Tag Archives: экскурсии

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (63)

Шалом!? Скора ўжо, скора, чырвона-жылістая восень, як той Майсей Саламонавіч пісаў, затупаціць меднымі нагамі ды загрыміць па ўсіх шляхах… А пакуль цёпла на дварэ, што не значыць – на сэрцы.

У мінулай серыі анансавалася «ідышная» прагулка па Мінску з Аляксандрам Фурсам; 13 жніўня яна-такі прайшла, прывабіўшы амаль два дзясяткі аматараў. Няможна адмаўляць своеадметнага артыстызму А. Ф., але ў змястоўным плане тлумачэнні «экскурсавода» хутчэй расчаравалі… Наўрад ці варта было некрытычна падыходзіць да кнігі пра яўрэйскіх савецкіх пісьменнікаў 2006 г., даволі тапорна перакладзенай з ідыша па смерці Гірша Рэлеса. Арыгінал выйграе ўжо таму, што рыхтаваўся і выйшаў пры жыцці аўтара ў 2004 г., пісьменнік меў шанс вычытаць карэктуру. Калі ў 2005 г. бібліятэкарка «Хэсэда» Фаіна Злоціна папрасіла мяне за тры дні адрэдагаваць пераклад дваіх энтузіястаў (дагэтуль не цямлю, нашто было так спяшацца – кніга выйшла друкам толькі праз некалькі месяцаў – але ў Злоцінай ужо не спытаць, памерла яна), то я зрабіў, што мог, прыбраў самыя відавочныя памылкі… На жаль, некаторыя потым былі занесены зноў: адсюль і «Бойтрё» (знакамітая п’еса Кульбака называецца «Бойтра», а па-руску – «Разбойник Бойтре», і «Хайзекиль» Дунец (слушна «Хацкель» або «Иехезкель»), і многае іншае.

А. Фурс руліць

З другога боку, няблага, што хоць такое знаёмства з яўрэйскім красным пісьменствам мае месца. Да таго ж Аляксандр – чалавек яшчэ малады, і быццам бы схільны да самаадукацыі.

Зноў вярнуся ў думках і словах да паездкі ў Ізраіль і па Ізраілі сёлета, у чэрвені-ліпені. Чым далей, тым менш успамінаецца недарэчнасцей, а больш «плюсоў». Напрыклад, як цешылі нашыя з жонкай вочы яркія дрэвы і аўтамабільчыкі на аднаго-двух пасажыраў…

Знята ў Рышон Ле-Цыёне і Петах-Тыкве

З’явіліся ў краіне ў апошнія гады, працуюць на электрычнасці, асабліва зручныя для пенсіянераў, інвалідаў (бадай, аналаг савецкіх «Запарожцаў» :)). Каб яшчэ ізраільцы іх самі рабілі – а то, кажуць, з Японіі прывозяць. І кошт немалы.

Ізраіль пазіцыянуе сябе як краіна хай-тэку і разумных людзей, але вось што выпала прачытаць: «Згодна з дакладам інстытута “Шорэш”, апублікаваным перад пачаткам новага навучальнага года, Ізраіль займае перадапошняе месца па якасці сярэдняй адукацыі сярод 25 развітых краін, апярэджваючы толькі Славакію… 39% нашых навучэнцаў, якія здавалі міжнародныя экзамены PISA, не здолелі прадэманстраваць хаця б мінімальны ўзровень умення будаваць стратэгію рашэння задач». Так, я ў курсе, што ізраільцяне паважаюць навуку і шмат грошай на яе выдаткоўваюць (сам гэта згадваў тут), але можа стацца так, што паступова «яйкагаловыя» з’едуць або распусцяцца ў масе недавукаў…

Яшчэ адзін трывожны факцік (на мой одум, нашмат больш трывожны, чым нестабільнасць урада Нетаньягу): «Закон аб чысціні, прыняты 10 год таму па ініцыятыве тагачаснага міністра экалогіі Гілада Эрдана, не выконваецца… Хаця на вуліцах гарадоў з’явіліся рознакаляровыя сметніцы…, 80% ізраільскага смецця нават пасля сартыроўкі і раздзялення па-ранейшаму закопваюць у зямлю… Ізраіль па-ранейшаму адстае ад усіх развітых краін у сферы другаснай утылізацыі адкідаў». У Беларусі праблема таксама вострая: спецыялісты пісалі, што тутака ў агульным аб’ёме высокая доля небяспечных адкідаў (8%), што варта пераймаць вопыт Еўрапейскага Саюза ў перапрацоўцы. Але нямала і зараз перапрацоўваецца, асабліва побытавага смецця. Мо нават ізраільцам ёсць чаго павучыцца…

Мінулі сто дзён з прыходу на пасаду «новага» пасла Ізраіля ў Беларусі. З пазітыўнага адзначу тое, што ён устрымаўся ад заяў пра палітзняволеных у стылі свайго папярэдніка, і ўвогуле выказваецца больш дыпламатычна. Не сядзіць у Мінску, стараецца наведаць як мага больш перыферыйных гарадоў аж да Оршы, робіць акцэнт на сваіх захапленнях (ён і рыбак, і кулiнар). У той жа час пан Алон, выглядае, праводзіць тую ж «прагматычную» лінію, што і яго папярэднікі: ёсць улада, з ёй і будзем працаваць, а людзі альтэрнатыўных поглядаў «ідуць лесам».

Характэрная карцінка на галоўнай старонцы сайта пасольства Ізраіля ў РБ…

Вісіць чацвёрты месяц – няўжо за гэты час больш не было чым ганарыцца? Лёгкі сум навявае і тое, што пасол (пакуль) не жадае адказваць на запыт belisrael.info наконт нядаўніх інцыдэнтаў у аэрапорце Бен-Гурыёна, праз якія турысты з Беларусі былі адпраўлены назад.

Тым часам Эран Ласер, ізраільскі «гуру» IT-cектара, ручкаецца ў Мінску з адыёзным ідэолагам Я. і дакляруе стварыць у Беларусі адзін з найлепшых адукацыйных цэнтраў у свеце, бо «Ваш прэзідэнт паставіў амбітную мэту – у кароткія тэрміны стварыць ІТ-краіну» (ага, з «айфонамі, плафонамі»). Арыентацыя сіёнскіх ізраільскіх мудрацоў на тых, хто пры ўладзе, у нечым зразумелая… Вунь і нобелеўская лаўрэатка, якую ў канцы 2015 г. лічылі адной з самых уплывовых жанчын Беларусі, 12.08.2017 заявіла ў Гомелі, на рэгіянальным пасяджэнні свайго «інтэлектуальнага клуба», што Лукашэнку – «моцную, харызматычную постаць» – гадоў 20 падтрымліваў народ, дый цяпер бачыць у краіне «60 працэнтаў» яго прыхільнікаў. Паводле маіх назіранняў, працэнт, як для 2010-х гадоў, завышаны разы ў тры. У чэрвені 2016 г. манаеўскі інстытут (а да разгрому ён быў асцярожны, не схільны заніжаць папулярнасць Лукашэнкі…) ацэньваў рэйтынг даверу «правадыру» ў 38,6%, а галасаваць за яго, паводле НІСЭПД, гатовыя былі 29,5%. Ясна, што «антыдармаедская» кампанія ў пачатку 2017 г. ды працяглае зніжэнне даходаў (няхай у апошнія месяцы спад і прытармазіў) адно абнізілі гэтую лічбу. Але «дэмактывістам» Гомеля не хапіла ведаў – а мо смеласці – паспрачацца з «аўтарытэтам». Чаму сярэдні ізраілец мае паводзіць сябе неяк іначай?

З дабраславення А. Шогама ў Радуні намячаецца «стварэнне цэлага турыстычнага комплекса побач з месцам пахавання вядомага яўрэйскага праведніка Хафеца Хаіма. Ён будзе ўключаць гасцявыя домікі, рэстаран кашэрнага харчавання, мікве (рытуальную лазню), краму сувенірнай прадукцыі, сінагогу, паркоўку для машын і аўтобусаў. Паводле ўмоў інвестыцыйнага дагавора аб’ект зойме амаль тры гектары зямлі, будзе пабудаваны цягам трох гадоў». Цікава, што падпісант дамовы з ізраільскага боку, Барыс Беразоўскі, раней кіраваў лазняй і кропкамі хуткага харчавання. Цяпер, падобна, вырашыў сумясціць тое і другое, прыправіўшы «страву» малельняй. Што называецца, пажывем-пабачым…

Не без скепсісу пазіраю на маштабныя праекты, якія рэалізуюцца паводле прынцыпу «мухі (палітыка) асобна, катлеты (эканоміка) асобна». Моцна на іх апёкся небезвядомы прадпрымальнік Аляксандр Кныровіч, які са студзеня сядзіць у беларускай турме, дарма што суд не прызнаў яго злодзеем. Да Барыса ж могуць прычапіцца нават за імя і прозвішча. Не, не хацеў бы «каркаць»… Зычу яму поспеху, і адсутнасць валасоў прадпрымальніку толькі ў плюс – у зносінах з чыноўнікамі можна будзе выдаць сябе за сына лейтэнанта Шмідта брата Лужкова.

Цешыць пашырэнне ізраільска-беларускіх культурных сувязей, а ў прыватнасці, гастролі ізраільскага ТЮГа Шауля Тыктынера, якія адбудуцца ў канцы верасня. Ізраільцы пакажуць рускамоўны спектакль «Марк Шагал. Апошні палёт».

Квіткі адносна недарагія. Калі верыць анонсу, 70-гадовы пан Тыктынер будзе выяўляць 98-гадовага Шагала, які рэфлексуе-спавядаецца на парозе смерці. Аналагічнае відовішча летась прапаноўваў мінчанам Сяргей Юрскі ў пастаноўцы паводле п’есы Зіновія Сагалава «Палёты з анёлам».

Папраўдзе, як мне здаецца, мясцовых гледачоў крыху «перакармілі» Шагалам (колькасць не пераходзіць у якасць), і нават усяжэрны Аркадзь Шульман пабурчэў на гэтую тэму ў інтэрв’ю. Дарэчы, падзівіцеся, які несамавіты, аблудны падыход да мінуўшчыны прадэманстраваў віцебскі выдавец: «У цэлым, з майго пункту гледжання, гісторыя – гэта зборнік міфаў і легенд. Але потым мінае час, і мы прымаем іх за рэальныя падзеі». Ну, зараз так модна…

Дваццаць пяць гадоў існавання прыватнага тэатра ў Ізраілі – гэта цуд і маленькі подзвіг. Хочацца, каб Тыктынер не расчараваў мінчукоў, як і мінчукі Тыктынера.

Да гастроляў – месяц, а неўзабаве нас чакаюць, магчыма, не менш цікавыя падзеі. Першага верасня ў рамках праекта «(Не)расстраляная паэзія» будзе вечарына, прысвечаная Юлію Таўбіну (1911-1937), яўрэю, які пісаў па-беларуску… Апрача лекцыі ды музычнай часткі, адбудзецца прэзентацыя новай кнігі Таўбіна. Тут яго называюць «паэтам рэдкага таленту і на дзіва ранняй творчай сталасці, адной з найбольш недаацэненых постацяў у айчыннай літаратуры 20-30-х гадоў ХХ ст.».

Між іншага, як сведчыць Лявон Баршчэўскі, у друку знаходзіцца ўжо і зборнік паэтычных твораў Хаіма Нахмана Бяліка. Пан Лявон прыслаў нават выяву вокладкі…

І яшчэ адна добрая навіна ад таго ж Л. Баршчэўскага. Філолаг-педагог паведаміў, што «вучні Беларускага гуманітарнага ліцэю падчас чарговай летняй сесіі ў Варшаве два дні працавалі на прыборцы Варшаўскіх габрэйскіх могілкаў у межах міжнароднай валанцёрскай праграмы, у якой удзельнічае моладзь з Польшчы і дзясяткаў краін Еўропы… Працы там папраўдзе яшчэ вельмі і вельмі шмат. Могілкамі апякуецца варшаўская габрэйская абшчына. Ідэя паўдзельнічаць у дабрачыннай акцыі належала варшаўскаму Клубу каталіцкай інтэлігенцыі (КІК)».

Здымкі Наталлі Аляксандравай, 22.08.2017

Можна толькі вітаць такую ініцыятыву. Як і кур’ёз ад ружанскага палацавага комплексу, які ўплішчыў у сайт rozana.by ідыш-версію. Праўда, пераклад аўтаматычны, і далей за галоўную старонку не распасціраецца… Ды ўсё ж зарана, выходзіць, адзін расійскі бард 10 год таму спяваў «кончился идиш, вечная память».

Прынтскрын музейнай старонкі – спяшайцеся бачыць

Першага верасня – і працяг суда паводле пазову анархіста Мікалая Дзядка супраць «галоўнай прэзідэнцкай газеты», якая 29.05.2017 (у асобе нейкага Андрэя М.) шчодра паліла яго дзярмом. Як высвятляецца, іменна гэты былы палітзняволены для нападу быў выбраны таму, што «прозвішча смешнае». Як там у класіка? «Хто смяецца апошнім»?

Новаму кіраўніцтву «галоўнага яўрэйскага саюза», мяркуючы па гэтай публікацыі, хапіла глуздоў вывесці з праўлення Галіну Левіну, знакамітую найперш тым, што яна – дачка знакамітага дойліда, але не хапіла глуздоў (а можа, і смеласці) развітацца з Паўлам Якубовічам. Між тым прысутнасць такога «мацёрага чалавечышчы» проста цягне «яўрэйскі рух» на дно – папярэджваў жа ў 2015-м…

Сумна і тое, што інтэрнет-газета саюза цягне да сябе розную брыду з ідэалагічна павернутых крыніц, той жа «СБ». Нагадаю, сёлета ў ліпені памёр расійскі блогер, яўрэй Н-к, якому было крыху за 50. Ён часта і рэзка лупцаваў расійскія ўлады, ажно прэс-сакратарка МЗС РФ віртуальна плюнула яму на магілу. Напэўна, у жніўні беларусы і яўрэі абавязкова мусілі даведацца, што Н-к «памёр ад кардыяміяпатыі. Да гэтага прывялі няправільнае харчаванне і нездаровы лад жыцця. У апошнія гады блогер скардзіўся на здароўе і злоўжываў алкаголем»?! Гэткі недвухсэнсоўны сігнал для (патэнцыйных) крытыкаў істэблішменту: сядзіце ціха, а то і пасля вашай смерці раскажам urbi et orbi пра «шкілеты ў шафе»…

17 верасня «клуб аматараў Якубовіча» ладзіць чарговы «Дзень яўрэйскай культуры» ў Мінску, на плошчы Свабоды. Год таму мы з жонкай хадзілі – уражанні засталіся дваістыя, і я разумею тых скептыкаў, якія прагназуюць: «Зноў свіныя шашлыкі будуць смажыць, Грыша ўсім запар будзе даваць дакранацца да світка Торы…» З іншага боку, дзе многа яўрэяў, там не засумуеш.

Ніколі не пытаўся ў чытачоў парады, што рабіць, а зараз спытаюся: ісці? Не ісці?

Вольф Рубінчык, г. Мінск

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 29.08.2017  10:06

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (62)

Аўска-жнівеньскі шалом! Гэта серыя пра юбілеі, пра ізраільска-беларускага рабіна-дзівуна, пра тое, што дзеецца навокал, асабліва ў сферы культуркі.

Юбілеі… Не ведаю, як каго, а мяне ўжо горача павіншавалі з 500-годдзем беларускага кнігадруку 🙂 Нагадаю, што 5 жніўня 1517 года Францішак Скарына надрукаваў у Празе Псалтыр – на царкоўнаславянскай мове, але ў беларускай рэдакцыі, дый сам Скарына паходзіў «са слаўнага горада Полацка». У Беларусі-2017 была абвешчана кампанія «Пяцісотгоднасць», а ў Нацыянальнай бібліятэцы пастаўлены павялічаныя копіі скарынаўскіх фаліянтаў ды спецыяльны вясёлы стэнд… Ваш пакорлівы слуга яшчэ 16 чэрвеня прымасціўся да яго.

Цешыць, што апошнім часам у краіне ладзяцца шахматныя турніры ў гонар знамянальных падзей, вось і «500-годдзе беларускай кнігі» трэнер-суддзя-арганізатар Віктар Барскі не абышоў увагай. Палажэнне аб турніры па хуткіх шахматах 19-20 жніўня падрыхтавана таксама па-беларуску – усё, як належыць, хоць і з дробнымі памылачкамі. Зрэшты, мяне зараз больш вабяць гексашахматы.

Таксама ў пачатку жніўня адзначалі сто гадоў з дня нараджэння Янкі Брыля, народнага пісьменніка Беларусі (1917–2006). Наш аўтар шчодра падзяліўся ўспамінамі пра Івана Антонавіча, дзе адзначыў, сярод іншага: «Сярод яго любімых пісьменнікаў быў Рамэн Ралан з яго творам «Кала Бруньён» і Шолам-Алейхем». Я б таксама падзяліўся, аднак бачыў Янку Брыля толькі двойчы (у 2000 г., калі адбылася публічная сустрэча з ім на Інтэрнацыянальнай, 6, у Мінскім аб’яднанні яўрэйскай культуры, і ў 2002 г. – тады паспрабаваў пагутарыць з ім у кулуарах Дома літаратараў, ды класік быў заняты). Пагэтаму проста працытую пару мініяцюр Янкі Брыля з кнігі «Вячэрняе» (Мінск, 1994), у якой нямала гаворыцца пра яўрэяў, старонках аж на трыццаці… Папраўдзе, не толькі добрае.

* * *

Ярэмічы. Лета 1941 года. Паліцаі змушалі старую, хворую яўрэйку ўзбірацца на тэлеграфны слуп… Вясковыя хлопцы, што яшчэ ўчора, здаецца, былі звычайнымі, спакойнымі, нявіннымі рабацягамі.

Яўрэйская дзяўчына, што раней вучылася з Колем Б., прыбегла да яго, хаваючыся ад гвалтаўнікоў-паліцаяў.

«Каб яшчэ хто людскі прапанаваў такое, а то… Не, лепш ужо мне памерці!»

* * *

Зноў прыгадаліся два пажылейшыя за мяне яўрэі з друкарні, якіх я частаваў пасля выхаду першай кнігі. Як пілі мы, чам закусвалі, у якім закутку друкарні гэта было – добра не памятаю. Прозвішча загадчыка наборнага цэха Рудзін; я запомніў яго, відаць, з-за Тургенева. А прозвішча загадчыка цэха друкарскага не запомнілася – ад імені нейкага, здаецца, без вышэйшых асацыяцыяў. П’янкі, вядома, не было, яўрэі людзі акуратныя, а ўражанне ад маёй удзячнай радасці, ад іхняга разумення яе – памятаю.

З Рудзіным, чалавекам самавіта-сур’ёзным, мы і пасля гэтага, як і перад гэтым, прыязна здароваліся. А той другі, цяпер безыменны, па-прасцецку, дабрадушна губаты, пры сустрэчы шырока ўсміхаўся: «Ну, а калі будзе другая кніга?»

…Захацелася дадаць, што я тады быў літработнікам «Вожыка», апранутым абы-як, у «юнраўскія» неданоскі, і гэта, відаць, яшчэ больш збліжала мяне з тымі небагатымі, працоўнымі людзьмі.

* * *

Чатыры тыдні таму папрасіў знаёмага здабыць дысер Ганны Бартнік – калі помніце, гаворка пра яе даробак вялася ў папярэдняй серыі… Ні адказу, ні прыказу, ні нават аўтарэферату, хоць электронная пошта працуе спраўна. Меркаваў, што пачытаю, а тады ўрывак будзе перакладзены з польскай і змешчаны на нашым сайце, аднак, калі ў канцы ліпеня з «Берегов» даведаўся, што Ганне дапамагалі такія «адмыслоўцы», як Леанід С. і Якаў Б., абазнаныя больш у агітацыі ды прапагандзе, чым у навуцы (ведаю, ведаю, пра што кажу…), то неяк і расхацелася. Па-ранейшаму рады за маладую даследчыцу з Польшчы, якая робіць паспяховую кар’еру на ніве іудаікі. Разам з тым хацеў бы згадаць, што, калі ў красавіку 2006 г. францужанка Клер Ле Фоль абараніла ў Парыжы доктарскую на тэму «Гісторыя і рэпрэзентацыі яўрэяў Беларусі (1772–1918)», то вельмі скора я атрымаў раздрукоўку «з дастаўкай дахаты», а было ў ёй звыш 600 старонак. Разумніца Клер не цуралася майго «самвыдату» – перадала бюлетэню «Мы яшчэ тут!» сенсацыйны архіўны дакумент, датычны беларускага грамадзянства Хаіма Нахмана Бяліка, па маёй просьбе адшукала першую публікацыю Ізі Харыка ў часопісе 1920 года. Пераклаў я ў 2008 г. для «Arche» рэцэнзію Ле Фоль на кнігу Аркадзя Зельцара пра яўрэяў Віцебска, а ў 2009 г. – артыкул пра «беларусізацыю» яўрэяў у міжваенны перыяд. Потым нашыя шляхі разышліся, але «асадачак застаўся» – збольшага прыемны.

Д-р Ле Фоль і яе праца

З сайтам belisrael.info, які фармальна не з’яўляецца пляцоўкай для навуковых публікацый (як не з’яўляліся газета «Анахну кан» і бюлетэнь «Мы яшчэ тут!»), супрацоўнічаюць або супрацоўнічалі досыць вядомыя даследчыкі: гісторыкі Цімафей Акудовіч, Барыс Гольдзін, Маргарыта Кажанеўская, Уладзімір Краўцоў, Анатоль Сідарэвіч, Іна Соркіна, філолагі Лявон Баршчэўскі, Дзмітрый Дзятко, Віктар Жыбуль, Віталь Станішэўскі, металазнаўца Марыя Гальцова, псіхолаг Людміла Мірзаянава, эканаміст Маргарыта Акуліч… Прашу дараваць, калі на кагосьці забыўся. Многія з іх маюць дыплом кандыдата навук – калі на заходні манер, то доктара (Ph. D.). Асабіста я рады чытаць якасныя тэксты незалежна ад статусу аўтараў і дзякую ўсім, хто давярае сайту (спадзяюся, галоўны рэдактар мяне падтрымае :)) Тым не менш запрашаю амбітных навукоўцаў-практыкаў больш актыўна дзяліцца сваімі знаходкамі з чытачамі ізраільска-беларускага сайта. Мець дадатковую «творчую лабараторыю» нікому, бадай, не зашкодзіць…

Падобна, мінчанка М. Акуліч так і трактуе сайт – «трэніруецца» тут, потым пашырае свае публікацыі ў іншых месцах. Нядаўна ў яе выйшла невялікая электронная кніга «Идиш, Холокост и евреи Беларуси»; азнаямляльны фрагмент можна пачытаць бясплатна. Выданне будзе карыснае тым, хто цікавіцца мовамі ды гісторыяй краіны, аднак толькі пачынае знаёмства з «яўрэйскай тэмай». Нават сам выхад кнігі здольны падштурхнуць чытачоў да актыўнасці ў слушным кірунку; праўда, хацелася б усё-такі большай глыбіні, меншай колькасці памылак (Астравух стаў «Астарухам» і г. д.)… З пажаданнем аўтаркі ідышу – «хочацца верыць, што гэтая мова яшчэ загучыць у поўную сілу на беларускай зямлі» – цяжка не згадзіцца, іншая справа, што спадзеў на «заможныя краіны», якія, паводле М. Акуліч, маюць дапамагчы адраджэнню мовы грашыма, выглядае наіўна. «Або няхай яны ўсе разам скінуцца на даражэзны помнік ідышу, які трэба пабудаваць у РБ», – тут я магу толькі паціснуць плячыма. Як на мой одум, то лепей адны «жывыя» курсы ідыша з парай энтузіястаў, чым тузін помнікаў.

 

Па-свойму дбае пра ідыш-культуру Аляксандр Фурс, былы вучань «яўрэйскіх класаў» 132-й школы, каардынатар праекта «Яўрэйскія твары Беларусі», музыка і чалавек у пошуку. Ладзіць бясплатныя для наведвальнікаў экскурсіі, вось і 13.08.2017 запрашае прыйсці а 6-й вечара да брамы Вайсковых могілак Мінска. «Мы пазнаёмімся з постаццю ІзіХарыка і даведаемся, як Янка Купала адпачываў разам з класікам ідышыцкай літаратуры. Даведаемся, як габрэйскі хлопчык Самуіл Плаўнік патрапіў у “Нашу Ніву” ды яшчэ шмат цікавага!» – інтрыгуе Алекс (арфаграфія арыгінала захаваная). Мо і падскочу… З іншага боку, «ідышыцкае» на афішцы крыху насцярожвае – такi прыметнік мне не знаёмы. Ведаю словы «ідышны», «ідышысцкі»; нячаста сустракаю варыянт «ідышаўскі». Ну, хіба пасля экскурсіі вакабуляр папоўніцца…

Агулам беларуская культура, незалежна ад «намаганняў» адпаведнага міністэрства, паступова ўзбагачаецца… Расце музей «Прастора Хаіма Суціна» ў Смілавічах пад Мінскам, якому французскі калекцыянер нядаўна падараваў дзве работы Шрагі Царфіна (адну, гуаш «На лузе», сёлета, балазе ў музеі ёсць ужо зала Царфіна). Шчыруюць мае калегі-перакладчыкі, якім неабыякавая спадчына жывых і мёртвых пісьменнікаў, ідышных і іўрыцкіх. З апошніх найбольш пашанцавала, бадай, юбіляру гэтага месяца Этгару Керэту – у апошнія пару гадоў выйшла дзве яго кнігі па-беларуску.

Усе тры белмоўныя кнігі тав. Керэта: 2007, 2016, 2017

Ёсць неблагія шансы, што яшчэ сёлета ў Мінску будуць надрукаваныя зборнікі паэзіі Хаіма Нахмана Бяліка і Майсея Кульбака. Рыхтуецца і новы, больш дасканалы за ранейшыя пераклад рамана «Зельманцы» («Зэлмэнянцы») – імпэту мастака-ідышыста Андрэя Дубініна можна толькі пазайздросціць.

Зараз – колькі абзацаў пра аднаго ізраільска-беларускага рабіна, які ведае ідыш мо лепей за ўсіх нас, ды скіроўвае свае сілы ў сумнеўнае рэчышча… Я паглядзеў яго інтэрнэт-ролікі, жорстка раскрытыкаваныя ў сеціве (яўрэямі і неяўрэямі). У адрозненне ад некаторых гора-каментатараў, завочныя дыягназы ставіць не бяруся; Ігаэль І. выглядае здаровым чалавекам, і асаблівасці яго жэстыкуляцыі не выходзяць за рамкі нормы. Мяркуйце самі

Р. Ігаэль пад канец 2000-х вярнуўся з Кір’ят-Гата ў родны Мінск, пэўны час наведваў сінагогу на Даўмана, 13б, ды потым рассварыўся з кіраўнікамі, назваў яе «свінагогай» і з’ехаў жыць у Барань пад Оршай. (Папраўдзе, на Даўмана не такое ўжо кепскае месца, прынамсі яўрэі завітваюць не адно дзеля ежы, а сёлета прыязджаў туды памаліцца чалавек з Бразілі, які вывучае беларускую…) Рээмігрант узяўся выкрываць «апазіцыю» і «ліберастаў», заходнія спецслужбы, «сіянісцкі істэблішмент» і прафесійных яўрэяў РБ за тое, што адныя стварылі «міф пра Курапаты», а іншыя падтрымліваюць. Трасе кнігай свайго знаёмца, беларускага журналіста Анатоля С. (ужо не жыве), які ў 2011 г. даказваў, што ў Курапатах расстрэльвалі толькі гітлераўцы пасля 1941 г., а не «саветы» ў 1937–1941 гг. Падобныя «доказы» грамадскай камісіі не раз даследаваліся ў 1990-х гадах, і заўжды спецыялісты прыходзілі да высноў пра іх неабгрунтаванасць. Можна не давяраць Зянону Пазняку праз яго палітызаванасць – заявы пра «камуна-маскоўскі генацыд» у Курапатах сапраўды былі залішне эмацыйнымі – але прафесійным археолагам Міколу Крывальцэвічу і Алегу Іову я давяраю куды больш, чым неназванай жонцы Ігаэля, «тожа археолагу».

Рэбе Ігаэль «зрывае покрывы» ў стылі Анатоля Васермана (aka Онотоле)

Прыхільнікам «нямецкай версіі» можна падзякаваць хіба за тое, што яны крыху разварушылі абыякавае грамадства, падштурхнулі апанентаў да больш уцямных фармулёвак. Што да Ігаэля І., у яго лекцыі прагучалі цікавыя звесткі пра «Яму», дзе яўрэі нават у брэжнеўскі час збіраліся не толькі 9 мая (на грамадзянскі мітынг), а і, негалосна, 9 ава… Апошняя традыцыя была закладзена значна раней – з года вызвалення Мінска – і пратрывала да 1989 года. Мінская рэлігійная абшчына пераехала ў Сцяпянку, а потым на рог Друкарскай і Цнянскай з Нямігі пасля таго, як у сярэдзіне 1960-х была знесена Халодная сінагога. Каб жа паважаны рабін і далей разважаў на гэтыя, рэальна вядомыя і блізкія яму тэмы, а не пра «ўсенародна выбранага Прэзідэнта» і яго каварных ворагаў…

Вольф Рубінчык, г. Мінск

12.08.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 12.08.2017  23:39

5 месцаў самага прыгожага раёна Мінска. Трактарны

2017 – 02 – 15

Вялікая экскурсія па Трактарным: 5 месцаў самага прыгожага раёна Мінска

Трактарагорад!
CityDog.by працягвае знаёміць вас з раёнамі Мінска. Пачуўшы пра хуткі знос часткі раёна Трактарнага завода, мы паспяшаліся прайсціся па яшчэ некранутым пасёлку. Родныя месцы паказаў нам паэт Віктар Жыбуль, які нарадзіўся тут і жыве да цяперашняга часу.
________________________________________________________________________________________________________

Трактарны завод сапраўды адзін з самых харошых і дакладна – самы цэльны раён горада. Сіметрыя тут – усё, атмасфера месцамі нібы ў старажытнагрэчаскім полісе. Але 100 гадоў таму на гэтым месцы не было і следу цывілізацыі – тут быў дзікі лес.

– Парк 50-годдзя Кастрычніка – гэта тое, што засталося ад таго лесу, – расказвае Віктар. – У пісьменніка Сяргея Пясецкага ёсць раман “Багам ночы роўныя”. Там галоўныя героі Раман і Ліза вырашылі пашпацыраваць за горад, і падрабязна апісаны іх маршрут: праз Архірэйскую слабодку (вуліцу Пуліхава), уздоўж чыгункі, цераз рачулку Сляпянку і далей у лес, па якім яны дайшлі да вельмі прыгожага возера. Я ўсё думаю, дзе ж магло быць гэтае возера. Атрымліваецца, недзе тут, на тэрыторыі пасёлка! Але ніхто пра яго не памятае. Хоць у нарысах пра будаўніцтва пасёлка я чытаў, што ён пачаў будавацца на беразе сажалкі…

Звычайна наш раён называюць Трактарны пасёлак, але вы можаце сустрэць і назву Трактарагорад. Гэта такая паэтычная назва, яна ўзнікла, калі раён толькі будаваўся і паэты яго апявалі ў вершах, называлі яго Трактарагорад або Трактараград.

Ад Трактарнага завода ідзе бульвар Трактарабудаўнікоў. Ён выглядае пачаткам параднай восі Трактарнага пасёлка і закліканы прадставіць такі бок жыцця рабочых, як спорт. Тут дагэтуль захаваўся стадыён, узімку яго заліваюць – і атрымліваецца каток.

А трохі вышэй за стадыён – пляцоўка для гульні ў гарадкі. Гэта ўнікальная пляцоўка, бо раней у Мінску было 8 або 10 такіх, а цяпер толькі дзве: тут і на завулку Казлова. Тут калісьці даўно былі стэнды, дзе ўсе фігуры былі намаляваны і падпісаны.

“Фантанчык, які захаваўся з пачатку 50-х гадоў: улетку для піцця, а насамрэч для заліўкі катка. Калі нехта кажа, што ў Трактарным пасёлку не захавалася старых фантанаў, то я паказваю – вось, адзін захаваўся”.

З бульвара Трактарабудаўнікоў адкрываецца перспектыва на пасёлак і на вуліцу Алега Кашавога – самую парадную вуліцу Трактарагорада.

“У пасёлка былі два асноўныя архітэктары: Сямён Разэнфельд і Веніямін Кастэнка – яны самі з Харкава, але працавалі доўгі час тут”.

У перспектыве вуліцы Кашавога – інтэрнат Трактарнага завода. Яго спраектаваў Леанід Левін, адзін з аўтараў мемарыяла “Хатынь” і плошчы Якуба Коласа.

У вуліцу Кашавога, відаць, архітэктары імкнуліся ўкласці найбольш усяго, яна самая функцыянальная: там і крамы, і бібліятэка, аптэка, хімчыстка, атэлье, дзіцячы садок, зберкаса – усе неабходныя ўстановы для шчаслівага жыцця працоўных. Гэта цэнтральная вуліца пасёлка, а другая цэнтральная – Стаханаўская, яна, наадварот, ціхая, спакойная.

 

МЕСЦА № 1, НА ВЫПАДАК ВАЙНЫ:
СТАРЫ ДОМ КУЛЬТУРЫ ТРАКТАРНАГА ЗАВОДА
(РОГ КАШАВОГА І КЛУМАВА)

Калі з бульвара Трактарабудаўнікоў звярнуць направа і прайсці ў пачатак вуліцы Алега Кашавога, можна ўбачыць самы стары будынак пасёлка, які вы дакладна пазнаеце, нават калі ніколі тут не гулялі.

– Будынак з рэстаранам “Колас” (не ведаю, што замест яго будзе цяпер) – візітоўка нашага раёна. Дом мае вось такую арыгінальную вежу. Калі мясціны яшчэ былі ўскраінай, тыя, хто ехалі з горада, бачылі вежу і разумелі, што вось пачынаецца Трактарны пасёлак. Некаторыя думаюць, што некалі тут была пажарная частка, але гэта няпраўда. Вежа мае найперш дэкаратыўную функцыю, але ў савецкія часы не ўсё так проста было: такія вежы выкарыстоўваліся і як патэнцыйны назіральны пункт на выпадак вайны ці чаго-небудзь такога надзвычайнага.

Гэта, дарэчы, самы стары будынак Трактарнага пасёлка, пабудаваны яшчэ да вайны, у канцы 30-х. Тады тут будаваўся не Трактарны завод, а авіяцыйны, на якім перад самай вайной пачалі збіраць самалёты Як-9. У пісьменніцы Веры Лютавай ёсць аповесць “Зарево над лесом” пра будаўніцтва трактарнага завода, і вось адзін з герояў жыў у развалінах заводаўпраўлення авіяцыйнага завода, толькі ў аповесці нельга было назваць завод авіяцыйным (тут збіраліся канструяваць ваенныя знішчальнікі, таму месца было засакрэчана), і ён пераўтварыўся ў станкарамонтны.

Пасля вайны гэты дом адрэстаўравалі і зрабілі тут заводскі клуб: была кіназала, канцэртная зала, бібліятэка, дошка гонару – карацей, усё адразу. Такую ролю ён выконваў, пакуль не збудавалі новы будынак ДК МТЗ. Пасля таго тут месціўся дом фізкультуры і рэдакцыя заводскaй газеты, у якой, дарэчы, нейкі час працаваў пісьменнік Альгерд Бахарэвіч. У яго кнізе “Натуральная афарбоўка” вобраз прадпрыемства спісаны якраз з Трактарнага завода, бо сам Альгерд паводле свайго абавязку часта там бываў.

“Раней гэты будынак выглядаў больш каларытна, асабліва са двара: было бачна, што ён пабудаваны са старой чырвонай цэглы, а цяпер гэта ўсё абклалі футрам. Раней ён быў з вуліцы тынкаваны, а з двара цагляны”.

МЕСЦА №2, ДЗІЦЯЧАЕ:
СКВЕР І КВАРТАЛ КЛУМАВА-СТАХАНАЎСКАЯ

– Клуб, які мы толькі што пабачылі, даў імя вуліцы Клубнай. Але па сугуччы ў 1967 годзе яна была пераназвана імем Клумава.

Гэта сквер Клумава, а раней жыхары яго называлі проста Чыгуначны – па краі яго праходзіць чыгунка на Маскву. У дзяцінстве мы з бабуляй хадзілі сюды збіраць грыбы – зялёнкі і радоўкі. Тут калісьці быў фантан – круглы такі басейнік з рыбкамі. Таксама некалі, кажуць старажылы, была летняя эстрада. А ў мой час тут месцілася футбольнае поле. З ім у мяне звязаны траўматычны ўспамін: я бег па ім, бег, а там ляжалі паваленыя вароты, я зачапіўся і так моцна пабіў калена, што пару гадзін не мог хадзіць.

Мы ў дзяцінстве лазілі праз чыгунку на Завод аўтаматычных ліній, там былі раскіданы шарыкі, бракаваныя падшыпнікі, мы іх збіралі для сваіх гульняў. Незадоўга пасля таго, як мяне моцна пакусаў сабака, мы з сябрамі чарговы раз туды ішлі, і яны кажуць: “Вось прыйдзем, а там на нас ужо ўсё падрыхтавана: дэсантнікі з аўтаматамі, танкі, аўчаркі…” Я кажу: “Ой, толькі не аўчаркі!” Яны кажуць: “Не палохайце вы яго гэтымі танкістамі, дэсантнікамі, з яго хопіць і аўчарак!”

Дарэчы, у фільме “Гамункулус” 1988 года ёсць эпізод, калі міліцыянеры ў канаве ля гэтай чыгункі, недзе ў кустах, знаходзяць дзіцячы труп. І са словамі “Ну ўсё, паехалі ў морг” яны едуць па Стаханаўскай, Чабатарова… А на Чабатарова кадры ўжо пераключаюцца ў сам морг. Але цікава, што ў дзяцінстве мы адзін аднаго любілі палохаць: там стаялі ў двары дзве нежылыя пабудовы, і мы прыдумалі, быццам у адной з іх быў крэматорый морга, а ў другой крэматорый раддома. Мне так сябры сказалі, я пытаюся: “Як гэта – крэматорый раддома?”, а яны кажуць: “Ну, дзяцей шмат памірала, вось і зрабілі крэматорый раддома!”

Хоць, вядома, ніякіх крэматорыяў там не было: адзін з будынкаў быў заўжды закалочаны, а ў другім некалі месцілася нейкія медыцынская ўстанова. Калі яна выехала, мы туды залезлі і пазнаходзілі такія рэльефныя плакаты з выявамі сардэчна-сасудзістай сістэмы, нерваў, костак – і развесілі ў сябе падвале!

А ў двары клінікі “Новое зрение” з нядаўніх часоў знаходзіцца скульптурная кампазіцыя “Кот і мышы”. Кажуць, гэта нехта з супрацоўнікаў клінікі мае яшчэ і талент скульптара – вось і зрабіў кампазіцыю. Некаторым гэта кампазіцыя падаецца, скажам так, саркастычнай, бо доктар выяўлены ў абліччы ката, а пацыенты – у абліччы мышэй.

Са сквера мы павярнулі на вуліцу Стаханаўскую – другую вось Трактарнага пасёлка. На ёй знакаміты дом з Пасейдонам: дзівоснае яднанне сацыялізму і мадэрну, адзінае ў Мінску.

– Што цікава, калі дом быў пабудаваны, то гэтых русалачак і Пасейдона не было, яны з’явіліся ў пачатку 2000-х, калі прадпрымальнік перарабіў былую краму гародніны ў краму “Водный мир”, дзе прадавалі акварыумы і рыбак. Уласнік, напэўна, меў мастацкі густ – гэты барэльеф вельмі добра сюды ўпісаўся.

Спачатку дом з Пасейдонам будавалі для інжынерна-тэхнічных работнікаў Трактарнага завода. А на іншым канцы квартала сялілі ўдарнікаў-стаханаўцаў, перадавікоў вытворчасці. Таму і вуліцу назвалі Стаханаўскай.

Квартал мае сіметрычны выгляд. І паміж аднолькавымі дамамі інжынераў і стаханаўцаў стаіць дом, які, мяркуючы па ўсім, застаўся з даваеннай пабудовы, хоць на пашпарце і напісана “1949 год”. Гэта тыповы ДАС – дом афіцэрскага саставу. Там вялікія кватэры. Думаю, гэты дом будавалі для афіцэраў авіяцыі.

МЕСЦА №3, ЯКОЕ ХУТКА ЗНІКНЕ:
КВАРТАЛ ВУЛІЦ КЛУМАВА, ШЧАРБАКОВА, ЧАБАТАРОВА

Заходзім у двор дома з Пасейдонам, і Віктар паказвае нам квартал – партал у 50-я, час спадзяванняў, надзей і маладога запалу. Гэта квартал, які ў бліжэйшыя тыдні будзе знесены. Праўда, кажа ён, зруйнуюць толькі двухпавярховыя дамы.

– Кожны з гэтых дамоў паасобку, магчыма, і не ўяўляе каштоўнасці, але ўся горадабудаўнічая кампазіцыя, гэтае размяшчэнне па восі сіметрыі – гэта ж было ў свой час вельмі прадумана! Гэта вельмі хочацца захаваць.

Тут ніхто не жыве. Усе гэтыя двухпавярховікі ўжо адселеныя.

– А што будзе на месцы гэтых дамоў?

– Быў распрацаваны праект сяміпавярховых жылых дамоў. Але, як мне стала вядома, пакуль час ішоў, гэты праект быццам бы паспеў састарэць і ў чымсьці ўжо не адпавядае заканадаўству. Але зносіць квартал усё адно збіраюцца! Атрымліваецца такі знос дзеля зносу, а можна было б гэта і захаваць, каб аблічча пасёлка засталося больш-менш цэласнае.

Некаторыя спецыялісты па культуры прапанавалі падаць заяўку ў ЮНЕСКА, каб уключыць у фонд міжнароднай спадчыны забудову 50-х гадоў адразу некалькіх гарадоў: Берліна, Варшавы і Мінска. Палякі падумалі і вырашылі ўключыць туды рабочы пасёлак пад Кракавам – Новая Гута, – які шмат у чым нагадвае наш Трактарагорад. У Новую Гуту возяць турыстаў нават з замежжа! Вось так цікава: тое, што ў Польшчы хочуць захаваць, у нас прапануюць знесці.

Квартал можна было б аддаць пад дэкарацыі “Беларусьфільму” – ён карыстаецца шалёнай папулярнасцю ў рэжысёраў, расказвае Віктар:

– У гэтым квартале штогод здымаюць самыя розныя фільмы – і дэтэктывы, і фантастыку, – людзі ўжо да гэтага прывычныя. Тут быў зняты фільм, які пазіцыянуюць як першы прафесійны расійскі зомбі-фільм “Зима мертвецов. Метелица”. І якраз на Стаханаўскай адбылася самая кульмінацыйная бітва з зомбі: там цэлы натоўп гэтых зомбі ідзе на людзей – а людзі гэты натоўп мочаць.

Мясцовыя жыхары бачылі не толькі зомбі: тут здымаўся фільм “Слон” з Сяргеем Шнуравым (слана ў ім насамрэч гралі двое сланоў). Слон у фільме ішоў па вуліцы Чабатарова, ёсць там такія кадры.

Яшчэ тут здымаліся фільмы “Живая мишень”, “Трюкач”, “Родная кровиночка”… І цяпер вось, што гэта там здымаюць?..

Ідзём глядзець. Здымкі адбываюцца каля каларытнай закінутай сядзібы нібы з кніг Стывена Кінга. Сядзіба аказваецца першымі яслямі Трактарнага завода.

– Яслі пабудавалі ў 1947-м. У пісьменніка Міколы Гарулёва ёсць нарыс пад назвай “Жыллёвы гарадок”, напісаны ў канцы 40-х, у ім пісьменнік апісвае сваё падарожжа па вуліцы 11-га квартала, цяпер гэта Чабатарова. Ён піша, як заходзіў у Дом стаханаўцаў у госці да аднаго з ударнікаў, потым ішоў у яслі, размаўляў з загадчыцай. Яна расказвала, як там добра дзецям, якія ў іх планы – напрыклад, высадзіць розныя расліны па тэрыторыі сада… Раней перад садком раслі кедры, а цяпер мы можам тут бачыць веймутаву сасну, гэта дрэва Паўночнай Амерыкі, рэдкае для Беларусі.

Вядома, раней гэты двор выглядаў абсалютна іначай: тут былі агароды, гаспадарчыя будкі (там захоўвалі мяцёлкі, граблі, рыдлёўкі). Былі тут і драўляныя сараі, у якіх некаторыя людзі трымалі курэй, а можа, і яшчэ якую жывёлу…

Моўчкі чакаем, калі фатограф здыме мясцовую жыхарку на прагулцы з сабачкам.

– Вось пра сабак, дарэчы. Калі жыхары выязджалі з гэтага квартала, то адна сям’я пакінула сабак. Яны былі такія невялічкія, мяшаныя, адзін чымсьці нагадваў шпіца, другі пекінэса. Гэтыя сабакі нейкі час жылі ў двары, і мы з жонкай хацелі іх адлавіць ды перадаць зааабаронцам. Але, як толькі мы надумалі, прыехала іх гаспадыня, забрала і выкінула недзе на Каменнай горцы. Адзін сабака так і не знайшоўся, а другога знайшлі ў дварах на Грушаўцы. Сабачка быў на некалькіх ператрымках і нарэшце апынуўся ў Шабанах. Мы яго назвалі Марсікам. Бо Марс – бог вайны, а ён быў такі ваяўнічы, абараняў свайго сябра, з якім тут застаўся, брахаў на ўсіх.

МЕСЦА №4, ВУСЦІШНАЕ:
ВУЛІЦА ШЧАРБАКОВА І ВАКОЛІЦЫ

Па Стаханаўскай і Стаханаўскім завулку ідзём на таямнічую вуліцу Шчарбакова – пра яе Віктар ведае многа страшных гісторый. Але спярша…

– Мы ідзём па завулку, які цяпер завецца Стаханаўскім, але раней быў Банным, бо тут знаходзілася ды і цяпер ёсць раённая лазня. Дарэчы, калі завулак назвалі Банны, сярод будаўнікоў, напэўна, было шмат жартаў, бо ў аднаго стаханаўца-будаўніка было прозвішча Банны, і ён якраз будаваў гэтыя кварталы – Лявон Канстанцінавіч Банны.

На гэтым завулку знаходзіцца ўстанова “Адраджэнне рамёстваў”, хоць і не завод, але мы, малыя, лічылі яе заводам. Тут вечна на рэстаўрацыі стаялі скульптуры Леніна – вось і цяпер стаіць!

– На вуліцы Шчарбакова, у доме №21 знаходзіцца мільённы метр.

– ???

– У 1968 годзе будаўнічая арганізацыя МАПІД пабудавала мільённы квадратны метр жылля (адлік вялі з 1961 года). Гэты мільённы квадратны метр аказаўся на вуліцы Шчарбакова. Калісьці на доме была памятная дошка і пано, але дошку знялі, а пано зарабілі шубай. За домам была крутая горка, там дзеці любілі катацца на санках. Гэту горку называлі Мільёнка.

На суседніх дамах, Шчарбакова, 25 і 27, захавалася прывітанне з 1950-х: шыльды з тэлефонамі нейкіх камунальных службаў, не актуальнымі ўжо паўстагоддзя. Так і вісяць.

У доме па Шчарбакова, 17 быў інтэрнат, яго зачынілі ў другой палове 80-х, і ён доўга стаяў пусты. Гадоў дзесяць яго перараблялі на жылы дом. Калі рамонт падыходзіў да фінальнай стадыі, у падвале знайшлі муміфікаваны труп. Пачалося следства, выявілі, што забіты быў жыхаром інтэрната, і нават знайшлі забойцу, але не змаглі пакараць, бо той чалавек ужо памёр.

Той самы інтэрнат.

Віктар вядзе нас да пачатку вуліцы Шчарбакова, часам збочваем у двары, потым зноў вяртаемся. Павярнуўшы налева, на Вучнёўскі завулак, упіраемся ў царкву.

– На месцы царквы раней быў Піянерскі сквер. Была тут летняя эстрада, дзе па святах адбываліся канцэрты. А яшчэ тут стаяў карабель: аснова ў выглядзе цаглянай сценкі, у ёй круглыя дзіркі, мачты, дзеці любілі тут лазіць, гулялі ў квача, у вайнушку.

Цяпер гэту тэрыторыю аддалі царкве. Жыхары ставяцца да гэтага па-рознаму. Адны кажуць, маўляў, добра, што ў нас тут царква будзе, народ, можа, стане меней п’янстваваць, задумаецца пра высокія матэрыі. А іншыя кажуць: вось, адабралі ў дзяцей сквер…

Гістарычная агароджа сквера яшчэ дзе-нідзе засталася.

Выбіраемся з двароў назад на Шчарбакова. Віктар кажа:

– Ну, пракляты дом я, напэўна, не буду паказваць…

– Вы што, абавязкова пакажыце пракляты дом!

– Ну добра. Сам я ні з кім адтуль не знаёмы, але чытаў матэрыял журналісткі Веранікі Чаркасавай, дзе яна піша, што ў гэтым доме – Шчарбакова, 5а – часта здараюцца няшчасныя выпадкі, людзі паміраюць хуткімі тэмпамі… Гэты дом пабудавалі на нямецкіх пахаваннях. Пад ім, за ім і на тэрыторыі аўтарамонтнага завода знаходзяцца нямецкія могілкі.

Большую частку Трактарнага пасёлка будавалі ваеннапалонныя, і тут, на месцы гэтага дома, іх хавалі, калі хто паміраў. Пра палонных немцаў мясцовыя старажылы расказвалі такую гісторыю: адзін палонны вырашыў уцячы і ў адной з новабудоўляў пракапаў падземны ход. Ён схаваўся ў гэтым ходзе, а яго таварышы таго не заўважылі і ход замуравалі.

– І чым скончылася? – мы затаілі дыханне.

– А што было потым, мне ўжо не расказвалі.

МЕСЦА №5, РЭЛІКТАВАЕ:
ВУЛІЦА БУДЗЁННАГА І ВАКОЛІЦЫ

– Назву для вуліцы, як і ў выпадку з вуліцай Клумава, падабралі па сугучнасці: раней тут пачыналася вёска Будзілава, яна ішла ў бок плошчы Ванеева і далей за Партызанскі праспект. Гэта Будзілава і дало назву вуліцы Будзённага.

Тут цяпер хрушчоўкі, а пасля вайны быў так званы сацгарадок, з баракаў.

Цяпер на гэтай вуліцы стаіць універсам “Трактаразаводскі”, а раней на яго месцы быў рынак. У мяне пра рынак захаваліся ўспаміны з зусім ранняга дзяцінства: каменная крама “Рыба” – зусім маленькая, але архітэктурай нагадвала тое, што вакол. Калі пабудавалі ўніверсам, гандлёвыя шэрагі паставілі побач, вось і цяпер трохі ад іх засталося.

У доме па Будзённага, 19 на першым паверсе некалі была дзіцячая паліклініка. Праз паліклініку ішоў даволі доўгі калідор, які заканчваўся цемнаватым тупіком. І там, памятаю, быў стэнд, дзе было нешта напісана пра тэорыю Дарвіна. Была намалявана страшнаватая малпа, з вышчаранымі зубамі, і побач стаяў барадаты Дарвін. Было трохі страшна зазіраць у гэты закуток, а ў той жа час цікава разглядаць, што гэта за карцінкі такія!

Паліклінікі даўно ўжо няма, але ў двары, на доме, дзе быў яе філіял (Стаханаўская, 41), засталася старая-старая шыльда “Молочно-раздаточный пункт”: тут раздавалі малако жанчынам, у якіх свайго не хапала. Гэтымі чырвонымі дзвярыма даўно не карыстаюцца, а шыльда вось вісіць.

А яшчэ ў гэтым жа двары знаходзіцца адзіны ў квартале будынак (Будзённага, 15а), на якім стаіць дата пабудовы – 1947. Астатнія дамы пазнейшыя, а гэты захаваўся яшчэ ад паваеннага барачнага пасёлка. Але будынак ніколі не быў жылым: спярша тут была крама тканін, пасля друкарня.

Побач знаходзіцца і візітоўка раёна – унікальная скульптура “Дзяўчынка на самакаце”. Такіх у горадзе больш няма! Многія называюць дзяўчынку хлопчыкам, але, калі прыгледзецца, на галаве можна ўбачыць маленькія арматурынкі – гэта касічкі.

Мядзведзікі з бочачкай ёсць і ў іншых раёнах, а вось дзяўчынка на самакаце ў горадзе толькі адна.

Тут жа школа №22, самая старая ў пасёлку. На школе засталіся характэрныя барэльефы 50-х гадоў: глобусы, цыркулі.

А ў доме за школай захаваўся фрагмент старой агароджы. Звярніце ўвагу: з трактарчыкам! Такой агароджай былі абнесены многія дамы ў квартале, а цяпер застаўся толькі адзін.

І ЯШЧЭ КРЫХУ…

Колер раёна: крэмавы. Не такі, як цяпер, а такі, які прасочваўся трошкі раней у забудове пасёлка.

Пах раёна: ліцейкі Трактарнага завода! Але гэты цэх працуе не заўсёды, таму пры жаданні тут можна ўлавіць і больш прыемныя пахі. Улетку ў дварах расце шмат кветак – вось яны пахнуць прыемна.

Гук раёна: гэта раён заводскі, таму гукі адпаведныя, але часцей тут чуеш якраз не заводы, а чыгунку (цягнікі на маскоўскі кірунак) і трамвай.

Смак раёна: чамусьці мне прыгадваецца, як у дзяцінстве на вуліцы Кашавога, у доме, дзе цяпер сэканд-хэнд, была кавярня “Красная Шапочка”. Дзеці любілі туды хадзіць, бо там былі розныя смачныя малочныя стравы: крэм “Сняжок”, крэм “Пінгвін”… Гэта кавярня была ў падвальчыку, дзе цяпер сэканд-хэнд. Там унутры стаялі скульптуры Чырвонай Шапачкі і ваўка.

Арыгiнал

Апублiкавана 16.02.2017  17:36