Tag Archives: Дэвид Марплз

Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (51)

Калі паважаныя чытачы (не называю «сябрамі», бо далёка не ўсе мне сябры, а ў давер, як асобныя прадстаўніцы клана Ч., уцірацца не люблю і не ўмею) заўважылі, то лейтматывам амаль усіх папярэдніх серый быў заклік жыць сваім розумам. Па-мойму, заклік актуальны, і доўга такім застанецца. У 1930-х Марына Цвятаева кпіла з чытачоў газет, параўноўвала апошнія з «экземай». У 1990-х, прыпамінаю, Гірш Рэлес у адным сваім вершы выказаўся пра «тэлесоску» для гледачоў. Ну, а зараз ад інтэрнэтнай інфы ды пустой балбатні паратунку няма. У нечым меў рацыю расійскі філосаф Аляксандр Зіноўеў: «Інфармацыяй свет завалены… Свет увогуле, з інтэлектуальнага гледзішча, засмечаны настолькі, што спатрэбіцца стагоддзе для яго ачысткі».

Вось і госць № 4 «клуба Алексіевіч» вяшчае: «Сацыяльныя сеткі расчынілі дзверы для папулізму». Праблема яшчэ ў тым, што, дэманструючы маніпулятыўную сутнасць «сучасных тэхналогій», паняволі мусіш карыстацца гэтымі самымі тэхналогіямі… Зрэшты, чаго-чаго, а мабільнага тэлефона ў мяне ніколі не было. Як і акаўнтаў у пэйсбуках.

З надыходам вясны заняўся інвентарызацыяй і «поглядам акінуў шлях» (як не ўспомніць файны зборнік вершаў Фелікса Баторына «Паглядам акідваю шлях» – Мінск, 2001). Вылушчыў з пяцідзесяці папярэдніх серый «Катлет і мух» фразачкі, якія патэнцыйна могуць зачапіць і зараз, а ў цэлым пакідаюць пэўнае ўражанне пра серыял. Да афарызмаў Ларашфуко – і нават Сальвадора Далі – ім далёка, але да рэфлексій кагосьці падштурхнулі ўжо. Ці не?..

  1. «Можа быць, справа ў эпосе, якая высоўвае на першы план людзей з недысцыплінаваным, кліпавым мысленнем» (10.10.2015).
  2. «Трывожыць пашырэнне ў Беларусі паганскіх каштоўнасцей (не блытаць з атэізмам савецкага ўзору)» (22.10.2015).
  3. «Жыццё ў сучаснай Беларусі такое, што кожны – ці амаль кожны – час ад часу мусіць займацца не сваёй справай» (06.11.2015).
  4. «2016 год хацелася б сустрэць без агрэсіі, якую жывіць падманлівая прапаганда з розных бакоў… Ідэі “дэсаветызацыі” беларусаў, выціскання на задні план “чырвонага чалавека” спазніліся – калі не на 15, то на 10 гадоў» (22.12.2015).
  5. «У Беларусі назіраецца сумная заканамернасць – чым горш становішча ў гаспадарцы, тым больш актыўна сябе паводзяць прапагандысты» (18.01.2016).
  6. «Ёсць і ў дзяржаўных установах людзі, якія прафесійна выконваюць сваю працу ды кажуць, што думаюць (асцярожна, але кажуць)… Ад стрыжня ў чалавеку многае залежыць – калі не ўсё» (03.04.2016).
  7. «Не паглядзеўшы ў мінулае без ружовых акуляраў, не прааналізаваўшы памылкі папярэднікаў, не “закрыўшы гештальт”, нікуды мы не прыйдзем. Гэта разумеў украінскі літаратар і журналіст Алесь Бузіна» (24.04.2016).
  8. «Дзякуй Б-гу, нямала шчэ ў нашай краіне прыстойных ды кваліфікаваных людзей. Не ўсё страчана ў бізнэсе, літаратуры, мастацтве, сістэме адукацыі, аховы здароўя… ды нават судовай сістэме» (20.05.2016).
  9. «Аксіёма: без ведання ідыша немагчыма ніякае сур’ёзнае вывучэнне гісторыі і культуры ўсходнееўрапейскіх (у прыватнасці, беларускіх) яўрэяў» (12.06.2016).
  10. «Што да вышэйшых чыноўнікаў РБ – яны з 1990-х гадоў прызвычаіліся ўдаваць з сябе дурнаватых. Магчыма, так ім лягчэй існаваць у гэтым складаным свеце; улічваючы тое, што сеанс “калектыўнай тупаватасці” доўжыцца трэці дзясятак гадоў, не такая дурная тая верхавіна, як часам хоча падавацца» (24.06.2016).
  11. «Не дзяржава павінна кантраляваць інфармацыйныя плыні ў сям’і; стагоддзямі гэтым займаліся бацькі і апекуны, якія неяк давалі рады з выхаваннем дзяцей без цэтлікаў “0+”, “6+”, “12+” і г. д. Збыткоўная паліткарэктнасць, спалучаная з аўтарытарызмам, здольная адно выгадаваць пакаленне прыстасаванцаў і забіць ахвоту да творчасці ў дарослых» (27.06.2016).
  12. «Бяда многіх расійскіх (i беларускіх…) дэмакратаў – ім фатальна не стае глыбіні, і яны, бы тыя “strangers in the night”, блукаюць у прыцемках» (17.07.2016).
  13. «Ёсць прадчуванне, што сёлета і ў “палаце № 6” (сур’ёзна – палата прадстаўнікоў шостага склікання!) з’явіцца кволае прадстаўніцтва «альтэрнатыўных сіл» (15.08.2016).
  14. «Баязліўцаў-перастрахоўшчыкаў замнога ў Беларусі, і не заўсёды яны тояцца ў дзяржаўных установах» (05.09.2016).
  15. «Украінска-яўрэйскія і, шырэй, украінска-ізраільскія адносіны заўсёды былі… не тое што канфліктнымі, а непрадказальнымі. Можа, справа ў тэмпераменце двух народаў. Пры ўсіх глупствах і пераходах на асобы добра тое, што дыскусія па гістарычных пытаннях у нашай паўднёвай суседцы cяк-так вядзецца… У Беларусі ж, выглядае, не так многа людзей, якіх цікавіць мінулае» (07.10.2016).
  16. «Як крыніцай улады з’яўляецца народ, так і крыніцай варожасці да “іншых” з’яўляецца ўсімі любімае грамадства. Калі б з боку апошняга не было запыту на “hate speech”, то мова нянавісці і не вылазіла б на публіку. Што не здымае адказнасці з канкрэтных “-фобаў”» (19.10.2016).
  17. «Беларусі нагвалт патрэбен самавіты Інстытут псіхалогіі, а не адна кафедра пры БДУ. А вось інстытутам журналістыкі (экс-журфак) лёгка можна ахвяраваць: гэта праект познесталінскага часу, калі ўсе газетчыкі лічыліся важнымі ідэалагічнымі работнікамі, таму іх і рыхтавалі ажно пяць гадоў» (06.11.2016).
  18. «Тутэйшым працоўным трэба ўжо адмовіцца ад арыентацыі на сярэднемесячныя паказчыкі, а дабівацца падвышэння мінімальнага заробку за гадзіну працы» (18.11.2016).
  19. «Дастаткова крыху пажыць у Беларусі, каб дазнацца, што ў нас мнагавата службоўцаў, якія дублююць функцыі адно аднаго» (22.11.2016).
  20. «Стаміўся ўжо валтузіцца з прымаўкай “Рыба гніе з галавы”, аднак нічога лепшага пра беладукацыю на розум не прыходзіць» (04.12.2016).
  21. «Cам па сабе клуб “Святлана Алексіевіч запрашае” не вытруціць шэрасць з мінскай публікі, але дае шанс на тое, што нехта з наведнікаў уздымецца над сабою… Зразумела, праблемы ліха і дабра ў рэшце рэшт вырашае кожны для сябе сам, не ў масе» (13.12.2016).
  22. «Ахвяры і пакутнікі не заўсёды становяцца героямі, дарма што з іх раз-пораз лепяць герояў. Папраўдзе, дужа рэдка становяцца» (16.12.2016).
  23. «20 год таму ўмоўны «Захад» мог адносна лёгка стаць на шляху спаўзання Беларусі ў аўтарытарызм, ды не пажадаў… Пара б кандыдатам на ролю “беларускага Гаўла” ўцяміць, што, перш чым ісці “бацьку біць”, трэба хоць міжсобку дамовіцца» (19.12.2016).
  24. «Зараз Беларусі нагвалт патрэбная інтэграцыя з Літвой і Украінай, утварэнне федэрацыі тыпу Злучаных штатаў. Тры названыя краіны маюць розныя сістэмы кіравання, даходы, клімат, але многае іх яднае» (22.01.2017).
  25. «Завабліваць на пяць дзён у Беларусь лепей бы не толькі і не столькі ролікамі, а нiзкiмі цэнамі на жытло» (05.02.2017).
  26. «Людзі, якіх залічваюць у апазіцыю (лепей бы называць іх альтэрнатыўнымі або дэмакратычнымі сіламі), не настолькі бязглуздыя, як часам выглядае. Адсотак “разумнікаў” сярод іх не меншы, а нават большы, чым сярод чыноўнікаў» (15.02.2017).
  27. «Адна з канстант беларускага жыцця – мазахізм, які ў побыце выражаецца формуламі “чым горш, тым лепш”, “мышы плакалі, калоліся, але працягвалі жэрці кактус”… Ахвяра мазахізму, якая імкнецца вылезці з яго цянётаў, часцяком кідаецца ў садызм» (17.02.2017).
  28. «Часцей за ўсё неправавыя рашэнні – на першы погляд, простыя і эфектыўныя – вядуць да ўскладненняў у эканоміцы, дый невыгадныя палітычна» (27.02.2017).
  29. «Любы п’янтос часу дзеяння «антыалкагольнага закона» ахвотна перанёсся б у нашу эпоху… Няхай бы замежнікі паціху ўсю нашу акавіту выпілі або з сабой забралі – дальбог, цвярозым беларусам лягчэй бы жылося» (06.03.2017).
  30. «Заб’еш аднаго чалавека – атрымаеш працяглы тэрмін зняволення. На роўным месцы падпсуеш жыццё тысячам сваіх суграмадзян, забраўшы ў кожнага, магчыма, год-два жыцця – і нічога…» (12.03.2017).
  31. «Жыццё нярэдка імітуе літаратуру. Магчыма, тыя, хто чытаў правільныя мастацкія кнігі, уладаюць перавагай, бо здагадваюцца, чым усё скончыцца – а можа, і не… Дзе шмат ведаў, там шмат смутку» (27.03.2017).
  32. «Без грамадскіх абаронцаў, голасу якіх у Беларусі праз інфармацыйны шум амаль не чуваць, дзяржава захлынецца ў таннай канспіралогіі» (12.04.2017).

А зараз спусцімся ад абстрактнага да канкрэтнага, да інтэрв’ю з чалавекам, якога «Радыё Свабода» пару дзён таму прэзентавала так: «Адзін з самых аўтарытэтных экспэртаў па Беларусі ў сьвеце, аўтар некалькіх манаграфій і прафэсар Альбэрцкага ўнівэрсытэту». Забаўна-сумная выйшла гутарка… Знаны беларусіст скарыстаўся пяцідзённым бязвізавым рэжымам, прагуляўся па Мінску з адной з самых гнуткіх асоб тутэйшай журналістыкі, і выдаў нешта дужа павярхоўнае.

Летась нобелеўская лаўрэатка рэйдала пра агульнае «народнае цела», якое нібыта гойсае па Мінску. Заакіянскі госць Дэйвід Марплз так нас не трактуе, аднак і яму здаецца, што беларусы збольшага – «Эйсавы», якія за ежу гатовыя прадаць «першародства» (дэмакратыю, правы чалавека…) Паблажліва кінуў: «Яны дбаюць пра свой дабрабыт, і калі б я быў на іх месцы, я рабіў бы гэтаксама».

Мала што дзядзька і яго калегі тыпу францужанкі Віржыніі С., якая таксама малявала жыхароў Беларусі ХХІ ст. у вобразе дзікуноў, зразумелі ў нас. Так, апісаны Марплзам псіхатып – не рэдкасць; магчыма, 20-25% тутэйшых яму адпавядаюць, аднак астатнія – людзі з годнасцю, якіх не трэба «цывілізаваць». Дапамагчы паразумецца – іншая справа, ды тое складана. Куды лягчэй даць параду: прыбярыце Леніна з грошай помнікі Леніну і Калініну.

Ці во яшчэ: «Калі гэты дурны дэкрэт аб дармаедзтве будзе спынены, тады можна будзе пазьбегнуць пратэстаў». Чалавек дзесяцігоддзямі вывучаў (?) становішча ў Беларусі, а не сцяміў, што дэкрэт № 3 – толькі вяршыня айсбергу… Не ў ім, па сутнасці, справа, а ў тым, што людзі не бачаць перспектыў пад камандзёрствам «недыктатара». Добра, што ВУП і золатавалютныя рэзервы нарэшце сталі марудна павялічвацца, але даходы пераважнай большасці работнікаў на фоне росту цэн застаюцца ганебна нізкімі. Ліквідацыя беспрацоўя к 1 мая, заробак «па 500» к канцу 2017 г. – хімеры ды ўтопіі, затое для прафесара важна, што развіваюцца сацыяльныя сеткі, якія «даюць людзям усё больш магчымасьцяў выказвацца, атрымліваць інфармацыю. І ніхто ня можа гэтым кіраваць». Нават спрачацца ўжо няма ахвоты.

 

На мінскім вакзале: было і стала (пасля пісьма да Беларускай чыгункі 29.03.2017)

Канспектыўна – добрыя навіны: палітзняволенага, які «пасварыўся» са статуяй гарадавога ў Мінску, нарэшце адпусцілі з СІЗА; 22.04.2017 пройдзе бясплатная экскурсія выпускніцы ЕГУ Марыі Неабердзінай па тэрыторыі былога Мінскага гета (за дзень не было месцаў!) Кіраўнік музычнага партала tuzin.fm задумаў праект «(Не)расстраляная паэзія», у рамках якога Святлана Бень мае заспяваць на словы Ізі Харыка, а Аляксандр Памідораў – на словы Майсея Кульбака: «Усяго паўстане 12 новых кампазыцый ад 12 выканаўцаў… на восень запланавана зладзіць 12 адкрытых лекцый». Гомельскі гісторык Юрый Глушакоў (друкаваўся і ў нас), падрыхтаваў змястоўны артыкул пра землякоў-яўрэяў – праўда, у асобных імёнах дапусціў памылкі, якія tut.by чамусьці не пажадаў выправіць. Гэта ж не Белчыгунка…

Вольф Рубінчык, г. Мінск

21.04.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Ад belisrael.info:

Нагадваем, што ў сваёй аўтарскай серыі В. Рубінчык выказвае асабістае меркаванне, якое не абавязкова ва ўсім супадае з рэдакцыйным.

Апублiкавана 21.04.2017  15:52