В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (70с)

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (70с)

Снежнае шоу, снежная каза, снежны шалом! «И нет нам покоя ни ночью, ни днем» – гэтак хацелася падкласці свінчо аматарам пазітыву, пабурчаць, паскуголіць і пахныкаць… Але ж не, скулля – толькі насмешкі, толькі хардкор.

Светлая навіна – «Вожык», якому зрэзалі дзяржпадтрымку, будзе жыць. Прынамсі так сцвярджае вядомы карыкатурыст (і намеснік галоўнага рэдактара) Аляксандр Каршакевіч. Добра, як небяспекa мінула, то пасмяемся крыху і з самога «Вожыка», і з майстра «добрых жартаў». Такую во пярліну пра дарагое, але даступнае жыллё знайшоў у № 3, 2017.

Ну, пэўна, жыве ў выданні, заснаваным за Сталіным, невыкараняльная традыцыя – тлумачыць народу, як весела яму жывецца. Прыпамінаю выпуск напярэдадні выбараў 2006 г. са шчаслівымі тварамі беларусаў на фоне кагадзе пабудаванай Нацыянальнай бібліятэкі. Ці патрэбныя гэткія палітінфармацыі ў часопісе, які пазіцыянуе сябе як сатырычны? Мо лепей ангажаваць даследчыка Аляксандра Чубрыка, які, абмяркоўваючы «дэкрэт № 1 пра садзеянне занятасці», прыняты ў дадатак да «антыдармаедскага дэкрэта № 3», выявіўся не абы-якім дасціпнікам? Тут мяне штурхаюць пад руку… OK, начальства лепей ведае, каго кушаць што такое сатыра – куды нам, прафанам…

Калі пералічваў гумарныя СМІ, то ледзь не забыўся згадаць ліберальна-пастаральную «БелГазету» з яе зайцамі ды іншымі жывёламі ад Васіля Пачыцкага. Кампанія «Ўключы мазги» [sic] была задумана хораша, таму і прынесла тактычную перамогу. Трасянка ў назве – маркетынгавы ход накшталт «велописедов», якія вярнуліся ў Мінск пасля перыяду выгнання.

Фрунзенскі раён, 28.01.2018

Праз краўдфандынг рэдакцыя сабрала грошы на падпіску для бедных і няшчасных чыноўнікаў, і нават, кажуць, больш чым трэба. Радуе, што ёсць яшчэ порах фінансавыя рэсурсы ў краіне, ды ніхто не забароніць мне гукнуць: малая будзе аддача ад той падпіскі. Раздаючы бясплатныя асобнікі, я пачаў бы з моладзі, няхай нават «чэснай», БРСМаўскай…

Аднойчы гэтае выданнечка, тады яшчэ пад назвай «Белорусская газета», падшпіліла і нас з Якавам Гутманам. Хто не ў танку, тыя ведаюць пра гісторыю са зносам сінагогі ў Мінску (верасень 2001 г.); гэтую гісторыю ў 2013 г. нават ізраілец Барух Кра выдаў у эфір свайго каналу. Дык вось, у час зносу адбыліся: а) пратэст двух барбудас на Дзімітрава, а потым ля Мінгарвыканкама, на плошчы Незалежнасці; б) затрыманне пратэстоўцаў сіламі міміліцыі. Газета адрэагавала па-свойму – гл. апошнія два сказы:

ВЫРАШАЕМ КВАТЭРНАЕ ПЫТАННЕ

Раніцай 25 верасня рабочыя ЗАТ «Камкон» пры дапамозе тэхнікі пачалі бурыць сцены двухпавярховага цаглянага будынка, змешчанага па вуліцы Дзімітрава, 3 (пабудаваны ў 70-я гады XIX стагоддзя на сродкі яўрэйскай абшчыны Мінска пад бібліятэку, школу і сінагогу; у гады ВАВ у будынку, уключаным у тэрыторыю мінскага гета, знаходзіўся яўрэйскі дзіцячы дом). Ім паспрабавалі перашкодзіць прэзідэнт Сусветнай асацыяцыі беларускіх яўрэяў Якаў Гутман і іншыя актывісты. Ахова гвалтоўна выціснула пратэстоўцаў за агароджу. Разбурэнню пабудовы не змог перашкодзіць нават старшыня Камітэта па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры Мінкультуры Дзмітрый Бубноўскі, які прывёз будаўнікам прадпісанне аб спыненні работ. Бубноўскі выклікаў нарад міліцыі, які прыпыніў знос будынка. Калі чыноўнік пакінуў аб’ект, то да будынка пад’ехала група афіцэраў міліцыі. Яны адмовіліся забяспечыць выкананне прадпісання Бубноўскага. Адзін з афіцэраў, старшы лейтэнант, заявіў: «Разбірайцеся праз суд. Гэта не наша справа. Мы падпарадкоўваемся не Міністэрству культуры, а МУС, і ловім бандытаў». Відаць, такімі і з’яўляюцца ўдзельнікі пікета, якія пратэставалі супраць зносу будынка былой сінагогі. Суд над імі назначаны на 2 кастрычніка.

Вельмі смешна – амаль як у таго Чубрыка, памножанага на «Вожык» з дамешкам тутэйшага КВЗ.

Першы месяц 2018-га адзначаны шэрагам буч вакол беларускай адукацыі. Адныя выступаюць за нацыянальны ўніверсітэт з выкладаннем на белмове, іншыя агітнулі супраць. Лёс Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў Вільні падвіс на валаску. У сеціве шырака абмяркоўваўся, мякка кажучы, неадэкватны адказ прэс-цэнтра мінадукацыі РБ на зварот Ганны Севярынец (а чаго дзівіцца – год таму папярэджвалі мы, што Андруша Л., які цяпер працуе ў прэс-цэнтры, далёка пойдзе…)

Зноў заўважу, я не супраць універа з беларускай мовай навучання – і як магу быць супраць, калі ў сярэдзіне 2000-х чытаў у адной сталічнай ВНУ па-беларуску курс «Асновы права». Аднак усё ж не варта рабіць фетыш з мовы, дый з тэрыторыі знаходжання ўстановы. Нават калі ўдасца сабраць прыстойны калектыў беларускамоўных выкладчыкаў (пазіраючы на завадатараў справы, сумняюся, што ўдасца – яны і з сайтам сваёй арганізацыі ледзь даюць рады), то пад прыглядам такога міністэрства ўніверсітэт рызыкуе неўзабаве паўтарыць лёс гуманітарнага ліцэя імя Я. Коласа (2003), мінскага ЕГУ (2004) або, да прыкладу, «Энвілы» (2011).

Адзін добры праект важыць больш, чым два пасрэдных. Памысна было б аб’яднаць высілкі выкладчыкаў ЕГУ, які пакуль не саўсім страціў давер Еўрапейскага Саюза, «ініцыятыўнай групы Трусава», шэрагу іншых энтузязістаў – ды стварыць за межамі РБ суперустанову з прыярытэтам беларускай мовы. Неабавязкова ў Літве, якая паказала сябе ў справе Алеся Бяляцкага, – ёсць менш залежныя ад тутэйшага ўраду краіны з даволі моцнай беларускай дыяспарай (Эстонія, Чэхія…) А ў сучаснай Беларусі, з яе адменай уступных іспытаў у гімназіі, «жэстачайшым размеркаваннем выпускнікоў» ды іншымі фокусамі, на кожнага Міколу Вавілава знойдуцца свой Трафім Лысенка і купка Прэзентаў (далёка не падарункаў).

Нягоднікі вакол быццам бы не пераважаюць, але чаму ж яны апаноўваюць камандныя вышыні?.. Адна істота ўзначаліла цэлы грамадскі рух, нават квазіпартыю – мала ёй было тэлебачання, дзе 22.01.2018 яшчэ не асуджаныя «рэгнумаўцы» атаясамліваліся з забойцамі, «чорнымі рыэлтарамі» (прысуд па справе Алімкіна, Паўлаўца і Шыптэнкі будзе агучвацца толькі 2 лютага)… А потым гэтая самая істота з падначаленага ёй экрана павучае «сваіх» гледачоў, што такое добра і што такое блага ў гісторыі з «Хартыяй-97». Было б смешна, каб не сумна.

Між іншага, мяркую, што не апошнім матывам у рашэнні аб блакіроўцы «Хартыі» была банальная зайздрасць. Які б ні быў рэсурс «жаўтаваты», а прыцягваў штодзённа дзясяткі тысяч наведвальнікаў; між тым «адзіны партал дзяржаўных інтэрнэт-СМІ» belsmi.by, на які ставіла міністэрства інфармацыі РБ у 2015 г., так і не ўзляцеў. Абысці блакіроўку няцяжка, тым не менш наведванне charter97.org за тыдзень абвалілася. І ўсё адно на гэты сайт заходзяць у сотні разоў часцей, чым на казённыя «СМІ Беларусі»… (Тут не будзе лішнім павіншаваць з вяртаннем у сеціва рэсурсы евреи.бел і berega.by, пажадаць ім «хартыйнай» папулярнасці :))

Пазіраючы на БТ, «СБ» і іншыя крыніцы (дэз)інфармацыі, почасту згадваю Уладзіміра Караткевіча з яго выслоўем, цытую з памяці: «хто ў царкве хрысціцца найбольш імпэтна, той і ёсць злодзей». Ну сапраўды, пра мараль у нас разважаюць, як правіла, тыя, у каго рыльца вядома ў чым… Узяць адміністрацыю Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, якая разрадзілася цэлым «кодэксам карпаратыўнай этыкі». Тое, што ён супярэчыць заканадаўству, напрыклад, тут – «любое супрацоўніцтва са СМІ, незалежна ад іх формы, павінна быць узгоднена з кіраўніком прэс-службы Універсітэта» – паўбяды: заўсёды можна адгаварыцца, што дакумент мае рэкамендацыйны характар (аднак у такім разе чаму «павінна»?) Бяда ў тым, што сама адміністрацыя ігнаруе заяўленыя нормы, прынамсі не кіравалася імі пазалетась.

Адкрываю «Вестник Полоцкого государственного университета», «серыю А», № 9, 2016 (гал. рэд. – рэктар ПДУ, доктар тэхнічных навук Лазоўскі), бачу артыкул Міхаіла Стральца, чытаю… Не, лепей самі пачытайце (с. 68, 70-71). Калі коратка, прафесар Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта абвінавачвае мінскага выдаўца Льва Раманавіча Казлова ў цэнзураванні ды нявечанні манаграфіі ізраільскага гісторыка Леаніда Смілавіцкага, што выйшла на 17 год раней (!) Адкуль ён даведаўся пра «самоуправство» выдаўца, Стралец у артыкуле не кажа.

З гісторыкам, картографам Л. Р. Казловым я знаёмы шмат гадоў. 25.01.2018 адмыслова зайшоў на вул. Акадэмічную, 1, і пагутарыў з ім:

У якіх Вы адносінах з Леанідам Смілавіцкім?

– Па-мойму, у нармальных. Некалі даваў яму рэкамендацыю ў КПСС.

Прызнайцеся, цэнзуравалі яго кнігу «Евреи Беларуси. Из нашей общей истории, 1905–1953 гг.»?

– Не, мы нічога не выкрэслівалі. Ён каля месяца сядзеў тут у нас, у выдавецтве, сам праглядаў набор, рэдагаваў. Так, у ягоным рукапісе былі рэзкасці, а я лічу, што лепей трымацца «залатой сярэдзіны»… Параіў яму сёе-тое скараціць, ён згадзіўся.

У 2000, 2001 гадах ад Смілавіцкага не было прэтэнзій?

– Не было.

А Міхаіл Стралец перад сваёй публікацыяй да Вас звяртаўся, прасіў праясніць абстаноўку?

– Не звяртаўся (гутарка адбываецца ў прысутнасці намесніцы Л. Р. Казлова Галіны Аляксандраўны Кур’яновіч, яна пацвярджае: «Нічога не выкрэслівалі, прэтэнзій ад Смілавіцкага у 2000-х гадах не было, Стралец не звяртаўся»).

Даўно Вы займаецеся выдавецкай дзейнасцю?

– З канца 1980-х, а фірма існуе з 1993 г.

Хто-небудзь з аўтараў Вас папракаў за цэнзуру?

– Ніколі.

 

Выходныя звесткі той самай кнігі; Л. Казлоў і Г. Кур’яновіч, снежань 2016 (упершыню апублікавана тут).

Што казаць… Прафесійная этыка вымагае і ад масавых СМІ правяраць факты, а не тое што ад выданняў, якія прэтэндуюць на годнасць «навукова-тэарэтычных».

Брэсцкага прахвесара даймаць не збіраюся – як захоча, то сам патлумачыць свае паводзіны. Мне цікавей, ці прызнае рэктар ПДУ, што не варта было публікаваць галаслоўныя папрокі на адрас калегі, дацэнта Казлова… Калі публічна не прызнае, то шэлег цана «маральнаму кодэксу», які «улічвае як міжнародны вопыт, так і спецыфіку Універсітэта» (перакладаю праф. Лазоўскага з рускай, таму што белмоўнай версіі яго звароту не знайшоў).

Адзначу высілкі яшчэ адной «клапатлівай» публічнай асобы. Дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Вадзім І-ў (ён жа – нам. старшыні Цэнтрвыбаркама РБ) 25.01.2018 заявіў, што апошнім часам «адзначаецца рост колькасці скаргаў грамадзян па пытанні змяшчэння рэкламы ў паштовыя скрыні шматкватэрных жылых дамоў, што пагаршае санітарны стан пад’ездаў, а таксама ўскладняе выкананне аператарамі паштовай сувязі функцый па дастаўцы карэспандэнцыі». Як могуць паперкі (у сярэднім хіба 2-3 на скрыню ў дзень) пагаршаць «стан»? Дый наконт таго, што яны «ўскладняюць выкананне»… Два гады рабіў паштальёнам, падобных скаргаў не чуў – зараз звычайнай карэспандэнцыі дастаўляецца не так і шмат, і яна трапляе ў скрыню незалежна ад таго, ёсць там рэкламныя лісткі або не.

Але даслухаем І-ва: «мяркуецца, што будзе ўнесена дапаўненне ў Закон у частцы ўпарадкавання распаўсюду гэтай рэкламы». Геніяльна! Рэгламентаваць, колькі паштары ды кур’еры маюць класці паперак у скрыні (адну, відаць, яшчэ можна, а дзве-тры – ні-ні) – за такое і Шнобелеўскай прэміі не шкада. Хаця я б з большай асалодай прысуджаў такім чыноўнікам, якія праз мітульгу адводзяць увагу ад рэальных праблем краіны (гл. усе папярэднія серыі «Катлет & мух» 😉 – асабліва №№ 46, 48, 70…), прэмію Дарвіна.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

31.01.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 01.02.2018  01:06