В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (67)

Зімова-ханукальна-пераднавагодні шалом! Зноў «галоўны па Беларусі» даў джазу… Калі ён выступаў 15.12.2017 на сходзе да стагоддзя тутэйшых органаў дзяржбяспекі (адлік вядзе ад ЧК Дзяржынскага; чаму ўжо ў такім разе не ад «ахоўнага аддзялення» Расійскай імперыі? ;-)), то заявіў: «Вам, нам за мінулае нашых спецслужбаў, чэкістаў саромецца няма чаго. Няма ніякай прычыны… нашы спецслужбы ва ўсе перыяды нашай гісторыі з годнасцю выконвалі свой абавязак, яны былі адданыя прысязе, дысцыпліне і парадку». Ага, асабліва ў 1930-я гады, за Язэпам Вісарыёнычам… Пасля 1954 г. у адной Беларусі давялося рэабілітаваць звыш 200 тыс. чалавек, такія былі «дысцыпліна і парадак».

Як ні дзіўна, цяперашні старшыня КДБ лепей адчувае «нерв мінулага» і не ківае на тое, што «мы не жылі ў той час». Год таму, наведаўшы музей на месцы Акмолінскага лагера ГУЛАГа («АЛЖИР») у Казахстане, генерал-лейтэнант Вакульчык пакінуў мудры запіс у гасцявой кнізе.

Раней я меркаваў, што рэпліка «Рыгорыча» на пытанне земляка «Дзе ж ваша сумленне?» («Дзе было сумленне, там вырас хрэн») была няслушна перададзена або суздром высмактана з пальца. Зараз, пасля таго, як «вялікі гісторык» выпісаў папярэднікам тутэйшых кадэбістаў няпрошаную індульгенцыю, схіляюся да думкі, што пад канец 1980-х так яно ўсё і было. Выходзіць, гадоў ужо з 30 «харызматычны палітык» прабівае днішча за днішчам…

Сумна было праглядаць і вытрымкі з выступу таго самага персанажа на «з’ездзе навукоўцаў» (13.12.2017): «Не будзе выніку, не будзе грошай… Якіх яшчэ вам грошай не хапае?… Скажыце, колькіх з тысяч нашых вучоных-дзяржаўнікаў ведае народ? Дзе яны, гэтыя вучоныя-патрыёты, якія павінны абараніць дзяржаву ў інфармацыйнай вайне?», etc. Чымсьці вось гэта ўсё нагадала лекцыю «таварыша з абкама» перад разумнікамі з салжаніцынскага «У крузе першым». Дзіва што колькасць навукоўцаў у Беларусі зніжаецца прыкладна на тысячу за год – прынамсі падала гэткім імклівым дамкратам у 2011–2016 гг.

Гаркавы гумар ад @mojo_fm: «З’явіліся першыя выявы рэвалюцыйнай батарэі для беларускага электрамабіля, які распрацоўваюць беларускія навукоўцы»

Няхай бы «сонцападобны» прабіваў свае днішчы, але спакушае сваім прыкладам іншых, сярод якіх нямала ідыётаў яўрэйскага паходжання. Пра аднаго такога педагога-дэмагога, якога надта палюбляе газета «Авив» (сёлета прафесар не без гонару за «сваіх» распавёў у ёй, што «ў 1934-1936 гадах на пасадзе наркома ўнутраных спраў БССР знаходзіўся Ізраіль Майсеевіч Ляплеўскі. У 1937-1938 гадах гэтую пасаду займаў Барыс Давідавіч Берман…»), я згадваў у мінулай серыі. Сорам за катаў, якія знішчалі людзей – беларусаў, яўрэяў, ды каго заўгодна? Не, не чулі… Нават фота Б. Бермана ўціснулі ў «Авив», бо, відаць, не менш заслужыўся, чым кампазітар Ісак Любан і музыка Эдзі Рознер. Ну, пасля гэтага «прыгажуна», дапраўды, і стаўленік Берыі, «таленавіты аналітык» Цанава падасца не такім страшным.

Як на мяне, то на фоне «планеты Лукшэйм» (і не пытайцеся, што маю на ўвазе) нават звычайныя беларускія чыноўнікі выглядаюць арыстакратамі. Праўда, гэта не пра двух міністраў інфармацыі з аднаго кубла… Нехта наіўна спадзяваўся, што адна Лілія А. схільная ваяваць з інтэрнэт-выданнямі; дык жа не, у канцы верасня на яе месца прызначылі Аляксандра К., i «вайнушка» прадоўжылася. Па-ранейшаму напалову заблакаванае «Луркамор’е» (там жа ягадзіцы мянуюць папросту жопай, жах-жах!), а 14-15 снежня трапіў пад раздачу і «Беларускі партызан». Зрэшты, ужо 16-га, пасля візіту фронтвумэн «БП» Святланы Калінкінай у мінінфарм, сайт паказаўся ў зоне «.by». Напэўна, рэдакцыя пайшла на кампраміс дзеля ўласнага бізнэсу – адключэнне каментарыяў таксама як бы намякае… Калегам з «KYKY» ў 2015 г. блакіроўка і разблакіроўка не пайшлі на карысць, там дадалося цынізму і паменшала вольналюбства. У любым разе, як бы ні паводзілі сябе медыяменеджары, міністэрскія замнога сабе дазволілі…

Ці спалучаюцца блакіроўкі з намерамі пабудаваць у Беларусі «IT-краіну», дзе будуць усялякія «гаджэты, айфоны ды плафоны»? Леанід Фрыдкін лічыць, што лёгка: «Ёсць такія інвестары, далёка не дурні, якіх акурат і прыцягвае адсутнасць права. Ім значна прасцей заплаціць асобным чыноўнікам сціплы хабар у краінах з прававым нігілізмам, чым выконваць законы ў цывілізаванай краіне і плаціць там падаткі напоўніцу. Якраз лічбавыя ТНК з Ірландыі паперлі, Ганконг і Сінгапур падлучыліся да BEPS, усялякія канальскія і кракадзільскія астравы запхалі ў чорны спіс. Самая пара заняць вакантнае месцейка. А для абарыгенаў застанецца найстражэйшы кантроль з дапамогай IT-тэхналогій».

«Весела» будзе, калі менавіта ізраільцы дапамогуць тут Сямёну Шапіру ды яго шэфу «ўсіх яўрэяў узяць пад кантроль» – абрагочамся… Зважаючы на візіт Эрана Ласера ў Мінск i нядаўні каментарый Ёнатана Брэндэра («мы чакаем прыняцця дэкрэта, нічога іншага нам не трэба»), яны гатовенькія.

Новага міністра інфармацыі РБ займаюць… праблемы расійскай спартовай каманды, адхіленай ад удзелу ў Алімпіядзе праз допінг («проста дзікунства нейкае!»). Ну, а як быў шанец зрабіць добрую справу, выказацца за дошку на былым будынку рэдакцыі часопіса «Штэрн», то Аляксандр К. самаўхіліўся. Колішні прапагандыст «адрасоў яўрэйскай літаратуры ў Беларусі» высунуў уперад намесніка, які адказаў на мой зварот ад 10.10.2017 такой магутнай паперчынай:

Дзякуй, вядома, што па-беларуску, але, паводле дзеючага закона аб зваротах грамадзян (арт. 17), чыноўнікі меліся даць адказ цягам 15 дзён. Толькі звароты, якія вымагаюць дадатковага вывучэння і праверкі, разглядаюцца на працягу месяца – тут жа яўна не той выпадак, падрыхтаваць адпіску можна было і за дзень. Кур’ёзна, што тузаць СМІ, у тым ліку літаратурныя часопісы, міністэрства і яго папярэднікі (Галоўліт ды інш.) ніколі не праміналі, а выступіць за мемарыялізацыю – дзе там!

Іншае міністэрства куды больш годна выглядае ў гэтай гісторыі. Першая намесніца міністра культуры І. У. Дрыга 14.12.2017 падпісала ліст, падрыхтаваны Марыяй Нецвятаевай. Працытую апошні абзац з захаваннем асаблівасцей арыгінала: «Міністэрства культуры падтрымлівае ідэю стварэння мемарыяльнай дошкі на будынку па адрасу: г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 2б, прысвечанай літаратурнаму часопісу “Штэрн”, і вернецца да разгляду дадзеннага пытання пасля ўнясення мясцовым выканаўчым і распарадчым органам матэрыялаў ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку». Гэта яшчэ не перамога, але крок да яе.

Развагі чытачоў на заяўленую тэму:

Пётр Рэзванаў: «Калі яўрэйскі турызм у Сінявокую ўвогуле і ў Мінск у прыватнасці будзе няменшым за Бірабіджанскі (на ўласныя вочы бачыў там маладых французаў), то будзе і дошка (у Бірабіджане на першай рэдакцыі і тыпаграфіі “Бірабіджанер штэрн” вісіць), і сінагогі (прынамсі тыя, што лічацца помнікамі гісторыі і культуры) адрэстаўруюць. Калі не – то таксама, але з большым ціскам на ўпаўнаважаных асоб».

Уладзь Рымша: «Нічога новага не прыдумаем: трэба грошы, – альбо дзяржаўныя, альбо свае… Я магу параіць добрага скульптара, і ён скажа, колькі гэта каштуе. Трэба вызначыцца з памерамі і матар’ялам для шыльды».

* * *

Калі год таму ў Мінску ўзялі пад варту аўтараў расійскага інфармагенцтва, то знайшоўся «палітолаг» Ш. (насамрэч ідэолаг з дыпломам гісторыка), які ў «Комсоправде» выдаў прагноз: маўляў, скора ўсё скончыцца, гэта ціск на Расію, каб знізіла цану на газ. Увесну 2017 г. Лукашэнка з Пуціным больш-менш «утрэслі» цэнаўтварэнне, а тройка публіцыстаў волі так і не пабачыла – выходзіць, не было ў іх сувязі з урадам РФ, дзейнічалі на свой страх і рызыку (маскоўскае МЗС вымаўляла пра іхні арышт нешта абстрактна-няўцямнае – я б не жадаў сабе такой падтрымкі). Сёлета ў экспертызах па справе выявіліся сур’ёзныя хібы. Тым не менш, зараз у Мінгарсудзе ідзе працэс па справе аб «распальванні варожасці» Алімкіным, Паўлаўцом і Шыптэнкам. Я падзяляю пазіцыю Вольгі Карач, выказаную ўчора: «магу не згаджацца з рознымі поглядамі, але адназначна ў турме за іх ніхто сядзець не павінен… [Арыштаваных] трэба як найхутчэй вызваліць і папрасіць прабачэння ў іх ды іхніх родзічаў за сапсаваны год іх жыцця». Праўда, у гэтым жа інтэрв’ю Вольга нанесла лухты: «Пратэстны электарат у Беларусі гаворыць на рускай мове, а беларускамоўныя грамадзяне ніяк не будуць і не могуць уплываць на палітычныя працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі, праз сваю малалікасць і пасіўнасць». Экс-дэпутатка Віцебскага гарсавета cамасцвярджаецца за кошт людзей беларускай мовы і культуры… Прыводзіць «левую» статыстыку (маўляў, менш за 1% грамадзян пішуць белмоўныя скаргі), а я прыпомніў, як у час масавага вызвалення вязняў з Акрэсціна ўвесну 2006 г. адзначаў для сябе, хто на якой мове размаўляе. Прыкладна чвэрць пратэстоўцаў гаварыла па-беларуску; карацей, «шклянка напалову поўная».

* * *

Cто гадоў таму ў Менску праходзіў Першы ўсебеларускі з’езд, дзе і «нашы» засвяціліся. Як па гарачых слядах рапартаваў Змітрок Бядуля ў газеце «Вольная Беларусь»: «Прадстаўнік ад жыдоўскага пралетарыяту вітаў з’езд і ўвесь беларускі народ, кажучы, паміж іншым, што тут, на Беларусі, ніколі жыдоўскіх пагромаў не было, што беларускі народ жыў па-суседску з жыдамі і заўсёды адносіўся да жыдоў прыхільней, як усе другія народы Расіі». Што пагромаў ніколі не было, моцна сказана (калі менавіта гэтак было сказана, бо пісьменнік мог выдаць пажаданае за сапраўднае). Іншая рэч, яны ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стст. здараліся ў Беларусі радзей, чым на некаторых суседніх землях…

Налета на волю вырвуцца іншыя юбілеі – стагоддзе слыннага знаўцы краснага пісьменства Рыгора Саламонавіча Бярозкіна (03.07.1918, Магілёў – 01.12.1981, Мінск), 125 год з дня нараджэння ідышнага і іўрыцкага паэта Элі Савікоўскага (20.01.1893, Палонка ля Баранавіч – 11.05.1959, Мінск). Спадзяюся, хаця б літмузеі адзначаць…

Кнігі Э. Савікоўскага, якія выйшлі ў Мінску на ідышы і старажытнаяўрэйскай – пад эгідай суполкі «Шах-плюс» (2008, 2009)

Аўтар belisrael.info Анатоль Сідарэвіч так адгукнуўся на маю просьбу прааналізаваць крыніцы 1930-х гг.: «Я так даўно чытаў тыя часопісы і газеты, што засталося толькі агульнае ўражанне: бальшавіцкая ідэалогія. І раптам — канкрэтную дату не назаву — у газеце “ЛіМ” з’яўляецца публікацыя Рыгора Бярозкіна, напісаная ў літаратуразнаўчых тэрмінах. Як сказаў бы класік, прамень святла ў цёмным царстве. Які быў лёс гэтага маладога разумніка, Вы ведаеце. Па вайне наступіла эпоха, якую можна, выкарыстаўшы вобраз Джэка Лондана, назваць “пад жалезнай пятой”. Барацьба лепшага з добрым. Васіль Барысенка сочыць за крытыкамі і кіруе літаратуразнаўствам, а за імі сочыць Васіль Бурносаў, уласны карэспандэнт, калі не памыляюся, “Правды” (“для доносов и разносов существует В. Бурносов”). Адраджэнне крытыкі і літаратуразнаўства пачалося пасля ХХ з’езду КПСС. Бярозкін і Адамовіч (Алесь) — самыя яркія зоркі. Іх аўтарытэт быў высокі. Няздары моцна нерваваліся, калі гэтыя аўтары не згадвалі іхнія творы, маўчалі пра іх творчасць».

Ужо чвэрць стагоддзя ў Ізраілі жыве ўдава Р. Бярозкіна – Юлія Міхайлаўна Канэ, таксама не апошні чалавек у беларускім літаратурным свеце. Летась яна выступіла з вялікім, удакументаваным нарысам пра мужа.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

18.12.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана  18.12.2017  21:21