В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (25)

Паехаў быў на Гарадзеншчыну, але з галавы не выходзіла гісторыя 8 кастрычніка ў гандлёвым цэнтры Мінска, дзе 17-цігадовы хлопец з бензапілой ды сякерай кінуўся на людзей. Следства, як і ў выпадку з выбухам у метро 2011 г., намякала на нематываваную агрэсію злачынцы. Да сучаснага свету многім насамрэч цяжка адаптавацца, і ў раннім папярэджанні ўнутраных збояў маглі б дапамагчы ўмелыя псіхолагі, а іх заўсягды не хапала.

Сядзеў і думаў: Беларусі нагвалт патрэбен самавіты Інстытут псіхалогіі, а не адна кафедра пры БДУ. А вось інстытутам журналістыкі (экс-журфак) лёгка можна ахвяраваць: гэта праект познесталінскага часу, калі ўсе газетчыкі лічыліся важнымі ідэалагічнымі работнікамі, таму іх і рыхтавалі ажно пяць гадоў. Прэстыж працы ў СМІ даўно падупаў, і на прыстойнага журналіста можна вывучыцца за год-два (я к таму, што курсаў падвышэння кваліфікацыі дастаткова). Усё роўна колькасць вучэбных гадзін, як даводзіць практыка, не пераходзіць у якасць… За многія гады корпання з АЭС так і не знайшоўся беларускі Гюнтэр Вальраф, які выкрыў бы гэтую заганную будоўлю знутры, – напрыклад, уладкаваўшыся туды на працу… Сумняюся, што знакаміты «разграбальнік бруду» вучыўся ў Інстытуце Журналістыкі Нямецкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Балюча і ад забойства паштальёнкі ў Петрыкаўскім раёне – у тым жа кастрычніку. Яшчэ сем гадоў таму, калі я пачынаў «кар’еру» на «Белпошце», хадзілі размовы пра тое, што паштальёны (якія за дзень, бывала, цягалі па сваіх участках эквівалент 3-4 тыс. USD – у асноўным дзеля выплаты пенсій у хатніх умовах) недастаткова абаронены ад нападаў. Прымітыўны газавы балончык не дапамог дзяўчыне ў крызісным 2016-м… З іншага боку, няпроста ўявіць, што міліцыянты/ахоўнікі пагодзяцца суправаджаць паштавікоў нават 2-3 дні ў месяц – хіба толькі сачыць здаля? Перавод грошай на картку таксама не выйсце, таму што бальшыня пенсіянераў, не здольных дайсці да пошты, не дабярэцца і да банкамата, а наяўныя грошы ў Беларусі – дагэтуль сіла…

Пра блізкаўсходняе. Нагадаю, яшчэ ў красавіку 2016 г. афіцыйная прадстаўніца Ізраіля вяшчала наконт новага пасла: «Кандыдатуры знаходзяцца на разглядзе ў МЗС Ізраіля. Прыбыццё плануецца на сярэдзіну – канец лета гэтага года». Зіма на носе, а пасла на даляглядзе няма. Абяцанкі-цацанкі… Відаць, «лава запасных» у ізраільскай міністэрыі дужа кароткая: мо зноў Зэева Бен-Ар’е прышлюць?.. Тады ён паставіў бы рэкорд па «вечным вяртанні»: узначальваў дыпмісію ў Беларусі ўжо двойчы (1997–1998, 2004–2008), дык чаму б не ўзначаліць і ў трэці раз «для роўнага ліку»? 🙂 У прынцыпе, гэта быў бы не найгоршы варыянт: сваю віну перад ізраільскай дзяржавай гэты блогер-пенсіянер, ганаровы сябар СБП і беларускага ПЭН-цэнтра ўжо выкупіў… Якім бы пан Зэеў ні быў, а цікавіўся беларускай мовай, памагаў выдаваць кнігі ў перакладзе з іўрыта на беларускую, з падачы свайго прыяцеля Уладзіміра Падгола пісаў дыктоўкі ў ТБМе.

* * *

Нарэшце ўважліва прачытаў працу пра цэнзуру ў паваеннай Беларусі, расхваленую доктарам гістарычных навук на «Свабодзе» ў студзені 2016 г. (тады адразу насцярожыла, што рэцэнзент знаходзіўся ў залежнасці ад аўтара…) Эх… Я спадзяваўся, што за гады, якія мінулі пасля выхаду зборніка «На ізраільскія тэмы» з яго крытычнымі стрэламі (Мінск, 2011), у ізраільскай беларусістыцы адбыліся істотныя змены да лепшага. Зважаючы на сёлетнія «праграмныя артыкулы» двух ізраільцаў у тутэйшым часопісе «Маладосць» ды нетутэйшым «Belarusian Review», а таксама на леташнюю кнігу «вядучага спецыяліста» па Беларусі, міжволі сумняешся…

Не трэба быць гісторыкам – дарэчы, прывет рэдактарам «Belarusian Review», я не гісторык і ніколі так сябе не менаваў – каб заўважыць элементарныя памылкі тыпу «Кастусь Каліноўскі, 1838–1863». У любым даведніку ёсць год смерці Каліноўскага: 1864. Бедны Джордж Оруэл – ён і не ведаў, што праз дзесяцігоддзі яму прыпішуць «афарызм» з «1984»: «Праўда – гэта мана, а мана – гэта праўда» (с. 337; паводле такога ж прынцыпу Сіняўскаму і Даніэлю на судзе 1966 г. «клеілі» цытаты з іх іранічных твораў). Цікавае «адкрыццё» – у паваенным СССР астракізму былі паддадзены «ядзерная фізіка» і «біялогія» (с. 18; здаецца, аўтар не бачыць розніцы паміж цкаваннем асобных навукоўцаў і забаронай навуковай дысцыпліны). Ці во «перл»: «У 1948 г. Савецкі Саюз падпісаў Сусветную дэкларацыю правоў чалавека, якая ўстанавіла найстражэйшую забарону на перлюстрацыю прыватнай перапіскі» (с. 79). І не падпісаў у 1948 г. (устрымаўся), і не было там «найстражэйшай» забароны (дэкларацыя па вызначэнні не можа нічога забараняць)…

Часам увогуле падавалася пры чытанні, што кнігу «Цензура в БССР: послевоенные годы, 1944-1956» стваралі мінімум двое розных аўтараў. Адзін трактуе цэнзуру ў метафізічным сэнсе – другі «зацыклівае» яе на дзяржаўных установах. Адзін настойвае на ўсемагутнасці Галоўліта, які нібыта знаходзіўся на версе піраміды кантролю (с. 239), другі адзначае: «на многія пісьмы Галоўліта партыйныя і савецкія арганізацыі не адказвалі» (с. 46), распавядае пра зацяжны канфлікт названага ведамства з Галоўрэперткомам (с. 190; «нярэдка адна інстанцыя нешта забараняла, а другая – дазваляла, і наадварот»). Адзін шукае ў калег «суб’ектывізм і выкрывальніцкі пафас» (с. 22) і запэўнівае, што «зніжаў эмацыйны фон» (с. 10), другі дазваляе сабе выразы кшталту: «дзяржава нічога не зрабіла, каб абараніць цэлы народ ад знішчэння» (с. 144, гамана пра СССР і яўрэяў у вайну – так-такі «нічога»?!). Ці во «аб’ектыўны» тэзіс пра савецкую дзяржаву: «паводле ўнутраных рэсурсаў не мела сабе роўных і магла дапусціць працяглую самаізаляцыю ад сусветнай супольнасці (1921–1991)».

На с. 251 нас вучаць, што пасля 1953 г. Сталін быў адлучаны ад савецкай гісторыі, а ўжо на с. 269 змешчана слушная канстатацыя пра СССР-1956: «па-ранейшаму сцвярджалася, што ўся дзейнасць Сталіна была звязана з вялікімі сацыялістычнымі пераўтварэннямі, а яго імя неаддзельнае ад марксізму-ленінізму». І г. д. Нават такая «драбяза»: у адным месцы гаворыцца пра звальненне Дадзіёмавай з пасады начальніцы Галоўлітбела БССР 29 ліпеня 1950 г. (с. 70), у іншых – пра тое, што яна была начальніцай у 19441951 гг… (с. 11, 329, 365; у апошніх двух выпадках тэрмін яе кіраўніцтва наагул «расцягнуты» ад чэрвеня 1943 г. да красавіка 1951 г.).

Дарэчы, Фаіна Дадзіёмава выглядае ў кнізе «эфектыўным менеджарам» (С) і хутчэй ахвярай, чым нягодніцай. Дзіва што: аўтар зносіўся з яе ўнучкай, якая «адказала на шматлікія пытанні і прадаставіла рэдкія здымкі з сямейнага архіва». Падкрэсліваецца, што прэтэнзіі да Ф. Д. выказваліся «зверху» яшчэ ў 1948 г. («не праяўляе дастатковага клопату пра вылучэнне і падрыхтоўку цэнзарскіх кадраў з карэннага беларускага насельніцтва»), што ў 1950 г. яна пацярпела ад даносу або нават ад канфлікту з міністрам дзяржбяспекі БССР Цанавай. Аднак чамусьці мне гэтую ўраджэнку Веткі, якая паспяхова дажыла да агоніі Савецкага Саюза (19061991), не шкада… Мо таму, што чытаў меркаванне сапраўднага пакутніка сталінскага часу, пісьменніка Кузьмы Чорнага (пра дзённік Чорнага аўтар кнігі не ведаў або зрабіў выгляд, што не ведаў; між тым дакумент 1944 г. быў апублікаваны яшчэ ў мінулым стагоддзі). Класік беларускага пісьменства, ні разу не антысеміт, процістаўляў Дадзіёмаву «няшчаснаму і міламу» Уры Фінкелю:

Гэта хітрая і спекулянцістая местачковая жыдоўка, якая дасягнула немалое пасады ў рэспубліцы. Яна сябра партыі. Але яна плюе на ўсё. У партыйнасці яна бачыць не ідэю, а і кар’еру. У іншых умовах яна ўладала б мануфактурным магазінам. Яна некультурная і нават непісьменная (па-беларуску яна чытае дрэнна і зусім не ўмее пісаць). Яна адцуралася свае нацыянальнае жыдоўскае культуры і асіміліравалася. Куды? Вядома, як і кожны паразіт, яна ішла на гатовае. Працэс асіміляцыі ішоў у гатовую ўжо вялікую расейскую культуру. Але яе прырода не дазваляе так адразу асімілявацца. Яна гаворыць па-расейску так, што трэба смяяцца… Яна выраклася жыдоўскай культуры, імкнецца і не дайшла да расейскай і стараецца мець высокую пасаду пры беларускай. Навадняючы беларускія ўстановы, Дадзіёмава выгнала з іх беларускую мову. А цяпер, бачачы, што як бы дзьме беларускі вецер, яна, цэнзар, калечыць сваім алавіком мову беларускай літаратуры, думаючы гэтым паказаць начальству, што яна і ведае беларускую мову і займаецца ёю. Начальства гэтае (скажам, Гарбунова) лёгка ашукаць, бо яно само беларускае мовы не ведае і ніколі блізка ля яе не ходзіць.

Хто ведае, колькі юдафобаў актывізавалася ў Беларусі праз такіх во «цёць Фень»?

Рукі цягнуцца спісаць чарговы опус савецка-ізраільскага кандыдата навук у разрад «мядзіншчыны» (прозвішча міністра культуры РФ робіцца ўжо хадзячым). Аднак, дзеля справядлівасці, томік, выдадзены ў Іерусаліме-2015, сведчыць пра тое, што на яго было затрачана багата сіл. Рэдкія фота, выпіскі з архіўных дакументаў – сыравіна для далейшых доследаў… Можна даведацца, напрыклад, што ў БССР на пачатку 1950-х даход старшыны міліцыі быў вышэйшы, чым заробак начальніка аддзела цэнзурнага ведамства. Ці пра тое, што тэкстоўка для песні пад канец 1940-х каштавала 300 руб., а рэпрыза для канферансу – усе 400. Ці – «выява аголенага жаночага [цела] да пояса лічылася эротыкай, а ніжэй – парнаграфіяй» (с. 245; праўда, крыніцы такой каштоўнай інфы не разгалошваюцца). Карацей, чытаць можна, калі асцярожна… У той жа час крыўда бярэ: няўжо не могуць ізраільцы папрацаваць з беларускім мінулым хаця б на роўні палякаў? Кніга Л. Смілавіцкага розніцца, напрыклад, ад кнігі Я. Шумскага пра аналагічны перыяд «Саветызацыя Заходняй Беларусі (1944–1953 г.)» – дзе таксама ёсць раздзельчык пра цэнзуру! – як зямля ад неба.

censura_vokl shumski1

Раздзелы «Саветызацыі…» ахопліваюць палітычную сітуацыю, змены ў сацыяльнай структуры, пытанні ідэалогіі, асветы і прапаганды ў заходніх абласцях БССР. Пра лёс яўрэяў таксама нямала сказана ў кнізе, хоць аўтар сціпла падкрэслівае, што «свядома адмовіўся ад разгляду праблемы прысутнасці або, дакладней кажучы, непрысутнасці яўрэяў на тэрыторыі Заходняй Беларусі… колькасць ацалелых мясцовых яўрэяў у заходніх абласцях была мізэрнай». Польскі даследчык здолеў «прапусціць праз сябе» масу дакументаў і людскіх сведчанняў, стварыўшы ўцямны, лагічна пабудаваны тэкст, у якім факты не грувасцяцца, а выстройваюцца ў канцэпцыю: з ёй не паўсюль і пагаджаешся, але паважаеш аўтарскі погляд. Другое выданне працы Шумскага ў перакладзе на беларускую Наталлі Давыдоўскай (Смаленск: Інбелкульт, 2014, 326 с.) даступнае праз arche.by – рэкамендую аматарам карыснага чытва, асабліва тым, хто з Гарадзеншчыны… 🙂

І яшчэ адно «кальцо» ў гэтай серыі. Калі рэдактары беларускіх СМІ не замаўляюць расследаванні, то месца апошніх, натуральна, займае «лёгкі жанр». Што да грамадскіх праблем – адны пішуць, а іншым даводзіцца чытаць пра арфаграфічныя памылкі на розных таблічках. Часам заўвагі слушныя, як тут, часам надуманыя (па-беларуску можна казаць і «да сябе», і «к сабе»). Let it be, зраблю і я свой уклад…

shuchyn

Мінск, 30.10.2016.

На Галоўным Чыгуначным Вакзале ёсць Зала Чакання, а на ўваходзе ў Залу стаіць неапазнаны творчы аб’ект з гербамі райцэнтраў Беларусі і подпісамі (гіпс або гліна…). Памылачак-та няшмат, ды Шчучыну не пашэнціла – перарабілі ў «Шучын». Да таго ж там «Карэлічы» з «е» замест «э»; да іх, аднак, мой фотаапарат не дацягнуўся.

Вольф Рубінчык,

Шчучын-Мінск, 06.11.2016.

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 7.11.2016  16:38

Leave a Reply