В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (43)

Добрага чаго-та там! «Что мы знаем о лисе? Ничего! И то не все» (С). Што я, просты смяротны, не дасведчаны ў іспанскай мове, знаў пра Уга Чавеса да XXIV Міжнароднай кніжнай выставы ў Мінску, дзе мне ля венесуэльска-кубінска-эквадорскага стэнду ўручылі пару кніг, брашурку і буклецік?! Здагадваўся, што карані гэтага дзядзькі – у Чавусах, што на Магілёўшчыне (Беларусь жа – радзіма сланоў і мамантаў, а таксама чылійскага героя Дамейкі, дык чаму ёй не даць свету і прэзідэнта Венесуэлы? :)) А калі больш сур’ёзна, то прыпамінаў, што У. Чавес на піку сваёй славы ў 2006 г. прыязджаў у Мінск, што пазней, пасля яго смерці, у «маім» Фрунзенскім раёне адкрылі парк яго імя… Пагартаў «раздатачныя матэрыялы» не без цікавасці.

 

Адразу насцярожылі некаторыя дэталі. Па-першае, у кнізе 2016 г., аўтарам якой пазначаны Хасэ Багіяна, яго «пяру» належыць хіба 10–15% тэксту. Асноўная частка – матэрыялы таго самага Педра Артэгі Дыяса, падрыхтаваныя ў мінулым стагоддзі. Ну, мне, дапусцім, падабаецца твор Майсея Кульбака «Зельманцы», у свой час я пару старонак накрэмзаў пра гэты раман і яго аўтара – стаў бы выдаваць фаліянт пад назовам «Актуальнасць “Зельманцаў”…», уціскаючы туды ўвесь тэкст Кульбака і ставячы на вокладку сваё прозвішча? Не, я б пасаромеўся.

«Сакрэт фірмы» аказаўся просты: Х. Б. – не нейкі там графаман, а «Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла, віцэ-адмірал флота». Напэўна, такому важнаму чалавеку – можна. Тут я знянацку ўспомніў, як цяперашняя міністарка інфармацыі РБ у 2003 г. «прыбудавалася» да кнігі кандыдата філалагічных навук 2002 г., зрабіўшыся яе фармальнай сааўтаркай.

 

Розніца паміж зместам першай кнігі і другой – у спісах беларускіх выдаўцоў, правайдэраў ды інш., узятых з даведніка (правайдэры тыпу ТДА «Айчына» названы… «інтэрнэт-рэсурсамі»). Творчай працы, укладзенай у другую кнігу, не прыкмеціў: мо камусьці пашанцуе болей? Здаецца, тагачасная намміністра таксама лоўка скарыстала сваё службовае становішча.

Венесуэльцы вабяць чорнай вокладкай і бел-чырвоным слоганам: «Смерць тыраніі! Жыве свабода!» Больш за тое, ад імя віцэ-адмірала чытачам у пачатку кнігі задаюцца пытанні, быццам у «Маскве-2042» Уладзіміра Вайновіча. Помніце плакат у маскарэпаўскай лазні: «Ты змарнаваў лішнюю ражку?» Вось і ў пасла на с. 13: «Хіба мексіканец – не амерыканец? Хіба венесуэлец – не амерыканец?.. Тады чаму ж ты, паважаны чытач, не называеш іх амерыканцамі?» Гэта хто на што вучыўся: у маёй школе № 79 заўсёды ведалі, што Мексіка і Венесуэла знаходзяцца ў Амерыцы, адна ў Паўночнай, другая ў Паўднёвай… Карацей, прэтэнзіі да «паважанага чытача» вычварныя ад слова «зусім»; яго правасхадзіцельства ў поўным сэнсе «адкрывае Амерыку». Імкнецца зрабіць беларускіх чытачоў без віны вінаватымі, каб ямчэй маніпуляваць?

Хацеў бы звярнуць увагу і на «пячатку» ў правым ніжнім куце апалагетычнай кнігі «Наш Чавес». Там напісана (па-руску): «Кніга задарма. Продаж гэтай кнігі з’яўляецца контррэвалюцыйным актам». Я аж спалохаўся – прадаваць намеру не меў, ды раптам кніга сапсуецца, як потым тлумачыць венесуэльскаму КДБ, што незнарок?.. Але потым падумаў: калі што якое, то нашы доблесныя спецслужбы абароняць ад «доўгіх рэвалюцыйных рук» з Каракаса.

Зусім збянтэжылі звесткі пра бітву пры Карабоба 1821 г., дзе нібыта «было разгромлена пераможнае войска Напалеона Банапарта». Ізноў жа, мяне вучылі, што пасля Ватэрлоа (1815 г.) Напалеон І ні ў якіх бітвах не ўдзельнічаў… Не кажучы пра тое, што да «каланіяльнага прыгнёту з боку Іспаніі», ад якога вызвалілася Венесуэла, Францыя мела дужа ўскоснае дачыненне: лацінаамерыканцаў прыгнятаў кароль Фердынанд VII, з якім Банапарт зусім не сябраваў… Ну, камусьці закарцела прыцягнуць за вушы «агульныя рысы» ў гісторыі беларусаў і венесуэльцаў: маўляў, і тыя, і другія гнілі ў адных акопах пакутавалі ад Напалеона.

Напэўна, у «чавізме» былі і ёсць здаровыя элементы, аднак, гледзячы на друкаваную прадукцыю пасольстваў Венесуэлы ў РБ і РФ, гэтага не скажаш. Ужо згадвалася, што ў лютым 2017 г. паўднёваамерыканскія агітатары пашыралі брашуры cямігадовай даўніны.

У ліпені 2006 г. кіраўнік Венесуэлы «падчапіў» першага прэзідэнта РБ, раўналетка, на чэгеварскую рамантыку іхняга юнацтва. Паміж імі адбыўся такі дыялог. У. Чавес: «Мы ў Гаване, калі сустрэнемся, падпішам афіцыйны дакумент аб стварэнні змяшанай камісіі. Я б хацеў, каб мы з табой такі дакумент стварылі, як ваенную дырэктыву – з чоткім вызначэннем адказных, графікаў, падкамісій… А ў канцы напішам: “Радзіма або смерць!”» А. Лукашэнка: «Згодзен!»

Так, у другой палове 2000-х гг., на фоне адноснай эканамічнай стабільнасці, Беларусь магла сабе дазволіць геапалітычныя эксперыменты – заваёўваць плацдарм у Лацінскай Амерыцы праз Венесуэлу і г. д. – але, здаецца, усё даўно атавізьмъ. Паводле «Еўрарадыё», к сярэдзіне 2010-х з распрацоўкай радовішчаў нафты, дый з тавараабаротам, меліся вялікія праблемы. Пры ўсёй павазе да «Баліварыянскай рэвалюцыі», лепей бы афіцыйная Беларусь 10 год таму гэтак жа імпэтна мацавала сяброўскія адносіны з суседнімі краінамі, а то і ў 2017-м адбывалася, между протчым, туруканне з Літвой («У вас засталося мала суверэнітэту!» – «Самі вы дурні!»). Суседзям, магчыма, бракуе лацінаамерыканскага тэмпераменту ды харызмы, якую цэніць «галоўны хакеіст», але ж прадказальнасць – яна даражэйшая.

Дзейкаюць, гісторыя не мае ўмоўнага ладу… І ўсё-такі: што замінала адкрыць бязвізавы ўезд для развітых краін свету не цяпер, а тады, у 2000-х? Баяліся варожага ўплыву на стэрыльна-чысты «цэнтр Еўропы»? Усё роўна ж цяпер ліхаманкава даводзіцца шукаць дадатковыя сродкі, «пераабуваючыся ў палёце». За студзень 2017 г. валавы ўнутраны прадукт Беларусі ўпаў на 0,5% (за 2016 г. – на 2,6%). Цешыцца няма з чаго; я і не цешуся. Заўважу толькі, што ва Украіне намячаецца рост ВУП, актывізуецца вытворчасць, так што на месцы калегі Прэйгермана я б не выказваўся гэтак катэгарычна: «Да саюза з Украінай у нас няма перадумоў».

Тут нядаўна намеснік з адміністрацыі (п)рэзідэнта не без гордасці адказваў на заклік дэпутаткі Ганны Канапацкай адмяніць «антыдармаедскі» дэкрэт 2015 г.: «На прадпрыемствах Беларусі запаволілася цякучасць кадраў, былі запоўнены многія незапатрабаваныя раней вакансіі». У перакладзе з бюракрацкай на чалавечую гэта значыць: цяпер наёмныя работнікі яшчэ больш баяцца запярэчыць начальству, ідуць, куды скажуць… Адпаведнай становіцца і прадукцыйнасць працы ў РБ.

Не ведаю, якія маніторынгі наконт «падтрымкі» дэкрэта № 3 прадстаўнікамі «рэальнага сектару» ладзілі ў адміністрацыі, дый ці ладзілі ўвогуле. Як па мне, то пра многае гаворыць масавае галасаванне (+319-2) на talks.by за камент чытача ад 06.02.2017: «Трэба з 8 да 17 адбыць на працы? Чалавек адбудзе гэты час. Іменна адбудзе, ну і, магчыма, адпрацуе тыя 200 рублёў, якія вы яму плаціце. А можа, і скрадзе на 300. Дачакаецеся, што ў маторы пачнуць пясок сыпаць, а піламі камяні рэзаць».

Многіх работнікаў дэмаралізуе і тое, што выхад на пенсію для іх адкладваецца згодна з панскім указам 2016 г. Да таго ж летась служкі таварыша Напалеона чыноўнічкі рабілі празрыстыя намёкі, што падвышэнне пенсійнага ўзросту ў Беларусі на тры гады – гэта толькі пачатак. Каму ахвота паўтараць лёс каня Баксёра з класічнай казкі-антыўтопіі Джорджа Оруэла?.. Мазахістаў/мазахістак у Беларусі хапае, але каб яны пераважалі – з гэтым, бадай, не згаджуся.

Тым часам асобным маладым паўсюль у нас дарога. Па-свойму бліскучую кар’ерку робіць Наталля Эйсмант, якая нядоўга працавала акцёркай у музычным тэатры, потым гадоў восем вяла перадачы на БТ… У канцы 2014 г. яе прызначылі прэс-сакратаркай Лукашэнкі, і во ў пачатку 2017 г. паўнамоцтвы істотна пашыраюцца; калі верыць указу № 40, то Наталля будзе не толькі «языком», а і «вачыма» ды «вушамі» Рыгоравіча. Прывабная 33-гадовая дама ўвойдзе, умоўна, у сямёрку самых уплывовых дзяржаўных службоўцаў, хоць дагэтуль наўрад ці трапляла ў дваццатку.

Місія «прахадной пешкі» – тлумачэнне і прапаганда асноўных кірункаў унутранай і знешняй палітыкі… Не, хутчэй, прапаганда – на першым месцы; нездарма ж адна з асноўных задач чыноўніцы фармулюецца так: «фармаванне праз СМІ грамадскай думкі пра дзейнасць прэзідэнта».

Сумняюся, што ў акадэміі мастацтваў і на тэлебачанні давалі глыбокія веды ў сферы ўнутранай і знешняй палітыкі, дый менеджменту («каардынацыя дзейнасці буйных дзяржаўных СМІ»). Калі Н. Э. сапраўды «чалавек адказны», то лепей бы ёй элегантна адмовіцца ад новых паўнамоцтваў, а мо ад працы ў адміністрацыі ўвогуле… Кепска выйшла ў Наталлі нават арганізацыя «Вялікай Размовы з Прэзідэнтам» 03.02.2017; ну, якую «аналітычную і іншую інфармацыю пра дзейнасць дзяржаўных органаў» яна зможа рыхтаваць? Прэс-сакратары Ельцына і Пуціна, як бы да іх ні ставіцца, былі дыпламатамі, спецыяльна абучанымі людзьмі; адна з папярэдніц Эйсмант – кандыдаткай юрыдычных навук (Пяткевіч).

Калі абстрагавацца ад канспіралагічнай версіі, паводле якой Наталлю ўзвышаюць, каб потым рэзка скінуць, і ад непазбежных думак «пра гэта», то сэнс указа чытаецца так. Па-першае, экс-супрацоўніца БТ умее маляваць начальству прыгожыя карцінкі так, што апошняе верыць, што і народ у іх верыць (піяр, яшчэ больш піяру і лалітыкі, з Колем ці без…) На фоне працяглага крызісу, калі маршы ў Мінску і абласных цэнтрах супраць «падатку на дармаедства» прадвяшчаюць перамены, так хочацца адгарадзіцца ад праМблем! Па-другое, недалёкасць падначаленай часам бывае перавагай, гл. «феномен Псакі»: «З дапамогай некампетэнтнай Дж. Псакі дзяржаўны дэпартамент ЗША выйграваў час для поўнага аналізу той ці іншай сітуацыі… яны прапаноўвалі свету слухаць Псакі, словы якой усур’ёз не ўспрымаліся».

На жаль, у доўгатэрміновым перыядзе і густы піяр, і праявы недакампетэнтнасці гуляюць «на паніжэнне» краіны. А можа, насамрэч усё не так, як на самай справе, і першай асобе проста маркотна? У такім разе не дапамогуць ні прэс-сакратары, ні аналітыкі: лепей наняць блазна. Мяркую, Яўген Крыжаноўскі, які ведае звыш 1000 показак, не адмовіўся б пайсці на такую пасаду. Ці кандыдат філасофскіх навук Уладзімір Падгол – чым ён тут не блазен са сваёй «анексией» [sic]?

Ад сябе рэкамендую пацыенту патэнцыйнаму кліенту пачытаць зборнікі кандыдата гістарычных навук Льва Раманавіча Казлова: «Большой музей остроумия» (Мінск: АРТИ-ФЕКС, 1999), «З дазволу караля і вялікага князя» (Мінск: Галіяфы, 2016). Смешна й павучальна; хіба ў наступных серыях нешта працытуем.

І па-добраму пра міністра МУС Украіны. Яго можна і трэба ганіць за нераскрытыя забойствы Алеся Бузіны, Паўла Шарамета, за смяротную перастрэлку падначаленых у Княжычах, многае іншае, але ў гісторыі з Аляксандрам Лапшыным ён павёў сябе годна: адмовіў афіцыйнаму Азербайджану ў выдачы. Ды потым Лапшын апынуўся ў Абсурдыстане, дзе адзін міністр («унутраных спраў») не ўмее адрозніваць мух ад катлет, аліеўскія «хацелкі» ад запыту Інтэрпола… А іншы міністр («культуры») лічыць, што сваёй пастановай здольны вызначыць, якая суполка творчая, якая не. Чаво, СБП, заснаваны ў 1934 г., куды ўваходзяць усе самыя вядомыя пісьменнікі краіны? Не, куды яму да саюзa журналістаў!

* * *

Сёння атрымаў пісульку з мінінфармацыі, дзе А. Карлюкевіч (паказаны ў мінулай серыі) фактычна пацвердзіў наяўнасць цэнзуры на Мінскай кніжнай выставе: «Мелі месца спробы асобных экспанентаў выставіць у першы дзень на паліцы кнігі няпэўнага зместу, якія былі адразу спынены арганізатарамі выставы». Тое, што «пад раздачу» трапілі творы А. Бузіны, намеснік міністра не прызнаў, але і не абверг. Свежае слова ў юрыспрудэнцыі: «кнігі няпэўнага зместу»…

Вольф Рубінчык, г. Мінск

21.02.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 21.02.2017  23:59

Leave a Reply