Tag Archives: Феликс Баторин (Хаймович)

В. Рубінчык. Выкрыццё за выкрыццём

Аніяк не адпускае 2020-ы. Данеслася рэха ажно з лета: ініцыятыва BYPOL 13.02.2021 прэзентавала публіцы відэаролік пра тое, як на рагу сталічных вуліц Веры Харужай і Крапоткіна затрымлівалі «дыджэяў перамен» Кірыла Галанава і Уладзіслава Сакалоўскага. Запіс, ажыццёўлены ўвечары 06.08.2020, – чарговы доказ таго, што хлопцы не супраціўляліся ды не перашкаджалі мінакам, а значыць, сведчанне АМАПаўца, агучанае ў судзе 7 жніўня, было хлуслівым.

Сімвалічная перамога, як і ў сітуацыі з медычнымі даведкамі пра стан жорстка збітага 11.11.2020 Рамана Бандарэнкі (у якога не знайшлі алкаголю ў крыві). Зразумела, што ў бліжэйшы час за лжэсведчанні ды вынесеныя на іх грунце судовыя рашэнні не прыцягнуць да адказнасці ні «сілавікоў», ні «суддзяў», бо рыба псуецца з галавы, а хлусня ў нашых умовах заахвочваецца зверху. У канцы вясны 2020 г. тым апанентам рэжыму, якія не паслухалі перасцярогі ад Яўгена Прэйгермана, была фактычна абвешчана вайна… праўда, не ўсе яе нават адразу заўважылі. Некаторыя дагэтуль вельмі селектыўна ўспрымаюць падзеі апошніх дзевяці месяцаў; мажліва, рэч у гібрыднасці гэтай вайны, а можа, на падсвядомасць уздзейнічае гімн краіны, дзе пяецца пра «беларусаў, мірных людзей».

У пачатку кастрычніка 2020 г. я крыху парадаваўся, дазнаўшыся, што віцебскага чыноўніка, які намаўляў падначаленых фальшаваць вынікі выбараў (гэта пацвердзіў, у прыватнасці, старшыня выбарчай камісіі – дырэктар школы), пазбавілі пасады. Рана я радаваўся… Па-першае, міліцыя «не выявіла» парушэнняў на ўчастку. Па-другое, Сярожу з Віцебска папросту перавялі ў Мінск, дзе ён не (ра)згубіўся: заняў пасаду намесніка начальніка Беларускага гідраметэацэнтра. Ну, у тым, што гэткае дабро не патоне, сумнявацца не выпадала. Вунь обер-чыноўніцу Лілю, якая ў 2000-х прагнула стаць валадаркай морскай аўтаркай кніжнай, а ў 2016 г. раздзьмувала пагрозу ад пісаніны траіх публіцыстаў-«рэгнумаўцаў» (іх надоўга закрылі), не выправілі на пенсію, а зрабілі «дэпутаткай»… Цяпер і начальніцай у «камісіі па экстрэмізму».

Як там у актуальнай казцы Яўгена Шварца трактаваў сваіх служак Дракон: «Дзіравыя душы, прадажныя душы, прапаленыя душы, мёртвыя душы». У нашым выпадку лекаванне мае зацягнуцца, бо «пан народ», вядома, паціху дае адпор, але канкрэтнага Ланцэлота на даляглядзе не відаць. Не лічыць жа супергероем Пал-Палыча… (пра яго крыху ніжэй).

Тут мушу перапрасіць за тое, што два месяцы таму мог увесці ў зман асобных чытачоў. Пісаў 10.12.2020: «Дабралася да мяне інфа і пра даведнік Уладзімір Караткевіч, які выйшаў да 90-гадовага юбілею пісьменніка ў дзяржаўным жа выдавецтве Беларуская энцыклапедыя»… Cпасылка вядзе да матэрыялу з sb.by ад 28.11.2020 («Энциклопедический справочник «Уладзімір Караткевіч» вышел к юбилею писателя») аўтарства нейкай Ірыны Васільевай. Я падумаў, што, раз кніга ёсць на фота, яна рэальна выйшла…

Але ж недаацаніў каварства тутэйшых «баявых лісткоў» – яны почасту маняць нават у «маргінальных» для іх пытаннях (успомніў, што падобнае здаралася ў снежні 2016 г., калі філія «СБ», газета «Голас Радзімы», пісала пра канферэнцыю, прысвечаную Максіму Багдановічу). Не выйшаў даведнік «Уладзімір Караткевіч» станам на 28 лістапада, а на фота ў той дзень паказалі макет або муляж. Тыдзень таму пагартаў даведнік у Нацыянальнай бібліятэцы – кніга, выдадзеная на замову міністэрства інфармацыі РБ, была падпісана да друку на месяц пазней, 28.12.2020…

Тут у выходных звестках няма апіскі: напрыклад, у энцыклапедыі паспелі пазначыць год смерці акцёра Барыса Плотнікава, якога не стала 02.12.2020.

У снежні зрабіў агаворку: «Хваліць гэтыя кнігі, не чытаўшы, не бяруся, але сам па сабе факт [іх выхаду] уцешны». Цяпер, у лютым, я ўжо не настолькі гатовы бараніць думку, што лепей такая кніга пра Караткевіча, чым ніякай. Шэраг недахопаў адзначыў на тутбаі 28.01.2021 кандыдат гістарычных навук Дзяніс Марціновіч, але… Як член Саюза пісьменнікаў Беларусі (СПБ), ён, пэўна, пасаромеўся крытыкаваць артыкул пра суполку, да якой належыць. Між тым названы артыкул – бадай, самы абуральны ў даведніку.

За такое варта натаўчы ў каршэнь – паясню, чаму. Пераемнікам Саюза пісьменнікаў БССР, куды Уладзімір Караткевіч быў прыняты ў 1957 г., з’яўляецца Саюз беларускіх пісьменнікаў (СБП), які не знікаў і не мяняў назву. У лістападзе 2005 г. невялікая група літаратараў на чале з Міколам Чаргінцом пакінула СБП і пры падтрымцы адміністрацыі прэзідэнта заснавала сваю, афіцыёзную суполку. Найбольш вядомыя пісьменнікі, у тым ліку таварышы Уладзіміра Караткевіча Рыгор Барадулін, Янка Брыль, Адам Мальдзіс, Сяргей Панізнік, Вячаслаў Рагойша, Васіль Сёмуха, засталіся ў Саюзе беларускіх пісьменнікаў, які, згодна з рыторыкай «чаргінцоўцаў», ішоў шляхам палітызацыі і барацьбы з уладай.

Няма ні маральных, ні юрыдычных падстаў лічыць новаўтвораны «Саюз пісьменнікаў Беларусі» пераемнікам таго, у які ўваходзіў Караткевіч. Піярыць СПБ з яго сервільным кіраўніцтвам («У Доме літаратара прайшоў збор подпісаў у падтрымку дзеючага Прэзідэнта Беларусі, вылучанага на наступны тэрмін у якасці кандыдата. На карысць пераабрання Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі сведчыць многае…», 16.06.2020) пры дапамозе пісьменніка-вальналюба, памерлага ў 1984 г., – сапраўдныя «скокі на костках». Калі б «чаргінцоўцы» гэта рабілі на ўласным сайце – такой бяды, але энцыклапедыя, па ідэі, мусіла б кіравацца такімі прынцыпамі, як узважанасць, грунтоўнасць… Узважаны падыход характэрны для шэрагу іншых артыкулаў, аднак «лыжка дзёгцю» псуе ўвесь «мёд».

Да напісанага Дз. Марціновічам дадаў бы, што мне не хапае артыкулаў «Шахматы» (граюць найважнейшую ролю ў «Ладдзі Роспачы») і «Яўрэі» (пры тым, што «Цыганы» ў энцыклапедыю заслужана трапілі). Тое, што для Уладзіміра Караткевіча яўрэі былі не проста адной з «нацыянальнасцей CCCР», па-мойму, хутчэй аксіёма, чым тэарэма. Але дзеля-мадзеля: ён разумеў ідыш і ў Оршы хадзіў з сястрой на гастрольныя пастаноўкі яўрэйскага тэатра, цікавіўся іўрытам, меў багата сяброў-яўрэяў. Некаторыя з іх згаданы ў энцыклапедыі: Л. Крыгман, Д. Сімановіч…

Паводле Барыса Казанава, Караткевіч казаў яму ў сярэдзіне 1960-х гадоў, што «задумаў раман з яўрэямі, што гэта раманная тэма». Не зусім ясна, што мелася на ўвазе, але персанажы-яўрэі насамрэч фігуруюць ледзь не ў кожным буйным творы пісьменніка, а адзін з вершаў Караткевіча завецца «Яўрэйцы» (1957 г.). І назоў, і акрэсленая сімпатыя да яўрэйскага народу былі рэдкай з’явай у пасляваеннай савецкай літаратуры.

Выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя», улічыце пры перавыданні.

Цяпер – чым «не дагадзіў» П. П. Латушка… Ну, тое, што ў жніўні 2020 г. і пазней ён выказваўся супраць гвалту ў краіне, можна толькі вітаць (лепей позна, чым ніколі), але насцярожвае, што ладная частка яго кар’еры прайшла ў парадыгме «падзяляй і пануй». У сярэдзіне 2000-х малады пасол РБ у Польшчы спрычыніўся да расколу Саюза палякаў у Беларусі, у канцы 2000-х, калі П. Латушка стаў міністрам культуры, узнялася новая хваля «наездаў» на Саюз беларускіх пісьменнікаў («звышмэтай» было яго поўнае падпарадкаванне вышэйзгаданаму СПБ). Членам СБП, якія працавалі ў дзяржустановах, ставілі ўльтыматумы; так зволілі з бальніцы хірурга, паэта Фелікса Баторына (Хаймовіча), пра што ў сакавіку 2010 г. распавядаў мне сам Фелікс Барысавіч.

Існавалі ў пачатку 2010-х і «чорныя спісы» для артыстаў, недастаткова лаяльных з пункту гледжання ўраду. У кастрычніцкім інтэрв’ю з Сяргеем Будкіным Латушка прызнаў іх існаванне, але перакінуў адказнасць на Ірыну Дрыгу, якая ў той час курыравала культуру ў адміністрацыі прэзідэнта, і на аднаго з тагачасных бонзаў адміністрацыі Аляксандра Радзькова. Аналагічна, віну за цкаванне «нелаяльных» пісьменнікаў ён мог бы перакінуць на Чаргінца… але ў такім разе Пал-Палыча давялося б уважаць за чалавека, які на пасадзе міністра выявіўся «пустым месцам». Куды яму ў прэзідэнты, як жадае праект NEXTA (відаць, не без маўклівай згоды самога кіраўніка «Народнага антыкрызіснага ўпраўлення»)?

Недзе – хіба ў кнізе савецкага дысідэнта Якава Сусленскага – бачыў радкі, якія даю ў перакладзе з рускай: «Гэта што – стаяць за праўду, / Ты за праўду пасядзі». Калі зараз і варажыць, хто будзе наступным кіраўніком Беларусі (па-мойму, не час), то выбіраць трэба з тых, каторыя сядзелі або дагэтуль сядзяць за кратамі. Няма чаго ўвішным уцекачам перацягваць медыйна-рэсурсную «коўдру» на сябе!

Збольшага спадабалася, прынамсі кранула спроба дэпутаткі Мінгарсавета 1995 г. нар. «расплюшчыць вочы» удзельнікам «Усебеларускага народнага сходу» 11-12 лютага. Паведамляе «Еўрарадыё» (12.02.2021):

Выступіць у Вольгі Цесаковай так і не атрымалася. Дэлегатка разлічвала падняць тры пытанні. Першае — чаму няма падрабязнай справаздачы Мінэканомікі аб тым, па якіх прычынах не выкананая праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на мінулую пяцігодку.

— Другое пытанне — па змяненні ў Канстытуцыю. Калі ўсё так добра, калі людзі, якія сядзяць там [ва ўладзе. — Еўрарадыё], уяўляюць сабой сілу, за імі праўда, то чаго ім баяцца? Я хацела прапанаваць правесці новыя выбары сумленна і адкрыта з дзеючай Канстытуцыяй.

Трэці не агучаны тэзіс тычыцца вызвалення палітвязняў. Акрамя таго, па некаторых пытаннях Вольга Цесакова галасавала супраць, але аказалася, што рашэнні па іх на УНС прынятыя аднагалосна.

В. Цесакова

Карацей, улады «паблыталі берагі»: нахабна ўтылізуюць што мёртвых (змагары з нацызмам, якія нібыта падтрымалі б Лукашэнку; Уладзімір Караткевіч…), што жывых (Уладзіслаў Каташук, Вольга Цесакова…) І па-ранейшаму баяцца творчых людзей: увечары 13.02.2021 сарвалі канцэрт на турбазе пад Смалявічамі. Цяпер у палоне, сярод іншых, выдатныя рабяты з гурта «Разбітае сэрца пацана», якія ў кастрычніку 2020 г. зайгралі з Бенькай у «Шахматным дворыку» для жыхароў нашага квартала.

Павел Гарадніцкі і Дзяніс Тарасенка

Адносна добрая навіна – змена шыльды на будынку гімназіі, побач з «караткевіцкім» домам.

Было ў траўні 2020 г. і стала ў лютым 2021 г.

Не выключаю, што мясцовым уладам захацелася штось зрабіць «у гонар Караткевіча» – хаця б перакласці шыльду з адрасам на беларускую мову, калі ўжо не знайшлі сродкаў на муралы і пад. Ну, рэжым з белмовай пераносіцца неяк лепей, чым рэжым без яе, аняж лепей бы рэжым сышоў, мова засталася. Мяркую, гэтак скора і будзе: усюдыісная хлусня дадзявае прыблізна ўсім «пластам насельніцтва».

Вольф Рубінчык, г. Мінск

14.02.2021

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 14.02.2021  19:01

Ці трэба Беларусі музей культуры ідыш?

Піша доктар гістарычных навук Леанід Лыч

Калісьці на нашай зямлі квітнела створаная на ідышскай аснове культура. Пачатак ёй паклалі ў канцы XIV стагоддзя запрошаныя ўладамі Вялікага Княства Літоўскага яўрэі. Асноўныя плыні іх ішлі да нас з Нямеччыны і Польшчы. У якасці сродку зносінаў паміж сабою яўрэі гэтых краінаў выкарыстоўвалі ідыш. Ён быў даволі шырока распаўсюджаны на еўрапейскім кантыненце, таму яўрэі добра разумелі адно аднаго незалежна ад месца свайго пражывання. Падобнае можна сказаць і пра шырока распаўсюджаную ў Сярэднявеччы латынь, прычым не толькі ў межах Еўропы. Адзіная камунікатыўнага характару агульнаяўрэйская мова Еўропы ідыш мела пэўныя тэрытарыяльныя асаблівасці, бо ніяк жа нельга было абысціся без папаўнення яе лексікі словамі карэннага насельніцтва той ці іншай мясцовасці.

Падобнае мела месца і ў Беларусі, толькі далёка не ў такіх маштабах, як у Нямеччыне, таму яўрэяў – носьбітаў ідышу яе жыхары разумелі і разумеюць без перакладчыка, што, аднак, пазітыўна не адбілася на іх узаемадачыненнях. У непараўнальна лепшым становішчы, чым беларуская мова, знаходзіўся ідыш у часы Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі. З-за крайне адмоўных наступстваў свядомай палітыкі першай здольныя да літаратурнай дзейнасці беларусы вымушаныя былі пісаць свае творы па-польску, а другой – па-руску. Яўрэі ў гэтых высакародных этнастваральных мэтах выкарыстоўвалі толькі ідыш. І калі цягам XVIII–ХІХ стагоддзяў беларусы на сваёй роднай мове не напісалі нічога такога, чым бы захаплялася Еўропа (яна захаплялася іх польска- і рускамоўнымі творамі), у літаратуры Беларусі на ідыш з гэтым не мелася ніякіх праблемаў. Праўда, пэўныя перашкоды чыніў царызм, але яны не ідуць ні ў якае параўнанне з тым благім, што ён рабіў для беларускай мовы. Сам факт непрызнання беларускай мовы самабытнай, адрознай ад рускай дае ўсе падставы разглядаць моўную палітыку царызму як каланізатарскую, якая нам яшчэ і сёння адрыгаецца непрыемнай пякоткай.

Яўрэі Беларусі могуць ганарыцца, што менавіта іх сын з Капыля Мендэле Мойхер-Сфорым (сапр. Шолам-Якаў Бройдэ, па пашпарце Саламон Абрамовіч) з’яўляецца заснавальнікам новай яўрэйскай класічнай літаратуры. Нарадзіўся ён у 1836 г., а памёр праз месяц пасля Кастрычніцкага перавароту – 25 лістапада (8 снежня) 1917 г. Да выезду ў 1853 г. у Камянец-Падольскі ён яшчэ паспеў закончыць Слуцкую яўрэйскую бурсу. Усе свае літаратурныя творы на ідыш напісаў за межамі Беларусі, аднак іх не могуць не лічыць за свае беларускія яўрэі. Асабліва гэта датычыцца твораў аўтабіяграфічнага характару, дзе паказаныя жыццё, побыт рамеснікаў Капыля – напрыклад, «Шлёма, Хаімаў сын» (1911).

Прыхільнікі пісаць літаратурныя творы на ідыш даволі лёгка інтэграваліся ў нацыянальную палітыку міжваеннай беларусізацыі. Паводле аб’ёмаў выдання ўсіх відаў друкаванай прадукцыі яўрэі ў асобныя гады саступалі толькі беларусам. На ідыш выходзілі і былі вельмі папулярнымі сярод яўрэйскіх чытачоў часопіс «Штэрн» («Зорка»), газеты «Дэр юнгер арбетэр» («Малады рабочы»), «Акцябер» («Кастрычнік»), «Дэр юнгер ленінец» («Юны ленінец»). У 1929 г., напрыклад, на гэтай мове было выдадзена 55 кніг. З 1926 г. на ідыш працаваў у сталіцы рэспублікі Менску Дзяржаўны яўрэйскі тэатр БССР. У тыя гады не меў сабе роўных на ідышскім літаратурным полі Беларусі Ізі Харык. Паводле словаў аўтара кнігі «Еврейские советские писатели Белоруссии» (Мінск, 2006) Гірша Рэлеса, творы гэтага аўтара «отличаются особой музыкальностью».

Далейшую творчую дзейнасць яўрэйскай, як і беларускай, інтэлігенцыі прыпынілі масавыя сталінскія фізічныя рэпрэсіі, пік якіх прыпаў на 1937–1938 гг. Затым не толькі самі яўрэі, але і іх літаратура на ідыш сталі ахвяраю Халакосту.

Спрыяльным ні для яўрэяў, ні для ідышу не назавеш пасляваенны перыяд. Справядліва не бачачы з-за вялікіх заганаў нацыянальнай палітыкі КПСС асаблівых перспектываў у беларускай мастацкай літаратуры, здольныя да такой творчай дзейнасці яўрэі палічылі за лепшае для сябе працаваць на ніве рускамоўнай літаратуры. З ідышам не пажадалі развітацца толькі лічаныя асобы, адзінкі. Адным з найапошніх масцітых яго магіканаў быў Гірш Рэлес (1913–2004).

Аўтарытэт яўрэяў, як і іх мовы ідыш, быў моцна падарваны на ўсёй савецкай прасторы, у тым ліку і ў Беларусі, барацьбой камуністаў з выдуманым імі бязродным касмапалітызмам. І тым не меней да канца першага пасляваеннага дзесяцігоддзя можна было даволі часта чуць ідыш у грамадскіх месцах. Сціх ён трохі пазней. Праз 10–15 гадоў амаль такі гаротны лёс напаткаў на сваёй гістарычнай зямлі і беларускую мову.

Ніколькі не лепшае становішча з ідышам і ў многіх іншых краінах яго колішняга шырокага распаўсюджвання. Ідыш знаходзіцца пад сур’ёзнай пагрозай канчатковага выхаду з рэальнага жыцця, непазбежнага памірання. Гэта разумеюць усе, і цалкам апраўдана, што сярод іх знаходзяцца асобы, гатовыя кінуць якар выратавання ідышу. Не магу прыгадаць, дзе чытаў, што ў ЗША нібыта існуе, функцыянуе нейкая творчая супольнасць людзей, і ёю штосьці практычнае робіцца ў інтарэсах ідышу. Поспеху ім у гэтай высакароднай справе. Найбольш жа заклапочаных трагічным станам ідышу людзей, зразумела, знаходзіцца ў Ізраілі, хоць там і з’яўляецца адзінай дзяржаўнай мовай іўрыт – старажытнаяўрэйская мова. І, думаецца, што сярод тых людзей ёсць нямала яўрэяў з Беларусі, бо тут на ідышы створанае бясцэннае багацце, якім сёння нельга не ганарыцца.

З атрыманнем яўрэямі яшчэ за савецкім часам права выезду на сваю гістарычную радзіму яны ў масавым парадку пачалі пакідаць Беларусь: штогод па 100–150 тысячаў чалавек. Яна да такой ступені абез’яўрэілася, што перапіс насельніцтва 1999 года зафіксаваў толькі 27,8 тысячаў прадстаўнікоў гэтай этнічнай групы. З іх толькі 1508 чалавек назвалі ідыш сваёй роднай мовай!

Несумненна, яшчэ менш было яўрэяў, якія валодалі ідышам, маглі размаўляць, пісаць на ім літаратурныя творы. Пераканаўча сведчыць пра гэта і такі факт: калі ў канцы 1980-х – пачатку 1990-х гадоў у нацыянальны рух разам з беларусамі ўключыліся і ўсе нашыя этнічныя групы (патрэбы ў гэтым не мелася толькі ў рускіх Беларусі, бо тут яны карысталіся такімі ж правамі, як і ў Расійскай Федэрацыі), яўрэі не стварылі аніводнага перыядычнага выдання на мове ідыш. У гэтых мэтах выкарыстоўвалася выключна руская мова.

І ўсё ж раз-пораз ідыш заяўляе пра сябе на беларускай зямлі, сцвярджае, што яшчэ не адышоў на той свет, хоча заставацца на гэтым, як больш вядомым, блізкім чалавецтву. Як ніхто іншы, не дае памерці ў нашым краі ідышу Аляксандр Астравух – аўтар выдадзенага ў 2008 годзе ілюстраванага ідыш-беларускага слоўніка. Яго аб’ём складае 928 старонак, на іх змешчана 25 тысячаў слоўнікавых артыкулаў і 50 тысячаў словаў. Многім падабаюцца аўтобусныя экскурсіі пад назовам «У пошуках ідышу».

Сёння ў Беларусі на мове ідыш пішуць свае літаратурныя творы толькі адзінкі, зведваючы неверагодныя цяжкасці з іх надрукаваннем. У лік такіх творцаў уваходзіць і добра вядомы ў краіне Фелікс Баторын. Шмат у яго і беларускамоўных паэтычных твораў. Ён з’яўляецца сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Вялікай і прыемнай нечаканасцю з’явіўся для мяне змешчаны ў «Краязнаўчай газеце» (№ 7 за 2018 год) «Ліст-зварот да рэдакцыі “Краязнаўчай газеты”» мастака Андрэя Дубініна і палітолага Вольфа Рубінчыка – перакладчыкаў з ідышу. Яны, хоць і з вялікім спазненнем, уносяць вельмі слушную прапанову: усталяваць мемарыяльную дошку ў Мінску на доме па вуліцы Рэвалюцыйнай, 2, дзе ў 1930–1941 гг. выдаваўся орган Аргкамітэта Саюза савецкіх пісьменнікаў БССР яўрэйскі часопіс «Штэрн». Нельга не здзіўляцца, што такога мемарыяльнага знака яшчэ няма ў нас. Ён абавязкова павінен быць. Больш за тое, беларускі ідыш заслугоўвае сабе спецыяльнага музея кнігі на ідыш. Зразумела, не ад нашай беднай дзяржавы, у якой безліч дзірак. За гэтую высакародную справу павінна ўзяцца раскіданая па ўсім свеце беларуская яўрэйская супольнасць, сярод якой нямала і мільянераў. Верыцца, што да стварэння музея мовы ідыш далучацца дзеці, унукі, праўнукі і прапраўнукі, якія пакінулі Беларусь сто і болей гадоў таму.

Я чалавек зусім мала дасведчаны ў музейнай справе, але лічу вельмі карысным, прычым не толькі беларускім яўрэям, сабраць у адведзеным пад гэта будынку ўсю наяўную ў нас літаратуру на мове ідыш, нават і тую, што маюць дзяржаўныя бібліятэкі Рэспублікі Беларусь. З просьбай перадаць літаратуру на ідыш можна звярнуцца да яўрэяў усіх краінаў свету, і тыя з іх, што не збіраюцца следам за Беларуссю рабіць крокі па стварэнні музея ідыш, ахвотна падзеляцца напісанай на ім літаратурай, што надасць мінскаму музею ідыш калі не планетарны, дык еўрапейскі характар.

Дзякаваць богу, у Беларусі яшчэ не перавяліся тыя, хто можа не толькі чытаць і пісаць, перакладаць з ідышу, але і выкарыстоўваць яго ў якасці роднай мовы ў сваёй літаратурнай дзейнасці. З дапамогай такіх людзей можна агучыць найлепшыя літаратурныя творы на ідыш вядомых беларускіх яўрэйскіх майстроў прыгожага пісьменства. Іх, напэўна ж, захочуць пачуць як мясцовыя жыхары, так і замежныя турысты. Не выключана, што такая практыка вельмі паспрыяе іх колькаснаму росту. Вельмі пажадана агучванне сваіх твораў Феліксам Баторыным. Бо дзе гарантыя, што ў нас яшчэ з’явяцца яго паслядоўнікі? Пазітыўных зрухаў для ідышу я, напрыклад, не прадбачу, таму і неабходна закансерваваць яго ўсімі неабходнымі сродкамі. Лепшым з іх, несумненна, з’яўляецца музей кнігі на мове ідыш. Ён неабавязкова павінен размяшчацца ў Мінску, даволі добра забяспечаным рознага роду аб’ектамі мемарыяльнага прызначэння. У гэтых мэтах можна выбраць і першую сталіцу Вялікага Княства Літоўскага Наваградак, славуты сваёй гісторыяй.

Незалежна ад месца стварэння музея нам удасца адным стрэлам забіць не аднаго зайца. Папершае, аддамо заслужаную павагу тым, хто на нашай зямлі стагоддзямі не толькі размаўляў, але і ствараў літаратуру на ідыш і ў цэлым развіваў ідышскую культуру. Падругое, звернем увагу сусветнай цывілізацыі, прычым не толькі яе яўрэйскага складніка, на мэтазгоднасць правядзення канкрэтных захадаў па прытарможванні поўнага заняпаду, а ў лепшым выпадку і рэальнага выратавання ідышу ад смерці. Патрэцяе (і гэта асабліва важна для нашай амаль без уласнага этнанацыянальнага аблічча краіны), абудзім планетарны інтарэс да лёсу існых на сёння тых моваў Зямлі, якія не маюць светлай будучыні. Знікненне любой з іх не робіць аўтарытэту цывілізаванаму свету. І як бы хацелася, каб аб гэтым задумаліся нашыя ўлады, грамадства ў цэлым і штосьці практычнае пачалі рабіць па павышэнні сацыяльнай ролі беларускай мовы. За апошнія дваццаць гадоў такая роля апусцілася амаль да нулявой адзнакі. А вось музей мовы, культуры на ідыш можа і ў беларусаў абудзіць жаданне да прыняцця дзейсных захадаў па выратаванні роднага слова Бацькаўшчыны.

Леанід ЛЫЧ, г. Мінск

Крыніца: «Краязнаўчая газета», № 22 (711), чэрвень 2018 г.

Некалькі абзацаў у адказ

Удзячны паважанаму гісторыку з Нацыянальнай акадэміі навук, які памятае і даваенныя падзеі (чытаў фрагменты з яго мемуараў у «Народнай волі»), за зварот да тэмы. Разам з тым, прапанова стварыць тутака асобны музей ідыша з апорай на выхадцаў з Беларусі, раскіданых па ўсім свеце, не падаецца мне рэалістычнай. Багата ўжо было культурніцкіх праектаў, разлічаных на замежнікаў-багатыроў, рэкламаваліся яны шумліва, а вынікі аказваліся сціплыя; узяць «Дом Вейцмана» ў Моталі, «Яўрэйскае мястэчка пад Мінскам»…

Бадай, сітуацыя зараз увогуле маласпрыяльная для размашыстых праектаў. Два гады таму я выступіў з ініцыятывай правесці сярод беларускіх яўрэяў сацыялагічнае даследаванне, а потым заснаваць у Пінску ці Бабруйску Цэнтр, або «Вышэйшыя курсы» ідыша… «І цішыня». Праўда, было колькі водгукаў ад шанаваных мною чытачоў, але не ад прадстаўнікоў тутэйшых яўрэйскіх суполак, без якіх нялёгка штосьці зрушыць з мёртвай кропкі. І тым больш – не ад мільянераў 🙂

Апрача ўсяго, стварэнне музея ідыша – калі ў Беларусі да яго ўсё ж дойдзе чарга – тоіць у сабе не толькі пазітыў, а і пэўную рызыку. Напрыклад, не хочацца, каб ідышныя кнігі з Нацыянальнай бібліятэкі былі перададзены ў іншую ўстанову; раз-пораз карыстаюся імі ў чытальных залах.

Арыентуюся найперш на «малыя справы» і спадзяюся, што пры дапамозе Беларускага фонду культуры будзе ўсё-такі даведзена да ладу справа з шыльдай у гонар часопіса «Штэрн». Ідэя мемарыяльнай дошкі высоўвалася светлай памяці Гіршам Рэлесам яшчэ ў 2003 г., але толькі ў 2017 г. я даў рады з абгрунтаванай даведкай пра часопіс. Як cёлета выявілася, Мінгарвыканкам не супраць памяткі на Рэвалюцыйнай, 2.

Ахвотных пазнаёміцца з дзейнасцю некамерцыйнай арганізацыі «Yiddish Book Center», якая пераводзiць кнігі (у тым ліку выдадзеныя ў Беларусі) у лічбавы фармат і змяшчае іх у адкрытым доступе, адрасую сюды: https://www.yiddishbookcenter.org У сеціве ёсць таксама групы аматараў мовы кшталту «Идиш – любовь моя» (дарэчы, актывісты названай групы не раз абмяркоўвалі і публікацыі беларускix аўтараў з belisrael.info).

І апошняе. Не сказаў бы, што яўрэі на беларускіх землях цікавіліся выключна літаратурай на ідышы; таксама і той, што на «лошн-кейдэш» (г. зн. на cтаражытнаяўрэйскай, з якой вырас сучасны ізраільскі іўрыт). Напрыклад, ураджэнец Койданава Абрам Рэйзен (1876–1953) згадвае пра сваё юнацтва: «мястэчка знаходзілася за 50 міль ад Менска, дзе жыло некалькі знакамітых пісьменнікаў (праўда, большасць з іх пісала на іўрыце)». Іўрыцкія вершы паралельна з ідышнымі пісаў і бацька А. Рэйзена Калман. Пазней гэткае ж дзвюхмоўе ў творчасці было ўласцівае паэту Элю Савікоўскаму (1893, м. Палонка – 1959, Мінск).

Вольф Рубінчык, перакладчык

 

Ідыш у газеце «Анахну кан» (Мінск, 2002) і бюлетэні «Мы яшчэ тут!» (Мінск, 2008)

Ад рэд. belisrael.info. Запрашаем чытачоў выказвацца наконт прапаноў прафесара Леаніда Лыча, можна і тут: https://www.facebook.com/aar.sh.7503

Апублiкавана 22.06.2018  00:22 

Водгукі чытачоў:

Якаў Гутман (прэзідэнт «Сусветнага згуртавання беларускіх габрэяў»): «Ідэя някепская. На жаль, я не ведаю, хто за гэта возьмецца».

Віктар Жыбуль (кандыдат філалагічных навук, супрацоўнік БДАМЛМ): «Сама па сабе ідэя стварэння музея культуры ідыш – даволі сімпатычная, але, здаецца, малаажыццяўляльная. Проста бібліятэкі і архівы не маюць права нічога перадаваць на пастаяннае карыстанне ў іншыя ўстановы – хіба толькі ў выключных выпадках па абмене фондамі. А ці адгукнуцца прыватныя ўладальнікі выданняў на ідыш – невядома… Усталяванне мемарыяльнай шыльды – справа напраўду больш здзяйсняльная. Хоць сама па сабе “культура шыльдаў”, калі так можна сказаць, у нас пакуль яшчэ на даволі невялічкім узроўні».

Дадана 22.06.2018  16:29

Яшчэ водгукi:

Барыс Лахман: Трэба. Muz zayn.
Cяргей Спарыш: Патрэбны, без варыянтаў.

125 гадоў паэта Элі Савікоўскага

Паэт Эля (Ілья Якаўлевіч) Савікоўскі нарадзіўся 20.01.1893 у мястэчку Палонка Баранавіцкага павета Гродзенскай губерні. Памёр 11.05.1959 у Мінску.

* * *

Гірш Рэлес. Ён быў сярод першых

У пачатку 1920-х гадоў, калі ў Беларусі толькі з’явілася савецкая яўрэйская прэса, сярод яўрэйскіх пісьменнікаў у Мінску вылучаліся Эля Савікоўскі і Мойшэ Юдовін. Эля Савікоўскі ў той час быў адным з найбольш пладавітых паэтаў. У 1923 г. выйшла яго кніга вершаў “Фарместэніш” (“Навыперадкі”). Нягледзячы на тое, што малады паэт выхоўваўся ў рэлігійным духу, шмат гадоў вучыўся ў ешыве, ён прыняў новае жыццё з радасцю і энтузіязмам і асудзіў стары рэлігійны быт.

У 1920 годзе, калі маладая савецкая рэспубліка вяла змаганне з ворагамі, Савікоўскі ў адным з вершаў пісаў:

Свет стаіць – гарматай цэліцца ў мяне,

Хоча ўкласці ніц на брук,

Точыць сваю шаблю-зуб

На мяне.

А я – іду ўперад,

А я – іду ўперад?

Заганяю далеч дзікую ў аброць,

Быццам раскілзанага каня.

Што такое час і чым ёсць плоць,

Калі пеніцца ад націску зямля? (…)

Палі дні зняможаны да ног,

Просіць прабачэння ноч.

Ты замкні сваю крывую крамку, Бог,

Выстаў клунак з ліхам за ламаны грош.

Тоўстымі рукамі неба я буру,

Нанізаў абрыўкі неба на кап’ё.

…Волат змею ў блізкае раннё

Молатам раздушыць галаву.

Вершы Элі Савікоўскага ў той час былі прасякнуты імпэтам і пафасам. У іх адчуваўся ўплыў футурыстаў і сімвалістаў. Яны часта друкаваліся з уласнымі “кампазіцыямі” паэта. Як кажуць знаўцы, у Савікоўскага такі было моцнае музычнае чуццё (у 1930-х Э. Савікоўскі вучыўся ў беларускай кансерваторыі, сябраваў з М. Аладавым, А. Багатыровым. – перакл.). У 1920-х яго вершы часта спяваліся на школьных вечарынах, уключаліся ў праграмы самадзейных калектываў, і нават прафесійныя спевакі мелі іх у сваіх рэпертуарах.

Выявы і факсіміле Э. Савікоўскага – іўрыт, ідыш

Да “вопытнага паэта” тады нясмела завітваў кучаравы хлопец, які падпісваў свае першыя вершы псеўданімам “І. З. Зембін”. Час ад часу разам з Харыкам прыходзіў у рэдакцыю зусім юны бялявы хлапчук, эвакуіраваны з Панявежыса, – Зэлік Аксельрод. Ён прыносіў вершы для газеты “Дэр векер”. Эля Савікоўскі падбадзёрваў пачаткоўцаў:

– Пішыце, хлопцы, з цягам часу будзеце сапраўднымі паэтамі.

Праз пару гадоў вучні пераўзышлі настаўніка. Ля штурвалу маладой ідышнай літаратуры ў Беларусі сталі Ізі Харык, Зэлік Аксельрод, Яша Бранштэйн, Хезкл Дунец. Прыкметнае месца заняла і група пачаткоўцаў з газеты “Юнгер арбэтэр” – Мойшэ Тэйф, Гірш Каменецкі, Хаім Ласкер, Мендл Ліфшыц і іншыя. А паэт Эля Савікоўскі застаўся як бы “у ценю”.

Сціплы Савікоўскі не наракаў на лёс. Наадварот, ён захапляўся тым, як яўрэйская літаратура расквітнела за пару гадоў. І пры гэтым дабрадушна пасміхаўся вачыма праз свае драцяныя акуляры.

Калі Ізі Харык, стаўшы галоўным рэдактарам часопіса “Штэрн”, звяртаўся да Савікоўскага па вершы для часопіса, той адказваў:

– Як-небудзь паспрабую штосьці накрэмзаць…

Між іншым, Харык усе гады ставіўся да Савікоўскага з пашанаю і моцна любіў яго. З боку гэта выглядала трохі дзіўна: вядомы паэт глядзіць “знізу ўверх” на малавядомага, які да таго ж друкуецца дужа рэдка. А калі Савікоўскаму радзілі: “Ну і ну! Чаму ж не нясеце ў “Штэрн” сваіх вершаў? Харык жа канечне іх надрукуе”, – ён адказваў: “Вось таму і не нясу. Харык не адмовіць нават тады, калі гэтыя вершы акажуцца слабымі. Я не хачу карыстаць з такой магчымасці”…

Матэрыяльна Савікоўскі быў забяспечаны. Ён працаваў бухгалтарам і дасягнуў вялікіх поспехаў у сваёй справе. У канцы 1920-х гг. ён стаў галоўным бухгалтарам рэспубліканскай будаўнічай арганізацыі. Аднак з літаратурай сувязей не парваў. Праўда, яго рэдка бачылі ў рэдакцыях і ў пісьменніцкіх суполках, але ён выкарыстоўваў кожную вольную хвіліну для творчасці. Яго творы з’яўляліся і ў перыёдыках, і асобнымі кніжкамі.

Адна з падзабытых публікацый Э. Савікоўскага – верш, прысвечаны амерыканскаму пісьменніку Аўрому Рэйзену. Менская газета “Акцябер”, 1928.

У 1928 г. выйшла яго кніжка вершаў-спеваў для дзяцей школьнага веку. Вершы суправаджаліся ўласнымі мелодыямі Савікоўскага. У 1929 г. убачыла свет п’еса “Эрдлінг” (“Зямельнае”), у 1934 г. – знакамітая дзіцячая п’еса “Папірэнэ тойбн” (“Папяровыя галубы”).

Я лепей пазнаёміўся і пасябраваў з Савікоўскім акурат пасля вайны, калі з яўрэйскіх пісьменнікаў у Мінску апынуліся фактычна мы двое.

Уры Фінкель са сваёй сям’ёй тады жыў у Ракаве. Часта прыязджаў у Мінск Цодык Даўгапольскі, але пастаянным яго месцам жыхарства быў Віцебск. Даўгапольскі любіў раз’язджаць і часцей за ўсё бываў у Ленінградзе, дзе жыла яго дачка. Вельмі часта наведваў ён і Маскву, адкуль прывозіў навіны ў Мінск і пры сустрэчы расказваў, што чутно ў яўрэйскіх пісьменнікаў у Маскве, Кіеве і Адэсе. У Мінску тады жыў гісторык і даследчык літаратуры Лейма Разенгойз, але ён днямі сядзеў у навуковым аддзеле бібліятэкі імя Леніна – збіраў матэрыялы для манаграфіі “Яўрэйская гісторыя ў святле марксісцкага светапогляду”. Над гэтай манаграфіяй ён працаваў шмат гадоў, але завяршыць яе не паспеў – калі Разенгойз сядзеў у бібліятэцы, у яго здарыўся інсульт. Яго адвезлі ў шпіталь, адкуль ён ужо не вярнуўся. Паэт Піня Плоткін ужо жыў у Бабруйску, але з ім мы сувязі не мелі. Толькі з Савікоўскім я меў магчымасць сустракацца і гутарыць пра нашу яўрэйскую літаратуру.

Час ад часу ў выхадны дзень я яму тэлефанаваў:

– Ці не жадаеце глынуць трохі свежага паветра?

– А чаму ж не?

У парку Горкага ў нас была любімая лаўка. Ён прыходзіў да яе з пакункам, і я ўжо ведаў, што там былі яго апошнія вершы і ноты.

– Ну, заспявайце што-небудзь! – прашу яго.

Ён дастае гросбух, куды запісваў свае новыя вершы (дарэчы, гэта было яго звычкай – запісваць вершы менавіта ў бухгалтарскія кнігі).

– Адразу відаць, што Вы – бухгалтар, – кажу я яму.

Ён пасміхаецца і пры гэтым выцірае драцяныя акуляры, якія часта саслізгваюць на канчарык носа. Тады ён павольна папраўляе іх, дастае з кішэні камертон, грукае ім па ствале дрэва, прыкладвае да вуха, хвіліну прыслухоўваецца і пачынае спяваць слабым, але прыемным голасам:

Ля дарогі дрэўца

Стаіць адно на поле.

Танюсенькае дрэўца,

Нізкае, слабое.

Гне яго вятрыска,

Агаляе ўдоўж.

Град дзярэ, як брытва

І лупцуе дождж.

Дрэўца ля дарогі,

Хто цябе прывеціць?

Аднаму ж і дрэўцу

Цяжка жыць на свеце…

– Ну? – пытаецца ён, калі сканчае спевы. І ў вачах яго – цікаўная ўсмешка. Што верш, што мелодыя выйшлі вельмі ўзрушлівыя, але ж яшчэ не зажылі раны, яшчэ свежыя ўспаміны пра фашысцкую навалу… І я прашу яго:

– Зараз давайце штосьці весялейшае.

– Вам не спадабалася? – расчаравана кажа ён.

– Не, якраз спадабалася. Толькі ж і без таго многа горычы…

Ён пачынае гартаць гросбух.

– Ну вось, маю тое, чаго Вы хочаце.

Міма праходзіць парачка. Савікоўскі чакае, пакуль яна пройдзе, зноў дастае камертон, грукае ім аб дрэва і хвілю слухае водгук. І вось ён спявае новую песню:

Прыйшоў ясны дзень – той, што лепшы ад лекаў,

Ён ззяе навокал ружовасцю шчок.

Не грызі сябе, дружа, за шчасцем не бегай,

А збяры ўсе турботы, зашый у мяшок,

Ды нясі іх далей у пустэльнае поле,

Раскладзі там касцёр і дашчэнту спалі,

А калі цябе ўзімку заспее нядоля,

Ты ў палонку яе у мяху зацягні.

Потым рукі абмыеш халоднай вадою,

Акурат як брыдоту якую чапаў,

Тройчы сплюнь – і свабоднай няспешнай хадою

Руш, куды табе трэба, ды крок цвёрда стаў.

Твой светлы настрой ўжо ніхто не саб’е,

Будзеш ты знаўцам і творцам сябе.

– От і я так думаю. – кажу яму.

– Шкада, што няма піяніна, – адгукаецца ён з прыкрасцю, – пад акампанемент атрымалася б нашмат лепей.

Я пытаюся:

– А на рабоце ведаюць, што Вы паэт і кампазітар?

– Яшчэ чаго не хапала! Я б адразу страціў увесь аўтарытэт…

З цягам часу гурток яўрэйскіх пісьменнікаў у Мінску крыху пашырыўся. Вярнуліся з няволі Айзік Платнер, Гірш Каменецкі. Уры Фінкель з сям’ёй перабраўся з Ракава ў Мінск. Савікоўскаму стала з кім пагутарыць на літаратурныя тэмы і апрача мяне.

Апошні раз я бачыў Элю Савікоўскага зімою 1959 года. Мы сустрэліся ў букіністычнай кнігарні. Выглядаў ён кепска: твар бледны, стомлены.

– Што Вы на мяне так глядзіце? – усхвалявана спытаўся ён.

– Проста даўно не бачыў.

– Калі прыйдзе вясна, зноў пабачымся ў парку ля нашай лавачкі, тады я Вам выдам “творчы аччот”…

Але сустрэцца каля нашай любімай лавачкі нам ужо не давялося. У адзін веснавы дзень Элі Савікоўскага не стала. На жаль, я не прыйшоў на пахаванне, бо быў у камандзіроўцы.

Мінула 14 гадоў пасля яго смерці. І вось веснавой раніцой у нядзелю нехта бомкае мне ў дзверы. Прыадчыняю іх і стаю ў здзіўленні: Эля Савікоўскі! Тая самая ўсмешка на губах, той самы добразычлівы позірк – праўда, вочы без драцяных акуляраў. У руках – той самы пакунак, з якім Эля выходзіў у парк. Заўважыўшы маю разгубленасць, чалавек пытаецца:

– Здаецца, я Вас напалохаў?

Той самы голас! Я аж спруцянеў ад нутранага холаду.

– Я – Савікоўскі, заяўляе ён.

Усё стаю, як Голем.

– Вы ж ведалі майго тату?

Толькі тады я змог нешта сказаць:

– Дык значыць, Вы яго сын? Ну што ж, заходзьце, заходзьце.

Калі ён сеў за стол і, на манер бацькі, з усмешкай развязаў пакунак, я адразу ж прыкмеціў знаёмыя бухгалтарскія кнігі.

– Сёлета спаўняецца 80 гадоў з дня нараджэння майго бацькі. Мне б хацелася, каб Вы пра яго ўспомнілі ў часопісе “Саветыш Геймланд”. Вы ж яго добра ведалі…

Я гартаю бухгалтарскія кнігі Элі Савікоўскага. Там – больш за 50 вершаў, створаных ім пасля вайны. Так, ён быў сапраўдным паэтам і кампазітарам, які ўнёс сціплы, але адметны ўклад у магутную плынь яўрэйскай літаратуры.

Гірш РЭЛЕС

(Пераклаў з ідыша Вольф Рубінчык паводле часопіса “Саветыш Геймланд”, Масква, № 11, 1973. Упершыню пераклад апублікаваны ў зборніку Э. Савікоўскага “Likhtikajt”/“Зіхаценне” – Мінск: Шах-плюс, 2008, с. 58–61. Гэты зборнік, як і іўрыцкі 2009 г., убачыў свет дзякуючы дапамозе ўнучкі паэта Сафіі Зіноўеўны Савікоўскай).

* * *

Цікавай фігураю ў яўрэйскай перадрэвалюцыйнай культуры быў паэт-песеннік і кампазітар Элі Савікоўскі. Пэўны час ён жыў у Варшаве, дзе зблізіўся з І. Л. Перацам, там жа пачаў друкавацца. Э. Савікоўскі збіраў фальклор, ствараў песенныя тэксты і складаў для іх музыку, многа пісаў для дзяцей (на ідыш і на іўрыце). Пасля рэвалюцыі, адмовіўшыся ўступаць у савецкія творчыя саюзы, друкаваўся рэдка, таму большая частка спадчыны паэта і кампазітара засталася неапублікаванай (з артыкула Фелікса Баторына “Рэвалюцыя. Рэпрэсіі. Адраджэнне” ў газеце “Літаратура і мастацтва”, 20.03.2015).

Апублiкавана 21.01.2018  00:58