Май Данцыг. Буйніцы і драбніцы.
Піша мастак Андрэй Дубінін
Блізкасць падзеяў часта робіць з драбніцаў буйніцы, якія перспектывай часу расстаўляюцца па сваіх месцах, і, адпаведна, наадварот.
* * *
Відаць, самая дасканалая з фармальнага пункту гледжання карціна Мая Данцыга – пейзаж «Мой Мінск», зроблены ім у 1967 г. (год святкавання 900-гадовага юбілею Мінска), вельмі выразны і запамінальны краявід Мінска. Дыяганальны скок моста, які чытаецца спінай самога Горада, што з гранічнай натугай трымае цяжар гісторыі (цагліны будынкаў розных часоў) і лёсу (цяжкое, суворае неба) і спрабуе нарэшце выпрастацца.
Колькі ні гляджу на гэты краявід, прыходзіць у галаву пластычны перагук з другой карцінай другога мастака – «Партрэт кампазітара Кара Караева» Таіра Салахава (нар. у 1928 г.). Я думаю, што М. Данцыг некалі быў вельмі ўражаны гэтым партрэтам – гэта перагукалася з яго тэмпераментам мастакоўскім і чалавечым па кантрастнасці колераў, па дынамізму кампазіцыі, уяўляю сабе, як ён любаваўся, прымружваў вочы, адкідаючы галаву ўбок ды назад.
Т. Салахаў, «Партрэт кампазітара Кара Караева» (1960); М. Данцыг, «Мой Мінск» (1967)
Ці не занадта рызыкоўнае гэтае збліжэнне? Фармальнае падабенства кампазіцыі для мяне відавочна, але гэта малое апраўданне, суб’ектыўнае. Час, калі напісаныя гэтыя творы – 1960 і 1967 гг. – час паслясталінскі. Дух часу знаходзіў сваё ўвасабленне ў розных творах, даходзячы да знаку, як у партрэце Кара Караева, дзе чорную паласу пераскоквае-пералятае белая дуга спадзеву, метафізіка часу надае такую моц і напругу партрэту, які я наогул прачытаў бы як Рэквіем перажытаму краінай, тое, што Шастаковіч выразіў Восьмай сімфоніяй. Гэткім разуменнем метафізікі формы я і аб’ядноўваю гэтыя карціны.
Яшчэ адна цікавая асацыяцыя – чалавеку, знаёмаму з альфабэтам ідыша або іўрыта павінна бачыцца першая літара «алэф» – אַ у фармальнай схеме кампазіцыі краявіду, як кажуць – ты яго ў дзверы, а ён у вакно. Гэта пра яўрэйскасць Данцыга, якую ён ніколі не акцэнтаваў.
* * *
Першае мае вочнае знаёмства з Маем Вольфавічам – гэта прагляд работ у тэатральна-мастацкім інстытуце (сённяшняй акадэміі мастацтваў), на першым курсе аддзялення станковага жывапісу. Першым заданнем першакурснікаў было напісанне нацюрморту. У маленькую майстэрню ўвалілася амаль ўся кафедра – загадчык, прафесары, выкладчыкі. Эцюды нацюрмортаў (падрыхтоўчыя эскізы) і самі нацюрморты былі расстаўленыя паўкругам да святла з вокнаў. Данцыг амаль адразу падыйшоў да майго маленькага эцюда і ўзяў у рукі, каб лепей разгледзець.
А. Дубінін, «Эцюд» (1981), палатно, алей, 43Х41 см
Кароткі дыялог:
– Чей этюд?
– Мой.
– Хороший этюд.
Гэта мяне надта суцешыла і падмацавала – самага малодшага і слабога ў групе. Але цікавейшая тут вельмі жывая, непасрэдная, амаль дзіцячая рэакцыя аўтарытэтнага мастака – здзівіцца карціне іншага, падыйсці ды палюбавацца. Такі незвычайны – да тактыльнага – кантакт з майстрам надта ўражваў, гэтым ён быў непадобны на іншых нашых выкладчыкаў. Праз гэта я навучыўся разумець і самі карціны мастака. Эцюд быў напісана экспрэсіўна, не пэндзлем, a вялікім мастыхінам, без загладжвання і шліфоўкі – да такіх дробных дэталяў, як рабіны ці перчыкі на снурку. Гэтая раскрытасць тэхнікі, што выводзіць форму на мяжу згубы прадметнасці – якраз уласціва была самому мастацкаму почырку Данцыга.
* * *
З якім смакам ён часам браўся «правіць» зробленае студэнтам – спінай і плячамі паводзіў, як бы пазначаючы і пашыраючы прастору вакол сябе, тады прасіў «папраўляемага» гусцей надавіць фарбы з цюбікаў, ды бялілаў паболей (нагадвала нейкі кулінарны працэс, дзе інгрэдыенты павінны быць прадстаўленымі з горкай). Выбіраўся найвялікшы пэндзаль, і Данцыг пачынаў «квасіць» і квэцаць фарбай па соннай карціне. Заварожвалі вітальнасць падзеі, відавочная асалода мастака ад нагрувашчвання тлустых слаёў фарбы – праз сваю вагу яна ледзь не зрывалася з паверхні палатна.
* * *
Ці можна сказаць нешта істотна важнае, каб атрымаць ключы да такой буйнай фігуры беларускага мастацтва, як Май Данцыг?
Дамінуючай тэмай яго твораў засталася вайна, дакладней, ВОВ – «Великая отечественная война».
М. Данцыг, «Партызанскае вяселле» (1968),
М. Данцыг, «Беларусь – маці партызанская» (1967)
М. Данцыг, «Партызанская балада» (1969); «Легенда пра Беларусь» (1974)
М. Данцыг, «І помніць свет уратаваны» (1985), 3,5х7м
Адразу працытую Валянціна Акудовіча: «Крытэрый вайны як Вялікай Айчыннай, значна звужае і проста-такі нахабна спрошчвае гэтую неверагодна трагічную падзею, зводзячы яе да аднамернага супрацьдзеяння: “свае” – “чужыя”. І ў дадатак надае вайне высокародны сэнс, якога ў яе не было і быць не магло.
Там, дзе вайна, там няма высакародства (па-за прыватна-канкрэтнай сітуацыяй). У бруд і ў кроў упэцкваюцца ўсе. Там, дзе вайна, там няма герояў і антыгерояў, ёсць толькі пакутнікі і ахвяры…
Вайна – гэта паганства, вайна – гэта вяртанне чалавека ў задушлівае лона першабога, жорсткага і помслівага».
Афорты Гойі з серыі «Бедствы вайны» (параўнайце назовы) паказваюць такое глыбіннае разуменне вайны. 200 год таму:
Ф. Гойя, ліст 18, «Хаваць і маўчаць»; ліст 30, «Ахвяры вайны»
Ф. Гойя, ліст 9, «Яны не хочуць»; ліст 5, «Яны зрабіліся, як дзікія звяры»
* * *
Час, у які фармаваўся Данцыг, завецца «Адліга» («оттепель»), гэта канец 1950-х – пачатак 60-х гадоў ХХ ст.
Прывяду думку Барыса Парамонава: «Не прынята казаць што-небудзь негатыўнае пра гэты час, які стаў апошнім савецкім міфам, – нават немагчыма. Аднак негатыўнае меркаванне немагчыма таму, што негатыву, як, зрэшты, і пазітыву, у гэтага часу не было. Самога гэтага часу не было. Гэта нейкая культурна-гістарычная пустата, нуль, прорва, хіатус. Пятнаццаць гадоў – з 1953 да 1968 – краіна існавала ў нейкім “междумирье” … Эпоха не мела ўласнага зместу – вось мой тэзіс. Я не хачу паўтараць агульнавядомае аб гэтых гадах, аб выкрыцці культу Сталіна і вызваленні палітвязняў. Гэта было, і гэта нямала; але, кажучы аб унутранай пустаце гэтай эпохі, я маю на ўвазе яе, як ні дзіўна гэта гучыць, ідэйную, то ёсць культурную, пустэчу. Калі не пустата, то ўжо сапраўды таптанне на месцы. І гэта таптанне выдавалася за “адраджэнне ленінскіх нормаў партыйнага і дзяржаўнага жыцця”. Вось гэта і было пустэчай і хлуснёй. Хлусня гэтых гадоў – у спробе рэстаўрацыі камуністычнага міфа, легенды пра добры камунізм. Чалавека з густам ванітуе ад выразу “дзеці XX з’езда”. І вядомыя падзеі сапраўды спрыялі ўзнікненню ілюзіі пра добры камунізм. Стала здавацца, што гэтая сістэма сапраўды здольная да нейкай эвалюцыі ў лепшы бок. Эпоха была не тым, за што яна сябе выдавала».
І гэтая оптыка, узятая Данцыгам (ды іншымі беларускімі мастакамі) для паказу «ВОВ» была сумнеўнай. Цэлы рэй мастакоў тае пары спаборнічалі ў свайго роду «гларыфікацыі» вайны – «нашай, народнай, справядлівай» і г.д. Ствараліся не карціны, што заглыбляюць тэму, а нейкія загалоўкі для перадавіцы «Партызанскае вяселле» – нешта накшталт «Партызаны Гомельшчыны адгулялі ўжо шостае вяселле, нягледзячы на рэжым акупацыі», ці «Новы ўраджай», дзе камбайнёры прынеслі сноп каласоў да абеліску з зоркай. Каб адчуць фальшывасць узятага тону, дастаткова ўявіць, што на абеліску напісана: «на гэтым месцы знішчана 2600 чалавек». І я не аб тым, што такое немагчыма, карціна ў першую чаргу – фармальныя сродкі магчымага. Толькі сродкі абраны не тыя, ілюстратыўная рыторыка на падставе аксюмарана – як іначай назваць «Партызанскае вяселле», каханне на вайне, такі «гарачы снег». Вось як можа выглядаць такі метад: ідзе мастак, чыстая душа, вострае вока, глядзіць – маладая, прыгожая дзяўчына развешвае бялізну сушыцца. Прышчэпкай сціскае сэрца ад харашосці, і карціна пішацца.
М. Данцыг, «Сонечны дзень» (1966)
Сюжэт выдатна адаптуецца для «партызанскай» тэмы – вязанку прышчэпак замяніць на кулямётную стужку, у куце паставіць кулямёт, і назваць: «Партизанские будни. Банный день в отряде». Але гэта па-за мастацкім метадам.
* * *
На аддзяленні станковага жывапісу ёсць такі прадмет – кампазіцыя. На занятках па кампазіцыі студэнт мусіць вучыцца «сачыняць» карціну. На 4-м курсе я перайшоў у майстэрню да прафесараў Крохалева і Данцыга. На першым жа занятку, нешта вымучыўшы на зададзеную тэму, я прынёс эскіз да Мая Вольфавіча. Ён, хутка зірнуўшы на аркуш, звычайным сваім бадзёрым тонам сказаў: «Андрей, подвигай фигуры!» Я быў агаломшаны – бо гэта не прафесійная размова, калі магчыма абмеркаванне выбудовы сюжэта, якімі кампазіцыйнымі сродкамі яго апрацоўваць і г.д. Засталося смутнае здзіўленне – а як жа мастак стварае свае вялізныя карціны, калі ён не можа даць рады з такой драбязой? Не хоча ці не ўмее?
Болей ніякіх сур’ёзных абмяркаванняў кампазіцыйнай працы ў нас на курсе не вялося, аж да заканчэння інстытута.
* * *
Анталагічная сувязь паміж кампазіцыямі Салахава і Данцыга такая ж, як, скажам, паміж гравюрай Гойі і «Гернікай» Пікаса. ХХ стагоддзе паказала, што бар’ер «індывідуума» як «не-дзялімага» (лац. Individere) пераадолены. Чалавек лёгка «падзяліўся» на скуру для абажураў, і ў гэтым жа стагоддзі «атам» – «не-разразальны» (гр. a-tomos «нярэзаны, някошаны») лёгка «разрэзаўся» ў ядзерным сінтэзе атамных выбухаў. Свет Дэмакрыта (з атамам у аснове) і гуманістаў Адраджэння (з індывідуумам у аснове) быў фізічна і філалагічна пераадолены.
Ф. Гойя, «Бедствы вайны», ліст 39, «Слаўны подзвіг!»
Ніжэй – яшчэ адна гравюра Гойі, выява таго, як звярынае перайшло бар’ер і пачало крышыць людзей. Побач я прывожу карціну «Герніка» П. Пікаса – яны для мяне вельмі блізкія, і не таму, што быў нейкі плагіят (я ўглядаю тут нават люстраную сіметрыю). Я думаю, гэта слушнае пачуццё вялікіх мастакоў дапамагае выяўленню сутнасці таго, што адбываецца. Бык, што ўвасабляе сабой жывёльнае, хтанічнае ў натуры чалавека, і аскепкі гэтага «недзялімага» – фрагменты «гуманнага» арганізма і гуманізму, вырашаныя жывапіснай тэхнікай ХХ ст. (кубізм).
Франсіска Гойя, ліст 21 з серыі «Таўрамахія», «Смерць алькальда з Тарэхона», 1815–1816
Пабла Пікаса, «Герніка», 1937
Прывяду некаторыя трактоўкі намаляванага на карціне «Герніка»:
«Мноства рознагалоссяў выклікала намаляваная ў левым верхнім куце карціны галава быка – гэта персанаж, які глядзіць на ўсё, што адбываецца вакол, абсалютна абыякава, яго погляд накіраваны ў нікуды. Ён не спачувае ўдзельнікам карціны, не можа зразумець усяго жаху таго, што адбываецца. Некаторыя мастацтвазнаўцы лічаць, што гэта ўвасабленне фашызму і ўсяго сусветнага зла. Менавіта быку конь, які знаходзіцца ў цэнтры, адрасуе свае апошнія «праклёны», але бык не заўважае яго, як і не заўважае ўсё, што адбываецца навокал. Іншыя даследчыкі, напрыклад Н. А. Дзмітрыева, мяркуюць, што бык – сімвал глухаты, неразумення, няведання».
Гэта ўсё – не пра Гішпанію, і не пра партызанку ВОВ, іх родніць нешта больш глыбіннае. Той, хто чытаў «Дзённік пісьменніка», ведаюць, як шмат увагі надаў Дастаеўскі тагачасным турэцкім зверствам, накшталт здзірання скуры з палонных славян. Але вось што ён піша ў адным з раздзелаў «Дзённіка» ад лютага 1877 года:
«…калі не здзіраюць тут на Неўскім скуру з бацькоў на вачах у іх дзяцей, то хіба толькі выпадкова, так бы мовіць, па незалежных ад публікі абставінах, ну і, зразумела, таму яшчэ, што гарадавыя стаяць … словы мае я разумею літаральна … І вось пра гэта здзіранне я і сцвярджаю, што калі яго няма на Неўскім, то хіба выпадкова … і, галоўнае, таму, што пакуль яшчэ забаронена, а што за намі, можа быць, справа бы і не стала, нягледзячы на ўсю нашу цывілізацыю».
Па словах Б. М. Парамонава, «вось тут пачынаецца сапраўдны Дастаеўскі, сапраўдны, – калі ён ад пытанняў ідэалагічных і палітычных пераходзіць да пытанняў, так бы мовіць, антрапалагічных… Што меў на ўвазе Дастаеўскі, кажучы пра здзіранне скуры на Неўскім праспекце? Гаворка ішла аб цёмных глыбінях усякай чалавечай душы … Гэта не туркі на Балканах зверствуюць, а мы, – хоча сказаць Дастаеўскі: дакладней – мы і ёсць гэтыя самыя туркі… Дастаеўскі … ведае, што гэты ўнутраны турак – сам чалавек, паднаготная яго, яго псіхалагічнае падполле. А ўжо хто знаўся на падполлі лепей за Дастаеўскага!»
Ф. Гойя, «Шабаш», 1821–1823 гг.
Вось гэта і ёсць сапраўдным сюжэтам узятай тэмы. Ці можна гэта верыфіцыраваць праз творчасць Данцыга? Так, але адзіная папраўка – гэта будзе не наш Данцыг, Май Вольфавіч, а расійскі Данцыг Сяргеевіч Балдаеў.
* * *
Выпадак, засведчаны Ларысай Фінкельштэйн. На пасяджэнні па падрыхтоўцы першай выставы работ Марка Шагала ў Беларусі падняўся Май Вольфавіч і сказаў:
– Предлагаю назвать выставку «От Марка до Мая».
* * *
Пейзаж з Халоднай сінагогай – гэта не кампазіцыя ўжо, а пазіцыя; калі хочаце, чалавечая і этычная пазіцыя Данцыга. Ён сваю яўрэйскасць паставіў не «во главу угла», але прыхаваў у куце.
М. Данцыг, «Мой горад старажытны, малады» (1972). Для параўнання прыведзены люстрана абернуты «Мой Мінск» (1967).
Праз пяць год Данцыг зноў скарыстоўвае схему карціны «Мой Мінск» (у сваю чаргу інспіраваную строем і настроем салахаўскага партрэта). Не маючы кампазіцыйных прынцыповых знаходак, спрабуе паўтарыць творча ўдалую карціну – тая ж дыяганальна пастаўленая дуга (выгнуты мост – прагнутая вуліца), якую накрыж перасякае дарога-мост, такі ж высокі гарызонт гарадскога краявіда, маштабнасць. Змянілася крыху святло – на цяплейшае. Вырашэнні Данцыга часта паходзяць з «аранжыровак», з перакладаў на сваю мастацкую мову (мы бачылі, як шчыра, па-дзіцячаму непасрэдна, не зважаючы на ўмоўнасці, маэстра ўмее рэагаваць на мастацтва) тых твораў іншых мастакоў, якія яго ўражвалі.
М. Данцыг, «Насустрач жыццю» (1958), 160х319,5 см; «Навасёлы» (1962), 200х200см
М. Данцыг, «Дзяўчына на балконе» (1965), 80х110 cм; «Палітра новабудоўлі» (1979), 200x220 cм
Гэта і дыпломная праца – выпускнікі, што ідуць ранкам чыстай дарогай (сюжэт тагачаснага мастацтва, які набіў аскому), і разабраны вышэй «Мой Мінск». «Навасёлы» паказвае маладую пару, што паджалася ў кут перад новай, неабжытай падлогай, у якую ўзіраюцца, як у экран будучага жыцця – сталася не першай карцінай на гэтую тэму, але адным з лепшых мастацкіх рашэнняў. Шматлікія новабудоўлі – з малярамі і пакоі з вёдрамі фарбаў перад працай. Вось тут і фармулюецца асабістае пакліканне і мастацкае заданне мастака – здзіўленне навізне, новаму, уменне паглядзець на рэчы «новымі» вачыма, «незамыленым позіркам», як кажуць мастакі. У «малярна-новабудоўлевай» серыі тэма навізны, свежасці спалучылася з жыццёвым тонусам мастака – яго цягай, уменнем і патрэбай здзіўляцца (так і казыча сказаць «па-дзіцячаму» – бо як яшчэ адносіцца да прастадушнай прапановы назову выставы «от Марка до Мая»).
Асобна адзначу карціну «Дзяўчына на балконе». Тут мастак убачыў і адчуў мастацкую форму таго, што адбываецца. Фарбы ў вёдрах і бляшанках – і карціна быццам з’яўляецца з іх cумесі. Мяшанне мастацкага і матэрыяльнага свету – гэта гульня з прыёмам (кубісты добра пагуляліся з гэтым – гл., напрыклад, «Сухія фарбы» Пятра Канчалоўскага), якую мастак усё ж не здолеў паглыбіць, знайсці метафізічны грунт. Гэта не было цікава Данцыгу, не было ягоным «modus operandi». Ён капіяваў знешне такія прыёмы – як і калажы – уклееныя фрагменты газет і часопісаў. А задача чыста мастацкая – паказаць штучнасць, несапраўднасць мастацтва, паказаць фізічна той стык, дзе фарба пачынае працаваць як колер, які і выяўляе «прадметнасць» прадмета.
«Навасёлы», «Мой Мінск», «Дзяўчына на балконе» – гэтыя карціны, на маю думку, лепшыя ў творчасці М. Данцыга, бо ў іх мастак стварыў сувымерную свайму таленту прастору, менавіта яны адэкватныя ягонаму творчаму метаду і маштабу. Такі мастацкі даробак варты мастацкага таленту Мая Вольфавіча Данцыга.
Андрэй Дубінін, г. Мінск, для belisrael.info
Апублiкавана 28.03.2018 11:16