Tag Archives: Сергей Шупа

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (46)

Вясна вярнулася ў цэнтральнаеўрапейскія прасторы, а паралельна прачнуліся хобіты і оркі грамадзяне і вышэйшае чынавенства. Дробнае чынавенства вагаецца, але ўсё часцей яно – з народам, бо не хоча быць крайнім пасля «сацыяльных экспэрыментаў», дый у любым разе яно часцей трапляе пад «ператрахванне», чым… Ладна, не будзем пакуль пра самых чэсных міністраў, шэфаў адміністрацыі, etc.

Не паспеў Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі распаўсюдзіць «шляхаводнік па Дэкрэце № 3» (ацаніце сумны гумар сітуацыі – у суседзяў выдаюцца шляхаводнікі па гарадах, крамлях і палацах, у нас – па бюракратычных пісульках), як усё нафіг састарэла. 9 cакавіка, пасля масавых пратэстаў – не толькі ў Мінску, а і ў абласных ды некаторых раённых цэнтрах – раптам выявіліся вапіюшчыя «перагіны на месцах» (С). Аказваецца, дзеянне «ідэалагічнага, маральнага дэкрэта» (прыметнікі ад таго, хто яго падпісаў) можна адтэрмінаваць на год, а спагнаныя «за дармаедства» грошы вярнуць тым, хто іх заплаціў. Праўда, не цяпер, калі-небудзь потым… У духу кінчаўскай песні: «Тоталитарный рэп – это абстрактный пряник / Или совершенно конкретный кулак».

Дзясяткі тысяч людзей да 20.02.2017 заплацілі дзяржаве грошы – ці то са страху, ці то з аблудна зразуметай законапаслухмянасці (а хтосьці так расхваляваўся ад ліста з падатковай, што звёў рахункі з жыццём)… Грошы, паводле афіцыёзнага тлумачэння на pravo.by, мусілі быць накіраваныя на «рашэнне задач па комплексным эканамічным і сацыяльным развіцці адпаведнай тэрыторыі, якія стаяць перад мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі». Але такое тлумачэнне не задаволіла пратэстоўцаў. Тады «галоўны» прапанаваў іншую версію: «Усе гэтыя грошы да капейкі павінны быць накіраваны на ўтрыманне дзяцей. Толькі дзецям!»

Калі нешта ідзе не так, то заўсёды можна прыкрыцца інтарэсамі дзяцей – лалітыка, у натуры… Ну і ёсць жа даўняя майса, прыведзеная (анты)савецкім сядзельцам Эдуардам Кузняцовым у кнізе «Шаг влево, шаг вправо…» (Іерусалім, 2000)

Заб’еш аднаго чалавека – атрымаеш працяглы тэрмін зняволення. На роўным месцы падпсуеш жыццё тысячам сваіх суграмадзян, забраўшы ў кожнага, магчыма, год-два жыцця – і нічога… Пакуль – нічога. Дэкрэт фармальна не адменены, так што рана баналізаваць падзеі, збліжаючы беларускія пратэсты з замежнымі «па матывах і дынаміцы», як гэта зрабіў адзін фацэт з «Радыё Свабода». Ён жа прыпісаў пратэстоўцам «савецкае» разуменне справядлівасці, што зусім абсурдна праз 25 гадоў пасля скону СССР. Можа, у каго са старэйшых работнікаў яно захавалася, але ж не яны зараз «робяць пагоду».

У чым я, выпускнік ЕГУ, згодзен з фізматаўцам Юрыем Дракахрустам, дык гэта ў тым, што «выкалупванне правакатараў» (завадатараў), як разынак з булкі, не дасць эфекту, пажаданага для ўладаў. Ну, пасадзілі на суткі Губарэвіча, Лябедзьку, Рымашэўскага і «прымкнуўшую да іх» Вольгу Кавалькову – на іх месца прыйдуць іншыя. Як той спяваў, «прежде путал народ, кто здесь друг, а кто враг, а теперь сам народ – “враг народа”!» Дый Сібіры ў нас няма, так што, «адкінуўшыся» з чарговага Акрэсціна, актывісты зноў зоймуцца сваёй справай, умела або няўмела.

На час падрыхтоўкі гэтай серыі ў бальніцах памерлі тры з пяці жанчын, якія атрымалі цяжкія апёкі (звыш 50% паверхні скуры) у час выбуху на Скідзельскім цукровым камбінаце. Недахоп грошай на прадпрыемствах – што звязана і з адметным інвестыцыйным кліматам, створаным за апошнія 15-20 гадоў – штурхае эканоміць на ахове працы.

Яшчэ ў маі 2004 г. аўтары даклада «Нацыянальная стратэгія ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2020 года» з сумам канстатавалі: «Тэхнічная база прамысловасці састарэла… Знос актыўнай часткі асноўных прамыслова-вытворчых фондаў па прамысловасці ў цэлым дасягнуў 80,2%, то бок намнога перавысіў крытычна дапушчальны ўзровень» (гл. п. 3.6). Неяк сумнеўна, што былі зроблены слушныя высновы – адно супрацоўніца інстытута мінэканомікі Целеш Ірына Леанідаўна, 1969 г. нар., без аніякіх спасылак перапісала абзацы з даклада ў свой «артыкул». Цяпер яна – кандыдатка эканамічных навук і разважае на канферэнцыях пра «інавацыйную структуру беларускай прамысловасці». Не выключана, што такія «інаватаркі» і падалі ўраду «суперідэю», дазволіць прадпрыемствам не налічваць амартызацыю, г. зн. рабіць выгляд, што сродкі вытворчасці не старэюць…

Мушу прызнаць, сам у час працы на дзяржаўным прадпрыемстве (2009–2011 гг.) ішоў на рызыку, парушаў асобныя нормы, каб зрабіць усё хутчэй і не «адрывацца ад калектыву»… Зрэшты, інструктажы па тэхніцы бяспекі (і ўводны, і наступныя) мала што мянялі. Першы ўклаўся ў 5-10 мінут – пры норме, здаецца, 30-40 – іншыя зводзіліся да роспісу ў журнале. Добра, што вытворчасць была не самая апасная, РУП «Белпошта».

Цяпер я належу да іншай арганізацыі – Саюза беларускіх пісьменнікаў, СБП. Клікалі туды яшчэ пасля выхаду кніжкі «Жывуць вольныя шахматы» (2010), аднак падаць заяву я наважыўся толькі ў канцы 2014 г., калі выйшаў шосты па ліку аўтарскі зборнік – «Нарысы шахматнай мінуўшчыны і будучыні». Атрымаў тры рэкамендацыі, прайшоў прыёмную камісію, і 31.03.2015 на пасяджэнні Рады СБП заява была задаволена.

Чацвёртага сакавіка 2017 г. у мінскім Палацы мастацтваў здарыўся з’езд СБП. На ім я прысутнічаў упершыню… дакладней, упершыню ў якасці паўнапраўнага ўдзельніка, бо ў 2002 г. дзякуючы добрай Алене Кобец-Філімонавай гасцяваў на падобным сходзе ў Доме літаратара, а заадно збіраў подпісы за «Дзень праведнікаў».

Некаторых падпісантаў сустрэў у кулуарах праз 14 з паловай гадоў; напрыклад, Алесь Бяляцкі паспеў за гэты час «посидеть и поседеть». Пасядзець у турме і пасівець.

Постфактум сёй-той параўноўваў з’езд СБП з мерапрыемствам брэжнеўскіх часоў – маўляў, адзінай мэтай было перавыбраць старшыню (Барыса Пятровіча), у якога, да таго ж, не аказалася канкурэнтаў. Усёй перадз’ездаўскай «кухні» не ведаю, але, паводле маіх назіранняў і адчуванняў, з’езд прайшоў даволі дэмакратычна. Альтэрнатыўных кандыдатаў на пасаду старшыні можна было прапанаваць і 4 сакавіка – іншая справа, што ніхто не пажадаў лезці на ражон «даходнае месца». У канцы лютага стала вядома, што міністэрства культуры не ўключыла СБП у пералік творчых саюзаў Беларусі, а на саму імпрэзу ніводзін дзяржаўны орган не прыслаў сваіх прадстаўнікоў… Між іншага, «пастанову № 7», дзе зроблена спасылка на артыкул 58 Кодэкса аб культуры, міністр наогул 30.01.2017 не меў права падпісваць, бо арт. 58 уступіў у сілу толькі праз некалькі дзён – фальстарт-с 🙂

Адбыліся выбары не толькі старшыні, але і Рады – ключавога органа ў Саюзе паміж з’ездамі, яго «ЦК». У сувязі з колькасным ростам СБП (каля 470 чалавек, а ў зале прысутнічала дзве з паловай сотні) склад Рады быў павялічаны да 39 чалавек. Я адкрыта галасаваў супраць такога рашэння (па-мойму, хапіла б і 29), але застаўся ў яўнай меншасці. Затое, калі надышоў час вылучаць непасрэдна кандыдатаў, і на 39 месцаў вылучылі 43 чалавекі, то «мой» кандыдат якраз прайшоў сіта адбору.

Супраць Б. Пятровіча галасавалі 8 удзельнікаў, а былога старшыню рэвізійнай камісіі ўвогуле забалатавалі пры таемным галасаванні, і ён не стаў нават шараговым яе сябрам. Такім чынам, няма ў саюзе жэстачайшай стабільнасці аж да стагнацыі. Такі ёсць з чым параўноўваць: Леаніда Левіна ў 2000-х гадах кіраўніком «яўрэйскай абшчыны Беларусі», як правіла, выбіралі аднагалосна.

Арганізатары з’езда памыліліся, не адразу пусціўшы ў залу экс-намесніка старшыні СБП Эдуарда Акуліна, які, пасварыўшыся з Пятровічам, у 2012 г. падаў заяву аб «прыпыненні паўнамоцтваў»: такога паняцця няма ў статуце, г. зн. дэ-юрэ Акулін заставаўся паўнапраўным членам Саюза. Скандальчык раздзьмухала «жоўтая» газета, і тут кіраўніцтва СБП зноў дапусціла памылку: напісала ў камісію па этыцы Беларускай асацыяцыі журналістаў скаргу на журналістку, якая «тэндэнцыйна асвятліла» і г. д. Аднак памылкі гэтыя не фатальныя: рэпутацыі суполкі яны істотна не шкодзяць.

Вядомы пісьменнік Б., які ў 2011 г. са скандалам пакінуў Саюз, у 2017-м кінуўся разважаць пра яго: «Ерархічны да непрыстойнасьці: аблізваць старых і падазрона ставіцца да любых праяваў іншадумства тут закон і норма», «Палітычна саюз белпісьменьнічкаў — выразна права-кансэрватыўны». Магчыма, у 1990-х гадах у гэткім апісанні мелася доля ісціны, зараз жа проста сумна чытаць, настолькі ўсё «міма». Няма ў СБП выразнай палітычнай лініі, дый ці павінен творчы саюз яе дэклараваць?.. Прапанову экс-кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева далучыцца да яго малавядомага «руху за дзяржаўнасць і незалежнасць», які ствараецца з 2015 г., удзельнікі з’езда адкінулі. Ніхто ніколі не прымушаў мяне «аблізваць старых», і я не хаваў крытычнага стаўлення да некаторых знакавых асоб СБП (Святлана Алексіевіч, той жа Някляеў…). Наўрад ці Віктару Жыбулю – чалавеку майго пакалення, якога сёлета зноў выбралі ў Раду – нехта ў Саюзе рабіў вымовы за «хуліганскія» вершы. І г. д.

В. Жыбуль вядзе прэзентацыю белмоўнага выдання Л. Кэрала «Скрозь люстэрка, i што ўбачыла там Аліса». Справа – перакладчыца Вера Бурлак, злева – выдавец Зміцер Вішнёў. Мінск, Няміга-3, 12.03.2017.

У Палацы мастацтваў прадаваліся цікавыя кнігі, а сёе-тое раздавалася задарма, напрыклад, згаданы ў пазамінулай серыі фаліянт гісторыка-гумарыста «З дазволу караля і вялікага князя».

Як абяцаў, прывяду пару старадаўніх анекдотаў:

* * *

Блазан старога караля, назіраючы, як таму падчас хваробы ставілі п’яўкі, заўважыў: «Вось гэта сапраўдныя прыдворныя і прыяцелі яго вялікасці».

* * *

Караль Радзівіл растрачваў вялізныя сумы на сваё разгульнае жыццё і ўтрыманне шматлікай зграі дармаедаў, што складала яго пастаянную світу. З гэтай прычыны Шыдлоўскі, кашталян з Жарнова, заўважыў:

– Калі так пойдзе далей, то, Пане Каханку, страціць можна ўвесь маёнтак.

– А ты, пане каханку, не страціш нічога, бо нічога не маеш! – разгневаўся Радзівіл.

Шыдлоўскі працягваў сваё:

– Князю, жывеш па-каралеўску, а кароль, між тым, на ўсім эканоміць.

– Я жыву па-радзівілаўску, а кароль так, як можа… Кароль сапраўды эканоміць на ўсім, нават блазнаў не трымае пры двары, бо мае іх бясплатна ў сенаце.

* * *

Шкада, што вышэйшыя чыноўнікі не завіталі на з’езд – даведаліся б нямала карыснага, можа, абразнастаілі б сваё панылае існаванне… Дальбог, няпраўда тое, што «свет абыдзецца без літаратуры, ужо зусім хутка».

Тым часам ізраільцы не спяць у шапку. Прачытана ў фэйсбуку пасольства Ізраіля ў Мінску:

21 лютага 2017 г. у Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь з удзелам кіраўнікоў і прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса адбылося ўрачыстае мерапрыемства «Я нясу вам дар», арганізаванае супольна з дзяржаўным літаратурным музеем.

Намесніца кіраўніка місіі Юлія Рачынскі-Співакоў прачытала верш Янкі Купалы “А хто там iдзе”, які адмыслова дзеля гэтай падзеі быў перакладзены на іўрыт дбаннем Шауля Рэзніка пры садзеянні Сяргея Шупы.

Той самы пераклад. Крыніца: https://www.facebook.com/siarhej.shupa/posts/10154484937368763?pnref=story

Чамусьці «роднае» радыё С. Шупы не адзначыла гэты, безумоўна, важны для культуры чын Ш. Рэзніка. Верш «А хто там ідзе?» часоў першай расійскай рэвалюцыі па-свойму класічны, ён пераствараўся на дзясятках моў (ёсць ідышная версія Зэліка Аксельрода). Хочацца, каб перакладаліся і больш сучасныя творы. Гадоў 10, напрыклад, мару, каб з’явіўся іўрыцкі варыянт верша Уладзіміра Караткевіча «Яўрэйцы», прасіў сяброў знайсці ў Ізраілі годнага перакладчыка, але… Ну, можа, зараз нешта зрушыцца з мёртвай кропкі.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

12.03.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 12.03.2017  17:50

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ І МУХІ (12)

Гэтым разам серыя выходзіць збольшага гістарычна-літаратурная. Але пазюкаем і пра сучаснасць.

Вясна юбілеяў: Натану Воранаву – 100, Майсею Кульбаку – 120, Змітраку Бядулю – 130. Нядаўна выявіў, што ў Бядулі (1886–1941) з’явіўся нават свой акаўнт у фэйсбуку 🙂 Бядулезнаўства (у адрозненне ад кульбаказнаўства) заўжды ў Беларусі было даволі моцнае, выдаваліся яго зборы твораў і г. д. У апошні час вывучэннем спадчыны Самуіла Плаўніка і яго сваякоў даволі імпэтна займаецца кандыдат філалагічных навук Віктар Жыбуль (артыкул пра маці Бядулі – толькі адзін прыклад), так што наўрад ці скажу тут нешта новае. Па просьбе журналіста Іллі Рэзніка апублікаваў некалі паэму «Жыды» (1915) у газеце «Анахну кан», дый годзе. Ага, ледзь не забыўся: у бюлетэні «Мы яшчэ тут!» за 2003 г. можна знайсці пару артыкулаў Бядулі пра яўрэяў і сіянізм (пачатак 1920-х), напісаных з пазіцый беларускага нацыяналіста.

У красавіку 2016 г. па беларускім радыё аж цэлы тыдзень транслявалі творы Бядулі – добра, што гэтага пісьменніка помняць, і яго яўрэйскія карані мала каму замінаюць. «Радыё Свабода» прывяло 20 «нечаканых» фактаў пра Бядулю… Можа, у юбілей не варта было б, але я ўсё-ткі ўспомню, што адзін з доследаў пра пісьменніка называўся «Самаразбурэнне, ці Скамечаны лёс», і слушна. 21-ы факт пра Бядулю такі – ён быў заўзятым прыстасаванцам. Мікола Іваноў у артыкуле 1995 г. «Зьмітрок Бядуля (Паміж яўрэйствам і беларускасьцю)» пісаў пра нібыта ўнікальную здольнасць пісьменніка «своечасова распазнаваць сутнасьць чарговай кампаніі барацьбы з ворагамі народа і хутка выступаць з самаабвінавачваньнямі». Каб жа ён толькі сябе лупцаваў… У 2-м томе рамана «Язэп Крушынскі», які я чытаў у Нацыянальнай бібліятэцы, нямала месца аддадзена выкрыццю «нацдэмаў», эліты беларускай інтэлігенцыі 1920-х гг. На жаль, жанр гэтага тома блізкі да даносу.

Не паглядзеўшы ў мінулае без ружовых акуляраў, не прааналізаваўшы памылкі папярэднікаў, не «закрыўшы гештальт», нікуды мы не прыйдзем. Гэта разумеў украінскі літаратар і журналіст Алесь Бузіна, подла забіты год таму ў Кіеве (забойцаў дагэтуль не знайшлі). У канцы ХХ ст. ён выдаў кнігу «Ваўкалак Тарас Шаўчэнка», дзе паказаў украінскага класіка не толькі – і не столькі – з параднага боку. Твор меў правакацыйны прысмак, але, на маю думку, паспрыяў (каля)літаратурным дыскусіям, ажывіў вобраз Шаўчэнкі, карацей, заахвоціў сяго-таго з чытачоў мысліць. На Бузіну падавалі ў суд за «ачарненне», ды суд ён выйграў.

І пра Кульбака… У многіх крыніцах пашыралася меркаванне, што ён, пераехаўшы з польскай Вільні ў БССР (пад канец 1928 г.; яго з сумам праводзіў натоўп чытачоў-шанавальнікаў), захаваў унутраную свабоду, ухіляўся ад савецкіх догмаў, карацей, паводзіў сябе як праўдзівы еўрапейскі пісьменнік. Не зусім так. Напрыклад, у мінскім часопісе «Штэрн» № 10, 1936 быў апублікаваны кароткі – на 2 старонкі – нарыс Майсея Кульбака «Шлях народнага паэта», прысвечаны Якубу Коласу, дзе не абышлося без хваласпеваў Сталіну і яго нацыянальнай палітыцы. Я б паверыў, што хваласпеў самахоць уставіла рэдакцыя на чале з Ізі Харыкам, каб Кульбак не быў членам той рэдакцыі… Але гэта паўбяды. Яшчэ больш прыкра чытаць заметку аўтара бліскучых «Зельманцаў» пра «трацкісцка-зіноўеўскую контррэвалюцыйную фашысцкую банду» («Літаратура і мастацтва», 10 верасня 1936 г.). Асобныя радкі – простае палітычнае абвінавачванне калегаў у шкодніцтве: «Доўгі час арудаваў у яўрэйскай совецкай літаратуры Дунец і ніхто з пісьменнікаў з яго не сарваў маскі. Характэрна, што ўжо пасля таго, як Дунца выключылі з партыі, Беларускае дзяржаўнае выдавецтва даручыла яму пераклад такой адказнай кнігі, як “Як гартавалася сталь” Н. Остроўскага. Зразумела, што Дунец сапсаваў гэтую кнігу».

Пасля Дунца шэдэўр Астроўскага пераствараў сам Кульбак, а ўжо ў 1937-м ён лёг у адну яму з Хацкелем Дунцом, няўрымслівым марксісцкім крытыкам, які ў пачатку 30-х гг. папсаваў пісьменнікам нямала крыві. Вядома, асноўная віна за адыёзныя заявы кладзецца на тых, хто давёў літаратараў да стану «павукоў у слоіку», на кіраўніцтва бальшавіцкай партыі, але тым не менш…

У траўні 2015 г. я прапаноўваў назваць вуліцу ў Мінску імем Майсея Кульбака. Цяпер я ўжо не на 100% упэўнены, што патрэбна іменна такая вуліца; магчыма, лепей бы пасавала сучаснаму гораду вуліца Зельманцаў (або хоць Зельманскі завулак). Героі Кульбака ў нейкім сэнсе аказаліся лепшыя за яго самога. У прыўкрасным пісьменстве так бывае.

Цешыць, што ўсё часцей да нас завітваюць творцы з Ізраіля. Ёнатан Барг, які прыязджаў у Мінск у лютым 2016 г., мае пра Беларусь добрыя ўражанні. У інтэрв’ю belisrael.info паэт сказаў, што плануе перакласці на іўрыт некаторыя вершы Андрэя Хадановіча… А зусім нядаўна ў Мінску прызямліўся «сам» лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Ізраіля Этгар Керэт. Ён прачытаў лекцыю пра ізраільскую літаратуру ў лінгвістычным універсітэце, пабываў на афіцыйнай імпрэзе ў Нацыянальнай бібліятэцы і на менш афіцыйнай – у галерэі «Ў». Пасольства, якое апекавалася Керэтам, не забыла і пра мяне:

12-1

Прыемна, вядома ж, але ранейшыя творы «белага клоўна» я ўжо, бадай, перарос. Кнігу «Сем добрых гадоў» яшчэ пачытаю, а ў зборніку «Кіроўца аўтобуса, які хацеў стаць Богам» (Мінск, 2007) зачапіла нямногае. Запрашальнік на прэзентацыю дзевяцігадовай даўніны ў мяне таксама захаваўся:

12-2

Рэч у тым, што кароткія іранічныя (а часам інфантыльна-абсурдныя) апавяданні ізраільца Этгара Керэта надта ўжо нагадвалі творчасць расійца Віктара Галяўкіна, з якой цешыўся ў дзяцінстве. Перафразуючы папулярную прыказку: «Хто Галяўкіна чытаў, той з Керэта не смяецца».

Безумоўна, я ўдзячны пану Этгару за тое, што ён выкраіў час і перагледзеў некаторыя тэксты, падрыхтаваныя для кнігі Элі Савікоўскага «Да зорак» («El ha-kokhavim», Мінск: Шах-плюс, 2009). З ім кантактаваў Павел Касцюкевіч; унёсак П. Касцюкевіча і Э. Керэта адзначаны і ў кніжцы.

12-3

Э. Керэт у Мінску-2016 між двума сваімі перакладчыкамі на беларускую (злева – Сяргей Шупа, справа – Павел Касцюкевіч). Клоўнскі здымак адсюль.

Гледзячы па ўсім, новая кіраўнічка Нацыянальнага агенцтва па турызму (якая раней працавала на В. Харужай, 28 прэс-сакратаркай, а ў Іудзейскім рэлігійным аб’яднанні – выканаўчай дырэктаркай) спадзяецца, што ў Беларусь скора прыедзе многа-многа Керэтаў. Але гэты артыкул, у якім шчодра цытуецца Вераніка Дарожка, на пазітыў неяк не натхняе: прасочваецца жаданне спісаць многія праблемы Беларусі на «сіндром вахцёра», хоць ясна, што рыба псуецца з галавы. Не веру я і ў байку пра Пятра Машэрава, які нібыта ў канцы 1970-х быў гатовы «аддаць яўрэям» будынак Рускага тэатра. Як я пераканаўся ў 2002 г., калі браў у яго інтэрв’ю, былы мастацкі кіраўнік тэатра Барыс Луцэнка – немалы фантазёр і кан’юнктурнік… Пасля 2006 г., калі ён выгнаў з тэатра Паўла Харланчука за тое, што малады акцёр пайшоў на Кастрычніцкую плошчу і адседзеў 10 сутак, не маю ахвоты кантактаваць з «юдафілам» Б. Л. і іншым не раю.

Парадавалі нядаўнія весткі з Амерыкі. Нью-Ёркскі ўніверсітэт атрымаў важкі грант на вывучэнне гісторыі савецкіх яўрэяў: за 7 гадоў плануецца выдаць 7 тамоў. Сярод даследчыкаў, якія будуць пісаць гэтыя кнігі, згаданыя д-р Аркадзь Зэльцар і д-р Эліса Бемпарад. Яны бывалі ў Беларусі (Аркадзь – той увогуле стаяў ля вытокаў яўрэйскага таварыства ў Віцебску напрыканцы 1980-х, а Эліса прыязджала на пачатку ХХІ ст., брала інтэрв’ю ў Гірша Рэлеса), шмат пісалі пра беларускае яўрэйства, цікавяцца ідышам і ідыш-культурай. Можна спадзявацца на станоўчы вынік.

Між іншага, адзін з артыкулаў Э. Бемпарад – «Ідышысцкі эксперымент у савецкім Менску» – публікаваўся ў тутэйшым часопісе «Аrche» ў 2007 г. Артыкул быў спрэчны, я пакрытыкаваў яго. Пазней у выдавецтве Індыянскага ўніверсітэта выйшла кніга «Becoming Soviet Jews: The Bolshevik Experiment in Minsk» – куды больш грунтоўная. Выдавецтва «Аrche» летась збіралася падрыхтаваць пераклад на беларускую мову, але «не асіліла». Кажуць, на рускую кніга Бемпарад пра яўрэяў Менска ці то ўжо перакладзена (у Расіі), ці перакладаецца.

Нашай краіне, агулам, не дужа шанцуе з яўрэйскай адукацыяй і навукай – у нас некаторыя любяць пагарачэй папрасцей. Вось прайшоў 17 красавіка фестываль «Такі Песах» з масай лекцый пра «мастацтва, бізнэс і ўсё астатняе». А 13-15 траўня намячаецца «Лімуд», дзе таксама будзе вінегрэт шоў «без абмежаванняў, фармату і тэматыкі». Нешта сумняюся, што выступіць на «Лімудзе» ў Мінску «грамадзкі дзеяч і папулярны блогер» Антон Носік: яго ваяўнічыя заклікі, датычныя сірыйцаў (маўляў, не саромейся, Пуцін, забівай…), «дасталі» ўжо нават расійскіх следчых.

Магчыма, у эпоху фельетонна-кліпавага мыслення гэткія імпрэзы і больш дарэчныя, чым сістэмныя намаганні ў галіне іўдаікі. Адылі мне дарагі ідыш, мова, паходжанне якой нейкія жартуны выводзяць з Ірана. Не без суму думаю, што рэсурсы многіх а многіх людзей трацяцца не на адраджэнне традыцыйнай мовы беларускіх яўрэяў, а, груба кажучы, на «папсу» і халтурку (зразумела, маю на ўвазе не ўсіх выступоўцаў, але тое, што генеральным партнёрам пазначаны Саюз беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын з яго бяздзейным сайтам і даўно скампраметаваным старшынём, як бы намякае…).

Чарговы эпізод «вайны з кнігамі» прыпаў на красавік 2016 г. З ініцыятывы мытнікаў пад раздачу ў судзе трапілі наступныя выданні 2012 г. (!): Зянон Пазьняк «Добрая фатаграфія», Зянон Пазьняк і Валеры Буйвал «Абарона Курапатаў. Народны мэмарыял». Раней у мяне не даходзілі рукі пазнаёміцца з гэтымі кнігамі, але раз такі аўтарытэт, як суддзя Маскоўскага раёна г. Брэста Таццяна Гаргадзэ палічыла, што яны экстрэмісцкія… Паглядзеў і «Добрую фатаграфію», і «Абарону Курапатаў». Там нямала спрэчных момантаў (асабліва ў другой), але экстрэмізму я, чалавек з дыпломам палітолага ЕГУ, атрыманым у 1999 г. (ён эквівалентны дыплому Інстытута палітычных даследаванняў у Страсбургу), нідзе не выявіў.

Зразумела, уладам трэба адцягнуць увагу ад рэальных праблем, пераключыўшы яе на бяскрыўдную, у прынцыпе, літаратуру. Магу толькі паспачуваць аўтарам. З іншага боку, калі б нязменны лідар КХП-БНФ у свой час менш захапляўся падзелам людзей на «сваіх» і «чужых», да палявання на кнігі ў Беларусі магло б і не дайсці… Пошук «экстрэмізму» ў фотаальбоме – лухта і трызненне, аднак ці меншай лухтой быў нагавор на колішняга дэпутата Вярхоўнага Савета Беларусі Дзмітрыя Булахава (1959–2006), які, паводле З. Пазьняка, забіў чалавека на дарозе, павінен быў пайсці пад суд, але яго, Булахава, вызвалілі ад турмы з той умовай, што ён увосень 1992 г. зробіць даклад супраць рэферэндуму? «29 кастрычніка (насамрэч 27 кастрычніка – В. Р.) ён (Булахаў – В. Р.) выступаў з аргументацыяй псеўдаюрыдычнай, чаму не павінен адбыцца гэты рэферэндум… Настолькі чалавек прадаўся…», – кажа Пазьняк у пачатку гэтага відэа. Быццам і не ведае, што інцыдэнт на дарозе (наезд на жанчыну) з удзелам Булахава адбыўся толькі ў студзені 1993 г. (гл.: «Апазіцыя БНФ у Вярхоўным Савеце ХІІ склікання». Смаленск: Інбелкульт, 2015. С. 569).

Баюся, тут спрацаваў «эфэкт бумерангу». Пры ўсёй павазе да Пазьняка, у гісторыі з канфіскаванымі кнігамі я бачу яго не героем, які процістаіць «плебеям духа», а мізэраблем-ахвярай. Cёння гэтаму чалавеку споўнілася 72. Зычу яму хаця б к наступнаму дню народзінаў прызнаць свае шматлікія памылкі – можа, праз гэта вернецца і яго палітычная вага пачатку 90-х?

Экзатычны крок, звязаны з Курапатамі, зрабілі мінскія актывісты (Марат Гаравы і кампанія): звярнуліся ў пасольства Ізраіля з просьбай націснуць на ўлады РБ, каб тыя пашукалі звесткі пра двух курапацкіх пакутнікаў, Мардэхая Шулескеса і Мойшу Крамера. Сон на яве… Пасольства не стала мяшацца ў праблему будоўлі шматпавярховіка на тэрыторыі старых яўрэйскіх могілак у Мазыры (амерыканскія і расійскія рабіны хоць накрэмзалі пісьмы чыноўнікам…) – хутчэй за ўсё, не стане рэагаваць і зараз. Ды марыць нікому не забаронена.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

24.04.2016

rubinczyk[at]yahoo.com

Ад рэдакцыі. Мы не заўсёды згодныя з суб’ектыўнымі ацэнкамі нашых аўтараў, у тым ліку і В. Рубінчыка.

Апублiкавана 24 красавiка 2016 г.