З самога рова Бабін Яр у тыя дні ўратавалася жанчына, маці дваіх дзяцей, актрыса Кіеўскага тэатра лялек Дзіна Міронаўна Пронічава. Прыводжу яе расказ, запісаны асабіста мною з яе слоў, без ніякіх дадаткаў.
БАБІН ЯР
Яна хадзіла чытаць загад, хутка прачытала і пайшла: каля аркушыкаў з загадам увогуле ніхто доўга не затрымліваўся і размоў не ўсчынаў.
Увесь дзень і ўвесь вечар ішлі абмеркаванні і разважанні. У яе былі бацька і маці, драхлыя ўжо, маці перад прыходам немцаў выйшла з бальніцы пасля аперацыі, вось усе думалі: як жа ёй ехаць? Старыя былі ўпэўнены, што на Лук’янаўцы ўсіх пасадзяць у цягнік і павязуць на савецкую тэрыторыю.
Муж Дзіны быў рускі, прозвішча яе рускае, апрача таго, і знешнасць зусім не яўрэйская. Дзіна была хутчэй падобная на ўкраінку і ведала ўкраінскую мову. Спрачаліся, гадалі, думалі і пастанавілі, што старыя паедуць, а Дзіна іх праводзіць, пасадзіць у цягнік, сама ж застанецца з дзецьмі – і будзе што будзе.
Бацька быў шкляром, яны з маці жылі на Тургенеўскай, дом 27. Дзіна з дзецьмі – на Вароўскага, дом 41.
Яна пайшла дадому позна, спрабавала заснуць, але так і не спала ў тую ноч. Па двары ўсё бегалі, тупацелі: лавілі адну дзяўчыну з гэтага дома. Гэтая дзяўчына ратавалася на гарышчы, потым спрабавала спусціцца па пажарнай лесвіцы, мужчынскія галасы гукалі: «Вунь яна!»
Справа ў тым, што перад прыходам немцаў гэтая дзяўчына казала:
– Яны ні за што не ўвойдуць у Кіеў, а калі ўвойдуць, я аблію дом керасінам і падпалю.
Дык во цяпер жонка дворніка прыгадала гэта і, баючыся, каб насамрэч не падпаліла, данесла немцам, і акурат у тую ноч лавілі.
Ноч была мутарная, напружаная, жудкая. Дзіну ўсю трэсла. Яна так і не зразумела, схапілі тую дзяўчыну ці не.
Калі развіднела, яна ўмылася, прычасалася, узяла дакументы і пайшла да старых на Тургенеўскую – гэта побач. На вуліцах было нязвыкла шмат народу: усе кудысьці дзелавіта спяшаліся з рэчамі.
У бацькоў яна была а сёмай гадзіне раніцы. Увесь дом не спаў. Тыя, хто з’язджаў, развітваліся з суседзямі, абяцалі ім пісаць, даручалі ім кватэры, рэчы, ключы.
Старыя многа несці не маглі, каштоўнасцей у іх не было, проста ўзялі неабходнае і харчы. Дзіна надзела на спіну рукзак, і а восьмай гадзіне раніцы яны выйшлі.
І па Тургенеўскай ішло многа людзей, але на вуліцы Арцёма ўжо было поўнае стоўпатварэнне. Людзі з клункамі, з вазкамі, розныя двухколкі, падводы, зрэдку нават грузавікі – усё гэта стаяла, потым патрохі рушыла, зноў стаяла.
Была моцная гамана, гул натоўпу, і было падобна на дэманстрацыю, калі вуліцы гэтак жа затлумлены, але не было сцягоў, аркестраў і ўрачыстасці.
Дзіўна з гэтымі грузавікамі: адкуль іх здабывалі? Здаралася, што цэлы дом скідваўся і наймаў пад рэчы транспарт, і тады ўжо ўсе яны трымаліся па баках сваёй падводы або грузавіка. Сярод клункаў і чамаданаў ляжалі хворыя, гронкамі віселі дзеткі. Немаўлят часам везлі па двое, па трое ў адным вазку.
Вельмі многа было тых, хто праводзіў: суседзі, сябры, сваякі, украінцы і рускія, дапамагалі несці рэчы, вялі хворых, а то і неслі іх на гершках. Усё гэтае шэсце рухалася надта марудна, а вуліца Арцёма вельмі доўгая. У адной брамы стаялі нямецкія салдаты, глядзелі, асабліва на дзяўчат. Напэўна, Дзіна ім спадабалася, яны пачалі клікаць яе ў двор, паказваючы, што, маўляў, трэба вымыць падлогу:
– Ком вашэн!
Яна адмахнулася. Вельмі, вельмі доўга, да ачмурэння доўга рухалася гэтае гулкае шэсце, гэтая «дэманстрацыя» з цісканінай, размовамі і дзіцячым лямантам. Дзіна была ў футровай шубцы, ёй стала горача.
Толькі недзе пасля абеду дайшлі да кладоў. Яна памятае, што праваруч быў доўгі цагляны мур яўрэйскіх могілак з брамай.
Тут папярок вуліцы была драцяная загарода, стаялі процітанкавыя «вожыкі» – з праходам пасярэдзіне, і стаялі ланцугі немцаў з бляхамі на грудзях, а таксама ўкраінскія паліцаі ў чорнай форме з шэрымі абшлагамі.
Цыбаты дзейны дзядзька ва ўкраінскай вышыванцы, з вусамі, што віселі па-казацку, вельмі прыкметны, распараджаўся на ўваходзе. Натоўп валіў у праход паўз яго, але назад ніхто не выходзіў, толькі зрэдчасу з крыкамі праязджалі паражняком вазакі: яны ўжо недзе там згрузілі рэчы і цяпер перлі супраць натоўпу, гарлалі, махалі пугамі, гэта стварала штурханіну і выклікала сваркі.
Усё было вельмі няясна. Дзіна пасадзіла старых ля брамы могілак, а сама пайшла паглядзець, што робіцца ўперадзе.
Як і многія іншыя, яна дагэтуль думала, што там стаіць цягнік. Чулася нейкая блізкая страляніна, у небе нізка кружляў самалёт, і агулам вакол панаваў трывожна-панічны настрой.
У натоўпе абрыўкі размоў:
– Гэта вайна, вайна! Нас вывозяць далей, дзе больш спакойна.
– А чаму толькі яўрэяў?
Нейкая бабуля вельмі аўтарытэтным голасам разважала:
– Ну, таму, што яны – роднасная немцам нацыя, іх пастанавілі вывезці ў першую чаргу.
Дзіна з цяжкасцю праціскалася скрозь натоўп і ўсё больш турбавалася. Тут яна ўбачыла, што ўперадзе ўсе раскладваюць рэчы. Розныя насільныя рэчы, клункі і чамаданы – у купу налева, усе харчы – направа.
А немцы накіроўваюць усіх далей па частках: адправяць групу, чакаюць, потым праз нейкі інтэрвал зноў прапускаюць, лічаць, лічаць… стоп. Як, бывае, у краму па паркаль чаргу прапускаюць дзясяткамі.
Ізноў размовы ў тлуме:
– Ага, рэчы ідуць, вядома, багажом: там разбярэмся на месцы.
– Якое там разбярэмся, такая безліч рэчаў, іх проста пароўну падзеляць, вось вам і не будзе багатых і бедных.
Дзіне стала жудка. Нічога падобнага на чыгуначны вакзал. Яна яшчэ не ведала, што гэта, але ўсёй душой адчула, што гэта не вываз. Што заўгодна, але не вываз.
Асабліва дзіўныя былі гэтыя блізкія кулямётныя чэргі. Яна ўсё яшчэ не магла і падумаць, што гэта расстрэл. Па-першае, такія вялізныя масы людзей! Так не бывае. І потым – навошта?!
* * *
Можна ўпэўнена дапусціць, што большасць адчувала тое самае, што і Дзіна, адчувала нядобрае, але працягвала чапляцца за «нас вывозяць» вось яшчэ з якіх прычын.
Калі выйшаў загад, дзевяць яўрэяў з дзесяці і почуту не мелі пра нейкія фашысцкія зверствы над яўрэямі. Да самай вайны савецкія газеты толькі расхвальвалі ды ўзвялічвалі Гітлера – найлепшага сябра Савецкага Саюза – і нічога не паведамлялі пра становішча яўрэяў у Германіі ды Польшчы. Сярод кіеўскіх яўрэяў можна было знайсці нават няўрымслівых прыхільнікаў Гітлера як таленавітага дзяржаўнага дзеяча.
З другога боку, старыя распавядалі, як немцы былі на Украіне ў 1918 годзе, і ў той час яны яўрэяў не чапалі, наадварот, вельмі няблага да іх ставіліся, таму што – падобная мова, і ўсё такое…
Старыя казалі:
– Немцы ёсць розныя, але збольшага гэта культурныя і прыстойныя людзі, гэта вам не дзікая Расія, гэта Еўропа – і еўрапейская прыстойнасць.
Або такі – зусім ужо свежы – факт. На два дні раней нейкія людзі на вуліцы Вароўскага захапілі кватэру эвакуяванай яўрэйскай сям’і. Родзічы, якія засталіся ў доме, пайшлі ў штаб бліжэйшай нямецкай часткі і паскардзіліся. Адразу ж з’явіўся афіцэр, строга загадаў вызваліць кватэру і спагадна пакланіўся яўрэям: «Калі ласка, усё ў парадку». Гэта было літаральна пазаўчора, і ўсе гэта бачылі, і пра гэта адразу разнесліся чуткі. А немцы ж вельмі паслядоўныя і лагічныя, ужо чым-чым, а паслядоўнасцю яны заўсёды вылучаліся.
Але ж калі гэта не вываз, то што тут дзеецца?
* * *
Дзіна кажа, што ў той момант яна адчувала толькі нейкі жывёльны жах і чмур – стан, які няма з чым параўнаць.
З людзей здымалі цёплыя рэчы. Салдат падышоў да Дзіны, хутка, лоўка і без слоў зняў з яе шубку. Тут яна кінулася назад. Адшукала старых ля брамы, распавяла, што бачыла.
Бацька сказаў:
– Дачурка, ты нам ужо не патрэбная. Сыходзь.
Яна пайшла да загароды. Тут даволі шмат людзей дабіваліся, каб іх выпусцілі назад. Натоўп валам валіў насустрач. Вусач у вышыванцы ўсё гэтак жа крычаў, распараджаўся. Усе называлі яго «пан Шаўчэнка». Можа, гэта было яго сапраўднае прозвішча, можа, нехта празваў яго так за вусы, але гучала гэта даволі дзіка, як «пан Пушкін», «пан Дастаеўскі». Дзіна праштурхалася да яго і пачала тлумачыць, што вось праважала, што ў яе засталіся ў горадзе дзеці, яна просіць, каб яе выпусцілі.
Ён патрабаваў пашпарт. Яна дастала. Ён паглядзеў графу «нацыянальнасць» і гукнуў:
– Э, жыдоўка! Назад!
Тут Дзіна канчаткова ўцяміла: гэта расстрэльваюць.
Сутаргава яна стала рваць пашпарт на шматкі. Яна кідала іх пад ногі, налева, направа. Пайшла зноў да старых, але нічога ім не сказала, каб не хваляваць заўчасна.
Хаця яна была ўжо без шубкі, ёй стала задушна. Вакол было многа народу, шчыльны натоўп, выпарэнні; лямантуюць згубленыя дзеці; некаторыя, седзячы на клунках, абедаюць. Яна яшчэ падумала: «Як яны могуць есці? Няўжо дагэтуль не цямяць?»
Тут пачалі камандаваць, крычаць, узнялі ўсіх, хто сядзеў, пасунулі далей, і заднія напіралі – атрымалася нейкая неймаверная чарга. Сюды кладуць адны рэчы, туды – іншыя рэчы, штурхаюцца, выстройваюцца. У гэтым хаосе Дзіна згубіла сваіх старых, выглядзела, убачыла, што іх адпраўляюць у групе далей, а перад Дзінай чарга спынілася.
Стаялі. Чакалі. Яна выцягвала шыю, каб зразумець, куды павялі бацьку і маці. Раптам падышоў бамбіза-немец і прапанаваў:
– Ідзі са мной спаць, а я цябе выпушчу.
Яна паглядзела на яго як на вар’ята, ён адышоў. У рэшце рэшт, пачалі прапускаць яе групу.
Гамана сціхла, усе змоўклі, быццам здранцвелі, і даволі доўга моўчкі ішлі, а па баках стаялі шарэнгамі фашысты. Уперадзе паказаліся ланцугі салдат з сабакамі на павадках. Ззаду сябе Дзіна пачула:
– Дзеці мае, памажыце прайсці, я сляпы.
Яна абхапіла старога за пояс і пайшла разам з ім.
– Дзядуля, куды нас вядуць? – спытала яна.
– Дзетка, – сказаў ён, – мы ідзем аддаць Богу апошні доўг.
У гэты момант яны ўступілі ў доўгі праход паміж двума шарэнгамі салдат і сабак. Гэты калідор быў вузкі, мо паўтара метра. Салдаты стаялі поплеч, у іх былі закасаныя рукавы, і ўсе мелі гумовыя дубінкі або вялікія палкі.
І на людзей, што праходзілі, пасыпаліся ўдары.
Схавацца або ўхіліцца было немагчыма. Самыя жорсткія ўдары, якія адразу разбівалі да крыві, сыпаліся на галовы, спіны і плечы злева і справа. Салдаты крычалі «Шнэль! Шнэль!» і вясёла рагаталі, быццам забаўляліся атракцыёнам. Яны схітраліся як-небудзь мацней ударыць у прыступныя месцы – пад рабрыны, у жывот, у пахвіну…
Усе закрычалі, жанчыны завішчалі. Быццам кадр у кіно, перад Дзінай прамільгнула: знаёмы хлопец з яе вуліцы, вельмі інтэлігентны, добра апрануты, рыдае.
Яна ўбачыла, што людзі падаюць. На іх адразу спускалі сабак. Чалавек з крыкам уздымаўся, але некаторыя заставаліся на зямлі, а ззаду напіралі, і натоўп крочыў прама па целах, растоптваючы іх.
У Дзіны ў галаве ад усяго гэтага зрабіўся нейкі змрок. Яна выпрасталася, высока ўзняла голаў і рушыла, як драўляная, не згінаючыся. Яе здаецца, скалечылі, але яна слаба адчувала і кеміла, у яе грукала толькі адно: «Не ўпасці, не ўпасці».
* * *
Амаль звар’яцелыя людзі вывальваліся на прастору, ачэпленую войскамі, – гэткую плошчу, парослую травой. Уся трава была засыпана бялізнай, абуткам, адзеннем.
Украінскія паліцаі, зважаючы на акцэнт – не мясцовыя, а яўна з захаду Украіны, груба хапалі людзей, лупілі, гукалі:
– Раздзявацца! Швыдка! Быстра! Шнэль!
Хто марудзіў, з таго здзіралі адзенне сілком, білі нагамі, кастэтамі, дубінкамі, ап’янёныя злосцю, у нейкім садысцкім шале.
Ясна, гэта рабілася для таго, каб натоўп не мог спахапіцца. Многія людзі былі ўсе ў крыві.
З боку групы голых людзей, якіх кудысьці ўводзілі, Дзіна пачула, як маці крычыць ёй, махае рукой:
– Дачурка, ты не падобная! Ратуйся!
Іх пагналі. Дзіна рашуча падышла да паліцая і спыталася, дзе камендант. Сказала, што яна з тых, хто праважаў, трапіла выпадкова.
Ён патрабаваў дакументы. Яна пачала даставаць з сумачкі, але ён сам узяў сумачку, перагледзеў яе ўсю. Там былі грошы, працоўная кніжка, прафсаюзны білет, дзе нацыянальнасць не пазначаецца. Прозвішча «Пронічава» паліцая пераконвала. Сумачку ён не вярнуў, але паказаў на пагорак, дзе сядзела купка людзей:
– Сядай тут. Жыдоў перастраляем – тады выпусцім.
Дзіна падышла да пагорка і села. Усе тут маўчалі, ашалелыя. Яна баялася падняць твар: а раптам хто-небудзь яе тут пазнае, выпадкова зусім, і закрычыць: «Яна – жыдоўка!» Каб уратавацца, гэтыя людзі ні перад чым не спыняцца. Таму яна старалася ні на кога не глядзець, і на яе не глядзелі. Толькі бабуля, што сядзела побач у пушыстай вязанай хусце, ціха паскардзілася Дзіне, што праводзіла нявестку і вось, трапіла… А сама яна ўкраінка, ніякая не яўрэйка, і хто б мог падумаць, што выйдзе такое з гэтым праважаннем.
Тут усе былі тыя, хто праважаў.
Так яны сядзелі, і проста перад імі, як на сцэне, адбываўся гэты кашмар: з калідора, партыя за партыяй, з віскам вывальваліся збітыя людзі, іх прымалі паліцаі, лупцавалі, распраналі – і так без канца.
Дзіна запэўнівае, што некаторыя істэрычна рагаталі, што яна на свае вочы бачыла, як некалькі чалавек за той час, што распраналіся ды ішлі на расстрэл, рабіліся сівымі.
Голых людзей строілі невялікімі ланцужкамі і вялі ў проразь, спехам пракапаную ў абрывістай пясчанай сцяне. Што за ёй – не было відаць, але адтуль неслася страляніна, і вярталіся адтуль толькі немцы і паліцаі, за новымі ланцужкамі.
Мацяркі асабліва кешкаліся над дзецьмі, таму час ад часу які-небудзь немец або паліцай, раззлаваўшыся, выхопліваў у маці дзіцё, падыходзіў да пясчанай сцяны і, размахнуўшыся, шпурляў яго цераз грэбень, як палена.
Дзіну быццам бы абручамі абкруціла, яна доўга-доўга сядзела, уцягнуўшы галаву ў плечы, баючыся зірнуць на суседзяў, таму што іх усё большала. Яна ўжо не ўспрымала ні крыкаў, ні страляніны.
Пачало змяркацца.
Знянацку пад’ехаў адкрыты аўтамабіль, і ў ім – высокі, гонкі, вельмі элегантны афіцэр са стэкам у руцэ. Было падобна, што ён тут галоўны. Побач з ім быў рускі перакладчык.
– Хто такія? – спытаў афіцэр праз перакладчыка ў паліцая, паказваючы на пагорак, дзе сядзела ўжо чалавек пяцьдзясят.
– Цэ нашы люды, – адказаў паліцай. – Нэ зналы, трэба іх выпусціць.
Афіцэр як закрычыць:
– Неадкладна расстраляць! Калі хоць адзін адсюль выйдзе і раскажа ў горадзе, заўтра ніводзін жыд не прыйдзе.
Перакладчык добрасумленна пераклаў гэта паліцаю, а людзі на пагорку сядзелі і слухалі.
– А ну, пішлы! Хадзімо! Паднімайсь! – закрычалі паліцаі.
Людзі, як п’яныя, падняліся. Час быў ужо позні, можа, таму гэтую партыю не сталі распранаць, а так і павялі адзетымі ў проразь.
* * *
Дзіна ішла прыкладна ў другім дзясятку. Мінулі калідор пракопа, і адкрыўся пясчаны кар’ер з амаль стромымі сценамі. Ужо стаяў паўзмрок. Дзіна кепска разгледзела гэты кар’ер. Усіх цугам, хутка, таропячы, паслалі ўлева – па вельмі вузкаму выступу.
Злева была сцяна, справа яма, а выступ, відавочна, быў выразаны адмыслова для расстрэлу, і быў ён такі вузкі, што, ідучы па ім, людзі інстынктыўна прыціскаліся да пясчанай сценцы, каб не зваліцца.
Дзіна зірнула ўніз, і ў яе закруцілася галава – так ёй падалося высока. Унізе было мора скрываўленых цел. На процілеглым баку кар’ера яна паспела разгледзець усталяваныя ручныя кулямёты, і там было некалькі нямецкіх салдат. Яны палілі вогнішча, на якім варылі, падобна, каву.
Калі ўвесь ланцужок людзей загналі на выступ, адзін з немцаў аддзяліўся ад вогнішча, узяўся за кулямёт і пачаў страляць.
Дзіна не так убачыла, як адчула, што з выступа паваліліся целы, што траса куль набліжаецца да яе. У яе мільганула: «Зараз я… Зараз!» Не чакаючы, яна кінулася ўніз, сцяўшы кулакі.
Ёй падалося, што яна ляцела цэлую вечнасць, верагодна, сапраўды было высока. Пры падзенні яна не адчула ні ўдару, ні болю. Спачатку на яе пырснула цёплая кроў, і кроў пацякла па твары, як быццам яна ўпала ў ванну з крывёю. Яна ляжала, раскінуўшы рукі, заплюшчыўшы вочы.
Чула нейкія вантробныя гукі, стогны, іканне, лямант вакол і пад сабою: было многа недабітых. Уся гэтая маса цел ледзь прыкметна варушылася, асядаючы. Яна ўшчыльнялася ад руху заваленых жывых.
Салдаты ўвайшлі на выступ і пачалі падсвечваць уніз ліхтарыкамі, страляючы з пісталетаў у тых, хто здаваўся ім жывым. Але недалёка ад Дзіны нехта па-ранейшаму моцна стагнаў.
Яна пачула, як ходзяць побач, ужо па трупах. Гэта немцы спусціліся, нагіналіся, нешта здымалі з забітых, час ад часу страляючы ў тых, хто варушыўся.
Тутсама хадзіў і паліцай, які глядзеў яе дакументы і забраў сумачку: яна пазнала яго па голасе.
Адзін эсэсавец наткнуўся на Дзіну, і яна здалася яму падазронай. Ён пасвяціў ліхтарыкам, прыўзняў яе і пачаў біць. Але яна вісела мехам і не выяўляла прыкмет жыцця. Ён тыцнуў яе ботам у грудзі, наступіў на правую руку так, што рука хруснула, але не стрэліў і пайшоў, балансуючы, па трупах далей.
Праз некалькі мінут яна пачула голас наверсе:
– Дземідзенка! Давай прыкідай!
Забомкалі рыдлёўкі, пачуліся глухія ўдары пяску па целах, усё бліжэй. У рэшце рэшт, кучы пяску пачалі падаць на Дзіну.
Яе завальвала, але яна не варушылася, пакуль не засыпала рот. Яна ляжала тварам уверх, удыхнула ў сябе пясок, падавілася і тут, амаль нічога не кемячы, забоўталася ў дзікім жаху, гатовая ўжо лепей быць расстралянай, чым закапанай жыўцом.
Левай, здаровай рукой яна стала зграбаць з сябе пясок, захлыналася, вось-вось магла закашляцца і з апошніх сіл душыла ў сабе гэты кашаль. Ёй палягчэла. Нарэшце яна выбралася з-пад зямлі.
Яны там, наверсе, гэтыя ўкраінскія паліцаі, відаць, замарыліся пасля цяжкога дня, капалі лена і толькі злёгку прысыпалі, потым папакідалі рыдлёўкі і сышлі. Вочы Дзіны былі поўныя пяску. Апраметная цемра, цяжкі мясны подых ад масы свежых трупаў.
Дзіна вызначыла найбліжэйшую пясчаную сцяну. Доўга, доўга, асцярожна падбіралася да яе, потым устала і пачала левай рукой рабіць ямкі. Так, прыціскаючыся да гэтай сцяны, яна рабіла ямкі, паднімаючыся цаля за цаляй, кожную хвілю рызыкуючы сарвацца.
Наверсе аказаўся куст, яна яго намацала, адчайна ўчапілася і, калі перавальвалася цераз край, пачула ціхі голас, ад якога ледзь не кінулася назад:
– Цёця! Не бойцеся, я таксама жывы.
Гэта быў хлопчык, у майцы і трусіках, ён вылез, як і яна. Хлопчык дрыжэў.
– Маўчы! – шыканула яна на яго. – Паўзі за мной.
І яны папаўзлі кудысьці, моўчкі, без адзінага гуку. Яны паўзлі надзвычай доўга, марудна, натыкаючыся на абрывы, збочваючы, і паўзлі, відаць, усю ноч, таму што пачало віднець. Тады яны знайшлі кусты і залезлі ў іх.
Яны былі на беразе вялікага рова. Недалёка ўбачылі немцаў, якія прыйшлі і сталі сартаваць рэчы, складваць іх. У іх там круціліся і сабакі на павадках. Часам па рэчы прыязджалi грузавікі, але часцей – проста конныя вазы.
Калі развіднела, яны ўбачылі старую, якая бегла. За ёй бег хлопчык гадоў шасці і крычаў: «Бабуля, я баюся!» Але старая ад яго адмахвалася. Іх дагналі два нямецкіх жаўнеры і застрэлілі: спачатку старую, потым дзіцёнка.
Потым па процілеглым баку рова чалавек сем немцаў прывялі дзвюх маладых жанчын. Яны спусціліся ніжэй у роў, выбралі роўнае месца і пачалі па чарзе гвалціць гэтых жанчын. Наталіўшыся, закалолі жанчын кінжаламі, так што тыя і не ўскрыквалі, – а трупы так пакінулі, голыя, з раскінутымі нагамі.
Немцы пастаянна праходзілі то ўнізе, то ўверсе, перамаўляліся. Увесь час стаяла страляніна недзе тут, побач. Столькі страляніны, што Дзіне пачало здавацца, што яна была заўжды і ўвогуле не спынялася, што яна і ўночы была.
Яны з хлопчыкам ляжалі, забываліся, прачыналіся. Хлопчык сказаў, што яго завуць Моця, што ў яго нікога не засталося, што ён упаў разам з бацькам, калі стралялі. Ён быў файненькі, з прыгожымі вачыма, якія глядзелі на Дзіну, як на ратавальніцу. Яна падумала, што, калі ўдасца выратавацца, то яна ўсынавіць яго.
К вечару ў яе пачаліся галюцынацыі: прыйшлі да яе бацька, маці, сястра. Яны былі ў даўгіх белых халатах, усе смяяліся і куляліся. Калі Дзіна апрытомнела, над ёй сядзеў Моця і жалобна казаў:
– Цёця, не памірайце, не пакідайце мяне.
Яна з вялікай цяжкасцю скеміла, дзе знаходзіцца. Паколькі зноў сцямнела, яны выбраліся з кустоў і папаўзлі далей. Удзень Дзіна намеціла шлях: па вялікім лузе да гаю, што віднеўся ў далечыні. Часам яна забывалася і ўздымала голаў, тады Моця чапляўся за яе, прыціскаў да зямлі.
Здаецца, яна траціла прытомнасць, таму што аднойчы звалілася ў роў. Яны не елі і не пілі больш за суткі, але пра гэта думка не прыходзіла. Гэта быў нейкі шок.
Так яна паўзлі яшчэ ноч, пакуль не пачало брацца на дзень. Уперадзе былі кусты, у якіх яны вырашылі схавацца, і Моця палез разведаць. Яны так рабілі шмат разоў, і калі б усё было нармальна, Моця павінен быў паварушыць кустом. Але ён пранізліва закрычаў:
– Цёця, не паўзіце, тут немцы!
І прагучалі стрэлы. Яго так на месцы і забілі. На яе шчасце, немцы не зразумелі, што крычаў Моця. Яна адпаўзла назад, апынулася сярод нейкага пяску. Зрабіла ямку, потым акуратна засыпала яе грудком, уяўляючы, што хавае Моцю, свайго спадарожніка, – і паплакала. Яна была ўжо як звар’яцелая.
* * *
Віднела, і Дзіна высветліла, што сядзіць, пагойдваючыся, прама на дарозе, што леваруч платы, правулак, сметніца. Яна кінулася паўзком на сметніцу, занурылася ў смецце, накідала на сябе розных ануч, каробак, надзела на галаву драны кошык – «вярэйку», каб пад ім дыхаць.
Ляжала так, затаіўшыся. Аднойчы міма прайшлі немцы, спыніліся, закурылі.
Проста перад сабой, на краю гарода, яна ўбачыла два зялёных памідоры. Каб дастаць іх, трэба было падпаўзці. Вось толькі тут ёй захацелася піць, і пачаліся пакуты.
Яна старалася думаць пра што заўгодна, заплюшчвала вочы, пераконвала сябе, загадвала не думаць, але яе, як магнітам, гарнула ў бок памідораў. Яна не вылезла і праляжала да цямна.
Толькі ў поўнай цемры выбралася, намацала памідоры, з’ела і зноў папаўзла на жываце. Яна ўжо столькі напоўзалася, што, здаецца, развучылася хадзіць на нагах.
* * *
Паўзла доўга, правалілася ў акоп з калючым дротам, забывалася. Бліжэй да ранку ўбачыла хату, за ёй свіран, і рашыла забрацца ў гэты свіран. Ён не быў закрыты, аднак, ледзь яна ўлезла, на двары дзяўкнуў сабака. Забрахалі суседнія сабакі. Ёй падалося, што брахалі сотні сабак – так не патрэбен ёй быў гэты шум.
Выйшла заспаная гаспадыня, закрычала:
– Ціха, Рабко!
Яна зазірнула ў свіран і ўбачыла Дзіну. Выгляд у гаспадыні быў пахмурны, і, калі яна пачала пытацца, хто такая Дзіна ды чаму тут, Дзіна раптам стала маніць, што ідзе з копкі акопаў, здалёк, заблукала, вырашыла ў свіране заначаваць. Спытала дарогу да каменданта горада.
– А дэ ж ты була?
– У Білый Цэрквы.
– У Білый Цэрквы? І оцэ тут – дарога з Білай Цэрквы? Ну, ну…
Выгляд у Дзіны быў, вядома, ахавы: уся ў засохлай крыві, брудзе і пяску, туфлі згубіла яшчэ ў кар’еры, панчохі парваліся.
На шум выйшлі суседкі, патрохі абкружылі Дзіну, разглядалі. Гаспадыня паклікала сына, хлапца гадоў шаснаццаці:
– Ванько, іды прывады німця, мы ій зараз пакажам дарогу.
Дзіна стаяла і разумела, што яна не зможа пабегчы – сіл няма, і потым гэтыя бабы залямантуюць, спусцяць сабак. Гаспадыню яны называлі Лізаветай.
Немцы, відаць, былі блізка, таму што Ванько амаль адразу прывёў афіцэра.
– Ось, пан, юда!
Афіцэр агледзеў Дзіну, кіўнуў:
– Ком.
І пайшоў па сцежцы ўперад. Дзіна за ім. Ён нічога не казаў, толькі пазіраў, ці ідзе яна. Яна склала рукі на грудзі, сцялася, ёй стала холадна, балела правая рука – яна была ў крыві, балелі ногі – яны былі разбітыя.
* * *
Увайшлі ў аднапавярховы цагляны дом, дзе дзясяткі два салдат снедалі, пілі каву з алюмініевых кубкаў. Дзіна хацела сесці ў куце на стул, але афіцэр зароў – тады яна села на падлогу.
Неўзабаве немцы пачалі браць вінтоўкі і разыходзіцца. Застаўся толькі адзін салдат – днявальны. Ён хадзіў, прыбіраў, паказаў Дзіне на крэсла: садзіся, маўляў, нічога.
Яна перасела на крэсла. Салдат паглядзеў у акно і даў Дзіне анучу, паказваючы, каб яна працерла шыбы. Акно было вялікае, ледзь не на ўсю сцяну, у частых пераплётах, як на верандзе. І тут праз акно Дзіна ўбачыла, што поўзала яна вакол ды побач з Ярам і трапіла зноў у тое ж месца, адкуль уцякла.
Салдат ціха загаманіў. Дзіна яго разумела, але ён думаў, што яна не разумее, і з усіх сіл стараўся патлумачыць:
– Ты зразумей хоць трохі. Начальства сышло. Я даю табе анучу, каб ты ўцякла. Ты працірай акно і думай, куды ўцячы. Ды зразумей жа, думкопф, дурная галава!
Ён гаварыў спачувальна. Дзіна падумала, што гэта не падобна на правакацыю. Але яна была ў такім стане, што не верыла ўжо нічому. Дзеля ўсяго дзеля круціла галавой, робячы выгляд, што не разумее.
Салдат з адчаем сунуў ёй венік і паслаў падмятаць суседні домік, дзе не было ўвогуле нікога. Дзіна замітусілася, гатовая ўцякаць, але пачуўся шум і лямант.
З’явіліся афіцэр з Ваньком, сынам Лізаветы, яны вялі дзвюх дзяўчат гадоў па пятнаццаці-шаснаццаць.
Дзяўчынкі крычалі, рыдалі, кідаліся на зямлю і спрабавалі цалаваць боты афіцэра, малілі прымусіць іх рабіць усё, што заўгодна, спаць з імі, толькі не расстрэльваць.
Яны былі ў аднолькавых чысценькіх цёмных сукенках, з касічкамі.
– Мы з дзятдома! – крычалі яны. – Мы не ведаем, хто мы па нацыянальнасці! Нас прынеслі немаўлятамі!
Афіцэр глядзеў, як яны качаюцца, і адсоўваў ногі. Мовіў дзяўчатам і Дзіне ісці за ім.
* * *
Выйшлі на тую плошчу, дзе распраналі. Там па-ранейшаму валяліся кучы адзення, чаравікоў. За рэчамі, у старонцы, сядзелі трыццаць ці сорак дзядуль, бабуль і хворых. Пэўна, гэта былі рэшткі, вылаўленыя па кватэрах.
Адна старая ляжала спаралюшавана, загорнутая ў коўдру.
Дзіну і дзяўчынак пасадзілі да іх. Дзяўчынкі ціха плакалі.
Яны сядзелі пад нейкім уступам, а па ўступе праходжваўся туды-сюды вартавы з аўтаматам. Дзіна спадылба сачыла за ім, як ён то аддаляецца, то набліжаецца. Ён заўважыў, занерваваўся і раптам закрычаў шалёна, па-нямецку:
– Што ты сочыш? Не глядзі на мяне! Я ні-чо-га не магу табе зрабіць. У мяне таксама дзеці ёсць!
Да яе падсела дзяўчына ў гімнасцёрцы і шынелi – убачыла, што Дзіна дрыжыць ад холада, і прыкрыла яе шынелем. Яны ціха разгаварыліся. Дзяўчыну звалі Любай, ёй было дзевятнаццаць гадоў, яна служыла медсястрой і трапіла ў абкружэнне.
Пад’ехаў грузавік з савецкімі ваеннапалоннымі, ва ўсіх былі лапаты. Старыя ў жаху захваляваліся: няўжо будуць закопваць жыўцом? Але адзін з палонных паглядзеў здаля, сказаў:
– Вам пашанцавала.
Усіх сталі паднімаць і заганяць у кузаў гэтага ж грузавіка. Двое салдат паднялі старую ў коўдры і, як бервяно, сунулі ў кузаў, там яе падхапілі на рукі.
Кузаў быў адкрыты, з высокімі бартамі. Адзін немец сеў у кабіну, другі ў кузаў, і чацвёра паліцаяў размясціліся па бартах.
Кудысьці павезлі.
Цяжка было ўгледзець у гэтым нейкую знакамітую нямецкую логіку або паслядоўнасць: адных распраналі, другіх не, адных дабівалі, другіх пакідалі марудна паміраць, тых везлі сюды, гэтых адсюль…
Грузавік прыехаў на вуліцу Мельнікава, дзе была вялікая аўтагаспадарка. На прасторны двор выходзіла многа варот гаражоў і майстэрань. Адкрылі адны вароты – аказалася, што там набіта людзей як селядцоў, яны крычалі, задыхаліся – так і вываліліся з варот. Сярод іншых вывалілася старая і адразу ж пачала мачыцца пад дзвярыма. Немец закрычаў і стрэліў ёй у галаву з пісталета.
Паралюшаваную старую ў коўдры вынялі з кузава і ўсунулі ў гараж проста па галовах. З цяжкасцю, пад крыкі і віск, немцы паднапружыліся і зачынілі гэтыя вароты, укаціўшы туды і труп забітай, і пачалі заклапочана гаварыць між сабою, што няма месцаў.
Гэта сюды загналі на ноч натоўп з вуліцы, і менавіта тут людзі сядзелі па некалькі сутак, чакаючы чаргі на расстрэл.
Дзіна разумела нямецкую мову, слухала і меркавала: што ж далей?
Машына стала заднім ходам выязджаць з двара. Немец з кузава саскочыў, засталіся чацвёра паліцаяў: двое ля кабіны, двое ля бартоў, але яны селі не каля самога задняга борта, а бліжэй да сярэдзіны. Яны выглядалі стомленымі, але не злымі.
Дзіна і Люба пачалі згаворвацца: трэба скокнуць. Будуць страляць – няхай. Прынамсі будзе хуткая смерць, а не чаканне чаргі.
Паехалі шпарка. Люба прыкрыла Дзіну ад ветра шынелем. Пятлялі па вуліцах. Аказаліся на Шуляўцы, рухаліся кудысьці да Брэст-Літоўскай шашы.
Пакрытая шынелем, Дзіна перавалілася цераз задні борт і скокнула на вялікай хуткасці. Яна ўпала, разбілася ў кроў аб маставую, але з машыны яе не прыкмецілі. А можа быць, не захацелі прыкмеціць?
Яе абкружылі мінакі. Яна пачала мармытаць, што вось ехала, трэба было сысці ля базара, а шафёр не зразумеў, яна вырашыла скокнуць… Ёй і верылі і не верылі, але вакол яна бачыла чалавечыя вочы. Яе хутка адвялі ў двор.
Яшчэ праз паўгадзіны яна была ў жонкі свайго брата, полькі па нацыянальнасці. Усю ноч грэлі ваду і адмочвалі на яе целе кашулю, ўліплую ў раны.
* * *
Дз. М. Пронічава потым шмат разоў яшчэ была на мяжы гібелі, хавалася ў руінах, у Дарніцы, потым па сёлах пад імем Надзі Саўчанка. Яе дзяцей ўратавалі людзі, яна доўга шукала іх і знайшла ў самым канцы вайны. У 1946 г. яна была сведкай абвінавачвання на Кіеўскім працэсе аб фашысцкіх злачынствах на Украіне. Але з-за разгулу антысемітызму, які пачаўся неўзабаве, яна стала хаваць, што ўратавалася з Бабінага Яра, зноў прыхоўвала, што яна – яўрэйка, зноў ёй дапамагала прозвішча «Пронічава».
Яна вярнулася ў Кіеўскі тэатр лялек, дзе працуе і цяпер актрысай-лялькаводам. Мне каштавала вялізных намаганняў пераканаць яе распавесці, як ёй, адзінай (не зусім так: гл., напрыклад, артыкул 2011 г. – заўв. перакл.) з расстраляных у верасні 1941 г. 70000 яўрэяў, удалося ўратавацца, яна не верыла, што гэта можа быць апублікавана і што гэта каму-небудзь трэба. Яе расповед доўжыўся некалькі дзён і перапыняўся сардэчнымі прыпадкамі. Гэта было ў тым жа доме на вуліцы Вароўскага, адкуль яны сыходзіла ў Бабін Яр, у старой кватэры, што разбуралася. Толькі ў 1968 г. Дз. М. Пронічавай удалося выклапатаць маленькую кватэру ў новым доме, і яна прыслала мне пісьмо, дзе пісала, што пасля выхаду гэтай кнігі да яе прыходзіў адзін кіянін, які сказаў, што таксама ўратаваўся з Яра. Ён тады быў зусім дзіцём і вылез, як і Моця, яго схавала ўкраінская сям’я, ён прыняў іх прозвішча, у пашпарце ў яго стаіць «украінец», і ён ніколі нікому не расказваў, што ён з Бабінага Яра. Мяркуючы па дэталях, якія ён помніць, расповед яго праўдзівы. Але ён проста так пасядзеў, паўспамінаў – і сышоў, не назваўшы сябе.
Пераклаў з рускай В. Рубінчык паводле выдання: Кузнецов Анатолий. Бабий Яр. Москва: Захаров, 2011. С. 66–82.
* * *
Пра далейшы лёс Дзіны Пронічавай і яе дзяцей можна пачытаць тут. Яшчэ сведчанні пра Бабін Яр: http://babiy-yar.livejournal.com/1502.html

На фота – карціна «Бабін Яр» Іосіфа Кузькоўскага (1902–1970), ураджэнца беларускага Магілёва.
Апублiкавана 29.09.2016 20:25