В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (49)

Пасля бурапенных тыдняў сакавіка «калектыўны мозг нацыі» выгрузіў у сеціва гігабайты, калі не тэрабайты, (дэз)інфармацыі. Адныя праходжваюцца па свядомасці ахвяр, як псіхолаг Павел З., які яўна прымітывізуе партрэт пратэстоўцаў, іншыя сумленна спрабуюць разабрацца, што адбылося і куды мы ідзем… Я сам канчаткова не разабраўся, таму разглядайце гэтую серыю як накід. Зрэшты, у мяне амаль усе серыі такія 🙂

Наўрад ці «сілавікі» праявілі пры папярэдніх затрыманнях і ў час разгону больш жорсткасці, чым гэта было ў 2006 і 2010 гадах, аднак на фоне адноснай «адлігі» апошніх гадоў усё ўжо выглядае анахранізмам. Нават міністр замежных спраў РБ як бы намякнуў, што не ўсе ўчынкі «доблеснай міліцыі» ён ухваляе.

Разумеючы пачуцці назіральнікаў (асабліва тых, хто сам прыняў дозу дубіналу), я не магу згадзіцца з тымі, хто крычыць «усё прапала». Вось гэтыя заявы Уладзіміра М.: «Рэжым перайшоў у новы стан… З 25 сакавіка краіна знаходзіцца пад кантролем АЗГ – аб’яднанай злачыннай групоўкі… У краіне БОЛЬШ НЯМА дзяржавы. Яе адмянілі 25 сакавіка 2017 года… Усе дзеянні, якія зыходзяць з апрыёрных дапушчэнняў таго, што мы маем у краіне дзяржаву, дыктатуру, што мы вядзем палітычную барацьбу – нонсэнс» даволі тыповыя для ныцікаў і «недапечаных палітолагаў», якія імі маніпулююць. Натуральная выснова пасля такіх разваг – трэба накрыцца прасцірадлам і паўзці ў бок могілак… Або з’ехаць з краіны, або нічога не рабіць, чакаючы, пакуль усё само абрынецца?

Не блізкія мне і віншаванні тыпу «З новым 1937-м годам вас, беларусы». Праўда, гэтак пісаў не даследчык, а папулярны блогер, да таго ж у дзень разгону асноўнай часткі дэманстрантаў, 25.03.2017: яму – можна. Я ж амаль на 100% упэўнены, што краіну чакае не 1937-ы і нават не 1938-ы, а, хутчэй за ўсё, 1990-ы. Карацей, наперадзе – светла. І наша аўтарка Людміла Мірзаянава (маці былога палітзняволенага), якая не была ў краіне паўгода, сцвярджае пра цяперашніх беларусаў:

Гэта іншыя людзі! Змянілася стаўленне да рэчаіснасці, да ўлады. Вера ў тое, што поспех магчымы, вельмі ўмацавалася. Трывожнасць знізілася… І гэты стан упэўненасці пашыраецца, ён «заразны». Нават момант застрашвання напярэдадні 25 сакавіка з пасадкамі прывёў толькі да аднаго ― яшчэ больш смеху, іроніі, сарказму… Гэта таксама пра многае сведчыць: перад распадам Савецкага Саюза было столькі анекдотаў, як ніколі.

Філолаг і гісторык Валер Б., які цікавіцца філасофіяй і палітыкай, выказаўся так: «Рэжым робіць неацэнную паслугу грамадзянскай супольнасьці, кансалідуючы яе, умацоўваючы гарызантальныя міжчалавечыя сувязі, нарошчваючы чалавечы капітал, адсейваючы выпадковых людзей, спрыяючы масавай салідарнасьці са зьняволенымі і іх сем’ямі». Гэта было напісана 23 сакавіка, калі «хапуны» ішлі поўным ходам. Валер пастуляваў таксама: «Ніякія рэпрэсіі не дадуць вынікаў, калі будзе падаць ВУП». Ну, я-та мяркую, што валавы ўнутраны прадукт – не той паказчык, які (дэ)мабілізуе людзей («вал», і нават золатавалютныя рэзервы, на хлеб не намажаш; куды важнейшы рэальны ўзровень даходаў і размеркаванне апошніх), але ў цэлым думка слушная, час даўно працуе супраць «сістэмы», як бы яна ні агрызалася.

Вось і небезвядомы літаратар Андрэй Горват заяўляе «таварышу» з Чырвонага дома, што ў Прудку Калінкавіцкага раёна яго ўжо не баяцца (што «нават за 300 кіламетраў ад МКАДа ніхто не верыць тэлевізару», гэта аўтар загнуў, канешне; нехта-такі верыць). Ну, а як шаноўным чытачам такі штрышок: сатырычная налепка на афіцыйным стэндзе з наказам правільна плаціць падаткі… Фота зроблена ў адзін з апошніх дзён сакавіка ў Мінску, ля станцыі метро «Пушкінская». Паперку было лёгка адарваць – прылеплена, здаецца, толькі скотчам – аднак правісела мінімум 6 гадзін, з 7.45 да 13.45.

Надоечы апублікаваныя дадзеныя афіцыйнага даследавання (ад нацыянальнага статыстычнага камітэта), хоць і выбарачнага. Пра зніжэнне даходаў у 2016 г. паведамілі прадстаўнікі 37,8% хатніх гаспадарак, пра рост – толькі 8,6%. Амаль 40% кажуць, што не маюць «на чорны дзень» і 90 рублёў, г. зн. 50$! Раззлавала многіх чытачоў навіна пра тое, што выхавальніцам дзіцячых садкоў у Пінску прафсаюз раздаў падарункавыя сертыфікаты на 3 рублі, то бок на 1,5 еўра. Напэўна, тыя, хто раздаваў, моцна ганарыліся сваёй шчодрасцю. Зараз тры рублі – дзве пляшкі малаякаснага піва або шэсць паездак на аўтобусе…

Невялікае адступленне з жыцця беларускіх сувязістаў 2010 г. Так склалася, што ў канцы траўня ініцыяваў петыцыю да кіраўніцтва «Мінскай пошты» аб павелічэнні заробку на 30% – яе падпісалі ўсе паштальёны аддзялення, за выняткам пенсіянеркі, якая ляжала ў бальніцы з хворымі нагамі (потым адміністрацыя пашкадавала грошай адправіць яе ў санаторый). На вул. Жудро, 59 прыехала «аўтарытэтная» камісія на чале з намесніцай дырэктаркі, якая даказвала, што ў «сярэднім па бальніцы» тэмпература заробак у нас нармальны. Хтосьці выплюхваў эмоцыі, я трымаўся патрабаванняў, заяўленых у петыцыі… Дадаў, што работнікам аддзялення патрэбная дастаўка пітной вады; калегі нясмела, але падтрымалі. Прадстаўніцы «паштамта» слухалі з вылупленымі вачыма (няўжо вада гэткая важная для тых, хто за дзень мусіў адольваць з сумкай па 10 км?) У выніку грузная дама з паштовага прафсаюза, якая таксама ўваходзіла ў дэлегацыю, нешта сабе запісала, паабяцаўшы вырашыць пытанне… Ці трэба дадаваць, што яно «вырашаецца» дагэтуль, дарма што ліпень 2010 г. пабіў рэкорды па спёцы? У той месяц, дарэчы, з інтэрвалам у тыдзень памерлі двое маіх знаёмых шашыстаў з Мінска: Юрый Вульфавіч Файнберг (16.02.1937 – 17.07.2010) і Георгій Іосіфавіч Пятровіч (15.02.1940 – 24.07.2010). Маладзейшым таксама было нясоладка.

Пачытаў пра каралеўскую кобру, якая сёлета праз засуху прыцягнулася да індусаў, і яны «па-каралеўску» напаілі яе з бутэлькі, паглядзеў адпаведнае відэа. Што тут скажаш: часам у Індыі лепей ставяцца да змей, чым у Беларусі – да людзей…

Падобна, экзатычныя крокі ўладаў РБ кшталту публічнага адмаўлення доўгу за газ скора давядуць да таго, што сучаснаму «пралетарыяту» не будзе чаго губляць, апрача ланцугоў. І некаторыя асабліва прасунутыя энтузіясты (Кастусь, 29.03.2017) зазіраюць у будучыню, задаючы urbi et orbi важныя пытанні: «Некалькі пакаленьняў беларусаў назіраюць за гвалтоўнымі дзеяньнямі ВЧК, МГБ, НКУС, КДБ. Нас прымусілі прывыкнуць да іх гвалту, іх хлусьні, як да непазьбежнага зла. Вось пішуць пра люстрацыю – якая люстрацыя, панове? Па закону іх усіх да аднаго трэба падвяргаць люстрацыі, але куды іх потым падзець? Яны ж нічога ня ўмеюць рабіць рукамі, акрамя як махаць гумовым дручком! Яны ж запоўняць падваротні нашых гарадоў, яны ж будуць красьці і рабаваць нас… 140 тысяч патэнцыяльных злачынцаў! Шчыра кажучы, я ня ведаю, што рабіць з усім гэтым».

З тым, што люстрацыя, хутчэй за ўсё, неабходная, я згодзен (калі толькі ў Беларусь не прыляцяць жоўтыя іншапланетныя прыяцелі Кірсана Мікалаевіча Ілюмжынава і не забяруць тутэйшы АМАП да сябе), як і з тым, што яна будзе балючая: не ўсе «140 тысяч», але значная частка «сілавікоў» насамрэч сябе запляміла, і з сотнямі, калі не тысячамі, прыйдзецца развітацца… Дзмітрый Шчыгельскі дасціпнічаў у фэйсбуку 29.03.2017: «Тут інтэлігенты пішуць многа разумных і гуманістычных слоў пра АМАП, пра байцоў спецпадраздзяленняў, спрабуюць іх зразумець, прабачыць і знайсці дарогу да іх сэрцаў. Панове, гэта наіўны і дзіцячы лепет. Байцам спецпадраздзяленняў прамывалі мазгі і фармавалі іх светапогляд амаль дваццаць год прафесіяналы,… кожны дзень, распрацоўваючы і дасканалячы праграмы, адсочваючы вынік, уводзілі крытэрыі якасці і эфектыўнасці».

Ісціна недзе побач, і ўсё ж я не маю намеру агулам «расчалавечваць» непрыяцельскі лагер (Альгерд Б., 29.03.2017: «А яшчэ праз гадзіну мне пашчасьціла ўцячы ад гэтых бязтварых робатаў, якія высыпалі на праспэкт»; Настасся З., 30.03.2017: «Так, гэтыя людзі спакойна спяць па начах і зусім не пакутуюць праз згрызоты сумлення з прычыны яго адсутнасці»). Больш за тое, дагэтуль веру ў мажлівасць знайсці «дарогу да сэрцаў» прынамсі некаторых суайчыннікаў-«касманаўтаў». Што з імі будзе далей? Тут на помач можа прыйсці класіка… «Былы сляпы» Панікоўскі гаворыць у Ільфа і Пятрова: «Гарадавы сачыў нават, каб мяне не крыўдзілі… Прозвішча яму было Нябаба, Сямён Васільевіч. Я яго нядаўна сустрэў. Ён цяпер музычны крытык».

Можа быць, творчым саюзам – якіх з 25.03.2017 афіцыйна 16, міністэрства культуры фактычна прызнала, што 30.01.2017 села ў калюжыну – загадзя паклапаціцца пра будучых беспрацоўных? Наладзіць для іх курсы перакваліфікацыі, пагатоў існуе версія, што байцы АМАПа «вывучаюць замежныя мовы, некаторыя вольна гавораць на некалькіх. Ёсць заўзятыя тэатралы, гісторыкі, знатакі выяўленчага мастацтва, напрыклад, акадэмічнага жывапісу ХІХ стагоддзя». Атрымаўся ж з футбаліста і начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў «Сустаршыня Міжнароднага літаратурнага фонду» і старшыня грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі»… Пішучы гэтыя радкі на зыходзе 1 красавіка, трохі жартую, а трохі не. Калі нават гэта жарцік, то ён, пагадзіцеся, больш аптымістычны, чым змрачнаваты «свабодаўскі» са спасылкай на агенцтва «БелКА», маўляў, «у сілавых структурах Беларусі за месяц будзе створана больш за 350 тысяч новых працоўных месцаў» (на якія «працаўладкуюць» усіх дармаедаў).

А тым часам… 29 cакавіка ў мінскім офісе партала TUT.by – які па дзіўным супадзенні знаходзіцца зусім побач з турмой на завулку Акрэсціна – адбылася прэзентацыя новай, сёлетняй кнігі паэткі Людмілы Паўлікавай-Хейдаравай (Людміла да таго ж і шахматыстка). Яе «касмічныя» вершы няпроста ўспрымаюцца на слых, а пераказваць паэзію ўвогуле няма сэнсу. Занатаваў тое, што лягло на душу: «Ад гвалту ісцін безаблічных…», «Не гутаркі, а Слова прагнуць людзі».

Людміла слухае Алеся Камоцкага; без аўтографа ніяк…

Парадаваўся, што ў Мінску так многа бардаў і бардынь (бардэс?), што культурка нікуды не дзелася нават пасля асноўнай часткі імпрэзы, калі госці ўпускалі ў сябе чырвоны і белы напоі. Наліваючы, я слухаў паэта Васіля Зуёнка, які ў 1980 г. даў Людміле, выпускніцы факультэта прыкладной матэматыкі БДУ, «пуцёўку ў літаратуру», надрукаваўшы падборку яе вершаў у часопісе «Маладосць». І сум мой светлы быў.

Тут яшчэ 72 дэпутаты Еўрапарламента падпісалі пісьмо з заклікам змяніць палітыку ў дачыненні да вышэйшых службоўцаў РБ. Наіўна гучыць сказ «ЕС не можа пакінуць без увагі спадзевы тысяч беларускіх грамадзян, якія вераць у дэмакратычную і еўрапейскую Беларусь» – практыка паказвае, што яшчэ як можа, дый неабавязкова злучаць паняткі «дэмакратыя» і «Еўропа», надта часта яны разыходзіліся – і ўсё ж гэтая дзясятая частка дэпутацкага корпуса часткова ўратавала ў маіх вачах рэпутацыю суседзяў па кантыненце. Можа, і ў ізраільскіх дэпутатаў (або нават міністраў!) калі-небудзь прарэжацца голас…

* * *

Перад «юбілейным», 50-м выпускам, ласкава прашу чытачоў больш актыўна слаць водгукі на серыял – што падабаецца, што не, і г. д. Будзе багата водгукаў – скарэктую свае паводзіны 🙂

Вольф Рубінчык, г. Мінск

02.04.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 02.04.2017  08:19

Leave a Reply