Tag Archives: музей «Пространство Хаима Сутина»

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (62)

Аўска-жнівеньскі шалом! Гэта серыя пра юбілеі, пра ізраільска-беларускага рабіна-дзівуна, пра тое, што дзеецца навокал, асабліва ў сферы культуркі.

Юбілеі… Не ведаю, як каго, а мяне ўжо горача павіншавалі з 500-годдзем беларускага кнігадруку 🙂 Нагадаю, што 5 жніўня 1517 года Францішак Скарына надрукаваў у Празе Псалтыр – на царкоўнаславянскай мове, але ў беларускай рэдакцыі, дый сам Скарына паходзіў «са слаўнага горада Полацка». У Беларусі-2017 была абвешчана кампанія «Пяцісотгоднасць», а ў Нацыянальнай бібліятэцы пастаўлены павялічаныя копіі скарынаўскіх фаліянтаў ды спецыяльны вясёлы стэнд… Ваш пакорлівы слуга яшчэ 16 чэрвеня прымасціўся да яго.

Цешыць, што апошнім часам у краіне ладзяцца шахматныя турніры ў гонар знамянальных падзей, вось і «500-годдзе беларускай кнігі» трэнер-суддзя-арганізатар Віктар Барскі не абышоў увагай. Палажэнне аб турніры па хуткіх шахматах 19-20 жніўня падрыхтавана таксама па-беларуску – усё, як належыць, хоць і з дробнымі памылачкамі. Зрэшты, мяне зараз больш вабяць гексашахматы.

Таксама ў пачатку жніўня адзначалі сто гадоў з дня нараджэння Янкі Брыля, народнага пісьменніка Беларусі (1917–2006). Наш аўтар шчодра падзяліўся ўспамінамі пра Івана Антонавіча, дзе адзначыў, сярод іншага: «Сярод яго любімых пісьменнікаў быў Рамэн Ралан з яго творам «Кала Бруньён» і Шолам-Алейхем». Я б таксама падзяліўся, аднак бачыў Янку Брыля толькі двойчы (у 2000 г., калі адбылася публічная сустрэча з ім на Інтэрнацыянальнай, 6, у Мінскім аб’яднанні яўрэйскай культуры, і ў 2002 г. – тады паспрабаваў пагутарыць з ім у кулуарах Дома літаратараў, ды класік быў заняты). Пагэтаму проста працытую пару мініяцюр Янкі Брыля з кнігі «Вячэрняе» (Мінск, 1994), у якой нямала гаворыцца пра яўрэяў, старонках аж на трыццаці… Папраўдзе, не толькі добрае.

* * *

Ярэмічы. Лета 1941 года. Паліцаі змушалі старую, хворую яўрэйку ўзбірацца на тэлеграфны слуп… Вясковыя хлопцы, што яшчэ ўчора, здаецца, былі звычайнымі, спакойнымі, нявіннымі рабацягамі.

Яўрэйская дзяўчына, што раней вучылася з Колем Б., прыбегла да яго, хаваючыся ад гвалтаўнікоў-паліцаяў.

«Каб яшчэ хто людскі прапанаваў такое, а то… Не, лепш ужо мне памерці!»

* * *

Зноў прыгадаліся два пажылейшыя за мяне яўрэі з друкарні, якіх я частаваў пасля выхаду першай кнігі. Як пілі мы, чам закусвалі, у якім закутку друкарні гэта было – добра не памятаю. Прозвішча загадчыка наборнага цэха Рудзін; я запомніў яго, відаць, з-за Тургенева. А прозвішча загадчыка цэха друкарскага не запомнілася – ад імені нейкага, здаецца, без вышэйшых асацыяцыяў. П’янкі, вядома, не было, яўрэі людзі акуратныя, а ўражанне ад маёй удзячнай радасці, ад іхняга разумення яе – памятаю.

З Рудзіным, чалавекам самавіта-сур’ёзным, мы і пасля гэтага, як і перад гэтым, прыязна здароваліся. А той другі, цяпер безыменны, па-прасцецку, дабрадушна губаты, пры сустрэчы шырока ўсміхаўся: «Ну, а калі будзе другая кніга?»

…Захацелася дадаць, што я тады быў літработнікам «Вожыка», апранутым абы-як, у «юнраўскія» неданоскі, і гэта, відаць, яшчэ больш збліжала мяне з тымі небагатымі, працоўнымі людзьмі.

* * *

Чатыры тыдні таму папрасіў знаёмага здабыць дысер Ганны Бартнік – калі помніце, гаворка пра яе даробак вялася ў папярэдняй серыі… Ні адказу, ні прыказу, ні нават аўтарэферату, хоць электронная пошта працуе спраўна. Меркаваў, што пачытаю, а тады ўрывак будзе перакладзены з польскай і змешчаны на нашым сайце, аднак, калі ў канцы ліпеня з «Берегов» даведаўся, што Ганне дапамагалі такія «адмыслоўцы», як Леанід С. і Якаў Б., абазнаныя больш у агітацыі ды прапагандзе, чым у навуцы (ведаю, ведаю, пра што кажу…), то неяк і расхацелася. Па-ранейшаму рады за маладую даследчыцу з Польшчы, якая робіць паспяховую кар’еру на ніве іудаікі. Разам з тым хацеў бы згадаць, што, калі ў красавіку 2006 г. францужанка Клер Ле Фоль абараніла ў Парыжы доктарскую на тэму «Гісторыя і рэпрэзентацыі яўрэяў Беларусі (1772–1918)», то вельмі скора я атрымаў раздрукоўку «з дастаўкай дахаты», а было ў ёй звыш 600 старонак. Разумніца Клер не цуралася майго «самвыдату» – перадала бюлетэню «Мы яшчэ тут!» сенсацыйны архіўны дакумент, датычны беларускага грамадзянства Хаіма Нахмана Бяліка, па маёй просьбе адшукала першую публікацыю Ізі Харыка ў часопісе 1920 года. Пераклаў я ў 2008 г. для «Arche» рэцэнзію Ле Фоль на кнігу Аркадзя Зельцара пра яўрэяў Віцебска, а ў 2009 г. – артыкул пра «беларусізацыю» яўрэяў у міжваенны перыяд. Потым нашыя шляхі разышліся, але «асадачак застаўся» – збольшага прыемны.

Д-р Ле Фоль і яе праца

З сайтам belisrael.info, які фармальна не з’яўляецца пляцоўкай для навуковых публікацый (як не з’яўляліся газета «Анахну кан» і бюлетэнь «Мы яшчэ тут!»), супрацоўнічаюць або супрацоўнічалі досыць вядомыя даследчыкі: гісторыкі Цімафей Акудовіч, Барыс Гольдзін, Маргарыта Кажанеўская, Уладзімір Краўцоў, Анатоль Сідарэвіч, Іна Соркіна, філолагі Лявон Баршчэўскі, Дзмітрый Дзятко, Віктар Жыбуль, Віталь Станішэўскі, металазнаўца Марыя Гальцова, псіхолаг Людміла Мірзаянава, эканаміст Маргарыта Акуліч… Прашу дараваць, калі на кагосьці забыўся. Многія з іх маюць дыплом кандыдата навук – калі на заходні манер, то доктара (Ph. D.). Асабіста я рады чытаць якасныя тэксты незалежна ад статусу аўтараў і дзякую ўсім, хто давярае сайту (спадзяюся, галоўны рэдактар мяне падтрымае :)) Тым не менш запрашаю амбітных навукоўцаў-практыкаў больш актыўна дзяліцца сваімі знаходкамі з чытачамі ізраільска-беларускага сайта. Мець дадатковую «творчую лабараторыю» нікому, бадай, не зашкодзіць…

Падобна, мінчанка М. Акуліч так і трактуе сайт – «трэніруецца» тут, потым пашырае свае публікацыі ў іншых месцах. Нядаўна ў яе выйшла невялікая электронная кніга «Идиш, Холокост и евреи Беларуси»; азнаямляльны фрагмент можна пачытаць бясплатна. Выданне будзе карыснае тым, хто цікавіцца мовамі ды гісторыяй краіны, аднак толькі пачынае знаёмства з «яўрэйскай тэмай». Нават сам выхад кнігі здольны падштурхнуць чытачоў да актыўнасці ў слушным кірунку; праўда, хацелася б усё-такі большай глыбіні, меншай колькасці памылак (Астравух стаў «Астарухам» і г. д.)… З пажаданнем аўтаркі ідышу – «хочацца верыць, што гэтая мова яшчэ загучыць у поўную сілу на беларускай зямлі» – цяжка не згадзіцца, іншая справа, што спадзеў на «заможныя краіны», якія, паводле М. Акуліч, маюць дапамагчы адраджэнню мовы грашыма, выглядае наіўна. «Або няхай яны ўсе разам скінуцца на даражэзны помнік ідышу, які трэба пабудаваць у РБ», – тут я магу толькі паціснуць плячыма. Як на мой одум, то лепей адны «жывыя» курсы ідыша з парай энтузіястаў, чым тузін помнікаў.

 

Па-свойму дбае пра ідыш-культуру Аляксандр Фурс, былы вучань «яўрэйскіх класаў» 132-й школы, каардынатар праекта «Яўрэйскія твары Беларусі», музыка і чалавек у пошуку. Ладзіць бясплатныя для наведвальнікаў экскурсіі, вось і 13.08.2017 запрашае прыйсці а 6-й вечара да брамы Вайсковых могілак Мінска. «Мы пазнаёмімся з постаццю ІзіХарыка і даведаемся, як Янка Купала адпачываў разам з класікам ідышыцкай літаратуры. Даведаемся, як габрэйскі хлопчык Самуіл Плаўнік патрапіў у “Нашу Ніву” ды яшчэ шмат цікавага!» – інтрыгуе Алекс (арфаграфія арыгінала захаваная). Мо і падскочу… З іншага боку, «ідышыцкае» на афішцы крыху насцярожвае – такi прыметнік мне не знаёмы. Ведаю словы «ідышны», «ідышысцкі»; нячаста сустракаю варыянт «ідышаўскі». Ну, хіба пасля экскурсіі вакабуляр папоўніцца…

Агулам беларуская культура, незалежна ад «намаганняў» адпаведнага міністэрства, паступова ўзбагачаецца… Расце музей «Прастора Хаіма Суціна» ў Смілавічах пад Мінскам, якому французскі калекцыянер нядаўна падараваў дзве работы Шрагі Царфіна (адну, гуаш «На лузе», сёлета, балазе ў музеі ёсць ужо зала Царфіна). Шчыруюць мае калегі-перакладчыкі, якім неабыякавая спадчына жывых і мёртвых пісьменнікаў, ідышных і іўрыцкіх. З апошніх найбольш пашанцавала, бадай, юбіляру гэтага месяца Этгару Керэту – у апошнія пару гадоў выйшла дзве яго кнігі па-беларуску.

Усе тры белмоўныя кнігі тав. Керэта: 2007, 2016, 2017

Ёсць неблагія шансы, што яшчэ сёлета ў Мінску будуць надрукаваныя зборнікі паэзіі Хаіма Нахмана Бяліка і Майсея Кульбака. Рыхтуецца і новы, больш дасканалы за ранейшыя пераклад рамана «Зельманцы» («Зэлмэнянцы») – імпэту мастака-ідышыста Андрэя Дубініна можна толькі пазайздросціць.

Зараз – колькі абзацаў пра аднаго ізраільска-беларускага рабіна, які ведае ідыш мо лепей за ўсіх нас, ды скіроўвае свае сілы ў сумнеўнае рэчышча… Я паглядзеў яго інтэрнэт-ролікі, жорстка раскрытыкаваныя ў сеціве (яўрэямі і неяўрэямі). У адрозненне ад некаторых гора-каментатараў, завочныя дыягназы ставіць не бяруся; Ігаэль І. выглядае здаровым чалавекам, і асаблівасці яго жэстыкуляцыі не выходзяць за рамкі нормы. Мяркуйце самі

Р. Ігаэль пад канец 2000-х вярнуўся з Кір’ят-Гата ў родны Мінск, пэўны час наведваў сінагогу на Даўмана, 13б, ды потым рассварыўся з кіраўнікамі, назваў яе «свінагогай» і з’ехаў жыць у Барань пад Оршай. (Папраўдзе, на Даўмана не такое ўжо кепскае месца, прынамсі яўрэі завітваюць не адно дзеля ежы, а сёлета прыязджаў туды памаліцца чалавек з Бразілі, які вывучае беларускую…) Рээмігрант узяўся выкрываць «апазіцыю» і «ліберастаў», заходнія спецслужбы, «сіянісцкі істэблішмент» і прафесійных яўрэяў РБ за тое, што адныя стварылі «міф пра Курапаты», а іншыя падтрымліваюць. Трасе кнігай свайго знаёмца, беларускага журналіста Анатоля С. (ужо не жыве), які ў 2011 г. даказваў, што ў Курапатах расстрэльвалі толькі гітлераўцы пасля 1941 г., а не «саветы» ў 1937–1941 гг. Падобныя «доказы» грамадскай камісіі не раз даследаваліся ў 1990-х гадах, і заўжды спецыялісты прыходзілі да высноў пра іх неабгрунтаванасць. Можна не давяраць Зянону Пазняку праз яго палітызаванасць – заявы пра «камуна-маскоўскі генацыд» у Курапатах сапраўды былі залішне эмацыйнымі – але прафесійным археолагам Міколу Крывальцэвічу і Алегу Іову я давяраю куды больш, чым неназванай жонцы Ігаэля, «тожа археолагу».

Рэбе Ігаэль «зрывае покрывы» ў стылі Анатоля Васермана (aka Онотоле)

Прыхільнікам «нямецкай версіі» можна падзякаваць хіба за тое, што яны крыху разварушылі абыякавае грамадства, падштурхнулі апанентаў да больш уцямных фармулёвак. Што да Ігаэля І., у яго лекцыі прагучалі цікавыя звесткі пра «Яму», дзе яўрэі нават у брэжнеўскі час збіраліся не толькі 9 мая (на грамадзянскі мітынг), а і, негалосна, 9 ава… Апошняя традыцыя была закладзена значна раней – з года вызвалення Мінска – і пратрывала да 1989 года. Мінская рэлігійная абшчына пераехала ў Сцяпянку, а потым на рог Друкарскай і Цнянскай з Нямігі пасля таго, як у сярэдзіне 1960-х была знесена Халодная сінагога. Каб жа паважаны рабін і далей разважаў на гэтыя, рэальна вядомыя і блізкія яму тэмы, а не пра «ўсенародна выбранага Прэзідэнта» і яго каварных ворагаў…

Вольф Рубінчык, г. Мінск

12.08.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 12.08.2017  23:39