Tag Archives: День еврейской культуры в Минске

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (127)

Добры дзень!

У апошні месяц міжволі быў уцягнуты ў гісторыю (гістэрыю?) з барысаўскім гуртом «Жыдовачка» і ўсялякімі overreactions. Што казаць, вірус істэрычных празмерных рэакцый (ВІПР), вылучаны спецыялістамі з Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ды агульнакарысных курсаў «Мінскай пошты» яшчэ ў 2017 г., ён такі… жывучы ў Беларусі. Але, здаецца, супольнымі высілкамі яго пашырэнне ўдалося лакалізаваць – ва ўсякім разе, справаздача аб ганебным пасяджэнні «вялікіх людзей» з Саюза бел. яўр. абшчын у гатэлі «Планета» была 02.10.2019 (праз колькі дзён пасля публікацыі) выдалена з сайта «самай чэснай яўрэйскай газеты». Калі Уладзімір Чарніцкі & Co. саромеюцца сваіх завочных «наездаў» на музыкантак-аматарак, то не ўсё яшчэ страчана.

Юрый Зісер змясціў адзін з маіх фельетонаў на сваёй сеціўнай старонцы, нават пракаментаваў у тым сэнсе, што актывісты, пра якіх я пісаў, вырашылі заняцца «доносительством». Змясціў дык змясціў – ні я, ні рэдакцыя belisrael.info яго не прасілі, асабіста мне Ю. З. увогуле маласімпатычны (у красавіку 2015 г., калі было вось такое, ставіўся больш спагадліва).

Запісы Ю. З. ад 02.10.2019 і 04.10.2019. З гэткімі «зашчытнікамі» і нападаюшчых не трэба…

Дарэчы, «малодшы партнёр» пана Зісера ў аргкамітэце «літвацкага клезмерфэста» надоечы пісаў, што яму, Сяргею Д., гурт «Жыдовачка» падабаецца, але, на жаль, ён не адзін прымае рашэнні. Усё як звычайна, як у даўнім вершыку Веры Бурлак: «Прывязалі мне руку да нагі, / Але вельмі добрыя людзі, / Не каб нехта благі! / А ад добрых – няхай ужо будзе!»

Справа густу, а мне цікавей было паназіраць за паводзінамі прадстаўнікоў новага пакалення «беларускіх яўрэйскіх лідараў» (тут не спалучэнне, а кожнае слова можна браць у двукоссе): кінуліся распавядаць заснавальніку тутбая, што ў мяне кепскі стыль, дый сам аўтар так сабе, і лепей дзяржацца ад яго далей. Ніводзін/ніводная не спрачаліся з напісаным па сутнасці – і, што характэрна, ніхто з тых прыгажуноў не наважыўся даслаць свае прэтэнзіі на мой e-mail або рэдактару belisrael Арону Шусціну. Аналагічныя паводзіны гілелеўскі «аўтарытэт» дэманстраваў 4 гады таму (перачытайце ч. 1 «Катлет & мух»-1). Запушчаны выпадак… 🙁

Самае лёгкае – зрабіць абагульненне («інтрыганы, дурні, баязліўцы») & спісаць «племя младое, незнакомое» ў архіў, як некалі спісаў іх старэйшых натхняльнікаў. Але ж трактую свае тэксты як тэрапеўтычныя – часам яны такімі й бываюць… Вунь Аркадзь Л. Шульман з Віцебска, атрымаўшы «чароўны пендаль», назаўтра выправіў у артыкуле Ганны Севярынец напісанне словаў Мойшэ Кульбака на ідышы. Малайчына, Львовіч, хазак вээмац! Як выправіш усе абсурдныя «љ» на «š» (або на «sh») у артыкуле Алеся Астравуха, будзеш двойчы малайчына. Тады многія (можа, нават і я) павераць, што ты быў ды застаешся «очень высокого мнения обо всем, что делает Александр», а не проста піярышся/зарабляеш грошы за кошт майго старога таварыша.

А во яшчэ: пакпіў я ў ліпені з «Цэнтра беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны» (у чэрвені яны прывезлі былі ў Сінявокую выставу, прысвечаную Эмі Уайнхаус), параіў ім звяртаць увагу на асоб, якія шчыльней звязаныя з Беларуссю, дык у верасні адкрылі нешта больш адэкватнае, выставу знакамітага фатографа-ураджэнца Мінска («Майсей Напельбаум. Партрэт эпохі»). У Нацыянальным гістарычным музеі, прадоўжыцца да 23 кастрычніка г. г.

Дзеля-мадзеля прывяду адзін пост, які 03.10.2019 выдала на fb-старонцы Зісера Крысціна Бяздзежская. Зважаючы на прозвішча і ўзрост, дачка або пляменніца той самай гора-сакратаркі «галоўнага яўрэйскага саюза», што спрабавала змагацца з незалежным яўрэйскім бюлетэнем «Мы яшчэ тут!» пры дапамозе сілавікоў. Было гэта на ўскрайку «Ямы» ў далёкім сакавіку 2006 г. (на той час адміністратар сайта беларускага зямляцтва ў Ізраілі Гена Пекер яшчэ не «забранзавеў», адгукаўся на лісты і часам публікаваў мае іранічныя допісы).

Выявілася, Бяздзежская-малодшая не так даўно размяркоўвала фінансавыя плыні ручаі «Джойнта», а цяпер начальствуе ў «культурнай суполцы “Эмуна”», што пры «Мінскім яўрэйскім абшчынным доме» (у «Эмуну» я не заходзіў год 10, у прадстаўніцтва «Джойнта» – усе 18). Мабыць, гэта лічыцца очань культурна – пісаць пра незнаёмага, або знаёмага з чужых слоў чалавека, што ён «ужо шмат гадоў толькі атрутай пырскае». От жа ж неспадзяванка – Беларускі фонд культуры, часопісы «Роднае слова», «Дзеяслоў», «ПрайдзіСвет», рэдакцыя «Шахматной еврейской энциклопедии», арганізатары лекцый пра яўрэйскіх пісьменнікаў, удзельнікі навуковых канферэнцый ацэньвалі маю сціплую дзейнасць апошняга часу крыху іначай 🙂

Забаўна, што ў другой палове 2010-х нават «Авив» і «Мишпоха» публікавалі пра вашага пакорлівага слугу цалкам прыстойныя радкі – пэўна, выпадкова. Альбо нейкая дыверсія 🙂 🙂

Поспехаў табе на новым цёплым месцы, Крыся, у «захаванні традыцый і культуры сярод людзей»! Няхай здзейсніцца тваё пажаданне – дапраўды, чаму б Ю. А. Зісеру ды ўсім іншым рэальным/патэнцыйным спонсарам не разабрацца ў тым, што робіць ваша з Ленай Кулеўніч і Максам Юдзіным «абшчына», як яна «думае пра жывых»? 🙂

А калі больш сур’ёзна – дажыліся вы, хлопцы-дзеўкі з пасадамі, да таго, што такім, як вы, Еўра-Азіяцкі яўрэйскі кангрэс не даверыў нават апытаць нас, шараговых беларускіх яўрэяў, у рамках міжнароднага даследавання (відаць, у ЕАЯК такі здагадваюцца, чаго вартыя «Лімуд» i джойнтаўскія семінары як крыніца ведаў). У пачатку 2019 г. апытаннем кіравала… адукатарка з Мінскага палаца дзяцей і моладзі. Баюся, што «дзень яўрэйскай культуры» ў Мінску, дзе можна было паглядзець на пяюху Зену, якая ў маі глядзела на Тэль-Авіў, – гэта iнтэлектуальная столь для вашых суполак. I нават асобы з вашага блізкага кола пішуць: «Мы, вядома, вельмі рады за свята яўрэйскай культуры… але ці не пара ўжо мяняць фармат мерапрыемства?!» (Алекс Фурс, 23.09.2019).

Ну, спадзяюся, скандал са спробамі выкручвання рук «Жыдовачцы» праз Барысаўскі райвыканкам (гутарка з прадстаўніцай капелы адбылася ў ім 11.09.2019 пасля кляўзы «Саюза») і адміністрацыю Лукашэнкі падштурхне сяго-таго з «актывістаў» да роздумаў – людзі ж не без мазгоў. Як там казаў Георг наш Зімель? «Канфлікт ачышчае паветра»? Вучыцеся, і будзе вам шчасце.

Зараз у Беларусі перапіс насельніцтва (4-30 кастрычніка). Хочацца, каб больш яўрэяў называла сваёй роднай мовай ідыш – хаця б дзеля павагі да продкаў. А пакуль да вас яшчэ не прыйшоў чалавек з планшэтам, для падняцця духу паслухайце новую песеньку Змітра Дзядзенкі. Раптам пасля ўсебеларускага перапісу якраз і з’явіцца «нацыянальная ідэя – для беларуса, рускага, габрэя»?

Зноў да пытання аб тым, што робіцца пасля – або ў выніку – публікацый belisrael. Помніце майскія фоткі з жудкаватымі балконамі па вуліцы Бабруйскай, побач з мінскім чыгуначным вакзалам? Цяпер тыя балконы выглядаюць крыху лепей, прыкладна так:

Фота 17.09.2019

Калі раптам якое дабро і зваліцца на галаву (не дай Б-г, канешне), то мінакоў будзе цешыць той факт, што яно было пафарбавана да Другіх Еўрапейскіх Гульняў 🙂

Адылі ёсцека больш пазітыўныя сюжэты. Некаторыя беларусы ў верасні прапанавалі узнагародзіць казла з Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці ордэнам «За ўмацаванне міру і дружбы» (абгрунтаванне тутака). Сяргей Пульша з газеты «Новы час» абсалютна слушна пракаментаваў: «Калі нядаўна ордэн атрымала Пугачова, а раней — ўсялякія Дробышы-Баскавы, дык чаму б не даць яго нашаму роднаму казлу?» Агулам, газета за апошнія месяцы ўзмацнілася, нярэдка ў ёй бывае, што пачытаць. Вось, напрыклад, артыкул Алены Ляшкевіч (27.09.2019) пра сінагогі ў Беларусі са шматлікімі каштоўнымі ілюстрацыямі.

Багата ілюстравана і кніга чатырох аўтараў, грошы на выданне каторай збіралі талакой (прэзентацыя выдання была ў снежні 2018 г.). Па-мойму, вельмі добры праект: тут і рэпрадукцыі, і казкі ў тэму, і кароткія звесткі пра мастакоў, і месца для палёту ўласнай фантазіі. Праўда, вершыкі дзе-нідзе, на мой густ, надта ўжо своеасаблівыя: «Ад Барселоны да Шанхая / Ўсе ў захапленні ад Шагала»? А «помніць» і «хлопец» – тожа такая рыфма? Гм…

Кніга служыць, сярод іншага, падказкай, што скора юбілеі: у студзені 2020 г. – Сэма Царфіна (120 год), у ліпені 2020 г. – Пінхуса Крэменя (130).

Наступнае фота – з вуліцы Валгаградскай, што ў Мінску… 17 верасня г. г.

Леанід Кулакоў з памочнікам, каторы з бел-чырвона-белым сцягам, пад’еўшы (гл. пакунак з шаўрмой у ягоных руках), збірае подпісы за сваё вылучэнне ў кандыдаты… Калі Вы не забыліся, у нас тут быццам бы перадвыбарная кампанія.

Мінут пяць я стаяў побач – не ішоў народ. Быў бы ў мяне пашпарт з сабою, дык падпісаўся б, а так – даруй, Леанідзе.

На жаль, ізраільскі палітыкум, за якім я некалі назіраў з цікавасцю, дэградаваў амаль у гэткай жа ступені, што і беларускі. Выбары, што адбыліся ў Ізраілі ў той жа дзень (17.09.2019), зноў не далі нікому істотнай перавагі, так што няможна выключаць “трэці тур” 🙂 Нешта падобнае назіралася ў Беларусі ў сярэдзіне 1990-х: людзі стамляліся і не хадзілі на ўчасткі, што замінала фармаванню парламента. І, вядома, ліла ваду на млын «вертыкалі»…

Звонку не зусім зразумела, чаму прэзідэнт Ізраіля зноў даручыў фармаванне ўрада чалавеку, які менш паўгода таму гэтую місію праваліў (а ў верасні 2019 г. яго партыя сабрала яшчэ менш галасоў, чым у красавіку, – тысяч на 30). Ва ўсякім разе, жадаю ўсім «вялікім палітыкам» хутчэй выйсці з тупіка ў гэтым 5780 годзе, які пачаўся 29 верасня. Не дурыць галаву ні сабе, ні людзям.

Каб хутчэй прачышчаліся мазгавыя клеткі, паслухайце песню на вершы Ізі Харыка, паэта, забітага савецкай уладай у 1937 г. (хоць і служыў гэтай уладзе верна):

Бліскучая Бенька ў час канцэрту ля Купалаўскага тэатра 21.09.2019 прамовіла пару слоў пра Харыка і праект «(Не)расстраляная паэзія» – «калі хто ведае». Таму ў запісе, быццам рэха, гучыць адказ: «Ведаю, ведаю».

Цытатнік

«Хто ведае сябе, таму не страшна тое, што пра яго гавораць» (прыпісваецца Мухамаду аш-Шафіі, 767–820 гг.)

«У любой незразумелай сітуацыі – танчы» (Наталля Голава, 12.07.2019)

«Калі выбіраць паміж сталінізмам і абыякавасцю ўлады, то лепей абыякавасць» (Дзмітрый Быкаў, 24.09.2019)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

04.10.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 04.10.2019  20:32

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (123)

Яшчэ шалому! Вышэй кроквы, цесляры!

Ці не галоўнае, чым хваліцца Саюз беларускіх яўрэйскіх абшчын у апошнія месяцы, – выстава «Эмі Уайнхаус. Сямейны партрэт», што праходзіць у мінскай галерэі Міхаіла Савіцкага з 15 чэрвеня (скончыцца 31.08.2019). Дазнаўшыся пра месца правядзення, я ўсміхнуўся: больш зацятага змагара з «буржуазнай мас-культурай», чым той Савіцкі (які да таго ж не палюбляў «яўрэйскі дух» – ну, можа, паглядзеўшы на бедную, дачасна памерлую брытанку, зрабіў бы выключэнне), і ўявіць сабе цяжка. Ды лёс і не такія досціпы ўчыняе.

Саарганізатар «Сямейнага партрэта» – «Цэнтр беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны», нядаўна створаны ў Мінску (заснавальніца – арт-куратар Мая Кацнельсон). Я не разумеў, пры чым беларуска-яўрэйская спадчына да творчасці Уайнхаус, ды архівісты падказалі: прадзед спявачкі, Біньямін Вайнгауз, сын Яўсея, жыў у Астрашыцкім Гарадку, адтуль у канцы ХІХ ст. эміграваў… Сям’я апынулася ў Брытаніі. Здаецца, ніхто з нашчадкаў да Беларусі дачынення больш не меў, але сама па сабе знаходка цікавая. Ці дастаткова яе, каб запісваць Эмі Джэйд Уайнхаус (1983–2011), шматразовую лаўрэатку прэміі «Грэмі», у «нашы», – рашайце самі.

Выставу разрэкламавалі тутэйшыя фастфудныя СМІ – тутбаі і сіцідогі. Я нават паслухаў колькі песень «віноўніцы ўрачыстасці» (амаль не зачапілі; у катэгорыі надрыўных англамоўных спеваў аддаю перавагу Ціне Цёрнер або Барбры Стрэйзанд) і пазнаёміўся з жыццяпісам праўнучкі беларускага яўрэя. Калі коратка – дзяўчына рабіла ўсё, каб НЕ адпавядаць ідэалу «ідышэ мэйдл» 120-цігадовай даўніны (у якім, прызнайма, было нямала слушнага). У пяшчотным узросце Эмі падсела на наркотыкі; спярша лёгкія, потым цяжэйшыя. Жлукціла спіртное, дыміла як паравоз, памяняла мноства… гм… партнёраў. Ладна б нейкая адна загана – а там была д’ябальская сумесь. У выніку пяюха проста знішчыла сябе на радасць таму цынічнаму сектару шоў-бізнэса і медыяў, які вымагае «мёртвых герояў».

Цяпер у цэнтры Мінска з падачы лонданскага яўрэйскага музея паказваюць генеалагічнае дрэва Э. Уайнхаус, некаторыя яе дакументы, рэчы. Па-мойму, усё гэта для найвялікшых фанатаў, і сумняюся, што тысячы іх у горадзе. Кошт квітка – 10 руб.; калі б мне заплацілі тую самую дзясятку, то наведаў бы.

У згаданым беларуска-яўрэйскім цэнтры ведаюць, што робяць (прынамсі, хочацца ў гэта верыць), і ўсё ж. Я не супраць выставак, прысвечаных брытанскай поп-зорцы яўрэйскага паходжання ды іншым цікавым асобам. Аднак ісці б такім імпрэзам на дзясятым месцы… Найперш паказаць бы аўдыторыі таленты, якія насамрэч mit lajb un lebn звязаныя з Беларуссю, хай сабе яны не супервядомыя за мяжой.

Першае імя, што прыходзіць у голаў, – Якаў (Янкель) Кругер, жывапісец і вандроўнік, які нязменна вяртаўся ў родны горад. Пагатоў сёлета ў Кругера (14.05.1869 – 19.03.1940), заснавальніка першай у Мінску мастацкай школы (1906), быў 150-гадовы юбілей. Мастак пахаваны на Вайсковых могілках.

Так, выдаваліся ў Мінску альбом-каталог з біяграфічным нарысам і рэпрадукцыямі работ Кругера, кніга Надзеі Усавай (вышэй паказана вокладка), ды з 2000–2013 гг. шмат вады сцякло. Працы яго нячаста экспануюцца… Тое самае можна сказаць і пра карціны Натана Воранава, «другапланнага» мастака з Магілёва.

Калі верыць сайту «Саюза бел. яўр. абшчын», юбілей Кругера суполка ніяк не адзначыла.

Заслугоўваюць выстаў Міхл Рафальскі (1889–1937) – ідэолаг і першы кіраўнік Беларускага дзяржаўнага яўрэйскага тэатра, заслужаны кінадзеяч Майсей Бераў (1909–2003)… Апошні нарадзіўся ў снежні, так што 110-годдзе наперадзе, матайце на вус.

Што ў «галоўнага яўрэйскага саюза» своеасаблівы погляд на культурную спадчыну, ведаю даўно. А як з сучаснасцю і будучыняй? У красавіку 2017 г. я спадзяваўся на перамены да лепшага – пасля таго, як да стырна ў выніку канкурэнтных выбараў прыйшоў увішны бізнэсовец Уладзімір Чарніцкі… Надоечы ў арганізацыі змянілася і прэс-сакратарка; новай (Ангеліне Галкінай) – 20 год, яна студэнтка БДУ. І вось заснавальнік рэсурса, які вы зараз чытаеце, 26.07.2019 звярнуўся да яе:

Добры дзень, Ангеліна!

Будзьце ласкавы, адкажыце на пытанні, звязаныя з урочышчам Курапаты, пра якое не раз былі згадкі на нашым сайце.

  1. Ці нясе Ваш Саюз адказнасць за помнік у Курапатах, пастаўлены ахвярам сталінізму ад імя беларускіх яўрэяў? (Выяву гэтага помніка можна бачыць, напрыклад, тут: https://belisrael.info/?p=9919)
  2. Як вядома, у лістападзе 2018 г. у Курапатах быў узведзены “афіцыйны” помнік з надпісамі на чатырох мовах, у т. л. і на мове ідыш. Ці звярталіся стваральнікі гэтага помніка па дапамогу да Вашай арганізацыі?

З павагай,

Арон Шусцін,

галоўны рэдактар незалежнага ізраільскага сайта belisrael.info.

*

Неўзабаве з «афіцыйнага» адрасу быў атрыманы адказ: «Здравствуйте! У Вас не будет возможности отправить это же письмо на русском языке?» Крыху пазней – і сустрэчнае пытанне: «Могу ли я уточнить причину вашего обращения в Союз еврейских общин, чтобы понять суть вашего вопроса?».

А. Галкіна, інстаграмнае фота (2019)

Абодва сказы сведчаць, па-мойму, пра «жэстачайшы прафесіяналізм»… не столькі самой «лапулі» з крыжыкам, колькі тых, хто наняў яе. Так, сайт belisrael, у прынцыпе, можа пайсці насустрач і перафармуляваць запыт па-руску… Дапусцім, ад «Краязнаўчай газеты», што дыхае на ладан, ад «ЛіМ»а і «Нашага слова» яшчэ можна «адмахнуцца». Але як прэс-сакратар(-ка) без ведання абедзвюх дзяржаўных моў будзе сачыць за публікацыямі, пісаць прэс-рэлізы, дый паўнавартасна кантактаваць з такімі мастадонтамі тутэйшай прэсы, як «Звязда», «Настаўніцкая газета», «Наша Ніва», «Новы час»? І няўжо няздатнасць разумець пытанні белмоўных карэспандэнтаў тэле- і радыёпраграм (а іх нямала, найперш у культурніцкіх рэдакцыях) падвысіць аўтарытэт Саюза? ¯\_(ツ)_/¯

Або, напрыклад, 16.09.2018 ладзіўся чарговы «Дзень яўрэйскай культуры»… Афішку выдалі пераважна па-беларуску, хоць і з памылкамі:

Многія засумуюць, калі суполка зробіць крок назад, у бок «татальнага рускамоўя». Паводле перапісу 2009 г., блізу паловы ўсіх жыхароў (і амаль 10% яўрэяў) Беларусі ўважалі беларускую мову за родную, не хухры-мухры. Нават у Ізраілі зямляцтва кліча на «вечар беларускай песні і паэзіі» (15.08.2019, па папярэднім запісе).

Ну і наконт сустрэчных пытанняў… Адпачатку гэта было яўрэйскай «фішкай», якую перанялі кашчаніты і звычайныя сеціўныя тролі. Цяпер яе часцей выкарыстоўваюць чыноўнікі, каб «запусціць дурачку» або зусім ухіліцца ад адказу. Пытацца пра патаемную прычыну, з якой СМІ/сайт задае пытанне, крыху мавэтон, але для «чарніцкага» Саюза, можа, і норма… З цікавасцю чакаю, як дыялог пойдзе далей: перарасце ў «такідатую дуэль»? 😉

Дзейныя ў ліпені 2019 г. паблікі «самай прадстаўнічай» яўрэйскай арганізацыі. «Выходзіць, у вас два мужы старшыні?» O_о

Начальнікі мяняюцца, а сутнасць суполкі – наўрад ці… Ну, або дужа марудна. Дарэчы, дама, якая намагалася здаць мяне ў міліцыю на «Яме» ў сакавіку 2006 г., дагэтуль гендырэктар(-ка) Саюза. Пераседзела двух старшыняў, Л. Левіна й Б. Герстэна, – малойца! От толькі яўрэяў у Беларусі ўсё меней 🙁

*

У мінскім супермаркеце набыў пакунак з семкамі, made in Тамбоўская вобласць:

Маркетолагі файна абыгралі вобраз, які асацыюецца з Тамбоўшчынай 😉 Як можна было б раскруціць тутэйшыя семкі? Адзін сталы чытач прапанаваў намаляваць на абгортцы крэсла з цвіком, назваўшы прадукт «А можа, так і трэба» 😉

Яшчэ больш упадабаў бы я афармленне з гіганцкай семкай у вышыванцы. І каб яе «твар» нечым нагадваў аблічча міністра замежных спраў, які стараецца апранаць замежных дыпламатаў у кашулі з беларускім арнаментам. Гэта ж весела – абрагочашся!

Чэрвень 2019 г., Мінск

Злева – Уладзімір Макей, справа – немка Андрэа Віктарын, прадстаўніца ЕС у РБ (2015–2019), якая не раз абяшчала, што візы «ў Еўропу» звычайным грамадзянам Беларусі будзе прасцей атрымаць, што цана пытання знізіцца. Зараз яна вяртаецца на радзіму, і абяшчаць будуць іншыя. А вось пасол Ізраіля Іосіф Шагал (2012–2015), пры ўсіх закідонах, пакінуў нашу краіну, калі пагадненне пра «бязвіз» паміж Беларуссю і Ізраілем было падпісана (у лістападзе 2015 г. запрацавала).

Пакуль суд ды справа, паслухайце песеньку Змітра Дзядзенкі, якая пачынаецца так: «Сёння кожная засранка чула: ў модзе вышыванка».

*

У мінулай серыі гаварылася пра стаўленне Івана Шамякіна да яўрэяў, пра фальш у яго дзённіках. І пахаванне пісьменніка ў 2004 г. адбылося не без фальшу – «для масавасці» да Дома афіцэраў нагналі школьнікаў

Яшчэ адзін штрышок да біяграфіі Івана Пятровіча з мемуараў Валянціна Тараса: «Наконт 1987-га годуякраз тады разгарнулася шалёная з антысеміцкім прысмакам кампанія супраць творчасьці Марка Шагала: цкавалі супрацоўніцу рэдакцыі Беларускай Савецкай Энцыклапедыі Ірыну Шэлянкову, якая падрыхтавала для чарговага тому БСЭ артыкул пра Шагала, за што яе звольнілі з працы. Маўляў, як гэта ты, славянка, магла ўчыніць сіянісцкую дыверсію? Цягнуць на старонкі БСЭ гэтага зацятага сіяніста, незразумелага народу мадэрніста? Што з таго, што ён нарадзіўся ў Беларусі? Ён сам сябе ад яе адарваў, калі зьбег у эміграцыю, і даўно ўжо ня мае з нашай Бацькаўшчынай нічога агульнага. І ягонае гэтак званае мастацтва таксама!.. Сёньня дзіву даешся, што гэтыя інвектывы ў адрас Шэлянковай гучалі з вуснаў такіх паважаных асобаў, як тагачасны галоўны рэдактар БСЭ І.Шамякін і ягоны намесьнік А.Петрашкевіч».

Зачапіўся вокам за нядаўні тэкст дачкі пісьменніка, доктаркі філалагічных навук, прафесаркі БДУ Таццяны Шамякінай. Бывае, што дзеці каюцца за нягожыя ўчынкі бацькоў, але тут іншы выпадак. Якая паранаідальнасць у мысленні, з якім шэрым (не блытаць з чорным) гумарком распавядаецца пра цкаванне Барыса Пастарнака!.. 🙁

На думку Т. Ш., у час барацьбы з «касмапалітызмам» «пострадавшие отделались легким испугом — никого ведь из критиков-космополитов не расстреляли и в лагеря не сослали. Даже из Союза писателей никого не исключили (Ст. Куняев)». Гэта горш, чым мацюкі на адрас вучня шчучынскага ліцэя з вуснаў дырэктара і сацыяльнага педагога (якіх усё-такі зволілі) – тут падман чытачоў, а значыць, і сваіх студэнтаў-філолагаў, тут поўная маральная дэградацыя. Пачытайце хаця б пра лёсы Ёгана Альтмана (1900–1955) і Рыгора Гукоўскага (1902–1950). Нават стары дзівун Куняеў згадаў выключэнне Альтмана з Саюза пісьменнікаў (Шамякіна абарвала куняеўскую цытату). Дый бацька Т. Ш. пісаў пра той час: «Не пасадзілі нікога, акрамя чалавек пяцярых яўрэйскіх пісьменнікаў у час барацьбы з касмапалітызмам…» (25.10.1990). Для кагосьці, вядома, гэтыя людзі – «ніхто»…

Сведчыць Зміцер Дзядзенка, які ў 1990-х вучыўся на філфаку: «Таццяна Шамякіна – яскравы прадукт свайго асяроддзя, залатое дзіця бээсэсэраўскай эліты. У мяне ад яе лекцый заставалася дваістае ўражанне: яна даволі шмат чытала, была эрудзіраванай, давала ў лекцыях тое, чаго не было тады ў падручніках, але габрэйскі пункцік перыядычна атручваў усё» (30.07.2019).

Т. Шамякіна (1948 г. нар.) і Зм. Дзядзенка (1972 г. нар.)

Цытатнік

«Бі ў мінулым цяперашняе, і ў двайную сілу ўбярэцца тваё слова» (Мікалай Гогаль, 1844)

«Назіраючы за хворымі, ён [галоўны ўрач дома-інтэрната] заўважыў, што для большасці з іх “жартам” быў злосны і жорсткі здзек з бліжняга, са слабейшага – гэта выклікала ў іх неўтаймоўны смех. А ўласна гумару яны не разумелі і з бяскрыўднага анекдота маглі не зарагатаць, а накінуцца на расказчыка з кулакамі…» (Барыс Пятровіч, 2011)

«Людзі ва ўладзе занадта самазакаханыя і празмерна ўпіваюцца ўладай і грашыма. На жаль, інтэлігентныя і сумленныя людзі не жадаюць рабіцца палітыкамі… Я ж не магу дыктаваць іншым, што ім рабіць і як жыць. Мне застаецца верыць у свядомасць людзей, у тое, што яны, нарэшце, абразумяцца» (Джым Джармуш, ліпень 2019).

Вольф Рубінчык, г. Мінск

31.07.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 31.07.2019  18:30

Наўздагон

“Пра пахаванне І.Шамякіна. Тое, што школьнікаў туды нагналі, было не самае прыкрае. Самае гідкае было, што для цырымоніі развітання нікога не пускалі ў Дом афіцэраў, пакуль не прывезлі школьнікаў. Невялічкая чарга, здаецца, хвілінаў 40 мерзла на вуліцы, пакуль тых школьнікаў не прывезлі, каб стварыць масавасць. Я тады акурат быў ад “Нашай Нівы” і натрапіў на Лявона Баршчэўскага, які прыйшоў развітацца з Шамякіным” (Зміцер Дзядзенка, 31.07.2019)  Дадана 31 ліпеня ў 22:44

Водгук

«…калі б мне заплацілі тую самую дзясятку, то наведаў бы...» – цаню. Такое ці прыблізна такое, шолам-алейхемаўскае, я чуў у Капылі ад Рыгора Навумавіча Швеца (па-нашаму, па-рэдакцыйнаму – Гірш Нохумавіч), вясёлага чалавека, бацькі ці не шасцёх дзяцей («што гадок, то жыдок»). Варты цэлага апавядання.

У Саюзе пісьменнікаў БССР была цэлая кагорта бытавых антысемітаў. Пра іх хораша напісаў Алесь Асташонак, якога яны таксама былі занеслі ў жыды. Алесь, трохі наіўнаваты, пытаўся ў мяне: няўжо, каб ведаць замежныя мовы і быць начытаным, трэба быць яўрэем? Вось за веданне моваў і за начытанасць, і за тое, што піша не пра даярак і жнеяў, а пра Дуніна-Марцінкевіча і іншых, яго і былі залічылі ў жыды. Пра гэта ён, памятаю, сам пісаў, але дзе тое друкавалася – не ўспомню.

Анатоль Сідарэвіч (02.08.2019)  – 12:08

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (74)

Супершалом! Пакуль Нета Барзілай камічна кудахтала й махала стальнымі рукамі-крыламі ў Лісабоне, у Шанхаі за шахматнай дошкай змагаліся дзве дзяўчыны яе пакалення – Тань Чжун’і і Цзюй Вэньцзюн. Апошняя, прэтэндэнтка, 18.05.2018 і стала чэмпіёнкай свету… Сярод ізраільцянак зараз няма нікога, хто мог бы даць ёй рады, і ў бліжэйшы час наўрад ці будзе (Юлія Швайгер-Найдзіч, 1994 г. нар., – 57-я ў рэйтынг-спісе). Ды што казаць, нават у мужчын Барыс Гельфанд у 2014 г. пакінуў першую дзясятку паводле рэйтынгу ЭЛА, а замены яму не відно. Між тым кітаец Дзін Ліжэнь, 1992 г. нар., ужо год у дзясятцы і, мяркуючы па выніках турніру прэтэндэнтаў 2018 г., спакваля падбіраецца да «галоўнай кароны».

Нездарма тым разам я параўнаў рост валавага ўнутранага прадукта ў Ізраілі і Кітаі (дзе ён куды больш імклівы). Баюся, у ХХІ ст. Ізраіль (і яўрэйскі народ увогуле) будуць страчваць свае пазіцыі ў сусветнай эканоміцы, а КНР & кітайцы прадоўжаць экспансію. Прынамсі ў Беларусі гэта ўжо адчуваецца. У першыя гады нашай незалежнасці Ізраіль яўна лічыўся тутака больш перспектыўным партнёрам, і падаецца, што колькасць людзей, якія вывучалі іўрыт, нашмат перавышала колькасць аматараў кітайшчыны; цяпер – наадварот. Вядома, на разварот паўплывалі і майсы з закрыццём-адкрыццём пасольства, і асобныя альтэрнатыўна адораныя паслы Ізраіля ў Мінску, і інцыдэнты ў аэрапорце «Бен-Гурыён» накшталт гэтага і гэтага.

Вынік: ізраільцы яшчэ толькі плануюць запусціць узорна-паказальны аграпрамысловы праект у Віцебскім раёне, кітайцы ж фактычна ўжо кантралююць зусім не малы па плошчы індустрыяльны парк «Вялікі камень», які «раскручваецца» і на міжнародным узроўні, у тым ліку праз «Forbes». Кагадзе ў парку створаны кітайска-беларускі (іменна так; доля беларусаў – 40%) праектны інстытут. Дарэчы, пра інстытуты: калі ўмоўна-яўрэйскі МГІ – міжнародны гуманітарны, створаны ў 1999 г. пры БДУ – накрыўся медным тазам к 2004 г., то інстытут Канфуцыя, які дзейнічае там жа з 2006 г., цвіце і пахне. Ужо ёсць аналагі ў лінгвістычным універсітэце, тэхнічным, нават у Горацкай сельгасакадэміі… Нядаўна адкрыўся «паднябесны» інстытут і ў Гомелі.

Мае памяркоўна-песімістычныя назіранні абапіраюцца і на статыстыку, праўда, ужо не зусім свежую. За 1999–2009 гг. вага кітайцаў у пастаянным насельніцтве Беларусі вырасла ў 22 (да 1642 чал.), a вага яўрэяў зменшылася ў 2,2 разы (да 12926 чал.). У кастрычніку 2019 г. у РБ мусіць прайсці новы перапіс: ніхто не здзівіцца, калі кітайцаў у выніку акажацца яшчэ болей, а яўрэяў – меней, калі «яны» і «мы» зраўнуемся тут па колькасці.

Прачытаў выказванне Юрыя Зісера ў перадачы карэспандэнта «Радыё С.»: «Я ня бачу катастрофы ў нашэсьці кітайцаў ці тых, хто будзе да нас прыяжджаць на працу. Яны ўсе будуць асымілявацца і станавіцца грамадзянамі». А вось што ў студзені пісаў Уладзімір Бараніч, які летась давёў, што не баіцца нязручнай праўды (і яму давяраю неяк болей, чым кручанаму супляменніку-бізнэсоўцу): «Кітайцы, аднойчы прыехаўшы ў якасці часовых рабочых, у адпаведнасці са сваёй традыцыйнай стратэгіяй асваення і захопу чужых тэрыторый могуць паступова ператварыцца ў гаспадароў».

Мо на сёння асцярогі выглядаюць перабольшанымі: паведамляюць, напрыклад, што «Беларусь страчвае прыцягальнасць для замежных мігрантаў», што кітайцы, якія скончылі працу ў Светлагорскім і Добрушскім раёнах Гомельскай вобласці ў 2017 г., з’ехалі на радзіму. Аднак, калі казаць пра Сінявокую, то агульная тэндэнцыя ўсё адно не на карысць яўрэйскай прысутнасці, тым болей што «рэзка павялічыўся іміграцыйны адток у Ізраіль. За перыяд з 2012 года туды з’ехала на 1214 чалавек больш, чым прыехала ў Беларусь, у тым ліку 589 чалавек — толькі за 2017 год».

Дамінаванне кітайскіх фірм у сусветнай эканоміцы, у рэшце рэшт, адаб’ецца і на палітыцы – у прынцыпе, ужо адбіваецца. Ізраілю і яўрэям, якія належаць усё ж (збольшага) да іудзеахрысціянскай цывілізацыі з адметным маральным ядром, прыйдзецца нялёгка: фактычна, з падачы самай масавай кампартыі свет запаланяецца неапаганствам. У трэнд упісваецца і аднагалоснае рашэнне перавыбраць Сі старшынём КНР у сакавіку 2018 г., ды яшчэ дазволіць яму заставацца на пасадзе хоць да скону. Яго думкі летась зрабіліся неабходнымі для вывучэння ўсімі кітайскімі камуністамі, а заадно і школьнікамі…

Ізраіль з Кітаем актыўна гандлююць, ды асаблівай дружбы ў іх ніколі не было; цяпер, пасля галасавання КНР у савеце па правах чалавека ААН (за «незалежнае расследаванне» сутыкнення дэманстрантаў і ахоўнікаў на мяжы сектара Газа), пэўна, i не будзе. Карацей, тым, хто мяне чытае, прапаную задумацца… і схамянуцца, прынамсі ўспомніць пра ўласную годнасць. Вось чаму не пакаралі Саўдаўскую Аравію за парушэнне статута ФІДЭ, нядопуск ізраільскіх шахматыстаў на афіцыйны чэмпіянат свету ў снежні 2017 г.?

Шаную вялікі кітайскі народ – хаця б за тое, што ён даў свету Канфуцыя, Лао Шэ (з манчжураў, але ж лічыў Кітай сваім), Лю Сяабо… У той жа час надта не хочацца разбудовы новых сусветных імперый. Ізраільцам, якія мысляць не ў катэгорыях шука, патрэбная кансалідацыя. Дый беларусам таксама, хіба не?..

Ужо цяпер, у маі 2018 г. зразумела, што ў бліжэйшы час ні Кітай, ні Беларусь не перанясуць пасольствы ў Іерусалім, хоць і па розных прычынах. Кітайцы свядома канкуруюць з ЗША, у тым ліку на Блізкім Усходзе, а РБ, можа, і пайшла б на саступку, ды эканамічна больш залежыць ад мусульманскіх дзяржаў, чым ад Ізраіля. Неабавязкова гэта «арабскія краіны», «арабскі свет», як павярхоўна піша «Белпартызан»: Бахрэйн, напрыклад, далёка не такі агрэсіўны, як неарабскі Іран.

…Прэм’ер-міністр Ізраіля прыняў Нету Б., расцалаваў і каліва патанчыў з ёй. Пры ўсёй павазе да яе перамогі, «Toy» – песня-падзёнка, прыкол на раз. Можа, раблюся старым буркуном, але 20 год таму, калі ў Мінск прыязджаў ансамбль ЦАХАЛу, іхнія спевы і танцы выклікалі ў мяне больш энтузіязму. У тым маі 1998 г. нават схадзіў у канцэртную залу «Мінск» другі раз, балазе пад канец першага выступу абяцалі іншую праграму (да жалю, паўтарылі тую самую). Некаторыя мелодыі помню дагэтуль.

Дзе ж вы цяпер, друзья-однополчане хлопцы і дзяўчаты? Газета «Вечерний Минск» адгукнулася на канцэрты не без іроніі… Мела права.

* * *

Спытаўся ў бахаіста, меламана і чытача belisrael.info пра новы альбом «Толькі б яўрэі былі…», згаданы ў мінулай серыі. Вось жа, Пётр Рэзванаў адказаў: «Ну, на пэўным бязрыб’і і гэты альбом мае права называцца з’явайкалі разглядаць не сучасную Сінявокую, а глядзець больш шырока (і храналагічна, і гістарычна), то пісаць пра яго няма чаго». Агулам ён паставіў Беларусі такі «дыягназ»: «цікавасць да яўрэйскай культуры шмат дзе захоўваецца, але амаль не паказваецца: маю на ўвазе тую меншасць, якая можа не толькі спажываць, але і нешта ствараць». П. Р. тужыць па 2000-х гадах, калі «Польскі інстытут і Інстытут імя Гётэ запрашалі Андрэ Аходла (яго выкананне, канечне, далёкае да таго, што дэманстравала сям’я Лін Ялдаці, але…), быў Дзмітры Сляповіч, які арганізоўваў не толькі камерныя “Жыдовішчы”, але і “Клезмер-шок” у Палацы культуры прафсаюзаў (з-за нашай бюракратыі гэтую спробу ён больш не паўтараў)».

З панам Рэзванавым неабавязкова згаджацца, у сваім блогу ён-такі схільны да максімалізму, але меркаванні яго, дальбог, заслугоўваюць увагі.

Запрашаю паважаную аўдыторыю да дыскусіі на тэму «перспектывы развіцця (каля)яўрэйскай культуры ў Беларусі» – музычнай і не толькі. Я ж магу папярэдне выказаць некалькі тэзісаў:

ад’езд у ЗША (2008) пана Сляповіча, які ў 2006 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю акурат па клезмерскай музыцы, безумоўна, збядніў нацыянальную культуру;

разам з тым у апошняе дзесяцігоддзе на авансцэну выйшлі іншыя адмыслоўцы, якія таксама дэманструюць цікавасць да яўрэйскага музіцыравання;

агулам, іменна ў 2010-х гадах адбылася маштабная рэцэпцыя яўрэйскіх матываў тутэйшымі культуртрэгерамі, афіцыйнымі і не. Напрыклад, склаўся ансамбль «Гілель» пад кіраўніцтвам Максіма Расохі, які ў лістападзе 2017 г. даў канцэрт «Мелодыі яўрэйскага мястэчка» ў самым цэнтры Мінска (мяне там не было, і якасць не ацэньваю; цешыць сам факт). Пра песню на ідышы ў спектаклі «Местачковае кабарэ» Купалаўскага тэатра ўжо выпадала пісаць у 2015 г. Бачу таксама рост цікавасці да вершаў, перакладзеных з ідыша: грамада рэагуе і ў рамках праекта «(Не)расстраляная паэзія», і па-за рамкамі, напрыклад, тут і тут. Прычым Майсей Кульбак ды Ізі Харык трактуюцца як беларуска-яўрэйскія або проста беларускія паэты;

малаверагодна, што ў Мінску адбудзецца фестываль такога ж размаху, як «Kyiv Klezmer Fest» (12-13 мая 2018 г.). Аднак у плане разняволенасці Беларусь увогуле – і яе «яўрэйская вуліца» ў прыватнасці – саступала Украіне як у 2014 г., так і 10, і 20 гадоў таму, хоць там, кажуць, паўсюдна гойсаюць «злыя бЕндэраўцы». У нас затое з 2016 г. ладзяцца «Дні яўрэйскай культуры» з самадзейнасцю ад «Хэсэда» і выявай гангстэра Ланскага як архетыповага яўрэя;

будучыня (амаль) непрадказальная, таму лепей заставацца аптымістамі і верыць, што ўсё (ну, многае) ў нашых руках.

«Цытатнік ад Вольфа»

Салідарызацыя людзей прыводзіць да падзення даверу да фармальных інстытутаў… У краінах, дзе высокі ўзровень абагуленага даверу…, значна больш эфектыўныя эканамічныя транзакцыі, менш патрабуецца высілкаў на падтрыманне сацыяльнага парадку; там людзі зыходзяць з дапушчэння, што чалавек, у прынцыпе, не такая мярзотная істота, якой здаецца на першы погляд (Віктар Вахштайн, 27.03.2018).

Ідэя аб тым, што мэта камунікацый – кагосьці перамагчы, гэта жудасна падлеткавая ідэя. На жаль, інфантылізм парадаксальным чынам з’яўляецца адной з базавых уласцівасцей палітычных эліт. Яны жывуць у інфармацыйнай ізаляцыі. У іх амаль няма магчымасці падвышаць уласны адукацыйны ўзровень. У іх вельмі абмежаванае кола зносінаў і, як ведаюць усе, хто працаваў у бюракратычных структурах, чым вышэй чалавек стаіць у іерархіі, тым больш яго час заняты рытуальнай лухтой (Кацярына Шульман, 24.04.2018).

У свеце мноства цудоўна адукаваных, матэрыяльна забяспечаных, але нездаволеных жыццём інтэлектуалаў, якія пакутуюць ад дэпрэсіі, неўрозаў, страха і іншага негатыву. Іх ніхто ніколі не вучыў даследаваць уласную свядомасць, працаваць са сваімі эмоцыямі, разумець паходжанне сваіх комплексаў. Гігіена эмоцый не менш важная, чым гігіена цела. Вывучаць унутраны свет чалавека не менш важна, чым вывучаць знешні (Далай-лама XIV, 15.05.2018).

Верагодна, колішняя гандлёвая плошча [Слуцка] была месцам старажытных пахаванняў. На гэтым месцы, на галоўнай плошчы горада каля райвыканкаму побач з тэрыторыяй яўрэйскага гета цяпер адбываюцца розныя дзяржаўныя святы, падчас якіх спяваюць і танчаць.

Запыталася ў мінакоў, ці ведаюць яны што-небудзь пра гісторыю плошчы і пра месца габрэйскага гета. Ніводзін з апытаных дакладнай інфармацыяй не валодаў. Нягледзячы на тое, што мясцовыя газеты неаднаразова змяшчалі краязнаўчыя артыкулы пра гісторыю Слуцка, пра трагедыю слуцкага гета (Зінаіда Цімошак, 16.05.2018).

Вольф Рубінчык, г. Мінск

21.05.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 22.05.2018  01:39

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (63)

Шалом!? Скора ўжо, скора, чырвона-жылістая восень, як той Майсей Саламонавіч пісаў, затупаціць меднымі нагамі ды загрыміць па ўсіх шляхах… А пакуль цёпла на дварэ, што не значыць – на сэрцы.

У мінулай серыі анансавалася «ідышная» прагулка па Мінску з Аляксандрам Фурсам; 13 жніўня яна-такі прайшла, прывабіўшы амаль два дзясяткі аматараў. Няможна адмаўляць своеадметнага артыстызму А. Ф., але ў змястоўным плане тлумачэнні «экскурсавода» хутчэй расчаравалі… Наўрад ці варта было некрытычна падыходзіць да кнігі пра яўрэйскіх савецкіх пісьменнікаў 2006 г., даволі тапорна перакладзенай з ідыша па смерці Гірша Рэлеса. Арыгінал выйграе ўжо таму, што рыхтаваўся і выйшаў пры жыцці аўтара ў 2004 г., пісьменнік меў шанс вычытаць карэктуру. Калі ў 2005 г. бібліятэкарка «Хэсэда» Фаіна Злоціна папрасіла мяне за тры дні адрэдагаваць пераклад дваіх энтузіястаў (дагэтуль не цямлю, нашто было так спяшацца – кніга выйшла друкам толькі праз некалькі месяцаў – але ў Злоцінай ужо не спытаць, памерла яна), то я зрабіў, што мог, прыбраў самыя відавочныя памылкі… На жаль, некаторыя потым былі занесены зноў: адсюль і «Бойтрё» (знакамітая п’еса Кульбака называецца «Бойтра», а па-руску – «Разбойник Бойтре», і «Хайзекиль» Дунец (слушна «Хацкель» або «Иехезкель»), і многае іншае.

А. Фурс руліць

З другога боку, няблага, што хоць такое знаёмства з яўрэйскім красным пісьменствам мае месца. Да таго ж Аляксандр – чалавек яшчэ малады, і быццам бы схільны да самаадукацыі.

Зноў вярнуся ў думках і словах да паездкі ў Ізраіль і па Ізраілі сёлета, у чэрвені-ліпені. Чым далей, тым менш успамінаецца недарэчнасцей, а больш «плюсоў». Напрыклад, як цешылі нашыя з жонкай вочы яркія дрэвы і аўтамабільчыкі на аднаго-двух пасажыраў…

Знята ў Рышон Ле-Цыёне і Петах-Тыкве

З’явіліся ў краіне ў апошнія гады, працуюць на электрычнасці, асабліва зручныя для пенсіянераў, інвалідаў (бадай, аналаг савецкіх «Запарожцаў» :)). Каб яшчэ ізраільцы іх самі рабілі – а то, кажуць, з Японіі прывозяць. І кошт немалы.

Ізраіль пазіцыянуе сябе як краіна хай-тэку і разумных людзей, але вось што выпала прачытаць: «Згодна з дакладам інстытута “Шорэш”, апублікаваным перад пачаткам новага навучальнага года, Ізраіль займае перадапошняе месца па якасці сярэдняй адукацыі сярод 25 развітых краін, апярэджваючы толькі Славакію… 39% нашых навучэнцаў, якія здавалі міжнародныя экзамены PISA, не здолелі прадэманстраваць хаця б мінімальны ўзровень умення будаваць стратэгію рашэння задач». Так, я ў курсе, што ізраільцяне паважаюць навуку і шмат грошай на яе выдаткоўваюць (сам гэта згадваў тут), але можа стацца так, што паступова «яйкагаловыя» з’едуць або распусцяцца ў масе недавукаў…

Яшчэ адзін трывожны факцік (на мой одум, нашмат больш трывожны, чым нестабільнасць урада Нетаньягу): «Закон аб чысціні, прыняты 10 год таму па ініцыятыве тагачаснага міністра экалогіі Гілада Эрдана, не выконваецца… Хаця на вуліцах гарадоў з’явіліся рознакаляровыя сметніцы…, 80% ізраільскага смецця нават пасля сартыроўкі і раздзялення па-ранейшаму закопваюць у зямлю… Ізраіль па-ранейшаму адстае ад усіх развітых краін у сферы другаснай утылізацыі адкідаў». У Беларусі праблема таксама вострая: спецыялісты пісалі, што тутака ў агульным аб’ёме высокая доля небяспечных адкідаў (8%), што варта пераймаць вопыт Еўрапейскага Саюза ў перапрацоўцы. Але нямала і зараз перапрацоўваецца, асабліва побытавага смецця. Мо нават ізраільцам ёсць чаго павучыцца…

Мінулі сто дзён з прыходу на пасаду «новага» пасла Ізраіля ў Беларусі. З пазітыўнага адзначу тое, што ён устрымаўся ад заяў пра палітзняволеных у стылі свайго папярэдніка, і ўвогуле выказваецца больш дыпламатычна. Не сядзіць у Мінску, стараецца наведаць як мага больш перыферыйных гарадоў аж да Оршы, робіць акцэнт на сваіх захапленнях (ён і рыбак, і кулiнар). У той жа час пан Алон, выглядае, праводзіць тую ж «прагматычную» лінію, што і яго папярэднікі: ёсць улада, з ёй і будзем працаваць, а людзі альтэрнатыўных поглядаў «ідуць лесам».

Характэрная карцінка на галоўнай старонцы сайта пасольства Ізраіля ў РБ…

Вісіць чацвёрты месяц – няўжо за гэты час больш не было чым ганарыцца? Лёгкі сум навявае і тое, што пасол (пакуль) не жадае адказваць на запыт belisrael.info наконт нядаўніх інцыдэнтаў у аэрапорце Бен-Гурыёна, праз якія турысты з Беларусі былі адпраўлены назад.

Тым часам Эран Ласер, ізраільскі «гуру» IT-cектара, ручкаецца ў Мінску з адыёзным ідэолагам Я. і дакляруе стварыць у Беларусі адзін з найлепшых адукацыйных цэнтраў у свеце, бо «Ваш прэзідэнт паставіў амбітную мэту – у кароткія тэрміны стварыць ІТ-краіну» (ага, з «айфонамі, плафонамі»). Арыентацыя сіёнскіх ізраільскіх мудрацоў на тых, хто пры ўладзе, у нечым зразумелая… Вунь і нобелеўская лаўрэатка, якую ў канцы 2015 г. лічылі адной з самых уплывовых жанчын Беларусі, 12.08.2017 заявіла ў Гомелі, на рэгіянальным пасяджэнні свайго «інтэлектуальнага клуба», што Лукашэнку – «моцную, харызматычную постаць» – гадоў 20 падтрымліваў народ, дый цяпер бачыць у краіне «60 працэнтаў» яго прыхільнікаў. Паводле маіх назіранняў, працэнт, як для 2010-х гадоў, завышаны разы ў тры. У чэрвені 2016 г. манаеўскі інстытут (а да разгрому ён быў асцярожны, не схільны заніжаць папулярнасць Лукашэнкі…) ацэньваў рэйтынг даверу «правадыру» ў 38,6%, а галасаваць за яго, паводле НІСЭПД, гатовыя былі 29,5%. Ясна, што «антыдармаедская» кампанія ў пачатку 2017 г. ды працяглае зніжэнне даходаў (няхай у апошнія месяцы спад і прытармазіў) адно абнізілі гэтую лічбу. Але «дэмактывістам» Гомеля не хапіла ведаў – а мо смеласці – паспрачацца з «аўтарытэтам». Чаму сярэдні ізраілец мае паводзіць сябе неяк іначай?

З дабраславення А. Шогама ў Радуні намячаецца «стварэнне цэлага турыстычнага комплекса побач з месцам пахавання вядомага яўрэйскага праведніка Хафеца Хаіма. Ён будзе ўключаць гасцявыя домікі, рэстаран кашэрнага харчавання, мікве (рытуальную лазню), краму сувенірнай прадукцыі, сінагогу, паркоўку для машын і аўтобусаў. Паводле ўмоў інвестыцыйнага дагавора аб’ект зойме амаль тры гектары зямлі, будзе пабудаваны цягам трох гадоў». Цікава, што падпісант дамовы з ізраільскага боку, Барыс Беразоўскі, раней кіраваў лазняй і кропкамі хуткага харчавання. Цяпер, падобна, вырашыў сумясціць тое і другое, прыправіўшы «страву» малельняй. Што называецца, пажывем-пабачым…

Не без скепсісу пазіраю на маштабныя праекты, якія рэалізуюцца паводле прынцыпу «мухі (палітыка) асобна, катлеты (эканоміка) асобна». Моцна на іх апёкся небезвядомы прадпрымальнік Аляксандр Кныровіч, які са студзеня сядзіць у беларускай турме, дарма што суд не прызнаў яго злодзеем. Да Барыса ж могуць прычапіцца нават за імя і прозвішча. Не, не хацеў бы «каркаць»… Зычу яму поспеху, і адсутнасць валасоў прадпрымальніку толькі ў плюс – у зносінах з чыноўнікамі можна будзе выдаць сябе за сына лейтэнанта Шмідта брата Лужкова.

Цешыць пашырэнне ізраільска-беларускіх культурных сувязей, а ў прыватнасці, гастролі ізраільскага ТЮГа Шауля Тыктынера, якія адбудуцца ў канцы верасня. Ізраільцы пакажуць рускамоўны спектакль «Марк Шагал. Апошні палёт».

Квіткі адносна недарагія. Калі верыць анонсу, 70-гадовы пан Тыктынер будзе выяўляць 98-гадовага Шагала, які рэфлексуе-спавядаецца на парозе смерці. Аналагічнае відовішча летась прапаноўваў мінчанам Сяргей Юрскі ў пастаноўцы паводле п’есы Зіновія Сагалава «Палёты з анёлам».

Папраўдзе, як мне здаецца, мясцовых гледачоў крыху «перакармілі» Шагалам (колькасць не пераходзіць у якасць), і нават усяжэрны Аркадзь Шульман пабурчэў на гэтую тэму ў інтэрв’ю. Дарэчы, падзівіцеся, які несамавіты, аблудны падыход да мінуўшчыны прадэманстраваў віцебскі выдавец: «У цэлым, з майго пункту гледжання, гісторыя – гэта зборнік міфаў і легенд. Але потым мінае час, і мы прымаем іх за рэальныя падзеі». Ну, зараз так модна…

Дваццаць пяць гадоў існавання прыватнага тэатра ў Ізраілі – гэта цуд і маленькі подзвіг. Хочацца, каб Тыктынер не расчараваў мінчукоў, як і мінчукі Тыктынера.

Да гастроляў – месяц, а неўзабаве нас чакаюць, магчыма, не менш цікавыя падзеі. Першага верасня ў рамках праекта «(Не)расстраляная паэзія» будзе вечарына, прысвечаная Юлію Таўбіну (1911-1937), яўрэю, які пісаў па-беларуску… Апрача лекцыі ды музычнай часткі, адбудзецца прэзентацыя новай кнігі Таўбіна. Тут яго называюць «паэтам рэдкага таленту і на дзіва ранняй творчай сталасці, адной з найбольш недаацэненых постацяў у айчыннай літаратуры 20-30-х гадоў ХХ ст.».

Між іншага, як сведчыць Лявон Баршчэўскі, у друку знаходзіцца ўжо і зборнік паэтычных твораў Хаіма Нахмана Бяліка. Пан Лявон прыслаў нават выяву вокладкі…

І яшчэ адна добрая навіна ад таго ж Л. Баршчэўскага. Філолаг-педагог паведаміў, што «вучні Беларускага гуманітарнага ліцэю падчас чарговай летняй сесіі ў Варшаве два дні працавалі на прыборцы Варшаўскіх габрэйскіх могілкаў у межах міжнароднай валанцёрскай праграмы, у якой удзельнічае моладзь з Польшчы і дзясяткаў краін Еўропы… Працы там папраўдзе яшчэ вельмі і вельмі шмат. Могілкамі апякуецца варшаўская габрэйская абшчына. Ідэя паўдзельнічаць у дабрачыннай акцыі належала варшаўскаму Клубу каталіцкай інтэлігенцыі (КІК)».

Здымкі Наталлі Аляксандравай, 22.08.2017

Можна толькі вітаць такую ініцыятыву. Як і кур’ёз ад ружанскага палацавага комплексу, які ўплішчыў у сайт rozana.by ідыш-версію. Праўда, пераклад аўтаматычны, і далей за галоўную старонку не распасціраецца… Ды ўсё ж зарана, выходзіць, адзін расійскі бард 10 год таму спяваў «кончился идиш, вечная память».

Прынтскрын музейнай старонкі – спяшайцеся бачыць

Першага верасня – і працяг суда паводле пазову анархіста Мікалая Дзядка супраць «галоўнай прэзідэнцкай газеты», якая 29.05.2017 (у асобе нейкага Андрэя М.) шчодра паліла яго дзярмом. Як высвятляецца, іменна гэты былы палітзняволены для нападу быў выбраны таму, што «прозвішча смешнае». Як там у класіка? «Хто смяецца апошнім»?

Новаму кіраўніцтву «галоўнага яўрэйскага саюза», мяркуючы па гэтай публікацыі, хапіла глуздоў вывесці з праўлення Галіну Левіну, знакамітую найперш тым, што яна – дачка знакамітага дойліда, але не хапіла глуздоў (а можа, і смеласці) развітацца з Паўлам Якубовічам. Між тым прысутнасць такога «мацёрага чалавечышчы» проста цягне «яўрэйскі рух» на дно – папярэджваў жа ў 2015-м…

Сумна і тое, што інтэрнет-газета саюза цягне да сябе розную брыду з ідэалагічна павернутых крыніц, той жа «СБ». Нагадаю, сёлета ў ліпені памёр расійскі блогер, яўрэй Н-к, якому было крыху за 50. Ён часта і рэзка лупцаваў расійскія ўлады, ажно прэс-сакратарка МЗС РФ віртуальна плюнула яму на магілу. Напэўна, у жніўні беларусы і яўрэі абавязкова мусілі даведацца, што Н-к «памёр ад кардыяміяпатыі. Да гэтага прывялі няправільнае харчаванне і нездаровы лад жыцця. У апошнія гады блогер скардзіўся на здароўе і злоўжываў алкаголем»?! Гэткі недвухсэнсоўны сігнал для (патэнцыйных) крытыкаў істэблішменту: сядзіце ціха, а то і пасля вашай смерці раскажам urbi et orbi пра «шкілеты ў шафе»…

17 верасня «клуб аматараў Якубовіча» ладзіць чарговы «Дзень яўрэйскай культуры» ў Мінску, на плошчы Свабоды. Год таму мы з жонкай хадзілі – уражанні засталіся дваістыя, і я разумею тых скептыкаў, якія прагназуюць: «Зноў свіныя шашлыкі будуць смажыць, Грыша ўсім запар будзе даваць дакранацца да світка Торы…» З іншага боку, дзе многа яўрэяў, там не засумуеш.

Ніколі не пытаўся ў чытачоў парады, што рабіць, а зараз спытаюся: ісці? Не ісці?

Вольф Рубінчык, г. Мінск

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 29.08.2017  10:06

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (22)

Адгрымеў яўрэйскі фэст у сэрцы Мінска, паміж праваслаўнай царквой і каталіцкім касцёлам, – надышла пара асэнсаваць падзею, не абмяжоўваючыся cерыяй фотаздымкаў… Месца для прэзентацыі восеньскіх святаў (Рош Гашонэ, Ём-Кіпер, Сімхэс-Тойрэ, Сукес) было не самае дарэчнае, тым болей што па суседстве якраз бомкалі званы, аднак пляцоўка вызначалася гарадскімі ўладамі. Мінгарвыканкам, побач з Саюзам бел. яўр. аб’яднанняў і абшчын, пасольствам Ізраіля ды інш., выступаў і ў якасці саарганізатара. Рабін з Крапоткіна, 22 (Шнеўр Дайч) пракаментаваў у пэйсбуку не без скепсісу: «Месца правядзення вызначана Мінгарвыканкамам. Апрача таго, ён жа забяспечвае камунальную інфраструктуру плошчы, што важна. Да кашэрнасці гэта ніякага дачынення не мае. І да палажэнняў Торы таксама». Паводле прадстаўніка «прагрэсіўнага іудаізму», была ажыццёўлена хітрамудрая камбінацыя: гарвыканкам перанёс «мерапрыемства» з суботы на нядзелю, а «мы згадзіліся на прапанаваную пляцоўку».

Улады, якія заахвочваюць джазавыя сэйшны ды «святы нацыянальных культур» (грузінскай, малдаўскай, італьянскай, нават бразільскай), натуральна, маюць свой інтарэс. Валавы ўнутраны прадукт краіны «прасеў», паводле афіцыйных (!) звестак, на 2,5%. Сярэдні заробак у Беларусі сёлета ўпаў прыкладна на 4%, а рэальныя даходы ў першым паўгоддзі 2016 г. у параўнанні з 2015 г. – аж на 7%. За 2015 год колькасць звольненых перавысіла колькасць нанятых на 83,5 тыс., за першыя восем месяцаў 2016 г. – ужо больш чым на 90 тыс. чалавек. У судах краіны ляжыць звыш 3000 спраў аб банкруцтве. Відовішчы здольныя на нейкі час адцягнуць увагу ад эканамічнай палітыкі, праз якую становіцца менш «хлеба», ад квазівыбараў 2015-16 гг., ад cістэмных здзекаў з людзей у месцах зняволення (можа, у нечым і перабольшвае Ірына Халіп, калі піша, што «турмы і калоніі даўно ператварыліся ў канцлагеры», але зразумець яе можна – сама ж сядзела, муж сядзеў)… Нарэшце, ад упартага будаўніцтва АЭС у памежным з Літвой раёне, якое ўжо забрала – ізноў паводле афіцыйнай інфы! – жыцці мінімум трох чалавек… Гэй, там, наверсе – не можаце спыніць будоўлю, дык хоць даручыце кантроль над ёй Сямёну Шапіру, які ў 2011 г. ганарыўся: «Вось узначальваў я калісь аграпрадпрыемства “Маяк”, магчыма, быў жорсткім кіраўніком, але ні адзін чалавек у мяне на рабоце не загінуў, нікому ніводзін палец не адарвала на вытворчасці». Наўрад ці Шапіра зманіў – пры жаданні яго заявы адносна лёгка праверыць.

Мне зразумелая, а ў нечым блізкая лінія суполак, што карыстаюцца момантам і дэманструюць свае дасягненні, рэальныя і ўяўныя, як мага большай колькасці людзей… Выжываць жа неяк трэба. Так, фестывалі яўрэйскай культуры ладзіліся ў Мінску і раней, але, як правіла, у закрытых памяшканнях з платай за ўваход і/або фэйс-кантролем. На адной з цэнтральных плошчаў, без бар’ераў – дапраўды, упершыню, і гэта прываблівала само па сабе. Праўда, людзей у мінулую нядзелю сцяклося не так ужо і багата – на «грузінскім» фэсце ў канцы жніўня «яўка» зашкальвала. Магчыма, справа і ў надвор’і (25 верасня было даволі пахмурна, каля +10).

Выглядае, старое «на яўрэйскай вуліцы» змагаецца з новым… Новае – тая самая адкрытасць, рознастайнасць культурніцкіх прапаноў у палатках і побач з палаткамі, увага да наведвальнікаў з боку валанцёраў (на фота з tut.by – у белых маечках; іх на свяце гойсала цэлая рота:).

valantery

Старое – памылкі на стэндзе, жаданне ўпхнуць у асноўную праграму «ўсё і ўсіх» (без некаторых нумароў «мастацкай самадзейнасці» імпрэза нічога не прайграла б), раздача малаактуальных матэрыялаў… Паказаны ніжэй буклецік пачатку 2000-х устарэў к восені 2016 г. працэнтаў на 50, пачынаючы ад спасылкі на meod.by (сайт пару гадоў не працуе) і тэлефонаў. Ну, адрас яўрэйскага абшчыннага дома на В. Харужай, 28 не змяніўся, і тое добра.

buklet

Кідалася ў вочы i непераборлівасць у кулінарных прапановах – не толькі мне, шмат каму з гасцёў. Як з’едліва заўважыў каментатар артыкула на тутбаі, «што павесяліла, дык гэта ўсюдыіснасць свінога шашлыка! Пах яго проста лунаў над натоўпам».

Як бы там ні было, «унзэрэ ідышэ гас» жывая, і дзякуй Б-гу. А вось яшчэ някепская навіна пра рэальныя, а не фігуральныя вуліцы горада Мінска: сям-там пад сучаснымі з’явіліся шыльды з гістарычнымі назвамі (такое даўно практыкуецца ў Магілёве, а таксама, як паведаміла «РС», у Баранавічах і Клецку). Варта спадзявацца, што чарга дойдзе таксама да Калектарнай, перад 1934 г. – Яўрэйскай. У канцы 1980-х – пачатку 1990-х мінскія актывісты настойвалі, каб вярнулі ранейшую назву, ім даваліся абяцанкі… У рэшце рэшт, адказны за культуру ў гарсавеце Ігар Чарняўскі (дарэчы, выхадзец з БНФ) заблакаваў справу. Цяпер ён даслужыўся ажно да начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры – з такім начальнікам за спадчыну можна не перажываць, вось і ў Брэсце гэта ведаюць

Ад уключэння дома з «калоніі Варбурга» ў «ахоўны спіс» напярэдадні зносу патыхае гэткім жа цынізмам, як ад гісторыі, што здарылася на Дзімітрава-тры ў Мінску акурат 15 год таму. Праўда, у другой гісторыі І. Чарняўскі ні пры чым – ну, амаль… Там прыклалі ручкі старшыня Мінгарвыканкама Паўлаў і галоўны архітэктар сталіцы Чадовіч, «галоўны мастак» Буралкін (усе памерлі ўжо), міністр культуры Гуляка і «галоўны культур-ахоўнік» Бубноўскі, якія перайшлі на іншыя пасады, «галоўны яўрэй» Левін (25.09.2016 на пл. Свабоды яго творчасці была прысвечана асобная экспазіцыя).

Трудна забыцца, як баязліва трымаў сябе ў 2001-2002 гг. рэдактар газеты «Авив», які па смерці Л. М. Левіна ў 2014 г. заняў яго пасаду. Не была ўзорам смеласці і яго прамова са сцэны на пл. Свабоды ў 2016 г.: «Мінск заўсёды быў крышачку яўрэйскім горадам… Як і крышачку польскім, крышачку рускім». Гэтае «крышачку» (у арыгінале прагучала «немножко») таксама сталася адной з лыжачак дзёгцю. Нагадаю: 120 год таму нашы продкі ў Мінску пераважалі, сягаючы 52% насельніцтва, і шчэ не адно дзесяцігоддзе былі асноўнай этнічнай групай у горадзе.

Аднак няможна адмаўляць наяўнасць арганізатарскіх жылак ані ў самога Барыса Ізідоравіча, ані ў яго баявой намесніцы (правялі ж «Лімуд-2014» у Віцебску, «Лімуд-2016» у Мінску…). Сваю ролю ў актывізацыі яўрэйскага жыцця адыграла, безумоўна, і ўвядзенне ў лістападзе 2015 г. бязвізавага рэжыму паміж Ізраілем і Беларуссю: ізраільцаў сёлета бачыў у Мінску больш, чым у ранейшыя гады. А што ж будзе, калі ў краіну пачнуць без віз пускаць амерыканцаў і «разных прочих шведов» (адпаведны дакумент абяцаюць зацвердзіць яшчэ ў 2016 г.)? На яўрэяў Беларусі, дый усіх грамадзян «сінявокай», абрынецца проста-такі залатое дно залаты дождж!

Забаўна чытаць, як намеснік міністра спорту і турызму шкадуе пра «адсутнасць інфраструктуры»: ці то «сусветны крызіс» вінаваты, што ў Беларусі не хапае хостэлаў, кемпінгаў і эфектыўных менеджараў, ці тое была шпілька ўраду, на які працуе пан Партной?.. Ясна адно: могілкі і сінагогі аднаўляць прыйдзецца – калі прыйдзецца – збольшага самім яўрэйскім суполкам Беларусі (падказка, з якіх сінагог пачынаць – тут, а могілкі вымагаюць догляду амаль у кожным былым мястэчку). Калі «Дзень яўрэйскай культуры» гэтаму паспрыяе, то я рукамі і нагамі за такія «дні».

У чэрвені высоўвалася ідэя – правесці сярод беларускіх яўрэяў сацыялагічнае апытанне, каб ведаць, якія ў іх (нас) прыярытэты. За тры месяцы ніхто, наколькі ведаю, не зацікавіўся. Зрэшты, чаго дзівіцца: як казаў абазнаны даследчык яшчэ ў 2008 г., «у Расіі сацыялогіі няма» (абвяшчэнне «Аналітычнага цэнтра Юрыя Лявады» у пачатку верасня 2016 г. «замежным агентам» намякае, што не дужа яна там і патрэбна). Сумневы ёсць і ў тым, што навуковая сацыялогія – не папса а-ля «Экаом» – запатрабавана ў Беларусі… Наступную «вясёлую карцінку» адмін сайта Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай Акадэміі навук змясціў, як запэўнівае, выпадкова (ёсць падазрэнні, што проста хацеў раскруціць свой сціплы рэсурс).

matrix

У чымсьці гэтая «матрыца» добра сімвалізуе стан навуковай супольнасці ў Беларусі. Асобы ў «супольнасці» не самакаштоўныя, іх лёгка замяніць; начальства ж (на фотках – намесніца дырэктара інстытута) вольнае «падгрэсці» пад сябе ўсё і ўсіх.

Шэфа названай установы ў 2009 г. злавілі былі на «смажаным» (гл. допіс з гаваркой назвай «Партыі, афіцыйная паліталёгія і плагіят» у часопісе «Аrche» № 11-12, 2009), а ён і ў вус не дзьме. Наадварот, улетку 2016 г. побач з іншым «чэсным» сацыёлагам Давідам Ротманам у фільміку БТ «Примат НИСЭПИ» абрынуўся з крытыкай на недзяржаўную структуру – інстытут пад кіраўніцтвам д-ра Манаева. Апошні даўно зарэгістраваў сваю кантору ў Літве, аднак пасля абвінавачванняў у тым, што адно імітуе працу, вырашыў спыніць працу на тэрыторыі Беларусі. Пагарачыўся, на маю думку…

Якім бы ні быў Алег Манаеў (адзін з яго аўтарытэтных калег, якога я папрасіў ацаніць верагоднасць фактаў, прыведзеных «тэлеследчымі», намаляваў партрэцік адоранага кар’ерыста: пад канец існавання СССР пішчом лез у партыю, дужа палюбляў грошы…), дзейнасць НІСЭПД захоўвала ў тутэйшай сацыялогіі пэўны баланс. Каб жа зараз «вада Кубань-ракі» не пацякла выключненька туды, куды скажуць «бальшавікі»… Нават калі б я меў грошы на сур’ёзнае апытанне, то не звярнуўся б з замовай ні да былога інструктара абкама КПБ Катлярова з Інстытута сацыялогіі, ні да праф. Ротмана з БДУ. Слова тав. Кебічу, які пагарэў на выбарах 1994 г.: «Сацыёлагі падклалі мне свінчо. Ці то баючыся, што праўдзівыя вынікі могуць мяне стурбаваць і я адмоўлюся ад далейшых іх паслуг, ці то па парадзе кагосьці з маёй каманды Давід Ротман пачаў выдаваць падкарэктаваныя, вясёлкавыя прагнозы, то бок кіраваўся кан’юнктурнымі меркаваннямі. А шкада. Ён – высокапрафесійны сацыёлаг… Калі б ён заняў прынцыповую пазіцыю, то, можа быць, я змог бы ўнесці ў дзейнасць майго штаба істотныя карэктывы…» («Искушение властью», 2008). Незалежная ад экс-прэм’ер-міністра крыніца пацвердзіла мне, што прагнозы Д. Р. напярэдадні выбараў 1994 г. выявіліся некарэктнымі, так што звіняйце, дзядзьку, коль туў улегітраот.

Зірнуць бы на новае пакаленне сацыёлагаў ды іншых разумнікаў у сценах інтэлектуальнага клуба пад эгідай Адзінага Нобелеўскага Лаўрэата… Аднак інаўгурацыя, пра якую гаварылася з канца 2015 г. (8 мая г. г. яе меркавалі зладзіць у верасні 2016 г.), яўна адкладваецца. А гучала ўсё шматабяцальна: «я вырашыла [стварыць] інтэлектуальны клуб. Там будуць выступленні сапраўды вельмі вядомых у свеце, у Расіі, Беларусі інтэлектуалаў… Я буду весці і ўтрымліваць гэты клуб, за ўсё ж трэба плаціць… Кожны чалавек зможа наведаць яго, ніякіх закрытых клубаў».

Пакуль суд ды справа, у Мінску – на базе адной з пратэстанцкіх цэркваў – колькі гадоў дзейнічае «Ліцвінскі клуб». Не сказаў бы, што ён cамы «адкрыты», яго і адшукаць не так-та лёгка, але дзясяткі людзей (кандыдатаў навук у тым ліку) частуюцца за сталамі, абменьваюцца думкамі… Паўгода таму выпала выступіць тамака мне, дарма што не пратэстант і не кандыдат навук: у рамках тэмы «кніганошы ў Беларусі» згадаў распаўсюднікаў яўрэйскай літаратуры 1920-х гг. А зараз у клубе – #Скарынавечарыны! Рассылка тлумачыць іх памыснасць так: «500 год таму наша краіна спазнала тэхналягічны і культурны прарыў – па навейшых тэхналёгіях была надрукаваная першая беларуская Біблія». Вучыцеся, шаноўныя Святлана Аляксандраўна і Юлія Вісарыёнаўна

Вольф Рубінчык, г. Мінск

27.09.2016

wrubinchyk[at]gmail.com

Ад рэдакцыі. Мы не заўсёды згодныя з суб’ектыўнымі ацэнкамі нашых аўтараў, у тым ліку і В. Рубінчыка.

Апублiкавана 27.09.2016  21:36

 

 

Day of Jewish Culture in Minsk, Sept. 25, 2016 / День еврейской культуры

«Дзень яўрэйскай культуры» ў Мінску, 25.09.2016

1

Рэкламны стэнд на плошчы Свабоды / Advertising stand at Svabody square

2

Майстар-клас па лепцы шарыкаў з мацы / Master-class in making rolls of matzo

3

А тут ляпілі халы / Here visitors are being taught how to cook challah

4

Вядучыя гукаюць, народ падцягваецца / DJs are gathering people

5

Выстаўка… / An exhibition…

6

Яшчэ адна / One more exhibition

7

Усё лепшае – дзецям! / Everything best for children!

8

Валянціна Слюнчанка распавядае пра выцінанкі-«рэйзэлэ» / Valiantsina Slunchanka tells about exquisite paper-patterns («rejzele»)

9

Рэдактар «Мишпохи» Аркадзь Шульман не баіцца кніг суполкі «Шах-плюс» 🙂 / Mishpoha”’s editor Arkadz’ Shulman is not afraid of his сompetitor, “Shakh-plus” publishing house 🙂

10

Скрыпачы граюць / Fiddlers are fiddling

11

Слухачы слухаюць / Listeners are listening

12

Ансамбль «Шалом» з Ліды радуе вока нязменнымі цыліндрамі / “Shalom” band from Lida always draws interest by their top-hats

13

Яўрэйская кухня па-за майстар-класамі: фаршмак, гефілтэ фіш… / Jewish kitchen behind master-classes: forshmak, gefilte fish…

14

…Кугель, штрудэль, бурэкасы – за беларускія рублі / Kugеl, strudеl, burekas – all of them are sold for Belarusian roubles

15

Чарга па дармавую мацу з яблыкамі ў мёдзе / Public queue for free matzoth and apples with honey

16

Шчаслівыя атрымальнікі «хлеба беднасці нашай» / Happy recipients of “our poverty’s bread”

17

Гісторык Аляксей Братачкін (у цэнтры) думае пра новы артыкул / Aliaksej Bratachkin, an historian (in the middle) is pondering a new article

18

Дамарослы Мур Лямантаў: па стрэлках можна апусціць цыдулкі… / Home-made “Wall of Lamentation”. Notes can be put into slots below the arrows…

19

 

… якія трапяць акурат у пластыкавыя пакеты / …and they fall exactly in plastic bags

20

Малыя і коні / Little children & horses

21

Паказальны двубой: краў-мага па-мінску / Demonstrative performance: Krav maga in the Minsk manner

22a

Плошча Свабоды – месца сустрэч / The Svabody square is also a place for meetings

22b

У джынсах – Ісай Каганер, вядомы яўрэйскі актывіст 1980-90-х гг. (працаваў на МТЗ) / The man in denim is Isaiah Kahaner, a well-known Jewish activist of the 1980-90s (by that time he worked at the Minsk Tractor Plant)

23

Праз дзве гадзіны плошча была напалову пустая (або напалову поўная) / After two hours the square was half-empty (or maybe half-full)

24

Супрацоўнікі міліцыі не перанапружваліся / The police officers were not too busy

25

Якое свята без рабінаў?  / What’s a feast without rabbis?

Яшчэ падборкі здымкаў: «Радыё Свабода», «Новы час» / Additional sets of photos: «Radio Liberty», «Novy chas», BelTA

Апублiкавана 25.09.2016 22:07 /   published 09/25/2016  22:07