Шалом, навагодняга ўсім аліўе і кашэрнага алею «Шалом»! Сёння, даруйце, зноў пра Ігара Марзалюка (тутака 28.12.2021 было пра яго). Што паробіш, калі гэты член-карэспандэнт Акадэміі навук, «старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы, член Савета Палаты прадстаўнікоў», etc., etc. ізноў вылез са сваёй агрэсіўнай рэкламай «праекта Канстытуцыі» (а калі ўлічваць, што Ігар уваходзіць у «канстытуцыйную камісію», то і з самарэкламай). Учора, 30 снежня, яго пасланне было адрасавана беларускамоўным, у прыватнасці, незалежнікам і аматарам творчасці Максіма Багдановіча…
Рэдкае слова «браначка» – менавіта з верша Багдановіча, ды ўжыў яго дохтур навук так бязглуздзенька, што аж смешна ў роце. Значыць яно – «паланянка, палонніца».
Выходзіць «…гэта тая краiна-палонніца, якую мы ўсе разам будуем». Прагаворка паводле Фрэйда? 😉 Цікава, што рэдактар «СБ» Дзмітрый Жук у 1992 годзе скончыў філалагічны факультэт БДУ па спецыяльнасці «выкладчык беларускай і рускай моў і літаратуры». У 1992—1993 гадах, як сведчыць вікіпедыя, «працаваў выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў школе-гімназіі ў Мінску». Апрыёры, мусіў быў ведаць, што за «браначка»…
Дапраўды, калі праект будзе прыняты, ён можа завесці краіну, куды Макар цялят не ганяў. Цяпер арт. 18 Канстытуцыі гаворыць: «Рэспубліка Беларусь ставіць на мэце зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а дзяржаву — нейтральнай», што, у прынцыпе, разумна. Прапанавана ж замяніць гэты сказ на «Рэспубліка Беларусь выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі ў адносінах да іншых дзяржаў», г. зн. адкрываецца брама для ядзернай ды іншай «абарончай» зброі. Знакам тым, рызыка ўцягвання Сінявокай у міжнародныя канфлікты значна ўзрастае… Агрэсіі мо і не будзе, але можа быць такая «самаабарона», што не застанецца каменя на камені 🙁
Падазрона выглядае і сказ, уведзены ў арт. 54 праекта: «Праяўленне патрыятызму, захаванне гістарычнай памяці аб гераічным мінулым беларускага народа з’яўляюцца абавязкам кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь». У лепшым разе гэта добрыя намеры, каторымі вядома куды вымашчана дарога (патрыётам і захавальнікам гістарычнай памяці няможна стаць «па загадзе», нават калі загад набыў форму Канстытуцыі). У горшым… размовамі пра патрыятызм прыкрыюць выцягванне грошай з бюджэтаў, дый непасрэдна з кішэняў грамадзян (хто не вывесіў сцяг перад сваёй цырульняй або аптэкай, той не выканаў абавязак?).
Што характэрна, не паспеў адбыцца «рэферэндум», як паводле пастановы ўрада №773 ад 29.12.2021 утварылася групоўка «прафесійных патрыётаў» – «Рэспубліканскі міжведамасны каардынацыйны савет па патрыятычным выхаванні насельніцтва Рэспублікі Беларусь». Не абышлося без тых самых Марзалюка і Жука, да якіх далучаны яшчэ пяць дзясяткаў «асобаў рознай пробы»… Сярод іх нямала «сілавікоў» ды ідэолагаў, у тым ліку яскрава прарасійскіх – ім і даручана пад эгідай міністэрства адукацыі РБ у бліжэйшыя чатыры гады «умацоўваць незалежную беларускую дзяржаву, забяспечваць далейшую кансалідацыю беларускага грамадства», што само па сабе забаўна (ну, было б забаўна, калі б не наганяла сум). Зрэшты, я не здзіўлены, і той, хто прачытае гэты вераснёўскі фельетончык, не будзе здзіўлены таксама.
Даволі падрабязна праблематычнасць чарговай дзяржаўнай праграмы, арыентаванай гэтым разам на «прадстаўнікоў усіх пластоў беларускага грамадства і ўзроставых груп насельніцтва Рэспублікі Беларусь», распісаў Ігар Лянкевіч з сайта reform.by. Хіба дадам, што савет на 50 чалавек сам па сабе недзеяздольны, гэта давёў у сваіх «законах» яшчэ стары Сірыл Паркінсан. Але часу і грошай сваёй мітуснёй здольны зжэрці багата.
Духам, а дзе-нідзе і літарай, «Праграма патрыятычнага выхавання насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2022 – 2025 гады» вельмі нагадвае парадыйны твор Казьмы Пруткова «Праект: аб увядзенні адзінадумства ў Расіі» (1859). Апошні быццам бы да «Года народнага адзінства» быў напісаны… што чарговы раз пацвярджае скочванне сучаснага беларускага палітыкуму ў архаіку.
Прыступ. Навучыць публіку. Заганарылася. Маладосць; навукі; няспеласць!.. Бздура!.. Перакананні. Непавага да меркавання старэйшых. Безуладдзе. «Уласнае» меркаванне!.. Ды ці можа быць уласнае меркаванне ў людзей, не ўдастоеных даверу начальства?! Адкуль яно возьмецца? Чым абгрунтаванае? Калі б пісьменнікі ведалі што-небудзь, іх паклікалі б служыць. Хто не служыць, той няварты, значыць, і слухаць яго няма чаго. З гэтага боку яшчэ ніхто не падрываў аўтарытэт у нашых пісьменнікаў: я – першы. (Націснуць на тое, што я – першы. Гэта можа дапамагчы кар’еры. Далей развіць тое самае, але ў іншых выразах, мацней і падрабязней.)
Трактат. Відавочная шкода адрозненняў у поглядах і перакананнях. Шкода ад нязгоды ў меркаваннях…
К. Пруткоў. Малюнак Л. Жамчужнікава
Гэта класіка, а шматстаронкавую праграму цытаваць больш не стану, хто захоча, знойдзе й параўнае самастойна. От, хіба яшчэ адно пытаннечка да рэдактара «СБ»: вольнае абыходжанне з чужымі крыніцамі (месцамі – проста перапісванне іх) спалучаецца з патрыятызмам або не? 😉
Напрыклад, пра «барда» Ю. Лазу можна пачытаць «аўтарскі» матэрыял на sb.by 24.12.2021…
Аналаг 2019 г. на папсовым расійскім сайце. Sapienti sat
Бадай, хопіць пра сумнае – свята на носе. Спецыяльна для сапраўдных патрыётаў хочацца паказаць фота зімовай Беларусі, якімі ласкава падзялілася мінчанка Вольга Бабкова…
Здагадайцеся, дзе што знята. З надыходзячым, родны край і добры люд!
Вольф Рубінчык, г. Мінск
31.12.2021
w2rubinchyk[at]gmail.com
Апублiкавана 31.12.2021 17:05