-Заходнім фронце (1942), пазней быў камандзірам узвода разведкі 77-га артылерыйскага палка 248-й стралковай дывізіі на 4-м Украінскім фронце. Тройчы ён знаходзіўся на мяжы фізічнай смерці: аднойчы асколак міны нават прайшоў у міліметры ад сэрца. У другі раз, ужо ў лютым 1945 года, калі Перамога была зусім блізкай, асколкі варожай міны трапілі ў вочы будучаму жывапісцу, на некаторы час пазбавіўшы яго самага важнага для мастака – зроку. У сям’і мастака – у двух унукаў, Паўла і Уладзіміра Кандрусевічаў, таленавітых беларускіх жывапісцаў, – да гэтага часу беражліва захоўваюцца франтавыя лісты дзеда. Гэта як памяць пра гісторыю тых страшных падзей… Літаральна за некалькі дзён да бяды Н. Воранаў напісаў сваім бацькам: «Болей за ўсё крыўдна, што даводзіцца таптацца на месцы ў той час, калі … пабрацімы падлічваюць ужо, колькі засталося кіламетраў да Берліна…» (Бойка, У. А. Беларуская палітра дваццатага стагоддзя. Мінск: Вышэйшая школа, 1976. С. 98).

 

Адзін з узнагародных лістоў на Н. М. Воранава. Крыніца: podvignaroda.ru

Магчыма, гэты факт з біяграфіі мастака шмат у чым вызначыў асаблівасці далейшай творчасці Н. Воранава. На час аслепнуўшы, мастак мроіў аб… колеры! Чалавечая псіхіка ўладкавана такім чынам, што, толькі калі пазбавішся чагосьці вельмі важнага ў жыцці, пачынаеш гэта па-сапраўднаму цаніць. Знаходзячыся ўжо ў ленінградскім шпіталі, прыкаваны да ложка, Натан Майсеевіч успамінаў, як у 1941 годзе на вакацыях у бацькоў ён пісаў букет бэзу ў простай вазе. У яго памяці адбілася, як у залежнасці ад асвятлення змянялася колеравая палітра гэтага немудрагелістага нацюрморта. Варта было камусьці адчыніць дзверы ў пакой – і блікі клаліся на прадметы ўжо зусім па-іншаму, мяняўся каларыт з халоднага на залаціста-бэжавы… Яшчэ прыгадваліся ўступныя экзамены ў Віцебскі мастацкі тэхнікум, калі «строгі і прыдзірлівы» Ф. А. Фогт правяраў у абітурыентаў успрыманне колеру з дапамогай самаробнага альбома, старонкі якога ва ўспамінах мастака нагадвалі мудрагелістую вясёлку… Мастак пасля створыць мноства выдатных карцін, разнастайных па тэматыцы і кампазіцыйным вырашэнні, якія сталі класікай нацыянальнага мастацтва, але, будучы аднойчы агорнуты поўнай цемрай і цудам вярнуўшыся з яе, ён на працягу ўсяго жыцця стане ўслаўляць прыгажосць свету матэрыяльнага, азоранага разнастайнасцю колеру ва ўсёй яго паўнаце. Колер назаўжды зойме галоўнае месца ў яго творчасці.

У ваенныя гады Натан Воранаў рабіў графічныя замалёўкі аднапалчан і тых месцаў, дзе ён ваяваў. Але ўсё роўна ён марыў пра жывапіс, паўнакроўны, шматколерны, важкі… Неўзабаве пасля доўгачаканай Вялікай Перамогі мастаку ўдалося дастаць у шпіталі фарбы і палатно. Сваім родным ён паведаміць: «…Пішу партрэт… Гэта ўпершыню алеем пасля букета бэзу ў Магілёве ў 41-м…» (Там жа, с. 100).

Ужо ў 1946 годзе Н. Воранаў дэмабілізаваўся з Савецкай Арміі. За заслугі перад Айчынай ён быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі (май, 1944), ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені (люты, 1945), медалём «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.» (1945) і яшчэ шэрагам урадавых узнагарод. Выканаўшы свой грамадзянскі абавязак, Натан Майсеевіч цалкам паглыбіўся ў любімы і жаданы свет мастацтва.

У 1948 годзе Натан Воранаў паспяхова скончыў Інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Я. Рэпіна, напісаўшы дыпломную шматфігурную кампазіцыю «Рэйд Каўпака». Яго настаўнікам быў легендарны А. Асмёркін, які даў добры старт маладому мастаку. У свой час Аляксандр Аляксандравіч з’яўляўся актыўным удзельнікам выстаў знакамітага аб’яднанн «Бубновы валет». На яго творчасць моцны ўплыў зрабілі французскі фавізм і кубізм, а таксама мастацкая спадчына Поля Сезана. З часам Натан Майсеевіч шмат у чым пераняў педагагічнае майстэрства А. Асмёркіна і яго любоў да авангарду пачатку ХХ стагоддзя.

Прыехаўшы ў Мінск у канцы 1940-х гадоў, Н. Воранаў упэўнена заявіў пра сябе як пра высокапрафесійнага мастака і вельмі хутка заслужыў прызнанне гледачоў і павагу калег (…) Ён быў верны ідэалам свайго часу і прытрымліваўся ў творчасці асноўных догмаў сацыялістычнага рэалізму – адзінага тады дапушчальнага стылю ў афіцыйным мастацтве. За тры дзесяцігоддзі творчага шляху жывапісцам было створана нямала карцін на гісторыка-рэвалюцыйную і ваенную тэму, напісаны партрэты сучаснікаў, індустрыяльныя і лірычныя пейзажы, нацюрморты. Пра гэтым сюжэтна-тэматычная карціна заставалася для майстра прыярытэтнай. Аднак творчасць Натана Майсеевіча выходзіла за рамкі гэтага метаду. Захоўваючы ідэалагічную аснову афіцыйнага мастацтва, у жывапісна-пластычным вырашэнні сваіх карцін ён творча пераасэнсоўвае спадчыну імпрэсіянізму, а таксама постімпрэсіянізму і фавізму. Такое спалучэнне розных мастацкіх традыцый і бясспрэчнага таленту каларыста робіць асабліва прывабнай творчасць мастака і для сучаснага гледача. (…)

 

Н. Воранаў, «Аўтапартрэт з дачкой», 1956 г. (крыніца: voronov.by); афіша выставы 2016 г. у Нацыянальным мастацкім музеі

У апошні год свайго жыцця Натан Воранаў моцна хварэў. Ён пайшоў з жыцця на 62-м годзе, у самым росквіце творчых сіл. Да канца сваіх дзён мастак не пераставаў тварыць. Занятак жывапісам для яго быў падобны да натуральнай чалавечай патрэбы дыхаць.

Творы Натана Воранава знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага мастацтва г. Мінска (цяпер Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў), фондах Беларускага саюза мастакоў, у Музеі гісторыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, прыватных калекцыях Беларусі і замежных краін.

Апублiкавана 07.05.2018  01:46

Андрэй Дубінін пра Натана Воранава

Натан Воранаў. Партрэт (эцюд)

Піша мастак Андрэй Дубінін (яго нядаўняе эсэ пра М. Данцыга чытайце тут)

“Верасень. Сланечнікі”, 1973 г., 168х80 см, палатно, алей.

Калі праглядаеш рэпрадукцыі карцін Натана Воранава (на ягоным сайце, зробленым унукамі-мастакамі), то адразу бачыш дзве лініі ў яго творчасці – “грамадска-палітычную” і прыватную, камерна-інтымную.

“Рэйд Каўпака”, 1948 г., 108х180 см, палатно, алей; “Па даручэнні ленінскага ЦК РКП(б). Мінск, 1919”, 1954 г., 193х330 см, палатно, алей.

“Раніца ў кастрычніку”, 1957 г., 130х177 см, палатно, алей; “Сталінградскія будаўнікі ў гасцях у мінчан” (у сааўтарстве з Я. Зайцавым і Ф. Дарашэвічам), 1951 г., 250х379 см, палатно, алей.

Паміж гэтымі дзвюма серыямі твораў, здаецца, далёкімі адна ад другой, паставім такую заўвагу, якая павінна выконваць ролю злучніка “і” — спалучальнага і раздзяляльнага адначасова. Калі тэматычна яны вельмі адрозныя, то кропкай іх яднання ёсць, безумоўна, жывапіс. І тут неабходная такая заўвага-максіма – тэма ў мастацтве нічога не вырашае, яна цалкам нейтральная ў адносінах да самога факта мастацтва. Прыгадаем выраз Стафана Малармэ: “Вершы ствараюцца не з думак і нават не з эмоцый, а са словаў” (з мазкоў фарбы ў нашым выпадку). Сюжэт добрай карціны – гэта рух яе колеравай, жывапіснай масы.

Цікава назіраць, як свядомы камуністычны рамантык у партыйнай замове спрабуе намацаць уласны імпульс, а сапраўдны жывапісец у ім адвяргае тэму праз распушчанне яе ў чыстым жывапісе. Амаль любы яго так званы “партыйны” твор можна парэзаць на кавалкі, уставіць у рамы – і гэта будзе змястоўны кавалак дабротлівага жывапісу. Як па Гегелю – барацьба і адзінства проціпалажэнняў.

Да вясны. Сяброўкі”, 1967 г., палатно, алей, 78х100 см; “Роздум”, палатно, алей, 87х126 см

“Партрэт Рамановіча Я. С.”, 1967 г., палатно, алей, 80х158 см

“У майстэрні мастака”, 1973 г., палатно, алей, 82х114 см; “Адчыненае акно. Вясна прыйшла”, 1978 г., палатно, алей, 107х147 см

Кожны пасмяротны юбілей, гадавіна, агаляе праблему – наколькі мастак і яго творчасць актуальныя, наколькі яны прайшлі выпрабаванне часам і перыядычнымі запамненнямі. Што каштоўнага ён можа адкрыць нам, сённяшнім. Я бы ўзяў эпіграфам да творчасці Натана Воранава (1916–1978) словы аднаго з савецкіх пісьменнікаў: “Куды лягчэй апісаць узлёт рэактыўнага самалёта, чым шэранькі імжлівы дзянёк у Падмаскоўі”. Воранаў якраз умеў пісаць імжлівы дзянёк, дзе жыццё раптам знаходзіць гармонію ва ўласнай будзённасці. Як жа акрэсліць ягонае мастацкае крэда? Як ацаніць партрэты, пейзажы і нацюрморты? У старыя партрэтныя формы, скампраметаваныя галерэямі савецкіх будаўнікоў камунізму, ён укладае якасна новы сэнс. Змяняючы асвятленне, ён змяняе прынцыпы працы з формай – не выяўляючы яе, а наадварот, дэфармуючы, “мажа” супраць анатоміі, супраць індывідуалізацыі, аднак знаходзячы ўсё гэта на якасна іншым узроўні. З мастацка-кампазіцыйнага пункту гледжання гэта дазваляе казаць аб некаторай метадалагічнай устаноўцы аўтара – “зняць” партрэтнасць, ссунуць акцэнт з фатаграфічна-біяграфічнай мэты пісання партрэта і замяніць яго працай з паверхняй палатна, паставіць чыста мастацкую задачу. Ён патрабавальны да формы, што відаць у кампазіцыях партрэтаў, амаль заўсёды “экс-цэнтрычных”, ссунутых, на ломцы шаблона. У гэтым сэнсе памкненні формы ў ягоных творах – адасяродкавыя (як і пазбягаючыя святла). Магчыма завершыць такім азначэннем, выводзячы яго з папярэдніх – ён увогуле “колерацэнтрычны”.

Жывапіс у працах Воранава – гэта рэакцыя на святло. Слова “рэакцыя” я разумею тут хутчэй як пераход да процілеглага стану, а “святло” – як тагачасную ўстаноўку на аптымізм ды бесканфліктнасць. Яго мастацкая цікаўнасць, інтарэс – “прыцемкавы” бок быцця. Прыцемкі ці слабое святло золка распушчаюць у сабе прадметы, грані формы, рысы твару. Аўтарская ўстаноўка “супраць святла” (літаральна “контражур”) – не проста метад працы, яна ўяўляе яго шкалу каштоўнасцяў. Сысці са святла ў паўзмрок, у сцень – у тыя часы азначала і свядомы сыход са сцэны – дзеля самазахавання, і не ў першую чаргу для захавання ў сабе мастацкасці.

Паглядзім на воранаўскія партрэты – сем з дзесяці, прадстаўленых на сайце, напісаны ў контражуры ці з асвятленнем, якое амаль не выяўляе твар. Падобнае бачым у нацюрмортах. Асабліва характэрны нацюрморт “Верасень. Сланечнікі” (1973). Я адчуваю ў гэтым кутнім, “праходным” нацюрморце аўтапартрэт Н. Воранава, таму я і паставіў яго на самым пачатку артыкула пад імем і прозвішчам мастака. Карціна амаль такога ж росту, як і сам мастак, вышыня нацюрморта – 168 см, цалкам “чалавечая”, так бы мовіць. Але сутнасным тут з’яўляецца кропка гледжання – з паўцемры, на нейкі завал сланечнікаў, і праз расчыненыя дзверы – на заліты сонцам дворык. Атрымаўся светла-ценевы (“к’яраскурны”) аксюмаран – сланечнікі (бо ад “сонца”) ў поцемках, у баку ад святла і свята жыцця. Гэта ж наўпрост партрэт душэўнага стану і жыццёвае крэда: будзень, быт, дом. Самым галоўным у жыцці зрабіліся – святасць быту, прыватнага жыцця, хатняга вогнішча. Гэта можна абазваць “прыватнай маёмасцю” ці прыватным скарбам мастака. І мы далёка зойдзем, разважаючы, якую душэўную працу прарабіў Н. М. Воранаў, прайшоўшы эвалюцыю ад камуністычнага рамантыка да “дробнага прыватніка”.

У кінематаграфіі існуюць прызы і прэміі за ролю другога плана, сярод іх ёсць адмысловы “Оскар” – за Performance by an Actor in a Supporting Roleперакладаецца як “роля другога плана”. Дакладны пераклад дае больш тэндэнцыі – “дапаможная роля”, роля, што якраз і дапамагае граць “каралёў ды каралеў”. Крыху з гісторыі братняй музы: напачатку акторы другога плана ўдзельнічалі ў конкурсе нароўні з выканаўцамі галоўных роляў. Асобны “Оскар” пачалі ўручаць за ролю другога плана з 1937 г. Такім “Оскарам” за свядомы выбар другапланнай пазіцыі ў жыцці і мастацтве мы б маглі адзначыць творчы наробак Натана Воранава. Заўважым, аднак, адбывалася гэта таксама і па той прычыне, што ён быў інтраверт і насіў свет у сабе. Можна сказаць, што мастак рэшта рэштаў слушна адчуў маштаб свайго таленту і змог прывесці яго ў згоду са сваім жыццём, а ў жывапісе здолеў знайсці сваю тэму і максімальна поўна яе сфармуляваць. З гэга і вынікае гармонія яго жывапіснага свету.

Яго творчасць можа быць адным з прыкладаў этычнага выхавання. Палітычныя “карцінкі” – рэч больш-менш спрэчная, а партрэт ці нацюрморт з “песымістычным інтэлігенцкім прыцемкам” вельмі ясна і проста дэманструюць перавагу над афіцыйнымі канонамі і схемамі. “Улада, дзяржаўны парадак часта павінны выконваць сумныя, крывавыя абавязкі, але ў паэта, дзякуй Богу, няма абавязку іх апяваць”, – напісаў Пётр Андрэевіч Вяземскі пасля чытання вершаў Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна “Паклёпнікам Расіі” і “Барадзінскія ўгодкі”. І як толькі стала магчымым, мастак цішком адышоў ад адпаведнай ідэалагізаванай тэматыкі да таго, да чаго сэрца ляжала.

Н. Воранаў з дачкой Марынай (фота з voronov.by)

У тыя часы, калі было адчуванне, што ўся старая культура спарахнела, аджыла сваё, што жывапісам займацца сорамна – рабіць “традыцыйныя” палотны, дзе адчувалася імпрэсіяністычная школа Асмёркіна – гэта значыла адчуваць, што культура тут і знаходзіцца.

“На прадвесні”, 1977 г., палатно, алей, 103х225 см

Проста жыццё часам здабывае гармонію ва ўласнай штодзённасці.

Апублiкавана 06.05.2018 16:46

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (71)

А зноў – шалом-здароў! Вечнае вяртанне да серыі № 70 скончылася вось чым. Я падумаў, што «Катлеты & мухі», серыял, які дэманструецца звыш 30 месяцаў (з жніўня 2015 года), трэба перафарматаваць. У ранейшых выпусках было (за)шмат усяго: успаміны, развагі пра мінулае і сучаснасць, анонсы, цытаткі, ідэйкі на грані ўтопій, жарцікі на грані сарказму, элементы палітычных даследаванняў і расследаванняў… Карацей, паліталагічныя скорагаворкі. Тое, што яны не ўсім чытачам падабаліся, – гэта натуральна, праблема ў тым, што і мне яны паступова надакучваюць. Ні Бялкоўскага, ні Навальнага, ні Гюнтэра Вальрафа, або, на крайні выпадак, Лёліка Ушкіна з мяне не выйшла (не вельмі-то хацелася :)). Між тым «праект» існуе і давёў сваё права на існаванне – кідаць яго шкада… Пакуль так: асноўную частку «Катлет…» будуць складаць мудрыя думкі розных прыкметных асоб, а палітсатыра і мае ўласныя меркаванні адступяць на задні план. Ну, сёння яшчэ трохі пазунзоню.

Then am I                                Жыву

A happy fly,                            ці паміраю я –

If I live,                                   Муха я

Or if I die.                                Шчаслівая.

(радкі з верша Уільяма Блэйка – я сам у шоку)

Тым часам зварот у адміністрацыю Фрунзенскага раёна сталіцы РБ даў нейкі плён…

 

Як было (у 2017 г.; гл. 38-ю серыю) і як стала (фота 17.04.2018). Слушна-такі «Bieruta».

Гуляючы па вуліцы Прытыцкага, жыццядайнай для Фрунзенскага раёна, агулам нямала цікавага можна пабачыць. Цешаць вока жыхароў і гасцей Каменнай Горкі рыбы, намаляваныя, няйначай, у чацвер.

Фота 2017 г.

Тут бы i наладзіць пікет у падтрымку Насці Рыбкі, якую крыўдзяць злыя чыноўнікі Тайланда, яны ж тайцы (не блытаць з Якавам Тайцам, слынным дзіцячым пісьменнікам, ураджэнцам нашай Смаргоні).

А вось абяцанкі-цацанкі 2014 года:

За плотам – дзялка плошчай звыш гектара, выглядае так:

Мінск, 17.04.2018

Няўжо і мы – «краіна фасадаў», як менаваў Расію маркіз Астольф дэ Кюстын? Рабяткі на казырным участку ля метро і самі не будуюць, і іншым каторы год не даюць – каму тое выгадна?

Дарэчы, звярніце ўвагу на вуліцу пад мілагучнай назвай «1-ая Раённая магістраль» – «скучно, девушки». Назвалі б у гонар Гервасія Вылівахі (героя славутай аповесці Уладзіміра Караткевіча «Ладдзя Роспачы»), як радзіў Саюз беларускіх пісьменнікаў!.. Дый ваш пакорлівы слуга ў 2015 г. прапанаваў два дзясяткі варыянтаў, каб увекавечыць у Мінску памяць знакамітых яўрэяў. Можа, ідэю і падтрымалі тутэйшыя гісторыкі з яўрэйскімі каранямі (адзін з іх пазіцыянуе сябе як «паўжыдак-паланафіл» :)), ды мне пра тое невядома.

Затое некаторым тутэйшым дужа спадабаўся дэмагагічны, a мо правакацыйны артыкул ізраільца Уладзіміра Бейдэра. Чаго варты наезд на «дзяржаўнага яўрэя» з Украіны, Іосіфа Зісельса: «яўрэй забіў Пятлюру – і вось вам усім Халакост… Зісельс падмацаваў хісткі тэзіс сваім сумленным яўрэйскім імем у сваім статусе на асабістай старонцы ў “Фэйсбуку”». Далей робіцца выснова, што такія, як Зісельс, дапамагаюць апраўдваць забойцаў з ліку ўкраінскіх нацыяналістаў.

І. З. мне, як кажуць, не сват і не брат, хоць аднойчы я паціскаў яму руку (не шкадую). На самай справе год таму ён напісаў наступнае: «Па заканчэнні сімпозіума “Шоа ва Ўкраіне” мы пагулялі па Парыжы і зайшлі павячэраць у рэстаран на вуліцы Расіна. На выхадзе з гэтага рэстарана звыш 90 гадоў таму Самуіл Шварцбард 25 мая 1926 года застрэліў Сімона Пятлюру. Калі мы кажам, што “ўсе яўрэі адказныя адзін за другога”, ці маем мы на ўвазе і гэты выпадак? А калі маем, то ці ўсведамляем, што ў шэрагу многіх іншых прычын гэтае забойства праклала гістарычны шлях да Шоа?»

Не прыкмеціў тут апраўдання забойстваў 1941-га і наступных гадоў, а бачу філасофскія развагі пра калектыўную адказнасць, з’яву, што існуе ў свеце, хочам таго або не. Насамрэч, самасуд, здзейснены Шварцбардам, пры знешняй «эфектнасці» і прывабнасці (яна дзейнічае дагэтуль – у 2013 г. некалькі ізраільцаў, выхадцаў з СССР, павесілі шыльду памяці «яўрэйскага героя» ў Гуш-Эцыёне), у рэшце рэшт паглыбіў раскол паміж яўрэямі і ўкраінцамі, выклікаў у некаторых паплечнікаў Пятлюры прагу помсты. Тым болей што Шварцбард, хоць і адседзеў не адзін месяц, фармальна пакараны французскім судом не быў. Яго баранілі многія яўрэйскія – і неяўрэйскія – грамадскія дзеячы.

Пра забойства Пятлюры ды яго наступствы я пісаў у далёкім ужо 2014-м. Крыху пазней Аляксандр Розенблюм – жыхар Арыэля, юрыст з велізарным стажам (працаваў у Барысаве) – прыслаў такі водгук: «Калі б судзіў Шварцбарда я і без удзелу прысяжных, то вынес бы абвінаваўчы прысуд, але ўлічыў бы, што ён заслугоўвае права на літасць… Самасуд – гэта бясспрэчнае злачынства (калі яно было здзейснена НЕ пад уплывам аффекту). Але пры ўдзеле прысяжных суд заўсёды звязаны вердыктам».

Тое, што Уладзімір Б. – вопытны журналіст, колішні намрэдактара газеты «Вести» і прадстаўнік часопіса «Огонёк» у Ізраілі – заняўся дэмагогіяй, абвінавачваючы людзей з іншымі поглядамі на мінулае ў баязлівасці ды здрадзе яўрэйству, не здзівіла. Усюдыісная вікіпедыя сведчыць, што ў жніўні 2014 г. ён «узначаліў аддзел тлумачальнай і агітацыйнай работы» партыі «Наш дом Ізраіль». Такім толькі й давяраць 🙂

Разам з тым шмат якія асаблівасці сітуацыі ва Украіне, у тым ліку няўменне (хутчэй, нежаданне) раскрыць забойствы Алеся Бузіны і Паўла Шарамета, ды не ў апошнюю чаргу – усхваленне адыёзных дзеячаў на дзяржаўным узроўні, дратуюць мяне. Бадай, згаджуся з расійскім даследчыкам Маркам Салоніным: «Калі б такія дзікія выбрыкі, як пераменаванне ў сталіцы Украіны праспекта Ватуціна ў праспект Шухевіча, адбываліся на фоне грандыёзнага дэмакратычнага абнаўлення грамадства, у “адным флаконе” з эканамічнай рэформай, люстрацыяй памагатых зрынутага крымінальна-карупцыйнага рэжыму, з ростам дабрабыту насельніцтва і чаргой з іншаземных буржуяў, якія спяшаюцца ўкласці мільярды ва ўкраінскую эканоміку, то можна было б казаць пра “непазбежныя перагіны ў ходзе рэвалюцыі”. Але нічога гэтага няма». Дзеля справядлівасці, валавы ўнутраны прадукт у суседзяў у 2016–2017 гг. стабільна рос на пару працэнтаў, ды пацешыліся з гэтага нямногія. Месца Украіны ў «Сусветным рэйтынгу шчасця» – у ніжняй частцы табліцы; то на 132-м, то на 138-м месцы. У 2018 г. на адзёр захварэла звыш 10000 украінцаў; міністэрства аховы здароўя канстатуе, што эпідэмія шчэ не пераможана.

У Беларусі праяў хваробы на парадкі меней, і ёсць доля здаровага глузду ў тым, што менавіта Мінск (своеасаблівая выспа бяспекі для замежнікаў) падаў заяўку на Сусветную шахматную алімпіяду. Праўда, прыняў паперы прадстаўнік групоўкі, што хацела б тэрміновай адстаўкі Ілюмжынава… Гэткая падача не гарантуе поспеху – а раптам хітрамудры Кірсан утрымаецца ў ФІДЭ на «троне», да якога прырос з сярэдзіны 1990-х, i «не знойдзе» тых папер?

Папраўдзе, мяне мерапрыемствы гэтай сусветнай арганізацыі ўжо інтрыгуюць мала, хто б ні апынуўся ля ейнага стырна. ФІДЭ канчаткова сябе дыскрэдытавала пасля чэмпіянатаў у Іране (люты 2017 г., з хіджабамі) і ў Саўдаўскай Аравіі (снежань 2017 г., без ізраільскіх шахматыстаў, якім у апошні момант адмовілі ва ўязных візах). Макропулас, намеснік і верагодны пераемнік Ілюмжынава, паведаміў у Мінску, што ў студзені 2018 г. правёў перамовы з ізраільскай шахматнай федэрацыяй, і яны пра-нешта-там дамовіліся. Выглядае, як і было прадказана, проста «забалбаталі» праблему, а пісьменна складзены іск мог бы пацягнуць за сабой кампенсацыю і/або штраф на мільёны долараў… І яшчэ кажуць, што яўрэі дужа практычныя 🙂

Першы віцэ-прэзідэнт ФІДЭ (трэці злева; побач з ім кароль саўдытаў) любіць блізкаўсходнія грошы не менш за Ілюмжынава. Фота з zimbio.com.

* * *

Цытаты, абяцаныя ў пачатку серыі. Гэтым разам пераклаў з рускай; калі камусьці ахвота cустрэць у «Катлетах & мухах» мудрыя і актуальныя думкі франка- або англамоўных аўтараў, дасылайце… Мяркую, з іх рэтрансляцыяй па-беларуску неяк спраўлюся.

* * *

Як і ўсе з’явы, дэмакратыя мае свае заганы. Урады, якія выбіраюцца на кароткі тэрмін, зацікаўлены ў здабыцці неадкладнай выгады. Так кароткатэрміновы арэндатар імкнецца выціснуць максімум сёння, не думаючы пра заўтрашні дзень. Усеагульнае выбарчае права забяспечвае такі ўрад, які задавальняе сярэдні інтэлектуальны ўзровень насельніцтва. Аднак натоўп у сярэднім неразумны і недальнабачны. Сёння дэмакратыям выгадна гандляваць з таталітарыстамі. Заўтра апошнія мабілізуюць усю набытую тэхналогію для вайны супраць дэмакратый. Але сённяшнія дэмакратычныя ўрады к таму часу ўжо зменяцца. Яны спяшаюцца развязваць свае праблемы, а не праблемы будучых урадаў…

Таталітарныя блокі маналітныя. Дэмакратычныя – пакутуюць на друзласць. І пачынаецца канкурэнцыя паміж заходнімі краінамі: хто раней паспее прадаць бальшавікам сучасныя камп’ютары.

Звесткі пра канцлагеры замінаюць перамагаць у такіх спаборніцтвах, і лепей за ўсё заплюшчыць на канцлагеры вочы, зрабіць выгляд, што глядзіш і не бачыш.

А не бачыць немагчыма (Юрый Вудка, «Маскоўшчына», 1984)

* * *

Дэмакратыя не гарантуе грамадзянам, што яны зажывуць лепей, але дазваляе знізіць рызыкі таго, што ва ўмовах аўтарытарных рэжымаў яны будуць цярпець ад свавольства карумпаваных кіраўнікоў, не маючы магчымасцей для мірнай змены ўлады. Але змена рэжыму з адмовай ад аўтарытарызму – складаны і балючы працэс. Праблемы і рызыкі, звязаныя са зменай палітычных рэжымаў, дастаткова сур’ёзныя, і яны звязаны не столькі з дэмакратызацыяй як такой, як з тым, што пабудова дэмакратыі – гэта толькі адзін з магчымых вынікаў працэса, і вынік далёка не абавязковы (Уладзімір Гельман, «З агню ды ў полымя», 2013)

* * *

Інфармацыяй свет завалены. Ад такога хлуду, як інфармацыя, на планеце проста няма куды дзявацца. 90% таго, што гаворыцца і пішацца – поўная бязглуздзіца (Аляксандр Зіноўеў, 03.04.2006)

* * *

Мы валодаем лішкам інфармацыі або, дакладней кажучы, валодаем тым узроўнем інфармаванасці, які ў ранейшыя эпохі быў прывілеем людзей, якія прымалі рашэнні… Калі зусім проста сфармуляваць, то мы з вамі валодаем ведамі, як арыстакратыя, а паўнамоцтваў яе не маем… Вы не адмовіцеся ад спажывання інфармацыі, вам прыйдзецца вучыцца з гэтай інфармацыяй працаваць (Кацярына Шульман, 17.04.2018).

* * *

Непрыемнае адрозненне сучасных грамадстваў ад санаторыяў для псіхічна хворых палягае ў тым, што з псіхсанаторыя ўсё ж можна аднойчы выйсці. Пакінуць жа грамадства можна, толькі ўцёкшы ў іншае, практычна ідэнтычнае грамадства (Эдуард Лімонаў, «Дысцыплінарны санаторый», 1986–1993)

* * *

Паняцце траўмы стала чымсьці, пра што ў ЗША гавораць кожны дзень ва ўніверсітэцкіх кампусах і газетах. Ідэя пра тое, што пачуць процілеглую пазіцыю – гэта не проста прыкра, а траўматычна, фізічна шкодна, зрабілася агульным месцам для многіх. Я б назваў гэты працэс медыкалізацыяй публічнай сферы. Калі раней можна было адкрыта разважаць пра некаторыя ідэі, прызнаючы пры гэтым, што яны небяспечныя, то цяпер іх трэба рэгуляваць у медычным ключы. І гэты фенамен я лічу насамрэч трывожным (Роджэр Беркавіц, сакавік 2018).

* * *

І пад канец – інфа пра ўдзел майго суразмоўцы і сааўтара ў мінскай выставе «Код: 25.03.18», прысвечанай, як няцяжка здагадацца, стагоддзю Беларускай народнай рэспублікі. Урывак з артыкула Пётры Васілеўскага (газета «Культура»): «Асобна хачу сказаць пра жывапіс Андрэя Дубініна. Гэты творца не захацеў выстаўляцца на такой выставе з чымсьці ўжо вядомым, і таму за кароткі час зрабіў паўнавартасны жывапісны твор (гл. вышэй – В. Р.). У сваім палатне “Звеставанне” мастак звярнуўся да біблійнай вобразнасці, якой вельмі пасуе ўпадабаная ім рэнесансная стылістыка…»

***

Вольф Рубінчык, г. Мінск

wrubinchyk[at]gmail.com

19.04.2018

Апублiкавана 20.04.2018  02:03

Кароткі змест папярэдніх дзесяці серый

№ 70j (10.04.2018). Пра тое, чаму варта ганарыцца заснаваннем БНР. Даследаванне цэнтра П’ю аб антысемітызме. Латэнтная юдафобія ў Беларусі. “Халодная вайна” як небяспечны для краіны і яўрэяў фактар. Лёс ізраільска-беларускага праекта ў Белаазёрску. Развіццё ідэі пра манархію ў Беларусі – яе можна абвясціць на частцы тэрыторыі Мінска. Заяўка Беларускай федэрацыі шахмат на правядзенне алімпіяды ў Мінску. Запрашэнне ў родны горад Б. Гельфанда. Пажаданні Р. Васілевіча, каб юрысты лепей ведалі беларускую мову (манілаўшчына). Збор інфармацыі пра “дармаедаў” як наступ на таямніцу прыватнага жыцця. Ідэя надання вуліцы ў Быцені імя Цыўі Любеткінай, падтрымка ідэі. Арганізацыя як больш эфектыўны спосаб бараніць свае інтарэсы.

№ 70i (03.04.2018). Паслясмак ад “Дня волі”. Думкі Змітра Сляповіча пра родную Беларусь. Святкаванне ў Нью-Ёрку. Правядзенне першага Сіянісцкага кангрэса як аналаг заснавання БНР. Сумнеўнасць праграмы свята ў Мінску. “Гістарычнае адкрыццё” ад tut.by. Пра тое, што ў палітыцы колькасць не пераходзіць у якасць. Затрыманне А. Карызны і думкі пра яго вартасць. Раздзьмуванне колькасці тых, хто прыйшоў на канцэрт 25 сакавіка. Графіці ў гонар БНР. Раздача аксесуараў. Замацаванне мяжы двух “апазіцыйных лагераў”. Зацягванне справы з мемарыяльнай дошкай на вул. Валадарскага, непрафесіяналізм “сіцідога”. Выхад кнігі купалаўскага верша “А хто там ідзе?” на розных мовах. Імпрэза ў музеі беларускай літаратуры, прысвечаная Т. Кляшторнаму і І. Харыку. Падрыхтоўка да рэферэндуму ў РБ, парада наўпрост спытацца ў народа, ці падтрымлівае ён ператварэнне рэспублікі ў манархію. Мемуары Ю. Бібілы. Скандал на сайце з “птушынай назвай”.

№ 70h (20.03.2018). “Выбары-дурыбары” ў Расіі. Непрадвызначанасць палітыкі ў Беларусі. Прапанова А. Кіштымава адмовіцца ад “расійскай лінейкі”. “Марш годнасці і волі” як варыянт святкавання 25 сакавіка. Заклікі М. Статкевіча і В. Сіўчыка. Скепсіс адносна “беларускіх нацыяналістаў”. Час апартуністаў у беларускім палітыкуме. Парада запрасіць на выступ у Дзень волі ідышамоўнага прамоўцу. Недаацэнка небяспекі ад Астравецкай АЭС. Прыклады таго, што этыка працы ў РБ кульгае. “Асобныя недахопы” на заводзе “БелДжы”. Няўменне дамовіцца з кітайскімі работнікамі ў Светлагорску. Прапанова скласці даклад пра беларускае кіраўніцтва накшталт расійскага “Путин. Итоги. 2018”. Беларусь у “рэйтынгу шчасця”. Асаблівасці сацыяльнай рэкламы ў Мінску. Кліп ад спявачкі Shuga. Пазітывы ад Беларускага фонда культуры і часопіса “ПрайдзіСвет”.

№ 70g (13.03.2018). Узаемадачыненні беларусаў і яўрэяў паводле З. Бядулі. Яўрэі ў БНР (1918 г.). Слабасць новай рэспублікі, нейтральна-чакальная пазіцыя большасці беларускіх яўрэяў. Сцэнарый развіцця БНР пры ўмове большай яе легітымнасці. Недарэчнасць рэваншу кансерватараў, якія прэтэндуюць на спадчыну БНР. Сектанцтва сучаснага БНФ. Рэакцыя В. Вячоркі на сцёбны кліп пра 8 сакавіка з удзелам Галыгіна і Шнурава, годныя адказы. Заклік зрабіць нешта лепшае. Расчараванне ў П. Усаве як аналітыку.

№ 70f (09.03.2018). Канфлікт у аргкамітэце “Дня Волі”. Неадэкватныя паводзіны “Белсату”, інсінуацыі “Нашай Нівы”. Прагнозы адносна 25 сакавіка. Параўнанне Статкевіча з Казуліным. Запланаванае святкаванне 100-гадовага юбілею БНР у Ашдодзе. Жаночы забег “Beauty Run” у Мінску, асвятленне яго ў СМІ, перабольшанне колькасці ўдзельніц. Як сілавікі трапілі ў палітбізнэс. Сустрэча Ул. Макея з прадстаўнікамі “Амерыканскага яўрэйскага камітэта”. Насця Рыбка як Саламея Пільштынова нашых дзён. Юбілей Э. Севелы, неразуменне ягонай сатыры Б. Камянавым. Ю. Абрамовіч, 50-гадовы рэдактар газеты “Берега”.

№ 70e (01.03.2018). Выбары і кулінарныя інсталяцыі. Панікёрства П. Усава. Пра тое, як рэжым дзеліцца сферамі ўплыву. Заявы бізнэсмена Уладзіміра Хейфеца, выбранага ў Мінгарсавет. Пра “Малады фронт” і З. Дашкевіча. “Этнацыд” як няслушны дыягназ. Прыклады афармлення беларускамоўных дакументаў і ўменне чыноўнікаў размаўляць па-беларуску. Перапіска з Нацыянальным агенцтвам па турызму. Дзіўны пераклад роліка пра Беларусь на англійскую. Прага свабоды і салідарнасць як фактары, больш істотныя за мову. Спрэчныя выказванні М. Статкевіча і С. Алексіевіч. Экзатычная выстава ізраільскіх тэнісных ракетак у Палацы рэспублікі. Крэатывы пінчука Р. Цыперштэйна.

№ 70d (19.02.2018). Прысуд па справе “рэгнумаўцаў”, каментарый С. Шыптэнкі. Пасыл грамадству ад “сістэмы”. Аналіз А. Шрайбмана. Нежаданне палітызаванай публікі вырашаць канфлікты шляхам перамоў. Дэградацыя старой ідэалагічнай сістэмы. Прарэхі ў беларускай цэнзурнай сетцы. Меркаванне пра фільм “Смерць Сталіна” і абазнанасць “заходнікаў” у савецкай гісторыі. Дэсакралізацыя і шахматызацыя палітыкі як пажаданне. Кейс М. Казлова як кандыдата ў дэпутаты Мінгарсавета. Слабасці яго перадвыбарчай кампаніі, АГП увогуле. Развагі пра рэальныя праблемы. Кампанія “Народны рэферэндум”, якая ў 2015 г. скончылася пшыкам. Невыкананая абяцанка Нацыянальнага агенцтва па турызму. Вечар яўрэйскай музыкі “Шалом” у Вялікім тэатры.

№ 70c (01.02.2018). Пра тое, што “Вожык” будзе жыць. Традыцыя часопіса – тлумачыць народу, як яму весела жывецца. Кампанія “Уключы мазгі” і “велописеды”. Іронія “БелГазеты” ў бок абаронцаў сінагогі на Дзімітрава (2001 г.). Спрэчкі вакол беларускай вышэйшай адукацыі. Нежаданне рабіць фетыш з мовы. Прапанова стварыць незалежны ўніверсітэт па-за межамі Беларусі. Наезд на “рэгнумаўцаў” з боку БТ. Зайздрасць як магчымы матыў пераследу “Хартыі-97”. “Кодэкс карпаратыўнай этыкі” Полацкага ўніверсітэта. Агрэсіўны артыкул М. Стральца. Тлумачэнні Л. Казлова і Г. Кур’яновіч з выдавецтва “Арты-фекс”. Вывад пра некарэктнасць паводзін рэктара Полацкага ўніверсітэта. Планы абмежаваць дастаўку рэкламы ў паштовыя скрыні беларусаў. Прапанова ўзнагародзіць ініцыятараў Шнобелеўскай прэміяй.

№ 70b (21.01.2018). Пра вёску Парэчча, дзе ратавалі яўрэйскіх дзяцей у вайну, і памятнае мерапрыемства, запланаванае на 24.01.2018. Няўменне партала tut.by карэктна прадказаць надвор’е. Пратэст супраВць планаў заснаваць беларускамоўны ўніверсітэт, рэакцыя на пратэст. Паводзіны П. Якубовіча. Рэгістрацыя ўніверсітэта і слабыя месцы ТБМ. Версія паходжання прозвішча Рубінчык у газеце “Наша слова” і іншая версія. “Чорны піяр” з боку сайта “Телескоп”, паклёп на Я. Лёсіка. Глупствы “першай беларускай газеты”. Інфармацыйны шчыт пра валожынскую ешыву. Мінскі “Мур лямантаў”. Гукаперайманне ад міністра замежных спраў РБ. Кур’ёз на сайце “Эхо Москвы”. Назіранні за працэсам “рэгнумаўцаў”.

№ 70 (09.01.2018). Cтаўленне беларускай моладзі да сітуацыі ў краіне. Гатэнтоцкая мараль, выказванні ў бок падсудных “рэгнумаўцаў”. Абнаўленне мэблі ў офісе ТБМ. Спрэчныя расповеды пра вынікі 2017 года. Фальсіфікацыя Ю. Баранчыкам пазіцыі Д. Рабянка. Кніга М. Вольфа “Агонь і лютасць”. Заявы А. Лукашэнкі пра пасаду “ўпаўнаважанага”. Зніжэнне фінансавання для часопіса “Вожык”. Меркаванне пра гэты часопіс, а таксама пра “Новый Крокодил”, гумар у “БелГазете”, газеце “15 суток”. Прапанова ўнесці “Вожык” у спіс культурнай спадчыны чалавецтва. Пра мінскі часопіс “Космопорт”. Канцэрты да дня памяці ахвяр Халакосту.

Змест ранейшых серый гл. у №№ 60, 50, 40, 30, 20, 10.

Пра М.В. Данцыга (1930–2017). Ч.3

Першыя дзве часткі былі апублікаваныя пад канец сакавіка тут і тут. Яны выклікалі пэўны розгалас, асабліва другая. Зараз мы завяршаем цыкл, публікуючы дыялог іх аўтараў, палітолага Вольфа Рубінчыка і мастака Андрэя Дубініна (абодва – жыхары Мінска).

В. Р. Пачну гутарку на правах ініцыятара гэтага цыклу. Ты падзяліўся шэрагам эпізодаў, якія так ці іначай выяўляюць асобу Мая Вольфавіча Данцыга – шматгадовага выкладчыка Беларускай акадэміі мастацтваў (у 1980-х – мастацкага інстытута). Яго дачка Эла-Эсфір (насамрэч пляменніца – рэд. belisrael), якая з пачатку 1990-х жыве ў Амерыцы (Ella Esfir Gatov), палічыла такі падыход вартым увагі. Але як бы ты рэзюмаваў уражанні ад сустрэч з Маем Данцыгам – мастаком і педагогам?

А. Д. Ён быў незалежны ад чужых густаў – нават у эпоху «застою» на тое, што яму падабалася, мог сказаць, што падабаецца. Астатнія выкладчыкі-мастакі былі ў нас трошкі мляўкія, а ён умеў стварыць экзальтацыю ўнутры сябе.

В. Р. І табе, і мне Май Данцыг у свой час імкнуўся дапамагчы – можа, не заўсёды плённа, але мы захавалі да яго ўдзячнасць. І табе, і мне не даспадобы «сіропнае мастацтвазнаўства», калі народны мастак, ці там лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, апрыёры мае рацыю ва ўсім. Але ж іменна твой артыкул «Буйніцы і драбніцы» пацягнуў за сабой жвавую дыскусію ў інтэрнэце і крытыку – у прыватнасці, на фэйсбучнай старонцы рэдактара belisrael.info… Ты чакаў гэтага?

А. Д. Безумоўна. Я ж не прэтэндую на ісціну ў апошняй інстанцыі і толькі вітаю заўвагі, калі яны карэктныя па форме. Здаецца, усе мае апаненты паводзілі сябе карэктна.

В. Р. Напрыклад, Ася Абельская (Asya Abelsky, дачка мастака Хаіма Ліўшыца) адгукнулася так: «Аўтар, Андрэй Дубінін, спрабуе падняць занадта цяжкую вагу. Тэма Вялікай айчыннай вайны, асабліва партызанскай, вельмі нацыяналізавана (палітызавана? – В. Р.) ў Беларусі ў савецкі час. Тут мастак апынуўся ў палоне. Але нашто такую цудоўную працу, як “Сонечны дзень”, запіхваць у партызаны? І я зусім не згодная з тэзісам: “…выводзіць форму на мяжу згубы прадметнасці”. Па-мойму, якраз гэта Маю Данцыгу не ўласціва». Як па мне, то ты трапна даў зразумець, што дзяўчына на карціне «Сонечны дзень» (1966) асацыюецца з партызанкай – яна абвешана прышчэпкамі, нібыта патронамі 🙂

А. Д. Часцяком Май Вольфавіч празмерна захапляўся формай і памерамі. Відаць, у нейкі момант ён адчуў, што манументальная эпоха патрабуе адпаведнага вялікага фармату, і не знайшлося нікога, хто б яго адгаварыў. Што да ідэалагічнага «палону», то, у рэшце рэшт, мастак сам выбраў свой шлях – ад «святочных», у чымсьці незвычайных для БССР работ канца 1950-х – першай паловы 1960-х да…

М. Данцыг, «Ленінская “Искра”» (1970); «Трывога» (1971)

В. Р. …і да прымітыўных партрэтаў такіх партыйна-савецкіх дзеячоў, як Суслаў і Касыгін 🙁

А. Д. Большасць яго карцін я насамрэч не магу прыняць, і ягонае бачанне «Вялікай айчыннай» мне не блізкае. Вялікія мастакі таму і вялікія, што ва ўсе часы адчувалі не-гераічнасць любой вайны. Серыя афортаў «Les Misères et les Malheurs de la Guerre» Жака Кало ў перакладзе гучыць як «Пакуты і няшчасці вайны». Ён іх зрабіў у 1632–33 гг. Сваю серыю «Бедствы вайны» (гішп. «Los Desastres de la Guerra») з 82 гравюр амаль праз 200 год пасля Кало стварыў Франсіска Гойя (у перыяд між 1810 і 1820 гг.)…

Але, мяркую, не варта і клеймаваць Мая Данцыга за кан’юнктурнасць. Калі ад жывапісца застанецца нават пару карцін, гэта ўжо поспех. Сказаць нешта новае ў мастацтве вельмі цяжка, дый не гэта з’яўляецца задачай мастака. Ён не кажа «новае» – ён кажа тое, што не можа ў сабе ўтрымаць. Мастацтва – «рэч у сабе»… Пейзаж з мостам цераз чыгунку (1967) – шэдэўр, і ён застанецца. Данцыга лічу вялікай постаццю ў беларускім мастацтве.

В. Р. На данцыгавым пакаленні аб’ектыўна ляжаў (дый ляжыць) адбітак той вайны і адметнага выхавання, пра якое Барыс Грабеншчыкоў спяваў: «Нас учили не жить, / Нас учили умирать стоя»… Можа, таму М. Д. схіляўся да пошуку ворагаў і ў «яўрэйскім руху» канца ХХ стагоддзя? Дапаўняючы артыкул «Май Данцыг як яўрэйскі начальнік», прывяду хіба адну яго цытату з інтэрв’ю 1998 г., дзе гаворыцца пра Мінскае таварыства яўрэйскай культуры: «Ад самага пачатку мы ўзялі за правіла ўсімі сродкамі змагацца супраць экстрэмізму – як унутранага, так і вонкавага… Рознага кшталту выскачкам, людзям з неўтаймоўным славалюбствам і паталагічнай прагай улады мы паставілі надзейны заслон». Азіраючыся на падзеі 2001 г., калі МОЕК бясслаўна выселілі з дома па Інтэрнацыянальнай, 6, а Данцыг сышоў у адстаўку, зноў спашлюся на Грабеншчыкова: «По новым данным разведки, / Мы воевали сами с собой»…

А. Д. Пра ўдзел Данцыга ў гэтым руху ведаю менш. Да яго звярнуліся «інстанцыі», і ён адчуў, што падыходзіць да ролі «генеральнага сакратара МОЕКа»?

В. Р. Не толькі яўрэйскія актывісты 1980-х гадоў, а сам мастак пацвярджае, што ў 1988 г. так і было. Узяць тое самае інтэрв’ю газеце «Белоруссия» 1998 г.: «Перш чым я стаў на чале гэтай арганізацыі, са мной даволі шмат і сур’ёзна гутарылі ў ЦК КПБ і абкаме партыі».

А. Д. У пачатку 1990-х мы, мастакі-ідышысты, збіраліся на Інтэрнацыянальнай, але Данцыга там я рэдка бачыў. Да нас прыходзіла Ала Левіна – яна была ў захапленні, яна ў нас «закахалася». Ну, калі хор маладых хлопцаў выводзіць «Зог жэ, рэбеню», то, вядома… На пасяджэнні МОЕКа нас не запрашалі, мы былі пры суполцы «невядома хто». Апрача спеваў, мы наведвалі заняткі Гірша Рэлеса – была мара навучыцца размаўляць на ідышы. Праўда, мне здалося, што Рэлес не марыў нас навучыць, проста «адпрацоўваў нумар». Мы спадзяваліся, што ён будзе весці заняткі на ідышы, а ён вёў па-руску. Тыя цётачкі, якія прыходзілі да Рэлеса, ім, па-мойму, больш хацелася ў Вільню з’ездзіць, таму што гэта ўсё аплочвалася. Праўда, і ў Вільні курсы ідыша не заўсёды былі змястоўныя.

Вярнуся да гісторыі з мастацкай выставай у Мінску, якой прапаноўвалася даць гордую назву «Ад Марка да Мая». У інтэрнэце выказваліся думкі, што Ларыса Фінкельштэйн на радыё «Культура» памылілася, што такой назвы хацеў не сам Данцыг, а Юрый Хашчавацкі…

В. Р. Вядомы рэжысёр рана пакінуў МОЕК праз канфлікт з Данцыгам. Былы член праўлення пісаў у адкрытым лісце ад 20.01.1997, што далучыўся да таварыства ў 1988 г., але ўжо на другі год сышоў, бо пераканаўся: кіраўніцтва арганізацыі «займае згодніцкую пазіцыю»… Так што ў 1993 г. Ю. Х. наўрад ці мог бы выступіць з лозунгам «Ад Марка да Мая», а вось «почырк» мастака, самалюбнага аж да дзіцячай наіўнасці, я лёгка пазнаю.

А. Д. Да таго ж ёсць сведчанне мастацтвазнаўцы, апублікаванае ў мінскай газеце «Авив» (снежань 2002 г.) пры жыцці Мая Вольфавіча: «Менавіта сам Данцыг прыдумаў назваць выставу твораў мастакоў-яўрэяў двух стагоддзяў “Ад Марка Шагала да Мая Данцыга”».

В. Р. Так, рэдакцыя выдання Саюза беларускіх яўрэйскіх аб’яднанняў і абшчын, арганізацыі, дзе Данцыг, як і яго «правая рука» па МОЕКу Якаў Басін (у 2001 г. пераняў старшынства), займалі пасады віцэ-прэзідэнтаў, у гэтым выпадку не стала б напускаць «дым без агню». Спецыяльна праверыў – абвяржэння слоў Л. Фінкельштэйн у «Авиве» не было.

А. Д. Але справа ў іншым. Мне дагэтуль сумна ад таго, што ў савецкі час Данцыг быў «закрыты» для яўрэйскіх тэм, мала цікавіўся ўласнымі каранямі.

В. Р. А вось д-р Зіна Гімпелевіч, канадская даследчыца літаратуры (Zina Gimpelevich; эмігравала з Беларусі ў канцы 1970-х), піша, што «карані творчасці Данцыга лёгка прасочваюцца ў творчай інтэрнацыянальнай групе так званага французскага выяўленчага мастацтва… Крыху больш за траціну гэтага кірунку мадэрністаў былі выхадцамі з гістарычнай Беларусі. Большасць вучылася ў Пэна і ў Вільні, а меншасць – у Мінску… Дарэчы, у Данцыга дастаткова тыпова яўрэйскіх твараў, якія нагадваюць партрэты Юдовіна і Пэна, нават у “партызанскіх” работах». Што скажаш на гэта?

А. Д. Паважаю думку З. Гімпелевіч, але пагадзіцца з ёй цяжка. На маёй памяці Май Данцыг ніяк не вызначаўся як яўрэйскі мастак або яўрэйскі дзеяч – лічыў сябе «проста» мастаком, можа быць, савецкім… Яго майстэрня на вуліцы Сурганава знаходзілася акурат пад нашай, рэстаўратарскай, і ў 1980–1990-х гадах мы не раз перасякаліся. Амаль ніхто ў той час не насіў у Мінску маген-довід або, да прыкладу, кіпу, але можна было іначай праявіць сваю яўрэйскасць. Май Вольфавіч ніколі не спрабаваў пажартаваць з нейкімі яўрэйскімі слоўцамі, не ўстаўляў іх у гаворку. Падпяваць нам ніколі не браўся – толькі зрэдчас мог сказаць «Ребята, молодцы, а данк»… І «яўрэйскія матывы» ў падсавецкай творчасці Данцыга калі і прысутнічаюць, то вельмі імпліцытна. Пра нечаканы «алеф» у карціне з мостам я згадаў…

В. Р. Тым не менш трэба прызнаць, што ў постсавецкі час Май Данцыг не цураўся тых матываў. Звернемся да ягонай працы, апублікаванай на першай старонцы «Авива» за кастрычнік 1993 г. і прысвечанай ахвярам гета:

 

А. Д. Колькі дзідаў было зламана вакол «яўрэйскіх» палотнаў Міхася Савіцкага! Як бы да яго ні ставіліся, аднак мастак (ці не адзіны ў БССР пасля Лейзера Рана?) выразіў свае ідэі і ўяўленні аб гэтай праблеме. І мне надта не хапае вырашэння падобных тэм у творчасці Данцыга. Адна з няшматлікіх работ – графічны ліст, прысвечаны Мінскаму гета, для газеты «Авив». Экспрэсіўна скампанаваны краявід – будынкі гета, над якімі неба перакрэслена, пасечана калючым дротам, дзе калючкі можна прачытаць як замену зорнаму небу (які час – такія і «зорачкі»…) Незвычайна вялікі талес, як покрыўка, як пахавальны саван, як прадчуванне блізкага скону. І калі позірк трапляе на скрыпачку, што ляжыць долу, пачынаеш чуць шчымлівы напеў, «нігун эйл-молэ-рахамім» (памінальная малітва). Гэта ўдалы графічны твор, вельмі выразны сваёй лапідарнасцю, адсутнасцю колераў. Але ўсё адно вялікай лакунай у творчасці майстра я буду адчуваць адсутнасць вялікіх палотнаў па такіх тэмах, як «Мінская Яма», «Пагром», «Гета»… Мушу адразу дадаць, што, магчыма, большыя прэтэнзіі такога кшталту я б выказаў да беларускіх мастакоў-неяўрэяў. Лічу, што тут ёсць вялікая неагучаная, а можа, і неўсвядомленая праблема (замоўчванне трагедый нашых суайчыннікаў)…

В. Р. Тлусты дзякуй табе за размову! А паважаных чытачоў запрашаю яшчэ паглядзець, як газета «Авив» пісала пра М. Данцыга ў маі 2000 г. і кастрычніку 2005 г.

* * *

Іншыя меркаванні пра Мая Данцыга чытайце на нашым сайце тут

Апублiкавана 15.04.2018  00:50

***

Ella Esfir Gatov в израильско-белорусской группе в фейсбуке написала:

Мнения собеседников подчас так же далеки от истины, как утверждение, что М. Савицкий раскрывал ‘еврейскую тему’ в Белорусском искусстве, и, как тот факт, что я – дочь Мая Данцига. (16 апреля в 00:22)

От ред.: Элла – племянница Мая Данцига. (16.04.2018  01:24)

Ганкина Инесса: Интересный получился разговор про Мая Данцига и не только. Наша недавняя история, с ее судьбами, лицами и событиями нуждается в осмыслении. (16 апр. 04:16)

Asya Abelsky:

Замечательная статья, спасибо большое Аарон за публикацию. Надо признаться, что я во многом согласна с обоими в этом диалоге, ведь Май был другом моего отца и часто бывал у нас.
Вслед за А.Д. можно только повторить, что “если от живописца останется даже пару картин, это уже успех”.
И, как известно, уже многие работы Мая Данцига заняли достойное место в разных музеях мира.

Думаю А.Д., как никто лучше, знает, какой идеологический пресс испытывали художники этнические евреи. Можно сказать, что они были дважды “у времени в плену”.
Пейзаж “Мой город древний, молодой” Мая Данцига, где на переднем плане (хотя она в самом углу) знаменитая Холодная синагога, считаю полной реабилитацией.
Данцига заставляли убрать с картины Синагогу. К чести художника, он этого не сделал.

(16 апр. 08.13)

 

Пра М.В. Данцыга (1930–2017). Ч.2

Май Данцыг. Буйніцы і драбніцы.

Піша мастак Андрэй Дубінін

Блізкасць падзеяў часта робіць з драбніцаў буйніцы, якія перспектывай часу расстаўляюцца па сваіх месцах, і, адпаведна, наадварот.

* * *

Відаць, самая дасканалая з фармальнага пункту гледжання карціна Мая Данцыга – пейзаж «Мой Мінск», зроблены ім у 1967 г. (год святкавання 900-гадовага юбілею Мінска), вельмі выразны і запамінальны краявід Мінска. Дыяганальны скок моста, які чытаецца спінай самога Горада, што з гранічнай натугай трымае цяжар гісторыі (цагліны будынкаў розных часоў) і лёсу (цяжкое, суворае неба) і спрабуе нарэшце выпрастацца.

Колькі ні гляджу на гэты краявід, прыходзіць у галаву пластычны перагук з другой карцінай другога мастака – «Партрэт кампазітара Кара Караева» Таіра Салахава (нар. у 1928 г.). Я думаю, што М. Данцыг некалі быў вельмі ўражаны гэтым партрэтам – гэта перагукалася з яго тэмпераментам мастакоўскім і чалавечым па кантрастнасці колераў, па дынамізму кампазіцыі, уяўляю сабе, як ён любаваўся, прымружваў вочы, адкідаючы галаву ўбок ды назад.

Т. Салахаў, «Партрэт кампазітара Кара Караева» (1960); М. Данцыг, «Мой Мінск» (1967)

Ці не занадта рызыкоўнае гэтае збліжэнне? Фармальнае падабенства кампазіцыі для мяне відавочна, але гэта малое апраўданне, суб’ектыўнае. Час, калі напісаныя гэтыя творы – 1960 і 1967 гг. – час паслясталінскі. Дух часу знаходзіў сваё ўвасабленне ў розных творах, даходзячы да знаку, як у партрэце Кара Караева, дзе чорную паласу пераскоквае-пералятае белая дуга спадзеву, метафізіка часу надае такую моц і напругу партрэту, які я наогул прачытаў бы як Рэквіем перажытаму краінай, тое, што Шастаковіч выразіў Восьмай сімфоніяй. Гэткім разуменнем метафізікі формы я і аб’ядноўваю гэтыя карціны.

Яшчэ адна цікавая асацыяцыя – чалавеку, знаёмаму з альфабэтам ідыша або іўрыта павінна бачыцца першая літара «алэф» – אַ у фармальнай схеме кампазіцыі краявіду, як кажуць – ты яго ў дзверы, а ён у вакно. Гэта пра яўрэйскасць Данцыга, якую ён ніколі не акцэнтаваў.

* * *

Першае мае вочнае знаёмства з Маем Вольфавічам – гэта прагляд работ у тэатральна-мастацкім інстытуце (сённяшняй акадэміі мастацтваў), на першым курсе аддзялення станковага жывапісу. Першым заданнем першакурснікаў было напісанне нацюрморту. У маленькую майстэрню ўвалілася амаль ўся кафедра – загадчык, прафесары, выкладчыкі. Эцюды нацюрмортаў (падрыхтоўчыя эскізы) і самі нацюрморты былі расстаўленыя паўкругам да святла з вокнаў. Данцыг амаль адразу падыйшоў да майго маленькага эцюда і ўзяў у рукі, каб лепей разгледзець.

А. Дубінін, «Эцюд» (1981), палатно, алей, 43Х41 см

Кароткі дыялог:

– Чей этюд?

– Мой.

– Хороший этюд.

Гэта мяне надта суцешыла і падмацавала – самага малодшага і слабога ў групе. Але цікавейшая тут вельмі жывая, непасрэдная, амаль дзіцячая рэакцыя аўтарытэтнага мастака – здзівіцца карціне іншага, падыйсці ды палюбавацца. Такі незвычайны – да тактыльнага – кантакт з майстрам надта ўражваў, гэтым ён быў непадобны на іншых нашых выкладчыкаў. Праз гэта я навучыўся разумець і самі карціны мастака. Эцюд быў напісана экспрэсіўна, не пэндзлем, a вялікім мастыхінам, без загладжвання і шліфоўкі – да такіх дробных дэталяў, як рабіны ці перчыкі на снурку. Гэтая раскрытасць тэхнікі, што выводзіць форму на мяжу згубы прадметнасці – якраз уласціва была самому мастацкаму почырку Данцыга.

* * *

З якім смакам ён часам браўся «правіць» зробленае студэнтам – спінай і плячамі паводзіў, як бы пазначаючы і пашыраючы прастору вакол сябе, тады прасіў «папраўляемага» гусцей надавіць фарбы з цюбікаў, ды бялілаў паболей (нагадвала нейкі кулінарны працэс, дзе інгрэдыенты павінны быць прадстаўленымі з горкай). Выбіраўся найвялікшы пэндзаль, і Данцыг пачынаў «квасіць» і квэцаць фарбай па соннай карціне. Заварожвалі вітальнасць падзеі, відавочная асалода мастака ад нагрувашчвання тлустых слаёў фарбы – праз сваю вагу яна ледзь не зрывалася з паверхні палатна.

* * *

Ці можна сказаць нешта істотна важнае, каб атрымаць ключы да такой буйнай фігуры беларускага мастацтва, як Май Данцыг?

Дамінуючай тэмай яго твораў засталася вайна, дакладней, ВОВ – «Великая отечественная война».

М. Данцыг, «Партызанскае вяселле» (1968),

М. Данцыг, «Беларусь – маці партызанская» (1967)

М. Данцыг, «Партызанская балада» (1969); «Легенда пра Беларусь» (1974)

М. Данцыг, «І помніць свет уратаваны» (1985), 3,5х7м

Адразу працытую Валянціна Акудовіча: «Крытэрый вайны як Вялікай Айчыннай, значна звужае і проста-такі нахабна спрошчвае гэтую неверагодна трагічную падзею, зводзячы яе да аднамернага супрацьдзеяння: “свае” – “чужыя”. І ў дадатак надае вайне высокародны сэнс, якога ў яе не было і быць не магло.

Там, дзе вайна, там няма высакародства (па-за прыватна-канкрэтнай сітуацыяй). У бруд і ў кроў упэцкваюцца ўсе. Там, дзе вайна, там няма герояў і антыгерояў, ёсць толькі пакутнікі і ахвяры…

Вайна – гэта паганства, вайна – гэта вяртанне чалавека ў задушлівае лона першабога, жорсткага і помслівага».

Афорты Гойі з серыі «Бедствы вайны» (параўнайце назовы) паказваюць такое глыбіннае разуменне вайны. 200 год таму:

Ф. Гойя, ліст 18, «Хаваць і маўчаць»; ліст 30, «Ахвяры вайны»

Ф. Гойя, ліст 9, «Яны не хочуць»; ліст 5, «Яны зрабіліся, як дзікія звяры»

* * *

Час, у які фармаваўся Данцыг, завецца «Адліга» («оттепель»), гэта канец 1950-х – пачатак 60-х гадоў ХХ ст.

Прывяду думку Барыса Парамонава: «Не прынята казаць што-небудзь негатыўнае пра гэты час, які стаў апошнім савецкім міфам, – нават немагчыма. Аднак негатыўнае меркаванне немагчыма таму, што негатыву, як, зрэшты, і пазітыву, у гэтага часу не было. Самога гэтага часу не было. Гэта нейкая культурна-гістарычная пустата, нуль, прорва, хіатус. Пятнаццаць гадоў – з 1953 да 1968 – краіна існавала ў нейкім “междумирье” … Эпоха не мела ўласнага зместу – вось мой тэзіс. Я не хачу паўтараць агульнавядомае аб гэтых гадах, аб выкрыцці культу Сталіна і вызваленні палітвязняў. Гэта было, і гэта нямала; але, кажучы аб унутранай пустаце гэтай эпохі, я маю на ўвазе яе, як ні дзіўна гэта гучыць, ідэйную, то ёсць культурную, пустэчу. Калі не пустата, то ўжо сапраўды таптанне на месцы. І гэта таптанне выдавалася за “адраджэнне ленінскіх нормаў партыйнага і дзяржаўнага жыцця”. Вось гэта і было пустэчай і хлуснёй. Хлусня гэтых гадоў – у спробе рэстаўрацыі камуністычнага міфа, легенды пра добры камунізм. Чалавека з густам ванітуе ад выразу “дзеці XX з’езда”. І вядомыя падзеі сапраўды спрыялі ўзнікненню ілюзіі пра добры камунізм. Стала здавацца, што гэтая сістэма сапраўды здольная да нейкай эвалюцыі ў лепшы бок. Эпоха была не тым, за што яна сябе выдавала».

І гэтая оптыка, узятая Данцыгам (ды іншымі беларускімі мастакамі) для паказу «ВОВ» была сумнеўнай. Цэлы рэй мастакоў тае пары спаборнічалі ў свайго роду «гларыфікацыі» вайны – «нашай, народнай, справядлівай» і г.д. Ствараліся не карціны, што заглыбляюць тэму, а нейкія загалоўкі для перадавіцы «Партызанскае вяселле» – нешта накшталт «Партызаны Гомельшчыны адгулялі ўжо шостае вяселле, нягледзячы на рэжым акупацыі», ці «Новы ўраджай», дзе камбайнёры прынеслі сноп каласоў да абеліску з зоркай. Каб адчуць фальшывасць узятага тону, дастаткова ўявіць, што на абеліску напісана: «на гэтым месцы знішчана 2600 чалавек». І я не аб тым, што такое немагчыма, карціна ў першую чаргу – фармальныя сродкі магчымага. Толькі сродкі абраны не тыя, ілюстратыўная рыторыка на падставе аксюмарана – як іначай назваць «Партызанскае вяселле», каханне на вайне, такі «гарачы снег». Вось як можа выглядаць такі метад: ідзе мастак, чыстая душа, вострае вока, глядзіць – маладая, прыгожая дзяўчына развешвае бялізну сушыцца. Прышчэпкай сціскае сэрца ад харашосці, і карціна пішацца.

М. Данцыг, «Сонечны дзень» (1966)

Сюжэт выдатна адаптуецца для «партызанскай» тэмы – вязанку прышчэпак замяніць на кулямётную стужку, у куце паставіць кулямёт, і назваць: «Партизанские будни. Банный день в отряде». Але гэта па-за мастацкім метадам.

* * *

На аддзяленні станковага жывапісу ёсць такі прадмет – кампазіцыя. На занятках па кампазіцыі студэнт мусіць вучыцца «сачыняць» карціну. На 4-м курсе я перайшоў у майстэрню да прафесараў Крохалева і Данцыга. На першым жа занятку, нешта вымучыўшы на зададзеную тэму, я прынёс эскіз да Мая Вольфавіча. Ён, хутка зірнуўшы на аркуш, звычайным сваім бадзёрым тонам сказаў: «Андрей, подвигай фигуры!» Я быў агаломшаны – бо гэта не прафесійная размова, калі магчыма абмеркаванне выбудовы сюжэта, якімі кампазіцыйнымі сродкамі яго апрацоўваць і г.д. Засталося смутнае здзіўленне – а як жа мастак стварае свае вялізныя карціны, калі ён не можа даць рады з такой драбязой? Не хоча ці не ўмее?

Болей ніякіх сур’ёзных абмяркаванняў кампазіцыйнай працы ў нас на курсе не вялося, аж да заканчэння інстытута.

* * *

Анталагічная сувязь паміж кампазіцыямі Салахава і Данцыга такая ж, як, скажам, паміж гравюрай Гойі і «Гернікай» Пікаса. ХХ стагоддзе паказала, што бар’ер «індывідуума» як «не-дзялімага» (лац. Individere) пераадолены. Чалавек лёгка «падзяліўся» на скуру для абажураў, і ў гэтым жа стагоддзі «атам» – «не-разразальны» (гр. a-tomos «нярэзаны, някошаны») лёгка «разрэзаўся» ў ядзерным сінтэзе атамных выбухаў. Свет Дэмакрыта (з атамам у аснове) і гуманістаў Адраджэння (з індывідуумам у аснове) быў фізічна і філалагічна пераадолены.

Ф. Гойя, «Бедствы вайны», ліст 39, «Слаўны подзвіг!»

Ніжэй – яшчэ адна гравюра Гойі, выява таго, як звярынае перайшло бар’ер і пачало крышыць людзей. Побач я прывожу карціну «Герніка» П. Пікаса – яны для мяне вельмі блізкія, і не таму, што быў нейкі плагіят (я ўглядаю тут нават люстраную сіметрыю). Я думаю, гэта слушнае пачуццё вялікіх мастакоў дапамагае выяўленню сутнасці таго, што адбываецца. Бык, што ўвасабляе сабой жывёльнае, хтанічнае ў натуры чалавека, і аскепкі гэтага «недзялімага» – фрагменты «гуманнага» арганізма і гуманізму, вырашаныя жывапіснай тэхнікай ХХ ст. (кубізм).

Франсіска Гойя, ліст 21 з серыі «Таўрамахія», «Смерць алькальда з Тарэхона», 1815–1816

Пабла Пікаса, «Герніка», 1937

Прывяду некаторыя трактоўкі намаляванага на карціне «Герніка»:

«Мноства рознагалоссяў выклікала намаляваная ў левым верхнім куце карціны галава быка – гэта персанаж, які глядзіць на ўсё, што адбываецца вакол, абсалютна абыякава, яго погляд накіраваны ў нікуды. Ён не спачувае ўдзельнікам карціны, не можа зразумець усяго жаху таго, што адбываецца. Некаторыя мастацтвазнаўцы лічаць, што гэта ўвасабленне фашызму і ўсяго сусветнага зла. Менавіта быку конь, які знаходзіцца ў цэнтры, адрасуе свае апошнія «праклёны», але бык не заўважае яго, як і не заўважае ўсё, што адбываецца навокал. Іншыя даследчыкі, напрыклад Н. А. Дзмітрыева, мяркуюць, што бык сімвал глухаты, неразумення, няведання».

Гэта ўсё – не пра Гішпанію, і не пра партызанку ВОВ, іх родніць нешта больш глыбіннае. Той, хто чытаў «Дзённік пісьменніка», ведаюць, як шмат увагі надаў Дастаеўскі тагачасным турэцкім зверствам, накшталт здзірання скуры з палонных славян. Але вось што ён піша ў адным з раздзелаў «Дзённіка» ад лютага 1877 года:

«…калі не здзіраюць тут на Неўскім скуру з бацькоў на вачах у іх дзяцей, то хіба толькі выпадкова, так бы мовіць, па незалежных ад публікі абставінах, ну і, зразумела, таму яшчэ, што гарадавыя стаяць … словы мае я разумею літаральна … І вось пра гэта здзіранне я і сцвярджаю, што калі яго няма на Неўскім, то хіба выпадкова … і, галоўнае, таму, што пакуль яшчэ забаронена, а што за намі, можа быць, справа бы і не стала, нягледзячы на ўсю нашу цывілізацыю».

Па словах Б. М. Парамонава, «вось тут пачынаецца сапраўдны Дастаеўскі, сапраўдны, – калі ён ад пытанняў ідэалагічных і палітычных пераходзіць да пытанняў, так бы мовіць, антрапалагічных… Што меў на ўвазе Дастаеўскі, кажучы пра здзіранне скуры на Неўскім праспекце? Гаворка ішла аб цёмных глыбінях усякай чалавечай душы … Гэта не туркі на Балканах зверствуюць, а мы, – хоча сказаць Дастаеўскі: дакладней – мы і ёсць гэтыя самыя туркі… Дастаеўскі … ведае, што гэты ўнутраны турак – сам чалавек, паднаготная яго, яго псіхалагічнае падполле. А ўжо хто знаўся на падполлі лепей за Дастаеўскага!»

Ф. Гойя, «Шабаш», 1821–1823 гг.

Вось гэта і ёсць сапраўдным сюжэтам узятай тэмы. Ці можна гэта верыфіцыраваць праз творчасць Данцыга? Так, але адзіная папраўка – гэта будзе не наш Данцыг, Май Вольфавіч, а расійскі Данцыг Сяргеевіч Балдаеў.

* * *

Выпадак, засведчаны Ларысай Фінкельштэйн. На пасяджэнні па падрыхтоўцы першай выставы работ Марка Шагала ў Беларусі падняўся Май Вольфавіч і сказаў:

– Предлагаю назвать выставку «От Марка до Мая».

* * *

Пейзаж з Халоднай сінагогай – гэта не кампазіцыя ўжо, а пазіцыя; калі хочаце, чалавечая і этычная пазіцыя Данцыга. Ён сваю яўрэйскасць паставіў не «во главу угла», але прыхаваў у куце.

М. Данцыг, «Мой горад старажытны, малады» (1972). Для параўнання прыведзены люстрана абернуты «Мой Мінск» (1967).

Праз пяць год Данцыг зноў скарыстоўвае схему карціны «Мой Мінск» (у сваю чаргу інспіраваную строем і настроем салахаўскага партрэта). Не маючы кампазіцыйных прынцыповых знаходак, спрабуе паўтарыць творча ўдалую карціну – тая ж дыяганальна пастаўленая дуга (выгнуты мост – прагнутая вуліца), якую накрыж перасякае дарога-мост, такі ж высокі гарызонт гарадскога краявіда, маштабнасць. Змянілася крыху святло – на цяплейшае. Вырашэнні Данцыга часта паходзяць з «аранжыровак», з перакладаў на сваю мастацкую мову (мы бачылі, як шчыра, па-дзіцячаму непасрэдна, не зважаючы на ўмоўнасці, маэстра ўмее рэагаваць на мастацтва) тых твораў іншых мастакоў, якія яго ўражвалі.

М. Данцыг, «Насустрач жыццю» (1958), 160х319,5 см; «Навасёлы» (1962), 200х200см

М. Данцыг, «Дзяўчына на балконе» (1965), 80х110 cм; «Палітра новабудоўлі» (1979), 200x220 cм

Гэта і дыпломная праца – выпускнікі, што ідуць ранкам чыстай дарогай (сюжэт тагачаснага мастацтва, які набіў аскому), і разабраны вышэй «Мой Мінск». «Навасёлы» паказвае маладую пару, што паджалася ў кут перад новай, неабжытай падлогай, у якую ўзіраюцца, як у экран будучага жыцця – сталася не першай карцінай на гэтую тэму, але адным з лепшых мастацкіх рашэнняў. Шматлікія новабудоўлі – з малярамі і пакоі з вёдрамі фарбаў перад працай. Вось тут і фармулюецца асабістае пакліканне і мастацкае заданне мастака – здзіўленне навізне, новаму, уменне паглядзець на рэчы «новымі» вачыма, «незамыленым позіркам», як кажуць мастакі. У «малярна-новабудоўлевай» серыі тэма навізны, свежасці спалучылася з жыццёвым тонусам мастака – яго цягай, уменнем і патрэбай здзіўляцца (так і казыча сказаць «па-дзіцячаму» – бо як яшчэ адносіцца да прастадушнай прапановы назову выставы «от Марка до Мая»).

Асобна адзначу карціну «Дзяўчына на балконе». Тут мастак убачыў і адчуў мастацкую форму таго, што адбываецца. Фарбы ў вёдрах і бляшанках – і карціна быццам з’яўляецца з іх cумесі. Мяшанне мастацкага і матэрыяльнага свету – гэта гульня з прыёмам (кубісты добра пагуляліся з гэтым – гл., напрыклад, «Сухія фарбы» Пятра Канчалоўскага), якую мастак усё ж не здолеў паглыбіць, знайсці метафізічны грунт. Гэта не было цікава Данцыгу, не было ягоным «modus operandi». Ён капіяваў знешне такія прыёмы – як і калажы – уклееныя фрагменты газет і часопісаў. А задача чыста мастацкая – паказаць штучнасць, несапраўднасць мастацтва, паказаць фізічна той стык, дзе фарба пачынае працаваць як колер, які і выяўляе «прадметнасць» прадмета.

«Навасёлы», «Мой Мінск», «Дзяўчына на балконе» – гэтыя карціны, на маю думку, лепшыя ў творчасці М. Данцыга, бо ў іх мастак стварыў сувымерную свайму таленту прастору, менавіта яны адэкватныя ягонаму творчаму метаду і маштабу. Такі мастацкі даробак варты мастацкага таленту Мая Вольфавіча Данцыга.

Андрэй Дубінін, г. Мінск, для belisrael.info

Апублiкавана 28.03.2018  11:16

Пра М.В. Данцыга (1930–2017). Ч.1

В. Рубінчык. МАЙ ДАНЦЫГ ЯК «ЯЎРЭЙСКІ НАЧАЛЬНІК»

Ужо амаль радзіліся лісты

І заўтра Май займае ўсе пасты.

(Юлій Таўбін, «Таўрыда»)

Цэлы год Мая Вольфавіча няма на гэтым свеце (у іншасвет ён не верыў, але, спадзяюся, яму там добра). Я не быў ягоным прыяцелем, аднак у 1994–2001 гг. бачыў і чуў на вуліцы Інтэрнацыянальнай, 6 ледзь не кожны тыдзень. Нагадаю – па гэтым адрасе прыкладна 10 гадоў дзейнічала Мінскае таварыства яўрэйскай культуры імя Ізі Харыка (МОЕК).

У МОЕК я прыйшоў увосень 1993 г., калі вучыўся ў выпускным класе, і на многае не прэтэндаваў. Дапамагаў у бібліятэчных справах, часам выконваў даручэнні «начальства» – карацей, быў валанцёрам. Развітаўся з арганізацыяй улетку 2001 г. без аніякіх даведак і запісаў у працоўнай кніжцы. Папраўдзе, наведваў суполку перадусім дзеля бібліятэкаркі Дзіны Звулаўны Харык, бо ёй патрабавалася падтрымка – маральная, а здаралася, і фізічная. Узамен атрымліваў душэўнае цяпло, завязваў знаёмствы… Некаторыя не згаслі дагэтуль.

Cпачатку адносіны з М. В. Данцыгам былі роўныя, карэктныя – старшыня выглядаў імпэтным веселуном. Ён не вельмі зварочваў увагу на тое, як я корпаўся ў бібліятэцы, але ўлетку 1994 г. падпісаў мне рэкамендацыю для паступлення ва ўніверсітэт культуры на бібліятэчны факультэт. Зрэшты, калі па іспытах мне не хапіла балу, то ад далейшых клопатаў прафесар aкадэміі мастацтваў устрымаўся. У верасні 1994 г. незалежна ад МОЕКа (але пры падтрымцы сваёй школьнай настаўніцы французскай мовы Валянціны Лапатнёвай) я паступіў у Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, і з таго часу адносіны з Данцыгам… не паляпшаліся. Ды я на яго ласку больш і не разлічваў: па-ранейшаму прыязджаў на Інтэрнацыянальную 2-3 разы на тыдзень, кансультаваў гасцей бібліятэкі, афармляў заказы, расстаўляў кнігі… Зрэдчас рыхтаваў выставы, ездзіў па літаратуру ў пасольства Ізраіля або ў прадстаўніцтва «Джойнта».

Пэўны час у сярэдзіне 1990-х наведваў нядзельныя курсы ідыша і лекцыі па ідышнай літаратуры, якія вялі, адпаведна, Абрам Жаніхоўскі і Гірш Рэлес (з імі адносіны складваліся лепей). Арганізоўваліся ў чытальнай зале бібліятэкі таксама лекцыі іншых яўрэйскіх дзеячаў, найперш Якава Басіна: нешта цікавіла больш, нешта менш. Хацеў або не, выпадала слухаць, бо праходзілі яны ў час працы бібліятэкі.

У той жа «гістарычны перыяд» МОЕК здаваў чытальную залу пад урокі іўрыта, за іх адказваў «Сахнут» (офіс яго знаходзіўся наверсе; там жа працаваў ульпан, але, відаць, месца не хапала). Здараліся пікіроўкі з настаўніцамі, якім, натуральна, замінала тое, што ў час заняткаў чытачы бібліятэкі крочылі праз пакой. Асабліва абуралася ізраільцянка Анат Ліфшыц… Калі не было заняткаў, то ў гэтым жа пакоі рэпеціраваў дзіцячы хор – здаецца, таксама сахнутаўскі. Менавіта падчас адной з рэпетыцый я заўважыў, што зух і весялун Данцыг умее быць, мякка кажучы, не дужа ветлівым чалавекам. Праз нейкую драбязу ён раскрычаўся на дзяцей, а потым і на кіраўнічку хору… І пазней Май Вольфавіч імкнуўся паказаць, хто ў акрузе гаспадар. Аднойчы паклікаў мяне ў «сакратарыят» (пакойчык справа ад уваходу) і паведаміў, што «Сахнут» шукае ахоўніка; маўляў, уладкуйся, «нам там патрэбен свой чалавек». Я адмовіўся; гутарка працягу не мела.

Вось яшчэ характэрны эпізод. Бібліятэку наведвала няшмат чытачоў: па картатэцы было звыш 100, а пастаянных, можа, 15-20. Адзін з іх прызнаўся Дзіне Звулаўне, што згубіў кнігу (добра помню – не з каштоўных). Звычайна ў такіх выпадках мы шукалі кампраміс – але собіла ж у тую хвілю апынуцца побач Данцыгу! Крык, скандал… Чытач сышоў і больш не прыходзіў.

Увесну 1998 г., калі святкавалася 100-годдзе з дня народзін Ізі Харыка, Данцыг накрычаў ужо на Дзіну Звулаўну – пры мне і нават пры жанчынках з малой радзімы Харыка, якія прыехалі на юбілей. Потым я паспрабаваў тэт-а-тэт патлумачыць, што… не варта так рабіць. У нейкі момант задаў яму пытанне: «Няўжо Вы спавядаеце прынцып “Я начальнік – ты дурань”?» Ён кінуў у адказ: «Так, я начальнік, а ты – дурань і хамло!»

Мне карцела развітацца з МОЕКам, але шкадаваў удаву паэта (ёй было моцна за 80). Хадзіў і далей, дарма што бачыў –таварыства занепадае, штогод яго наведвае ўсё менш аматараў… Асабліва з канца 1990-х, калі стары артыст-ідышыст Майсей Абрамавіч Свірноўскі і ягоная «капела» перабраліся ў «Хэсэд Рахамім» – там і ўмовы для рэпетыцый былі больш адэкватныя, і творчых людзей лепей заахвочвалі. Клуб «Белыя і чорныя» пераехаў у раён станцыі метро «Усход» яшчэ раней.

У 2000 г., пасля таго, як паступіў у аспірантуру, «дарос» да таго, што намесніца Данцыга папрасіла пачытаць наведвальнікам МОЕКа на Інтэрнацыянальнай некалькі лекцый. Ясна, з санкцыі «самога» – ён мне і грошы адлічваў (хіба долар-два за лекцыю, а іх адбылося пяць або шэсць). Мо і дарэмна браў: пазней, у 2001 г., гэтымі грашыма мяне публічна папракалі, калі стаў задаваць кіраўніцтву нязручныя пытанні.

Пра канфлікт 2001 г., звязаны з высяленнем МОЕКа, напісана нямала – хоць бы ў газетах «Анахну кан», «Берега», «Авив», дый у маёй кніжцы «На яўрэйскія тэмы» (2011). Нехта вінаваціў гарадскія ўлады, якія «нечакана» ўзнялі арэндны кошт за будынак, нехта – «Джойнт», які адмовіўся плаціць у некалькі разоў болей і прапанаваў МОЕКу месца ў тады яшчэ не адкрытым Абшчынным доме на В. Харужай, нехта – саюз яўрэйскіх аб’яднанняў на чале з Леанідам Левіным… Небеспадстаўна ўпікаючы за пасіўнасць кіраўніцтва названага саюза, трэба ўлічваць, што М. Данцыг шмат гадоў быў там віцэ-прэзідэнтам. Праўда, пасля таго, як «хеўра чатырох» у сярэдзіне 1990-х спрабавала скінуць Левіна з пасады, наўрад ці Леанід Мендалевіч давяраў свайму намесніку… Хутчэй трымаў яго для «вітрыны», як старшыню першай «свецкай» яўрэйскай суполкі ў познесавецкай Беларусі (сёлета МОЕКу – 30; спярша ён працаваў пад эгідай Беларускага фонда культуры).

«Антылевінскія» інтрыгі пляліся ў 1994–95 гг. на Інтэрнацыянальнай і ў маёй прысутнасці. Вядома, у 17–18 гадоў мяне збольшага цікавілі іншыя праблемы. Прыпамінаю, не ў захапленні быў ад левінскай дэмагогіі, але і «дэмакратычная» альтэрнатыва, абмаляваная на палосах газеты «Авив хадаш» (рэдактар – Нардштэйн, памочнікі – Басін, Данцыг), не вабіла. Напружвалі як асаблівасці паводзін Данцыга, бадай, не менш схільнага да «культу асобы», чым Левін, так і абыякавасць старшыні таварыства яўрэйскай культуры да мовы ідыш. Дзіна Харык запрашала яго падвучыць мову на курсах, аднак М. Д. заўсёды аднекваўся. Ён ведаў некалькі слоў і меркаваў, што досыць. Я не здзівіўся, калі ў 2002 г. Аляксандр Астравух, адзін з беларускіх рэстаўратараў-ідышыстаў, сказаў у інтэрв’ю пра пачатак 1980-х: «Мастак Май Данцыг, мой выкладчык, ведаў, што мы вывучаем ідыш, але для яго гэта тэма была абсалютна закрытая».

Прыкладна ў 2001 г. ад Леаніда Зубарава я даведаўся, што ўвосень 1988 г. мастака на пасаду старшыні таварыства яўрэйскай культуры прывёў, фактычна, гаркам партыі. Пра тое самае Л. З. напісаў у сваім артыкуле 2013 г.: «Данцыга актывісты ўпершыню пачулі на ўстаноўчым сходзе. Перад тым ніколі ні на водным яўрэйскім мерапрыемстве Данцыга ніхто не бачыў». Але пан Зубараў не надта тужыў, што стаў на тым сходзе толькі намеснікам, а не старшынёй: «Трэба прызнаць, што Данцыг, хоць і адпрацоўваў нешта абяцанае…, але стараўся. Рабіў усё добра, сумленна і з усімі ладзіў». Мяркую, актывісты, якія стаялі ля вытокаў МОЕКа, але неўзабаве пакінулі яго (Фелікс Хаймовіч, Юрый Хашчавацкі…), з гэтым не згодзяцца. Яшчэ адзін колішні прэтэндэнт на лідэрства ў МОЕКу, інжынер Якаў Гутман, летась выказаўся так: «Я не магу даць высокую ацэнку вынікам работы Данцыга. Ён працаваў паводле прынцыпу – ты, работа, нас не бойся, мы цябе не кранем. Калі выдзелілі ў [арэнду] будынак на Інтэрнацыянальнай [у 1991 г. – В. Р.], я быў катэгарычна супраць таго, каб мы яго бралі. Я казаў, што нам не трэба чужога, аддайце нам наша…»

Хіба апошні зварот («Літаратура і мастацтва», май 1990), які Гутман і Данцыг падпісалі разам

Характарыстыка ад Гутмана з’явілася, на жаль, не на пустым месцы. У пачатку 1990-х барысаўскі краязнавец Аляксандр Розенблюм сустракаўся з Данцыгам і расказаў яму пра гаротны стан дома ў Зембіне, дзе нарадзіўся Ізі Харык. У 1997 г. А. Розенблюм, пераехаўшы ў Ізраіль, канстатаваў у «Еврейском камертоне»: «як мне здалося, паважаны прафесар не выявіў да майго расповеду ніякай цікавасці». Увосень 2001 г. дом знеслі.

Не самыя кампліментарныя запісы пра Данцыга ды працу МОЕКа ў першай палове 1990-х знайшліся і ў дзённіку Міхаіла (Ехіэля) Зверава, які да 1995 г. уваходзіў у праўленне суполкі. Дарэчы, у чэрвені 2001 г. Міхаіл Ісакавіч прыйшоў на сход, дзе я пратэставаў супраць планаў закрыцця бібліятэкі і перадачы кніг МОЕКа на хаванне ў Данцыгаву майстэрню. Ён выступіў эмацыйна і крытычна, падкрэсліўшы, што МОЕК ператварыўся ў «гурток пенсіянераў». Данцыг са сваімі апалагетамі (Ала Левіна, Сямён Ліякумовіч…) спрабавалі заткнуць Звераву рот, але прысутнасць карэспандэнткі «Берегов» Алены Кагалоўскай крыху іх стрымлівала.

Нехта скажа: ну во, пакрыўджаны чэл выплюхвае негатыў… Але я нічога не выдумляю і адмыслова не збіраў «дасье» на Мая Вольфавіча; проста яго заўсёды – нават пасля адстаўкі 2001 г. – было настолькі «многа», што факты самі скакалі ў вочы. З каталога Нацыянальнай я лёгка даведаўся пра тое, што мастак у cярэдзіне 1970-х рысаваў такіх знакамітых дзеячаў, як Аляксей Касыгін, Міхаіл Суслаў.

Не ўсіх мастакоў у хрушчоўска-брэжнеўскі час дапускалі да «целаў» і выпускалі за мяжу. Не кожны станавіўся членам праўлення Саюза мастакоў БССР, а вось Данцыгу тое ўдалося ў 32-хгадовым узросце (пазней быў і намстаршыні Саюза). Відаць, начальніцкая пасада наклала адбітак і на яго далейшую жыццядзейнасць. Як трапна выказаўся мастак Андрэй Дубінін, Май Данцыг «выйграў жыццё, але прайграў лёс».

Тым не менш, асоба М. Д. не выклікае ў мяне такой непрыязнасці, як, напрыклад, асоба Левіна. Усё-такі заслужаны мастак працаваў на «яўрэйскай вуліцы» ў няпростых умовах канца 1980-х, калі існаваў як недавер з боку чыноўнікаў, так і моцная канкурэнцыя (к 1991 г., калі Л. Левін узначаліў «усебеларускую» яўрэйскую суполку, большасць актывістаў з’ехала): падпісваў важныя адозвы, хадзіў па «інстанцыях». Пэўны аўтарытэт Май Вольфавіч, які прыклаў руку да з’яўлення ў Мінску першай афіцыйна прызнанай яўрэйскай нядзельнай школы (1990), такі заваяваў, і на Інтэрнацыянальнай у 1990-х гуртаваліся ветэраны, былыя вязні гета, музыкі, шахматысты з шашыстамі… У сакратаркі заўсёды можна было набыць яўрэйскія газеты, а калі-нікалі – часопісы, кнігі. Пад канец, у 2000 г., на другім паверсе адкрыўся музейчык з экспазіцыямі, прысвечанымі даваеннаму яўрэйскаму тэатру і Катастрофе яўрэяў Беларусі, – мала каму ў горадзе вядомы, але ўсё ж… Прытуліў МОЕК і рэдакцыю мінскай газеты «Авив»; рэдактар настолькі расчуліўся, што потым не раз пісаў панегірыкі на адрас М. Данцыга.

Ён запомніўся такім… Фота 1998 г.

Калі старшыня мала спрыяў аматарам ідыша, то не дужа і замінаў ім; пляцовак жа для збору яўрэяў у Мінску 1990-х не хапала, каштоўны быў кожны лапік. Некаторы час «моекаўцы» збіраліся таксама ў бібліятэцы імя Купалы ля Камароўкі – прасторы там было куды больш, чым на Інтэрнацыянальнай. Запомніліся прэзентацыі кніг Арона Скіра «Еврейская духовная культура в Беларуси», Марата Батвінніка «Г. М. Лившиц». Цікава ў 1996 г. мы пасядзелі і паспявалі з Якавам Бадо, акцёрам ізраільскага тэатра «Ідышпіль». А ў 2000 г. на Інтэрнацыянальную завітаў Янка Брыль – прысутнічаў я і на той сустрэчы, слухачоў набілася процьма.

Не забываючыся на ягоныя «дзіўноты і памароцтвы», я ўдзячны Маю Данцыгу за ўсё добрае. Чалавеку, сфармаванаму ў савецкі час, а пагатове ў сталінскі, цяжка было перарабіць сябе. Нават яго пралукашэнкаўскія заявы 1998 г. (у газеце «Белоруссия») і 2014 г. (у часопісе «Беларуская думка») магу зразумець – Лукашэнка ў студзені 1995 г. надаў яму годнасць народнага мастака, а ў верасні 2005 г. узнагародзіў і ордэнам Францыска Скарыны. Усё ж у МОЕКу партрэтаў «правадыра» не назіралася, а вось выявы ідышных пісьменнікаў у чытальнай залі шмат гадоў віселі.

Заслужанае ці не было тое званне «народнага»? Пытанне чыста абстрактнае. Па-мойму, здараліся ў мастацкай творчасці М. В. Данцыга правалы, але ж не бракавала і рэальных дасягненняў. Так, з гісторыі мастацтва і яўрэйскага руху ў Беларусі яго не выкрэсліць.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

wrubinchyk[at]gmail.com

26.03.2018

Увага! Скора на сайце – ч. 2 (мастацтвазнаўчыя рэфлексіі Андрэя Дубініна пра творчасць Мая Данцыга і не толькі)

Апублiкавана 26.03.2018  16:46

Іван Бабель і Мойшэ Кульбак

Для belisrael.info піша мастак Андрэй Дубінін

“Іван Бабель” – тут памылкі няма, бо так падпісваўся Бабель у прыжыццёвых сваіх публікацыях, і пісаў па-руску. Ілья Эрэнбург у Польшчы, выступаючы з лекцыямі, зрабіў газетную сэнсацыю, паведаміўшы сапраўднае імя Бабеля. Мойшэ Кульбак заставаўся такім на вокладках сваіх кніг, якія ён пісаў на ідышы.

Пара прозвішчаў мільгае ў медыяпрасторы апошнім часам. Робяцца спробы прыраўняць Бабеля да Кульбака: “Кульбак – гэта беларускі Бабель”. Можна ўзгадаць эсэ Томаса Мана “Талстой і Гётэ”, дзе пісьменнік праз злучнік “і”, спалучальны і раздзяляльны адначасова, зводзіць і разводзіць Льва Мікалаевіча і Ёгана “Вольфгангавіча” па творчых лёсах.

Я здагадваюся, адкуль пайшло жаданне спалучыць Бабеля і Кульбака – ад перакладу Віталя Вольскага, які, магчыма, пазначыў для сябе, што Кульбак – гэта такі міні-Бабель, і з гэткай оптыкай ды ўстаноўкай рабіў пераклад.

Яны блізкія па стылістычных прыёмах прозы. Недакладнасці языка – Бабель: “пусть вас не волнует этих глупостей”, “что сказать тёте Хане за облаву”. Кульбак: “зэлмэнаўцы замяняюць вінавальны склон жаночага роду на давальны. На Хаеччыну котку кажуць: выгані котцы з дому. Аб Тоньцы: я ёй люблю, як хваробу вачэй (бяльмо)”. Фігуры паўтора ў Бабеля: “оборотившись к приказчику, белому, как смерть, и жёлтому, как глина”, “пот, розовый, как кровь, розовый, как пена бешеной собаки”, “перекрытые бархатом столы вились по двору, как змеи, которым на брюхо наложили заплаты всех цветов, и они пели густыми голосами – заплаты из оранжевого и красного бархата”. Кульбак: “брудная жаўцізна, брудная памаранча, брудная бронза валяліся бяз гуку пад нагамі”, “калі яна выходзіць з Наркамфіна, ідуць за ёю можа пяць спецоў; яна туліцца і дае гэтаму ўсмешку, і гэтаму ўсмешку, і гэтаму ўсмешку, і гэтаму ўсмешку, затым разыходзяцца яны ўсе есці абед”. Гукапіс Кульбака: “gevejnt vajte hejzerike vintn” (плакалі далёкія хрыплыя вятры).

Але куды цікавей убачыць паміж імі зазор, адрозненне. Найперш, відавочна, гэта прырода тэмпераменту. Дамо слова самому Бабелю. Вось як ён апісвае польскіх местачковых яўрэяў у процілегласць паўдзённым, адэскім: “Узкоплечие евреи грустно торчат на перекрестках. И в памяти зажигается образ южных евреев, жовиальных, пузатых, пузырящихся, как дешевое вино. Несравнима с ними горькая надменность этих длинных и костлявых спин, этих желтых и трагических бород. В страстных чертах, вырезанных мучительно, нет жира и теплого биения крови. Движения галицийского и волынского еврея несдержанны, порывисты, оскорбительны для вкуса, но сила их скорби полна сумрачного величия, и тайное презрение к пану безгранично”.

А. Дубінін у мінскім офісе рэдакцыі belisrael.info 🙂

Мне цікава паказаць тое, чаго няма ў Бабеля, чым геніяльны Кульбак. Пачну з нааскомелага вобраза “зіма, як халодная срэбная міска”. Уявіце, што вам паказалі палову карціны, а другую прыхавалі, кажучы: “глядзіце, як цудоўна”. Канешне, цудоўна, але гэта толькі палова вобраза – дык вось і “злачынства” перавыдання 2015 г. – гэты вобраз на ідышы ідзе ў рыфмаванай звязцы з “зіма як срэбная рыба” – на адным развароце, с. 18 і 19 (на ідышы, транскрыпцыі дадзены адпаведна правілаў у “Ідыш-беларускім слоўніку” А. Астравуха), “vinter, vi a kalte zilberne šisl” – “vinter, vi a zilberne fiš”. Срэбная рыбка “дакладна” ўкладаецца ў срэбную міску! Да таго ж Вольскі з “Зэлмэніады” выкінуў абзацы, дзе ёсць фанетычныя ключы да чытання ўсяго тэксту, дзе Цалкэ разважае: “Зэлмэнавец кажа не фіш – а фіс, не шысл, а сісл”. Тады “зілберне фіс” яшчэ бліжэй да “зілберне сісл” – рыфма вельмі кульбакаўская. (там выдатны пасаж аб літвацкім маўленні з прыкладамі – цалкам выкінуты Вольскім). Гэтай рыфмы перакладчык не бачыў, і вобразы не спляліся ў суцэльную карціну. Іронія – у выданні-2015, калі знайсці “срэбную міску”, то на прасвет старонкі з другога боку дакладна апынецца “срэбная рыбка”. Там вядзецца пра “старое” каханне дзядзькі Ічы і цёткі Малкелэ (міска) і “маладое” каханне Бэры і Хаечкі (рыбка), гэтыя каханні і пераўтвараюць зіму ў срэбныя міску і рыбку – ну, гэта ж яўрэйскія вясельныя сімвалы. Але так рыфмічна-рытмічна Кульбак піша ад першых абзацаў, чаго не змаглі ці не захацелі ўбачыць абодвa перакладчыкі (В. Вольскі на беларускую і Р. Баўмволь на рускую).

Малюнкі Алены Сарокі (Ахрамовіч)

Пісьменнік у “Зэлмэнянер” адразу насяляе іх людзьмі і загрувашчвае пабудовамі – дамамі, хлявамі, гарышчамі, усталяваную дэкарацыю, карыстаючы стыль, амаль ідэнтычны рэмарцы ў п’есе перад пачаткам дзеі. І праз увесь гэты хаос раптам пачынае выступаць рытмічнасць, дадзеная праз паўтаральнасць падзеяў (тры дзеясловы “flegt” шматкротнага мінулага часу) і праз канцавую рыфму дзвюх частак апошняга сказу. Перапішу гэты тэкст у форме верша, бо так відавочней:

Do flegt er ibertrogn a cigl,

do flegt er mit gor di kojxes trogn mist af a ridl.

(Тут бываў ён пераносіў цэглу,

тут бываў ён з усімі сіламі выносіў гной на лапаце.)

Узнікае адчуванне, як гэты маленькі рэб Зэлмэлэ сваёй унутранай рытмічнасцю разгойдвае чалавечы мурашнік, надае яму сэнс і парадак, які знаходзіць сваю вышэйшую кропку існавання ў прадметнай рыфме “cigl – mist af a ridl” – “цэгла – гной на рыдлёўцы”, дзе “гной на рыдлёўцы” трэба разумець як “гаўно на лапаце”, усё непатрэбнае ад жыцця. Такія такты – удых: цэгла як першы камень стварэння, будоўлі, і выдых: прадукт жыццятворчасці. Галоўны сэнс тут у самім рытме, у паўторна-рытмічнай форме пражывання, якая і ёсць сэнсам жыцця: паміраць збірайся, а жыта сей. Праз гэта быццам празаічны тэкст прыпадабняецца да вершаванага. Каб прытрымаць ссоўванне да верша, Кульбак расцягвае апошні радок, вяртаючы зноў у плыню прозы, але след рыфмаванасці пераследуе ўвесь час, зноў перакідваючыся амаль вершам у самых важных месцах. Прывяду яшчэ такую “вершаванку”-нявідзімку:

Bere, na dir bejgl afn veg…

Un Bere iz avek.

(– Бэрэ, на табе абаранкаў у шлях…

І Бэрэ счэзнуў на вачах.)

Сама інтрыга главы “Пекар” аб спакушэнні Бэры скандэнсавана ў рыфме “bejgl – mejdl” (абаранка (-кі) – дзяўчына) “абаранка – смачная як дзяўчына, дзяўчына – гарачая як абаранка”, уся глава пабудавана кампазіцыйна як абаранка, з дзвюх паўкругавых частак і дзіркай пасярэдзіне. Літаральна – прабел-дзірка, зерыць змоўчванне ў месцы кахання. “Абаранкам” сядзяць вакол самавара за сталом, паўкругавымі рухамі перакідваюцца позіркі і пах кмену…

Пра выпадковыя рыфмаванні як дэфект прозы немагчыма сур’ёзна разважаць, бо гаворка ідзе пра аўтара, які пачаўся са зборнікаў вершаў. Я б увёў “моду” казаць аб “Зэлмэнянер” як аб паэме, бо відавочна прыпадабненне вершаванага тэксту да празаічнага (не наадварот!), Кульбак стварае кубістычную паэму з калажамі і рыфмамі, яна сфастрыгавана шматлікімі паўторамі тэксту, якія робяцца рэфрэнамі або лейтматывамі.

Уся праца Кульбака са словам – паэтычная. (Узгадаем другі назоў гэтай кнігі ў тэксце – “Зэлмэніада”, што знітаваны з “Іліадай”). Прыклад: першы раздзел главы “Вялікі тлум” – падзеі ў доме нявесты. Як унутраны стан нявесты разрашаецца слязьмі, так унутраны стан дзядзькі Юды паказаны праз трансфармацыю задуманай шафы ў зэдлік (“almer”, дзе прысутнічае фанетычнае прыпадобленае “almen” – удавец, які з’явіўся ў тэксце на старонку раней у гэтым жа раздзеле: “дзядзька Юдэ быў філосаф і ўдавец”). Узнікае вялікая тэма, апрадмечаная ў замене сапраўднага вяселля на “няўдалы шлюб”, шафы на зэдлік, “mazltov” на “gemozlt”.

Істотная рыса пісьма Кульбака – завужэнне слоўнай палітры: калі цягам некалькіх старонак з’яўляецца акцэнтаванае сэнсам слова, то яно, як правіла, з’явіцца побач яшчэ раз. Так было з “халэфам” – нажом для рытуальнага забойства жывёлы (“халэф” як нож разніка – і святло з прыадчыненых дзвярэй, што ляжалі ў форме “халэфаў” на зямлі). Не даючы псіхалагічны стан дзядзькі Юды (нам не паведамляюць, як габляваў дзядзька Юдэ – раз’юшана ці разгублена, але больш каштоўнае дае нам пісьменнік – механізм перажывання), Кульбак замяняе яго шафай-“almer”, сугучнай “almen” (удавец), і мы бачым, як дзядзька Юдэ сябе бачыць змалелым у сваіх вачах – філосаф – і ў просты зэдлік, мізэрны цяслярскі прадмет. Ён змалеў сам у сваіх вачах, і зрыфмаваў гэта ў змалелым услончыку. Гэта вельмі шчымлівы вобраз, які закараціў на сябе падзеі першага раздзелу трэцяй главы. Думаецца, калі Кульбак напісаў, што дзядзька Юдэ “быў філосаф і ўдавец (“almen”)”, то гэтае слова, праз прафесію дзядзькі, бліснула “шафай” (“almer”), і ён ужо ведаў, як скончыць раздзел.

Узнікае пытанне – а чаму раптам дзядзька задумаў зранку (у дзень, прызначаны “ціхаму вяселлю”) не куфар, не стол, не ложак – што вельмі лагічна, маючы на ўвазе маладую пару – а менавіта “шафу” (“almer”)? Перафармуляваўшы філалагічна пытанне, атрымліваем – чаму зранку ў свядомасці дзядзькі (як бачыць яе Кульбак), раптам актуалізавалася “шафа” (“almer”), якая знітавалася ў падсвядомасці з удаўцом (“almen”)? Дадамо – слова “шафа” ў паэме больш не сустракаецца. Герой сам гэта і патлумачыў, сыграўшы на скрыпцы: “аб тым, што цётка Гэсе пайшла прэч заўчасна са свету і ня мела шчасця пабыць пры дачцэ пад вясельным балдахінам”, вяселле выяўляе “наяўнасць адсутнасці” маці нявесты пустым месцам пад балдахінам. Гэта геніяльнае разрашэнне “аксюмараннага” сюжэта: супярэчнае адчуванне (пачуццё) палягае ў тым, што эмацыйны, афектыўны змест твору развіваецца ў двух процілеглых, але імкнучыхся да адной завяршальнай кропцы накірунках. У гэтай завяршальнай кропцы наступае як бы кароткае замыканне, якое разрашае афект: адбываецца пераўтварэнне, прасвятленне пачуцця. У логіцы гэтага раздзелу дзядзька Юдэ (і Кульбак за ім) атаясаміў сябе з шафай праз фанетычнае прыпадабленне, алітэрацыю.

Праблема перакладу – “шафу” Вольскага я пішу як “шкап-самотнік”, спрабуючы сумясціць мужчынскі род сталярнага вырабу і яго фанетычнае прыпадабненне ў ідышы да “удаўца”. Такі характэрны паэтычны прыём Кульбака – “распляценне” слова на два вобразы, слова пачынае “дваіцца”, зіхцець сэнсамі. Калі падчас высвятлення адносінаў паміж Цалкам і Тонькай хлопец курыць, то праз нястачу заўсёдных папіросаў ён дыміць “банкруткай” – што значыць самакруткай, але ж мы чуем у гэтым прысмак банкруцтва ягонага кахання. Перакладаць “самакруткай” значыць забіваць паэтычны вобраз. У самых ранніх вершах, напрыклад “Xasene” (“Вяселле”), Кульбак “удвойвае” вобраз:

Dos štibl hot men ojsgekalxt

(дом пабялёны, як нявеста)

Слова ў першым радку верша “ojsgekalxt” – выбельваць, вапіць (ад вапны, “kalken”), утрымлівае фанетычна “kale” – нявеста на ідышы, і просты вобраз “белага дома” набывае ўскладненне. Нявесты яшчэ няма, але дом-нявеста стварае адчуванне шырокага вобраза нявесты. У “Зэлмэнянах” глава “Вялікі тлум” (вясельная) завяршаецца як бы па-вясельнаму, як і трэба няўдаламу шлюбу. Дзядзька Юдэ крычыць:

Vart, Ziške, du host nox nit gepokt un gemozlt, ba dir zajnen nox ojx faran texter!..

(– Чакай, Зішэ, ты яшчэ не пабіты воспай і не ашчасліўлены адзёрам, у цябе яшчэ таксама маюцца дачкі!..)

На вясельнай яўрэйскай цырымоніі, пасля таго, як жаніх-“xosn” разбівае шкляны келіх, усе прысутныя ўсклікаюць: “mazl tov!”. Уся цырымонія ў гэтай главе прысутнічае да дробязей, але прыпадоблена і расцягнута ў часе і прасторы (структуру яўрэйскага вяселля і яе пераламленне ў гэтай главе падрабязна разглядаю ў каментарах да перакладу, які рыхтую зараз). У канцы “ціхага вяселля” ёсць біццё шклянага посуду – дзядзька Юдэ бразнуў аб падлогу пляшку віна, і самы час прагучаць зычанню шчасця – “mazl tov!”. Яно і гучыць, аднак, паколькі “шлюб няўдалы”, то і зычанне дзядзька Юдэ выкрыквае адпаведныя: “gemozlt!” (што надта падобна ў складзенай сітуацыі да “mazl tov!”). Зразумела, калі доўга рыхтаваўся, калі віншаванні саспелі ў галаве і былі пакаштаваны на языку, то ў часе скандалу, калі ўсе стрымкі зняты, яно само вылятае словам, у адпаведна скручанай і спакутаванай форме.

Малюнкі А. Сарокі

Чаго дамагаецца Кульбак выбарам і ўжываннем слова “gemozlt”? Паставіўшы ў адмыслова выбудаваныя сувязі, прымусіць гучаць у ім другі сэнс. Узнікае люфт, зазор паміж прамым сэнсам і індуцыраваным сувязямі, “наведзеным”. Гэта інструмент працы хутчэй паэтычны, дзе вострае пытанне эканоміі слоўнага матэрыялу і месца.

Паэма “Зэлмэніада –Зэлмэнянер” складаецца з дзвюх роўных частак – і першая, і другая рыфмуюцца канцоўкамі: смерць бабы Башэ – смерць-пахаванне Цалкі (і двара). Толькі праз кампазіцыю тэксту Цалка пераўтвараецца ў галоўнага лірычнага героя. Вось яго лінія пункцірна: “дзядзька Юдэ зняў скрыпку, што вісела на сцяне…” – “Цалка ляжаў на ложку… Насупраць тырчэў вялікі цвік, і ў пыле пуката акрэслена месца, дзе некалі вісела дзядзькі Юды скрыпка. На сцяне вісела пустое месца ад скрыпкі (слова “вісела” Вольскі замяніў на “было”).” – “Ён павесіўся у доме на заходняй сцяне”.

Вісела пустое месца” – калі на тое, геніяльней за “срэбную міску”. Менавіта вісячае пустое месца падказала Цалку, куды ісці засіліцца. Таму Кульбаку і спатрэбілася за 50 старонак да павешання ўбіць там тоўсты цвік. Перакладчыкі не бачылі, што Цалка ўклаўся ў контур пустога месца бацькавай скрыпкі, як у футарал. Скрыпка-чалавек знайшоў апошні прытулак. Гэта геніяльна. І каб не было сумніву, самую яркую каляровую пляму Кульбак ставіць побач са смерцю Цалкі, прычым, як звычайна ў яго – двойчы:

Рэбзэвы двор падобны на старую сажалку, калі яе воды перагнілі. Зелень паміж вадой і звісаючымі галінамі, вадзяніста-хворае паветра, хоч залаты карась яшчэ хлюпне галавой у балота і тады зморшчыцца тоўстая, зялёная скура вады.

Раніцай канец канцоў знайшлі Цалела дзядзькі Юды мёртвым. Ён вісеў у доме на заходняй сцяне.”

Першы абзац у Вольскага апушчаны, у другім – адсутнічае “заходняй”. А між тым, які каларыстычны вобраз! Жывапісцы зразумеюць, што зялёны і залаты – гэта кантрастна-дапаўняльная пара колераў. У такім спалучэнні тэксту – ён наўпрост выносіць Цалку наверх, нарэшце пераўтварае ў страчанага залатога карася, што захлынуўся сваёй музыкай, і душа яго зноў становіцца ценем скрыпкі.

Яшчэ адзін цікавы cімвал – сані. Яны тройчы з’яўляюцца ў паэме, першы раз – на свіданні Бэры, калі ён кліча рамізніка ехаць у ЗАГС і глядзіць на гадзіннік. Зразумелы кантэкст чалавека, які тады ведаў ідыш – маецца на ўвазе прымаўка “a vogn iz a zejger – a šlitn iz a pejger” (“воз – гадзіннік, сані – мярцвяк”, так казалі некалі фурманы). Другое з’яўленне – калі Бэрэ здабыў сані, каб везці Хаелэ ў радзільню. Трэці раз – ужо зразумелая мастацкасць Кульбака – сані са сваякамі “гоя” Альшэўскага прыехалі да яўрэйскага сваяка дзядзькі Зішы, і той памірае на парозе свайго дома. Вось вам і “мярцвяк”. Схема жыцця: ЗАГС – нараджэнне – смерць.

Я не даследчык Бабеля, аднак лёгка заўважыць, што так кампазіцыйна, як Кульбак, Бабель не піша, і словы “па-паэтычнаму” не раздвойвае, а тады якая карысць ад іх атаясамлівання? Якая эўрыстычная каштоўнасць?..

Прозвішча Бабель паходзіць ад назову горада Бабілён, што азначае “вароты Бога”. Прозвішча Кульбака прынёс яму далёкі продак – нейкі Кульбак з далёкага нямецкага горада Кульмбах, “ручая вяршыні”. Бабель і Кульбак – амаль аднагодкі, першы нарадзіўся 13 ліпеня 1894 года, другі – 20 сакавіка 1896 года. Збліжаныя ў часе, яны такія далёкія адзін ад другога ў прасторы – і не ў геаграфічнай прасторы сваіх прозвішчаў, а ў прасторы літаратуры. Маем дыстанцыю паміж прозай – хай сабе даўкай і духмянай – і паэзіяй эпасу. Такія вось “храна-топы”.

***

Картины белорусского художника попали в фамильные галереи итальянских аристократов 

Апублiкавана 25.08.2017  14:54  Абноўлена 25-га ў 17:48 

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (62)

Аўска-жнівеньскі шалом! Гэта серыя пра юбілеі, пра ізраільска-беларускага рабіна-дзівуна, пра тое, што дзеецца навокал, асабліва ў сферы культуркі.

Юбілеі… Не ведаю, як каго, а мяне ўжо горача павіншавалі з 500-годдзем беларускага кнігадруку 🙂 Нагадаю, што 5 жніўня 1517 года Францішак Скарына надрукаваў у Празе Псалтыр – на царкоўнаславянскай мове, але ў беларускай рэдакцыі, дый сам Скарына паходзіў «са слаўнага горада Полацка». У Беларусі-2017 была абвешчана кампанія «Пяцісотгоднасць», а ў Нацыянальнай бібліятэцы пастаўлены павялічаныя копіі скарынаўскіх фаліянтаў ды спецыяльны вясёлы стэнд… Ваш пакорлівы слуга яшчэ 16 чэрвеня прымасціўся да яго.

Цешыць, што апошнім часам у краіне ладзяцца шахматныя турніры ў гонар знамянальных падзей, вось і «500-годдзе беларускай кнігі» трэнер-суддзя-арганізатар Віктар Барскі не абышоў увагай. Палажэнне аб турніры па хуткіх шахматах 19-20 жніўня падрыхтавана таксама па-беларуску – усё, як належыць, хоць і з дробнымі памылачкамі. Зрэшты, мяне зараз больш вабяць гексашахматы.

Таксама ў пачатку жніўня адзначалі сто гадоў з дня нараджэння Янкі Брыля, народнага пісьменніка Беларусі (1917–2006). Наш аўтар шчодра падзяліўся ўспамінамі пра Івана Антонавіча, дзе адзначыў, сярод іншага: «Сярод яго любімых пісьменнікаў быў Рамэн Ралан з яго творам «Кала Бруньён» і Шолам-Алейхем». Я б таксама падзяліўся, аднак бачыў Янку Брыля толькі двойчы (у 2000 г., калі адбылася публічная сустрэча з ім на Інтэрнацыянальнай, 6, у Мінскім аб’яднанні яўрэйскай культуры, і ў 2002 г. – тады паспрабаваў пагутарыць з ім у кулуарах Дома літаратараў, ды класік быў заняты). Пагэтаму проста працытую пару мініяцюр Янкі Брыля з кнігі «Вячэрняе» (Мінск, 1994), у якой нямала гаворыцца пра яўрэяў, старонках аж на трыццаці… Папраўдзе, не толькі добрае.

* * *

Ярэмічы. Лета 1941 года. Паліцаі змушалі старую, хворую яўрэйку ўзбірацца на тэлеграфны слуп… Вясковыя хлопцы, што яшчэ ўчора, здаецца, былі звычайнымі, спакойнымі, нявіннымі рабацягамі.

Яўрэйская дзяўчына, што раней вучылася з Колем Б., прыбегла да яго, хаваючыся ад гвалтаўнікоў-паліцаяў.

«Каб яшчэ хто людскі прапанаваў такое, а то… Не, лепш ужо мне памерці!»

* * *

Зноў прыгадаліся два пажылейшыя за мяне яўрэі з друкарні, якіх я частаваў пасля выхаду першай кнігі. Як пілі мы, чам закусвалі, у якім закутку друкарні гэта было – добра не памятаю. Прозвішча загадчыка наборнага цэха Рудзін; я запомніў яго, відаць, з-за Тургенева. А прозвішча загадчыка цэха друкарскага не запомнілася – ад імені нейкага, здаецца, без вышэйшых асацыяцыяў. П’янкі, вядома, не было, яўрэі людзі акуратныя, а ўражанне ад маёй удзячнай радасці, ад іхняга разумення яе – памятаю.

З Рудзіным, чалавекам самавіта-сур’ёзным, мы і пасля гэтага, як і перад гэтым, прыязна здароваліся. А той другі, цяпер безыменны, па-прасцецку, дабрадушна губаты, пры сустрэчы шырока ўсміхаўся: «Ну, а калі будзе другая кніга?»

…Захацелася дадаць, што я тады быў літработнікам «Вожыка», апранутым абы-як, у «юнраўскія» неданоскі, і гэта, відаць, яшчэ больш збліжала мяне з тымі небагатымі, працоўнымі людзьмі.

* * *

Чатыры тыдні таму папрасіў знаёмага здабыць дысер Ганны Бартнік – калі помніце, гаворка пра яе даробак вялася ў папярэдняй серыі… Ні адказу, ні прыказу, ні нават аўтарэферату, хоць электронная пошта працуе спраўна. Меркаваў, што пачытаю, а тады ўрывак будзе перакладзены з польскай і змешчаны на нашым сайце, аднак, калі ў канцы ліпеня з «Берегов» даведаўся, што Ганне дапамагалі такія «адмыслоўцы», як Леанід С. і Якаў Б., абазнаныя больш у агітацыі ды прапагандзе, чым у навуцы (ведаю, ведаю, пра што кажу…), то неяк і расхацелася. Па-ранейшаму рады за маладую даследчыцу з Польшчы, якая робіць паспяховую кар’еру на ніве іудаікі. Разам з тым хацеў бы згадаць, што, калі ў красавіку 2006 г. францужанка Клер Ле Фоль абараніла ў Парыжы доктарскую на тэму «Гісторыя і рэпрэзентацыі яўрэяў Беларусі (1772–1918)», то вельмі скора я атрымаў раздрукоўку «з дастаўкай дахаты», а было ў ёй звыш 600 старонак. Разумніца Клер не цуралася майго «самвыдату» – перадала бюлетэню «Мы яшчэ тут!» сенсацыйны архіўны дакумент, датычны беларускага грамадзянства Хаіма Нахмана Бяліка, па маёй просьбе адшукала першую публікацыю Ізі Харыка ў часопісе 1920 года. Пераклаў я ў 2008 г. для «Arche» рэцэнзію Ле Фоль на кнігу Аркадзя Зельцара пра яўрэяў Віцебска, а ў 2009 г. – артыкул пра «беларусізацыю» яўрэяў у міжваенны перыяд. Потым нашыя шляхі разышліся, але «асадачак застаўся» – збольшага прыемны.

Д-р Ле Фоль і яе праца

З сайтам belisrael.info, які фармальна не з’яўляецца пляцоўкай для навуковых публікацый (як не з’яўляліся газета «Анахну кан» і бюлетэнь «Мы яшчэ тут!»), супрацоўнічаюць або супрацоўнічалі досыць вядомыя даследчыкі: гісторыкі Цімафей Акудовіч, Барыс Гольдзін, Маргарыта Кажанеўская, Уладзімір Краўцоў, Анатоль Сідарэвіч, Іна Соркіна, філолагі Лявон Баршчэўскі, Дзмітрый Дзятко, Віктар Жыбуль, Віталь Станішэўскі, металазнаўца Марыя Гальцова, псіхолаг Людміла Мірзаянава, эканаміст Маргарыта Акуліч… Прашу дараваць, калі на кагосьці забыўся. Многія з іх маюць дыплом кандыдата навук – калі на заходні манер, то доктара (Ph. D.). Асабіста я рады чытаць якасныя тэксты незалежна ад статусу аўтараў і дзякую ўсім, хто давярае сайту (спадзяюся, галоўны рэдактар мяне падтрымае :)) Тым не менш запрашаю амбітных навукоўцаў-практыкаў больш актыўна дзяліцца сваімі знаходкамі з чытачамі ізраільска-беларускага сайта. Мець дадатковую «творчую лабараторыю» нікому, бадай, не зашкодзіць…

Падобна, мінчанка М. Акуліч так і трактуе сайт – «трэніруецца» тут, потым пашырае свае публікацыі ў іншых месцах. Нядаўна ў яе выйшла невялікая электронная кніга «Идиш, Холокост и евреи Беларуси»; азнаямляльны фрагмент можна пачытаць бясплатна. Выданне будзе карыснае тым, хто цікавіцца мовамі ды гісторыяй краіны, аднак толькі пачынае знаёмства з «яўрэйскай тэмай». Нават сам выхад кнігі здольны падштурхнуць чытачоў да актыўнасці ў слушным кірунку; праўда, хацелася б усё-такі большай глыбіні, меншай колькасці памылак (Астравух стаў «Астарухам» і г. д.)… З пажаданнем аўтаркі ідышу – «хочацца верыць, што гэтая мова яшчэ загучыць у поўную сілу на беларускай зямлі» – цяжка не згадзіцца, іншая справа, што спадзеў на «заможныя краіны», якія, паводле М. Акуліч, маюць дапамагчы адраджэнню мовы грашыма, выглядае наіўна. «Або няхай яны ўсе разам скінуцца на даражэзны помнік ідышу, які трэба пабудаваць у РБ», – тут я магу толькі паціснуць плячыма. Як на мой одум, то лепей адны «жывыя» курсы ідыша з парай энтузіястаў, чым тузін помнікаў.

 

Па-свойму дбае пра ідыш-культуру Аляксандр Фурс, былы вучань «яўрэйскіх класаў» 132-й школы, каардынатар праекта «Яўрэйскія твары Беларусі», музыка і чалавек у пошуку. Ладзіць бясплатныя для наведвальнікаў экскурсіі, вось і 13.08.2017 запрашае прыйсці а 6-й вечара да брамы Вайсковых могілак Мінска. «Мы пазнаёмімся з постаццю ІзіХарыка і даведаемся, як Янка Купала адпачываў разам з класікам ідышыцкай літаратуры. Даведаемся, як габрэйскі хлопчык Самуіл Плаўнік патрапіў у “Нашу Ніву” ды яшчэ шмат цікавага!» – інтрыгуе Алекс (арфаграфія арыгінала захаваная). Мо і падскочу… З іншага боку, «ідышыцкае» на афішцы крыху насцярожвае – такi прыметнік мне не знаёмы. Ведаю словы «ідышны», «ідышысцкі»; нячаста сустракаю варыянт «ідышаўскі». Ну, хіба пасля экскурсіі вакабуляр папоўніцца…

Агулам беларуская культура, незалежна ад «намаганняў» адпаведнага міністэрства, паступова ўзбагачаецца… Расце музей «Прастора Хаіма Суціна» ў Смілавічах пад Мінскам, якому французскі калекцыянер нядаўна падараваў дзве работы Шрагі Царфіна (адну, гуаш «На лузе», сёлета, балазе ў музеі ёсць ужо зала Царфіна). Шчыруюць мае калегі-перакладчыкі, якім неабыякавая спадчына жывых і мёртвых пісьменнікаў, ідышных і іўрыцкіх. З апошніх найбольш пашанцавала, бадай, юбіляру гэтага месяца Этгару Керэту – у апошнія пару гадоў выйшла дзве яго кнігі па-беларуску.

Усе тры белмоўныя кнігі тав. Керэта: 2007, 2016, 2017

Ёсць неблагія шансы, што яшчэ сёлета ў Мінску будуць надрукаваныя зборнікі паэзіі Хаіма Нахмана Бяліка і Майсея Кульбака. Рыхтуецца і новы, больш дасканалы за ранейшыя пераклад рамана «Зельманцы» («Зэлмэнянцы») – імпэту мастака-ідышыста Андрэя Дубініна можна толькі пазайздросціць.

Зараз – колькі абзацаў пра аднаго ізраільска-беларускага рабіна, які ведае ідыш мо лепей за ўсіх нас, ды скіроўвае свае сілы ў сумнеўнае рэчышча… Я паглядзеў яго інтэрнэт-ролікі, жорстка раскрытыкаваныя ў сеціве (яўрэямі і неяўрэямі). У адрозненне ад некаторых гора-каментатараў, завочныя дыягназы ставіць не бяруся; Ігаэль І. выглядае здаровым чалавекам, і асаблівасці яго жэстыкуляцыі не выходзяць за рамкі нормы. Мяркуйце самі

Р. Ігаэль пад канец 2000-х вярнуўся з Кір’ят-Гата ў родны Мінск, пэўны час наведваў сінагогу на Даўмана, 13б, ды потым рассварыўся з кіраўнікамі, назваў яе «свінагогай» і з’ехаў жыць у Барань пад Оршай. (Папраўдзе, на Даўмана не такое ўжо кепскае месца, прынамсі яўрэі завітваюць не адно дзеля ежы, а сёлета прыязджаў туды памаліцца чалавек з Бразілі, які вывучае беларускую…) Рээмігрант узяўся выкрываць «апазіцыю» і «ліберастаў», заходнія спецслужбы, «сіянісцкі істэблішмент» і прафесійных яўрэяў РБ за тое, што адныя стварылі «міф пра Курапаты», а іншыя падтрымліваюць. Трасе кнігай свайго знаёмца, беларускага журналіста Анатоля С. (ужо не жыве), які ў 2011 г. даказваў, што ў Курапатах расстрэльвалі толькі гітлераўцы пасля 1941 г., а не «саветы» ў 1937–1941 гг. Падобныя «доказы» грамадскай камісіі не раз даследаваліся ў 1990-х гадах, і заўжды спецыялісты прыходзілі да высноў пра іх неабгрунтаванасць. Можна не давяраць Зянону Пазняку праз яго палітызаванасць – заявы пра «камуна-маскоўскі генацыд» у Курапатах сапраўды былі залішне эмацыйнымі – але прафесійным археолагам Міколу Крывальцэвічу і Алегу Іову я давяраю куды больш, чым неназванай жонцы Ігаэля, «тожа археолагу».

Рэбе Ігаэль «зрывае покрывы» ў стылі Анатоля Васермана (aka Онотоле)

Прыхільнікам «нямецкай версіі» можна падзякаваць хіба за тое, што яны крыху разварушылі абыякавае грамадства, падштурхнулі апанентаў да больш уцямных фармулёвак. Што да Ігаэля І., у яго лекцыі прагучалі цікавыя звесткі пра «Яму», дзе яўрэі нават у брэжнеўскі час збіраліся не толькі 9 мая (на грамадзянскі мітынг), а і, негалосна, 9 ава… Апошняя традыцыя была закладзена значна раней – з года вызвалення Мінска – і пратрывала да 1989 года. Мінская рэлігійная абшчына пераехала ў Сцяпянку, а потым на рог Друкарскай і Цнянскай з Нямігі пасля таго, як у сярэдзіне 1960-х была знесена Халодная сінагога. Каб жа паважаны рабін і далей разважаў на гэтыя, рэальна вядомыя і блізкія яму тэмы, а не пра «ўсенародна выбранага Прэзідэнта» і яго каварных ворагаў…

Вольф Рубінчык, г. Мінск

12.08.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 12.08.2017  23:39