Tag Archives: Александр Осмёркин

ЯШЧЭ ПРА НАТАНА ВОРАНАВА

У дадатак да эсэ Андрэя Дубініна прапануем урыўкі з біяграфічнага нарыса, падрыхтаванага Наталляй Сяліцкай для ўкладзенага ёю зборніка «Натан Воранаў» (Мінск: Беларусь, 2016).

Вокладка трохмоўнага зборніка (96 c., 600 экз.), які дзенідзе яшчэ можна набыць у сталіцы Беларусі

* * *

Творчасць Натана Воранава, выдатнага савецкага жывапісца, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР (1966), дацэнта кафедры малюнка і жывапісу Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (1970), займае годнае месца ў нацыянальным мастацтве ХХ стагоддзя. За сваё яркае жыццё майстрам былі створаны дзіўныя па прыгажосці і выразнасці мастацкай мовы творы, якія адрозніваюцца жанравай і тэматычнай разнастайнасцю.

Натан Майсеевіч Воранаў (1916–1978) нарадзіўся ў Магілёве. У сям’і Майсея і Соф’і раслі яшчэ двое сыноў – старэйшы Аарон і малодшы Веньямін. Бацька быў мастаком і выкладаў у мясцовай мастацкай школе. Відавочна, што творчая атмасфера, у якой рос маленькі Натан, паўплывала ў далейшым на яго жаданне прафесійна займацца мастацтвам.

Да 1953 года на тэрыторыі Беларусі галоўнай навучвальнай установай па прафесійнай падрыхтоўцы мастакоў быў Віцебскі мастацкі тэхнікум. Менавіта туды ў 1931 годзе паступіў Натан і правучыўся там да 1934 года. Яго настаўнікамі сталі знакамітыя Іван Ахрэмчык і Фёдар Фогт. Затым на працягу года Н. Воранаў выкладаў жывапіс і малюнак у школах № 3 і № 20 у Магілёве. У 1934 годзе быў уведзены IV курс навучання ў Віцебску, і мастак працягнуў вучобу. Ужо ў тэхнікуме ён праявіў сябе як выдатны вучань… Пра гэта сведчыць і той факт, што ўжо з 1933 года малады мастак стаў прымаць удзел у выставах.

У 1935 годзе Н. Воранаў у ліку лепшых вучняў быў накіраваны на вучобу ў Ленінград у Інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Я. Рэпіна. Яму пашчасціла паступіць у майстэрню выдатнага савецкага мастака і таленавітага педагога Аляксандра Асмёркіна, які выхаваў некалькі пакаленняў студэнтаў у лепшых традыцыях рускага і заходняга мастацтва. У 1941 годзе ў гэтым інстытуце з поспехам прайшла персанальная выстава Натана Майсеевіча. Гэта быў апошні курс перад дыпломам. Летам малады чалавек павінен быў ехаць на мастацкую практыку ў Карпаты.

Аднак 22 чэрвеня 1941 года пачалася Вялікая Айчынная вайна. У гэты час Н. Воранаў знаходзіўся дома на вакацыях у сваіх бацькоў у Магілёве. Нягледзячы на тое, што студэнт меў права заставацца ў Ленінградзе да заканчэння вучобы, ён прыняў іншае рашэнне. Пасля караткачасовай падрыхтоўкі ў 3-м артылерыйскім вучылішчы (г. Кастрама) Н. Воранаў добраахвотнікам пайшоў на фронт. Маючы магчымасць пазбегнуць страшнай долі ваенных гадоў, ён абраў самы, мабыць, складаны, але годны шлях. Натан Майсеевіч быў з ліку тых беларускіх мастакоў, якія добраахвотна аддалі перавагу зброі замест пэндзляў і палітры. Сярод іх – і майстры, і тыя, хто ў будучым зойме годнае месца ў нацыянальным мастацтве. Дастаткова ўспомніць Б. Аракчэева, А. Бархаткова, Г. Бржазоўскага, В. Вярсоцкага, П. Гаўрыленку, А. Глебава, В. Грамыку, П. Данелію, І. Дмухайлу, С. Каткова, А. Кроля, П. Крохалева, С. Лі, А. Малішэўскага, П. Масленікава, А. Мазалёва, М. Манасзона, М. Савіцкага, У. Сухаверхава, Л. Шчамялёва і многіх іншых – людзей, для якіх свабода краіны cтала сінонімам уласнай свабоды.

Натан Воранаў прайшоў праз усю вайну. У свае няпоўныя 30 гадоў ён камандаваў батарэяй 45-міліметровых процітанкавых гармат на Паўднёва-Заходнім фронце (1942), пазней быў камандзірам узвода разведкі 77-га артылерыйскага палка 248-й стралковай дывізіі на 4-м Украінскім фронце. Тройчы ён знаходзіўся на мяжы фізічнай смерці: аднойчы асколак міны нават прайшоў у міліметры ад сэрца. У другі раз, ужо ў лютым 1945 года, калі Перамога была зусім блізкай, асколкі варожай міны трапілі ў вочы будучаму жывапісцу, на некаторы час пазбавіўшы яго самага важнага для мастака – зроку. У сям’і мастака – у двух унукаў, Паўла і Уладзіміра Кандрусевічаў, таленавітых беларускіх жывапісцаў, – да гэтага часу беражліва захоўваюцца франтавыя лісты дзеда. Гэта як памяць пра гісторыю тых страшных падзей… Літаральна за некалькі дзён да бяды Н. Воранаў напісаў сваім бацькам: «Болей за ўсё крыўдна, што даводзіцца таптацца на месцы ў той час, калі … пабрацімы падлічваюць ужо, колькі засталося кіламетраў да Берліна…» (Бойка, У. А. Беларуская палітра дваццатага стагоддзя. Мінск: Вышэйшая школа, 1976. С. 98).

 

Адзін з узнагародных лістоў на Н. М. Воранава. Крыніца: podvignaroda.ru

Магчыма, гэты факт з біяграфіі мастака шмат у чым вызначыў асаблівасці далейшай творчасці Н. Воранава. На час аслепнуўшы, мастак мроіў аб… колеры! Чалавечая псіхіка ўладкавана такім чынам, што, толькі калі пазбавішся чагосьці вельмі важнага ў жыцці, пачынаеш гэта па-сапраўднаму цаніць. Знаходзячыся ўжо ў ленінградскім шпіталі, прыкаваны да ложка, Натан Майсеевіч успамінаў, як у 1941 годзе на вакацыях у бацькоў ён пісаў букет бэзу ў простай вазе. У яго памяці адбілася, як у залежнасці ад асвятлення змянялася колеравая палітра гэтага немудрагелістага нацюрморта. Варта было камусьці адчыніць дзверы ў пакой – і блікі клаліся на прадметы ўжо зусім па-іншаму, мяняўся каларыт з халоднага на залаціста-бэжавы… Яшчэ прыгадваліся ўступныя экзамены ў Віцебскі мастацкі тэхнікум, калі «строгі і прыдзірлівы» Ф. А. Фогт правяраў у абітурыентаў успрыманне колеру з дапамогай самаробнага альбома, старонкі якога ва ўспамінах мастака нагадвалі мудрагелістую вясёлку… Мастак пасля створыць мноства выдатных карцін, разнастайных па тэматыцы і кампазіцыйным вырашэнні, якія сталі класікай нацыянальнага мастацтва, але, будучы аднойчы агорнуты поўнай цемрай і цудам вярнуўшыся з яе, ён на працягу ўсяго жыцця стане ўслаўляць прыгажосць свету матэрыяльнага, азоранага разнастайнасцю колеру ва ўсёй яго паўнаце. Колер назаўжды зойме галоўнае месца ў яго творчасці.

У ваенныя гады Натан Воранаў рабіў графічныя замалёўкі аднапалчан і тых месцаў, дзе ён ваяваў. Але ўсё роўна ён марыў пра жывапіс, паўнакроўны, шматколерны, важкі… Неўзабаве пасля доўгачаканай Вялікай Перамогі мастаку ўдалося дастаць у шпіталі фарбы і палатно. Сваім родным ён паведаміць: «…Пішу партрэт… Гэта ўпершыню алеем пасля букета бэзу ў Магілёве ў 41-м…» (Там жа, с. 100).

Ужо ў 1946 годзе Н. Воранаў дэмабілізаваўся з Савецкай Арміі. За заслугі перад Айчынай ён быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі (май, 1944), ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені (люты, 1945), медалём «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.» (1945) і яшчэ шэрагам урадавых узнагарод. Выканаўшы свой грамадзянскі абавязак, Натан Майсеевіч цалкам паглыбіўся ў любімы і жаданы свет мастацтва.

У 1948 годзе Натан Воранаў паспяхова скончыў Інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Я. Рэпіна, напісаўшы дыпломную шматфігурную кампазіцыю «Рэйд Каўпака». Яго настаўнікам быў легендарны А. Асмёркін, які даў добры старт маладому мастаку. У свой час Аляксандр Аляксандравіч з’яўляўся актыўным удзельнікам выстаў знакамітага аб’яднанн «Бубновы валет». На яго творчасць моцны ўплыў зрабілі французскі фавізм і кубізм, а таксама мастацкая спадчына Поля Сезана. З часам Натан Майсеевіч шмат у чым пераняў педагагічнае майстэрства А. Асмёркіна і яго любоў да авангарду пачатку ХХ стагоддзя.

Прыехаўшы ў Мінск у канцы 1940-х гадоў, Н. Воранаў упэўнена заявіў пра сябе як пра высокапрафесійнага мастака і вельмі хутка заслужыў прызнанне гледачоў і павагу калег (…) Ён быў верны ідэалам свайго часу і прытрымліваўся ў творчасці асноўных догмаў сацыялістычнага рэалізму – адзінага тады дапушчальнага стылю ў афіцыйным мастацтве. За тры дзесяцігоддзі творчага шляху жывапісцам было створана нямала карцін на гісторыка-рэвалюцыйную і ваенную тэму, напісаны партрэты сучаснікаў, індустрыяльныя і лірычныя пейзажы, нацюрморты. Пра гэтым сюжэтна-тэматычная карціна заставалася для майстра прыярытэтнай. Аднак творчасць Натана Майсеевіча выходзіла за рамкі гэтага метаду. Захоўваючы ідэалагічную аснову афіцыйнага мастацтва, у жывапісна-пластычным вырашэнні сваіх карцін ён творча пераасэнсоўвае спадчыну імпрэсіянізму, а таксама постімпрэсіянізму і фавізму. Такое спалучэнне розных мастацкіх традыцый і бясспрэчнага таленту каларыста робіць асабліва прывабнай творчасць мастака і для сучаснага гледача. (…)

 

Н. Воранаў, «Аўтапартрэт з дачкой», 1956 г. (крыніца: voronov.by); афіша выставы 2016 г. у Нацыянальным мастацкім музеі

У апошні год свайго жыцця Натан Воранаў моцна хварэў. Ён пайшоў з жыцця на 62-м годзе, у самым росквіце творчых сіл. Да канца сваіх дзён мастак не пераставаў тварыць. Занятак жывапісам для яго быў падобны да натуральнай чалавечай патрэбы дыхаць.

Творы Натана Воранава знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага мастацтва г. Мінска (цяпер Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў), фондах Беларускага саюза мастакоў, у Музеі гісторыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, прыватных калекцыях Беларусі і замежных краін.

Апублiкавана 07.05.2018  01:46

Андрэй Дубінін пра Натана Воранава

Натан Воранаў. Партрэт (эцюд)

Піша мастак Андрэй Дубінін (яго нядаўняе эсэ пра М. Данцыга чытайце тут)

“Верасень. Сланечнікі”, 1973 г., 168х80 см, палатно, алей.

Калі праглядаеш рэпрадукцыі карцін Натана Воранава (на ягоным сайце, зробленым унукамі-мастакамі), то адразу бачыш дзве лініі ў яго творчасці – “грамадска-палітычную” і прыватную, камерна-інтымную.

“Рэйд Каўпака”, 1948 г., 108х180 см, палатно, алей; “Па даручэнні ленінскага ЦК РКП(б). Мінск, 1919”, 1954 г., 193х330 см, палатно, алей.

“Раніца ў кастрычніку”, 1957 г., 130х177 см, палатно, алей; “Сталінградскія будаўнікі ў гасцях у мінчан” (у сааўтарстве з Я. Зайцавым і Ф. Дарашэвічам), 1951 г., 250х379 см, палатно, алей.

Паміж гэтымі дзвюма серыямі твораў, здаецца, далёкімі адна ад другой, паставім такую заўвагу, якая павінна выконваць ролю злучніка “і” — спалучальнага і раздзяляльнага адначасова. Калі тэматычна яны вельмі адрозныя, то кропкай іх яднання ёсць, безумоўна, жывапіс. І тут неабходная такая заўвага-максіма – тэма ў мастацтве нічога не вырашае, яна цалкам нейтральная ў адносінах да самога факта мастацтва. Прыгадаем выраз Стафана Малармэ: “Вершы ствараюцца не з думак і нават не з эмоцый, а са словаў” (з мазкоў фарбы ў нашым выпадку). Сюжэт добрай карціны – гэта рух яе колеравай, жывапіснай масы.

Цікава назіраць, як свядомы камуністычны рамантык у партыйнай замове спрабуе намацаць уласны імпульс, а сапраўдны жывапісец у ім адвяргае тэму праз распушчанне яе ў чыстым жывапісе. Амаль любы яго так званы “партыйны” твор можна парэзаць на кавалкі, уставіць у рамы – і гэта будзе змястоўны кавалак дабротлівага жывапісу. Як па Гегелю – барацьба і адзінства проціпалажэнняў.

Да вясны. Сяброўкі”, 1967 г., палатно, алей, 78х100 см; “Роздум”, палатно, алей, 87х126 см

“Партрэт Рамановіча Я. С.”, 1967 г., палатно, алей, 80х158 см

“У майстэрні мастака”, 1973 г., палатно, алей, 82х114 см; “Адчыненае акно. Вясна прыйшла”, 1978 г., палатно, алей, 107х147 см

Кожны пасмяротны юбілей, гадавіна, агаляе праблему – наколькі мастак і яго творчасць актуальныя, наколькі яны прайшлі выпрабаванне часам і перыядычнымі запамненнямі. Што каштоўнага ён можа адкрыць нам, сённяшнім. Я бы ўзяў эпіграфам да творчасці Натана Воранава (1916–1978) словы аднаго з савецкіх пісьменнікаў: “Куды лягчэй апісаць узлёт рэактыўнага самалёта, чым шэранькі імжлівы дзянёк у Падмаскоўі”. Воранаў якраз умеў пісаць імжлівы дзянёк, дзе жыццё раптам знаходзіць гармонію ва ўласнай будзённасці. Як жа акрэсліць ягонае мастацкае крэда? Як ацаніць партрэты, пейзажы і нацюрморты? У старыя партрэтныя формы, скампраметаваныя галерэямі савецкіх будаўнікоў камунізму, ён укладае якасна новы сэнс. Змяняючы асвятленне, ён змяняе прынцыпы працы з формай – не выяўляючы яе, а наадварот, дэфармуючы, “мажа” супраць анатоміі, супраць індывідуалізацыі, аднак знаходзячы ўсё гэта на якасна іншым узроўні. З мастацка-кампазіцыйнага пункту гледжання гэта дазваляе казаць аб некаторай метадалагічнай устаноўцы аўтара – “зняць” партрэтнасць, ссунуць акцэнт з фатаграфічна-біяграфічнай мэты пісання партрэта і замяніць яго працай з паверхняй палатна, паставіць чыста мастацкую задачу. Ён патрабавальны да формы, што відаць у кампазіцыях партрэтаў, амаль заўсёды “экс-цэнтрычных”, ссунутых, на ломцы шаблона. У гэтым сэнсе памкненні формы ў ягоных творах – адасяродкавыя (як і пазбягаючыя святла). Магчыма завершыць такім азначэннем, выводзячы яго з папярэдніх – ён увогуле “колерацэнтрычны”.

Жывапіс у працах Воранава – гэта рэакцыя на святло. Слова “рэакцыя” я разумею тут хутчэй як пераход да процілеглага стану, а “святло” – як тагачасную ўстаноўку на аптымізм ды бесканфліктнасць. Яго мастацкая цікаўнасць, інтарэс – “прыцемкавы” бок быцця. Прыцемкі ці слабое святло золка распушчаюць у сабе прадметы, грані формы, рысы твару. Аўтарская ўстаноўка “супраць святла” (літаральна “контражур”) – не проста метад працы, яна ўяўляе яго шкалу каштоўнасцяў. Сысці са святла ў паўзмрок, у сцень – у тыя часы азначала і свядомы сыход са сцэны – дзеля самазахавання, і не ў першую чаргу для захавання ў сабе мастацкасці.

Паглядзім на воранаўскія партрэты – сем з дзесяці, прадстаўленых на сайце, напісаны ў контражуры ці з асвятленнем, якое амаль не выяўляе твар. Падобнае бачым у нацюрмортах. Асабліва характэрны нацюрморт “Верасень. Сланечнікі” (1973). Я адчуваю ў гэтым кутнім, “праходным” нацюрморце аўтапартрэт Н. Воранава, таму я і паставіў яго на самым пачатку артыкула пад імем і прозвішчам мастака. Карціна амаль такога ж росту, як і сам мастак, вышыня нацюрморта – 168 см, цалкам “чалавечая”, так бы мовіць. Але сутнасным тут з’яўляецца кропка гледжання – з паўцемры, на нейкі завал сланечнікаў, і праз расчыненыя дзверы – на заліты сонцам дворык. Атрымаўся светла-ценевы (“к’яраскурны”) аксюмаран – сланечнікі (бо ад “сонца”) ў поцемках, у баку ад святла і свята жыцця. Гэта ж наўпрост партрэт душэўнага стану і жыццёвае крэда: будзень, быт, дом. Самым галоўным у жыцці зрабіліся – святасць быту, прыватнага жыцця, хатняга вогнішча. Гэта можна абазваць “прыватнай маёмасцю” ці прыватным скарбам мастака. І мы далёка зойдзем, разважаючы, якую душэўную працу прарабіў Н. М. Воранаў, прайшоўшы эвалюцыю ад камуністычнага рамантыка да “дробнага прыватніка”.

У кінематаграфіі існуюць прызы і прэміі за ролю другога плана, сярод іх ёсць адмысловы “Оскар” – за Performance by an Actor in a Supporting Roleперакладаецца як “роля другога плана”. Дакладны пераклад дае больш тэндэнцыі – “дапаможная роля”, роля, што якраз і дапамагае граць “каралёў ды каралеў”. Крыху з гісторыі братняй музы: напачатку акторы другога плана ўдзельнічалі ў конкурсе нароўні з выканаўцамі галоўных роляў. Асобны “Оскар” пачалі ўручаць за ролю другога плана з 1937 г. Такім “Оскарам” за свядомы выбар другапланнай пазіцыі ў жыцці і мастацтве мы б маглі адзначыць творчы наробак Натана Воранава. Заўважым, аднак, адбывалася гэта таксама і па той прычыне, што ён быў інтраверт і насіў свет у сабе. Можна сказаць, што мастак рэшта рэштаў слушна адчуў маштаб свайго таленту і змог прывесці яго ў згоду са сваім жыццём, а ў жывапісе здолеў знайсці сваю тэму і максімальна поўна яе сфармуляваць. З гэга і вынікае гармонія яго жывапіснага свету.

Яго творчасць можа быць адным з прыкладаў этычнага выхавання. Палітычныя “карцінкі” – рэч больш-менш спрэчная, а партрэт ці нацюрморт з “песымістычным інтэлігенцкім прыцемкам” вельмі ясна і проста дэманструюць перавагу над афіцыйнымі канонамі і схемамі. “Улада, дзяржаўны парадак часта павінны выконваць сумныя, крывавыя абавязкі, але ў паэта, дзякуй Богу, няма абавязку іх апяваць”, – напісаў Пётр Андрэевіч Вяземскі пасля чытання вершаў Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна “Паклёпнікам Расіі” і “Барадзінскія ўгодкі”. І як толькі стала магчымым, мастак цішком адышоў ад адпаведнай ідэалагізаванай тэматыкі да таго, да чаго сэрца ляжала.

Н. Воранаў з дачкой Марынай (фота з voronov.by)

У тыя часы, калі было адчуванне, што ўся старая культура спарахнела, аджыла сваё, што жывапісам займацца сорамна – рабіць “традыцыйныя” палотны, дзе адчувалася імпрэсіяністычная школа Асмёркіна – гэта значыла адчуваць, што культура тут і знаходзіцца.

“На прадвесні”, 1977 г., палатно, алей, 103х225 см

Проста жыццё часам здабывае гармонію ва ўласнай штодзённасці.

Апублiкавана 06.05.2018 16:46