Каго-каго, а мяне мінулы год не зусім адпусціў. Усё ж 11 дзён пасля бою гадзінніка – салідны тэрмін, каб падцягнуць «хвасты», прааналізаваць недааналізаванае… і кінуць пагляд у будучыя месяцы (на пяцігодкі цяпер планаваць-прагназаваць даволі рызыкоўна).
Па-першае, стараўся ўносіць разнастайнасць у зносіны з патэнцыйнай аўдыторыяй: напрыклад, апрача тэкставых публікаваў і гукавыя файлы. За апошнія 3 месяцы выклаў іх на Youtube куды болей, чым за папярэднія 15.
Прыклад «слайд-шоў» (зрабіце, як я, зрабіце лепей…)
Па-другое, 2020-ы многім чарговы раз паказаў, наколькі можна давяраць «калектыўнаму Рыгорычу» – дакладней, наколькі яму няможна давяраць – нават у сферах, дзе гэты квазікадаўр мусіў бы арыентавацца лепей, чым у «айфонах-плафонах» ды лабірынтах юрыспрудэнцыі. Гаваркі прыклад – на сайце promise.by:
У лістападзе 2017 г. намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Сямашка ў эфіры перадачы «Контуры» (АНТ) заявіў, што вытворчасць кардону на базе філіяла «Добрушская папяровая фабрыка “Герой працы”» будзе запушчана ў 2018 годзе. Ён жа ў сакавіку 2018 г. у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» пацвердзіў, што завод кардону ў філіяле Добрушскай папяровай фабрыкі запрацуе да канца 2018 года.
Нагадаю (ну, раптам хто прапусціў) – 2018 год быў у Беларусі даволі спакойны. Ні пандэміі, ні падрыхтоўкі да прэзідэнцкіх «выбараў»… адзінае, прэм’ер-міністр змяніўся. Але хіба гэта перашкода для доўгайграючых праектаў? Не выключаю, што ў нас – так (пры Сяргею Румасу ўрад узяў на сябе абавязак правесці Сусветную шахматную алімпіяду, пры Раману Галоўчанку – адмовіўся, «растаптаўшы» ўрачыста падпісаны кантракт з ФІДЭ). Па стане на кастрычнік 2019 г. у абсталяванне завода было ўкладзена 265 мільёнаў USD, але справа рухалася марудна– спатрэбіўся візіт у Добруш тагачаснага старшыні Камітэта дзяржкантролю Леаніда Анфімава.
У пачатку лютага 2020 г. з «кардоннай праблемай» паспрабаваў даць рады «шэф» Анфімава і Румаса: «К канцу года фабрыка выйдзе на работу ў нармальным рэжыме. Мы цалкам запусцім вытворчасць, адладзім, створым сістэму кіравання і пачнем працаваць…» У старых карпусах Добрушскай папяровай фабрыкі планавалі арганізаваць вытворчасць упакоўкі з новага кардону. «Мы ўмеем гэта рабіць, у нас ёсць у друкарнях кампетэнцыі, – заўважыў кіраўнік дзяржавы. – Да канца года мы гэта пачнем рабіць ужо тут, на старых плошчах».
Тут аптымізм яшчэ больш хадульны, чым у гісторыі з пялетным заводзікам у Мазыры (чыноўнікі абяцалі яго к чэрвеню, адкрыты быў у верасні 2020 г.)… Першы намеснік прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў у ліпені таксама казырыўся («да канца года»), але ў кастрычніку 2020 г. «проста» намеснік прэм’ер-міністра Юрый Назараў распавёў, што першы мелаваны кардон на новым заводзе па вытворчасці мелаваных і немелаваных відаў кардону ў Добрушы плануецца атрымаць у I квартале 2021 года. На ніжэйшым узроўні – шчэ больш рэалізму: у навагоднім віншаванні (30.12.2020) Аляксандр Каляда, гендырэктар ААТ, якое кіруе Добрушскай папяровай фабрыкай, паведаміў, што запуск завода па вытворчасці кардону мае адбыцца ў 2021 годзе, не ўдакладняючы квартал… Дзіва што народ рагоча з выказванняў самі-скеміце-каго пра тое, што дзякуючы «таннай» беларускай электрычнасці можна «кляпаць» крыптавалюту: «Біткойны-та мы накляпаем. Але куды складваць? Упаковачнага кардону няма…». – «Будзем пакуль што складваць на грунт» (06.01.2021).
https://www.youtube.com/watch?v=FwDb0ThDxgA
Лірычная гераіня мінскай спявачкі Марыны Шугавай тры гады таму выпрошвала ў партнёра «адзін біткойн» – яна штосьці ведала 🙂
Ну і, вядома ж, усё лепшае – дзецям… Вестка ад 13.09.2018: «Нацыянальны дзіцячы навукова-тэхналагічны парк плануецца адкрыць к 2020 году ў Мінску. Пра гэта, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, паведаміла галоўная спецыялістка ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і моладзевай палітыкі Міністэрства адукацыі Таццяна Драпакова». У красавіку 2019 г. А. Лукашэнка падпісаў указ № 145 «Пра стварэнне ўстановы адукацыі “Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк”» (ужо не да 2020 г., а да 01.01.2021).
Надоечы мінадукацыі зрабіла хітры крок: загадам ад 21.12.2020 пераменавала Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, які вёў радавод ад Цэнтральнай дзіцячай тэхнічнай станцыі 1929 г., у «Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк» – не падкапацца! 🙂 Што ж паробіш, калі месяц таму высветлілася: з навамодным праектам, які спісваўся з адукацыйнага цэнтра «Сірыус» (Сочы, РФ), чарговы аблом… І вось ужо 06.01.2021 А. Лукашэнка выдае ўказ аб тым, што да 2022 г. працягваюцца тэрміны фінансавання будаўніцтва вучэбна-лабараторнага корпуса дзіцячага тэхнапарка… Таксама з 2020-га на 2022 год перанесены тэрміны будаўніцтва школы ды інтэрната пры тэхнапарку. Якая лёгкая справа, гэтае дзяржаўнае кіраванне – трэба проста час ад часу падпраўляць лічбы! 😉
Уявім сабе заапарк. Дырэктар вырашыў купіць буйвала і растрындзеў на ўвесь свет, што за год пабудуе адмысловы «прасунуты» вальер. Праз паўтара года вальер у дырэктара не гатовы і блізка, тады намеснік дырэктара цягне шыльду «буйвал» і прыбівае яе да клеткі са слонікам. Міма праходзіць Казьма Пруткоў і скрушна ўздыхае: «Калі на клетцы слана прачытаеш надпіс “буйвал”, не вер вачам сваім». За ім крочыць мізантроп-пачатковец (магчыма, я, а магчыма, ты) і развівае думку ў адзіна слушным сэнсе: «Калі на клетцы слана прачытаеш надпіс “буйвал”, пасадзі ў клетку таго, хто зрабіў гэты надпіс, і яго начальніка таксама».
Разлічваць на ўзлёт эканомікі пры апісаных вышэй раскладах не выпадае, і Беларусь выціскаецца на задворкі ў сістэме міжнароднага падзелу працы. Тым болей што выдаткі на даследаванні і развіццё – груба кажучы, «на навуку» – па-ранейшаму не дасягаюць нават 1% ВУП… Біў у званы гадоў з чатырох таму (напрыклад, тут), дый не я адзін, але хто слухаў?
Выглядае, Ізраіль – параўнальна з Беларуссю – цэніць новае разоў у восем вышэй… А можа, нашым галоўным ноў-гаў (know-how) будуць абеды з жывым сабачкам на стале? Раскруцім гэта як самы бяспечны і pet-friendly спосаб харчавання, прадамо патэнт элітным рэстаранам свету? 😉
Дзівяцца ўжо і вадзіцелі-дальнабойшчыкі, як актыўна з Беларусі вывозяцца сыравіна і палуфабрыкаты, а потым у злёгку апрацаваным выглядзе вяртаюцца ў выглядзе тавараў з высокай дададзенай вартасцю. Ці ператварыўся наш край канчаткова ў калонію, можна спрачацца, але пашыранасць каланіяльнага мыслення тут і цяпер відавочная. Толькі адныя шукаюць метраполію ў Маскве, іншыя – у Вашынгтоне, а нехта – у Варшаве і Берліне.
«Найцішэйшая ніва» з «самым пакорлівым» насельніцтвам прыцягвала і прыцягвае да сябе розных авантурнікаў, як пралукашэнскіх, так і «анты» (у час місіі арыентацыя можа мяняцца). Некаторыя з іх нават лічаць сябе журналістамі, беларусістамі, палітолагамі… але хопіць пра гэта. Калі «зубрызм» нешта значыць, яго неад’емнай часткай павінны быць антыкаланіяльны дух, беларусацэнтрычнасць – плюс, напэўна, адмова ад паходаў у інфармацыйнае залюстроўе. Адной з праяў «інфавайны» стаўся адкрыты ліст ад імя жыхароў сталічнага раёна да кіраўніка міжнароднай федэрацыі хакею Фазеля з патрабаваннем не праводзіць улетку 2021 г. чэмпіянат свету па хакеі ў Мінску. Чытаў – і паціскаў плячыма:
Кожны вечар, пачынаючы з дня выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у Цэнтральным раёне, як і ў іншых раёнах горада Мінска, адбываюцца затрыманні мірных жыхароў супрацоўнікамі спецпадраздзяленняў са зброяй у масках… У кожным двары Цэнтральнага раёна дзяжурыць АМАП са зброяй.
Апошнюю заяву дзясяткам тысяч жыхароў раёна лёгка абвергнуць, выйшаўшы ўва двор або на балкон. У кварталах вакол бульвара Шаўчэнкі, дзе бываю штодня, бачыў АМАПаўцаў двойчы: 06.08.2020 (у час масавага збору каля кінатэатра «Кіеў») і 15.11.2020 на «плошчы Перамен». Ведаю, што разганялі яны людзей на «Арлоўцы» і ў Лебядзіным, разам з тым у большасці двароў Цэнтральнага раёна АМАП не толькі не дзяжурыць, а ўвогуле не з’яўляўся. Тым не менш гратэскны – на мяжы правакацыі! – зварот «сумленных людзей» надрукавалі «Трыбуна», «Беларускі партызан», «Белсат»… Чым горай, тым лепей?
Пішучы гэтыя радкі, яшчэ не ведаю пра вынікі сустрэчы Лукашэнкі з Рэнэ Фазэлем (11.01.2021). Дапускаю, што пры пэўных умовах чэмпіянат свету па хакеі ўлетку 2021 г. мог бы прынесці больш карысці краіне і люду паспалітаму, чым кіруючай групоўцы.
Сапраўды, перад чэмпіянатам у Мінску-2014 спецслужбы наладзілі паляванне на «непрыяцеляў рэжыму» і многіх адправілі «на суткі» (што не зашкодзіла, напрыклад, Барысу Тасману знайсці ў падрыхтоўцы да міжнароднай імпрэзы мноства плюсаў). Але зараз, калі Украіна адышла ў цень, а да Беларусі прыкута ўвага буйных гульцоў, тутэйшы «правадыр», верагодна, устрымаўся б ад эскалацыі канфлікту… Мо і выпусціў бы некаторых палітвязняў дзеля «спартовага свята».
* * *
Абмяняліся мы з Пятром Рэзванавым колькімі рэплікамі наконт падзеяў лета-восені 2020 г., «рэвалюцыя» ў Беларусі была ці не. Пётр спярша, 09.01.2021, прапанаваў (магчыма, з нагоды 116-годдзя піцерскай «Крывавай нядзелі») «кінуць баяцца слова “рэвалюцыя”». Але потым згадзіўся, што ў нас адбылося штось іншае… Другі даўні аўтар belisrael, Анатоль Сідарэвіч, прызнаў (08.01.2021), што палітычнай рэвалюцыі яшчэ няма, але сцвярджае, што «ідэалагічная», «рэвалюцыя свядомасці» такі надышла.
Разважаючы пра змены ў калектыўнай свядомасці пры ненадзейных або недаступных у Беларусі сацыялагічных доследах, мы ступаем на тэрыторыю метафізікі… Тое, што зрухі летась адбыліся, бясспрэчна, аднак наколькі яны: а) масавыя, б) незваротныя? А. Сідарэвіч лічыць, што і масавыя, і незваротныя, аргументуючы так: «Новыя інфармацыйныя тэхналогіі не дазволяць вярнуць грамадства ў ранейшы стан. Спажывальнікаў тэлевізійнай прадукцыі застаецца ўсе менш і менш. Людзей прымушалі і працягваюць яшчэ прымушаць выпісваць “Советскую Белоруссию”. Але колькі з іх яе чытае — вялікае пытанне».
Я б не перабольшваў ролю інфармацыйных тэхналогій у разняволенні грамадства; ёсць важкія падставы меркаваць, што запрыгоньваюць яны яшчэ мацней… Большасць тых, хто выпісваў «СБ», не чыталі яе і 10 год таму, але ж і на бок «светлых сіл» не пераходзілі (заплаціць за непатрэбшчыну – істотны ўдар па годнасці; гэта здаўна ўсвядомілі ідэолагі, таму і прасоўвалі «абсурдную» падпіску на «кантраляваныя выданні»).
Зрухі ў свядомасці не маюць значэння, калі не падмацоўваюцца ўчынкамі, няхай дробнымі. Дык і закарцела мне праверыць, як змяніўся наклад двух прапагандных газет – «СБ. Беларусь сегодня» (мэтавая група – «усе-ўсе-ўсе») і «Знамени юности» (мэтавая група – моладзь, перадусім актывісты БРСМ) – у пачатку 2021 г., параўнальна з першымі нумарамі 2020 і 2019 гг.
Газета / Год | 2019 | 2020 | 2021 |
«СБ» | 400094 | 355491 | 319650 |
«ЗЮ» | 44907 | 50994 | 47892 |
Калі «СБ» стабільна губляе наклад, то пра «ЗЮ» гэтага не скажаш. Паводле маіх адчуванняў, маркерам кардынальных (дапраўды «рэвалюцыйных») зрухаў было б зніжэнне тыражоў абодвух выданняў у 2021 г. на 50%, г. зн. напалову. Ну, а падзенне на 10%, у прынцыпе, можна вытлумачыць наступам інтэрнэт-эпохі…
Адпачніце ад нудных лічбаў – зацаніце снежную Вільню, убачаную д-рам Гарбацкім.
Вольф Рубінчык, г. Мінск
wrubinchyk[at]gmail.com
11.01.2021
От ред. belisrael
Хоккейный чемпионат в Минске, наверняка, будет пробойкотирован большинством стран, как бы не хотел его провести лукашенковский друг, “уходящая натура” Фазель, как его назвал один российский спортивный журналист. Если б не пришедшая пандемия, то в Швейцарии состоялся бы чепионат мира 2020, после чего чиновник от спорта заканчивал свою карьеру. А так он остался на еще один год, и очень хочет поиметь дивиденды от щедрого диктатора. Ну а показанное накануне часовое “интервью” российской пропагандистке Наиле Аскер-Заде, когда она еще и облачившись в форму вышла на лед, появившись в кадре, где был замечен также предфедерации Дмитрий Басков, особо ставший известным после убийства карателями в гражданском во дворе своего дома художника Романа Бондаренко, но умудрилась не задать ни одного принципиально вопроса, дало понять, что Лу страшно хочет этот чемпионат, хоть и сказал, сидя в любимой аммуниции за бортиком: “а мы не паримся, будет так будет, нет так нет”. Но сейчас не та ситуация, как в 2014, чтоб прокатило.
Опубликовано 12.01.2021 00:21
***
Водгук
Як заўсёды, з цікавасцю прачытаў чарговы матэрыял Вольфа Рубінчыка.
Як ні дзіўна, пачну з абароны «персанальнага» Рыгорыча ад «калектыўнага». Спярша — амаль інсайдэрская інфармацыя пра вытворчасць кардону. Выдавалі мы метадычку пра плесневыя грыбы, і аўтар(-ка) казала, што на згаданай [Добрушскай] фабрыцы планаваўся нейкі не той тэхналагічны працэс, на выхадзе якога атрымліваўся б шкодны для здароўя кардон. Пры гэтым яна нават паведаміла, што асабіста Рыгорыч пры свядомасці, яго сапраўды можна пераканаць.
Нягледзячы на «праколы» (кшталту даўно згаданага тым жа Рубінчыкам, з-за чаго пры дзеючай Канстытуцыі ў нас легітымнага Прэзідэнта быць не можа па азначэнні!), працытую выснову, якую зрабіў у 2016 г.: «У чым неацэнная карысць ад Рыгорыча, — пры ім у прававыя акты сталі больш-менш аператыўна (хоць і не заўсёды) уносіцца змяненні і дапаўненні».
Зноў паўтару старую прэтэнзію пра тое, што параўноўваць дзве краіны — замала. Калі даць веры гэтай табліцы (яна, праўда, толькі пра долю ВУП у адукацыі, і, на жаль, у дадзеных вельмі розныя даты), Сінявокая пакуль што ў пачатку другой трэці…
Наконт пераказу нашай дыскусіі 2021 г., што расцягнулася на два пасты, зраблю тры заўвагі: па-першае, «у нас» не «адбылося», а адбываецца «штось іншае» за рэвалюцыю; па-другое, гэтае «штось іншае» ў маім (цяперашнім) разуменні мае пэўную аналогію: «банкетныя кампаніі (што французскія 1848, што расійскія 1904)»; ну, і па-трэцяе, гэтая аналогія добра адпавядае «дробнабуржуазнай рэвалюцыі» ((с) Рыгорыч).
Для агітацыі і прапаганды / штодзённага ўжытку «рэвалюцыя» больш карысная/зразумелая, чым «падзеі, якія некаторымі сваімі аспектамі нагадваюць “банкетныя кампаніі”»…
Пётр Рэзванаў, г. Мінск
Увесь адказ Пятра гл. па спасылцы
Дадана 12.01.2021 16:31