Tag Archives: Фёдор Фогт

ЯШЧЭ ПРА НАТАНА ВОРАНАВА

У дадатак да эсэ Андрэя Дубініна прапануем урыўкі з біяграфічнага нарыса, падрыхтаванага Наталляй Сяліцкай для ўкладзенага ёю зборніка «Натан Воранаў» (Мінск: Беларусь, 2016).

Вокладка трохмоўнага зборніка (96 c., 600 экз.), які дзенідзе яшчэ можна набыць у сталіцы Беларусі

* * *

Творчасць Натана Воранава, выдатнага савецкага жывапісца, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР (1966), дацэнта кафедры малюнка і жывапісу Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (1970), займае годнае месца ў нацыянальным мастацтве ХХ стагоддзя. За сваё яркае жыццё майстрам былі створаны дзіўныя па прыгажосці і выразнасці мастацкай мовы творы, якія адрозніваюцца жанравай і тэматычнай разнастайнасцю.

Натан Майсеевіч Воранаў (1916–1978) нарадзіўся ў Магілёве. У сям’і Майсея і Соф’і раслі яшчэ двое сыноў – старэйшы Аарон і малодшы Веньямін. Бацька быў мастаком і выкладаў у мясцовай мастацкай школе. Відавочна, што творчая атмасфера, у якой рос маленькі Натан, паўплывала ў далейшым на яго жаданне прафесійна займацца мастацтвам.

Да 1953 года на тэрыторыі Беларусі галоўнай навучвальнай установай па прафесійнай падрыхтоўцы мастакоў быў Віцебскі мастацкі тэхнікум. Менавіта туды ў 1931 годзе паступіў Натан і правучыўся там да 1934 года. Яго настаўнікамі сталі знакамітыя Іван Ахрэмчык і Фёдар Фогт. Затым на працягу года Н. Воранаў выкладаў жывапіс і малюнак у школах № 3 і № 20 у Магілёве. У 1934 годзе быў уведзены IV курс навучання ў Віцебску, і мастак працягнуў вучобу. Ужо ў тэхнікуме ён праявіў сябе як выдатны вучань… Пра гэта сведчыць і той факт, што ўжо з 1933 года малады мастак стаў прымаць удзел у выставах.

У 1935 годзе Н. Воранаў у ліку лепшых вучняў быў накіраваны на вучобу ў Ленінград у Інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Я. Рэпіна. Яму пашчасціла паступіць у майстэрню выдатнага савецкага мастака і таленавітага педагога Аляксандра Асмёркіна, які выхаваў некалькі пакаленняў студэнтаў у лепшых традыцыях рускага і заходняга мастацтва. У 1941 годзе ў гэтым інстытуце з поспехам прайшла персанальная выстава Натана Майсеевіча. Гэта быў апошні курс перад дыпломам. Летам малады чалавек павінен быў ехаць на мастацкую практыку ў Карпаты.

Аднак 22 чэрвеня 1941 года пачалася Вялікая Айчынная вайна. У гэты час Н. Воранаў знаходзіўся дома на вакацыях у сваіх бацькоў у Магілёве. Нягледзячы на тое, што студэнт меў права заставацца ў Ленінградзе да заканчэння вучобы, ён прыняў іншае рашэнне. Пасля караткачасовай падрыхтоўкі ў 3-м артылерыйскім вучылішчы (г. Кастрама) Н. Воранаў добраахвотнікам пайшоў на фронт. Маючы магчымасць пазбегнуць страшнай долі ваенных гадоў, ён абраў самы, мабыць, складаны, але годны шлях. Натан Майсеевіч быў з ліку тых беларускіх мастакоў, якія добраахвотна аддалі перавагу зброі замест пэндзляў і палітры. Сярод іх – і майстры, і тыя, хто ў будучым зойме годнае месца ў нацыянальным мастацтве. Дастаткова ўспомніць Б. Аракчэева, А. Бархаткова, Г. Бржазоўскага, В. Вярсоцкага, П. Гаўрыленку, А. Глебава, В. Грамыку, П. Данелію, І. Дмухайлу, С. Каткова, А. Кроля, П. Крохалева, С. Лі, А. Малішэўскага, П. Масленікава, А. Мазалёва, М. Манасзона, М. Савіцкага, У. Сухаверхава, Л. Шчамялёва і многіх іншых – людзей, для якіх свабода краіны cтала сінонімам уласнай свабоды.

Натан Воранаў прайшоў праз усю вайну. У свае няпоўныя 30 гадоў ён камандаваў батарэяй 45-міліметровых процітанкавых гармат на Паўднёва-Заходнім фронце (1942), пазней быў камандзірам узвода разведкі 77-га артылерыйскага палка 248-й стралковай дывізіі на 4-м Украінскім фронце. Тройчы ён знаходзіўся на мяжы фізічнай смерці: аднойчы асколак міны нават прайшоў у міліметры ад сэрца. У другі раз, ужо ў лютым 1945 года, калі Перамога была зусім блізкай, асколкі варожай міны трапілі ў вочы будучаму жывапісцу, на некаторы час пазбавіўшы яго самага важнага для мастака – зроку. У сям’і мастака – у двух унукаў, Паўла і Уладзіміра Кандрусевічаў, таленавітых беларускіх жывапісцаў, – да гэтага часу беражліва захоўваюцца франтавыя лісты дзеда. Гэта як памяць пра гісторыю тых страшных падзей… Літаральна за некалькі дзён да бяды Н. Воранаў напісаў сваім бацькам: «Болей за ўсё крыўдна, што даводзіцца таптацца на месцы ў той час, калі … пабрацімы падлічваюць ужо, колькі засталося кіламетраў да Берліна…» (Бойка, У. А. Беларуская палітра дваццатага стагоддзя. Мінск: Вышэйшая школа, 1976. С. 98).

 

Адзін з узнагародных лістоў на Н. М. Воранава. Крыніца: podvignaroda.ru

Магчыма, гэты факт з біяграфіі мастака шмат у чым вызначыў асаблівасці далейшай творчасці Н. Воранава. На час аслепнуўшы, мастак мроіў аб… колеры! Чалавечая псіхіка ўладкавана такім чынам, што, толькі калі пазбавішся чагосьці вельмі важнага ў жыцці, пачынаеш гэта па-сапраўднаму цаніць. Знаходзячыся ўжо ў ленінградскім шпіталі, прыкаваны да ложка, Натан Майсеевіч успамінаў, як у 1941 годзе на вакацыях у бацькоў ён пісаў букет бэзу ў простай вазе. У яго памяці адбілася, як у залежнасці ад асвятлення змянялася колеравая палітра гэтага немудрагелістага нацюрморта. Варта было камусьці адчыніць дзверы ў пакой – і блікі клаліся на прадметы ўжо зусім па-іншаму, мяняўся каларыт з халоднага на залаціста-бэжавы… Яшчэ прыгадваліся ўступныя экзамены ў Віцебскі мастацкі тэхнікум, калі «строгі і прыдзірлівы» Ф. А. Фогт правяраў у абітурыентаў успрыманне колеру з дапамогай самаробнага альбома, старонкі якога ва ўспамінах мастака нагадвалі мудрагелістую вясёлку… Мастак пасля створыць мноства выдатных карцін, разнастайных па тэматыцы і кампазіцыйным вырашэнні, якія сталі класікай нацыянальнага мастацтва, але, будучы аднойчы агорнуты поўнай цемрай і цудам вярнуўшыся з яе, ён на працягу ўсяго жыцця стане ўслаўляць прыгажосць свету матэрыяльнага, азоранага разнастайнасцю колеру ва ўсёй яго паўнаце. Колер назаўжды зойме галоўнае месца ў яго творчасці.

У ваенныя гады Натан Воранаў рабіў графічныя замалёўкі аднапалчан і тых месцаў, дзе ён ваяваў. Але ўсё роўна ён марыў пра жывапіс, паўнакроўны, шматколерны, важкі… Неўзабаве пасля доўгачаканай Вялікай Перамогі мастаку ўдалося дастаць у шпіталі фарбы і палатно. Сваім родным ён паведаміць: «…Пішу партрэт… Гэта ўпершыню алеем пасля букета бэзу ў Магілёве ў 41-м…» (Там жа, с. 100).

Ужо ў 1946 годзе Н. Воранаў дэмабілізаваўся з Савецкай Арміі. За заслугі перад Айчынай ён быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі (май, 1944), ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені (люты, 1945), медалём «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.» (1945) і яшчэ шэрагам урадавых узнагарод. Выканаўшы свой грамадзянскі абавязак, Натан Майсеевіч цалкам паглыбіўся ў любімы і жаданы свет мастацтва.

У 1948 годзе Натан Воранаў паспяхова скончыў Інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Я. Рэпіна, напісаўшы дыпломную шматфігурную кампазіцыю «Рэйд Каўпака». Яго настаўнікам быў легендарны А. Асмёркін, які даў добры старт маладому мастаку. У свой час Аляксандр Аляксандравіч з’яўляўся актыўным удзельнікам выстаў знакамітага аб’яднанн «Бубновы валет». На яго творчасць моцны ўплыў зрабілі французскі фавізм і кубізм, а таксама мастацкая спадчына Поля Сезана. З часам Натан Майсеевіч шмат у чым пераняў педагагічнае майстэрства А. Асмёркіна і яго любоў да авангарду пачатку ХХ стагоддзя.

Прыехаўшы ў Мінск у канцы 1940-х гадоў, Н. Воранаў упэўнена заявіў пра сябе як пра высокапрафесійнага мастака і вельмі хутка заслужыў прызнанне гледачоў і павагу калег (…) Ён быў верны ідэалам свайго часу і прытрымліваўся ў творчасці асноўных догмаў сацыялістычнага рэалізму – адзінага тады дапушчальнага стылю ў афіцыйным мастацтве. За тры дзесяцігоддзі творчага шляху жывапісцам было створана нямала карцін на гісторыка-рэвалюцыйную і ваенную тэму, напісаны партрэты сучаснікаў, індустрыяльныя і лірычныя пейзажы, нацюрморты. Пра гэтым сюжэтна-тэматычная карціна заставалася для майстра прыярытэтнай. Аднак творчасць Натана Майсеевіча выходзіла за рамкі гэтага метаду. Захоўваючы ідэалагічную аснову афіцыйнага мастацтва, у жывапісна-пластычным вырашэнні сваіх карцін ён творча пераасэнсоўвае спадчыну імпрэсіянізму, а таксама постімпрэсіянізму і фавізму. Такое спалучэнне розных мастацкіх традыцый і бясспрэчнага таленту каларыста робіць асабліва прывабнай творчасць мастака і для сучаснага гледача. (…)

 

Н. Воранаў, «Аўтапартрэт з дачкой», 1956 г. (крыніца: voronov.by); афіша выставы 2016 г. у Нацыянальным мастацкім музеі

У апошні год свайго жыцця Натан Воранаў моцна хварэў. Ён пайшоў з жыцця на 62-м годзе, у самым росквіце творчых сіл. Да канца сваіх дзён мастак не пераставаў тварыць. Занятак жывапісам для яго быў падобны да натуральнай чалавечай патрэбы дыхаць.

Творы Натана Воранава знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага мастацтва г. Мінска (цяпер Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў), фондах Беларускага саюза мастакоў, у Музеі гісторыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, прыватных калекцыях Беларусі і замежных краін.

Апублiкавана 07.05.2018  01:46