В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (50)

Шаноўных чытачоў вітаю поўным шаломам! Вось і нейкае падабенства юбілейнага выпуску, у якім дазволена азірнуцца назад. Але найперш, па завядзёнцы, азірнуся наўкол.

У краінy паўзуць перамены… Калі стаць на марксісцкую купіну, то феадальны лад – або яго рэцыдывы – не можа ў нашых палястынах не змяніцца на капіталістычны. Пра балячкі апошняга нашрайбаны цэлыя бібліятэкі, але самі Карл i Фрыдрых не аспрэчвалі прагрэсіўных бакоў грамадства, у якім жылі. Так, у краіне «развітога капіталізму» наўрад ці сталі б усур’ёз асуджаць чалавека за сімвалічны жэст (пятлю, накінутую на статую гарадавога ў Мінску 12.03.2017). Гаворка пра анархіста Вячаслава К., які цяпер у СІЗА пад крымінальнай справай. Начальнік сталічнай міліцыі лепіць з яго банальнага хулігана, які апаганіў «святое для ўсіх міліцыянтаў месца». Статую сумнеўнай гістарычнай і мастацкай вартасці паставілі ў лютым г. г., а ўрачыста адкрылі 02.03.2017, і не ўсе супрацоўнікі МУС паспелі нават даведацца пра яе, не тое што сакралізаваць. Тожа мне «вечны агонь»… Правабаронцы ўважаюць Вячаслава за палітзняволенага; з імі цяжка не згадзіцца. А Пэйсах – cамы час успомніць пра тое, што ідалапаклонства шкоднае для здароўя, будзь ты фараон, святар Аарон або генерал-маёр міліцыі 🙂

Шлях інфантыльных крыўдаў за статуі ды інш. – бесперспектыўны, тым болей у эпоху, калі ў Беларусі рэальна ігнаруецца спакой жывых і мёртвых людзей. Каму, напрыклад, лепей ад будоўлі шматпавярховіка ў Мазыры на тэрыторыі могілак, хоць і даўно закрытых? Афіцыйны прадстаўнік РБ не адмаўляе таго, што «ў працэсе падрыхтоўчых работ да рэканструкцыі будынкаў былога дыспансера былі знойдзены некалькі дробных фрагментаў чалавечых парэшткаў». Дапусцім, пасол Беларусі ў Ізраілі сам не ездзіў у Мазыр – але з яго бюракратычным досведам не здагадацца, што «некалькі» там значыла «нямала» або «мноства»… Ладна, няхай «адмазка» пра «дробныя фрагменты» застаецца на сумленні дыпламата ды тых, хто рыхтаваў для яго даведку.

Нямала ў «сінявокай» і такіх, каму не дае спаць «жыдоўскае золата». Ракаўскі мастак Фелікс Янушкевіч пад канец 2016 г. казаў пра «чорных капальнікаў», якія шчыруюць у лесе, на месцы забойстваў землякоў-яўрэяў: «Гадоў 10-20 таму таксама капалі, але капацелі былі больш культурнымі, закапвалі за сабой. А гэтыя маладыя… Спытай у іх, што яны там шукаюць? Іх цікавяць зубы — гэта ж паскуды… Таму я і пішу лісты ў розныя інстанцыі і кажу, каб перавезлі астанкі і пахавалі ў нармальным месцы».

Летась на скрыжаванні вуліц Жудро і Матусевіча ў Мінску цэнтр тэніса пачаў «пашырэнне» за кошт парка. Будаўнікі аператыўна, без намёку на грамадскае абмеркаванне, пасеклі дзясяткі дрэваў, што выклікала справядлівае абурэнне жыхароў раёна. Пратэстоўцы абклеілі будаўнічы плот паперкамі; да гонару кіраўніцтва цэнтра (гендырэктар – Сямён Каган), абвінавачванняў у «замаху на святыя пачуцці» тэнісістаў не выстаўлялася. Праўда, і будоўля не спынена.

Паперкі ад незадаволеных усё яшчэ дзе-нідзе вісяць на слупах. Крэатыўныя абаронцы «зялёных сяброў» даўмеліся вешаць улёткі… у форме лісткоў на дрэвы, якія яшчэ засталіся на вул. Матусевіча.

Мінск, 02.04.2017

9 красавіка ўпершыню ў сучаснай Беларусі здарыліся дзве падзеі, здольныя істотна і пазітыўна паўплываць на будучыню, хоць пакуль яны амаль не заўважаны публікай. Быў з’езд Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын, і сярод 76 дэлегатаў – ажно 3 кандыдаты на пасаду аднаго старшыні, калі такое было ў «афіцыйных яўрэяў»? Плюс – выбралі не ранейшага кіраўніка (Барыс Герстэн стаў першым, хто ў названым саюзе сышоў добраахвотна; яго папярэднік «кіраваў» да скону), не ідэолага і не дачку лаўрэата Ленінскай прэміі, а больш-менш самастойную асобу – прадпрымальніка Уладзіміра Ч., рэзідэнта Парка высокіх тэхналогій. Не скажу, што яўрэйскае «грамадскае жыццё» зараз пышным цветам забуяе, але нейкі подых перамен данёсся. Чалавек, для якога Майсей Гальдштэйн (aka рэвалюцыянер Валадарскі) і Якаў Свярдлоў – з’явы таго ж парадку, што Змітрок Бядуля ды Ісай Казінец, не цураецца традыцый і нават навучае чытачоў беларускага часопіса: «Калі ты ходзіш у сінагогу, ты яўрэй. Калі не – то не». Забаўны постмадэрн, такі характэрны для тутэйшых…

Другая падзея – сустрэча аўтарытэтнага дзеяча шахмат (гросмайстар ІКЧФ, міжнародны арбітр і г. д.) Дзмітрыя Лыбіна з шахматыстамі Саюза беларускіх пісьменнікаў. Ён прачытаў кароткую лекцыю пра паходжанне слова «ракіроўка», даў сеанс адначасовай гульні. Д. Л. – яшчэ і музыка, знаны кампазітар, які адказвае за міжнародныя сувязі ў адпаведнай творчай суполцы. Дарма што ён завітаў да літаратараў хутчэй як прыватная асоба, гэта знак таго, што творцы краіны здольныя ўзаемадзейнічаць без падказкі/пасярэдніцтва чыноўнікаў. Калі так пойдзе і далей, то што ж будзе – няўжо і «Беларуская канфедэрацыя творчых саюзаў» зробіцца дзеяздольнай арганізацыяй? 🙂 Можа, нават перастануць прападаць са сцэны цікавыя праекты made in Belarus? Толькі за апошні год згаслі зоркі гурта «Серебряная свадьба» і тэатра «Хрыстафор»; прычыны розныя, але, мяркую, памылкі менеджменту & брак грошай у абодвух выпадках адыгралі сваю ролю. Гурта і тэатра мне шкада, тым болей што бываў на іх імпрэзах.

Перад сеансам; Д. Лыбін справа (фота Л. Хейдаравай). Міні-лекцыя (фота В. Р.)

Ход жа сеансу ў офісе СБП быў даволі прадказальны: гросмайстар выйграў 6:0… Праўда, яму давялося шмат папрацаваць галавой – а перад гэтым памагаў цягаць сталы – і праз тры гадзіны пасля пачатку маэстра паўтарыў тое, што казаў на зыходзе сеансу ў «Нашай Ніве» 2005 г.: «Узмакрэў».

* * *

Не ўсе чытачы нашага рэсурса зразумелі, пра што быў верш Змітра Дзядзенкі «Крымінальная гісторыя літаратуры», апублікаваны 02.04.2017. На аршанскім сайце аўтар патлумачыў: «Па так званай «справе баевікоў» затрымалі супрацоўніка выдавецтва «Кнігазбор» Міраслава Лазоўскага і кнігараспаўсюдніка Алеся Яўдаху. Гэтай ганебнай справе і прысвечаны верш». Не ведаю, наколькі справа ганебная (ускрыццё пакажа), але тое, што яна дзіўная, факт. У прынцыпе, ухваляю супольную заяву Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» і СБП (28.03.2017 – бел., англ. варыянты). Суверэнная дзяржава мае права сябе бараніць, але ў гэтым выпадку прэвентыўнае затрыманне некалькіх дзясяткаў асоб з’яўлялася празмернай рэакцыяй на іх актыўнасць.

Днямі абвінавачванне ў адносінах да 20 чалавек з 35 дапоўнілі «Стварэннем незаконнага ўзброенага фармавання» (арт. 287 Крымінальнага кодэкса РБ, да 7 гадоў пазбаўлення волі), што выглядае зусім ужо абсурдна. Прыпомнілі членства абвінавачаных у напаўпадпольным «Белым легіёне», распушчаным гадоў 15 таму. «Галоўная газета краіны» 11.04.2017 засведчыла, што ў бездань кадэбэшнай «журналістыкі» можна падаць бясконца. Замест фактаў парушэння заканадаўства арыштаванымі «аддзел расследаванняў» «Беларуси сегодня» штампуе дадумкі тыпу «У закрытых групах удзельнікі ведалі адно аднаго толькі па “ніках”. Нават сустракаючыся на супольных зборах і трэніроўках, далёка не ўсе ведалі адно аднаго. Напэўна, было што прыхоўваць…»

Паўлаякубовіцкі ўзровень праявіўся і ў драбязе. Так хацелася даць дыхту Станіславу Шушкевічу, пасварыць яго з абвінавачанымі (якія нібыта мелі дачыненне да «Беларускага згуртавання вайскоўцаў», ліквідаванага ў 1990-х), што дапісаліся: «16 лютага 1994 года, яшчэ пры Шушкевічу, Вярхоўны Суд забараніў БЗВ». З 26.01.1994 Шушкевіч, адстаўлены з пасады старшыні Вярхоўнага Савета, нават фармальна не меў улады ў краіне.

Крывадушная, небяспечная заява з боку Ізотавіча: «Грамадства мае права абыходзіцца як без “грамадскіх абвінаваўцаў”, так і без “грамадскіх адвакатаў”». Ролю абвінаваўцы ягонае выданне, што навязваецца беларусам з усіх прасаў за іх жа грошы, якраз дэ-факта і бярэ на сябе… А без грамадскіх абаронцаў, голасу якіх у Беларусі праз інфармацыйны шум амаль не чуваць, дзяржава захлынецца ў таннай канспіралогіі тыпу «Маладняк слухаў лідара, наліваўся злосцю, рыхтаваўся да вайны з “маскалямі”легіён ператвараў маладых байцоў у бязлітасных зомбі». І яшчэ мяркую, што без такіх абаронцаў суды ніколі не апраўдалі б ні Альфрэда Дрэйфуса ў Францыі, ні Менахема Бейліса ў Расійскай імперыі.

Карціць спадзявацца, што новы кіраўнік «галоўнага яўрэйскага саюза» (гл. вышэй) цішком-нішком адгародзіць сваю суполку ад цынічнага лаўрэата прэміі «За духоўнае адраджэнне», экс-кандыдата на пасаду пасла Беларусі ў Ізраілі… Эх, «за дзяржаву абідна».

Апаненты лукашэнкаўскіх ідэолагаў, у прыватнасці, пазнякоўцы, таксама, бывае, самі сабе псуюць рэпутацыю. Во нядаўна аблілі брудам мужнага чалавека, Барыса Хамайду з Віцебска (гл. фота; інтэрв’ю з Б. Х. чытайце, напрыклад, у «Мы яшчэ тут!» за 2008 г.). Камусьці падалося, што ён няправільна распаўсюджвае недзяржаўную прэсу – пад чырвона-зялёным «БССР-аўскім» сцягам. Насамрэч гэта быў штандар Віцебскай вобласці… Папрасіць прабачэння? Не, за тыдзень не даўмеліся. Ды што казаць пра «пешкі», калі «кароль»-Зянон змяшаў з г… нябожчыка Булахава і лічыць гэта нармальным.

Каб разбавіць сумны наратыў, прапаную зірнуць на каробку з мацой, спечанай у Кіеве ў лютым 2017 г. ды прывезенай у Мінск «Джойнтам», і ацаніць зычэнне.

Можа, мелася на ўвазе пажаданне паэтам – «Счастливого Пегаса»? 🙂

Агулам час ад часу здаецца, што сплю і бачу сон: y сне нярэдка гаворыш, а цябе не чуюць… Так і з ідэяй «Злучаных штатаў», або Вялікага княства Беларусі, Украіны і Літвы, якую падтрымаў у студзені, амаль тры месяцы таму. Зеро водгукаў з тутэйшай «палітычнай супольнасці», не кажучы пра нейкія практычныя крокі. Вядома, за гэты час улады РБ прыкладалі намаганні, каб дадаткова пасварыцца з урадамі Літвы і Украіны (усталёўка статара турбагенератара і «бітага» корпуса рэактара Астравецкай АЭС, заявы пра падрыхтоўку беларускіх баевікоў ва Украіне), але ж не заўсёды будзе так?

Нядаўна дэпутат-гісторык Ігар Марзалюк заявіў расійцам, што «Беларусь – гэта адзіная краіна, якая не дазваляе стварыць Міжмор’е. Гэты [міжморскі] ланцуг не замкнёны. І пакуль ва ўладзе будуць тыя ж людзі, што і цяпер, ён не закрыецца…» Аднак не цямлю я, што жахлівага ў хаўрусе дзяржаў ад Балтыйскага і да Чорнага мора, дзе наедак ад таго, што беларусам няпроста з’ездзіць на экскурсію ў суседні Вільнюс?.. Яшчэ 25 год таму іншы спецыяліст па мінуўшчыне, Адам Мальдзіс, разважаў: «Што ж датычыцца беларуска-літоўскай супольнасці, то само жыццё, эканамічны і палітычны крызіс падштурхоўваюць нас (як бы мы таму ні супраціўляліся) да такога з’яднання. Гэта адпавядала б нашай гістарычнай традыцыі (залаты век у Вялікім княстве Літоўскім), інтарэсам абодвух народаў. Тая граніца, на якую цяпер затрачваецца столькі сродкаў, была праведзена адвольна, “па жывому”…» (з кнігі Ю. Залоскі «Версіі», Мінск, 1995).

Cёння – апрача іншага, і Дзень касманаўтыкі. Дазволю сабе змясціць карыкатуру расійскага шахматыста-гумарыста Уладзіміра Чакаркова, прысланую ў 2003 г. для «Шахмат-плюс» (друкавалася ў 2-м выпуску гэтага мінскага часопіса).

Да таго ж раю паслухаць песню «Космас» нашага аўтара Федзі Жывалеўскага (напрыклад, тут), не пашкадуеце 🙂

Вольф Рубінчык, г. Мінск

12.04.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 12.04.2017  19:18

Кароткі змест папярэдніх дзесяці серый:

№ 49 (02.04.2017). Прымітывізацыя вобраза пратэстоўцаў асобнымі аўтарамі. Разгон дэманстрантаў як анахранізм. Адмова верыць, што “ўсё прапала”. Аптымістычныя назіранні Л. Мірзаянавай, А. Горвата. Як час працуе супраць сістэмы. Казус з сатырычнай налепкай ля станцыі мінскага метро. Вынікі афіцыйнага даследавання хатніх гаспадарак. Адступленне з жыцця беларускай пошты 2010 г. (як адміністрацыя шкадавала вады ў спёку). Пошук адказу на пытанне, што будзе далей з “сілавікамі”, нежаданне іх агулам “расчалавечваць”. Прапанова “перавыхоўваць” іх у творчых саюзах. Уражанні ад прэзентацыі кнігі Л. Паўлікавай-Хейдаравай 29.03.2017. Ліст дэпутатаў Еўрапарламента пра Беларусь як уратаванне гонару “Еўропы”.

№ 48 (27.03.2017). Думкі пра волю і няволю ў беларускім грамадстве. Фактычнае паўтарэнне А. Лукашэнкам слоў персанажа п’есы Б. Брэхта (у 1997 г.). Перайманне “праваахоўнай” сістэмай РБ сюжэтаў Ф. Кафкі (“Працэс”, “Замак”). Прагрэсіўнасць канстытуцыі Кракава 1815 г. у параўнанні з сучасным беларускім заканадаўствам. Зноў пра абяцанку 2010 г. увесці суд прысяжных. Адмова старшыні Вярхоўнага суда ад канцэпцыі рэформ. Прапанова бачыць нашу сітуацыю хутчэй праз прызму Я. Шварца, чым Дж. Оруэла. Прэвентыўнае затрыманне актывістаў. Слізкасць спецдакладчыка АБСЕ і многіх еўрапейскіх палітыкаў. Назіранне А. Сідарэвіча – нямецкія “шмайсэры” на вуліцах Мінска. Рэакцыя М. Акуліч на візіт у Беларусь С. Ландвер. Крытыка ізраільскай міністаркі ў сеціве. Меркаванне пра наступны “Дзень Волі”. Супярэчлівасць уражанняў ад шэсця 15 сакавіка. Адзначэнне “Дня Волі” ў Ашдодзе.

№ 47 (23.03.2017). “Справаздача” пра паход у клуб С. Алексіевіч, на сустрэчу з краязнаўцамі, дадатковыя звесткі пра з’езд СБП. Затрыманне А. Яўдахі. Эпізоды масавага забегу ў Мінску 8 сакавіка. Прэзентацыя кнігі Л. Кэрала 12 сакавіка ў “Галіяфах”, “Марш недармаедаў” 15 сакавіка. Паводзіны анархістаў і міліцыі, згадка пра В. Шчукіна. Традыцыйны шахматны турнір у СБП 19 сакавіка. Анонс дзвюх культурніцкіх падзей. І. Марзалюк і Курапаты; абяцанне ўладаў навесці там “парадак” 25 сакавіка. Крытыка артыкула “каталіка” Сяргея М., дзе ад імя яўрэяў высоўваюцца прэтэнзіі да хрысціян, а таксама “галоўнай яўрэйскай газеты” Беларусі, якая перадрукавала артыкул М.

№ 46 (12.03.2017). Значная саступка ў выкананні “Дэкрэта № 3”. Абяцанне накіраваць атрыманыя ад яго грошы “дзецям”. Згадка фрагмента з кнігі Э. Кузняцова. Пра матывацыю пратэстоўцаў і “выкалупванне разынак з булкі”. Трагедыя ў Скідзелі і дэградацыя прадпрыемстваў, знос фондаў. Несамавітасць эканамістаў тыпу І. Целеш. Пра з’езды СБП 2002 і 2017 гг. Адносна дэмакратычныя выбары, памылкі арганізатараў, палеміка з тымі, хто пляжыць Саюз. Распаўсюд кніг у кулуарах з’езда; гістарычныя анекдоты з кнігі Л. Казлова. Імпрэза ў гонар Я. Купалы ў Мінску, чытанне на ёй верша ў перакладзе на іўрыт.

№ 45 (06.03.2017). Ізноў пра “дэкрэт № 3” – “задні ход” уладаў. Кур’ёзнае апытанне на афіцыйным сайце. Самасцвярджэнне “начальства” за чужы кошт. “Міліцэйскія” і народныя жарты. Патлумачаная прычына блакіроўкі “Луркамор’я” – непераканаўчасць тлумачэнняў. Выпраўленне і невыпраўленне памылак. Падзел на групоўкі ва ўладзе. Падзеі ў Курапатах і страта даверу бізнэсоўцаў да чыноўнікаў. Максімалізм некаторых “абаронцаў Курапатаў”. Празмерны аб’ём спіртнога ў РБ; ідэя “алкатураў”. Новы пасол Ізраіля ў Беларусі, яго вялікае інтэрв’ю. Затрыманне ў Ізраілі “беларуса”, які планаваў далучыцца да “Ісламскай дзяржавы”.

№ 44 (27.02.2017). Паблажлівасць карэспандэнта “Радыё Свабода”. Гісторыя “Піянерскай зоркі”. Штрыхі да стану беларускай адукацыі. Згадка антыўтопіі Лаа Шэ. Як “наверсе” бачаць ролю юрыстаў. Пра стаўленне да юрыстаў у Германіі 1930-40-х гг. “Маўклівая большасць” супраць дэкрэту № 3. “Вечнае вяртанне” ў Беларусі: адчуванне таго, што надышоў 1989 г. Змрочныя сведчанні пра наступствы Чарнобылю з афіцыйнага даклада 2016 г. Трагедыя на Скідзельскім цукровым камбінаце. Як мінінфармацыі “заблакавала” “Луркамор’е”. Параўнанні 1989 і 2017 гг. не на карысць апошняга. Шарлатанства некаторых мясцовых эканамістаў. Парада адправіць на “газавыя перамовы” з Расіяй гросмайстраў Жыгалку або Азарава.

№ 43 (21.02.2017). У. Чавес і Беларусь. Крытычны агляд афіцыйных венесуэльскіх выданняў, атрыманых на мінскім кірмашы. Успамін пра тое, як Л. Ананіч у 2003 г. стала “сааўтаркай” кнігі В. Вараб’ёва. Дыялог У. Чавеса і А. Лукашэнкі 2006 г. Напамін пра памыснасць пабудовы адносін з бліжэйшымі суседзямі. Падзенне ВУП у Беларусі і павольны рост ва Украіне. Водгукі на “дэкрэт № 3”. Падвышэнне пенсійнага ўзросту ў РБ. Назіранні за кар’ерай прэс-сакратаркі Н. Эйсмант (“феномен Псакі”?) Пажаданне ўзяць у адміністрацыю блазна. Ухвала рашэння міністра ўнутраных спраў Украіны не выдаваць А. Лапшына Азербайджану. Крытыка рашэння мінкульта РБ не ўключаць Саюз беларускіх пісьменнікаў у спіс творчых саюзаў, выказвання А. Карлюкевіча пра “кнігі няпэўнага зместу”.

№ 42 (17.02.2017). Антысеміцкія матывы ў Расіі. Успамін пра тое, як гэта было ў Беларусі на пачатку 2000-х гг. Адчуванне прыкрасці ад паводзін “Нашай Нівы”, якая галаслоўна прычапіла творам А. Бузіны цэтлік “антыўкраінская літаратура”. Нападкі “НН” на арыштаваных аўтараў “Рэгнума”. Цытата з С. Шыптэнкі пра гаротны стан беларускай прамысловасці. (Сада)мазахізм у Беларусі і свеце – магчымая прычына правядзення “хіджабнага” чэмпіянату свету ў Іране. Перастаноўкі ў адміністрацыі Лукашэнкі. Думкі пра тое, што намеснік міністра А. Карлюкевіч мог бы падтрымаць выданне літаратуры на ідышы.

№ 41 (15.02.2017). “Абдымашкі” І. Сярэдзіча з Лукашэнкам, ідэя “круглага стала”. Параўнанне палітычных сістэм у Беларусі і Іспаніі (пад Ф. Франка). Пустая абяцанка прызначыць омбудсмена. Ідэі для канстытуцыйнай рэформы. Сумнеўныя спасылкі гісторыка І. Марзалюка на ізраільскі досвед. Крытыка выказванняў З. Пазняка пра Ізраіль і “няўдзел” беларусаў у Халакосце. Цытаты з кнігі Л. Рэйна. Згадка пра А. Лапшына, якога не шукаў Інтэрпол.

№ 40 (05.02.2017). «Вялікая сустрэча» з Лукашэнкам 03.02.2017. Парушэнне норм і нейтралізацыя апанентаў. Няўменне сфармуляваць нацыянальную ідэю, працяг лалітыкі. Расказ аратара пра Трампа і яўрэяў. А. Лапшын як прадмет гандлю. “Казус Губарэвіча” (вызваленне ад судовай адказнасці). Рэдкасць апраўдальных прысудаў у Беларусі. Пра ганаровага консула Беларусі ў Ізраілі Г. Магнезі. Схема “сваім – усё, чужым – закон”. Пазітыўныя рэкламныя ролікі для тых, хто едзе ў Беларусь. Прапанова развіваць хостэлы з нізкімі цэнамі на жытло.

Змест ранейшых серый гл. у №№ 40, 30, 20, 10 🙂

Leave a Reply