Tag Archives: трагедия в Питтсбурге

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (92)

Усім прывітанне! Завуць не Юзік (і нават не Южык). Зрэшты, з мізантропствуюшчым літаратарам Міхасём Южыкам сёе-тое супольнае маю: ён не адзін год шпурляў у сеціва свае «ЛіМаразмы», я – «Катлеты & мухі»… Вынік даволі прадказальны.

Маральна цяжкі быў год, які да таго ж яшчэ і не скончыўся. Беларуская, расійская, ды што там – сусветная культура збяднела ад смерцяў Шарля Азнавура, Міхала Анемпадыстава, Уладзіслава Ахроменкі, Уладзіміра Вайновіча, Генадзя Гарбука, Іосіфа Кабзона, Мікалая Карачанцава, Рамана Карцава, Мікалая Кірычэнкі, Аляксандра Кулінковіча, Ігара Лучанка, Мар’яны Паплаўскай (Марыны Францаўны з украінскага «Дызель-шоў»), Арсеня Ліса, Эдуарда Успенскага, Давіда Чаркаскага… А хоць бы і спевака-папсавіка Яўгена Осіна. Адзін мой далёкі родзіч у канцы 1990-х гадоў быў ды-джэем на ізраільскіх дыскатэках і музычным прадзюсерам, дык ягоны гурт выконваў і «Плачет девушка в автомате…» – жаласлівую песню, раскручаную менавіта Осіным.

Пра Стэна Лі (1922–2018) мала што чуў да апошняга часу, але, відаць, чалавек быў годны. Нарадзіўся і вырас у Нью-Ёрку, у сям’і яўрэйскіх імігрантаў, «падняўся» на маляванні коміксаў… Давайце паслухаем, як ягоны Чалавек-павук натхніў нашую Беньку.

А насамрэч, на каго спадзявацца? На дзяржавы? У сучасным свеце яны часцяком не даюць рады са сваімі абавязкамі, што ўжо не вельмі прыхоўваецца… Дзіва што, напрыклад, усё менш беларусаў аддаюць перавагу працы на дзяржаўных прадпрыемствах. Калі верыць гэтаму апытанню, у 2008 г. «стабільнасць» такога працаўладкавання выбіралі 64,7% рэспандэнтаў, у 2012 г. – 47,6%, у 2018 г. – 21,3%.

Праўда, «праца на пана» мае ў «чырвонай» Беларусі свае падводныя камяні. Былы жыхар Ізраіля А-ч, мінскі бізнэсовец, 2 мес. таму змясціў у сябе аб’яўку (нат няма ахвоты перакладаць):

«В компанию, занимающуюся оптовой торговлей молочной продукцией на полный рабочий день требуется секретарь с навыками работы с бухгалтерской документацией… Работа с 9-30 до 18-00. Обед скользящий. Зарплата 500р… Женщинам с маленькими (до 6 лет) детьми и беременным, к сожалению, вынуждены будем отказать сразу. Нам нужен работник на каждый день, а дети имеют привычку часто болеть».

Калі яму зрабілі заўвагу з-за акіяна, дадаў: «считаю, что работодатель ВСЕГДА прав… у нас ещё, слава Б-гу не Америка. Я эту политкорректность искренне ненавижу. И дай Б-г, Трамп у вас с ней хоть немного покончит».

Ну, хоць бы не прыплятаў Б-га… Праз такіх «трампістаў» (дакладней, трэмпістаў, бо чэл проста ловіць трэмп на «новым курсе» ЗША) мне і не хочацца больш супрацоўнічаць з Іудзейскім рэлігійным аб’яднаннем. Дый з іншымі яўрэйскімі суполкамі РБ – прынамсі тымі, кіраўнікі якіх у акаўнце А-ча ціхамірна падтрымалі дыскрымінацыю цяжарных жанчын.

Яшчэ пару слоў пра дзяржавы ды «бяспеку», за якую яны цягнуць падаткі. ЗША не расчаравалі, таму што даўно не былі для мяне ўзорам… Усё ж скалануўся, калі прыйшла вестка пра тэракт у штаце Пенсільванія 27.10.2018. А неўзабаве наляцеў гіганцкі пажар у Каліфорніі, які ўнёс жыцці дзясяткаў, калі не соцень людзей.

Пасля Пітсбурга знайшліся тыя, хто кінуўся бараніць Трампа: маўляў, раз ён адкрыў пасольства ЗША ў Іерусаліме, то не мусіць несці адказнасць за антысемітызм ва ўласнай краіне… Некаторыя нават «спадчынай Абамы» тлумачылі амерыканскія злыбеды. Аднак прэзідэнт, які на пасадзе амаль два гады, не можа і не павінен валіць адказнасць за падзеі ў краіне на папярэднікаў. Па-мойму, шматлікія трампавы прамовы на грані hate speech (або за гранню – яго суайчыннікам відаць лепей) не маглі не пагоршыць атмасферу ў грамадстве; тут пішуць пра рост юдафобскіх актаў у ЗША на 57% за 2017 г. «Яўрэйскі зяць» і перанос пасольства – так сабе прыкрыццё.

Адваротны бок «спіхатэхнікі» – жаданне кантраляваць усё (так, яно сустракаецца не толькі ў Беларусі…) Канцэнтрацыя міністэрскіх партфеляў у руках блізкаўсходняга Бібі – чарговы сумнаваты доказ. Як быццам ад таго, што прэм’ер-міністр зрабіўся непасрэдным кіраўніком міністэрства абароны, ракеты з Газы перастануць далятаць да суседніх ізраільскіх паселішчаў?

На рубяжы 2008–2009 гг. напісаў быў для «Мы яшчэ тут!» нататку «Час працуе на “ХАМАС”». Спраўдзіўся як мінімум загаловак 🙁

Агульны трэнд на дэгуманізацыю набывае часам вычварныя формы: узяць шахматнае асяроддзе… Пісаў ужо, і не раз, пра «казус Каташука». Здавалася б, пасля выбараў новага кіраўніцтва ФІДЭ і заваёвы Беларуссю права на сусветную шахматную алімпіяду апальнаму трэнеру маглі б абвясціць «амністыю». Але ж не. Нядаўні «прэзідэнцкі савет ФІДЭ» ў Лондане (з удзелам старшынькі беларускай федэрацыі – гл. фота тут) пацвердзіў выключэнне брэсцкага шахматыста з рэйтынг-спіса ў Беларусі. Цяпер, праўда, майстар можа здаваць грошы за аблік ELO непасрэдна ў ФІДЭ, але гэта не выгадна (60 еўра за год супраць ранейшых 10).

Характэрна, што меркаваннем Уладзіслава Каташука ніхто не цікавіўся – рашэнне прынялі завочна. І гнілая вішанька на прагорклым торце: у рашэнні Q4PB-2018/12 напісалі пра «the exclusion of K. Uladzislau from the rating list under Belarus», хаця на радок вышэй у спісе рашэнняў фігуруе «the transfer of А. Shirov». Ёў, С. Анастасія забылася, як адрозніць імя ад прозвішча? 🙂 Ці мела месца дадатковая спроба прынізіць чалавека? А вы кажаце, «ліхія 90-я»…

Пацярпелы разважае ў слушным кірунку: «Пытанне, якое мяне даўно займае, цяпер яшчэ больш актуальнае: навошта плаціць грошы за магчымасць пагуляць у шахматы пасярэдніку, у гэтым выпадку – ФІДЭ, калі прасцей згуляць турнір без абліку [рэйтынга]?… Турніраў без абліку, на якія я ездзіў, хапае. І ўзровень барацьбы для аматараў там прыстойны» (17.11.2018). Калі б усе любіцелі шахмат і шашак у Беларусі гэтак мыслілі – адпаведныя федэрацыі разарыліся б… Мо’ і да лепшага – з’явілася б нешта альтэрнатыўнае, без таталітарных замашак.

Тым часам у Лондане доўжыцца матч за першынство свету Карлсен vs Каруана. На момант напісання гэтых радкоў адбылося восем нічыіх, і часам супергросы гулялі так невыразна, што зліваліся ў нейкага Карлсуану, аka «Смерць мухам»… Як і два гады таму, калі прэтэндэнтам быў Каракін, у публіцы чуліся заклікі пераходзіць на фішэрэндам («шахматы-960»), адно што гучнейшыя.

Трэба паглядзець, чым скончыцца матч. Не выключаны варыянт «12 нічыіх» (як у шашыстаў у 1972 г., праўда, там Куперман з Андрэйкам разыходзіліся мірна 20 разоў з 20!) У такім разе вангую, што правілы «класічных» шахмат будуць радыкальна зменены ў бліжэйшую пяцігодку… Калі ж Нічыйсен і Нічыяна возьмуцца за розум, то правілы ўсё адно прыйдзецца мяняць, але трохі пазней.

Дарэчы, нагадаю падзабытую ўжо гісторыю. У верасні адзін з галоўных сілавікоў Расіі праз відэазварот выклікаў на дуэль (!) к таму часу надоўга арыштаванага (!!) пуцінскага апанента. Калі ў кастрычніку Аляксей Навальны, у рэшце рэшт, выйшаў на «свабодку», то запісаў свой ролік, дзе прапанаваў браваму генералу дуэль на тэледэбатах. Той адмовіўся: маўляў, выклік быў на спартыўны двубой… Цяпер думаю – шкада, што Навальны не прапанаваў Золатаву матч па шахматах на нейтральнай тэрыторыі (каб пазбегнуць чытарства). На такое спаборніцтва можна было б і квіткі прадаваць, і выглядала б яно, пэўна, цікавейшым, чым у двух «К». А калі б яго правесці па шахбоксе – 100% 🙂

У гэтым месяцы – што не дзіўнa – адбыўся ў Мінску юбілейны, 25-ы кінафестываль «Лістапад». Я-то не хадзіў, а вось уедлівы наш чытач Пётр Рэзванаў тамака пабываў i піша:

Кінастужку «Я павінна расказаць» (2017) пра Машу Ральнiкайтэ ў межах «Лiстападу» паказвалi ў залi Музею гiсторыi кiно, таму там не магло быць шмат народу, але, горш за тое, там былi вольныя месцы… На «клезмеры» ў кастрычніку людзей было больш!.. Фільм карысны для тых, хто Ральнiкайтэ не чытаў. У канцы гучыць песня ў выкананнi Нехамы Лiфшыц[айтэ], пра якую я даведаўся з адной з Машыных кнiг. Фільм добры (не выдатны) – усе недахопы звязаны з тым, што ён карацейшы нават за адну кнiгу, а iх у Машы было больш… Пра перажытае вязнямі ён расказвае, ды ў 50 хвілін усё ўмясціць і немагчыма. Ці выконвае ён тую задачу, дзеля якой Маша пагадзілася на ўдзел у ім, я адказаць не ў стане, але ўсё ж здаецца, што адказ будзе станоўчы.

Падрыхтоўка да фестывалю, а бадай, і сама імпрэза была азмрочана тым, што міністэрства культуры РБ пастанавіла ўзмацніць кантроль над праграмай «Лістапада». На знак пратэсту двое (ці трое?) рэжысёраў адклікалі свае творы з «Лістападу». Была і адмысловая петыцыя пратэсту.

Адразу па заканчэнні «галоўнага кінематаграфічнага свята» з пасады першай намесніцы міністра культуры зляцела Ірына Дрыга… Насупор таму, што баяў адзін ёлуп не дужа разумны дзядзька, яна не засталася працаваць у міністэрстве. «Супадзенне? Не думаю». Дзяржава прагне «строіць» творчых асоб, але не любіць, калі факты цэнзуры вылазяць вонкі.

Цяпер на Дрыгу валяць усе грахі, а між тым яна – звычайная тутэйшая баба чыноўніца cярэдняга калібру; калі чапляцца, то да тых, хто яе прызначыў і яшчэ не зволены.

Асабіста я ад І. Д. шкоды не зазнаў – наадварот, яна, здаецца, шчыра старалася, каб у Мінску была павешана шыльда ў памяць пра ідышны часопіс «Штэрн». Год таму звярнулася па кансультацыю ў Акадэмію навук…

У чэрвені 2018 г. было прынята рашэнне Мінгарвыканкама аб тым, што дошка на вул. Рэвалюцыйнай патрэбная. Чаму яно дагэтуль не выканана – не зусім да І. Дрыгі пытанне.

Для параўнання: «свой у дошку» начальнік віцебскіх шахматыстаў, да якога 25.10.2018 звярнуўся з праблемай, абмаляванай тут, не адарыў адказам. Зразумела, на «адкрытае першынство Віцебшчыны» я не падпісаўся, затое паўдзельнічаў у традыцыйным восеньскім спаборніцтве ў (на?) мінскім офісе Саюза беларускіх пісьменнікаў. Першае месца, 6,5 з 7, якасцю сваёй гульні не здаволены. Лёгка мог астацца без 1,5-2 ачкоў…

Крыніца: lit-bel.org. Кур’ёзна, што за гэты здымак нехта назваў удзельнікаў турніру «патаемнымі сэксістамі», бо не выставілі ўперад балельшчыцу, паэтку Аксану Спрынчан (!)

* * *

На мінулым тыдні атрымаў-такі ад брытанскай гістарыцы Клер Ле Фоль ейную кнігу 2017 г. пра яўрэяў Беларусі (парыжскае выдавецтва надрукавала яе ў Швейцарыі). Праца глядзіцца больш самавіта, чым …, і нават аўтограф адшукаўся 🙂

Збор сродкаў на iніцыятыву «(Не)расстраляныя» паспяхова завершаны, сабрана 117%. Значыцца, кніга, дзе будуць і вершы Майсея Кульбака, Юлія Таўбіна, Ізі Харыка, выйдзе налета – мо’ i раней за кастрычнік 2019 года?

Яшчэ адна пазітыўная навіна: у Мінску абвешчана аб пачатку працы для ўсталявання помніка беларусам – Праведнікам народаў свету. Колькі суполак ужо далучыліся да аргкамітэта.

«Вольфаў цытатнік»

«Сучасная псіхалогія мае поўны набор прыёмаў для ператварэння людзей у аўтаматы або ў натоўп, які прагне знішчэння ўяўных ворагаў або нават самазнішчэння. Гэта стала звычайнай практыкай, да якой звяртаецца любы гандляр аўтамабілямі або рэкламіст на тэлебачанні» (Людвіг фон Берталанфі, «Робаты, людзі, розум», 1967)

«Інэрцыя мацнейшая за розум» (Эдуард Лімонаў, 1975)

«Чалавецтву вельмі важна заўсёды мець запасныя варыянты развіцця, таму што гісторыя можа павярнуцца зусім па-рознаму. І тое, што мы можам зараз ацэньваць як нейкую неажыццяўляльную ўтопію, можа аказацца запатрабаваным у новых умовах» (Павел Кудзюкін, 04.08.2009).

Вольф Рубінчык, г. Мінск

20.11.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 20.11.2018  16:33

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (91)

Усім шалом! На шляху да сотай серыі па-ранейшаму пазначаю балявыя кропкі, а хто будзе іх купіраваць – іншая рэч. «Батанік не павінен палоць пустазелле. Ён вылічыць тэмпы росту апошняга, дый годзе» ((С) Сірыл Паркінсан).

Планета ўсё больш засмечваецца пластыкам ды інфармацыйным шумам, прычым невядома, што горай. Пастаянныя чытачы-гледачы серыяла ў курсе: нам тутака трывожна за стан навукі, у Беларусі і не толькі. Сам я шмат у чым дылетант, але дылетантызму не палюбляю. Як казаў ільфапятроўскі тав. Бендэр: «Нам хуліганаў не трэба, мы самі хуліганы».

Прынцып ваяўнічага дылетанта («чым менш кампетэнтны чалавек у якім-небудзь пытанні, тым мацней ён схільны перабольшваць свае веды»), аказваецца, ужо ўпісаны ў навуковую тэрміналогію пад назовам «эфект Данінга-Кругера». Запомнім 🙂

Былы мой прыяцель М., які з Беларусі перабраўся ў Чэхію, дзе будаваў уласны бізнэс, а калі там запахла смаленым – уцёк у расійскую глыбінку, гадоў 10 таму абараніў у Мінску дысертацыю на званне кандыдата фізіка-матэматычных навук. Няйначай мяркуе, што гэта робіць яго кампетэнтным у гісторыі ды палітыцы, бо надоечы публічна заявіў: «Прыдумаў тэрмін хрушчоўскія рэпрэсіі». Спрабуе падладзіцца пад трэнд у сучаснай РФ (Сталін – «эфектыўны менеджар», а тэрорам супраць народу займаліся ягоныя баяры несамавітыя паплечнікі + недабітыя трацкісты). 🙁

М., хоць ён і актыўны ў засталінска-запуцінскай секце, утворанай на Урале, чалавек не дужа публічны, і шкоды ад яго «адкрыццяў» вобмаль. Горш, калі з разумным выглядам вяшчаюць лухту «спецыялісты», уладальнікі адпаведных тэме навуковых ступеняў. От узяць Андрэя Буроўскага, сааўтара Міхаіла Велера па кнізе «Грамадзянская гісторыя вар’яцкай вайны». У ХХІ ст. прафесійнага археолага, які знаўся на палеаліце, пацягнула на яўрэйскія тэмы… Вынікам стаў тузін кніг – часцяком добра аформленых, з немалымі накладамі, але прымітыўных паводле зместу.

Тут ізраілец Рыгор Ніскераў разбірае адну з кніг Буроўскага – двухтомнік «Яўрэі, якіх не было» (2004). Разумным дастаткова спасылкі ды колькіх першых абзацаў. І ўсё ж працытую з’едлівы фрагмент, які выклікаў у мяне замілаванне… Мо таму, што і сам сутыкаўся з прэзентацыяй класіка яўрэйскай літаратуры пад нікам «Sfojrym» або «Mendele Sfojrym»:

Хто-небудзь чуў пра яўрэйскага пісьменніка, якога звалі б «Сфорым»? – Буроўскі такога ведае. Тады як іншым, хто цікавіцца яўрэйскай літаратурай, вядомы пісьменнік Мендэле Мойхер-Сфорым. Гэта псеўданім Шолам-Якава Абрамовіча, які значыць «Мендэль Кніганоша». А слова «сфорым» значыць «кнігі».

Скажам, рускі пісьменнік і філолаг У. І. Даль публікаваў апавяданні пад псеўданімам «Казак Луганскі». Ці можна было б яго згадаць, назваўшы «пісьменнік Казак» або «пісьменнік Луганскі»? Наўрад ці хто з чытачоў зразумеў бы, пра каго ідзе гаворка.

А гэта – абзацы з «падарункавага» фаліянта Буроўскага 2014 г. Поўны абзац фініш…

Цікава, што такога кшталту «даследчыкі», як заўважыў і Ніскераў, любяць адважваць выдуманаму імі яўрэйству кампліменты, часам празмерныя. Карэктныя адносіны з канкрэтнымі яўрэямі падтрымліваць куды цяжэй.

* * *

На маю прапанову пайсці ў заклад адносна будучыні Беларусі да снежня 2020 г., выстаўленую тут, пакуль што ніхто не адгукнуўся (ну, ёсць яшчэ 20 дзён…) Адсутнасць рэакцыі ўскосна пацвярджае, што пагроза аншлюсу для Сінявокай перабольшана. Не тое каб мы былі такія згуртаваныя, як Фінляндыя ўвосень 1939 г. – бадай, і дзясятай долі той салідарнасці няма ў цяперашняй Беларусі. Проста няможна недаацэньваць сілу інэрцыі… асабліва сярод усходніх суседзяў. Бальшыня абывацеляў без павагі ставіцца да беларускай незалежнасці, аднак ліквідаваць апошнюю?.. Фанатаў «трыадзінай рускай дзяржавы», гатовых «укласціся» ў яе, не так-то багата.

Расійскае – расійцам, а тэндэнцыі тут і цяпер не вельмі цешаць. Як заўважаў яшчэ ўлетку на прыкладзе з Грышам Абрамовічам і яго жонкай, «першая беларуская газета» падкормлівае ксенафобію. Не таму, што ў ёй заўзятыя антысеміты – наколькі я ведаю рэдактараў «НН», забабонаў у іх няма – а таму, што гэта выгадна. Падрасла «нацыянальная буржуазія», якой карціць самасцвярджацца за кошт меншасцей, таму і робяцца аб’ектамі падвышанай увагі то Зісер, то Зайдэс, то Ізраілевіч… Пры ўсёй непавазе да апошняга – непрыемныя мне многія ўчынкі гэтага супляменнічка – цяжка было не прыкмеціць, што з Аркадзя цягам лета-восені асобныя СМІ ляпілі «казла адпушчэння». Чытачы ж ахвотна падхоплівалі «наезды», і цяпер, калі лёс А. Ізраілевіча цьмяны (паводле адной з версій, ён быў затрыманы «органамі» пад канец кастрычніка), на «НН» назіраецца проста вакханалія зласлівасці.

Першыя каменты пад навіной ад 31.10.2018 «Крыніцы: За спробу даць хабар затрыманы Аркадзь Ізраілевіч». Па стане на 04.11.2018.

Часам сайт «НН» выдае за адно галасаванне не адзін, а некалькі «плюсікаў», але, так ці іначай, колькасць зласліўцаў нашмат перавышае колькасць цвярозадумцаў. Падобнае «ату яго!» назіралася і на форуме tut.by, дарма што ў меншых маштабах. Вядома, не ўсё тлумачыцца юдафобіяй, аднак і яе скідваць з рахункаў наўрад ці магчыма. Што даказвае рэакцыя чытачоў nn.by на жудаснае забойства наведвальнікаў сінагогі ў Пітсбургу (штат Пенсільванія, ЗША):

Першыя каменты пад навіной ад 27.10.2018 «У Пітсбургу ў сінагозе стралок забіў восем чалавек, а потым здаўся паліцыі». Па стане на 05.11.2018.

Вяртаючыся да Ізраілевіча: прага звядзення рахункаў чужымі (і нячыстымі) рукамі ў першыя дні лістапада выявілася настолькі моцнай, што з галоў рэп энтузіястаў знікла «справа “рэгнумаўцаў”» і яе скуткі… Калі ў канцы 2016 г. тутэйшыя «органы» затрымалі траіх публіцыстаў, то вялікая частка «апанентаў рэжыму» таксама цешылася і вітала рашэнне ўладаў. Высмейваючы тых, хто нагадваў, напрыклад, славутае выслоўе пастара Німёлера («Калі прыйшлі па камуністаў…»). Між тым ужо ўвесну 2017 г. спецслужбы прайшліся і па «нашых», а менавіта па беларускіх нацыяналістах, з «Белага легіёна» і не толькі.

Лінейнасць мыслення адчуваецца таксама ў тых, хто вітае прыход да ўлады ў Бразіліі (ключавая краіна Паўднёвай Амерыкі, на хвілінку) правага папуліста імем Жаір. Такой бяды, што ён параўноўвае апанентаў з жывёламі ды абяцае вытурыць іх з радзімы – абы адкрыў пасольства ў Іерусаліме! Здаецца мне, ад «праіерусалімскага» кроку трампоіднага бразільца Ізраілю будзе больш шкоды, ніж карысці, бо ён потым навыпрошвае сабе льгот і прывілегій, быццам той Чаўшэску… Хацеў бы я памыліцца.

А тым часам… Бюлетэнь «Слонімскі край» не адмаўляецца ад яўрэйскіх тэм. Гэтыя матэрыялы былі змешчаны ў № 32 (кастрычнік 2018)

Папраўдзе, перадрукі з БелТА цікавяць, як леташні снег; больш радасна было даведацца пра існаванне ў даваенным Слоніме папулярнай фотамайстэрні Барыса Вайнштэйна.

Яшчэ больш грэе нарыс «Протаіерэй Васіль Цітовіч», прысланы жлобінскім краязнаўцам Міколам Шуканавым. Падам урывачак у перакладзе з рускай: «Айцец Васіль карыстаўся вялікай павагай у царкоўнага начальства, меў аўтарытэт сярод прыхаджанаў… Яго паважалі не толькі праваслаўныя жыхары Жлобіна, а і мясцовыя яўрэі, якіх ён уратаваў ад пагрому ў неспакойным 1905 г. У самы крытычны момант святар, выявіўшы мужнасць, з крыжам у руках выйшаў насустрач апантанаму натоўпу, які з крыкам несся міма храма ў бок Карпілаўкі – мясцовай яўрэйскай слабады, і спыніў яго».

Цікавыя навіны трапляюцца і на сайце БФШ – арганізацыі, ад якой пасля вядомых падзей міжволі чакаю мала добрага. Але ж дапамагае ўшанаваць земляка, ураджэнца Магілёўскай губерні, – дзякуй за гэта.

«У памяць пра Чарльза Яфе адбудзецца ўжо трэці шахматны турнір», – дадае ў «тлумачальнай запісцы» арганізатар Міхаіл Ляшчынскі, былы старшыня Дубровенскага райвыканкама.

А во навіна з вёскі, што на Бельшчыне ў Польшчы: «У Орлі ўзгадалі пра габрэяў, якія жылі ў гэтай мясцовасці да 4 лістапада 1941 года (слушна “1942 года”, як тут. – В. Р.). Менавіта ў 76-ю гадавіну ліквідацыі нацыстамі арлянскага габрэйскага гета прайшло мерапрыемства “Памяць трывае”». Пішуць, шосты раз ладзіцца сустрэча неабыякавых – прыемна было даведацца.

Наш мінскі чытач Пётр Рэзванаў 23.10.2018 наведаў канцэрт «М-клезмер бэнду» ў залі «Верхні горад» (афішу са слоганам «Мелодыі яўрэйскай душы» і спіс выканаўцаў можна паглядзець тутака; кранула замануха «Начало таки в 19.00») ды падзяліўся ўражаннямі:

Граць музыкі ўмеюць. У адрозненне ад «Харошак», у якіх «Хава нагіла» вярнулася да «Распрагайце, хлопцы, коні», у «М-клезмер бэнду» заяўленыя нумары адпавядалі выкананым. Але ці можна тое, што яны граюць, аднесці да клезмера? – пытанне. «М-клезмер бэнд» бліжэй да малых складаў уцёсаўскіх ансамбляў.

Псой Караленка дае добры прыклад таго, як, валодаючы прыёмамі, можна зрабіць клезмер з чаго заўгодна. Дарэчы, у першым альбоме «Мінскер капеліе» быў Вердзі, перароблены мінскімі клезмерамі пачатку мінулага стагоддзя ў «Хупэ марш»; на развітанне з Дзімам Сляповічам (у 2008 г. лідэр «Мінскер капеліе» з’ехаў у ЗША – В. Р.) музыкі зрабілі переробку «Развітання з Радзімай». «М-клезмер бэнд» паспрабаваў па-клезмерску сыграць Афенбаха Атрымалася, хутчэй, не клезмерская пераробка Афенбаха, а афенбахаўскія фантазіі на габрэйскія тэмы.

Я такі схадзіў у літаратурны музей 29.10.2018, на вечарыну памяці расстраляных пісьменнікаў. У сярэдзіне імпрэзы прагучалі вершы Майсея Кульбака ды Ізі Харыка на ідышы і ў перакладах на беларускую. Аднак слухаць іншых было цікавей, чым самому выступаць.

Побач з паэтам Васілём Жуковічам (фота з lit-bel.org); фрагмент выставы, створанай сіламі супрацоўніц музея

Дарэчы, з нагоды «Міжнароднага Дня перакладчыка» ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі – дакладней, у залі беларускай літаратуры – таксама зладзілі выставу (прадоўжыцца да 13.11.2018). І там не абмінулі Кульбака, а таксама Керэта, Вайля…

Фота з nlb.by

А выставу «Незабыўны маэстра» (дзейнічала ў Мінску з 30 кастрычніка да 5 лістапада) наведаць не выпала, таму проста прапаную ўрыўкі з прэс-рэліза Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры:

Выстаўка падрыхтаваная да 100-годдзя з дня нараджэння беларускага дырыжора, педагога, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР (1964) Іосіфа Самуілавіча Абраміса. Нарадзіўся 29 кастрычніка 1918 года ў Мінску…

20 чэрвеня 1941 года скончыў як валтарніст Беларускую дзяржаўную кансерваторыю (зараз — Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі). Творчыя планы давялося адкласці. Цяжкія гады вайны Іосіф Самуілавіч прайшоў байцом-сувязістам, апошнія месяцы — музычным кіраўніком. Быў узнагароджаны медалямі і ордэнам Чырвонай Зоркі…

У 1979 годзе Іосіфа Абраміса запрасілі ўзначаліць аркестр Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Беларусі. За тры гады ён прыкметна падняў агульную музычную культуру тэатра і прыняў удзел у пастаноўцы спектакляў, якія па праву лічацца візітнай карткай тэатра: «Несцерка» Р. Суруса (1979) і «Лятучая мыш» І. Штрауса (1981).

На выстаўцы будуць прадстаўлены афішы, фотаздымкі, нотныя рукапісы, асабістыя рэчы дырыжора.

Дадам, што памёр маэстра ў родным горадзе, калі быў яшчэ не зусім стары (29.09.1984).

«Вольфаў цытатнік»

«Анекдоты – пожня, дзе людзі падбіраюць каласкі пасля вялікага жніва гісторыі» (Франсуа-Мары Аруэ, ён жа Вальтэр, 1751)

«Музыка адэкватная поўніцы жыцця праз рытм. Музыка Бітлз гэта спэктар перападаў ад заміраньня сэрца дзіцяці, якому млосна без маці альбо таты, да рушлівай хвалі сэрцабіцьця пры чаканай сустрэчы. Папса гэта аптымістычны стук сэрца паядальніка сьвініны» (Яўген Бяласін, з кнігі «На пераломе», Брэст, 2015).

«Адзінства вымагае іерархіі – а значыць, сацыяльнай архаікі Любое развітае грамадства моцнае не адзінствам, а гарызантальнымі сувязямі, шматпартыйнасцю, канкурэнцыяй, актыўнымі сацыяльнымі групамі, індывідуалізмам прыватных інтарэсаў. То бок багатай, вольнай і канкурэнтнай шматстайнасцю» (Аляксандр Хоц, 04.11.2018).

Вольф Рубінчык, г. Мінск

05.11.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 05.11.2018  21:36