Дзень добры! Загаловак вы, зразумела, не маглі не пазнаць 🙂 – гэта каліва пераробленая назва аўтабіяграфічнай аповесці Алены Васілевіч «Пачакай, затрымайся…», дзе пра перадваеннае жыццё беларускіх студэнтак (і студэнтаў). У снежні 2022 г. Алене Сямёнаўне споўнілася б 100 гадоў, але год таму, 08.08.2021, яна пайшла ў лепшы свет. Іранічна глядзяцца радкі з яе твора 1960-x гадоў:
На грудзях у мяне апрача значкоў ГСО і ПВХО яшчэ прыколаты значок МОПРа. Кожны месяц плачу я (і мне наклейваюць маркі) пяць капеек у фонд міжнароднай арганізацыі дапамогі рэвалюцыянерам. Мае ўзносы памагаюць гуртавацца міжнароднаму рэвалюцыйнаму руху. Недалёкі той час — кожны ў гэтым перакананы — калі міжнародны пралетарыят з’яднае свае шэрагі і пераможа сваіх уладароў-капіталістаў. Гэтак, як перамог пралетарыят у нашай краіне…
ГСО – «Гатовы да санітарнай абароны», ПВХО – «Гатовы да паветранай хімічнай абароны», МОПР – «Міжнародная арганізацыя дапамогі рэвалюцыянерам», бальшавіцкі аналаг «Чырвонага крыжа» (забаўна, што дагэтуль у Беларусі захаваліся вуліцы імя МОПРа – у Бабруйску, Брэсце…). Сумаваць савецкай моладзі ў канцы 1930-х – пачатку 1940-х адпаведныя органы яўна не дазвалялі.
А. Васілевіч і яе аповесць у перакладзе на рускую. Фота з адкрытых крыніц
Гэтым хуткаплынным летам і я не спаў у шапку. Сярод іншага, разважаў над наступным:
– ці з’яўляецца культура «гульнёй з нулявой сумай», а ў прыватнасці, варта арганізатарам імпрэзаў кшталту «Прадмова» адштурхоўваць удзельнікаў з Расіі або не варта (спойлер: не);
– адкуль растуць ногі ў прапагандных замалотаў пра «укранацызм» і нехарошую Літву, пра «шкодныя» грамадскія суполкі, якія да 2020 г. плённа працавалі ў Беларусі;
– спрыяюць рэпрэсіі папулярнасці «незалежнай беларускай культуры», альбо не надта;
– чаму рэалізацыя многіх будаўнічых праектаў (у Мінску і не ў Мінску) пакідае жадаць лепшага;
– як «дзяржаўныя людзі» РБ становяцца хадзячымі анекдотамі;
– наколькі ў тутэйшым урадзе пашырана «дзедаўшчына/бабаўшчына»;
– якія мэты крымінальнага пераследу ўдзельнікаў «беспарадкаў», што мелі месца два гады таму (дарэчы, у жніўні 2022 г. колькасць палітзняволеных у РБ перавысіла 1300);
– ці прыдатны прынцып «калектыўнай адказнасці» для кіравання сучаснымі жыхарамі Беларусі;
– што можна адказаць на наступ шэрасці ў літаратуры, навуцы, еtc.;
– куды прыйшла «шахматная супольнасць краіны» пасля адмовы ўрада РБ (лета 2020 г.) ад сусветнай шахалімпіяды.
На мой одум, усе тэмы заслугоўвалі ўвагі (крыху яшчэ і спяваў :)) Зваротная сувязь жа заставалася… хай сабе ранейшай. І шэрасць надалей крочыць па галовах краіне з «хітамі» кшталту «За агранома», выпрошваючы сабе прэміі ды медалькі, ствараючы інфармацыйны шум.
«Служыў Гаўрыла аграномам…»; «Хвароба гэта здароўе»
Заўтра яшчэ і «вясёлы» навучальны год пачнецца – з уніформай і жэстачайшай дысцыплінай, але без «нацменскіх» моў у праграме навучання. Малюнак… не помню, адкуль скапіяваў. Магчыма, з kasparov.ru
Цягам летніх месяцаў стаміўся ад усяго пералічанага. Таму, а таксама з іншых прычын, перадаю слова сваім карэспандэнтам.
Першы па ліку, але не па значнасці – чытач «НН», фізік, які даслаў мне ўрыўкі са свайго праекта перабудовы грамадства (шалом, Міхал Сяргеіч Гарбачоў, памерлы 30.08.2022), дадаўшы: «Трымаюся ананімнасці, бо жыву пад дыктатурай. Ваша ацэнка “бягучага моманту” блізкая да маёй. Як стары бэнээфавец, я не займаю пазіцыю назіральніка, а падтрымліваю ўсіх і ўсё, што працуе супраць дыктатуры ў межах сваіх магчымасцей. Сёння лёс Беларусі вырашаецца пад Лісічанскам і Херсонам. Вельмі шкада Васіля Парфянкова, з якім быў трошкі знаёмы».
Ідэі пана, які схаваўся пад псеўданімам shyn2010, заснаваныя на «Агульнай Тэорыі Сістэм». Урыўкі:
Чалавек – гэта біялагічны камп’ютар. Вядомыя усім камп’ютары сёння вырабляюцца на базе крышталяў крэмнія, а чалавек створаны ў асноўным на малекулах вады… Светапогляд па сваіх функцыях можна параўнаць з аперацыйнай сістэмай камп’ютара.
Свабода выкарыстання чалавекам біясферы мусіць быць абмежаваная, як і свабода размнажэння людзей (за 70 гадоў – 1945–2015 гг. – насельніцтва Зямлі павялічылася ў 3 разы).
Свабода выкарыстання сродкаў і метадаў пры канкурэнцыі людзей і краін таксама не можа быць бязмежнай, інакш узнікае рызыка глабальнага самагубства.
Варыянт стратэгіі, які б забяспечыў будучыню нашчадкам, — утварэнне пасёлкаў са шчыльнасцю да 2000 чалавек на кв. км, што дазваляе эканоміць на інфраструктуры, пры гэтым не вітаецца жыццё ў «тэрмітніках» — высокіх шматкватэрных дамах, жалезабетонных «бараках». Ад 30% да 50% плошчы кожнай краіны варта пакідаць у «дзікім стане», незабудаванай, незасеянай, закансерваванай для нашчадкаў.
Этнасаў на Зямлі некалькі тысяч, але дзяржаў толькі каля 200, таму большасць з іх шматэтнічныя, як Расейская Федэрацыя, дзе жыве больш 100 этнасаў. Прыкладам эфектыўнай дапамогі дыяспары развіццю сваіх нацыянальных дзяржаў ёсць дзейнасць жыдоўскай і кітайскай дыяспар. Кожная нацыя мае свае нацыянальныя інтарэсы, фармулёўка і ажыццяўленне якіх з’яўляецца галоўнай задачай эліты.
Да адкрытых ідэалогій, здольных да развіцця, можна аднесці лібералізм, нацыяналізм, сацыялізм (заходні) і, як ні дзіўна, кансерватызм. Апошні, у маім вызначэнні, базуецца на хрысціянскіх і дэмакратычных каштоўнасцях і ўлічвае негатыўныя вынікі гістарычных эксперыментаў, хаця часта тэрмін «кансерватызм» выкарыстоўваецца ў іншых значэннях. Рэлігіі варта разглядаць як ідэалогіі.
I сваеасаблівае рэзюмэ: «Калі чалавецтва не мае здольнасці развязваць глабальныя праблемы, тады Апакаліпсіс».
Усё гэта даволі цікава, тут я працытую «сябе любімага», узору 2017 г.: «Грамадства дагэтуль жыве збольшага “ад авансу да палучкі” або “ад пенсіі да пенсіі”, і важна, каб яно хоць калі-некалі зазірала за далягляд. Cапраўды, жыхары краіны заслугоўваюць лепшай долі; нават утапічныя праекты, якія падштурхоўваюць да роздумаў, памысныя ў гэтым плане». Але не магу сказаць, што рэцэпты лепшага жыцця ад shyn2010 мяне пераканалі… дый сам аўтар агаворваецца, што камп’ютар, у адрозненне ад чалавека, не валодае ні эмоцыямі, ні мараллю, ні падсвядомасцю. Тым не менш запрашаю чытачоў да дыскусіі.
Шашыст Віталь Аніська не імкнецца перарабіць увесь свет, а рупліва даследуе мінуўшчыну… і карысці ад гэтага, па-мойму, болей. Колькі дзён таму ён выявіў дакументы, датычныя навучання Ізі Харыка (на пачатку 1920-х – паэта яшчэ мала вядомага) у Беларускім дзяржаўным універсітэце.
Крыніца: НАРБ, ф. 205, воп. 1, спр. 943, 946, 95
Каментарый В. Аніські, 30.08.2022: «Заліковая картка студэнта медыцынскага факультэта БДУ Іцкі-Лейбы Давідавіча Харыка і частка спісу студэнтаў на 1921/22 акадэмічны год. Калі правільна разабраў, адрас Харыка – вул. Нова-Раманаўская, 33–2. Прозвішча Харыка яшчэ некалькі разоў сустракаецца ў дакументах медфака. 17 лютага 1922 года загадам ваеннага камісара факультэта яму быў прадастаўлены шасцідзённы водпуск для паездкі ў Зембін па сямейных абставінах. 4 сакавіка 1922 года 55 студэнтам трэба было прыйсці ў канцылярыю ваенкамата факультэта для праверкі адносінаў да воінскай павіннасці. Харык не прыйшоў; яго прозвішча разам з 30 іншымі фігуруе ў паўторным загадзе, выдадзеным пазней у сакавіку, з патрабаваннем наведаць ваенкамат ужо пад пагрозай прызнання дэзерцірам у выпадку няяўкі». Удакладненне краязнаўца Вадзіма Зелянкова: «Нова-Раманаўская потым была пераназваная ў Рэспубліканскую, а цяпер гэта, зважаючы на нумар дома, Кальварыйская». Апошняе спрэчна, бо Кальварыйская была і 100 гадоў таму, асобна ад Нова-Раманаўскай (гл. верхні радок у другім дакуменце). Хутчэй за ўсё, кватараваў Харык недзе ў раёне Юбілейнай плошчы.
Я дык і не ведаў, што малады Ізі (Ісак Давідавіч) Харык меў двайное імя Іцка-Лейб і жыў на Нова-Раманаўскай – мяркую, у Мінску-2022 да архіўнай знаходкі ніхто не ведаў. Зрэшты, у біяграфіі паэта, нягледзячы на ягоную «культавасць», увогуле хапае «белых плямаў»; не адмаўлялася тое ні ў маёй лекцыі-2017, ні на «Штэтлфэсце»-2021.
***
Пакуль што ў Беларусі афіцыйна існуе 15 палітычных партый. Новыя не рэгіструюцца дзесяцігоддзямі, дый многія старыя, як абяцаюць чыноўнікі, вось-вось пойдуць «пад нож». Сярод кандыдатаў на ліквідацыю – «нелаяльныя» сацыял-дэмакраты, aka БСДП пад кіраўніцтвам 40-гадовага магістра палітычных навук Ігара Барысава. Далёкая ад мяне гэтая партыя; разам з тым, улічваючы ўсе акалічнасці, вырашыў перадрукаваць заяву ейнага ЦК «Аб захаванні і пашырэнні ўжытку дзяржаўнай беларускай мовы» ад 25.07.2022. Раптам улады спалохаюцца – і самі пяройдуць на беларускую, і школкі перавядуць? 🙂
Зыходзячы з таго, што беларуская мова з’яўляецца дзяржаўнай мовай, а таксама беларуская мова (вусная і пісьмовая) адносіцца да нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці нашай дзяржавы, а таксама ўяўляе сабою каштоўнасць для ўсяго чалавецтва, то яна павінна быць захаваная як частка культуры чалавецтва.
ЦК БСДП пастанаўляе:
1) Развіццё, выкарыстанне, удасканаленне і шырокае распаўсюджванне беларускай мовы з’яўляецца прадметам клопату БСДП.
2) Партыя выступае за прыняццё новага закона аб мовах у Рэспубліцы Беларусь, які забяспечыць юрыдычныя і эканамічныя падставы для пашырэння і развіцця беларускай мовы і створыць умовы ўкаранення яе ва ўсіх дзяржаўных і недзяржаўных сферах і за межамі Беларусі.
3) БСДП прапануе стварыць міжведамасную навуковую ўстанову, якая б займалася захаваннем чысціні беларускай мовы, аховы яе ад засмечвання іншамоўнымі словамі і сінтаксічнымі канструкцыямі, пошукам беларускіх сінонімаў іншамоўным словам.
4) Партыя выступае за штогадовыя парламенцкія слуханні па пытаннях аб стане беларускай мовы і перспектывах яе развіцця.
5) Рэгіянальныя структуры партыі праводзяць работу дзеля адкрыцця ў сваіх рэгіёнах беларускамоўных дзіцячых садкоў, школ і гімназій.
Пакуль партыйцы тужыліся, нараджаючы & публікуючы гэткі магутны дакумент, даўні аўтар belisrael д-р Уладзіслаў Гарбацкі вандраваў па Літве. Яго здымкі:
Старыя могілкі ў Мусніках (Муснінкай), чэрвень 2022 г.
Сінагога і могілкі ў Жыжмарах (Жыжмарай), жнівень 2022 г.
Мястэчкі Муснінкай і Жыжмарай знаходзяцца недалёка ад Вільнюса, як ехаць у бок Балтыйскага мора.
Вольф Рубінчык, г. Мінск
31.08.2022
w2rubinchyk[at]gmail.com
Апублiкавана 31.08.2022 23:38