Tag Archives: Юрий Кувалдин

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (98)

Шаломчык марозны! На пачатку года новага ўсё яшчэ цягне падводзіць рысу пад мінулым…

2018-ы быў год як год, для мізантропа самае тое – з баранамі, авечкамі, ваўкамі і ваўчыхамі, ды вельмі тонкай праслойкай людзей. Насельніцтва краіны зменшылася на яшчэ адзін раённы цэнтр («РАЙцэнтр» у гэтым кантэксце гучала б цынічна нават для мяне) – нічога дзіўнага. Здаецца, да нас ужо не так ахвотна едуць з Украіны, як тое было ў 2014–2016 гг.

Машыях не прыйшоў. Праўда, убачылі свет «Выбраныя катлеты і мухі» (36 серый), змяніліся прэм’ер-міністр, некалькі віцэ-прэм’ераў, міністры фінансаў, эканомікі, архітэктуры і будаўніцтва, etc., начальнік Мінска… Крутых перамен аз грэшны пакуль што не адчуў; хутчэй выглядае на тое, што нарыў унутры дзяржсістэмы спее і вось-вось прарвецца. Калі на сайце government.by не ўмеюць прозвішчы-імёны-па-бацьку міністраў акуратна пісаць, то куды ўжэ.

Год таму, у студзені 2018 г., байкар ад культуралогіі Віктар М. каторы раз вырашыў самасцвярдзіцца, гукнуўшы: «Дзве Беларусі робяцца адной». Гэтак ён прадоўжыў-утылізаваў думку Святланы Алексіевіч, выказаную ў канцы снежня 2010 г.: «Ужо няма адной, ужо дзве Беларусі». М. даводзіў, што ў 2017 г. пачаўся працэс збліжэння афіцыйнай, «датацыйнай» Беларусі, і «андэграўнду»: «Мы ўсе мусім навучыцца з’ядноўвацца… Бо, ведаеце, дзве краіны для дзесяцімільённага народа — гэта зашмат». Што й казаць, думка глыбокая, вартая Ксеніі Сітнік з дзіцячага еўрабачання-2005: «О-а-о, только вместе мы большая сила»… Пастка, аднак, у тым, што саступкі альтэрнатыўнікам рабіліся ў драбніцах, на маргінэсе, а ў галоўных сферах, як паказаў 2018-ы год, ніхто і не збіраўся «злівацца ў экстазе».

Сярод прыкмет збліжэння аўтар называў «Кангрэс даследчыкаў, які рыхтуюцца правесці [Андрэй Казакевіч і кампанія] ў Беларусі ў супрацы з Акадэміяй навук». Пра супрацу «незалежных» і «залежных» беларусістаў было абвешчана ў снежні 2017 г., cем месяцаў нібыта вялася падрыхтоўка, але раптам выявіліся «арганізацыйныя складанасці»… У выніку Кангрэса-2018 не адбылося ні ў Мінску, ні ў іншым месцы, а сёлета яго, як і ў першай палове 2010-х, плануюць правесці «на выгнанні» – у Літве.

Летась аматараў Беларускай народнай рэспублікі пусцілі на юбілейны канцэрт, арганізаваны за накраўдфаўнджаныя грошы, у «загон» каля Опернага тэатра, але шыльду на будынку, дзе ў 1918 г. была прынята Трэцяя ўстаўная грамата (Мінск, Валадарскага, 9), так і не дазволілі павесіць. Не дапамаглі і звыш 3 тысяч подпісаў, адпраўленых у Мінгарвыканкам у кастрычніку.

Карацей, «пакуль сонца ўзыдзе, раса выесць вочы». Ці не адзінае дасягненне «дзяржаўна-недзяржаўнага партнёрства» 2018 г. – памятны знак у Курапатах, адкрыты з санкцыі міністэрства культуры ў лістападзе. Аднак месца згубы тысяч людзей і з гэтым знакам, на жаль, не зрабілася ўсеагульнай святыняй. І ўжо ў сярэдзіне снежня якісьці вандал надрапаў на ім зорку Давіда.

Існуе меркаванне, што ўсіх яднаюць шахі… Што выйгранае ў Батумі права на шахматную Алімпіяду ў Мінску (2022) здольнае мабілізаваць і «левых», і «правых», і лукашыстаў, і антылукашыстаў. Адылі сумняюся: ну, хаця б таму, што звычайныя («класічныя») шахматы перасталі быць гульнёй, якая дапраўды інтрыгуе. Намаганні дамы, што пазалетась ачоліла Беларускую шахматную федэрацыю, давесці свае тэзісы да самых розных аўдыторый («Беларусь сегодня», «Народная воля», «Звязда», «Прессбол», «Радыё Свабода»…), самі па сабе заслугоўваюць ухвалы. З другога боку, БФШ летась нарабіла глупстваў і апрача сумнавядомага канфлікту, раздзьмутага на роўным месцы. Пра нешта-нейкае чытайце тут, хоць я б і не падпісаўся пад усімі каташукоўскімі «вынікамі года». І ёсць што дадаць:

Нябожчык года – Віктар Давыдавіч Купрэйчык, 03.07.1949 – 22.05.2017. Дагэтуль лічыцца членам БФШ пад № 535 і, гледзячы па ўсім, ад яго чакаюць унёскаў за 2018–2019 гг. (!)

Дапускаю, што, калі грунтоўна папаварочаць спіс членаў федэрацыі (1994 прозвішчы), знойдзецца шчэ не адна «мёртвая душа»… У прынцыпе, лагічна, што чычыкаўшчына руліць і ў інтэрв’ю фронтвумен БФШ вышэйзгаданым СМІ. Напрыклад, Наста-віцэ-прэзідэнтка гутарыла з карэспандэнтам «РС» (11.10.2018): «Мы выхаваем добрых шахматыстаў, каб у нас зьявіўся свой Магнус Карлсэн. Нарвэгія 20 гадоў таму наогул да шахматаў ня мела ніякага дачыненьня. А цяпер у іх там бум, кожнае дзіця гуляе ў шахматы. А Беларусь жа мае традыцыі».

Па-першае, пра Нарвегію, якая да шахмат «не мела ніякага дачынення»… Пад канец 1990-х шахматныя традыцыі ў гэтай невялікай краіне былі крыху багацейшыя, чым у Беларусі: прынамсі чэмпіянаты Нарвегіі пачалі ладзіцца з 1918 г., БССР – з 1924 г. У 1970–1990-х гадах, г. зн. да выхаду М. Карлсена ў эліту, і нават да яго нараджэння (30.11.1990), усенарвежскія турніры – разам з адборачнымі – штогод прываблівалі сотні шахматыстаў. У сусветных шахматных алімпіядах зборная Нарвегіі ўдзельнічае з 1930 г., Беларусь (не блытаць з асобнымі яе прадстаўнікамі) – з 1994 г. Добра, калі актывісты Нарвежскага шахматнага саюза «ліхіх 1990-х гадоў» не прачытаюць інтэрв’ю функцыянеркі ФІДЭ і не затояць крыўды на ўсіх нас…

Па-другое, перш чым «Сінявокай» спаборнічаць з радзімай Фрыт’ёфа Нансена ды Рагнара Фрыша ў выхаванні шахчэмпіёнаў, варта падумаць пра тое, як дапяць хоць бы да паловы сярэднедушавога ВУП Нарвегіі-1998 (34788$). На хвілінку, у РБ ён, паводле звестак Сусветнага банка, складаў у 2017 г. 5726$.

Легенду пра тое, што шахматы – танны від спорту, лепей адкінуць: перспектыўным гульцам трэба частыя выезды за мяжу, паслугі трэнераў, кансультантаў… Карлсен – і яго супернік па матчы 2016 г. Сяргей Каракін – дасягнулі гросмайстарскага рэйтынгу 2500 у 13 гадоў. Напрошваецца вывад (аптымістычны, бо параўнальна з сярэдзінай 2000-х гадоў канкурэнцыя на вышэйшым узроўні абвастрылася), што, каб рэальна змагацца за сусветную карону, неабходна мець к 13 гадам 2420-2440 пунктаў Elo. Некаторыя шансы заняць «стартавую пляцоўку» для змагання ёсць хіба ў пары хлопцаў з гэтага беларускага спісу. Ну, спадзяваймася на цуд… і на тое, што дажджу стыпендый ад «прэзідэнцкага клуба» хопіць усім.

Па-дзеля мяне, «жэстачайшая шахматная вертыкаль» агулам састарэла – гадоў шэсць таму, як пачалі зачыняць шахаддзяленні ў рэгіянальных спартшколах, тое зрабілася відавочным. У 2013 г. я прапаноўваў ставіць у Беларусі не так на ілюзорныя спартыўныя перамогі, як на «гарызанталь», г. зн. на «сеціва народных гурткоў і клубаў інтэлектуальных гульняў». Але адміністрацыя прадказальна праігнаравала ідэю, і з 2015 г. фарсіруе ў Мінску «Нью-Васюкі».

Уразіла тое, што ў квазіэкспертным «Белорусском ежегоднике 2018», прысвечаным падзеям 2017 г., Барыс Т., аглядальнік з «Прессбола», пішучы пра спорт, не заўважыў ані змены кіраўніцтва ў БФШ, ані тэндэнцыі ператварэння шахмат у ідэалагічна важны, «іміджавы» від з гледзішча адміністрацыі прэзідэнта (дый увогуле пра іх не ўспомніў :)). Колішні вядучы шахаддзела ў «БДГ»…

Па-мойму, паводзіны большасці нашых «экспертаў» – а таксама палітыкаў і журналістаў – укладваюцца ў дзве вядомыя показкі: або яны шукаюць не там, дзе згубілі, а там, дзе відно (ігнаруюць небяспечныя праблемы), або прагнуць змяніць свет, пачынаючы з цырульні (перабольшваюць значэнне праблем адносна дробных). Зразумела, першы і другі тыпы паводзінаў лёгка спалучаюцца.

Вунь 27.12.2018 прэзентавалі даследаванне, прысвечанае плагіяту ў пісьмовых работах беларускіх студэнтаў. Так, студыёзусы перапісвалі чужыя работы (або фрагменты з іх), перапісваюць і, пэўна, яшчэ доўга будуць перапісваць. Мой досвед выкладання курсу «Асновы права» ў Акадэміі музыкі (2004-2005) пацвярджае, што «Многія выкладчыкі стараюцца не бачыць некаторыя формы плагіяту і вельмі паблажлівыя ў справе пакарання за плагіят». Але, магчыма, не дарма яны «паблажлівыя»? Мо цямяць, што пачынаць выпраўленне гэтага свету трэба не з цырульні студэнтаў, а з прафесароў і чыноўнікаў, якія дзесяцігоддзямі не саромеюцца прысабечваць плады інтэлектуальнай працы?

Да разбэшчанай моладзі дакляпацца няцяжка, і ў многіх ВНУ Беларусі дзейнічае праграма «Антыплагіят», якую «незалежныя даследчыкі» яшчэ толькі прапануюць увесці 😉 Не ведаю, якія могуць быць іншыя «рэформы вышэйшай адукацыі» пры цяперашняй сістэме ўлады і кіраўніках адпаведнага міністэрства, якія амаль не хаваюць, што «сваім – усё, чужым – закон». Тут я ўжо адзначаў, што супрацоўнік прэс-службы мінадукацыі РБ для «імхаклуба» капіпасціў фрагменты з інтэрнэт-энцыклапедыі «Луркамор’е» – тэму за паўгода хто-небудзь падхапіў? Трымайце працяг ад таго ж Андрушы Л.:

 

Крэатыў lurkmore.to (2013-2015 гг.) і высер на «імхаклубе» ад 24.12.2018. Сцеражыцеся падробак.

Пра тое, што не Л. пісаў пра «Шушку» ў Луркамор’і, ведаю хаця б таму, што часткова сам рабіў тамака падборку «Главнюки» 😉

Я супраць плагіяту ў любых формах, дый сам ад яго цярпеў. Але мне здаецца, што пара б ужо перастаць «змагацца за чысціню», заміж каб падмятаць (ізноў здароў, Ільф & Пятроў). І нагадаю, што пісаў у снежні 2017 г.: «Няма ў сінявокай свайго Дысернета, а варта было б стварыць: дальбог, беларускай навуцы хоць трохі палягчэла б. Падобныя задачы ставіў перад сабой мінскі часопіс Аrche ў 2000-х гадах, асабліва ў «скарынаўскіх» выпусках, але ніасіліў. Замежныя навукоўцы, патрыёты Беларусі, маглі б асіліць пры падтрымцы мясцовых кадраў…» Ніхто з прапановамі не звярнуўся – ОК, хлопцы-дзеўкі, рабіце без мяне, толькі не лямантуйце, калі сутыкнецеся з «мафіяй». Гэта вам не «долю пашкоджанасці плагіятам» беларускага студэнцтва падлічваць 😉

Дарэчы, на месцы тутэйшых інтэлектуалаў я б суцішыў хор захаплення Кімам Хадзеевым, якому сёлета споўнілася б 90 год (памёр у 2001 г.). Так, пакручасты лёс, нетрывіяльнае для БССР мысленне… Здолеў выйсці з «псіхушкі», напісаўшы кандыдацкую дысертацыю для загадчыка аддзялення – малойца. Аднак тое, што К. Х. на волі гандляваў дысертацыямі, гэта ўжо крыху занадта. Колькі ёлупаў праз яго незаслужана выбіліся ў кандыдаты й дактары, атрымаўшы вагары ўплыву на грамадства?!

У тым жа 2001 г., калі я быў аспірантам, паўдзельнічаць у monkey business мне прапаноўваў іншы неардынарны жыхар Мінска, Леў К. (к таму часу ён пісаў дысертацыі на замову не адзін год). Я адмовіўся – і не шкадую.

І пра добрае. У мінскага пісьменніка, чые карані пад Мазыром, пад канец года выйшла новая кніга, амаль такая ж харошая, як мая 🙂 🙂 🙂

Андрэй Федарэнка са сваім «Сузіральнікам». Д-р Ганна Кісліцына адгукнулася на гэты невялікі зборнік тут. Толькі чаму аўтар у яе «Федоренко», калі ён (у рускім варыянце) ФедАренко?

Яшчэ навіна. Ідышна-беларускую кніжку «Eybik/Вечна» (Мінск: Шах-плюс, 2016) летась выкарыстоўвалі для знаёмства з творамі Мойшэ Кульбака аж у Варшаве. I тэрпенцін самвыдат для чагосьці карысны 🙂

«Вольфаў цытатнік»

«Кідаючы словы на вецер, не спадзявайся, што яны стануць крылатымі» (Юрый Кувалдзін, 2003)

«Ніхто з вялікіх не быў канфармістам, усе яны былі крытычнымі асобамі, таму што фармаваліся ў процістаянні: спрачаліся, лаяліся, абаранялі сваю пазіцыю. Дайце нашым дзецям права на памылку, на ўласнае меркаванне, якое можа не супадаць з меркаваннем настаўніка або падручніка… Ёсць такія настаўнікі, але іх пакуль што вельмі мала» (Наталля Вінаградава, 20.12.2018)

«Грамадства не можа без масы прафесій, якімі грамадства само і пагарджае. У гэтым сэнсе грамадства само па сабе штука ўкрай несправядлівая» (Дзяніс Драгунскі, 07.01.2019)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

08.01.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 08.01.2019  22:27