Tag Archives: Адольфас Раманаускас (Ванагас)

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (94)

Шалом ханукальны i дыяганальны (чытачы й чытачкі, прызнайцеся самі сабе – многія серыі вы чытаеце «па дыяганалі», калі ўвогуле дачытваеце… :))

Цягам наступных двух дзён яшчэ можна замовіць – бясплатна і без рэгістрацыі – поўны тэкст паэмы Тодара Кляшторнага «У дарозе» (1927), анансаваны ў мінулай серыі. Ці нікому тут не патрэбна «(Не)расстраляная паэзія»? Пакуль суд ды справа, дзяржыце відарысы аўтара паэмы:

Фрагмент выставы, зладжанай у музеі гісторыі беларускай літаратуры, 29.10.2018; шарж на Т. Кляшторнага аўтарства «Дэвэбэкі» (Цфаніі Кіпніса), 1932 г.

* * *

Год таму згадваў я пра мінскае выдавецтва пад дахам мінадукацыі, якое падбірае рознае г… – выдала нятленку пра клапатлівага дзядулю Цанаву, etc. Не так даўно «АіВ» улезла ў чарговы скандал: «скамуніздзіла» ў сеціве карцінку з групай усмешлівых людзей, змясціла яе на вокладцы падручніка па грамадазнаўстве, пакінуўшы белых і выдаліўшы неграў ды мулатку. Цяпер «талерантныя» квазінацыкі круцяцца, як уюны на патэльні, валяць усё на мастачку. Я ж прыпомніў, як у гэтай установе (меў няшчасце працаваць там у 2003 г.) В-к, цётка на адказнай пасадзе, крывілася ад візіцёра, майстра з наступствамі ДЦП, які прыдыбаў да мяне па шахматных справах. Калі ён сышоў, у размове з каляжанкай зычыла інваліду не нарадзіцца… Думаў – выпадковасць, а цяпер усё стала на месцы.

Увосень 2003 г. «добрыя людзі» знішчылі частку накладу «свайго» часопіса «Шахматы» № 1, а ўвесну 2004 г. намагаліся «утилизировать» і № 1 майго прыватнага выдання «Шахматы-плюс». Чаму? Спытайцеся ў іх.

Во яшчэ шэдэўр ад «АіВ» – «дзіцячая» кніжуля 2010 г. Пранюхаў важны літоўскі дзядзька ў канцы 2000-х, што тутэйшыя прыкарытнікі плацяць за піяр будоўлі АЭС, і хуценька сфастрыгаваў, а «адукатары» выдалі:

Я. Лаўцюс і яго персанажы. Галоўнае – не пераблытаць, хто дзе (фоты з lzs.lt, livelib.ru)

Лухта сыплецца з першых старонак. Акадэмік Міхалевіч у прадмове кажа: «Я очень рад, что Яронимас Лауцюс уже стал известен белорусскому читателю и принят в Союз белорусских писателей». Ды ніколі Лаўцюс не быў у нашай арганізацыі, СБП – у 2009 г. ён уступіў у чаргінцоўскі афіцыёз, «Саюз пісьменнікаў Беларусі», і дагэтуль прыпісаны да мінскай суполкі СПБ. У яго і стыль характэрны – Атам Мендзелеевіч Уран распрагае дзіцёнку, што «и ученым, и специалистам» (?!) трэ’ было «ответить на ряд непростых вопросов, чтобы твердо, вместе с Правительством и народом, сказать: делаем последний шаг – надо строить свою атомную электростанцию». Нават калі абстрагавацца ад таго, што «народ» нічога такога не казаў (я прапусціў усебеларускі рэферэндум пра будоўлю?), слова «последний» у кантэксце гучыць… амбівалентна.

Плюс ад знаёмства з брашурай ад «АіВ» быў у тым, што яна нагадала: у 2010 г. 1-ю чаргу БелАЭС планавалі запусціць у 2016 г., 2-ю – у 2018 г. На носе 2019-ы, а шчэ й да запуску першай далекавата. Мо’ в. а. цара, нарэшце, кіне дурную цацку, і спецыялісты, што не ведаюць, куды дзяваць збыткоўную энергію, што мае вырабляцца ў РБ пасля запуску АЭС, уздыхнуць з палёгкай?

Дарэчы, у некаторых слабавата з выкананнем абяцанак & планаў i ў менш складаных праектах. Сайт promise.by слушна змяшчае ў рубрыку «не выканана» заяву ад 14.06.2017: «Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу ўвесці ў строй другую ўзлётна-пасадачную паласу ў аэрапорце Мінск да 7 лістапада 2018 года». Думаю, зрыў жэстачайшага даручэння тлумачыцца чатырма прычынамі, гатовы нават іх пералічыць: зіма, вясна, лета й восень. Яшчэ 28.04.2018 «гаваркая галава» Кастрычніцкага раёна г. Мінска абяшчала, што 7 лістапада паласа будзе-такі адкрыта. Але ў кастрычніку г. г. міністр транспарту і камунікацый Сівак перанёс пуск на пачатак 2019 года – «нам патрэбны час для сертыфікацыі, наладкі». У канцы лістапада міністр перасеў у фатэль старшыні Мінгарвыканкама – новаму, пэўна, спатрэбіцца дадатковы годзік для адаптацыі і выдачы неабходных дазволаў? 🙂

…Беларускія інтэрнэт-рэсурсы па-рознаму рэагуюць на новаўвядзенне міністэрства інфармацыі – абавязковую ідэнтыфікацыю каментатараў праз мабільны тэлефон з 01.12.2018. Нехта ўвогуле адмовіўся ад функцыі каментавання на сайце (газета «Новы час»), хтось падпарадкаваўся і спрабуе «выціснуць з лімону ліманад»… або зляпіць цукерку з вядомай субстанцыі. Так, рэдакцыя «НН» адключыла каменты і абяцала падключыць іх паводле новых правілаў цягам дня; калі ж «не шмагла», то ўвечары 2 снежня пачала апраўдвацца і падлабуньвацца да чытачоў. Прыдумала клуб адзінокіх сэрцаў «Нашай Нівы», каб спрыяў развіццю. Справа, можа, і памысная, ды ў падмурку яе легла мана: «Мы так і так не публікавалі і не будзем публікаваць каментаў, якія парушаюць нормаў законаў і прыстойнасці» (03.12.2018). Oh really? За апошнія месяцы, праглядаючы матэрыялы пра Л. Зайдэса, А. Ізраілевіча, Р. Абрамовіча і яго жонку, я бачыў масу зласлівых і абразлівых каментаў – на грані юдафобіі або за гранню – ахвотна публікаваных рэдакцыяй. Ну, хіба што ў «НН» уласнае вызначэнне «прыстойнасці». ¯\_(ツ)_/¯

Да кучы – рэакцыя на пераказ інтэрв’ю Л. Смілавіцкага. Фэйкавы «доктар гістарычных навук» і «прафесар» (насамрэч – кандыдат і дацэнт, у Ізраілі – «Associated Professor»), які настойвае, што ёсць вапіюшчая розніца паміж нацысцкім тэрорам супраць беларусаў і антыяўрэйскім генацыдам, даўно не выклікае ў мяне сімпатыі, але «дыскусія» з ім каментатараў «НН» у канцы кастрычніка г. г. – проста чмур. Толькі пара прыкладаў: «Цікава, як у Ізраіле, за іхнія грошы, гучаць званы Хатыні, Дальвы і інш. Ён хоча, каб мы забыліся на ўласную трагедыю і стагналі толькі пра Халакост! Гэта перш-наперш яўрэйская праблема і нехай ёй займаюцца за ўласныя грошы, а не за кошт бюджэту [іншых]. Ізноў – яўрэйскія штучкі!!!» (24.10.2018, +55-9) «Всё комисарско-чекистское кубло было из них» (+47-6). Прыстойна?! З другога боку, не маю юрыдычных прэтэнзій ані да тых ляпалаў, ані да «НН»… Не маё гэта – для абароны ад сабакі зваць ваўка.

Пра ўзровень «інстанцый» нямала гаворыць спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў», даступны на сайце міністэрства інфармацыі РБ. У прынцыпе, я не супраць падобных спісаў – ясна, што ў век інтэрнэту яны слаба дзейнічаюць, але грамадствы мусяць неяк бараніць сябе ад асабліва небяспечных ідэй ды іхніх носьбітаў… Ды тутака «экстрэмізмам» кляймуецца ўсё без разбору: і запіс канцэрта «Салідарныя зь Беларусьсю» ў Варшаве 12.03.2006, і мусульманскія (ісламісцкія?) працы, і «монета, из метала белого цвета, диаметром 25 мм. времен III рейха датированная 1938 годом», прадстаўленая ў спісе як «інфармацыйная прадукцыя» (!). У выніку, напрыклад, гітлераўская «Майн кампф» губляецца на фоне драбязы і бяскрыўдных прадметаў, змест яе перастае палохаць – можа, на тое ўсё і было разлічана (гл. вышэй пра квазінацыкаў)? Так ці іначай, мне прыкра, што тутэйшыя суды з падачы следчых органаў штампуюць паперкі пра экстрэмізм – без удзелу экспертаў або з гэткімі «эксперткамі», як у справе «Рэгнума». А бывае, што міліцыянтам і суды здаюцца лішнімі.

Яшчэ адзін матэрыял, прызнаны тутэйшымі «экстрэмісцкім», але даступны ў сеціве: глава з кнігі Дэвіда Д’юка «Еврейский вопрос глазами американца» (2001). Заакіянскі фрык тамака даказвае, што лік ахвяр Катастрофы ў свеце перабольшаны – хай шчыруе. Для мяне істотна тое, што кажуць тутэйшыя гісторыкі, педагогі ды палітыкі… Што кур’ёзна, кніга, крамольная з гледзішча суда Цэнтральнага раёна г. Мінска (рашэнне ўступіла ў сілу 27.05.2016), вольна чытаецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Гартаў яе гадоў 15 таму – атабарыўся Д’юк і ў новым будынку, хіба таму, што славуты ромбакубаактаэдр знаходзіцца па-за межамі Цэнтральнага раёна 😉

Фота 28.11.2018

У Нацыянальную пераважна завітваюць чытачы з ужо сфармаванымі поглядамі, таму вялікай бяспекі ад тэндэнцыйных падборак няма. Я супраць таго, каб кнігі Д’юка выдаляліся з агульнага сховішча, а тым болей ішлі на макулатуру, спальваліся і г. д. Іншая рэч, адміністрацыя бібліятэкі магла б надалей замаўляць менш падобнай прадукцыі. Зараз у каталогу НБ густавата фрыкаўскіх кніг – Буроўскага, з расійскай серыі «Иго иудейское» і г. д. Каб жа гэдак імпэтна прывозілі сюды сапраўдную навуковую літаратуру і/або навінкі мастацкай…

Пакуль што не бачыў у «галоўнай бібліятэцы краіны» opus magnum Руты Ванагайтэ ў перакладзе на рускую: «Свои» (Масква, 2018). У «Народнай волі» кнігу – і ўсю дзейнасць «худзенькай жанчыны» – надоечы піярыў Сямён Б-н. Дзіўна, як людзі прымудраюцца вычытваць тое, што ім блізка, ды іншых уводзяць у зман. Калумніст-філолаг сцвярджаў, што кніга выклікала шок у грамадстве, i… «Не хто-небудзь, а сам Вітаўтас Ландсбергіс параіў пісьменніцы пайсці ў лес, дзе растуць асіны, памаліцца і асудзіць сябе, г. зн. павесіцца. Віленскае выдавецтва, якое выпусціла кнігу, разарвала з Ванагайтэ кантракт». А потым, маўляў, была аддушына – светлая сустрэча ў Мінску (02.03.2017). Моцна заяўлена – толькі не збаяліся літоўцы «Сваіх», кнігу, што выйшла ў студзені 2016 г., так, як намаляваў газетчык. І рэзкая рэпліка Ландсбергіса (усё ж без закліку да самагубства), і разрыў адносін з выдавецтвам мелі месца значна пазней, у канцы 2017 г., калі Р. Ванагайтэ беспадстаўна атакавала «культавага» змагара з саветамі А. Раманаўскаса (1918–1957), абвясціўшы яго здрайцам. Потым прасіла прабачэння, але асадачак… Ну і г. д.

А «Сваіх» на паперы я-такі прачытаў дзякуючы Юрыю Тэперу (дарэчы, пару тыдняў таму яго выбралі найлепшым бібліятэкарам беларускага педуніверсітэта і ўручылі ганаровую грамату). Ёсць і электронная версія перакладу кнігі з літоўскай.

Пасля твораў Гірша Смоляра пра Мінскае гета, кузняцоўскага «Бабінага Яру», расповедаў Шымона Грынгаўза і інш. мяне ўжо няпроста шакаваць, і я не схільны да скрушных разваг пра тое, што «кожны хоча выглядаць ахвярай, ніхто не хоча выглядаць катам». Замнога ў Літве-1941 выявілася забойцаў? Суседзі забівалі суседзяў? Тое, што налёт культуры ў «сярэдняга чалавека» лёгка знікае ў экстрэмальных абставінах, ведаў і раней. Літоўскую ж трагедыю рэзюмаваў у 1970-х наш зямляк Эфраім Севела («Моня Цацкес – сцяганосец»):

Ксяндза Пяткявічуса адпраўляў у Сібір міліцыянт Кац… Кац запаліў таемную нянавісць у душы кожнага каталіка, і рэб Мойшэ тады зразумеў, што гэтая нікчэмнасць наклікала на яўрэяў мястэчка вялікую бяду. Ён сказаў пра гэта ў сінагозе і паўтарыў самому Кацу на допыце.

Рэб Мойшэ як у ваду глядзеў. Немцам нават рук пэцкаць не давялося. Як толькі мястэчка было занятае германскімі войскамі, мясцовыя жыхары тут жа выразалі ўсіх яўрэяў.

* * *

У сярэдзіне 2010-х гг. «ворагі» Рута Ванагайтэ і Эфраім Зураф зафіксавалі малавядомыя факты, прыцягнулі ўвагу да тэмаў Катастрофы і захавання помнікаў – дзякуй ім. Але шмат у іхняй кнізе спрэчнага, асабліва ў поглядзе на Беларусь… Ну, гэта асобная гаворка. Абмяжуюся адной заўвагай: не «Свиловичи» яны наведалі, а Смілавічы.

Куток самарэкламы. У лістападзе ўбачыў свет мой зборнік «Выбраныя катлеты і мухі» – 136 старонак, 112 экз. У кнізе – амаль 40 тэкстаў 2015–2018 гг., з тлумачэннямі ды іменным паказнікам (звыш 500 пунктаў – адшукайце сябе!)

 

Ля ст. метро «Пушкінская». С. Прытыцкі & В. Рубінчык прэзентуюць…

Каго мала цікавяць фельетоннага тыпу допісы, набудзьце дзеля вокладкі. Яе афармляў знаны мастак, мінчук Андрэй Дубінін, які цяпер працуе ў Італіі.

«Вольфаў цытатнік»

«Толькi той на свеце шчаслiвы, / Хто узiмку жыве, як вясной!» (Юрка Лявонны, 1927)

«Супраць людаедаў у гэты бязбожны век вынайдзены анестэзіруючы сродак: з людаедамі — трэба гандляваць. Такі сённяшні бугарок нашай мудрасці» (Аляксандр Салжаніцын, 1983)

«Сарафаннае радыё – самы дзейсны і надзейны сродак масавай інфармацыі, а рэклама праз яго працуе на тысячу адсоткаў» (Юлія Шарова, «Вяртанне Ліліт», 2018)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

05.12.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

 

Рэдакцыя belisrael не заўсёды падзяляе погляды аўтара

Апублікавана 05.12.2018 18:13