В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (45)

Сам не чакаў, але ў мінулым месяцы агораў «марафон» (42,195 катлеты з мухамі)… Пакуль ёсць што сказаць – працягваю пазнавальна-каляпалітычны серыял жахаў, пагатоў, як вяшчаюць бізнэс-дарадцы, нікому яшчэ не зашкодзіла «прайсці лішнюю мілю».

Ізноў пра дэкрэт № 3, падпісаны ў 2015 г. і прысвечаны «сацыяльным утрыманцам». Выглядае, што Беларусь – толькі палігон для абкаткі падобных ініцыятыў (як мага больш забраць у бедных…) Імкненне дэмантаваць «сацыяльную дзяржаву» характэрнае апошнім часам для ўрадаў на розных кантынентах.

Пасля ганебных «высвятленняў матэрыяльнага становішча», калі чыноўнікі даводзілі просьбітаў да слёз, і шматтысячных шэсцяў пратэсту, улады ў канцы лютага 2017 г. далі «задні ход». Гэта адчуваецца нават у афіцыёзным віртуальным «імхаклубе», які выдае сябе за «вольную пляцоўку» для абмеркаванняў. Пачалі транслявацца думкі тыпу «дэкрэт пра сацыяльнае ўтрыманства, вядома, неадназначны. Нездавальненне людзей такой формай дадатковага спагнання сродкаў у бюджэт зразумелае. Справядліва паўстае пытанне – калі ўзяліся за дармаедаў, то чаму дагэтуль няма падатку на раскошу?» «Нагоду для нездавальнення далі самі ўлады, выдаўшы непрадуманы і супярэчлівы дакумент, які юрысты бяруцца аспрэчыць у судах… у ім куча нарматыўных парушэнняў». Так пішуць лукашысты сярэдняй ступені ўплывовасці – «спахапіліся», выдаюць сябе за «сяброў народа». Адзін з іх, між іншага, бачыць у беларускай эканоміцы праявы НЭПу і заклікае ўрад «раскулачыць» банкі – наскок па ўласнай ініцыятыве або зандаж грамадскай думкі?..

На сайце Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі pravo.by зладзілі былі апытанне, мэтай якога, відавочна, была дэманстрацыя «народнай падтрымкі» дэкрэта № 3. Аднак вынікі (як ні дзіўна :)) выявіліся для «сістэмы» яшчэ горшымі за тыя, што фігуравалі на неафіцыйным тутбаі – 83,2% апытаных выступілі супраць пабораў з «дармаедаў». 24 лютага пасля падачы 1647 галасоў апытанку закрылі і ўвогуле выдалілі старонку з ёй, аднак інтэрнэт, кажуць, помніць усё (насамрэч бывае іначай – гл. гісторыю з някляеўскім інтэрв’ю).

Справа не так у грошах, як у самасцвярджэнні «начальства» за чужы кошт, чаго чыноўнікі асабліва і не хаваюць. Галоўны ж 28.02.2017 дагаварыўся да таго, што «дармаедаў»-пратэстоўцаў «спрабуюць выкарыстоўваць у самых карыслівых мэтах» (самакрытычненька…) Абурыў жыхароў краіны эпізод з жыхаркай Мазыра, якая расказала пра свой паход з хадайніцтвам пра вызваленне ад платы ў райвыканкам: «У заяве я напісала, што муж і бацькі не будуць плаціць падатак за мяне. Тады адна жанчына з камісіі сказала: што гэта за муж такі, які не можа заплаціць за жонку? Трэба развесціся, і, можа, знойдзецца добры чалавек, які не будзе прымушаць жонку плакаць на крэсле перад камісіяй. А старшыня і астатнія члены камісіі падтрымалі яе жартамі і смехам». Дарэчы, «жарт» у духу Іосіфа Сярэдзіча, той таксама ў 2000-х кінуў маёй жонцы: «Мы вам іншага мужа падбярэм».

Чынавенска-міліцэйскі «гумар» – тэма асобная, не пабаюся гэтага слова, спецыфічная. У прынцыпе, і ў МУС умеюць жартаваць, калі пастаўлена адпаведная задача… Вунь 4 сакавіка ў Мінску адбыўся парад да 100-годдзя міліцыі, дык намеснік міністра, вымаўляючы словы падзякі, не забыў службовых сабак, якія «прайшлі амаль шыхтом і з усмешкамі». Даволі годны быў таксама жарт ад міліцэйскага начальніка, адрасаваны дзяўчатам: «Шыхтовая падрыхтоўка лепей за фітнэс… запрашаю ўсіх, хто марыць пахудзець, пазаймацца шыхтовай падрыхтоўкай у Акадэміі МУС!» Паэтка Валярына Кустава з праграмай «Фітнэс-шмітнэс» нервова курыць у старонцы…

Агулам жа мяне вабіць іншая гумарыстыка, такая, як у тутэйшых фірмачак, што прапануюць зніжкі «дармаедам». Цешыць, што гэта не адзінкавы феномен – ідэйку падтрымалі ў розных рэгіёнах Беларусі, не выключаю, што незалежна адно ад аднаго. Нехта ўжо адкрыта высмейвае адну з самых адыёзных чыноўніц РБ, суправаджаючы яе партрэт у цэнтры Мінска подпісам: «Гэта я аўтар падатку на беспрацоўных».

Нярэдка выдавала «перлы» пра нашу сітуацыю «Луркамор’е» – вось хаця б тут, у артыкуле пра лакальны беларускі мем «паўкабана». Не без цікавасці сачу за бітвай «Залюстроўе – Луркамор’е», што распачалася пару тыдняў таму. Пакуль расійскі сайт выйграе ў міністэрства інфармацыі РБ па ачках… Пасля нашай публікацыі чыноўнік мінінфарма зрабіў ласку і патлумачыў прычыны блакіроўкі, іх цэлых дзве: «Распаўсюджвалася непраўдзівая інфармацыя, плюс прысутнічала нецэнзурная лексіка, забароненая для распаўсюду ў СМІ».

Вымагаць ад сатырычна-меметычнай энцыклапудыі (у пэўным сэнсе, пародыі на «Вікіпедыю») распаўсюду выключна праўдзівай інфармацыі, гэта, безумоўна, магутны крок, варты самога тав. Агурцова, які «даставаў» клоўнаў у «Карнавальнай ночы» Эльдара Разанава. Што да «нецэнзурнай лексікі» – сам практычна не ўжываю, хіба што гадоў сем таму на пошце часам даводзілася. Тым не менш, пазіраючы на сітуацыю на постсавецкай прасторы, дый у свеце, усё менш ахвоты ганіць чыйсьці афарызм: «лепей быць сумленным чалавекам, які лаецца матам, чым ветлівай сволаччу». Па-мойму, на «Лурку» табуяваных выразаў не больш, чым у жыцці, дый гэта ніякі не «сродак масавай інфармацыі». На жаль, пастанова 2015 г. дае чыноўнікам падставы блакаваць інтэрнэт-рэсурсы без суда, і ладна б тое тычылася толькі рэальных ліхадзеяў, гандляроў наркотыкамі ці зброяй… 🙁

Падказка для цэнзараў – можна яшчэ блакаваць інтэрнэт-рэсурсы за памылкі друку; таксама ж «непраўдзівая інфа», збівае з тропу школьнікаў! Першымі ў такім разе могуць апынуцца сайты адміністрацыі прэзідэнта, міністэрстваў культуры, адукацыі, дый самога мінінфарма 🙂 Праўда, памылачкі ў прэс-рэлізе ад 27.02.2017, ненавязліва згаданыя тут, праз пару дзён аказаліся выпраўленымі.

Пакуль не заблакаваны «спартыўны» ўрадавы сайт па стане на 06.03.2017. Н. Крайко амаль тры гады таму зволілі са скандалам і судом, А. Валюк таксама даўно не руліць СДЮШАР-11. Ранейшыя заўвагі не падзейнічалі…

Партрэт чыноўніцы Мар’янкі, згаданы вышэй, улады зафарбавалі аператыўна – у дзень з’яўлення, 5 сакавіка. Аднак славутае графіці з калючым дротам красавалася ля вакзала цэлы месяц… Асабліва радуе той fuckt, што аўтара з’едлівай падмалёўкі, нягледзячы на гучныя заявы «мэра» ў снежні 2016 г., так і не знайшлі. Крымінальнай справы з нагоды псавання «высокага мастацтва» сілавікі не завялі, абмежаваўшыся «адміністратыўкай». Мо’ ўважаю пажаданае за сапраўднае, аднак падаецца, што «вярхі» ўжо не могуць захоўваць татальны кантроль над грамадствам, дый не надта хочуць… Прынамсі ва ўладзе існуюць розныя групоўкі, і канкурэнцыя паміж імі адчыняе простым смяротным «форткі магчымасцей».

Падзеі ў Курапатах разглядаю, зыходзячы з разважнага сэнсу. Каля двух тыдняў ля Мінскай кальцавой дарогі, усутыч з будоўляй бізнэс-цэнтра, пачатай у сярэдзіне лютага, кругласутачна трываў лагер «нефармалаў», якія па меры сіл тармазілі працэс. У рэшце рэшт кіраўнік будаўнічай фірмы здаўся і паабяцаў сысці з пляцоўкі, дарма што гарадскія ўлады афіцыйна яго не выганялі.

Па-мойму, тут цікавы прэцэдэнт, які сведчыць пра істотнае зніжэнне даверу бізнэсу да ўрада. Прыпамінаю, як у верасні 2001 г. мы з Якавам Гутманам (пэўны час памагаў і Саша Элентух) змагаліся супраць канчатковага знішчэння будынка сінагогі на вул. Дзімітрава, 3. Разбуральнікі паводзілі сябе дужа агрэсіўна і не звярталі ўвагі нават на прадпісанне спыніць працу да высвятлення ўсіх абставінаў, якое спрабаваў ім уручыць Дзмітрый Бубноўскі, «цэлы старшыня» камітэта па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры міністэрстве культуры. Бізнэсоўцы мелі «лапу» значна вышэй, чым у камітэце, і спадзяваліся адбіць усе выдаткі, пабудаваўшы дом з элітнымі кватэрамі. Зараз жа фірма-забудоўшчык сама не зусім упэўнена, патрэбны ёй бізнэс-цэнтр у Мінску або не… Пратэсты зрабіліся добрай нагодай, каб «захаваць твар» і сысці ў астрал.

Да 2014 г. месца ля Курапат, дзе разгарнуліся баталіі, фармальна знаходзілася ў ахоўнай зоне – але ж чыноўнікі і бальшыня пратэстоўцаў згодныя ў тым, што расстрэлаў там не вялося. У гэтым пытанні давяраю такім спецыялістам, як Антон Астаповіч і Вадзім Гліннік. Ад спрэчнай пляцоўкі да Курапацкага леса – мінімум 150 метраў, нават болей, чым ад суседняга шматпавярховіка па вул. Мірашнічэнкі. Не ўсім зразумела, чаму жыць і паркаваць аўтамабілі ў «ахоўнай зоне» можна, а займацца бізнэсам – не. Той самы Антон А. 22.02.2017 адказваў максімалістам так: «няма міжнародных нарматываў і стандартаў па вызначэнні ахоўных межаў у 300 метраў, а згодна з нашымі нарматывамі, калі браць могілкі, то гэта ўсяго 50 метраў». Аднак пераможцаў не судзяць, хоць часам і палохае мяне іхняя зацятасць.

Ёсць яшчэ нюанс. Калі ў канцы 2001 г. прыходзіў да вогнішча маладафронтаўцаў у Курапацкі лес, каб не дапусціць пашырэння кальцавой дарогі за кошт месцаў пахаванняў, то «матывацыю» меў простую: трэба ўспамінаць не толькі герояў Вялікай Айчыннай вайны, а і ахвяр палітычных рэпрэсій. Некаторыя ж актывісты 2017 г. (nomina odiosa) процістаўляюць адну катэгорыю другой, дый не лічаць перамогу над нацыстамі дасягненнем для беларусаў, бо ў выніку вярнулася Чырвоная армія! Я б не пісаў пра гэта 10 дзён таму, але зараз, калі вострая фаза канфлікту прайшла, чаму б і не папярэдзіць пра трывожныя, лагодна кажучы, тэндэнцыі.

Дзяржаўныя знакі памяці – на другім варта было б напісаць «рэпрэсіі» з адной літарай «с». Мінск, 05.03.2017.

У цэлым жа не магу не вітаць «абуджэнне мас». Параўноўваў РБ-2017 з БССР-1989, аднак 28 год таму людзей усё ж лягчэй было раскатурхаць на фоне адсутнасці электронных гаджэтаў і… браку спіртнога. Любы п’янтос часу дзеяння «антыалкагольнага закона» ахвотна перанёсся б у нашу эпоху.

На самым відным месцы ў буйным мінскім універсаме, 01.03.2017. Бедныя дзеці…

Чамусьці асобы, адказныя за раскрутку Беларусі на Захадзе, не робяць стаўку на «алкатуры» – дару ім такую ідэю. У харошым роліку ад «Ветліва», дзе асабліва вылучаюцца акарыны, – толькі намёк на выпіўку, пры тым што секс-паслугі рэкламуюцца куды больш выразна 🙂 Няхай бы замежнікі паціху ўсю нашу акавіту выпілі або з сабой забралі – дальбог, цвярозым беларусам лягчэй бы жылося.

А тым часам прыступіў да працы ў Мінску новы пасол Ізраіля, Алон Шогам. Яго першае вялікае інтэрв’ю (16.02.2017), хоць і не пазбаўленае «ружовага туману», збольшага спадабалася; прынамсі сп. Шогам не стаў, як яго папярэднік, разважаць пра тое, чаго не ведаў. Натуральна, дзеля займанай пасады пасол мусіць з аптымізмам пазіраць на ізраільска-беларускую эканамічную супрацу, аднак гісторыі са згаданым у інтэрв’ю «Світландам» і не згаданым рыбаводчым прадпрыемствам «Ясельда», у якое таксама ўклаліся ізраільцы, сведчаць, што падстаў для радасці нямнога. Выдача Аляксандра Лапшына з Мінска ў Баку 07.02.2017 падарвала давер на высокім узроўні; застаецца верыць, што нядаўняе затрыманне ў Ізраілі «беларуса», які планаваў далучыцца да «Ісламскай дзяржавы», не адаб’ецца на іміджы нашай краіны сярод людзей паспалітых.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

06.03.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 06.03.2017  18:57

Leave a Reply