Tag Archives: Вера Бурлак

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (127)

Добры дзень!

У апошні месяц міжволі быў уцягнуты ў гісторыю (гістэрыю?) з барысаўскім гуртом «Жыдовачка» і ўсялякімі overreactions. Што казаць, вірус істэрычных празмерных рэакцый (ВІПР), вылучаны спецыялістамі з Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ды агульнакарысных курсаў «Мінскай пошты» яшчэ ў 2017 г., ён такі… жывучы ў Беларусі. Але, здаецца, супольнымі высілкамі яго пашырэнне ўдалося лакалізаваць – ва ўсякім разе, справаздача аб ганебным пасяджэнні «вялікіх людзей» з Саюза бел. яўр. абшчын у гатэлі «Планета» была 02.10.2019 (праз колькі дзён пасля публікацыі) выдалена з сайта «самай чэснай яўрэйскай газеты». Калі Уладзімір Чарніцкі & Co. саромеюцца сваіх завочных «наездаў» на музыкантак-аматарак, то не ўсё яшчэ страчана.

Юрый Зісер змясціў адзін з маіх фельетонаў на сваёй сеціўнай старонцы, нават пракаментаваў у тым сэнсе, што актывісты, пра якіх я пісаў, вырашылі заняцца «доносительством». Змясціў дык змясціў – ні я, ні рэдакцыя belisrael.info яго не прасілі, асабіста мне Ю. З. увогуле маласімпатычны (у красавіку 2015 г., калі было вось такое, ставіўся больш спагадліва).

Запісы Ю. З. ад 02.10.2019 і 04.10.2019. З гэткімі «зашчытнікамі» і нападаюшчых не трэба…

Дарэчы, «малодшы партнёр» пана Зісера ў аргкамітэце «літвацкага клезмерфэста» надоечы пісаў, што яму, Сяргею Д., гурт «Жыдовачка» падабаецца, але, на жаль, ён не адзін прымае рашэнні. Усё як звычайна, як у даўнім вершыку Веры Бурлак: «Прывязалі мне руку да нагі, / Але вельмі добрыя людзі, / Не каб нехта благі! / А ад добрых – няхай ужо будзе!»

Справа густу, а мне цікавей было паназіраць за паводзінамі прадстаўнікоў новага пакалення «беларускіх яўрэйскіх лідараў» (тут не спалучэнне, а кожнае слова можна браць у двукоссе): кінуліся распавядаць заснавальніку тутбая, што ў мяне кепскі стыль, дый сам аўтар так сабе, і лепей дзяржацца ад яго далей. Ніводзін/ніводная не спрачаліся з напісаным па сутнасці – і, што характэрна, ніхто з тых прыгажуноў не наважыўся даслаць свае прэтэнзіі на мой e-mail або рэдактару belisrael Арону Шусціну. Аналагічныя паводзіны гілелеўскі «аўтарытэт» дэманстраваў 4 гады таму (перачытайце ч. 1 «Катлет & мух»-1). Запушчаны выпадак… 🙁

Самае лёгкае – зрабіць абагульненне («інтрыганы, дурні, баязліўцы») & спісаць «племя младое, незнакомое» ў архіў, як некалі спісаў іх старэйшых натхняльнікаў. Але ж трактую свае тэксты як тэрапеўтычныя – часам яны такімі й бываюць… Вунь Аркадзь Л. Шульман з Віцебска, атрымаўшы «чароўны пендаль», назаўтра выправіў у артыкуле Ганны Севярынец напісанне словаў Мойшэ Кульбака на ідышы. Малайчына, Львовіч, хазак вээмац! Як выправіш усе абсурдныя «љ» на «š» (або на «sh») у артыкуле Алеся Астравуха, будзеш двойчы малайчына. Тады многія (можа, нават і я) павераць, што ты быў ды застаешся «очень высокого мнения обо всем, что делает Александр», а не проста піярышся/зарабляеш грошы за кошт майго старога таварыша.

А во яшчэ: пакпіў я ў ліпені з «Цэнтра беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны» (у чэрвені яны прывезлі былі ў Сінявокую выставу, прысвечаную Эмі Уайнхаус), параіў ім звяртаць увагу на асоб, якія шчыльней звязаныя з Беларуссю, дык у верасні адкрылі нешта больш адэкватнае, выставу знакамітага фатографа-ураджэнца Мінска («Майсей Напельбаум. Партрэт эпохі»). У Нацыянальным гістарычным музеі, прадоўжыцца да 23 кастрычніка г. г.

Дзеля-мадзеля прывяду адзін пост, які 03.10.2019 выдала на fb-старонцы Зісера Крысціна Бяздзежская. Зважаючы на прозвішча і ўзрост, дачка або пляменніца той самай гора-сакратаркі «галоўнага яўрэйскага саюза», што спрабавала змагацца з незалежным яўрэйскім бюлетэнем «Мы яшчэ тут!» пры дапамозе сілавікоў. Было гэта на ўскрайку «Ямы» ў далёкім сакавіку 2006 г. (на той час адміністратар сайта беларускага зямляцтва ў Ізраілі Гена Пекер яшчэ не «забранзавеў», адгукаўся на лісты і часам публікаваў мае іранічныя допісы).

Выявілася, Бяздзежская-малодшая не так даўно размяркоўвала фінансавыя плыні ручаі «Джойнта», а цяпер начальствуе ў «культурнай суполцы “Эмуна”», што пры «Мінскім яўрэйскім абшчынным доме» (у «Эмуну» я не заходзіў год 10, у прадстаўніцтва «Джойнта» – усе 18). Мабыць, гэта лічыцца очань культурна – пісаць пра незнаёмага, або знаёмага з чужых слоў чалавека, што ён «ужо шмат гадоў толькі атрутай пырскае». От жа ж неспадзяванка – Беларускі фонд культуры, часопісы «Роднае слова», «Дзеяслоў», «ПрайдзіСвет», рэдакцыя «Шахматной еврейской энциклопедии», арганізатары лекцый пра яўрэйскіх пісьменнікаў, удзельнікі навуковых канферэнцый ацэньвалі маю сціплую дзейнасць апошняга часу крыху іначай 🙂

Забаўна, што ў другой палове 2010-х нават «Авив» і «Мишпоха» публікавалі пра вашага пакорлівага слугу цалкам прыстойныя радкі – пэўна, выпадкова. Альбо нейкая дыверсія 🙂 🙂

Поспехаў табе на новым цёплым месцы, Крыся, у «захаванні традыцый і культуры сярод людзей»! Няхай здзейсніцца тваё пажаданне – дапраўды, чаму б Ю. А. Зісеру ды ўсім іншым рэальным/патэнцыйным спонсарам не разабрацца ў тым, што робіць ваша з Ленай Кулеўніч і Максам Юдзіным «абшчына», як яна «думае пра жывых»? 🙂

А калі больш сур’ёзна – дажыліся вы, хлопцы-дзеўкі з пасадамі, да таго, што такім, як вы, Еўра-Азіяцкі яўрэйскі кангрэс не даверыў нават апытаць нас, шараговых беларускіх яўрэяў, у рамках міжнароднага даследавання (відаць, у ЕАЯК такі здагадваюцца, чаго вартыя «Лімуд» i джойнтаўскія семінары як крыніца ведаў). У пачатку 2019 г. апытаннем кіравала… адукатарка з Мінскага палаца дзяцей і моладзі. Баюся, што «дзень яўрэйскай культуры» ў Мінску, дзе можна было паглядзець на пяюху Зену, якая ў маі глядзела на Тэль-Авіў, – гэта iнтэлектуальная столь для вашых суполак. I нават асобы з вашага блізкага кола пішуць: «Мы, вядома, вельмі рады за свята яўрэйскай культуры… але ці не пара ўжо мяняць фармат мерапрыемства?!» (Алекс Фурс, 23.09.2019).

Ну, спадзяюся, скандал са спробамі выкручвання рук «Жыдовачцы» праз Барысаўскі райвыканкам (гутарка з прадстаўніцай капелы адбылася ў ім 11.09.2019 пасля кляўзы «Саюза») і адміністрацыю Лукашэнкі падштурхне сяго-таго з «актывістаў» да роздумаў – людзі ж не без мазгоў. Як там казаў Георг наш Зімель? «Канфлікт ачышчае паветра»? Вучыцеся, і будзе вам шчасце.

Зараз у Беларусі перапіс насельніцтва (4-30 кастрычніка). Хочацца, каб больш яўрэяў называла сваёй роднай мовай ідыш – хаця б дзеля павагі да продкаў. А пакуль да вас яшчэ не прыйшоў чалавек з планшэтам, для падняцця духу паслухайце новую песеньку Змітра Дзядзенкі. Раптам пасля ўсебеларускага перапісу якраз і з’явіцца «нацыянальная ідэя – для беларуса, рускага, габрэя»?

Зноў да пытання аб тым, што робіцца пасля – або ў выніку – публікацый belisrael. Помніце майскія фоткі з жудкаватымі балконамі па вуліцы Бабруйскай, побач з мінскім чыгуначным вакзалам? Цяпер тыя балконы выглядаюць крыху лепей, прыкладна так:

Фота 17.09.2019

Калі раптам якое дабро і зваліцца на галаву (не дай Б-г, канешне), то мінакоў будзе цешыць той факт, што яно было пафарбавана да Другіх Еўрапейскіх Гульняў 🙂

Адылі ёсцека больш пазітыўныя сюжэты. Некаторыя беларусы ў верасні прапанавалі узнагародзіць казла з Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці ордэнам «За ўмацаванне міру і дружбы» (абгрунтаванне тутака). Сяргей Пульша з газеты «Новы час» абсалютна слушна пракаментаваў: «Калі нядаўна ордэн атрымала Пугачова, а раней — ўсялякія Дробышы-Баскавы, дык чаму б не даць яго нашаму роднаму казлу?» Агулам, газета за апошнія месяцы ўзмацнілася, нярэдка ў ёй бывае, што пачытаць. Вось, напрыклад, артыкул Алены Ляшкевіч (27.09.2019) пра сінагогі ў Беларусі са шматлікімі каштоўнымі ілюстрацыямі.

Багата ілюстравана і кніга чатырох аўтараў, грошы на выданне каторай збіралі талакой (прэзентацыя выдання была ў снежні 2018 г.). Па-мойму, вельмі добры праект: тут і рэпрадукцыі, і казкі ў тэму, і кароткія звесткі пра мастакоў, і месца для палёту ўласнай фантазіі. Праўда, вершыкі дзе-нідзе, на мой густ, надта ўжо своеасаблівыя: «Ад Барселоны да Шанхая / Ўсе ў захапленні ад Шагала»? А «помніць» і «хлопец» – тожа такая рыфма? Гм…

Кніга служыць, сярод іншага, падказкай, што скора юбілеі: у студзені 2020 г. – Сэма Царфіна (120 год), у ліпені 2020 г. – Пінхуса Крэменя (130).

Наступнае фота – з вуліцы Валгаградскай, што ў Мінску… 17 верасня г. г.

Леанід Кулакоў з памочнікам, каторы з бел-чырвона-белым сцягам, пад’еўшы (гл. пакунак з шаўрмой у ягоных руках), збірае подпісы за сваё вылучэнне ў кандыдаты… Калі Вы не забыліся, у нас тут быццам бы перадвыбарная кампанія.

Мінут пяць я стаяў побач – не ішоў народ. Быў бы ў мяне пашпарт з сабою, дык падпісаўся б, а так – даруй, Леанідзе.

На жаль, ізраільскі палітыкум, за якім я некалі назіраў з цікавасцю, дэградаваў амаль у гэткай жа ступені, што і беларускі. Выбары, што адбыліся ў Ізраілі ў той жа дзень (17.09.2019), зноў не далі нікому істотнай перавагі, так што няможна выключаць “трэці тур” 🙂 Нешта падобнае назіралася ў Беларусі ў сярэдзіне 1990-х: людзі стамляліся і не хадзілі на ўчасткі, што замінала фармаванню парламента. І, вядома, ліла ваду на млын «вертыкалі»…

Звонку не зусім зразумела, чаму прэзідэнт Ізраіля зноў даручыў фармаванне ўрада чалавеку, які менш паўгода таму гэтую місію праваліў (а ў верасні 2019 г. яго партыя сабрала яшчэ менш галасоў, чым у красавіку, – тысяч на 30). Ва ўсякім разе, жадаю ўсім «вялікім палітыкам» хутчэй выйсці з тупіка ў гэтым 5780 годзе, які пачаўся 29 верасня. Не дурыць галаву ні сабе, ні людзям.

Каб хутчэй прачышчаліся мазгавыя клеткі, паслухайце песню на вершы Ізі Харыка, паэта, забітага савецкай уладай у 1937 г. (хоць і служыў гэтай уладзе верна):

Бліскучая Бенька ў час канцэрту ля Купалаўскага тэатра 21.09.2019 прамовіла пару слоў пра Харыка і праект «(Не)расстраляная паэзія» – «калі хто ведае». Таму ў запісе, быццам рэха, гучыць адказ: «Ведаю, ведаю».

Цытатнік

«Хто ведае сябе, таму не страшна тое, што пра яго гавораць» (прыпісваецца Мухамаду аш-Шафіі, 767–820 гг.)

«У любой незразумелай сітуацыі – танчы» (Наталля Голава, 12.07.2019)

«Калі выбіраць паміж сталінізмам і абыякавасцю ўлады, то лепей абыякавасць» (Дзмітрый Быкаў, 24.09.2019)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

04.10.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 04.10.2019  20:32

ВІКТАР ЖЫБУЛЬ УЖО Ў БАРЫСАВЕ!

10.02.2018, 21:50 ex-press.by

Віктар Жыбуль у Барысаве: «Калi б я напiсаў верш пра маці, то не паказваў бы»

У Барысаве выступіў адзін з найбольш вядомых сучасных беларускіх паэтаў-авангардыстаў новай генерацыі Віктар Жыбуль.

Аматары паэзii і беларускай мовы трапілі на сустрэчу з перформерам, слэмерам, літаратуразнаўцам, паэтам, які цудоўна спалучае эксперыментальны падыход з арыгінальным гумарам, удзельнікам творчага руху “Бум-Бам-Літ” і шэрагу літаратурна-музычных і тэатральных праектаў, міжнародных праектаў, уладальнікам шматлікіх узнагарод у галіне літаратуры.

Раней паэту выступаць у Барысаве не даводзілася.

“Выступаю тут упершыню, хоць быў у вашым горадзе аднойчы. Гэта, як не дзіўна, было вясельнае падарожжа. Мы з жонкай хацелі павандраваць па Беларусі, але тураператар пераблытаў дату, і экскурсійны аўтобус не прыехаў да вызначанага месца, тады мы падумалі, што самі можам куды-небудзь з’ездзіць, — пачаў размову Віктар. — На мапе ткнулі пальцам, першае месца, якое трапілася, — Барысаў. Так мы 15 гадоў таму з’ездзілі сюды. Памятаю, як цэлы дзень шпацыравалі па Барысаву, куды вуліца павядзе, туды і ішлі.

Першы верш, які прачытаў Віктар Жыбуль, “Засохлая кветка на скразняку”, крануў кожнага. “Дрэвы”, “Я хачу паварушыць тваім хвастом…”, “З табою ўдваіх”, “А вы бачылі…”, “Серыйны самазабойца”, “Вучоны ў чарзе за півам”, “Сапсавалася” — шмат цудоўных вершаў пачулі барысаўчане.

Верш “Гігіена” нагадаў, што трэба мыць не толькі рукі пасля ўсялякіх жывёл, але і душу пасля ўсякіх іншых людей. Прагучалі цікавыя вершы “Негатыўны вопыт” і “Кавалер Валерка”, вершы пра транспартныя сродкі “Аўтобус” (хлопчыкі — направа, дзяўчаткі — налева, знаёма?), “Я — пасажыр. Я еду без квітка”, а вось верш “Мяне няма” мы нават пакінем тут (чытаць павольна):

“Мяне няма”, –

прыгадваючы кнігу

філосафа Валянціна Акудовіча,

часта думаю я.

 Ды толькі кандуктарка,

якая заходзіць у аўтобус,

шторазу пераконвае мяне

ў адваротным.

Барысаўчанка Юлія папрасіла Віктара Жыбуля прачытаць верш “Дзяўчына цяжкіх паводзінаў”, паэт не адмовіў і адзначыў, што ў гэтым вершы няма канкрэтнай дзяўчыны, бо гэта зборны вобраз:

— Гэта адзін з такіх вершаў, якія пісаліся амаль як музыка. Спачатку з’явіліся першыя радкі, рытм, а ўсё астатняе пазней напластавалася.

Верш “Мафія” цудоўна адлюстроўвае наша жыццё:

Мы гуляемся ў мафію,

каб забыць пра Сусветную Лажу.

Учора хаваўся ў шафе я,

сёння — з шафы вылажу.

Ціха ноч падкрадаецца

коткай пароды корат.

Калі засынае горад —

мафія прачынаецца…

У суаўтарстве з жонкай Верай Бурлак у 2008 годзе Віктар Жыбуль выдаў кнігу “Забі ў сабе Сакрата”. Віктар кажа, што кніга маленькая, і таму ён яе не захапіў, бо “такая маленькая, што недзе згубілася”:

— У ёй мы вершы размясцілі такім чынам, што яны неяк перагукаюцца паміж сабой, вершы не падпісаны, дзе чый, не зразумела, а падказкі ёсць толькі ў змесце кнігі.

На пытанне, калі быў напісаны першы верш, паэт адказаў наступнае:

— Я пачаў пісаць у раннім дзяцінстве. Памятаю, мне было 4 гады. Мае бацькі труцілі ў кватэры клапоў, і я запісаў нейкае абсурдысцкае чатырохрадкоўе. Першы радок не памятаю, другі радок заканчваўся словам “дыхлафос”, потым “собачка в небе радостный поймал клопа до слёз”…

Пасля гэтага госць прачытаў твор, які напісаў у “дарослым веку” “Інсектыцыд”, верш страшнаваты, як і многія, што тады пісаў Віктар.

— Якія ў вас ёсць захапленні, акрамя паэзіі і літаратуры?

— Люблю падарожнічаць, хадзіць у вандроўкі, фатаграфаваць тое, што хутка знікне. Дамы, якія маглі б быць архітэктурнай каштоўнасцю, на жаль, чыноўнікі нішчуць ад балды. Захапляюся гісторыяй, генеалогіяй, складаннем свайго радаводнага дрэва, якое дарасло да 8 ці 9 калена.

— Якія мясціны падабаюцца вам у Беларусі?

— У Глыбоччыне, напрыклад, тыя мясціны, дзе на дарогах захавалася старая брукаванка, яшчэ возера Акунёва. У большасці мясцін яшчэ я не быў.

— А як вы знаходзіце звесткі пра продкаў?

— У гістарычным архіве захоўваецца перапіс тагачаснага сялянскага насельніцтва, інвентарнае апісанне маёмасці Радзівілаў першай паловы 18 стагоддзя, і ў ім, напрыклад, згадваецца войт Мацей Жыбуль, увогуле, тады было шмат Жыбулёў. Маё прозвішча мае балцкія карані, у перакладзе з старажытналітоўскай мовы “жыбуліс” — гэта “бліскучы”, продкі носяць прозвішча Жыбуль, напэўна, стагоддзяў пяць. Радавое гняздо знаходзіца пад Стоўбцамі.

Віктар паведаміў, што яго прадзед нарадзіўся ў Заямным Стаўбцоўскага раёна, дзед — у Ігуменскім павеце, там дагэтуль стаіць хата, якую пабудаваў прадзед яшчэ ў 1914 годзе, таму сям’я Віктара любіць улетку яе наведваць.

— А ў чым заключаецца ваша праца?

— Ужо 10 гадоў працую ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. У школе ніколі не працаваў і ніколі не збіраўся. Працаваў у рэдакцыях часопісаў “Першацвет”, які зачынілі ў 2002 годзе, у навукова-метадычным часопісе “Роднае слова”, у часопісе “Arche”. Зараз я з’яўляюся вядучым навуковым супрацоўнікам адзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў . Выкарыстанне дакументаў бывае самае рознае — гэта могуць быць публікацыі ў часопісах, выданні збораў твораў нашых пісьменнікаў, а могуць выкарыстоўвацца на выставах, бо мы не проста архіў, а архіў-музей. Таму мы часта ладзім выставы, прысвечаныя мастакам, пісьменнікам, кампазітарам, дакументы якіх захоўваюцца ў нас. Я таксама рыхтую такія выставы, даволі часта рыхтую артыкулы ў часопісах, раблю публікацыі розных архіўных знаходак. Практыка паказвае, што яны апынаюцца не лішнімі для нашай беларускай культуры. Найбольш грунтоўная мая праца — выданне двухтомніка нашага рэпрэсаванага пісьменніка, крытыка і філосафа Адама Бабарэкі — выйшла ў 2011 годзе.

— Як да вас прыходзіць натхненне?

— Натхненне прыходзіць даволі нечакана — магу працяглы час не пісаць нічога, а потым вершы з мяне так і ляцяць 🙂 Звычайна натхненне прыходзіць дзесьці ў дарозе, калі я іду кудысьці ці еду, ці чакаю кагосьці дзе-небудзь. Пакуль ездзіў, у мяне напісаўся цыкл вершаў “Неаднойчы прабіты” пра кантралёраў, зайцаў і квіткі.

Паэт адзначыў, што вершы пішуцца не розумам, а інтуіцыяй і настроем, як плынь свядомасці. Важна, каб былі мелодыка слоў і вобразы. Увогуле, вершы такая справа, што яны часта прыходзяць незапланавана.

— Ці ёсць у вас вершы пра маці?

— Верш пра мацi — гэта вельмi iнтымная рэч. Калi б напiсаў, то не паказваў. Я лiчу, што не усё абавязкова трэба рыфмаваць, таму маці я, напэўна б, прысвяціў нарыс. Дарэчы, мая матуля таксама пiсала вершы.

— Раскажыце пра сваіх дзяцей?

— Старэйшаму сыну 12 гадоў, малодшаму — 7 месяцаў. Мой старэйшы сын таксама піша вершы, якія друкуюцца ў часопісах. Першы верш ён напісаў у 1 год і 7 месяцаў. Вось ён:

Ножкі, ножкі ў матрошкі, ляжкі, ляжкі неваляшкі.

А вось такі: Была лыжка драўляная, а стала паламаная.

Наступны: Бабры спускаюцца з гары, у іх марозіва ўнутры, бабры зусім не дзікія, у іх насы вялікія.

Вось саб’е цябе машынка, узляціш ты як пушынка.

— Творчасць якіх паэтаў і пісьменнікаў вам падабаецца?

— Люблю творчасць Уладзіміра Дубоўкі, Максіма Багдановіча. Вельмі цікавая творчасць забiтых пaэтаў 20-30 гадоў. Мяне ўразiлi вершы Алеся Пруднiкaва, Віктара Казлоўскага, Ядвігі Бяганскай, яны ў шуфляду пiсалi зусім iншае. На жаль, захавалася няшмат архiваў таго часу. Зараз мы спрaбуем у нейкім сэнсе ажывiць памяць такiх паэтаў. Любімы пiсьменнiк — Уладзімір Караткевiч, як і для многіх беларусаў. Таксама падабаецца Лукаш Kалюга, Альгерд Бахарэвiч.

— У вашай сям’і размаўляюць на роднай мове, вы заўсёды пісалі вершы на беларускай мове?

— Так, мы размаўляем па-беларуску. У школе пісаў па-руску, потым, калі перамог у конкурсе “Родны горад”, зразумеў, што пісаць па-беларуску атрымоўваецца лепей, вось так пачаў пісаць толькі на роднай мове.

— Ці ёсць у вас прэміі і ўзнагароды?

— Ёсць літаратурныя прэміі. Я з’яўляюся лаўрэатам прэміі “Залаты апостраф-2011”. Як паэт і як даследчык літаратуры авангарду, я атрымаў Міжнародную адмеціну імя Давіда Бурлюка ў 2013 годзе. Быў пераможцам некалькіх паэтычных слэмаў — гэта такія спаборніцтвы па артыстычнаму выкананню.

* * *

Віктар прачытаў шмат сваіх вершаў, і, на шчасце, нягледзячы на тое, што публіка сабралася зусім розная: і дзеці, і дарослыя, атмасфера радасці і асалоды панавала ў залі. Некаторыя вершы, як казаў у пачатку паэт, “чытаць будзе няёмка, бо ў іх шмат незразумелых слоў, або зразумелых, але іх лепей не разумець”.

Вечар паэзіі адбыўся цудоўным. Здаецца, што ўсе ўсё зразумелі, бо пасля кожнага верша барысаўчане смяяліся, усміхаліся і гучна пляскалі ў далоні.

Усе жадаючыя набылі зборнікі вершаў Віктара Жыбуля і атрымалі аўтограф

Напрыканцы хочацца адзначыць, што вельмі дакладна сказаў Юрась Барысевіч пра нашага госця: «Творы Жыбуля належаць да жывой літаратуры, якую будуць чытаць і нават перапісваць».

Падрыхтавала Настасся Аляксандрава, фота аўтара

* * *

Публікацыі Віктара Жыбуля на нашым сайце:

“КНЯГІНЯ ЛЭЙЗАРОЎНА – МЕСЯЦ У ВАКОНЦЫ…”

ПУЦЯВІНЫ І ПАЛОТНЫ ЦФАНІІ КІПНІСА

БЯДУЛІХА

БЕЛОРУССКИЕ ПУТИ ВАРЛАМА ШАЛАМОВА

ОТ ЛЕГЕНДЫ К ИСТИНЕ: ФОЛЬКЛОРИСТ И МИФОТВОРЕЦ ВУЛЬФ СОСЕНСКИЙ

ЮЛІ ТАЎБІН – ПАЭТ ВЕЧАРОВАГА ЗАДУМЕННЯ

А тут Віктар паказвае прыгожыя мясціны ў раёне Трактаразаводскага пасёлка (Мінск)

Апублiкавана 14.02.2018  15:09

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (46)

Вясна вярнулася ў цэнтральнаеўрапейскія прасторы, а паралельна прачнуліся хобіты і оркі грамадзяне і вышэйшае чынавенства. Дробнае чынавенства вагаецца, але ўсё часцей яно – з народам, бо не хоча быць крайнім пасля «сацыяльных экспэрыментаў», дый у любым разе яно часцей трапляе пад «ператрахванне», чым… Ладна, не будзем пакуль пра самых чэсных міністраў, шэфаў адміністрацыі, etc.

Не паспеў Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі распаўсюдзіць «шляхаводнік па Дэкрэце № 3» (ацаніце сумны гумар сітуацыі – у суседзяў выдаюцца шляхаводнікі па гарадах, крамлях і палацах, у нас – па бюракратычных пісульках), як усё нафіг састарэла. 9 cакавіка, пасля масавых пратэстаў – не толькі ў Мінску, а і ў абласных ды некаторых раённых цэнтрах – раптам выявіліся вапіюшчыя «перагіны на месцах» (С). Аказваецца, дзеянне «ідэалагічнага, маральнага дэкрэта» (прыметнікі ад таго, хто яго падпісаў) можна адтэрмінаваць на год, а спагнаныя «за дармаедства» грошы вярнуць тым, хто іх заплаціў. Праўда, не цяпер, калі-небудзь потым… У духу кінчаўскай песні: «Тоталитарный рэп – это абстрактный пряник / Или совершенно конкретный кулак».

Дзясяткі тысяч людзей да 20.02.2017 заплацілі дзяржаве грошы – ці то са страху, ці то з аблудна зразуметай законапаслухмянасці (а хтосьці так расхваляваўся ад ліста з падатковай, што звёў рахункі з жыццём)… Грошы, паводле афіцыёзнага тлумачэння на pravo.by, мусілі быць накіраваныя на «рашэнне задач па комплексным эканамічным і сацыяльным развіцці адпаведнай тэрыторыі, якія стаяць перад мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі». Але такое тлумачэнне не задаволіла пратэстоўцаў. Тады «галоўны» прапанаваў іншую версію: «Усе гэтыя грошы да капейкі павінны быць накіраваны на ўтрыманне дзяцей. Толькі дзецям!»

Калі нешта ідзе не так, то заўсёды можна прыкрыцца інтарэсамі дзяцей – лалітыка, у натуры… Ну і ёсць жа даўняя майса, прыведзеная (анты)савецкім сядзельцам Эдуардам Кузняцовым у кнізе «Шаг влево, шаг вправо…» (Іерусалім, 2000)

Заб’еш аднаго чалавека – атрымаеш працяглы тэрмін зняволення. На роўным месцы падпсуеш жыццё тысячам сваіх суграмадзян, забраўшы ў кожнага, магчыма, год-два жыцця – і нічога… Пакуль – нічога. Дэкрэт фармальна не адменены, так што рана баналізаваць падзеі, збліжаючы беларускія пратэсты з замежнымі «па матывах і дынаміцы», як гэта зрабіў адзін фацэт з «Радыё Свабода». Ён жа прыпісаў пратэстоўцам «савецкае» разуменне справядлівасці, што зусім абсурдна праз 25 гадоў пасля скону СССР. Можа, у каго са старэйшых работнікаў яно захавалася, але ж не яны зараз «робяць пагоду».

У чым я, выпускнік ЕГУ, згодзен з фізматаўцам Юрыем Дракахрустам, дык гэта ў тым, што «выкалупванне правакатараў» (завадатараў), як разынак з булкі, не дасць эфекту, пажаданага для ўладаў. Ну, пасадзілі на суткі Губарэвіча, Лябедзьку, Рымашэўскага і «прымкнуўшую да іх» Вольгу Кавалькову – на іх месца прыйдуць іншыя. Як той спяваў, «прежде путал народ, кто здесь друг, а кто враг, а теперь сам народ – “враг народа”!» Дый Сібіры ў нас няма, так што, «адкінуўшыся» з чарговага Акрэсціна, актывісты зноў зоймуцца сваёй справай, умела або няўмела.

На час падрыхтоўкі гэтай серыі ў бальніцах памерлі тры з пяці жанчын, якія атрымалі цяжкія апёкі (звыш 50% паверхні скуры) у час выбуху на Скідзельскім цукровым камбінаце. Недахоп грошай на прадпрыемствах – што звязана і з адметным інвестыцыйным кліматам, створаным за апошнія 15-20 гадоў – штурхае эканоміць на ахове працы.

Яшчэ ў маі 2004 г. аўтары даклада «Нацыянальная стратэгія ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2020 года» з сумам канстатавалі: «Тэхнічная база прамысловасці састарэла… Знос актыўнай часткі асноўных прамыслова-вытворчых фондаў па прамысловасці ў цэлым дасягнуў 80,2%, то бок намнога перавысіў крытычна дапушчальны ўзровень» (гл. п. 3.6). Неяк сумнеўна, што былі зроблены слушныя высновы – адно супрацоўніца інстытута мінэканомікі Целеш Ірына Леанідаўна, 1969 г. нар., без аніякіх спасылак перапісала абзацы з даклада ў свой «артыкул». Цяпер яна – кандыдатка эканамічных навук і разважае на канферэнцыях пра «інавацыйную структуру беларускай прамысловасці». Не выключана, што такія «інаватаркі» і падалі ўраду «суперідэю», дазволіць прадпрыемствам не налічваць амартызацыю, г. зн. рабіць выгляд, што сродкі вытворчасці не старэюць…

Мушу прызнаць, сам у час працы на дзяржаўным прадпрыемстве (2009–2011 гг.) ішоў на рызыку, парушаў асобныя нормы, каб зрабіць усё хутчэй і не «адрывацца ад калектыву»… Зрэшты, інструктажы па тэхніцы бяспекі (і ўводны, і наступныя) мала што мянялі. Першы ўклаўся ў 5-10 мінут – пры норме, здаецца, 30-40 – іншыя зводзіліся да роспісу ў журнале. Добра, што вытворчасць была не самая апасная, РУП «Белпошта».

Цяпер я належу да іншай арганізацыі – Саюза беларускіх пісьменнікаў, СБП. Клікалі туды яшчэ пасля выхаду кніжкі «Жывуць вольныя шахматы» (2010), аднак падаць заяву я наважыўся толькі ў канцы 2014 г., калі выйшаў шосты па ліку аўтарскі зборнік – «Нарысы шахматнай мінуўшчыны і будучыні». Атрымаў тры рэкамендацыі, прайшоў прыёмную камісію, і 31.03.2015 на пасяджэнні Рады СБП заява была задаволена.

Чацвёртага сакавіка 2017 г. у мінскім Палацы мастацтваў здарыўся з’езд СБП. На ім я прысутнічаў упершыню… дакладней, упершыню ў якасці паўнапраўнага ўдзельніка, бо ў 2002 г. дзякуючы добрай Алене Кобец-Філімонавай гасцяваў на падобным сходзе ў Доме літаратара, а заадно збіраў подпісы за «Дзень праведнікаў».

Некаторых падпісантаў сустрэў у кулуарах праз 14 з паловай гадоў; напрыклад, Алесь Бяляцкі паспеў за гэты час «посидеть и поседеть». Пасядзець у турме і пасівець.

Постфактум сёй-той параўноўваў з’езд СБП з мерапрыемствам брэжнеўскіх часоў – маўляў, адзінай мэтай было перавыбраць старшыню (Барыса Пятровіча), у якога, да таго ж, не аказалася канкурэнтаў. Усёй перадз’ездаўскай «кухні» не ведаю, але, паводле маіх назіранняў і адчуванняў, з’езд прайшоў даволі дэмакратычна. Альтэрнатыўных кандыдатаў на пасаду старшыні можна было прапанаваць і 4 сакавіка – іншая справа, што ніхто не пажадаў лезці на ражон «даходнае месца». У канцы лютага стала вядома, што міністэрства культуры не ўключыла СБП у пералік творчых саюзаў Беларусі, а на саму імпрэзу ніводзін дзяржаўны орган не прыслаў сваіх прадстаўнікоў… Між іншага, «пастанову № 7», дзе зроблена спасылка на артыкул 58 Кодэкса аб культуры, міністр наогул 30.01.2017 не меў права падпісваць, бо арт. 58 уступіў у сілу толькі праз некалькі дзён – фальстарт-с 🙂

Адбыліся выбары не толькі старшыні, але і Рады – ключавога органа ў Саюзе паміж з’ездамі, яго «ЦК». У сувязі з колькасным ростам СБП (каля 470 чалавек, а ў зале прысутнічала дзве з паловай сотні) склад Рады быў павялічаны да 39 чалавек. Я адкрыта галасаваў супраць такога рашэння (па-мойму, хапіла б і 29), але застаўся ў яўнай меншасці. Затое, калі надышоў час вылучаць непасрэдна кандыдатаў, і на 39 месцаў вылучылі 43 чалавекі, то «мой» кандыдат якраз прайшоў сіта адбору.

Супраць Б. Пятровіча галасавалі 8 удзельнікаў, а былога старшыню рэвізійнай камісіі ўвогуле забалатавалі пры таемным галасаванні, і ён не стаў нават шараговым яе сябрам. Такім чынам, няма ў саюзе жэстачайшай стабільнасці аж да стагнацыі. Такі ёсць з чым параўноўваць: Леаніда Левіна ў 2000-х гадах кіраўніком «яўрэйскай абшчыны Беларусі», як правіла, выбіралі аднагалосна.

Арганізатары з’езда памыліліся, не адразу пусціўшы ў залу экс-намесніка старшыні СБП Эдуарда Акуліна, які, пасварыўшыся з Пятровічам, у 2012 г. падаў заяву аб «прыпыненні паўнамоцтваў»: такога паняцця няма ў статуце, г. зн. дэ-юрэ Акулін заставаўся паўнапраўным членам Саюза. Скандальчык раздзьмухала «жоўтая» газета, і тут кіраўніцтва СБП зноў дапусціла памылку: напісала ў камісію па этыцы Беларускай асацыяцыі журналістаў скаргу на журналістку, якая «тэндэнцыйна асвятліла» і г. д. Аднак памылкі гэтыя не фатальныя: рэпутацыі суполкі яны істотна не шкодзяць.

Вядомы пісьменнік Б., які ў 2011 г. са скандалам пакінуў Саюз, у 2017-м кінуўся разважаць пра яго: «Ерархічны да непрыстойнасьці: аблізваць старых і падазрона ставіцца да любых праяваў іншадумства тут закон і норма», «Палітычна саюз белпісьменьнічкаў — выразна права-кансэрватыўны». Магчыма, у 1990-х гадах у гэткім апісанні мелася доля ісціны, зараз жа проста сумна чытаць, настолькі ўсё «міма». Няма ў СБП выразнай палітычнай лініі, дый ці павінен творчы саюз яе дэклараваць?.. Прапанову экс-кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева далучыцца да яго малавядомага «руху за дзяржаўнасць і незалежнасць», які ствараецца з 2015 г., удзельнікі з’езда адкінулі. Ніхто ніколі не прымушаў мяне «аблізваць старых», і я не хаваў крытычнага стаўлення да некаторых знакавых асоб СБП (Святлана Алексіевіч, той жа Някляеў…). Наўрад ці Віктару Жыбулю – чалавеку майго пакалення, якога сёлета зноў выбралі ў Раду – нехта ў Саюзе рабіў вымовы за «хуліганскія» вершы. І г. д.

В. Жыбуль вядзе прэзентацыю белмоўнага выдання Л. Кэрала «Скрозь люстэрка, i што ўбачыла там Аліса». Справа – перакладчыца Вера Бурлак, злева – выдавец Зміцер Вішнёў. Мінск, Няміга-3, 12.03.2017.

У Палацы мастацтваў прадаваліся цікавыя кнігі, а сёе-тое раздавалася задарма, напрыклад, згаданы ў пазамінулай серыі фаліянт гісторыка-гумарыста «З дазволу караля і вялікага князя».

Як абяцаў, прывяду пару старадаўніх анекдотаў:

* * *

Блазан старога караля, назіраючы, як таму падчас хваробы ставілі п’яўкі, заўважыў: «Вось гэта сапраўдныя прыдворныя і прыяцелі яго вялікасці».

* * *

Караль Радзівіл растрачваў вялізныя сумы на сваё разгульнае жыццё і ўтрыманне шматлікай зграі дармаедаў, што складала яго пастаянную світу. З гэтай прычыны Шыдлоўскі, кашталян з Жарнова, заўважыў:

– Калі так пойдзе далей, то, Пане Каханку, страціць можна ўвесь маёнтак.

– А ты, пане каханку, не страціш нічога, бо нічога не маеш! – разгневаўся Радзівіл.

Шыдлоўскі працягваў сваё:

– Князю, жывеш па-каралеўску, а кароль, між тым, на ўсім эканоміць.

– Я жыву па-радзівілаўску, а кароль так, як можа… Кароль сапраўды эканоміць на ўсім, нават блазнаў не трымае пры двары, бо мае іх бясплатна ў сенаце.

* * *

Шкада, што вышэйшыя чыноўнікі не завіталі на з’езд – даведаліся б нямала карыснага, можа, абразнастаілі б сваё панылае існаванне… Дальбог, няпраўда тое, што «свет абыдзецца без літаратуры, ужо зусім хутка».

Тым часам ізраільцы не спяць у шапку. Прачытана ў фэйсбуку пасольства Ізраіля ў Мінску:

21 лютага 2017 г. у Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь з удзелам кіраўнікоў і прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса адбылося ўрачыстае мерапрыемства «Я нясу вам дар», арганізаванае супольна з дзяржаўным літаратурным музеем.

Намесніца кіраўніка місіі Юлія Рачынскі-Співакоў прачытала верш Янкі Купалы “А хто там iдзе”, які адмыслова дзеля гэтай падзеі быў перакладзены на іўрыт дбаннем Шауля Рэзніка пры садзеянні Сяргея Шупы.

Той самы пераклад. Крыніца: https://www.facebook.com/siarhej.shupa/posts/10154484937368763?pnref=story

Чамусьці «роднае» радыё С. Шупы не адзначыла гэты, безумоўна, важны для культуры чын Ш. Рэзніка. Верш «А хто там ідзе?» часоў першай расійскай рэвалюцыі па-свойму класічны, ён пераствараўся на дзясятках моў (ёсць ідышная версія Зэліка Аксельрода). Хочацца, каб перакладаліся і больш сучасныя творы. Гадоў 10, напрыклад, мару, каб з’явіўся іўрыцкі варыянт верша Уладзіміра Караткевіча «Яўрэйцы», прасіў сяброў знайсці ў Ізраілі годнага перакладчыка, але… Ну, можа, зараз нешта зрушыцца з мёртвай кропкі.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

12.03.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 12.03.2017  17:50

Паэт Жыбуль і «Галіяфы» (08.12.16)

Віктара і яго прыяцеляў прыйшлі паслухаць дзясяткі людзей, месцаў за столікамі ўсім не хапіла.

Яшчэ слухачы на Нямізе, 3 (дзяўчына з фіялетавымі валасамі, ты зрабіла мой дзень)

Прыкладна так звонку выглядае тое, што герой імпрэзы сабраў і выдаў гэтай восенню, а рыхтаваў, кажа, гадоў восем.

Памятны запіс на зборніку, які па сённяшнім курсе каштуе… каштуе… гэта ж шумашэдшыя дзеньгі!

Кнігу як твор мастацтва прадстаўляе «галоўны Галіяф» Зміцер Вішнёў. Паводле выдаўца, яму не сорамна за новае выданне.

Л. Р. Казлоў і Г. А. Кур’яновіч самі нямала чаго надрукавалі. У выдавецтве «Арты-фекс».

Віктар Жыбуль рэальна балдзее ад «Дзятла і дупла».

Вершы пра кантралёрства ў выкананні аўтара прымаліся «на ўра», як і мн. іншыя; шкада, аўдыёзапісу не маю.

Вера Бурлак, аka Джэці. Паэт(ка), жонка і маці паэтаў.

Творчы тандэм, від зверху.

Дзікія танцы.

Яшчэ адзін Віктар – Лупасін, ён жа Ываноў – дражніў публіку «Зялёнахвостай песняй» («Вазьмулапату вазьмулапату вазьмулапату» на розныя лады).

Андрэй Хадановіч агучыў пераклады вершаў В. Жыбуля на ўкраінскую і польскую…

…і праспяваў «I can’t forget» Леанарда Коэна – «канадскага яўрэя з беларускімі каранямі» – у сваім перастварэнні. (Гэты ды іншыя пераклады А. Хадановіча – тут).

Выступае панк-рок-музыка Фёдар Жывалеўскі.

Чарга па кнігі пасля імпрэзы.

Падрыхтаваў В. Р.

Артыкулы Віктара Жыбуля на belisrael.info:

«Бядуліха» (+пераклад на рускую)

«Пуцявіны і палотны Цфаніі Кіпніса»

«Княгіня Лэйзароўна – месяц у ваконцы…»

Апублiкавана 9.12.2016   7:58

***

Больш фотак з імпрэзы тут  і тут

Дапоўнена 14.12.2016  13:11