В. Рубінчык. Азірнуўся не ў слязах

Шалом! Як пастаянныя чытачы ведаюць, мой дзень народзінаў — у канцы чэрвеня. З некаторых пор пачаў не так святкаваць яго, як падбіваць у гэты дзень прамежныя вынікі.

Ужо не рызыкую чотка размяжоўваць усё, што адбылося за год, на добрае і кепскае. Зразумела, што вайна ў суседзяў са шматтысячнымі чалавечымі ахвярамі — гэта пагана, а як наконт хваробы, перажытай увосень?.. Мaжліва, дзякуючы «цытакінаваму шторму» зарабіў імунітэт, якога не дала б ніякая прышчэпка.

Бадай, галоўнае – нікога не здрадзіў ды не падвёў праз уласнае раздзяўбайства. Паўдзельнічаў у цікавых праектах – «Штэтлфэст», рэдактура вялікага французска-беларускага слоўніка, падрыхтоўка фаліянта пра яўрэйскі Слуцк (вось-вось выйдзе друкам), агучка фільма пра ўцекачоў з гета. За «справаздачны» перыяд нашрайбаў з паўсотні фельетонаў — пра справы беларускія, яўрэйскія ды беларуска-яўрэйскія. Сёлета актывізавалася работа майго ютуб-канала (праўда, падпісчыкі па-ранейшаму пералічваюцца на пальцах аднэй рукі).

Тое, што бачыў навокал, энтузіязму не дадавала. Памерла мноства знаёмых: трэнеры па інтэлектуальных гульнях Уладзімір Лебедзеў (уладальнік «дыяментавай савы» з Пінска), Генадзь Лібаў, Аляксандр Паўловіч, Леанід Суднікаў. Таварышы ў літарацкіх шахматных турнірах: Яўген Бяласін, Яўген Кудраўцаў, Уладзімір Сіўчыкаў. Журналісты і даследчыкі: Уладзімір Ляхоўскі (з Ляхоўскім, праўда, толькі завочна быў знаёмы), Адам Мальдзіс, Уладзімір Пучынскі, Барыс Тасман. Авой, і пагаварыць не будзе з кім?..

Не тое каб з кожным часта камунікаваў, але – у прынцыпе, мог бы. Мяркую, год таму ніхто б не адмовіўся ад кантактаў, нават Сіўчыкаў і Суднікаў (каліва напружаныя з імі былі адносіны, ды я ніколі не «ляпаў дзвярыма»).

Досыць нечаканае віншаванне атрымаў 8 мая 2021 г. ад пісьменніка Кудраўцава, ён жа Травень:

Шаноўны дружа, віншую Вас з Сьвятам Перамогі нашых дзядоў і бацькоў. Таксама пасылаю Вам фота нашага ўдзелу ў спаборніцтве. У свой час Вы сваёй тактоўнасьцю, ветлівасьцю і добразычлівасьцю зьвярнулі маю ўвагу і я з ўдзячнасьцю гуляў з вамі чарговую партыю ў шахматы не клапоцячыся аб вынікаў самой гульні. Кастусь Травень.

Гэдак мы збіраліся 21.03.2021 – апошні раз перад фармальнай ліквідацыяй Саюза беларускіх пісьменнікаў. Адказаў я старэйшаму таварышу: «Спадзяюся, знойдуцца яшчэ магчымасці для сустрэч, абмену думкамі». Але больш пабачыцца з ім не выпала — у кастрычніку Я. Кудраўцаў адышоў у лепшы свет.

Баліць і тое, што за апошні год не былі вызвалены (напрыклад, па амністыі ў сувязі з прыняццем новай канстытуцыі) мае даўнія знаёмцы Алесь Бяляцкі, Павел Севярынец, Валянцін Стэфановіч, карэспандэнт belisrael Сяргей Спарыш ды іншыя. Больш за тое, пад раздачу трапілі іншыя людзі, з якімі так ці іначай перасякаўся, – менеджэрка Таццяна Кузіна, філолаг Андрэй Кузнечык, філосаф Уладзімір Мацкевіч. Кузнечыку тры тыдні таму прысудзілі 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Мацкевічу на днях – 5 гадоў. Тое, што судовыя працэсы адбываліся кялейна, як бы намякае на хісткасць абвінавачванняў… Сярод мэтаў крымінальнага пераследу, выглядае, ці не асноўным было запалохванне моладзі, каб менш разважала і пярэчыла.

Шмат ужо было сказана пра закрыццё ў Беларусі грамадскіх аб’яднанняў, кіраўнікі якіх аблыжна абвяшчаліся «экстрэмістамі», «нягоднікамі», etc., і пра тое, што ажывіліся ідэалагічныя службы, прагныя перапісаць мінулае ды сказіць вобраз сучаснасці. Адзін «разумнік» з дэпутацкім значком дагаварыўся да таго, што Літвы як дзяржавы зараз не існуе…

Напэўна, Сяргей К. — і яго калегі з дзярждумы РФ — слаба вывучалі вялікую і магутную рускую літаратуру, прынамсі не чыталi казку Салтыкова-Шчадрына пра руплівага начальніка-самадура. Нават гэны карыкатурны персанаж, калі яму прапанавалі «зноў закрыць Амерыку», запытаўся: «Але ж гэта, здаецца, ад мяне не залежыць?»

Ды што шараговы дэпутат «палаткі» – тут чалавек, які ўважае сябе за міністра замежных спраў РБ, сустрэўся з Якавам Кедмі – медыяклёвунам, які, раздаючы пагрозы ад імя Расіі на адрас Украіны і Вялікабрытаніі, чамусьці лічыць сябе палітолагам. Нават калі б ізраільскі спецслужбовец, адстаўлены аж 23 (!) гады таму, сапраўды займаўся аналітыкай, кансультавацца з ім – узровень міністра? Між тым «СБ» паведаміла 20.06.2022, што суразмоўцы «зацікаўлена і падрабязна абмяняліся меркаваннямі па самых актуальных пытаннях сусветнага і рэгіянальнага парадку дня». Наступным крокам для Макея будзе, відаць, зацікаўлены дыялог з Амірам Мульнерам – вельмі ўплывовы ў Ізраілі чалавек, з харошай сям’і, мае сувязі міжнароднага характару! Яму, без сумневаў, ёсць што сказаць па «самых актуальных пытаннях» 🙂

Цешыць хіба тое, што публічная сустрэча чыноўніка з прапагандыстам ладзілася не па лініі міністэрства замежных спраў Ізраіля, прынамсі ў акаўнце ізраільскага пасольства ў РБ пра яе ніц няма.

Мнагавата цяпер у Сінявокай карузлікаў, якія лічаць сябе волатамі, лёгка дазваляючы сабе істэрычныя празмерныя рэакцыі… Пра тое ж і гісторыя ў жыллёвым комплексе «Каскад», дзе 48-гадовы палкоўнік міліцыі, немалы чын у сваёй міністэрыі, дастаўшы «люлей» ад падлетка ў двары, пачаў cтраляць па ім і параніў (на шчасце, не смяротна). Нешта падобнае здаралася на Новы 2017-ы год у іншым раёне Мінска, але там: а) міліцыянт быў усё-ткі нявопытны, 23-гадовы; б) супраціўляўся яму дарослы чалавек нападпітку. Паводзіны ж палкоўніка нагадалі пра іншы казус:

24 верасня 2001 года [Авігдор] Ліберман прызнаўся ў Іерусалімскім раённым судзе, што напаў на 12-гадовага хлопчыка з паселішча Тэкоа за тое, што той ударыў яго сына. Інцыдэнт адбыўся ў 1999 годзе ў паселішчы Накдым. Сын распавёў Ліберману, што яго збілі тры хлопчыкі. Ліберман адшукаў аднаго з іх і ўдарыў яго па твары. Хлопчык упаў і  атрымаў траўму. Ліберман схапіў дзіцёнка за руку і за каўнер, адвёў яго ў дом яго бацькоў у Тэкоа і прыгразіў, што нападзе на яго ізноў, калі той завітае ў паселішча Накдым. Ліберману выставілі абвінавачванне ў нападзе і пагрозах. Ён прызнаўся ў здзейсненым і пайшоў на юрыдычную здзелку. У выніку яму быў прысуджаны толькі  штраф у памеры 7500 шэкеляў на карысць дзяржавы і 10000 шэкеляў на карысць пацярпелага – у абмен на тое, што ён абяцаў суду не паўтараць падобнага ў будучыні.

З аднаго боку, Ліберман напаў на 12-гадовага хлопчыка, а не на 16-гадовага. З другога – яму ўсё ж хапіла глуздоў не ўжываць зброю. Пасля 2001 г. прыхільнік сілавога развязання дзіцячых канфліктаў пабываў міністрам транспарту, замежных спраў, абароны, і вось ужо год служыць міністрам фінансаў Ізраіля. Няйначай і тутэйшы ахвіцэр прагне стаць хаця б намеснікам міністра… Ну, я-то крыху супраць, але хто ў мяне зараз пытаецца?

Разам з тым, вяртаючыся да пазітыўных момантаў у ліпені 2021 г. – чэрвені 2022 г., нагадаю пра ўключэнне крыніцы з пітной вадой па дарозе на Камсамольскае возера (учора-сёння, праўда, крыніца зноў не фунцыкліравала, нягледзячы на спякотнае надвор’е). І пра адноўленую працу фантана ў Кіеўскім скверы, а таксама пра вяртанне ў гаспадарчы абарот каштоўных памяшканняў на бульвары Шаўчэнкі (і на вул. Веры Харужай). Але ўсё гэта – у параўнанні з тым, пра што я казаў у пачатку – толькі прыемныя дробязі, якія не мяняюць агульную карціну. Кшталту «мастацкай самадзейнасці» у якой-небудзь ГУЛАГаўскай установе.

Была ў нас каля названага фантана і самадзейнасць, анягож — сам чуў, прычым не далей як пазаўчора. Tам, дзе «ды-джэі Перамен» Кірыл і Ўлад у 2020 г. урубалі Цоя, ансамблі з дома ветэранаў (?) цяпер зайгралі «Рыя-Рыту» і старыя савецкія песні, напрыклад «Ідзе салдат па горадзе…» Публікі сабралося чалавек 20, таму агітпроп ад вядучай («Мы жывем у стабільнай краіне, дзе многае робіцца ў сацыяльнай сферы») развеяўся ў паветры.

Мо лепей перакінулі б рэсурсы на стадыён пры суседняй школе № 35… Абяцанка на стэндзе — рэканструяваць да 28.06.2022, аднак ужо ясна, што ні заўтра, ні пазаўтра стадыёна ў прыстойным выглядзе тут не будзе

Шматпакутны басейн на Кахоўскай, 74 — пісаў у жніўні 2021 г. пра яго «рамонт» з 2018 г., за 300+ дзён справа не зрушылася. Забраць бы яго ў клуба прафсаюзаў (чаго вартае кіраўніцтва ФПБ, яно паказала ўлетку 2020 г.) і аддаць за мінімальны выкуп тым, хто здолеў бы нармальна распарадзіцца пляцоўкай у Мінску-Цэнтральным, стварыўшы тузін-другі працоўных месцаў

Адказ на загадку, выстаўленую 15 чэрвеня г. г. На месцы дома па вул. Кахоўскай, 17 яшчэ 30 год таму было некалькі прыватных дамкоў Кахоўскага завулка. У ХХІ ст. знік завулак з карты горада М., і наўрад ці знойдзецца новы Мойшэ Кульбак (або рэжысёр Ігар Дабралюбаў, каторы «Белыя Росы» зняў), які абмалюе жыццё колішніх ягоных жыхароў.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

27.06.2022

w2rubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 27.06.2022  23:43