Tag Archives: «Междуморье»

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (50)

Шаноўных чытачоў вітаю поўным шаломам! Вось і нейкае падабенства юбілейнага выпуску, у якім дазволена азірнуцца назад. Але найперш, па завядзёнцы, азірнуся наўкол.

У краінy паўзуць перамены… Калі стаць на марксісцкую купіну, то феадальны лад – або яго рэцыдывы – не можа ў нашых палястынах не змяніцца на капіталістычны. Пра балячкі апошняга нашрайбаны цэлыя бібліятэкі, але самі Карл i Фрыдрых не аспрэчвалі прагрэсіўных бакоў грамадства, у якім жылі. Так, у краіне «развітога капіталізму» наўрад ці сталі б усур’ёз асуджаць чалавека за сімвалічны жэст (пятлю, накінутую на статую гарадавога ў Мінску 12.03.2017). Гаворка пра анархіста Вячаслава К., які цяпер у СІЗА пад крымінальнай справай. Начальнік сталічнай міліцыі лепіць з яго банальнага хулігана, які апаганіў «святое для ўсіх міліцыянтаў месца». Статую сумнеўнай гістарычнай і мастацкай вартасці паставілі ў лютым г. г., а ўрачыста адкрылі 02.03.2017, і не ўсе супрацоўнікі МУС паспелі нават даведацца пра яе, не тое што сакралізаваць. Тожа мне «вечны агонь»… Правабаронцы ўважаюць Вячаслава за палітзняволенага; з імі цяжка не згадзіцца. А Пэйсах – cамы час успомніць пра тое, што ідалапаклонства шкоднае для здароўя, будзь ты фараон, святар Аарон або генерал-маёр міліцыі 🙂

Шлях інфантыльных крыўдаў за статуі ды інш. – бесперспектыўны, тым болей у эпоху, калі ў Беларусі рэальна ігнаруецца спакой жывых і мёртвых людзей. Каму, напрыклад, лепей ад будоўлі шматпавярховіка ў Мазыры на тэрыторыі могілак, хоць і даўно закрытых? Афіцыйны прадстаўнік РБ не адмаўляе таго, што «ў працэсе падрыхтоўчых работ да рэканструкцыі будынкаў былога дыспансера былі знойдзены некалькі дробных фрагментаў чалавечых парэшткаў». Дапусцім, пасол Беларусі ў Ізраілі сам не ездзіў у Мазыр – але з яго бюракратычным досведам не здагадацца, што «некалькі» там значыла «нямала» або «мноства»… Ладна, няхай «адмазка» пра «дробныя фрагменты» застаецца на сумленні дыпламата ды тых, хто рыхтаваў для яго даведку.

Нямала ў «сінявокай» і такіх, каму не дае спаць «жыдоўскае золата». Ракаўскі мастак Фелікс Янушкевіч пад канец 2016 г. казаў пра «чорных капальнікаў», якія шчыруюць у лесе, на месцы забойстваў землякоў-яўрэяў: «Гадоў 10-20 таму таксама капалі, але капацелі былі больш культурнымі, закапвалі за сабой. А гэтыя маладыя… Спытай у іх, што яны там шукаюць? Іх цікавяць зубы — гэта ж паскуды… Таму я і пішу лісты ў розныя інстанцыі і кажу, каб перавезлі астанкі і пахавалі ў нармальным месцы».

Летась на скрыжаванні вуліц Жудро і Матусевіча ў Мінску цэнтр тэніса пачаў «пашырэнне» за кошт парка. Будаўнікі аператыўна, без намёку на грамадскае абмеркаванне, пасеклі дзясяткі дрэваў, што выклікала справядлівае абурэнне жыхароў раёна. Пратэстоўцы абклеілі будаўнічы плот паперкамі; да гонару кіраўніцтва цэнтра (гендырэктар – Сямён Каган), абвінавачванняў у «замаху на святыя пачуцці» тэнісістаў не выстаўлялася. Праўда, і будоўля не спынена.

Паперкі ад незадаволеных усё яшчэ дзе-нідзе вісяць на слупах. Крэатыўныя абаронцы «зялёных сяброў» даўмеліся вешаць улёткі… у форме лісткоў на дрэвы, якія яшчэ засталіся на вул. Матусевіча.

Мінск, 02.04.2017

9 красавіка ўпершыню ў сучаснай Беларусі здарыліся дзве падзеі, здольныя істотна і пазітыўна паўплываць на будучыню, хоць пакуль яны амаль не заўважаны публікай. Быў з’езд Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын, і сярод 76 дэлегатаў – ажно 3 кандыдаты на пасаду аднаго старшыні, калі такое было ў «афіцыйных яўрэяў»? Плюс – выбралі не ранейшага кіраўніка (Барыс Герстэн стаў першым, хто ў названым саюзе сышоў добраахвотна; яго папярэднік «кіраваў» да скону), не ідэолага і не дачку лаўрэата Ленінскай прэміі, а больш-менш самастойную асобу – прадпрымальніка Уладзіміра Ч., рэзідэнта Парка высокіх тэхналогій. Не скажу, што яўрэйскае «грамадскае жыццё» зараз пышным цветам забуяе, але нейкі подых перамен данёсся. Чалавек, для якога Майсей Гальдштэйн (aka рэвалюцыянер Валадарскі) і Якаў Свярдлоў – з’явы таго ж парадку, што Змітрок Бядуля ды Ісай Казінец, не цураецца традыцый і нават навучае чытачоў беларускага часопіса: «Калі ты ходзіш у сінагогу, ты яўрэй. Калі не – то не». Забаўны постмадэрн, такі характэрны для тутэйшых…

Другая падзея – сустрэча аўтарытэтнага дзеяча шахмат (гросмайстар ІКЧФ, міжнародны арбітр і г. д.) Дзмітрыя Лыбіна з шахматыстамі Саюза беларускіх пісьменнікаў. Ён прачытаў кароткую лекцыю пра паходжанне слова «ракіроўка», даў сеанс адначасовай гульні. Д. Л. – яшчэ і музыка, знаны кампазітар, які адказвае за міжнародныя сувязі ў адпаведнай творчай суполцы. Дарма што ён завітаў да літаратараў хутчэй як прыватная асоба, гэта знак таго, што творцы краіны здольныя ўзаемадзейнічаць без падказкі/пасярэдніцтва чыноўнікаў. Калі так пойдзе і далей, то што ж будзе – няўжо і «Беларуская канфедэрацыя творчых саюзаў» зробіцца дзеяздольнай арганізацыяй? 🙂 Можа, нават перастануць прападаць са сцэны цікавыя праекты made in Belarus? Толькі за апошні год згаслі зоркі гурта «Серебряная свадьба» і тэатра «Хрыстафор»; прычыны розныя, але, мяркую, памылкі менеджменту & брак грошай у абодвух выпадках адыгралі сваю ролю. Гурта і тэатра мне шкада, тым болей што бываў на іх імпрэзах.

Перад сеансам; Д. Лыбін справа (фота Л. Хейдаравай). Міні-лекцыя (фота В. Р.)

Ход жа сеансу ў офісе СБП быў даволі прадказальны: гросмайстар выйграў 6:0… Праўда, яму давялося шмат папрацаваць галавой – а перад гэтым памагаў цягаць сталы – і праз тры гадзіны пасля пачатку маэстра паўтарыў тое, што казаў на зыходзе сеансу ў «Нашай Ніве» 2005 г.: «Узмакрэў».

* * *

Не ўсе чытачы нашага рэсурса зразумелі, пра што быў верш Змітра Дзядзенкі «Крымінальная гісторыя літаратуры», апублікаваны 02.04.2017. На аршанскім сайце аўтар патлумачыў: «Па так званай «справе баевікоў» затрымалі супрацоўніка выдавецтва «Кнігазбор» Міраслава Лазоўскага і кнігараспаўсюдніка Алеся Яўдаху. Гэтай ганебнай справе і прысвечаны верш». Не ведаю, наколькі справа ганебная (ускрыццё пакажа), але тое, што яна дзіўная, факт. У прынцыпе, ухваляю супольную заяву Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» і СБП (28.03.2017 – бел., англ. варыянты). Суверэнная дзяржава мае права сябе бараніць, але ў гэтым выпадку прэвентыўнае затрыманне некалькіх дзясяткаў асоб з’яўлялася празмернай рэакцыяй на іх актыўнасць.

Днямі абвінавачванне ў адносінах да 20 чалавек з 35 дапоўнілі «Стварэннем незаконнага ўзброенага фармавання» (арт. 287 Крымінальнага кодэкса РБ, да 7 гадоў пазбаўлення волі), што выглядае зусім ужо абсурдна. Прыпомнілі членства абвінавачаных у напаўпадпольным «Белым легіёне», распушчаным гадоў 15 таму. «Галоўная газета краіны» 11.04.2017 засведчыла, што ў бездань кадэбэшнай «журналістыкі» можна падаць бясконца. Замест фактаў парушэння заканадаўства арыштаванымі «аддзел расследаванняў» «Беларуси сегодня» штампуе дадумкі тыпу «У закрытых групах удзельнікі ведалі адно аднаго толькі па “ніках”. Нават сустракаючыся на супольных зборах і трэніроўках, далёка не ўсе ведалі адно аднаго. Напэўна, было што прыхоўваць…»

Паўлаякубовіцкі ўзровень праявіўся і ў драбязе. Так хацелася даць дыхту Станіславу Шушкевічу, пасварыць яго з абвінавачанымі (якія нібыта мелі дачыненне да «Беларускага згуртавання вайскоўцаў», ліквідаванага ў 1990-х), што дапісаліся: «16 лютага 1994 года, яшчэ пры Шушкевічу, Вярхоўны Суд забараніў БЗВ». З 26.01.1994 Шушкевіч, адстаўлены з пасады старшыні Вярхоўнага Савета, нават фармальна не меў улады ў краіне.

Крывадушная, небяспечная заява з боку Ізотавіча: «Грамадства мае права абыходзіцца як без “грамадскіх абвінаваўцаў”, так і без “грамадскіх адвакатаў”». Ролю абвінаваўцы ягонае выданне, што навязваецца беларусам з усіх прасаў за іх жа грошы, якраз дэ-факта і бярэ на сябе… А без грамадскіх абаронцаў, голасу якіх у Беларусі праз інфармацыйны шум амаль не чуваць, дзяржава захлынецца ў таннай канспіралогіі тыпу «Маладняк слухаў лідара, наліваўся злосцю, рыхтаваўся да вайны з “маскалямі”легіён ператвараў маладых байцоў у бязлітасных зомбі». І яшчэ мяркую, што без такіх абаронцаў суды ніколі не апраўдалі б ні Альфрэда Дрэйфуса ў Францыі, ні Менахема Бейліса ў Расійскай імперыі.

Карціць спадзявацца, што новы кіраўнік «галоўнага яўрэйскага саюза» (гл. вышэй) цішком-нішком адгародзіць сваю суполку ад цынічнага лаўрэата прэміі «За духоўнае адраджэнне», экс-кандыдата на пасаду пасла Беларусі ў Ізраілі… Эх, «за дзяржаву абідна».

Апаненты лукашэнкаўскіх ідэолагаў, у прыватнасці, пазнякоўцы, таксама, бывае, самі сабе псуюць рэпутацыю. Во нядаўна аблілі брудам мужнага чалавека, Барыса Хамайду з Віцебска (гл. фота; інтэрв’ю з Б. Х. чытайце, напрыклад, у «Мы яшчэ тут!» за 2008 г.). Камусьці падалося, што ён няправільна распаўсюджвае недзяржаўную прэсу – пад чырвона-зялёным «БССР-аўскім» сцягам. Насамрэч гэта быў штандар Віцебскай вобласці… Папрасіць прабачэння? Не, за тыдзень не даўмеліся. Ды што казаць пра «пешкі», калі «кароль»-Зянон змяшаў з г… нябожчыка Булахава і лічыць гэта нармальным.

Каб разбавіць сумны наратыў, прапаную зірнуць на каробку з мацой, спечанай у Кіеве ў лютым 2017 г. ды прывезенай у Мінск «Джойнтам», і ацаніць зычэнне.

Можа, мелася на ўвазе пажаданне паэтам – «Счастливого Пегаса»? 🙂

Агулам час ад часу здаецца, што сплю і бачу сон: y сне нярэдка гаворыш, а цябе не чуюць… Так і з ідэяй «Злучаных штатаў», або Вялікага княства Беларусі, Украіны і Літвы, якую падтрымаў у студзені, амаль тры месяцы таму. Зеро водгукаў з тутэйшай «палітычнай супольнасці», не кажучы пра нейкія практычныя крокі. Вядома, за гэты час улады РБ прыкладалі намаганні, каб дадаткова пасварыцца з урадамі Літвы і Украіны (усталёўка статара турбагенератара і «бітага» корпуса рэактара Астравецкай АЭС, заявы пра падрыхтоўку беларускіх баевікоў ва Украіне), але ж не заўсёды будзе так?

Нядаўна дэпутат-гісторык Ігар Марзалюк заявіў расійцам, што «Беларусь – гэта адзіная краіна, якая не дазваляе стварыць Міжмор’е. Гэты [міжморскі] ланцуг не замкнёны. І пакуль ва ўладзе будуць тыя ж людзі, што і цяпер, ён не закрыецца…» Аднак не цямлю я, што жахлівага ў хаўрусе дзяржаў ад Балтыйскага і да Чорнага мора, дзе наедак ад таго, што беларусам няпроста з’ездзіць на экскурсію ў суседні Вільнюс?.. Яшчэ 25 год таму іншы спецыяліст па мінуўшчыне, Адам Мальдзіс, разважаў: «Што ж датычыцца беларуска-літоўскай супольнасці, то само жыццё, эканамічны і палітычны крызіс падштурхоўваюць нас (як бы мы таму ні супраціўляліся) да такога з’яднання. Гэта адпавядала б нашай гістарычнай традыцыі (залаты век у Вялікім княстве Літоўскім), інтарэсам абодвух народаў. Тая граніца, на якую цяпер затрачваецца столькі сродкаў, была праведзена адвольна, “па жывому”…» (з кнігі Ю. Залоскі «Версіі», Мінск, 1995).

Cёння – апрача іншага, і Дзень касманаўтыкі. Дазволю сабе змясціць карыкатуру расійскага шахматыста-гумарыста Уладзіміра Чакаркова, прысланую ў 2003 г. для «Шахмат-плюс» (друкавалася ў 2-м выпуску гэтага мінскага часопіса).

Да таго ж раю паслухаць песню «Космас» нашага аўтара Федзі Жывалеўскага (напрыклад, тут), не пашкадуеце 🙂

Вольф Рубінчык, г. Мінск

12.04.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 12.04.2017  19:18

Кароткі змест папярэдніх дзесяці серый:

№ 49 (02.04.2017). Прымітывізацыя вобраза пратэстоўцаў асобнымі аўтарамі. Разгон дэманстрантаў як анахранізм. Адмова верыць, што “ўсё прапала”. Аптымістычныя назіранні Л. Мірзаянавай, А. Горвата. Як час працуе супраць сістэмы. Казус з сатырычнай налепкай ля станцыі мінскага метро. Вынікі афіцыйнага даследавання хатніх гаспадарак. Адступленне з жыцця беларускай пошты 2010 г. (як адміністрацыя шкадавала вады ў спёку). Пошук адказу на пытанне, што будзе далей з “сілавікамі”, нежаданне іх агулам “расчалавечваць”. Прапанова “перавыхоўваць” іх у творчых саюзах. Уражанні ад прэзентацыі кнігі Л. Паўлікавай-Хейдаравай 29.03.2017. Ліст дэпутатаў Еўрапарламента пра Беларусь як уратаванне гонару “Еўропы”.

№ 48 (27.03.2017). Думкі пра волю і няволю ў беларускім грамадстве. Фактычнае паўтарэнне А. Лукашэнкам слоў персанажа п’есы Б. Брэхта (у 1997 г.). Перайманне “праваахоўнай” сістэмай РБ сюжэтаў Ф. Кафкі (“Працэс”, “Замак”). Прагрэсіўнасць канстытуцыі Кракава 1815 г. у параўнанні з сучасным беларускім заканадаўствам. Зноў пра абяцанку 2010 г. увесці суд прысяжных. Адмова старшыні Вярхоўнага суда ад канцэпцыі рэформ. Прапанова бачыць нашу сітуацыю хутчэй праз прызму Я. Шварца, чым Дж. Оруэла. Прэвентыўнае затрыманне актывістаў. Слізкасць спецдакладчыка АБСЕ і многіх еўрапейскіх палітыкаў. Назіранне А. Сідарэвіча – нямецкія “шмайсэры” на вуліцах Мінска. Рэакцыя М. Акуліч на візіт у Беларусь С. Ландвер. Крытыка ізраільскай міністаркі ў сеціве. Меркаванне пра наступны “Дзень Волі”. Супярэчлівасць уражанняў ад шэсця 15 сакавіка. Адзначэнне “Дня Волі” ў Ашдодзе.

№ 47 (23.03.2017). “Справаздача” пра паход у клуб С. Алексіевіч, на сустрэчу з краязнаўцамі, дадатковыя звесткі пра з’езд СБП. Затрыманне А. Яўдахі. Эпізоды масавага забегу ў Мінску 8 сакавіка. Прэзентацыя кнігі Л. Кэрала 12 сакавіка ў “Галіяфах”, “Марш недармаедаў” 15 сакавіка. Паводзіны анархістаў і міліцыі, згадка пра В. Шчукіна. Традыцыйны шахматны турнір у СБП 19 сакавіка. Анонс дзвюх культурніцкіх падзей. І. Марзалюк і Курапаты; абяцанне ўладаў навесці там “парадак” 25 сакавіка. Крытыка артыкула “каталіка” Сяргея М., дзе ад імя яўрэяў высоўваюцца прэтэнзіі да хрысціян, а таксама “галоўнай яўрэйскай газеты” Беларусі, якая перадрукавала артыкул М.

№ 46 (12.03.2017). Значная саступка ў выкананні “Дэкрэта № 3”. Абяцанне накіраваць атрыманыя ад яго грошы “дзецям”. Згадка фрагмента з кнігі Э. Кузняцова. Пра матывацыю пратэстоўцаў і “выкалупванне разынак з булкі”. Трагедыя ў Скідзелі і дэградацыя прадпрыемстваў, знос фондаў. Несамавітасць эканамістаў тыпу І. Целеш. Пра з’езды СБП 2002 і 2017 гг. Адносна дэмакратычныя выбары, памылкі арганізатараў, палеміка з тымі, хто пляжыць Саюз. Распаўсюд кніг у кулуарах з’езда; гістарычныя анекдоты з кнігі Л. Казлова. Імпрэза ў гонар Я. Купалы ў Мінску, чытанне на ёй верша ў перакладзе на іўрыт.

№ 45 (06.03.2017). Ізноў пра “дэкрэт № 3” – “задні ход” уладаў. Кур’ёзнае апытанне на афіцыйным сайце. Самасцвярджэнне “начальства” за чужы кошт. “Міліцэйскія” і народныя жарты. Патлумачаная прычына блакіроўкі “Луркамор’я” – непераканаўчасць тлумачэнняў. Выпраўленне і невыпраўленне памылак. Падзел на групоўкі ва ўладзе. Падзеі ў Курапатах і страта даверу бізнэсоўцаў да чыноўнікаў. Максімалізм некаторых “абаронцаў Курапатаў”. Празмерны аб’ём спіртнога ў РБ; ідэя “алкатураў”. Новы пасол Ізраіля ў Беларусі, яго вялікае інтэрв’ю. Затрыманне ў Ізраілі “беларуса”, які планаваў далучыцца да “Ісламскай дзяржавы”.

№ 44 (27.02.2017). Паблажлівасць карэспандэнта “Радыё Свабода”. Гісторыя “Піянерскай зоркі”. Штрыхі да стану беларускай адукацыі. Згадка антыўтопіі Лаа Шэ. Як “наверсе” бачаць ролю юрыстаў. Пра стаўленне да юрыстаў у Германіі 1930-40-х гг. “Маўклівая большасць” супраць дэкрэту № 3. “Вечнае вяртанне” ў Беларусі: адчуванне таго, што надышоў 1989 г. Змрочныя сведчанні пра наступствы Чарнобылю з афіцыйнага даклада 2016 г. Трагедыя на Скідзельскім цукровым камбінаце. Як мінінфармацыі “заблакавала” “Луркамор’е”. Параўнанні 1989 і 2017 гг. не на карысць апошняга. Шарлатанства некаторых мясцовых эканамістаў. Парада адправіць на “газавыя перамовы” з Расіяй гросмайстраў Жыгалку або Азарава.

№ 43 (21.02.2017). У. Чавес і Беларусь. Крытычны агляд афіцыйных венесуэльскіх выданняў, атрыманых на мінскім кірмашы. Успамін пра тое, як Л. Ананіч у 2003 г. стала “сааўтаркай” кнігі В. Вараб’ёва. Дыялог У. Чавеса і А. Лукашэнкі 2006 г. Напамін пра памыснасць пабудовы адносін з бліжэйшымі суседзямі. Падзенне ВУП у Беларусі і павольны рост ва Украіне. Водгукі на “дэкрэт № 3”. Падвышэнне пенсійнага ўзросту ў РБ. Назіранні за кар’ерай прэс-сакратаркі Н. Эйсмант (“феномен Псакі”?) Пажаданне ўзяць у адміністрацыю блазна. Ухвала рашэння міністра ўнутраных спраў Украіны не выдаваць А. Лапшына Азербайджану. Крытыка рашэння мінкульта РБ не ўключаць Саюз беларускіх пісьменнікаў у спіс творчых саюзаў, выказвання А. Карлюкевіча пра “кнігі няпэўнага зместу”.

№ 42 (17.02.2017). Антысеміцкія матывы ў Расіі. Успамін пра тое, як гэта было ў Беларусі на пачатку 2000-х гг. Адчуванне прыкрасці ад паводзін “Нашай Нівы”, якая галаслоўна прычапіла творам А. Бузіны цэтлік “антыўкраінская літаратура”. Нападкі “НН” на арыштаваных аўтараў “Рэгнума”. Цытата з С. Шыптэнкі пра гаротны стан беларускай прамысловасці. (Сада)мазахізм у Беларусі і свеце – магчымая прычына правядзення “хіджабнага” чэмпіянату свету ў Іране. Перастаноўкі ў адміністрацыі Лукашэнкі. Думкі пра тое, што намеснік міністра А. Карлюкевіч мог бы падтрымаць выданне літаратуры на ідышы.

№ 41 (15.02.2017). “Абдымашкі” І. Сярэдзіча з Лукашэнкам, ідэя “круглага стала”. Параўнанне палітычных сістэм у Беларусі і Іспаніі (пад Ф. Франка). Пустая абяцанка прызначыць омбудсмена. Ідэі для канстытуцыйнай рэформы. Сумнеўныя спасылкі гісторыка І. Марзалюка на ізраільскі досвед. Крытыка выказванняў З. Пазняка пра Ізраіль і “няўдзел” беларусаў у Халакосце. Цытаты з кнігі Л. Рэйна. Згадка пра А. Лапшына, якога не шукаў Інтэрпол.

№ 40 (05.02.2017). «Вялікая сустрэча» з Лукашэнкам 03.02.2017. Парушэнне норм і нейтралізацыя апанентаў. Няўменне сфармуляваць нацыянальную ідэю, працяг лалітыкі. Расказ аратара пра Трампа і яўрэяў. А. Лапшын як прадмет гандлю. “Казус Губарэвіча” (вызваленне ад судовай адказнасці). Рэдкасць апраўдальных прысудаў у Беларусі. Пра ганаровага консула Беларусі ў Ізраілі Г. Магнезі. Схема “сваім – усё, чужым – закон”. Пазітыўныя рэкламныя ролікі для тых, хто едзе ў Беларусь. Прапанова развіваць хостэлы з нізкімі цэнамі на жытло.

Змест ранейшых серый гл. у №№ 40, 30, 20, 10 🙂

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (39)

Шолам-алэйхем (не аўтар «Блукаючых зорак», а вітанне)! Што супольнага ў ксенафобіі, навукі і рэкламнага роліка для турыстаў? Хаця б тое, што яны трапілі ў найноўшы выпуск беларуска-яўрэйска-забаўляльна-брутальнага серыяла.

Ксенафобія ў апошнюю пяцігодку робіцца трэндам у «цывілізаваным свеце», а апошнія пару гадоў – і ў нашых краях, і на поўдні, і на ўсходзе… Брыдка выказаўся новы віцэ-спікер дзярждуры дзярждумы на Ахотным радзе пра выхадцаў з «рысы аселасці» (23.01.2017), але, да яго гонару, ужо 26 студзеня адрэагаваў на шматлікія пратэсты, стаў тлумачыць, што яго не так зразумелі… Калі ўвосень 2007 г. адзін беларускі дзеяч празрыста намякнуў, што яўрэі брудзілі ў Бабруйску, а ўвесну 2015-га ён жа прызнаўся, што даручыў яўрэяў «узяць пад кантроль/нармалізаваць», нават спробы неяк апраўдацца (не тое што прынесці прабачэнні) ад гэтага «спікера Беларусі» не было. Герменеўтыкай выпала займацца «прыдворным», П. І. Якубовічу і С. Б. Шапіру. Сэнс іхніх тлумачэнняў: «цар у нас харошы, гэта ён так жартуе».

Раз ужо ўспомніўся П. Я., які дагэтуль кіруе «галоўнай газетай»… У лістападзе 2007 г. ён нібыта ўзяў інтэрв’ю ў тагачаснага прэзідэнта Ізраіля Шымона Перэса і абяцаў апублікаваць гутарку ў «бліжэйшых нумарах» «СБ». У студзені 2009 г. я ўжо задаў пытаннечка праз бюлетэнь «Мы яшчэ тут!» – «Дзе інтэрв’ю?» – і засумняваўся, што Якубовіч увогуле размаўляў з Перэсам. Любы журналіст, які сябе крыху паважае, апублікаваў бы гутарку з кіраўніком дзяржавы (дзеля якой П. Я. і ляцеў у Ізраіль – за дзяржаўныя, дарэчы, грошы) у першы месяц пасля вяртання. І, вы не паверыце, некаторыя публічныя асобы нават трымаюць сваё слова! Думаю, к канцу 2017 г., да 10-годдзя візіта, інтэрв’ю-такі будзе прыдумана надрукавана: дзядуля Перэс памёр, абвергнуць нічога не здолее…

Ёсць у Мінску Андрэй Л., чалавек малады, але амбітны: пазіцыянуе сябе як камуніст і працуе ў адпаведнай газетцы, ахвотна «тусуецца» з «Нашай Нівай» і «Радыё Свабода», лупцуе «шкоднікаў дзяржавы» на рускамоўных афіцыёзных сайтах… Заўважыў яго нястомныя спробы асацыяваць з яўрэйствам то аўтара фотак з дзяўчынай, якая летась паказалася ў паўаголеным выглядзе ў цэнтры Мінска: «публіцыст Чайчыц зрабіў нечаканы вывад – раз помнік на плошчы не адлюстроўвае ні тэму халакоста, ні барацьбу Арміі Краёвай, дый увогуле – яўрэі ў Беларусі пацярпелі больш, чым самі беларусы – то фотаграфаваць можна што заўгодна і як заўгодна, маўляў, ты не на плошчы Перамогі, а ў сябе ў кібуцы» (16.01.2017), то калабарантаў: «штораз здзіўляюся, як наша ліберальная журналістыка (часта яшчэ і яўрэйская па нацыянальнасці) не цураецца рыторыкі, якую выкарыстоўвалі нацысты» (25.01.2017). У лукашэнкаўскай РБ такія далёка ідуць… Яго старэйшы калега Вадзім Г. з падобнымі поглядамі год таму адхапіў партфель дэкана «вядучага беларускага ўніверсітэта».

У 2012 г. мне цікава было жыць у Беларусі, зараз – не ўпэўнены. Жыццё вырастае з дробных рэчаў, а надакучлівай драбязы, намёкаў на тое, што такія, як я, тут чужыя, набіраецца ўсё болей. Зрэшты, разумею Арцёма Шрайбмана, які знаходзіць адхлань у працы на tut.by (палітычным аглядальнікам), піша папулярныя тэксты… Апошні з іх – пра магчымую выдачу Азербайджану Аляксандра Лапшына, выйшаў 22.01.2017 – набраў звыш 1000 каментаў, але якіх? Пару прыкладаў (перакладу на беларускую):

«Калі б Лапшын не быў яўрэйскай нацыянальнасці – ніхто б і пальцам не паварушыў. Аўтар артыкула – Шрайбман. ОК, але пры чым тут расійска-беларускія адносіны?» Па стане на 17.45 29.01.2017 дзве трэці чытачоў падтрымалі камент… (-48+97)

«Ну як жа так, Шрайбман? Быццам бы грамадзянін Беларусі і заўсёды падтрымліваў яе нацыянальныя інтарэсы нават у канфрантацыі з Расіяй. Але як толькі справа дайшла да іншага яўрэя і Ізраіля, то бывайце, прынцыпы» (-3+20) (!)

А ў Ізраілі шмат хто, наадварот, лічыць Лапшына рускім і з гэтай прычыны не хацеў за яго заступацца… Ігаль Шн-н, 05.01.2017: «Мне ён не свой – звычайны эмігрант і нават не частка майго народу» 🙁

Карацей, не здзіўлюся, калі і мяне пасля папярэдняй серыі, дзе прапаноўваліся «Злучаныя штаты» Беларусі, Літвы і Украіны, палічаць агентам «Масада», cусветнага яўрэйскага кангрэса або літоўскім/украінскім запраданцам 🙂 Хаця ідэя «Міжмор’я» не новая, ёй амаль сто гадоў. Як выявілася, у маі 2012 г. яе даволі шырока абмяркоўвалі ў беларускай інтэрнэт-супольнасці, і варыянт «Балта-Чарнаморскі калектар без Польшчы» апынуўся на 2-м месцы з 39,2% (113 з 288). Цікава, што і тут ідэю падтрымала прыкладна 40% актывістаў – 13 з 30… Можна зрабіць выснову, што яна не пустая; калі б палітычныя партыі ўключылі яе ў «парадак дня», то павялічылі б колькасць сімпатыкаў у 1,5-2 разы. І, верагодна, выйгралі б адпаведны(я) рэферэндум(ы).

Неабходнасць дамаўляцца з ужо сфармаванымі элітамі дзвюх дзяржаў, выпрацоўваць агульныя «правілы гульні» разрэдзіла б ксенафобію асобных беларускіх дзеячаў. Былы палітзняволены Мікалай Дзядок небеспадстаўна разважае пра збліжэнне часткі «апазіцыі» з Лукашэнкам на глебе нелюбові да пуцінскай Расіі ды сіндрому «асаджанай крэпасці» (любым коштам бараніць сінявокую Беларусь…) Яўрэям ды іншым меншасцям гэты сіндром можа выйсці бокам.

Адзін тутэйшы палітызаваны літаратар яшчэ ў красавіку 2015 г. вяшчаў на ТV: «нашым войскам кіруюць расейцы, а сілавымі структурамі жыды» (хіба запісаў у «жыды» Віктара Шэймана, ніякага не яўрэя). Няма звестак пра тое, што за 2 гады Н. змяніў сваю пазіцыю; больш за тое, у 2016 г. спадар «нечакана» ўспомніў словы Ларысы Александроўскай пачатку 1970-х пра Айзіка Кучара, што «ён Купалу і забіў… Ён напісаў данос, праз які Купалы не стала».

Літаратуразнавец Кучар сапраўды быў нягоднікам, як і многія іншыя ў сталінскую эпоху, але доказаў яго датычнасці да смерці Янкі Купалы 28.06.1942 няма (зрэшты, яшчэ не даказана і тое, што ў гатэлі «Масква» адбылося наўмыснае забойства). Былы камсамольскі актывіст зрабіў агаворку («Не маем на руках ніякіх дакументаў, таму нічога сцвярджаць не можам»), аднак, мяркую, пасля яго інтэрв’ю ў свядомасці слухачоў асадачак-такі застаўся… Па-мойму, тут працуюць тыя ж паліттэхналогіі, што і ў Расіі (дадзена: факты сервілізму асобных савецкіх яўрэяў + ксенафобныя стэрэатыпы ў грамадстве; задача: перакласці адказнасць за рэпрэсіі, а ўскосна і за гаротны стан сучаснай культуры, на тых, хто жыў «за рысай аселасці»; мэта: умацаваць свае пазіцыі). І вось папулярны сайт выдае 23.01.2017: «На думку даследчыкаў, галоўную ролю ў знішчэнні Купалы сыграў вядомы пагромшчык беларускай літаратуры Айзік Кучар»…

У масавай свядомасці ўсё менш элементаў рацыяналізму, і гэта часам проста палохае. Напэўна, адна з прычын – хранічнае недафінансаванне навуковай сферы, заўважанае нават у афіцыйных установах. Прадстаўнікі Інстытута эканомікі Акадэміі навук адзначылі ў верасні 2016 г.: «Кадравы патэнцыял беларускай навукі за апошнія пяць гадоў скараціўся на 17,5% супрацоўнікаў і 14,7% даследчыкаў, скарацілася і колькасць спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі: дактароў навук – на 13,1% і кандыдатаў навук – на 10,2%». Ну, дзіва што… Параўнаем долю выдаткаў на навукова-даследчую дзейнасць (R&D) у валавым унутраным прадукце дзвюх краін за Лукашэнкам і Нетаньягу. Дакладных звестак пра Ізраіль 2015-2016 гг. я не знайшоў, але таблічка і так гаварушчая. Лічбы азначаюць працэнты ад ВУП:

Краіны/гады 2010 2011 2012 2013 2014 2015 2016
Беларусь 0,69 0,7 0,67 0,69 0,69 0,52 0,52
Ізраіль 3,93 4,01 4,13 4,09 4,11 ~4,1 4,214,4

Заўважана: калі доля выдаткаў «на навуку» ў ВУП меншая за 1%, то даследчыкі разбягаюцца, як тыя грыбы ў чарнобыльскім лесе… Думаю, тупы кантроль ідэолагаў над навукоўцамі быў другой па значнасці прычынай «скарачэння кадравага патэнцыялу», а мо і першай. Ад таго, што 2017-ы спецыяльным рашэннем абвешчаны ў Беларусі «Годам навукі», наўрад ці нешта істотна зменіцца. Навуцы, мяркуючы па наказах «лідара», надалей наканавана быць служанкай ідэалогіі… Ну, «апорай» – якая, урэшце, розніца? І якой павагі да юрыдычнай навукі з яе прэзумпцыяй невінаватасці можна чакаць у краіне, дзе в. а. прэзідэнта прабівае дно, да суда абвяшчаючы арыштаванага прадпрымальніка К-ча злодзеем? Тут і ціск на суддзяў, па-мойму.

Як самі да сябе ставімся, так, у прынцыпе, да нас. На пасяджэнне № 2 «інтэлектуальнага клуба Святланы Алексіевіч» (26.01.2017) з Масквы запрасілі Станіслава Бялкоўскага, які ўважае сябе за «фэйкавага палітолага». У Мінску, пішуць, ён дагаварыўся да таго, што паліталогіі як навукі агулам не існуе. Дзякуй, дзядзечка, расплюшчыў вочы – восем гадоў ва ўніверсітэце і аспірантуры я займаўся «абы-чым». Не так крыўдна за сябе, як за калег, паспяховых выпускнікоў беларускага ЕГУ, якія зараз працуюць у Францыі, Вялікабрытаніі, Польшчы, Літве…

Яшчэ пару штрышкоў, якія сведчаць пра стаўленне да навукоўцаў, жывых і памерлых. 24 лістапада 2016 г. мелася адбыцца міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Максім Багдановіч: дыялог з часам», аднак за некалькі тыдняў арганізатары (міністэрства культуры, музей імя Багдановіча) перанеслі яе на 21.12.2016. Тым не менш у передавіцы афіцыйнага выдання, разлічанага на суайчыннікаў за межамі Беларусі («Голас Радзімы», № 46, 08.12.2016) чорным па белым напісана, што канферэнцыя прайшла… Браво, рэдактар Харкоў – годны вучань Паўла Ізотавіча!

Канферэнцыя 21.12.2016, дарэчы, была даволі змястоўная: каторы раз паказала, што Багдановічам цікавяцца не толькі ў Беларусі, а і ў Балгарыі, Расіі, Украіне… нават у Кітаі. З Ізраіля чамусьці ніхто не завітаў 🙁

А вo які дарожны паказальнік вісіць на заходнім выездзе з Мінска (вул. Прытыцкага). Яго там штодзённа бачаць тысячы людзей.

Мінск, 29.01.2017

І мала каго абыходзіць, што «ажабрачылі», сказілі прозвішча выдатнага чалавека – акадэміка Антона Раманавіча Жэбрака, 115-годдзе якога нядаўна адзначалася біёлагамі. У 1940-х прэзідэнт Акадэміі навук БССР нямала ваяваў з лысенкаўцамі – мо яны і «ўзялі рэванш»? Не хочацца ў гэта верыць, тым болей што на самой вуліцы, дзе ўсцяж прыватны сектар, прозвішча напісана правільна.

Мінск, 29.01.2017

Аднак не дужа веру і ў тое, што памылку хутка выправяць: «Кансцітуцыйны суд», «Шучын» і «Beiruta st.» пакуль застаюцца там, дзе былі.

З улікам адзначанага не магло здзівіць, што назоў роліка «Belarus. Above expectations» ад Нацыянальнага агенцтва па турызму (НАТ), пераклалі з англійскай як «Беларусь. Звыш за чаканне». НАТ – гэта нешта накшталт PR-аддзела тутэйшага міністэрства спорту і турызму, на ролік выдаткавалі каля 15 тыс. USD. Можна было выбраць граматычна слушны варыянт: «больш за чаканні» або «звыш чаканняў». На жаль…

Музыка, спецыяліст па рэкламе Фёдар Жывалеўскі рагоча з роліка НАТ (Мінск, 26.01.2017)

Змест гэтай прадукцыі – асобная песня. Многія недахопы ўжо былі адзначаны ў каментах пад ролікам, які я ацэньваю на тры з мінусам па пяцібальнай шкале; наўрад ці ён завабіць масу турыстаў у Беларусь. Крыху лепшы крэатыў выдала НАТ, апелюючы да англамоўных іудзеяў («Belarus. Following the Shtettle roads») – тут, бадай, тройка з вялікім плюсам або чацвёрка з маленькім мінусам. Прэтэнзія на філасафічнасць заслугоўвае ўхвалы 🙂

Вольф Рубінчык, г. Мінск

29.01.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 30.01.2017  07.00

***

Водгук: 
Пра Алеся Кучара
Айзіка Евелевіча я ведаў з 1964 г. (мне тады было 16 гадкоў). Вельмі цікавы суразмоўца ён быў, але па ўмовах таго – савецкага – часу шмат што ўтойваў, не мог агучыць. І паперы, пэўна, не даверыўся.
Нехта назваў Айзіка Евелевіча пагромшчыкам нашай літаратуры. Але на гэтага пагромшчыка таксама былі пагромшчыкі. Тут трэба ўспомніць хоць бы 1932-гі.
У 1932-м бальшавікі не хацелі і не давалі адзначыць 50-годдзе Янкі Купалы ў БССР. І толькі тое, што ў Заходняй Беларусі Антон Луцкевіч з нумара ў нумар “Беларускага Звону” друкаваў сваю працу “Янка Купала як прарок Адраджэння”, тое, што на восень 1932-га была анансавана ўрачыстасць у гонар Купалы і Коласа ў Вільні, змусіла бальшавікоў наладзіць вечарыну і ў Менску.
50-годдзе Купалы адзначылі ў верасні. 10 верасня газета “Савецкая Беларусь” паведаміла сваім чытачам, што на гэты дзень (а не на 7 ліпеня, як запісана ў Купалавай метрыцы) прыпадае дзень нараджэння Паэта. У гэты ж дзень у Менску адбылася вечарына ў гонар Купалы. Адбылася, прашу заўважыць, у Габрэйскім тэатры. А дакладчыкам быў габрэй Алесь Кучар. Гэты яго даклад надрукавалі і ў газеце “Літаратура і мастацтва”, і ў часопісе “Полымя рэвалюцыі”. Аднак неўзабаве ў друку з’явіўся артыкул Лукаша Бэндэ, у якім пільны камісар літаратуры ўказаў на ідэйна-палітычныя памылкі ў дакладзе таварыша Кучара. Справа дайшла да Цэнтральнага Камітэта КП(б)Б, але з тае прачыны, што Айзік Кучар быў яшчэ камсамольцам, ЦК партыі даручыў разабрацца з ім Цэнтральнаму Камітэту камсамола Беларусі.
Той, хто нешта ведае пра маральна-палітычную атмасферу 1930-х, можа здагадацца, якія перажыванні напаткалі камсамольца Кучара. А яшчэ лепш было б паназіраць, як бы паводзілі сябе ў той атмасферы сучасныя крытыкі Кучара.
Шкада, што ўсяго гэтага я не ведаў у тыя гады, калі мог размаўляць з Айзікам Евелевічам. Цікава, пачуў бы я ад яго падрабязны каментар ці Айзік Евелевіч, як ён гэта ўмеў, перавёў бы гаворку на нешта іншае?
І яшчэ з прачытанага. На Кучара пісалі ў інстанцыі. Што-колечы ўжо апублікавана. Не помню ўжо, хто з гэтых пісакаў назваў быў Айзіка Евелевіча ці то кішаньковым, ці то набліжаным Купалавым крытыкам. Вось як! Блізкі да Купалы крытык. Шкада, што і гэтага я не ведаў у той час, калі мог размаўляць з “пагромшчыкам” Кучарам.
Анатоль Сідарэвіч, г. Мінск
Апублiкавана 01.02.2017  17:52