Tag Archives: памятные даты

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (91)

Усім шалом! На шляху да сотай серыі па-ранейшаму пазначаю балявыя кропкі, а хто будзе іх купіраваць – іншая рэч. «Батанік не павінен палоць пустазелле. Ён вылічыць тэмпы росту апошняга, дый годзе» ((С) Сірыл Паркінсан).

Планета ўсё больш засмечваецца пластыкам ды інфармацыйным шумам, прычым невядома, што горай. Пастаянныя чытачы-гледачы серыяла ў курсе: нам тутака трывожна за стан навукі, у Беларусі і не толькі. Сам я шмат у чым дылетант, але дылетантызму не палюбляю. Як казаў ільфапятроўскі тав. Бендэр: «Нам хуліганаў не трэба, мы самі хуліганы».

Прынцып ваяўнічага дылетанта («чым менш кампетэнтны чалавек у якім-небудзь пытанні, тым мацней ён схільны перабольшваць свае веды»), аказваецца, ужо ўпісаны ў навуковую тэрміналогію пад назовам «эфект Данінга-Кругера». Запомнім 🙂

Былы мой прыяцель М., які з Беларусі перабраўся ў Чэхію, дзе будаваў уласны бізнэс, а калі там запахла смаленым – уцёк у расійскую глыбінку, гадоў 10 таму абараніў у Мінску дысертацыю на званне кандыдата фізіка-матэматычных навук. Няйначай мяркуе, што гэта робіць яго кампетэнтным у гісторыі ды палітыцы, бо надоечы публічна заявіў: «Прыдумаў тэрмін хрушчоўскія рэпрэсіі». Спрабуе падладзіцца пад трэнд у сучаснай РФ (Сталін – «эфектыўны менеджар», а тэрорам супраць народу займаліся ягоныя баяры несамавітыя паплечнікі + недабітыя трацкісты). 🙁

М., хоць ён і актыўны ў засталінска-запуцінскай секце, утворанай на Урале, чалавек не дужа публічны, і шкоды ад яго «адкрыццяў» вобмаль. Горш, калі з разумным выглядам вяшчаюць лухту «спецыялісты», уладальнікі адпаведных тэме навуковых ступеняў. От узяць Андрэя Буроўскага, сааўтара Міхаіла Велера па кнізе «Грамадзянская гісторыя вар’яцкай вайны». У ХХІ ст. прафесійнага археолага, які знаўся на палеаліце, пацягнула на яўрэйскія тэмы… Вынікам стаў тузін кніг – часцяком добра аформленых, з немалымі накладамі, але прымітыўных паводле зместу.

Тут ізраілец Рыгор Ніскераў разбірае адну з кніг Буроўскага – двухтомнік «Яўрэі, якіх не было» (2004). Разумным дастаткова спасылкі ды колькіх першых абзацаў. І ўсё ж працытую з’едлівы фрагмент, які выклікаў у мяне замілаванне… Мо таму, што і сам сутыкаўся з прэзентацыяй класіка яўрэйскай літаратуры пад нікам «Sfojrym» або «Mendele Sfojrym»:

Хто-небудзь чуў пра яўрэйскага пісьменніка, якога звалі б «Сфорым»? – Буроўскі такога ведае. Тады як іншым, хто цікавіцца яўрэйскай літаратурай, вядомы пісьменнік Мендэле Мойхер-Сфорым. Гэта псеўданім Шолам-Якава Абрамовіча, які значыць «Мендэль Кніганоша». А слова «сфорым» значыць «кнігі».

Скажам, рускі пісьменнік і філолаг У. І. Даль публікаваў апавяданні пад псеўданімам «Казак Луганскі». Ці можна было б яго згадаць, назваўшы «пісьменнік Казак» або «пісьменнік Луганскі»? Наўрад ці хто з чытачоў зразумеў бы, пра каго ідзе гаворка.

А гэта – абзацы з «падарункавага» фаліянта Буроўскага 2014 г. Поўны абзац фініш…

Цікава, што такога кшталту «даследчыкі», як заўважыў і Ніскераў, любяць адважваць выдуманаму імі яўрэйству кампліменты, часам празмерныя. Карэктныя адносіны з канкрэтнымі яўрэямі падтрымліваць куды цяжэй.

* * *

На маю прапанову пайсці ў заклад адносна будучыні Беларусі да снежня 2020 г., выстаўленую тут, пакуль што ніхто не адгукнуўся (ну, ёсць яшчэ 20 дзён…) Адсутнасць рэакцыі ўскосна пацвярджае, што пагроза аншлюсу для Сінявокай перабольшана. Не тое каб мы былі такія згуртаваныя, як Фінляндыя ўвосень 1939 г. – бадай, і дзясятай долі той салідарнасці няма ў цяперашняй Беларусі. Проста няможна недаацэньваць сілу інэрцыі… асабліва сярод усходніх суседзяў. Бальшыня абывацеляў без павагі ставіцца да беларускай незалежнасці, аднак ліквідаваць апошнюю?.. Фанатаў «трыадзінай рускай дзяржавы», гатовых «укласціся» ў яе, не так-то багата.

Расійскае – расійцам, а тэндэнцыі тут і цяпер не вельмі цешаць. Як заўважаў яшчэ ўлетку на прыкладзе з Грышам Абрамовічам і яго жонкай, «першая беларуская газета» падкормлівае ксенафобію. Не таму, што ў ёй заўзятыя антысеміты – наколькі я ведаю рэдактараў «НН», забабонаў у іх няма – а таму, што гэта выгадна. Падрасла «нацыянальная буржуазія», якой карціць самасцвярджацца за кошт меншасцей, таму і робяцца аб’ектамі падвышанай увагі то Зісер, то Зайдэс, то Ізраілевіч… Пры ўсёй непавазе да апошняга – непрыемныя мне многія ўчынкі гэтага супляменнічка – цяжка было не прыкмеціць, што з Аркадзя цягам лета-восені асобныя СМІ ляпілі «казла адпушчэння». Чытачы ж ахвотна падхоплівалі «наезды», і цяпер, калі лёс А. Ізраілевіча цьмяны (паводле адной з версій, ён быў затрыманы «органамі» пад канец кастрычніка), на «НН» назіраецца проста вакханалія зласлівасці.

Першыя каменты пад навіной ад 31.10.2018 «Крыніцы: За спробу даць хабар затрыманы Аркадзь Ізраілевіч». Па стане на 04.11.2018.

Часам сайт «НН» выдае за адно галасаванне не адзін, а некалькі «плюсікаў», але, так ці іначай, колькасць зласліўцаў нашмат перавышае колькасць цвярозадумцаў. Падобнае «ату яго!» назіралася і на форуме tut.by, дарма што ў меншых маштабах. Вядома, не ўсё тлумачыцца юдафобіяй, аднак і яе скідваць з рахункаў наўрад ці магчыма. Што даказвае рэакцыя чытачоў nn.by на жудаснае забойства наведвальнікаў сінагогі ў Пітсбургу (штат Пенсільванія, ЗША):

Першыя каменты пад навіной ад 27.10.2018 «У Пітсбургу ў сінагозе стралок забіў восем чалавек, а потым здаўся паліцыі». Па стане на 05.11.2018.

Вяртаючыся да Ізраілевіча: прага звядзення рахункаў чужымі (і нячыстымі) рукамі ў першыя дні лістапада выявілася настолькі моцнай, што з галоў рэп энтузіястаў знікла «справа “рэгнумаўцаў”» і яе скуткі… Калі ў канцы 2016 г. тутэйшыя «органы» затрымалі траіх публіцыстаў, то вялікая частка «апанентаў рэжыму» таксама цешылася і вітала рашэнне ўладаў. Высмейваючы тых, хто нагадваў, напрыклад, славутае выслоўе пастара Німёлера («Калі прыйшлі па камуністаў…»). Між тым ужо ўвесну 2017 г. спецслужбы прайшліся і па «нашых», а менавіта па беларускіх нацыяналістах, з «Белага легіёна» і не толькі.

Лінейнасць мыслення адчуваецца таксама ў тых, хто вітае прыход да ўлады ў Бразіліі (ключавая краіна Паўднёвай Амерыкі, на хвілінку) правага папуліста імем Жаір. Такой бяды, што ён параўноўвае апанентаў з жывёламі ды абяцае вытурыць іх з радзімы – абы адкрыў пасольства ў Іерусаліме! Здаецца мне, ад «праіерусалімскага» кроку трампоіднага бразільца Ізраілю будзе больш шкоды, ніж карысці, бо ён потым навыпрошвае сабе льгот і прывілегій, быццам той Чаўшэску… Хацеў бы я памыліцца.

А тым часам… Бюлетэнь «Слонімскі край» не адмаўляецца ад яўрэйскіх тэм. Гэтыя матэрыялы былі змешчаны ў № 32 (кастрычнік 2018)

Папраўдзе, перадрукі з БелТА цікавяць, як леташні снег; больш радасна было даведацца пра існаванне ў даваенным Слоніме папулярнай фотамайстэрні Барыса Вайнштэйна.

Яшчэ больш грэе нарыс «Протаіерэй Васіль Цітовіч», прысланы жлобінскім краязнаўцам Міколам Шуканавым. Падам урывачак у перакладзе з рускай: «Айцец Васіль карыстаўся вялікай павагай у царкоўнага начальства, меў аўтарытэт сярод прыхаджанаў… Яго паважалі не толькі праваслаўныя жыхары Жлобіна, а і мясцовыя яўрэі, якіх ён уратаваў ад пагрому ў неспакойным 1905 г. У самы крытычны момант святар, выявіўшы мужнасць, з крыжам у руках выйшаў насустрач апантанаму натоўпу, які з крыкам несся міма храма ў бок Карпілаўкі – мясцовай яўрэйскай слабады, і спыніў яго».

Цікавыя навіны трапляюцца і на сайце БФШ – арганізацыі, ад якой пасля вядомых падзей міжволі чакаю мала добрага. Але ж дапамагае ўшанаваць земляка, ураджэнца Магілёўскай губерні, – дзякуй за гэта.

«У памяць пра Чарльза Яфе адбудзецца ўжо трэці шахматны турнір», – дадае ў «тлумачальнай запісцы» арганізатар Міхаіл Ляшчынскі, былы старшыня Дубровенскага райвыканкама.

А во навіна з вёскі, што на Бельшчыне ў Польшчы: «У Орлі ўзгадалі пра габрэяў, якія жылі ў гэтай мясцовасці да 4 лістапада 1941 года (слушна “1942 года”, як тут. – В. Р.). Менавіта ў 76-ю гадавіну ліквідацыі нацыстамі арлянскага габрэйскага гета прайшло мерапрыемства “Памяць трывае”». Пішуць, шосты раз ладзіцца сустрэча неабыякавых – прыемна было даведацца.

Наш мінскі чытач Пётр Рэзванаў 23.10.2018 наведаў канцэрт «М-клезмер бэнду» ў залі «Верхні горад» (афішу са слоганам «Мелодыі яўрэйскай душы» і спіс выканаўцаў можна паглядзець тутака; кранула замануха «Начало таки в 19.00») ды падзяліўся ўражаннямі:

Граць музыкі ўмеюць. У адрозненне ад «Харошак», у якіх «Хава нагіла» вярнулася да «Распрагайце, хлопцы, коні», у «М-клезмер бэнду» заяўленыя нумары адпавядалі выкананым. Але ці можна тое, што яны граюць, аднесці да клезмера? – пытанне. «М-клезмер бэнд» бліжэй да малых складаў уцёсаўскіх ансамбляў.

Псой Караленка дае добры прыклад таго, як, валодаючы прыёмамі, можна зрабіць клезмер з чаго заўгодна. Дарэчы, у першым альбоме «Мінскер капеліе» быў Вердзі, перароблены мінскімі клезмерамі пачатку мінулага стагоддзя ў «Хупэ марш»; на развітанне з Дзімам Сляповічам (у 2008 г. лідэр «Мінскер капеліе» з’ехаў у ЗША – В. Р.) музыкі зрабілі переробку «Развітання з Радзімай». «М-клезмер бэнд» паспрабаваў па-клезмерску сыграць Афенбаха Атрымалася, хутчэй, не клезмерская пераробка Афенбаха, а афенбахаўскія фантазіі на габрэйскія тэмы.

Я такі схадзіў у літаратурны музей 29.10.2018, на вечарыну памяці расстраляных пісьменнікаў. У сярэдзіне імпрэзы прагучалі вершы Майсея Кульбака ды Ізі Харыка на ідышы і ў перакладах на беларускую. Аднак слухаць іншых было цікавей, чым самому выступаць.

Побач з паэтам Васілём Жуковічам (фота з lit-bel.org); фрагмент выставы, створанай сіламі супрацоўніц музея

Дарэчы, з нагоды «Міжнароднага Дня перакладчыка» ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі – дакладней, у залі беларускай літаратуры – таксама зладзілі выставу (прадоўжыцца да 13.11.2018). І там не абмінулі Кульбака, а таксама Керэта, Вайля…

Фота з nlb.by

А выставу «Незабыўны маэстра» (дзейнічала ў Мінску з 30 кастрычніка да 5 лістапада) наведаць не выпала, таму проста прапаную ўрыўкі з прэс-рэліза Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры:

Выстаўка падрыхтаваная да 100-годдзя з дня нараджэння беларускага дырыжора, педагога, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР (1964) Іосіфа Самуілавіча Абраміса. Нарадзіўся 29 кастрычніка 1918 года ў Мінску…

20 чэрвеня 1941 года скончыў як валтарніст Беларускую дзяржаўную кансерваторыю (зараз — Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі). Творчыя планы давялося адкласці. Цяжкія гады вайны Іосіф Самуілавіч прайшоў байцом-сувязістам, апошнія месяцы — музычным кіраўніком. Быў узнагароджаны медалямі і ордэнам Чырвонай Зоркі…

У 1979 годзе Іосіфа Абраміса запрасілі ўзначаліць аркестр Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Беларусі. За тры гады ён прыкметна падняў агульную музычную культуру тэатра і прыняў удзел у пастаноўцы спектакляў, якія па праву лічацца візітнай карткай тэатра: «Несцерка» Р. Суруса (1979) і «Лятучая мыш» І. Штрауса (1981).

На выстаўцы будуць прадстаўлены афішы, фотаздымкі, нотныя рукапісы, асабістыя рэчы дырыжора.

Дадам, што памёр маэстра ў родным горадзе, калі быў яшчэ не зусім стары (29.09.1984).

«Вольфаў цытатнік»

«Анекдоты – пожня, дзе людзі падбіраюць каласкі пасля вялікага жніва гісторыі» (Франсуа-Мары Аруэ, ён жа Вальтэр, 1751)

«Музыка адэкватная поўніцы жыцця праз рытм. Музыка Бітлз гэта спэктар перападаў ад заміраньня сэрца дзіцяці, якому млосна без маці альбо таты, да рушлівай хвалі сэрцабіцьця пры чаканай сустрэчы. Папса гэта аптымістычны стук сэрца паядальніка сьвініны» (Яўген Бяласін, з кнігі «На пераломе», Брэст, 2015).

«Адзінства вымагае іерархіі – а значыць, сацыяльнай архаікі Любое развітае грамадства моцнае не адзінствам, а гарызантальнымі сувязямі, шматпартыйнасцю, канкурэнцыяй, актыўнымі сацыяльнымі групамі, індывідуалізмам прыватных інтарэсаў. То бок багатай, вольнай і канкурэнтнай шматстайнасцю» (Аляксандр Хоц, 04.11.2018).

Вольф Рубінчык, г. Мінск

05.11.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 05.11.2018  21:36

МАРШ ПАМЯЦІ Ў ГАРОДНІ

Марш памяці ў 75-ю гадавіну знішчэння гарадзенскага гета адбыўся на цэнтральных вуліцах Гародні. У ім прынялі ўдзел некалькі сотняў гарадзенцаў, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу і святары розных канфесій.

Пра мерапрыемства распавядае дырэктарка гарадзенскага абшчыннага дома «Менора» Алена Куцэвіч:

– Сакавік 1943 года – гэтая дата сумная для ўсяго народа, у тым ліку і для гарадзенцаў. У гэты дзень было знішчана больш за палову насельніцтва горада. Гародня была аб’яўленая свабоднай ад габрэяў. Разам з гэтым памерла большая частка цывілізацыі, якая будавала, жыла, існавала і марыла пра будучыню. Здарыўся той дзень, калі гэта ўсё ў адзін момант абарвалася.

Святар грэка-каталіцкай царквы з Гародні Андрэй Крот, што выступаў на Маршы памяці, лічыць падзеі 1943 года трагедыяй розных народаў:

– Іх яднала супольная смерць. Іх яднала супольная трагедыя, бязвінная смерць і знішчэнне нашых народаў. Гэта трагедыя, у якой вінаваты не нейкі народ, нейкая партыя ці рух. Не, у гэтым вінаватыя людзі таксама, якія паддаліся таму, што традыцыйна ва ўсіх веравызнаннях называецца грахом. Гэта тое дрэннае, што ў нас ёсць.

У працэсіі маршу прымалі ўдзел таксама і школьнікі, што неслі фота вязняў гарадзенскага гета, якія выжылі. Фінішнай кропкай гарадзенскага Маршу Памяці стала гарадзенская харальная сінагога, дзе адбыўся канцэрт і адкрыццё выставы Алеся Сурава.

«Беларускае Радыё Рацыя», Гародня

***

ЯШЧЭ ПРА ЯЎРЭЯЎ ГРОДНА ПАД АКУПАЦЫЯЙ

Спробы ўцёкаў і ратавання, змаганне ў падполлі і ў партызанскіх атрадах

У час масавых акцый у пачатку 1943 г., калі яўрэі з гета ўжо зразумелі, што яны вырачаны на смерць, шмат хто больш не вагаўся і ўцякаў. Не так цяжка было выбрацца з гета, як знайсці прытулак за яго межамі. Каб знайсці прытулак у вёсках, трэба было мець сяброў сярод сялянаў, гатовых рызыкаваць жыццём, дапамагаючы яўрэям. Некаторыя палякі сапраўды дапамагалі яўрэям, але вялося пра выключэнні з правіла. Знайсці месца для сховішча на «арыйскім баку» Гродна было амаль немагчыма, і большасць яўрэяў, якая паспрабавала яго знайсці, была злоўлена. У горадзе не было антынямецкага падполля (Гэтае сцвярджэнне не адпавядае рэчаіснасці. Гл. звесткі пра антыгітлераўскія падпольныя групы ў горадзе: «Памяць. Гродна» (Мінск, 1999. С. 397–398 і далей). – заўв. перакл.), і яго жыхары былі вядомыя сваёй абыякавасцю або нават варожасцю да яўрэяў. Многія гродзенцы бралі ўдзел у рабаванні яўрэйскай маёмасці, а некаторыя даносілі на яўрэяў немцам, што пацвярджаецца заявамі Гайнца Эрэліса, начальніка гродзенскага гестапа, зробленымі на працэсе пасля вайны. На пытанне, ці засцерагалі немцы палякаў ад дапамогі яўрэям, Эрэліс адказаў, што ў гэтым не было патрэбы, паколькі ў асноўным палякі цешыліся са знікнення яўрэяў.

Большасць гродзенскіх яўрэяў з тых, хто перажыў вайну, былі маладымі людзьмі, часам мелі сем’і. Некаторыя ўцяклі падчас аблаў на яўрэяў або з прымусовых маршаў да цягнікоў. Хтосьці браў з сабою рыштунак у спадзеве адкрыць акно або дзверы ў цягніку. Аднак большасць патэнцыйных уцекачоў былі злоўленыя і расстраляныя, забіліся, скокнуўшы з цягніка на хуткасці, або былі выдадзены немцам палякамі. Вельмі нямногім удалося ўцячы. Сярод іх быў Грыша (Цві) Хосід, які, разам з некалькімі іншымі хлопцамі, прабраўся да партызанаў.

Камусьці пашчасціла знайсці адносна бяспечнае месца – шахту або падвал дома, гарышча, свіран. Тыя, хто ўцякаў, спрабавалі далучыцца да таварышоў, якія схаваліся раней. Больш шанцаў на выжыванне давалі месцы, якія ўжо давялі сваю карыснасць. Многія заставаліся ў схованках амаль паўтара года, з лютага 1943 г., калі было ліквідаванае гета № 1, і да вызвалення горада ў ліпені 1944 г.

Сям’я Котлер схавалася на гродзенскіх хрысціянскіх могілках. Потым да яе далучыўся фармацэўт Аўраам Троп-Крынскі. Адзін яўрэй, Хаім Шапіра, малады чалавек з Беластоку, выхаваны ў Гродна, свабодна хадзіў там, але не быў злоўлены.

Расказ пра няўдалыя ўцёкі належыць Ёне Зарэцкаму. Ён распавёў, што паляк Фалькоўскі, які раней выводзіў яўрэяў з Гродна ў Варшаву, паабяцаў давесці групу з шасці маладых людзей да сталіцы. Сярод гэтых людзей былі Зарэцкі і маладая жанчына з сынам-немаўлём. 23 сакавіка 1943 г. Зарэцкі, разам з жанчынай і яе дзіцём, чакалі Фалькоўскага, але ён не з’явіўся. Пазней выявілася, што астатнія людзі з групы былі арыштаваныя. Фалькоўскі зноў паабяцаў даставіць траіх чалавек у Варшаву, але праз колькі дзён маладая жанчына і яе сын таксама былі схоплены. Толькі Зарэцкаму ўдалося ўцячы, і ён выжыў. Пазней ён даведаўся, што Фалькоўскі быў агентам гестапа і заманіў іх у пастку (архіў «Яд ва-Шэм», 0-16/448).

Яўрэі, якія перажылі вайну, выдаўшы сябе за неяўрэяў

Двум яўрэям удалося пэўны час пажыць у Гродне пад чужымі прозвішчамі. Бэла Шварцфукс, пляменніца Мейлаховіча, уладальніка вядомай друкарні ў Гродне, якая выдавала сябе за польку, нядоўгі час жыла ў горадзе за межамі гета. Пазней яна ўцякла ў Варшаву і адтуль здолела патрапіць у Германію, дзе знайшла працу. Яе вызвалілі ў канцы вайны.

Эліягу Скаўронскі блукаў з аднаго гета ў другое – варшаўскае, віленскае, беластоцкае, гродзенскае – выдаючы сябе за паляка. Ён знайшоў жытло на «арыйскім баку» Гродна і атрымаў працу ў вышэйзгаданай друкарні. Скаўронскі пастаянна трымаў кантакт з гетам ды падполлем, і праз друкарню дастаўляў пісьмы Ар’е Вільнеру (аднаму з лідэраў ЭЯЛя, яўрэйскай баявой арганізацыі ў Варшаве). Пасля студзеньскай «акцыі» ў Гродне ён дапамог Зераху Зільбербергу і Цылі Шахнес вярнуцца ў Беласток. Калі яго западозрылі ў тым, што насамрэч ён яўрэй, ён адразу ж, выкарыстаўшы польскія паперы, запісаўся на прымусовыя работы ў Германію, быў пасланы ў Прусію і працаваў там да прыходу рускіх.

Барыс (Борка) Шулькес і яго жонка Гелена здолелі дабрацца да Вільні, дзе жылі пад фальшывымі імёнамі да канца вайны, як і Люся (Лея) Рыўкінд.

Перадача дзяцей хрысціянам

Нам вядомыя некалькі выпадкаў, калі бацькі даверылі сваіх дзяцей хрысціянам. Пасля «акцыі» ў студзені 1943 г. Франя Браудэ ўцякла ў вёску ля Гродна і схавалася там. Яна даверыла сваю дачку-немаўля бяздзетнай маладой жанчыне, якая хацела скарыстацца з дзіцяці, каб не трапіць на прымусовыя работы ў Германію. Пасля вайны Франя вяла доўгую і цяжкую барацьбу за тое, каб вярнуць дачку. Таня Каплан, якая перадала свайго маленькага сына ў польскую сям’ю, таксама ўпарта дабівалася яго вяртання – і ўрэшце дабілася дзякуючы дапамозе савецкага афіцэра-яўрэя Гарчакова. Хана Котлер (пазней Залман) была даверана сям’і даглядчыка хрысціянскіх могілак, які дапамагаў хавацца яўрэйскай сям’і, але пазней яе бацькі былі вымушаныя забраць Хану, калі выявілася, што польская сям’я дужа баіцца немцаў. Магчыма, гэтым шляхам былі ўратаваныя і іншыя дзеці, але мы пра іх не ведаем – хіба таму, што яны былі навернуты ў хрысціянства і працягвалі жыць як палякі нават пасля вайны.

Хрысціяне, якія ратавалі яўрэяў

На фоне абыякавасці (каб не сказаць варожасці) да стану яўрэяў з боку бальшыні палякаў Гродна яшчэ больш гераічна выглядаюць паводзіны тых, хто ратаваў яўрэяў, рызыкуючы жыццём. Гэтыя людзі належалі да розных сацыяльных слаёў. Іх подзвігі даказваюць, што, калі б спагада была больш пашыранай, уратаваліся б больш яўрэяў. Эмануіл Рынгельблюм, гісторык варшаўскага гета і заснавальнік яго архіва, пісаў:

«Жахлівы тэрор пануе ў краіне, яго размах саступае толькі таму, што чыніцца ў Югаславіі. Найлепшыя людзі, найбольш самаадданыя асобы масава адпраўляюцца ў канцэнтрацыйныя лагеры ці турмы. Квітнеюць даносы і выкрыццё… Штодзень прэса, радыё і г.д. атручваюць масы насельніцтва антысемітызмам. Яўрэй, які жыве ў кватэры інтэлігента ці рабочага або ў хаце селяніна, – гэта дынаміт, які можа выбухнуць у кожны момант і ўзарваць увесь свет. Грошы, безумоўна, граюць важную роль у схове яўрэяў. Ёсць бедныя “арыйскія” сем’і, якія жывуць за кошт таго, што яўрэі ім плацяць штодня. Але ці ёсць у свеце дастаткова грошай, каб заплаціць за пастаянны страх выкрыцця, боязь суседзяў, парцье ці кансьержа ў шматкватэрным доме і г.д.? Існуюць ідэалісты, якія ўсё сваё жыццё прысвячаюць сваім сябрам-яўрэям… яўрэй – як малое дзіцё, якое не можа ніводнага кроку зрабіць самастойна. Яўрэй не можа выйсці на вуліцу. Арыйскі сябар мусіць часта наведваць яго і ўладкоўваць для яго тысячу рэчаў». (Ringelblum Emmanuel. Polish-Jewish Relations During the Second World War. Jerusalem, 1974. С. 226–227).

Ратавальнікі дзялілі сваю сціплую пайку з апекаванымі яўрэямі, звычайна не атрымліваючы нічога наўзамен ад збяднелых яўрэяў. Адной з тых, хто перажыў вайну, Лейле Кравіц, удалося перадаць польскай сям’і, якая прытуліла яе, грошы ад продажу сваіх сямейных каштоўнасцей, што раней захоўваліся ў знаёмых у Гродне. Аднак гэткія выпадкі былі рэдкімі, хутчэй выключэннем з правіла.

Сярод тых, хто выжыў дзякуючы дапамозе палякаў, быў Леон Трахтэнберг, адпраўлены ў беластоцкае гета цягніком у сакавіку 1943 г. Ён выскачыў з цягніка, прабраўся назад у Гродна, знайшоў сваіх бацькоў у схованцы і правёў іх у вёску Дабравольшчына. Там іх усіх схаваў селянін Станіслаў Кжывіцкі – у яме пад падлогай, дзе можна было сядзець і ляжаць, але не стаяць. Больш за год, да вызвалення ў ліпені 1944 г., селянін і яго жонка прыносілі ім ежу, самаробнае адзенне і нават газеты, а малы сын Кжывіцкіх Юзаф стаяў на варце (гл. сведчанне Леона Трахтэнберга, архіў «Яд ва-Шэм», 03/6588).

Ян і Янава Пухальскія, муж і жонка, да вайны даглядалі дачы сям’і Фрэйдовіч у ізаляваным лясным раёне ў Ласосне. Рускія разбурылі чатыры домікі, пакінуўшы толькі адну невялікую пабудову, якая служыла домам Пухальскіх (у іх было пяцёра дзяцей). У вайну сям’я выкапала пад падлогай яму – 1,5 м на 1,5 м і метр вышынёй – каб схаваць Сендэра Фрэйдовіча і яго 15-цігадовага пляменніка Фелікса Зандмана, Мотла і Голду Бас, Борку Шулькеса і Меера Замошчанскага (апошнія двое пазней перабраліся ў Вільню). За некалькі месяцаў да канца вайны да іх далучылася Эстэр Шапіра-Гайдамак. Фрэйдовіч, Зандман і Басы заставаліся ў схованцы 17 месяцаў запар да вызвалення ў ліпені 1944 года.

Саламону Жукоўскаму пашанцавала мець добрага сябра за межамі гета. «Нарэшце мне ўдалося ўстанавіць кантакт з хрысціянамі. Мой сябар Фёдар Барон, з якім я працаваў 12 гадоў, дапамог мне сустрэцца з Кацяй». Каця і яе муж далі Жукоўскаму прытулак у падвале з яблыкамі і на гарышчы ў вёсцы Ласосна. Там ён вёў дзённік. Нават пасля таго, як яго схованка была разбомблена, ён працягваў хавацца пад абломкамі і выжыў. У сваім дзённіку Жукоўскі запісаў два жаданні – нешта накшталт тэстаменту на выпадак, калі ён загіне. Ён жадаў, каб Каці і яе мужу залічылася іхняя дапамога і ахвярнасць, і каб кожны сцярогся фашызму… (Саламон Жукоўскі. Архіў «Яд ва-Шэм», 033/2434, с. 7).

Зігмунд і Кася Талочка і іхні сын Казімір, уладальнікі фермы ля вёскі Жыдомля, што на шляху з Гродна ў Скідзель, далі прытулак братам Ехезкелю і Дову Фур’е да канца вайны. Да вайны Зігмунд быў пастаянным кліентам сямейнай бакалейнай крамы Фур’е ў Гродна.

Доктар Антон Доха, тэрапеўт з вёсцы Станівічы пад Гродна, яго жонка і некалькі памочнікаў далі прытулак калегу Дохі д-ру Аляксандру Блюмштэйну, яго бацьку д-ру Хаіму Блюмштэйну, яго маці Эстэр, яго брату Натаніэлю і некалькім іншым людзям: Фані Гальперн (пазней Лювіц), Гелене Шэвах (пазней Бібловіц), Гілелю і Фране Браудэ, Мішу і Розе Вістанецкім, усяго 10 чалавек. Акрамя таго, у ратаванні бралі ўдзел Эдвард і Анэля Станеўскія, Гелена Занеская і Стэфанія Стралкоўская.

Тадэвуш Сарока, як мы згадалі вышэй, уратаваў дзевяцерых яўрэяў, перавёўшы іх з гродзенскага гета ў Вільню. Як чыгуначны рабочы ён ведаў час адпраўлення грузавых цягнікоў з Гродна ў Вільню. У ноч перад тым, як мусіў ісці цягнік, ён схаваў двух ці трох яўрэяў у каляіне ля чыгуначнага шляху. Калі цягнік пачаў рухацца, яны ўскочылі на прыступку ў канцы грузавога вагона, потым па жалезнай лесвіцы ўскараскаліся на дах. Так яны дабраліся да Вільні.

Утрапёна ратаваў яўрэяў Павел Гармушка. Ён уратаваў сотні яўрэяў на першай стадыі вайны, да пачатку масавых забойстваў. Гармушка названы ў запісах Рынгельблюма як прыклад польскага ідэаліста, які самааддана падтрымлівае яўрэйскую справу… У Гармушкі была ферма, і ўлетку 1941 г. там пасялілася яўрэйская сям’я – спадарыня Шыф-Ліфшыц, яе муж і гадавалы сын.

Як пісаў Рынгельблюм, калі немцы ўвайшлі ў Гродна, антысеміты з ліку мясцовага насельніцтва хацелі выдаць ім яўрэяў. Тады Павел абараніў гэтую сям’ю, зусім адзін, даводзячы, што здраджваць яўрэям супярэчыць прынцыпам хрысціянства і маральнасці. Пасля гэтага ён прысвяціў сябе ратаванню яўрэяў і пастаянна ездзіў на цягніку Гродна-Варшава, суправаджаючы яўрэяў-уцекачоў. Заможным ён дапамагаў за плату, але бедных адвозіў бясплатна і нават даваў ім свае грошы. Яго ведалі ў Варшаве і Гродна і давяралі яму цалкам – вялікія сумы грошай і, што больш важна, жыцці. У Варшаве ён спрыяў яўрэям у зносінах з партызанамі, зводзіў вызваленых салдатаў з ваеннымі арганізацыямі, якія маглі б іх прыняць, і дапамагаў яўрэям дабрацца да «арыйскага боку», атрымліваючы для іх дакументы, шукаючы жытло і перавозячы іхнюю маёмасць з гета.

Сярод соцень людзей, якія выжылі дзякуючы Паўлу Гармушку, былі Болек Шыф, яго жонка Аня Клемпнер-Шыф і васьмёра іншых яўрэяў, якія некалькі месяцаў хаваліся ў сіласнай яме Гармушкі ў вёсцы Навасёлкі ля Гродна. Гармушка забяспечваў ім усім прытулак, ежу і медычную дапамогу. Сярод іншых людзей, уратаваных дзякуючы Паўлу Гармушку, былі д-р Грыгорый Варашыльскі, яго жонка, іхнія сын Віктар і дзве дачкі.

У час ліквідацыі гета № 1 у Гродне, у лютым-сакавіку 1943 г., Крысціна Цывінская і яе дачка Данута (пазнейшае прозвішча Юркоўская) схавалі ў маленькай краме пяцерых яўрэяў – Эфраіма Бейліна і яго дачку Бэлу, Абу Тарлоўскага і яго дачку Рахіль, Ёсіфа Прасецкага. Нехта данёс на маці, яна была арыштаваная і забітая гестапаўцамі, але дачка надалей хавала групу яўрэяў. Калі небяспека вырасла, яна знайшла для іх схованку ў паляка ў суседняй вёсцы, і яны заставаліся там да канца вайны.

Большая частка тых, хто выжыў, падтрымлівалі зносіны з ратавальнікамі пасля вайны, а з цягам часу – і з іхнімі дзецьмі. Яны таксама намагаліся памагчы ім матэрыяльна. Пасля вайны некаторыя неяўрэі з Гродна і наваколля былі прызнаныя інстытутам «Яд ва-Шэм» у Іерусаліме Праведнікамі народаў свету. Сярод Праведнікаў былі Зігмунд, Кася і Казімір Талочка, Ян і Янава (Ганна) Пухальскія, Яніна і д-р Антон Доха разам з Эдвардам і Анэляй Станеўскімі, Гелена Занеская і Стэфанія Стралкоўская, Тадэвуш Сарока, Павел Гармушка, Крысціна і Данута Цывінскія.

Пераклаў з англійскай В. Р. для часопіса «Аrche» ў 2009 г. (паводле www1.yadvashem.org; тут друкуюцца фрагменты перакладу)

Апублiкавана 19.03.2018  20:15