В. Рубінчык. ДА ЯКОЙ ПАРЫ?..

Добры дзень. За апошні год гайкі на абшарах «між Літвой і Украінай» настолькі закруціліся, што няпроста і прыдумаць, куды яшчэ лезці з развадным ключом. Але няма такіх крэпасцяў… авой, пардоньце, не зусім так. Няма такіх днішчаў, якія не маглі б прабіць лукашысты! Алесь Ш., былы чаляднік Алеся Мілінкевіча, а цяпер медыяперсанаж, апалчыўся на рэшткі недзяржаўнай журналістыкі і даследчага сектару: «Калі ўсе гэтыя людзі, псеўдаэканамісты, ліпавыя эксперты… пачнуць адказваць за свае словы? Яны падманваюць спажыўца. А рынак інфармацыі дакладна гэткі, як і кожны іншы. За падман спажыўца крама нясе адказнасць. Гэтак жа і аналітыкі, журналісты павінны несці адказнасць за падман спажыўца сваёй інфармацыяй» (sb.by, 14.12.2021, пер. з рус.).

Пацешныя прыклады «падману спажыўца» прывёў гэты Ш.:

– Гаварылі – [Лукашэнка] закопвае грошы ў лядовыя палацы, нам яны не патрэбны. Беларусь у 2014 годзе праводзіць найлепшы ў гісторыі чэмпіянат свету па хакеі, што афыйна прызнала Міжнародная федэрацыя хакея… Закопвае грошы ў сельскую гаспадарку, усё няправільна, трэба неяк па-іншаму. Цяпер высвятляецца: больш за 6 мільярдаў долараў нам прыносіць сельскагаспадарчы экспарт

Шэсць мільярдаў пасля 27 гадоў «асаблівай увагі» да галіны многа ці мала ў маштабе краіны? Даведачка: у 2019 г. экспарт сельгаспрадукцыі з Нідэрландаў дасягнуў 94,5 мільярдаў еўра, г.зн. перавысіў 100 млрд. USD. Тэрыторыя Нідэрландаў меншая за беларускую ў 5 разоў, насельніцтва ж перавышае РБ-шнае толькі ў 2 разы. Ну, і сувязь паміж лядовымі палацамі & арэнамі, пабудаванымі ў райцэнтрах кшталту Івацэвічаў, ды «найлепшым у гісторыі» (?) чэмпіянатам-2014, праведзеным на дзвюх пляцоўках у Мінску, невідавочная, кажучы асцярожна.

Анягож, няхай бы Алесь (член «канстытуцыйнай камісіі», не шышкі-дрышкі!) ды яго хаўрус прынялі свае «нарматыўныя акты» аб дадатковай адказнасці за выступы фактычна, як можна зразумець з прыкладаў, за меркаванні аб тым, куды лепей скіроўваць дзяржаўныя грошыкі.

Па-першае, не выключаю, што, чым меней у Беларусі будзе гучаць альтэрнатыўных думак пра палітыку, грамадства і эканоміку, тым хутчэй рэжым забранзавее ды страціць легітымнасць нават у сваіх апантаных прыхільнікаў… Адпаведна, тым скарэй ён адчэпіцца ад няшчаснай краіны.

Па-другое, тыя самыя акты мажліва будзе павярнуць супраць ідэолагаў-балбатуноў, чыноўнікаў і нават іх «непагрэшнага лідара» (з бальшавікамі – па-бальшавіцку!) Недзяржаўныя эксперты і журналісты, вядома, не заўсёды вылучаюцца высокім прафесіяналізмам. Аднак працэнтаў на 90 іх памылкі – вынік прэсінгу, стомленасці, дый проста абмежаванасці чалавечых ведаў, а не праява жадання ўвесці «спажыўцоў» у зман. Што да прадстаўнікоў улады, тут прапорцыя, бадай, адваротная. Прынамсі большасць няспраўджаных дэкларацый яўна рабіліся ды робяцца ў карыслівых мэтах: каб улагодзіць начальства, надурыць замежнікаў i/або нязгодных суграмадзян (гл. кейс неадбытага мясцовага рэферэндуму ў Брэсце-2020).

Уласна, сістэмка ад пачатку будавалася на хлусні, апранутай у шаты «ісціннай праўды»… Уладзімір Сямёныч (не-Караткевіч) як у ваду глядзеў.

Прымуць дэпутацікі яшчэ адзін жэстачайшы закончык – будзе на што абапірацца ў час дэканструкцыі/перазагрузкі. Нешта ж падказвае, што гэты час не за гарою…

Яскравыя ілюстрацыі таго, як чыноўнічкі розных узроўняў кідалі словы на вецер, можна знайсці на сайце promise.by – чытайце, пакуль рэсурс не заблакаваны. Не далей як у студзені я прыводзіў прыклады «абяцанак-цацанак» ад кіраўнікоў урада. Дык, ёлы-палы, сваім жа можна: quod licet Iovi, non licet bovi… Намеснік прэм’ер-міністра, у 2019–2020 гг. – старшыня аргкамітэта Сусветнай шахматнай алімпіяды ў Мінску-2022 (сарванай не без яго ўдзелу) – няблага пачуваецца, курыруе зараз распрацоўку «праграмы патрыятычнага выхавання насельніцтва» 0_0

Рыба псуецца… не з хваста. Хто абяцаў увесці ў Беларусі суд прысяжных, вырашыць праблему знешняй запазычанасці, і г. д., і да т. п., (амаль) усе добра ведаюць, дзякуючы і маім публікацыям 😉 Дадаткова рэкамендую гэты спіс. Але сёння хацелася б пагаварыць пра «лакальныя», хоць і вельмі важныя праекты – новую дзіцячую паліклініку ў Жодзіне (на рагу вул. Скарыны і прасп. Леніна), дзіцячы шматпрофільны корпус раённай бальніцы ў Барысаве (вул. 1812 года). Распачатыя ў 2019-м.

Для пачатку зацаніце пашпарты аб’ектаў, згодна з якімі будоўля ў Жодзіне мусіла быць скончана 12.08.2020, а ў Барысаве – 17.11.2020.

Далей – цытаткі з афіцыйных крыніц, у перакладзе з рускай:

«У Барысаве ў 2021 годзе адкрыецца бальніца, у Жодзіне – паліклініка» (belta.by, 30.12.2020).

«Завяршаецца будаўніцтва аднаго з самых значных аб’ектаў аховы здароўя – дзіцячай паліклінікі [ў Жодзіне] У красавіку, па завяршэнні будаўнічых работ, плануецца пачаць усталёўку мэблі, абсталявання. Сярод першачарговых паставак – тры рэнтгенаўскія апараты, астатняе – паэтапна ў чэрвені, ліпені, жніўні. Здача аб’екта папярэдне намечана на 1 верасня» (mlyn.by, 11.03.2021).

«Паводле Наталлі Сушко [першай намесніцы старшыні Жодзінскага гарвыканкама], будаўніча-мантажныя работы завершаны і будынак цалкам гатовы да здачы. Аднак першапачатковыя тэрміны адкрыцця ссунуты на снежань у сувязі з досыць доўгімі працэдурамі куплі абсталявання» («Жодзінскія навіны», 20.08.2021).

Верагодна, не запрацуе пазначаная медустанова і ў снежні 2021-га, іначай афіцыёз бы ўжо рэкламаваў дату адкрыцця… Шчэ меней шансаў на тое, што здзейсніцца «барысаўская» абяцанка буйнога чыноўніка:

«Сёння [ў Барысаве] будуецца дзіцячая бальніца. Як бы ні было складана, у наступным годзе мы яе абавязкова ўвядзем у эксплуатацыю» (Аляксандр Турчын, старшыня Мінскага аблвыканкама, 08.07.2020).

«Губернатар (меўся на ўвазе старшыня Мінскага аблвыканкама. – В.Р.) і міністр [аховы здароўя РБ] абмеркавалі час заканчэння будаўніча-мантажных работ корпуса і пытанні камплектавання абсталяваннем. Плануецца, што сродкі будуць вылучаны як з мясцовага (абласнога), так і з рэспубліканскага бюджэтаў» (прэс-служба міністэрства аховы здароўя РБ, 03.11.2021).

Тут бачна, што ў лістападзе яшчэ толькі планавалася вылучэнне сродкаў на камплектаванне шматпрофільнага дзіцячага корпуса бальніцы (да самога вылучэння і закупак – скарэй за ўсё, некалькі месяцаў). Ці папросіць Турчын адстаўкі 01.01.2022, калі выявіцца, што яго абяцанка 2020 г. «абавязкова ўвядзем у эксплуатацыю» не здзейснілася? А можа, хоць прабачэння ў барысаўцаў папросіць? Рыторыка, рыторыка… Напэўна, ідэолухі спішуць затрымкі на COVID-19 (каторы, зрэшты, і паўтара года таму лупіў па Беларусі) ды заходнія санкцыі.

Лірычная дыгрэсія наконт прабачэнняў. Прыгадаў, хто іх ў мяне прасіў за апошнія гады, і адразу ўявілася, што я – Рамзанка Дыраў 🙂 Фірма «Ладэ», Беларуская чыгунка, газета «Наша слова», журналіст Андрэй Д., філосаф Сяргей П., гісторыкі Алесь Б. і Алесь Ф., мастак Сяргей Х., літаратуразнаўца Зіна Г., грамадскі дзеяч Алег Р… Не, адмыслова не занатоўваў, але прычыны штораз былі сур’ёзныя, таму стрэмкі ў памяці сядзяць. А ў гэтым месяцы баранавіцкі шахматны трэнер Аляксандр Сідарэня мог, па-мойму, і не выбачацца ў сваім блогу… Ну, што зроблена, тое зроблена – цаню яго джэнтльменства.

Без энтузіязму адгукнуўся я на «выбары» новага старшыні Беларускай федэрацыі шахмат (30.11.2021) – зараз магу дадаць, што і каманда ў яго адпаведная. Пара дасведчаных і прыстойных людзей у выканкаме мала што вырашыць. Да гонару старшыні (Сяргея Сычука з «Белавія»), ён хаця б уступіў у БФШ і сплаціў унёскі ў поўным аб’ёме. Мяркуючы па інфе з афіцыйнага сайта, гэтага не скажаш пра супрацоўнікаў спартовай «вертыкалі», уведзеных у кіраўнічы орган разам з Сычуком (я-то ў кастрычніку меў спадзевы, што федэрацыя «адвяжацца» ад мінспорту…). Хто б сумняваўся, што ўсе роўныя, але некаторыя раўнейшыя?

Яшчэ адзін доказ слушнасці оруэлаўскага назірання – фотарэпартаж з першай лігі чэмпіянату РБ па шахматах (Мінск, 9–17 снежня). Напярэдадні гэтага масавага турніру быў апублікаваны рэгламент, падпісаны «галоўнай судзейскай калегіяй» – вісіць на сайце БФШ і сёння:

Галоўны суддзя ў гэтым выпадку – Ігар Стралец, ён жа старшыня рэвізійнай камісіі БФШ. На адкрыцці турніру прысутнічалі ўсе «бонзы» федэрацыі. А цяпер зірніце, колькі ўдзельнікаў рэальна знаходзяцца ў АБАВЯЗКОВЫХ ДЛЯ ЎСІХ БЕЗ ВЫНЯТКАЎ масках, што «закрываюць нос і рот».

Фота з той самай старонкі. No more comments

Тут 15.11.2021 кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сяргеенка гукнуў: «Думаю, што к канцу лістапада пачатку снежня мы выйдзем на ўсенароднае абмеркаванне праекта Канстытуцыі». І паўтарыў 19.11.2021: «Я думаю, к пачатку снежня мы выйдзем на наступны этап усенароднае абмеркаванне». Думаць не забароніш – я вось, напрыклад, лічыў, што чыноўнік з першай дзясяткі самых уплывовых у краіне дарма казаць не будзе. Спадзяваўся пачытаць праект і выпрацаваць сваю пазіцыю ў перыяд паміж 8 і 15 снежня… Але дакумент пакуль так і не вынесены на «ўсенароднае абмеркаванне», і гэта замінае мне рэалізаваць свае планы, бо пачынаецца ўжо пераднавагодняя мітусня. У студзені, відаць, буду заняты, а ў лютым 2022 г. ужо і плебісцыт – вядома, калі анонс яго «першымі асобамі» не быў чарговым фэйкам. Дзякуй вам, дзяржаўныя «думаннікі», у капялюш!

Чарговыя драконаўскія прысуды (Сяргею Ціханоўскаму, Міколу Статкевічу ды інш.), павелічэнне колькасці палітзняволеных да 929 пракаментую праз адсылку да малавядомага савецкага мультфільма паводле апавядання Кіра Булычова

Ён лялечны, але паглядзіце на ютубе, не пашкадуеце – дзякуй за наводку navimann’y. Дарэчы, агароджаная рэзідэнцыя на Камсамольскім возеры нават вонкава нагадвае жытло “свабоднага тырана” з аднайменнага мульціка 1990 г. 😉

І апошні на сёння кур’ёз – сумнаваты. Год таму нарабіла фурору «Шчучыншчына» ў выкананні Алены ЖалудОК. Падобна, дзяржаўныя СММ (сродкі масавай маніпуляцыі) вырашылі перахапіць тэму; у 2021 г. яны пісалі пра невялікі райцэнтр Гродзенскай вобласці часцей, чым звычайна, вось і на мінулым тыдні… Маўляў, 16-тысячны Шчучын – «горад для маладых». Права «СБ» так лічыць, але пры чым да расказу пра «росквіт» горада цытата з «правадыра»-2020: трэба зрабіць так, каб людзі адчувалі сябе ў аграгарадках не горш, чым у Мінску? На Шчучыншчыне ё буйныя вёскі, пераназваныя ў аграгарадкі, але многія квітнеюць не зусім… Або зусім не квітнеюць, зважаючы на тое, што насельніцтва раёна апошнія 10 гадоў пастаянна зніжалася. У 2019 г. яно ацэньвалася ў 38,5 тыс. чалавек, па стане на 1 жніўня 2021 г. – у 34,6 тыс. чалавек. Падзенне на 10% за 2 гады – такое сабе сведчанне росквіту.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

16.12.2021

w2rubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 16.12.2021  22:55