Tag Archives: Александр Зиновьев

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (71)

А зноў – шалом-здароў! Вечнае вяртанне да серыі № 70 скончылася вось чым. Я падумаў, што «Катлеты & мухі», серыял, які дэманструецца звыш 30 месяцаў (з жніўня 2015 года), трэба перафарматаваць. У ранейшых выпусках было (за)шмат усяго: успаміны, развагі пра мінулае і сучаснасць, анонсы, цытаткі, ідэйкі на грані ўтопій, жарцікі на грані сарказму, элементы палітычных даследаванняў і расследаванняў… Карацей, паліталагічныя скорагаворкі. Тое, што яны не ўсім чытачам падабаліся, – гэта натуральна, праблема ў тым, што і мне яны паступова надакучваюць. Ні Бялкоўскага, ні Навальнага, ні Гюнтэра Вальрафа, або, на крайні выпадак, Лёліка Ушкіна з мяне не выйшла (не вельмі-то хацелася :)). Між тым «праект» існуе і давёў сваё права на існаванне – кідаць яго шкада… Пакуль так: асноўную частку «Катлет…» будуць складаць мудрыя думкі розных прыкметных асоб, а палітсатыра і мае ўласныя меркаванні адступяць на задні план. Ну, сёння яшчэ трохі пазунзоню.

Then am I                                Жыву

A happy fly,                            ці паміраю я –

If I live,                                   Муха я

Or if I die.                                Шчаслівая.

(радкі з верша Уільяма Блэйка – я сам у шоку)

Тым часам зварот у адміністрацыю Фрунзенскага раёна сталіцы РБ даў нейкі плён…

 

Як было (у 2017 г.; гл. 38-ю серыю) і як стала (фота 17.04.2018). Слушна-такі «Bieruta».

Гуляючы па вуліцы Прытыцкага, жыццядайнай для Фрунзенскага раёна, агулам нямала цікавага можна пабачыць. Цешаць вока жыхароў і гасцей Каменнай Горкі рыбы, намаляваныя, няйначай, у чацвер.

Фота 2017 г.

Тут бы i наладзіць пікет у падтрымку Насці Рыбкі, якую крыўдзяць злыя чыноўнікі Тайланда, яны ж тайцы (не блытаць з Якавам Тайцам, слынным дзіцячым пісьменнікам, ураджэнцам нашай Смаргоні).

А вось абяцанкі-цацанкі 2014 года:

За плотам – дзялка плошчай звыш гектара, выглядае так:

Мінск, 17.04.2018

Няўжо і мы – «краіна фасадаў», як менаваў Расію маркіз Астольф дэ Кюстын? Рабяткі на казырным участку ля метро і самі не будуюць, і іншым каторы год не даюць – каму тое выгадна?

Дарэчы, звярніце ўвагу на вуліцу пад мілагучнай назвай «1-ая Раённая магістраль» – «скучно, девушки». Назвалі б у гонар Гервасія Вылівахі (героя славутай аповесці Уладзіміра Караткевіча «Ладдзя Роспачы»), як радзіў Саюз беларускіх пісьменнікаў!.. Дый ваш пакорлівы слуга ў 2015 г. прапанаваў два дзясяткі варыянтаў, каб увекавечыць у Мінску памяць знакамітых яўрэяў. Можа, ідэю і падтрымалі тутэйшыя гісторыкі з яўрэйскімі каранямі (адзін з іх пазіцыянуе сябе як «паўжыдак-паланафіл» :)), ды мне пра тое невядома.

Затое некаторым тутэйшым дужа спадабаўся дэмагагічны, a мо правакацыйны артыкул ізраільца Уладзіміра Бейдэра. Чаго варты наезд на «дзяржаўнага яўрэя» з Украіны, Іосіфа Зісельса: «яўрэй забіў Пятлюру – і вось вам усім Халакост… Зісельс падмацаваў хісткі тэзіс сваім сумленным яўрэйскім імем у сваім статусе на асабістай старонцы ў “Фэйсбуку”». Далей робіцца выснова, што такія, як Зісельс, дапамагаюць апраўдваць забойцаў з ліку ўкраінскіх нацыяналістаў.

І. З. мне, як кажуць, не сват і не брат, хоць аднойчы я паціскаў яму руку (не шкадую). На самай справе год таму ён напісаў наступнае: «Па заканчэнні сімпозіума “Шоа ва Ўкраіне” мы пагулялі па Парыжы і зайшлі павячэраць у рэстаран на вуліцы Расіна. На выхадзе з гэтага рэстарана звыш 90 гадоў таму Самуіл Шварцбард 25 мая 1926 года застрэліў Сімона Пятлюру. Калі мы кажам, што “ўсе яўрэі адказныя адзін за другога”, ці маем мы на ўвазе і гэты выпадак? А калі маем, то ці ўсведамляем, што ў шэрагу многіх іншых прычын гэтае забойства праклала гістарычны шлях да Шоа?»

Не прыкмеціў тут апраўдання забойстваў 1941-га і наступных гадоў, а бачу філасофскія развагі пра калектыўную адказнасць, з’яву, што існуе ў свеце, хочам таго або не. Насамрэч, самасуд, здзейснены Шварцбардам, пры знешняй «эфектнасці» і прывабнасці (яна дзейнічае дагэтуль – у 2013 г. некалькі ізраільцаў, выхадцаў з СССР, павесілі шыльду памяці «яўрэйскага героя» ў Гуш-Эцыёне), у рэшце рэшт паглыбіў раскол паміж яўрэямі і ўкраінцамі, выклікаў у некаторых паплечнікаў Пятлюры прагу помсты. Тым болей што Шварцбард, хоць і адседзеў не адзін месяц, фармальна пакараны французскім судом не быў. Яго баранілі многія яўрэйскія – і неяўрэйскія – грамадскія дзеячы.

Пра забойства Пятлюры ды яго наступствы я пісаў у далёкім ужо 2014-м. Крыху пазней Аляксандр Розенблюм – жыхар Арыэля, юрыст з велізарным стажам (працаваў у Барысаве) – прыслаў такі водгук: «Калі б судзіў Шварцбарда я і без удзелу прысяжных, то вынес бы абвінаваўчы прысуд, але ўлічыў бы, што ён заслугоўвае права на літасць… Самасуд – гэта бясспрэчнае злачынства (калі яно было здзейснена НЕ пад уплывам аффекту). Але пры ўдзеле прысяжных суд заўсёды звязаны вердыктам».

Тое, што Уладзімір Б. – вопытны журналіст, колішні намрэдактара газеты «Вести» і прадстаўнік часопіса «Огонёк» у Ізраілі – заняўся дэмагогіяй, абвінавачваючы людзей з іншымі поглядамі на мінулае ў баязлівасці ды здрадзе яўрэйству, не здзівіла. Усюдыісная вікіпедыя сведчыць, што ў жніўні 2014 г. ён «узначаліў аддзел тлумачальнай і агітацыйнай работы» партыі «Наш дом Ізраіль». Такім толькі й давяраць 🙂

Разам з тым шмат якія асаблівасці сітуацыі ва Украіне, у тым ліку няўменне (хутчэй, нежаданне) раскрыць забойствы Алеся Бузіны і Паўла Шарамета, ды не ў апошнюю чаргу – усхваленне адыёзных дзеячаў на дзяржаўным узроўні, дратуюць мяне. Бадай, згаджуся з расійскім даследчыкам Маркам Салоніным: «Калі б такія дзікія выбрыкі, як пераменаванне ў сталіцы Украіны праспекта Ватуціна ў праспект Шухевіча, адбываліся на фоне грандыёзнага дэмакратычнага абнаўлення грамадства, у “адным флаконе” з эканамічнай рэформай, люстрацыяй памагатых зрынутага крымінальна-карупцыйнага рэжыму, з ростам дабрабыту насельніцтва і чаргой з іншаземных буржуяў, якія спяшаюцца ўкласці мільярды ва ўкраінскую эканоміку, то можна было б казаць пра “непазбежныя перагіны ў ходзе рэвалюцыі”. Але нічога гэтага няма». Дзеля справядлівасці, валавы ўнутраны прадукт у суседзяў у 2016–2017 гг. стабільна рос на пару працэнтаў, ды пацешыліся з гэтага нямногія. Месца Украіны ў «Сусветным рэйтынгу шчасця» – у ніжняй частцы табліцы; то на 132-м, то на 138-м месцы. У 2018 г. на адзёр захварэла звыш 10000 украінцаў; міністэрства аховы здароўя канстатуе, што эпідэмія шчэ не пераможана.

У Беларусі праяў хваробы на парадкі меней, і ёсць доля здаровага глузду ў тым, што менавіта Мінск (своеасаблівая выспа бяспекі для замежнікаў) падаў заяўку на Сусветную шахматную алімпіяду. Праўда, прыняў паперы прадстаўнік групоўкі, што хацела б тэрміновай адстаўкі Ілюмжынава… Гэткая падача не гарантуе поспеху – а раптам хітрамудры Кірсан утрымаецца ў ФІДЭ на «троне», да якога прырос з сярэдзіны 1990-х, i «не знойдзе» тых папер?

Папраўдзе, мяне мерапрыемствы гэтай сусветнай арганізацыі ўжо інтрыгуюць мала, хто б ні апынуўся ля ейнага стырна. ФІДЭ канчаткова сябе дыскрэдытавала пасля чэмпіянатаў у Іране (люты 2017 г., з хіджабамі) і ў Саўдаўскай Аравіі (снежань 2017 г., без ізраільскіх шахматыстаў, якім у апошні момант адмовілі ва ўязных візах). Макропулас, намеснік і верагодны пераемнік Ілюмжынава, паведаміў у Мінску, што ў студзені 2018 г. правёў перамовы з ізраільскай шахматнай федэрацыяй, і яны пра-нешта-там дамовіліся. Выглядае, як і было прадказана, проста «забалбаталі» праблему, а пісьменна складзены іск мог бы пацягнуць за сабой кампенсацыю і/або штраф на мільёны долараў… І яшчэ кажуць, што яўрэі дужа практычныя 🙂

Першы віцэ-прэзідэнт ФІДЭ (трэці злева; побач з ім кароль саўдытаў) любіць блізкаўсходнія грошы не менш за Ілюмжынава. Фота з zimbio.com.

* * *

Цытаты, абяцаныя ў пачатку серыі. Гэтым разам пераклаў з рускай; калі камусьці ахвота cустрэць у «Катлетах & мухах» мудрыя і актуальныя думкі франка- або англамоўных аўтараў, дасылайце… Мяркую, з іх рэтрансляцыяй па-беларуску неяк спраўлюся.

* * *

Як і ўсе з’явы, дэмакратыя мае свае заганы. Урады, якія выбіраюцца на кароткі тэрмін, зацікаўлены ў здабыцці неадкладнай выгады. Так кароткатэрміновы арэндатар імкнецца выціснуць максімум сёння, не думаючы пра заўтрашні дзень. Усеагульнае выбарчае права забяспечвае такі ўрад, які задавальняе сярэдні інтэлектуальны ўзровень насельніцтва. Аднак натоўп у сярэднім неразумны і недальнабачны. Сёння дэмакратыям выгадна гандляваць з таталітарыстамі. Заўтра апошнія мабілізуюць усю набытую тэхналогію для вайны супраць дэмакратый. Але сённяшнія дэмакратычныя ўрады к таму часу ўжо зменяцца. Яны спяшаюцца развязваць свае праблемы, а не праблемы будучых урадаў…

Таталітарныя блокі маналітныя. Дэмакратычныя – пакутуюць на друзласць. І пачынаецца канкурэнцыя паміж заходнімі краінамі: хто раней паспее прадаць бальшавікам сучасныя камп’ютары.

Звесткі пра канцлагеры замінаюць перамагаць у такіх спаборніцтвах, і лепей за ўсё заплюшчыць на канцлагеры вочы, зрабіць выгляд, што глядзіш і не бачыш.

А не бачыць немагчыма (Юрый Вудка, «Маскоўшчына», 1984)

* * *

Дэмакратыя не гарантуе грамадзянам, што яны зажывуць лепей, але дазваляе знізіць рызыкі таго, што ва ўмовах аўтарытарных рэжымаў яны будуць цярпець ад свавольства карумпаваных кіраўнікоў, не маючы магчымасцей для мірнай змены ўлады. Але змена рэжыму з адмовай ад аўтарытарызму – складаны і балючы працэс. Праблемы і рызыкі, звязаныя са зменай палітычных рэжымаў, дастаткова сур’ёзныя, і яны звязаны не столькі з дэмакратызацыяй як такой, як з тым, што пабудова дэмакратыі – гэта толькі адзін з магчымых вынікаў працэса, і вынік далёка не абавязковы (Уладзімір Гельман, «З агню ды ў полымя», 2013)

* * *

Інфармацыяй свет завалены. Ад такога хлуду, як інфармацыя, на планеце проста няма куды дзявацца. 90% таго, што гаворыцца і пішацца – поўная бязглуздзіца (Аляксандр Зіноўеў, 03.04.2006)

* * *

Мы валодаем лішкам інфармацыі або, дакладней кажучы, валодаем тым узроўнем інфармаванасці, які ў ранейшыя эпохі быў прывілеем людзей, якія прымалі рашэнні… Калі зусім проста сфармуляваць, то мы з вамі валодаем ведамі, як арыстакратыя, а паўнамоцтваў яе не маем… Вы не адмовіцеся ад спажывання інфармацыі, вам прыйдзецца вучыцца з гэтай інфармацыяй працаваць (Кацярына Шульман, 17.04.2018).

* * *

Непрыемнае адрозненне сучасных грамадстваў ад санаторыяў для псіхічна хворых палягае ў тым, што з псіхсанаторыя ўсё ж можна аднойчы выйсці. Пакінуць жа грамадства можна, толькі ўцёкшы ў іншае, практычна ідэнтычнае грамадства (Эдуард Лімонаў, «Дысцыплінарны санаторый», 1986–1993)

* * *

Паняцце траўмы стала чымсьці, пра што ў ЗША гавораць кожны дзень ва ўніверсітэцкіх кампусах і газетах. Ідэя пра тое, што пачуць процілеглую пазіцыю – гэта не проста прыкра, а траўматычна, фізічна шкодна, зрабілася агульным месцам для многіх. Я б назваў гэты працэс медыкалізацыяй публічнай сферы. Калі раней можна было адкрыта разважаць пра некаторыя ідэі, прызнаючы пры гэтым, што яны небяспечныя, то цяпер іх трэба рэгуляваць у медычным ключы. І гэты фенамен я лічу насамрэч трывожным (Роджэр Беркавіц, сакавік 2018).

* * *

І пад канец – інфа пра ўдзел майго суразмоўцы і сааўтара ў мінскай выставе «Код: 25.03.18», прысвечанай, як няцяжка здагадацца, стагоддзю Беларускай народнай рэспублікі. Урывак з артыкула Пётры Васілеўскага (газета «Культура»): «Асобна хачу сказаць пра жывапіс Андрэя Дубініна. Гэты творца не захацеў выстаўляцца на такой выставе з чымсьці ўжо вядомым, і таму за кароткі час зрабіў паўнавартасны жывапісны твор (гл. вышэй – В. Р.). У сваім палатне “Звеставанне” мастак звярнуўся да біблійнай вобразнасці, якой вельмі пасуе ўпадабаная ім рэнесансная стылістыка…»

***

Вольф Рубінчык, г. Мінск

wrubinchyk[at]gmail.com

19.04.2018

Апублiкавана 20.04.2018  02:03

Кароткі змест папярэдніх дзесяці серый

№ 70j (10.04.2018). Пра тое, чаму варта ганарыцца заснаваннем БНР. Даследаванне цэнтра П’ю аб антысемітызме. Латэнтная юдафобія ў Беларусі. “Халодная вайна” як небяспечны для краіны і яўрэяў фактар. Лёс ізраільска-беларускага праекта ў Белаазёрску. Развіццё ідэі пра манархію ў Беларусі – яе можна абвясціць на частцы тэрыторыі Мінска. Заяўка Беларускай федэрацыі шахмат на правядзенне алімпіяды ў Мінску. Запрашэнне ў родны горад Б. Гельфанда. Пажаданні Р. Васілевіча, каб юрысты лепей ведалі беларускую мову (манілаўшчына). Збор інфармацыі пра “дармаедаў” як наступ на таямніцу прыватнага жыцця. Ідэя надання вуліцы ў Быцені імя Цыўі Любеткінай, падтрымка ідэі. Арганізацыя як больш эфектыўны спосаб бараніць свае інтарэсы.

№ 70i (03.04.2018). Паслясмак ад “Дня волі”. Думкі Змітра Сляповіча пра родную Беларусь. Святкаванне ў Нью-Ёрку. Правядзенне першага Сіянісцкага кангрэса як аналаг заснавання БНР. Сумнеўнасць праграмы свята ў Мінску. “Гістарычнае адкрыццё” ад tut.by. Пра тое, што ў палітыцы колькасць не пераходзіць у якасць. Затрыманне А. Карызны і думкі пра яго вартасць. Раздзьмуванне колькасці тых, хто прыйшоў на канцэрт 25 сакавіка. Графіці ў гонар БНР. Раздача аксесуараў. Замацаванне мяжы двух “апазіцыйных лагераў”. Зацягванне справы з мемарыяльнай дошкай на вул. Валадарскага, непрафесіяналізм “сіцідога”. Выхад кнігі купалаўскага верша “А хто там ідзе?” на розных мовах. Імпрэза ў музеі беларускай літаратуры, прысвечаная Т. Кляшторнаму і І. Харыку. Падрыхтоўка да рэферэндуму ў РБ, парада наўпрост спытацца ў народа, ці падтрымлівае ён ператварэнне рэспублікі ў манархію. Мемуары Ю. Бібілы. Скандал на сайце з “птушынай назвай”.

№ 70h (20.03.2018). “Выбары-дурыбары” ў Расіі. Непрадвызначанасць палітыкі ў Беларусі. Прапанова А. Кіштымава адмовіцца ад “расійскай лінейкі”. “Марш годнасці і волі” як варыянт святкавання 25 сакавіка. Заклікі М. Статкевіча і В. Сіўчыка. Скепсіс адносна “беларускіх нацыяналістаў”. Час апартуністаў у беларускім палітыкуме. Парада запрасіць на выступ у Дзень волі ідышамоўнага прамоўцу. Недаацэнка небяспекі ад Астравецкай АЭС. Прыклады таго, што этыка працы ў РБ кульгае. “Асобныя недахопы” на заводзе “БелДжы”. Няўменне дамовіцца з кітайскімі работнікамі ў Светлагорску. Прапанова скласці даклад пра беларускае кіраўніцтва накшталт расійскага “Путин. Итоги. 2018”. Беларусь у “рэйтынгу шчасця”. Асаблівасці сацыяльнай рэкламы ў Мінску. Кліп ад спявачкі Shuga. Пазітывы ад Беларускага фонда культуры і часопіса “ПрайдзіСвет”.

№ 70g (13.03.2018). Узаемадачыненні беларусаў і яўрэяў паводле З. Бядулі. Яўрэі ў БНР (1918 г.). Слабасць новай рэспублікі, нейтральна-чакальная пазіцыя большасці беларускіх яўрэяў. Сцэнарый развіцця БНР пры ўмове большай яе легітымнасці. Недарэчнасць рэваншу кансерватараў, якія прэтэндуюць на спадчыну БНР. Сектанцтва сучаснага БНФ. Рэакцыя В. Вячоркі на сцёбны кліп пра 8 сакавіка з удзелам Галыгіна і Шнурава, годныя адказы. Заклік зрабіць нешта лепшае. Расчараванне ў П. Усаве як аналітыку.

№ 70f (09.03.2018). Канфлікт у аргкамітэце “Дня Волі”. Неадэкватныя паводзіны “Белсату”, інсінуацыі “Нашай Нівы”. Прагнозы адносна 25 сакавіка. Параўнанне Статкевіча з Казуліным. Запланаванае святкаванне 100-гадовага юбілею БНР у Ашдодзе. Жаночы забег “Beauty Run” у Мінску, асвятленне яго ў СМІ, перабольшанне колькасці ўдзельніц. Як сілавікі трапілі ў палітбізнэс. Сустрэча Ул. Макея з прадстаўнікамі “Амерыканскага яўрэйскага камітэта”. Насця Рыбка як Саламея Пільштынова нашых дзён. Юбілей Э. Севелы, неразуменне ягонай сатыры Б. Камянавым. Ю. Абрамовіч, 50-гадовы рэдактар газеты “Берега”.

№ 70e (01.03.2018). Выбары і кулінарныя інсталяцыі. Панікёрства П. Усава. Пра тое, як рэжым дзеліцца сферамі ўплыву. Заявы бізнэсмена Уладзіміра Хейфеца, выбранага ў Мінгарсавет. Пра “Малады фронт” і З. Дашкевіча. “Этнацыд” як няслушны дыягназ. Прыклады афармлення беларускамоўных дакументаў і ўменне чыноўнікаў размаўляць па-беларуску. Перапіска з Нацыянальным агенцтвам па турызму. Дзіўны пераклад роліка пра Беларусь на англійскую. Прага свабоды і салідарнасць як фактары, больш істотныя за мову. Спрэчныя выказванні М. Статкевіча і С. Алексіевіч. Экзатычная выстава ізраільскіх тэнісных ракетак у Палацы рэспублікі. Крэатывы пінчука Р. Цыперштэйна.

№ 70d (19.02.2018). Прысуд па справе “рэгнумаўцаў”, каментарый С. Шыптэнкі. Пасыл грамадству ад “сістэмы”. Аналіз А. Шрайбмана. Нежаданне палітызаванай публікі вырашаць канфлікты шляхам перамоў. Дэградацыя старой ідэалагічнай сістэмы. Прарэхі ў беларускай цэнзурнай сетцы. Меркаванне пра фільм “Смерць Сталіна” і абазнанасць “заходнікаў” у савецкай гісторыі. Дэсакралізацыя і шахматызацыя палітыкі як пажаданне. Кейс М. Казлова як кандыдата ў дэпутаты Мінгарсавета. Слабасці яго перадвыбарчай кампаніі, АГП увогуле. Развагі пра рэальныя праблемы. Кампанія “Народны рэферэндум”, якая ў 2015 г. скончылася пшыкам. Невыкананая абяцанка Нацыянальнага агенцтва па турызму. Вечар яўрэйскай музыкі “Шалом” у Вялікім тэатры.

№ 70c (01.02.2018). Пра тое, што “Вожык” будзе жыць. Традыцыя часопіса – тлумачыць народу, як яму весела жывецца. Кампанія “Уключы мазгі” і “велописеды”. Іронія “БелГазеты” ў бок абаронцаў сінагогі на Дзімітрава (2001 г.). Спрэчкі вакол беларускай вышэйшай адукацыі. Нежаданне рабіць фетыш з мовы. Прапанова стварыць незалежны ўніверсітэт па-за межамі Беларусі. Наезд на “рэгнумаўцаў” з боку БТ. Зайздрасць як магчымы матыў пераследу “Хартыі-97”. “Кодэкс карпаратыўнай этыкі” Полацкага ўніверсітэта. Агрэсіўны артыкул М. Стральца. Тлумачэнні Л. Казлова і Г. Кур’яновіч з выдавецтва “Арты-фекс”. Вывад пра некарэктнасць паводзін рэктара Полацкага ўніверсітэта. Планы абмежаваць дастаўку рэкламы ў паштовыя скрыні беларусаў. Прапанова ўзнагародзіць ініцыятараў Шнобелеўскай прэміяй.

№ 70b (21.01.2018). Пра вёску Парэчча, дзе ратавалі яўрэйскіх дзяцей у вайну, і памятнае мерапрыемства, запланаванае на 24.01.2018. Няўменне партала tut.by карэктна прадказаць надвор’е. Пратэст супраВць планаў заснаваць беларускамоўны ўніверсітэт, рэакцыя на пратэст. Паводзіны П. Якубовіча. Рэгістрацыя ўніверсітэта і слабыя месцы ТБМ. Версія паходжання прозвішча Рубінчык у газеце “Наша слова” і іншая версія. “Чорны піяр” з боку сайта “Телескоп”, паклёп на Я. Лёсіка. Глупствы “першай беларускай газеты”. Інфармацыйны шчыт пра валожынскую ешыву. Мінскі “Мур лямантаў”. Гукаперайманне ад міністра замежных спраў РБ. Кур’ёз на сайце “Эхо Москвы”. Назіранні за працэсам “рэгнумаўцаў”.

№ 70 (09.01.2018). Cтаўленне беларускай моладзі да сітуацыі ў краіне. Гатэнтоцкая мараль, выказванні ў бок падсудных “рэгнумаўцаў”. Абнаўленне мэблі ў офісе ТБМ. Спрэчныя расповеды пра вынікі 2017 года. Фальсіфікацыя Ю. Баранчыкам пазіцыі Д. Рабянка. Кніга М. Вольфа “Агонь і лютасць”. Заявы А. Лукашэнкі пра пасаду “ўпаўнаважанага”. Зніжэнне фінансавання для часопіса “Вожык”. Меркаванне пра гэты часопіс, а таксама пра “Новый Крокодил”, гумар у “БелГазете”, газеце “15 суток”. Прапанова ўнесці “Вожык” у спіс культурнай спадчыны чалавецтва. Пра мінскі часопіс “Космопорт”. Канцэрты да дня памяці ахвяр Халакосту.

Змест ранейшых серый гл. у №№ 60, 50, 40, 30, 20, 10.

Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (51)

Калі паважаныя чытачы (не называю «сябрамі», бо далёка не ўсе мне сябры, а ў давер, як асобныя прадстаўніцы клана Ч., уцірацца не люблю і не ўмею) заўважылі, то лейтматывам амаль усіх папярэдніх серый быў заклік жыць сваім розумам. Па-мойму, заклік актуальны, і доўга такім застанецца. У 1930-х Марына Цвятаева кпіла з чытачоў газет, параўноўвала апошнія з «экземай». У 1990-х, прыпамінаю, Гірш Рэлес у адным сваім вершы выказаўся пра «тэлесоску» для гледачоў. Ну, а зараз ад інтэрнэтнай інфы ды пустой балбатні паратунку няма. У нечым меў рацыю расійскі філосаф Аляксандр Зіноўеў: «Інфармацыяй свет завалены… Свет увогуле, з інтэлектуальнага гледзішча, засмечаны настолькі, што спатрэбіцца стагоддзе для яго ачысткі».

Вось і госць № 4 «клуба Алексіевіч» вяшчае: «Сацыяльныя сеткі расчынілі дзверы для папулізму». Праблема яшчэ ў тым, што, дэманструючы маніпулятыўную сутнасць «сучасных тэхналогій», паняволі мусіш карыстацца гэтымі самымі тэхналогіямі… Зрэшты, чаго-чаго, а мабільнага тэлефона ў мяне ніколі не было. Як і акаўнтаў у пэйсбуках.

З надыходам вясны заняўся інвентарызацыяй і «поглядам акінуў шлях» (як не ўспомніць файны зборнік вершаў Фелікса Баторына «Паглядам акідваю шлях» – Мінск, 2001). Вылушчыў з пяцідзесяці папярэдніх серый «Катлет і мух» фразачкі, якія патэнцыйна могуць зачапіць і зараз, а ў цэлым пакідаюць пэўнае ўражанне пра серыял. Да афарызмаў Ларашфуко – і нават Сальвадора Далі – ім далёка, але да рэфлексій кагосьці падштурхнулі ўжо. Ці не?..

  1. «Можа быць, справа ў эпосе, якая высоўвае на першы план людзей з недысцыплінаваным, кліпавым мысленнем» (10.10.2015).
  2. «Трывожыць пашырэнне ў Беларусі паганскіх каштоўнасцей (не блытаць з атэізмам савецкага ўзору)» (22.10.2015).
  3. «Жыццё ў сучаснай Беларусі такое, што кожны – ці амаль кожны – час ад часу мусіць займацца не сваёй справай» (06.11.2015).
  4. «2016 год хацелася б сустрэць без агрэсіі, якую жывіць падманлівая прапаганда з розных бакоў… Ідэі “дэсаветызацыі” беларусаў, выціскання на задні план “чырвонага чалавека” спазніліся – калі не на 15, то на 10 гадоў» (22.12.2015).
  5. «У Беларусі назіраецца сумная заканамернасць – чым горш становішча ў гаспадарцы, тым больш актыўна сябе паводзяць прапагандысты» (18.01.2016).
  6. «Ёсць і ў дзяржаўных установах людзі, якія прафесійна выконваюць сваю працу ды кажуць, што думаюць (асцярожна, але кажуць)… Ад стрыжня ў чалавеку многае залежыць – калі не ўсё» (03.04.2016).
  7. «Не паглядзеўшы ў мінулае без ружовых акуляраў, не прааналізаваўшы памылкі папярэднікаў, не “закрыўшы гештальт”, нікуды мы не прыйдзем. Гэта разумеў украінскі літаратар і журналіст Алесь Бузіна» (24.04.2016).
  8. «Дзякуй Б-гу, нямала шчэ ў нашай краіне прыстойных ды кваліфікаваных людзей. Не ўсё страчана ў бізнэсе, літаратуры, мастацтве, сістэме адукацыі, аховы здароўя… ды нават судовай сістэме» (20.05.2016).
  9. «Аксіёма: без ведання ідыша немагчыма ніякае сур’ёзнае вывучэнне гісторыі і культуры ўсходнееўрапейскіх (у прыватнасці, беларускіх) яўрэяў» (12.06.2016).
  10. «Што да вышэйшых чыноўнікаў РБ – яны з 1990-х гадоў прызвычаіліся ўдаваць з сябе дурнаватых. Магчыма, так ім лягчэй існаваць у гэтым складаным свеце; улічваючы тое, што сеанс “калектыўнай тупаватасці” доўжыцца трэці дзясятак гадоў, не такая дурная тая верхавіна, як часам хоча падавацца» (24.06.2016).
  11. «Не дзяржава павінна кантраляваць інфармацыйныя плыні ў сям’і; стагоддзямі гэтым займаліся бацькі і апекуны, якія неяк давалі рады з выхаваннем дзяцей без цэтлікаў “0+”, “6+”, “12+” і г. д. Збыткоўная паліткарэктнасць, спалучаная з аўтарытарызмам, здольная адно выгадаваць пакаленне прыстасаванцаў і забіць ахвоту да творчасці ў дарослых» (27.06.2016).
  12. «Бяда многіх расійскіх (i беларускіх…) дэмакратаў – ім фатальна не стае глыбіні, і яны, бы тыя “strangers in the night”, блукаюць у прыцемках» (17.07.2016).
  13. «Ёсць прадчуванне, што сёлета і ў “палаце № 6” (сур’ёзна – палата прадстаўнікоў шостага склікання!) з’явіцца кволае прадстаўніцтва «альтэрнатыўных сіл» (15.08.2016).
  14. «Баязліўцаў-перастрахоўшчыкаў замнога ў Беларусі, і не заўсёды яны тояцца ў дзяржаўных установах» (05.09.2016).
  15. «Украінска-яўрэйскія і, шырэй, украінска-ізраільскія адносіны заўсёды былі… не тое што канфліктнымі, а непрадказальнымі. Можа, справа ў тэмпераменце двух народаў. Пры ўсіх глупствах і пераходах на асобы добра тое, што дыскусія па гістарычных пытаннях у нашай паўднёвай суседцы cяк-так вядзецца… У Беларусі ж, выглядае, не так многа людзей, якіх цікавіць мінулае» (07.10.2016).
  16. «Як крыніцай улады з’яўляецца народ, так і крыніцай варожасці да “іншых” з’яўляецца ўсімі любімае грамадства. Калі б з боку апошняга не было запыту на “hate speech”, то мова нянавісці і не вылазіла б на публіку. Што не здымае адказнасці з канкрэтных “-фобаў”» (19.10.2016).
  17. «Беларусі нагвалт патрэбен самавіты Інстытут псіхалогіі, а не адна кафедра пры БДУ. А вось інстытутам журналістыкі (экс-журфак) лёгка можна ахвяраваць: гэта праект познесталінскага часу, калі ўсе газетчыкі лічыліся важнымі ідэалагічнымі работнікамі, таму іх і рыхтавалі ажно пяць гадоў» (06.11.2016).
  18. «Тутэйшым працоўным трэба ўжо адмовіцца ад арыентацыі на сярэднемесячныя паказчыкі, а дабівацца падвышэння мінімальнага заробку за гадзіну працы» (18.11.2016).
  19. «Дастаткова крыху пажыць у Беларусі, каб дазнацца, што ў нас мнагавата службоўцаў, якія дублююць функцыі адно аднаго» (22.11.2016).
  20. «Стаміўся ўжо валтузіцца з прымаўкай “Рыба гніе з галавы”, аднак нічога лепшага пра беладукацыю на розум не прыходзіць» (04.12.2016).
  21. «Cам па сабе клуб “Святлана Алексіевіч запрашае” не вытруціць шэрасць з мінскай публікі, але дае шанс на тое, што нехта з наведнікаў уздымецца над сабою… Зразумела, праблемы ліха і дабра ў рэшце рэшт вырашае кожны для сябе сам, не ў масе» (13.12.2016).
  22. «Ахвяры і пакутнікі не заўсёды становяцца героямі, дарма што з іх раз-пораз лепяць герояў. Папраўдзе, дужа рэдка становяцца» (16.12.2016).
  23. «20 год таму ўмоўны «Захад» мог адносна лёгка стаць на шляху спаўзання Беларусі ў аўтарытарызм, ды не пажадаў… Пара б кандыдатам на ролю “беларускага Гаўла” ўцяміць, што, перш чым ісці “бацьку біць”, трэба хоць міжсобку дамовіцца» (19.12.2016).
  24. «Зараз Беларусі нагвалт патрэбная інтэграцыя з Літвой і Украінай, утварэнне федэрацыі тыпу Злучаных штатаў. Тры названыя краіны маюць розныя сістэмы кіравання, даходы, клімат, але многае іх яднае» (22.01.2017).
  25. «Завабліваць на пяць дзён у Беларусь лепей бы не толькі і не столькі ролікамі, а нiзкiмі цэнамі на жытло» (05.02.2017).
  26. «Людзі, якіх залічваюць у апазіцыю (лепей бы называць іх альтэрнатыўнымі або дэмакратычнымі сіламі), не настолькі бязглуздыя, як часам выглядае. Адсотак “разумнікаў” сярод іх не меншы, а нават большы, чым сярод чыноўнікаў» (15.02.2017).
  27. «Адна з канстант беларускага жыцця – мазахізм, які ў побыце выражаецца формуламі “чым горш, тым лепш”, “мышы плакалі, калоліся, але працягвалі жэрці кактус”… Ахвяра мазахізму, якая імкнецца вылезці з яго цянётаў, часцяком кідаецца ў садызм» (17.02.2017).
  28. «Часцей за ўсё неправавыя рашэнні – на першы погляд, простыя і эфектыўныя – вядуць да ўскладненняў у эканоміцы, дый невыгадныя палітычна» (27.02.2017).
  29. «Любы п’янтос часу дзеяння «антыалкагольнага закона» ахвотна перанёсся б у нашу эпоху… Няхай бы замежнікі паціху ўсю нашу акавіту выпілі або з сабой забралі – дальбог, цвярозым беларусам лягчэй бы жылося» (06.03.2017).
  30. «Заб’еш аднаго чалавека – атрымаеш працяглы тэрмін зняволення. На роўным месцы падпсуеш жыццё тысячам сваіх суграмадзян, забраўшы ў кожнага, магчыма, год-два жыцця – і нічога…» (12.03.2017).
  31. «Жыццё нярэдка імітуе літаратуру. Магчыма, тыя, хто чытаў правільныя мастацкія кнігі, уладаюць перавагай, бо здагадваюцца, чым усё скончыцца – а можа, і не… Дзе шмат ведаў, там шмат смутку» (27.03.2017).
  32. «Без грамадскіх абаронцаў, голасу якіх у Беларусі праз інфармацыйны шум амаль не чуваць, дзяржава захлынецца ў таннай канспіралогіі» (12.04.2017).

А зараз спусцімся ад абстрактнага да канкрэтнага, да інтэрв’ю з чалавекам, якога «Радыё Свабода» пару дзён таму прэзентавала так: «Адзін з самых аўтарытэтных экспэртаў па Беларусі ў сьвеце, аўтар некалькіх манаграфій і прафэсар Альбэрцкага ўнівэрсытэту». Забаўна-сумная выйшла гутарка… Знаны беларусіст скарыстаўся пяцідзённым бязвізавым рэжымам, прагуляўся па Мінску з адной з самых гнуткіх асоб тутэйшай журналістыкі, і выдаў нешта дужа павярхоўнае.

Летась нобелеўская лаўрэатка рэйдала пра агульнае «народнае цела», якое нібыта гойсае па Мінску. Заакіянскі госць Дэйвід Марплз так нас не трактуе, аднак і яму здаецца, што беларусы збольшага – «Эйсавы», якія за ежу гатовыя прадаць «першародства» (дэмакратыю, правы чалавека…) Паблажліва кінуў: «Яны дбаюць пра свой дабрабыт, і калі б я быў на іх месцы, я рабіў бы гэтаксама».

Мала што дзядзька і яго калегі тыпу францужанкі Віржыніі С., якая таксама малявала жыхароў Беларусі ХХІ ст. у вобразе дзікуноў, зразумелі ў нас. Так, апісаны Марплзам псіхатып – не рэдкасць; магчыма, 20-25% тутэйшых яму адпавядаюць, аднак астатнія – людзі з годнасцю, якіх не трэба «цывілізаваць». Дапамагчы паразумецца – іншая справа, ды тое складана. Куды лягчэй даць параду: прыбярыце Леніна з грошай помнікі Леніну і Калініну.

Ці во яшчэ: «Калі гэты дурны дэкрэт аб дармаедзтве будзе спынены, тады можна будзе пазьбегнуць пратэстаў». Чалавек дзесяцігоддзямі вывучаў (?) становішча ў Беларусі, а не сцяміў, што дэкрэт № 3 – толькі вяршыня айсбергу… Не ў ім, па сутнасці, справа, а ў тым, што людзі не бачаць перспектыў пад камандзёрствам «недыктатара». Добра, што ВУП і золатавалютныя рэзервы нарэшце сталі марудна павялічвацца, але даходы пераважнай большасці работнікаў на фоне росту цэн застаюцца ганебна нізкімі. Ліквідацыя беспрацоўя к 1 мая, заробак «па 500» к канцу 2017 г. – хімеры ды ўтопіі, затое для прафесара важна, што развіваюцца сацыяльныя сеткі, якія «даюць людзям усё больш магчымасьцяў выказвацца, атрымліваць інфармацыю. І ніхто ня можа гэтым кіраваць». Нават спрачацца ўжо няма ахвоты.

 

На мінскім вакзале: было і стала (пасля пісьма да Беларускай чыгункі 29.03.2017)

Канспектыўна – добрыя навіны: палітзняволенага, які «пасварыўся» са статуяй гарадавога ў Мінску, нарэшце адпусцілі з СІЗА; 22.04.2017 пройдзе бясплатная экскурсія выпускніцы ЕГУ Марыі Неабердзінай па тэрыторыі былога Мінскага гета (за дзень не было месцаў!) Кіраўнік музычнага партала tuzin.fm задумаў праект «(Не)расстраляная паэзія», у рамках якога Святлана Бень мае заспяваць на словы Ізі Харыка, а Аляксандр Памідораў – на словы Майсея Кульбака: «Усяго паўстане 12 новых кампазыцый ад 12 выканаўцаў… на восень запланавана зладзіць 12 адкрытых лекцый». Гомельскі гісторык Юрый Глушакоў (друкаваўся і ў нас), падрыхтаваў змястоўны артыкул пра землякоў-яўрэяў – праўда, у асобных імёнах дапусціў памылкі, якія tut.by чамусьці не пажадаў выправіць. Гэта ж не Белчыгунка…

Вольф Рубінчык, г. Мінск

21.04.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Ад belisrael.info:

Нагадваем, што ў сваёй аўтарскай серыі В. Рубінчык выказвае асабістае меркаванне, якое не абавязкова ва ўсім супадае з рэдакцыйным.

Апублiкавана 21.04.2017  15:52