Люты 2018 г. у Беларусі – месяц выбараў, што само па сабе смешна. Таму спецыяльна весяліць нікога намераў не маю… «Как мы тут живём / Великая тайна / Все кричат: “вира” / А выходит “майна”» (БГ).
…Справа «рэгнумаўцаў» 02.02.2018 завяршылася абвінаваўчым прысудам. Амбівалентным – усім публіцыстам выпісалі адтэрміноўку (тры гады) і выпусцілі на волю, як бы распісаўшыся ў непамыснасці ўтрымання іх пад вартай цягам 14 мес. З другога боку, за новыя «экстрэмісцкія» матэрыялы кожны з няшчаснай тройкі можа зноў надоўга адправіцца ў турму.
Шмат у чым не згодзен з асуджаным Cяргеем Шыптэнкам, аднак ён слушна пракаментаваў вырак: «Наша справа ўскрыла ўсю заганнасць сістэмы і асобных яе элементаў». Насамрэч, мінінфармацыі з яго «кішэннай» экспертнай камісіяй наскардзілася ў праваахоўныя органы, якія даверыліся «спецыялістам»… Беларускія выданні, як урадавыя, так і не, даверыліся «зліву» ад сілавікоў і пачалі «мачыць» арыштаваных задоўга да суда. Пракурор і суддзя не спрабавалі разабрацца ў справе, хоць фармальна і заслухалі «экспертаў» (цётачак няпэўнай кваліфікацыі, далёкіх ад праблематыкі міжнацыянальнай варожасці). Грамадства атрымала чарговы пасыл ад «сістэмы»: «менш думайце; калі думаеце – не запісвайце, калі запісваеце – не публікуйце».
У цэлым удумліва прааналізаваў сітуацыю перад прысудам калумніст tut.by Арцём Шрайбман, хаця мяне засмуцілі наступныя яго развагі: «Калі ўлада спадзявалася знайсці новых хаўруснікаў у дэмакратычным лагеры, то дарэмна. Усе разумеюць, што арсенал крымінальных захадаў, пад якія сёння трапілі трое прарасійскіх публіцыстаў, заўтра можа быць разгорнуты назад у бок празаходніх». Не варта вязаць у адзін вузел дэмакратычныя і «празаходнія» погляды, дый не ўсё «дэмакраты» разумеюць небяспеку прысуду. Многа ў іх «лагеры» было злой радасці, яна не зусім згасла. Праўда, пястун д-д-дэмакратычных сайтаў, «дарадца па нацбяспецы» Андрэй П. змяніў рыторыку; калі ў снежні 2016 г. ён падтрымліваў улады, толькі што нагамі не лупячы затрыманых і тых, хто сумняваўся ў іхняй віне, то цяпер, атрымаўшы новую «ўводную», заявіў 05.02.2018: «яны сядзелі год, хаця відавочна, што ніякай неабходнасці ў гэтым не было… думаю, што ад самага пачатку гэтая справа была не прававой з’явай, а выключна палітычнай». Але шквал інсінуацый у канцы 2016 – пачатку 2017 гг. не мог не пакінуць следу на мазгах жыхароў года 2018-га, і вось у каментах да артыкула пра вырак чытаю: «Позор предателям Беларуси!!! Надеюсь недолго будут на свободе» (+116-47), «Если всех таких писак отпускать – завтра Беларусь станет опять частью России...» (+91-26), «Теперь у этих колумнистов один путь – на Восток. Ибо отсрочку заменить как два пальца. Пусть прут в Ростов и оттуда пишут свои душещипательные тексты» (+35-13). З красавіка 1995 г., калі пабітыя дэпутаты дэманстравалі траўмы калегам па Вярхоўным Савеце, а Мікалай Дземянцей (кіраўнік Беларусі ў 1989-1991 гг., by the way) і яго паплечнікі сыкалі: «Мала далі!», ахвоты вырашаць канфлікты шляхам перамоў у палітызаванай публікі не пабольшала.
Cтарая сістэма, асабліва ідэалагічная, паціху ідзе ўразнос, а нічога новага з яе не вылупліваецца. Тыя «эксперты», якія заўважаюць у звальненнях міністраў, рэдактараў etc. пабудову «новай медыйнай вертыкалі», яўна кагосьці падманваюць (пачынаючы з сябе?) Хутчэй трэба чакаць закаснення старых мадэляў. Былыя кіраўнікі «Сов. Белоруссии» ды БТ рабілі свае адыёзныя справункі не без фанатызму, з прыцэлам на папулярнасць, і часам маглі кагосьці-там-мабілізаваць шляхам «паветрана-кропельнага заражэння» (ужо гучала прапанова ўзяць Якубовіча ў газету «Берега» спецкарам, гл. камент ад Iossi Schkr :)). «Новыя» ж твары больш выдаюць на ардынарных чыноўнікаў-прыставанцаў. Той жа Іван Эйсмант, пастаўлены кіраваць Белтэлерадыё, муж лукашэнкаўскай прэс-сакратаркі, – хіба ён, знітаваны са сваёй суджанай, наважыцца на нестандартныя, пагатоў рызыкоўныя крокі? Ну, а Дзмітрый Жук, які, прыйшоўшы на пасаду галоўнага ў «СБ», адразу абмежаваў магчымасць каментаў на сайце сваёй газеткі? «Новая вертыкаль», наадварот, па ідэі мусіла б стымуляваць зваротную сувязь. Сам я ніколі нічога на sb.by не пісаў – мне за дзяржаву тэндэнцыю крыўдна.
Адно цешыць – у беларускай цэнзурнай сетцы (і ў інтэрнэт-сеціве таксама) не бракуе прарэхаў – іх, бадай, нават больш, чым у расійскім аналагу. Вось зыркі прыклад – дазволілі ў тутэйшых сінематэках «Смерць Сталіна» (2017), і свет не перакуліўся. Водгукі ад гледачоў Мінска збольшага прыязныя.
Паглядзеў «крамольнае», са званіцы мінкульта РФ & РПЦ, кіно і я – не выходзячы з дома… Фільм як фільм; сатыра на Сталіна лепшая ў Салжаніцына («У крузе першым»), а гумар з удзелам Язэпа Вісарыёныча, бадай, не горшы ў Сяргея Салаўёва («Чорная ружа…», 1989). Мне цяжка згадзіцца ca Станіславам Бялкоўскім, маўляў, «першы раз, калі Сталіна ўдалося зрабіць смешным, гэта быў фільм “Смерць Сталіна”». Для камедыі твор Арманда Іянучы занадта сур’ёзны, для экскурсу ў мінулае – занадта павярхоўны і мітуслівы. Безумоўна, такія кіны маюць права на існаванне, але мне ўспомнілася, як да нас у ЕГУ (канец 1990-х) прыязджаў французскі лектар, спец па гісторыі СССР. Перад студэнтамі ён вымаўляў прозвішчы Ejov і Joukov так: «Еёў», «Юкаў». Небараку ніхто ў Францыі не расказаў, як называліся не апошнія па значнасці асобы ХХ ст.; зрабіць гэта выпала ў Мінску мне… Я к чаму: калі разглядаць замежны прадукт як спробу падштурхнуць нас, тубыльцаў постсавецкай прасторы, «смеючыся, развітацца з мінулым», то не, дзякуй. Калі ж «звышзадача» проста ў тым, каб дэсакралізаваць уладу і яе носьбітаў (на манер «Yes, Minister» Ліна & Джэя або ранейшыx фільмаў Іянучы, згаданых тут), то яна збольшага ўдалася. А дэсакралізацыя ўладных дачыненняў зараз насамрэч патрэбная; ужо дзеля яе тутэйшым пракатчыкам варта было, насупор меркаванню калумніста «Белгазеты», закупляць «вульгарны» фільм.
Дэсакралізацыя – не самамэта; я выступаю яшчэ і за «шахматызацыю» палітыкі ў РБ (мімаходзь расшыфрую – хочацца рацыянальнасці, мерытакратыі…) Дзе на ўсё набрацца кадраў-пасіянарыяў ва ўмовах «патрыярхальна-падданіцкай» палітычнай культуры, пытанне ледзь не касмічнага маштабу.
14 лютага з дапамогай рэдактара belisrael.info я запусціў у фортку у мордакнігу абяцанне з’есці ўласны гадзіннік, калі намстаршыні АГП Мікалай Казлоў 18.02.2018 праб’ецца ў Мінгарсавет. Гадзіннік застаўся цэлы. Абяцаў патлумачыць свой «песімістычны» прагноз – тлумачу.
Кейс М. Казлова, яшчэ 10 гадоў таму дзейнага падпалкоўніка міліцыі, у нечым унікальны – і ўадначас тыповы. Здаралася, што былыя прадстаўнікі «сістэмы» пераходзілі ў «апазіцыю»; аднак сярод старшых афіцэраў міліцыі такія трансферы ўсё ж рэдкасць. Ясна, адміністрацыя апрыёры не гарыць жаданнем пускаць у дэпутаты чалавека з досведам следчай дзейнасці, да таго ж такога, які ўспрымаецца ёй як «здраднік» (у 2008 г. сп. Казлоў намагаўся прадухіліць фальсіфікацыі на ўчастку, давераным яму для аховы, і атрымаў прачуханку ад начальства; у 2009-м зволіўся з «органаў»). Агулам, з сярэдзіны 1990-х выбары ў РБ ладзяцца не для таго, каб ставіць пад пагрозу «стабільнасць», г. зн. уладу лукашэнцаў. Гэта больш-менш аб’ектыўныя перашкоды, але існавалі і суб’ектыўныя.
М. Казлоў – адзін з кіраўнікоў партыі, якая разглядае сталічны гарсавет як трамплін для чагосьці больш сур’ёзнага… Але ж выбарцы – пераважная частка – трактуюць гарсавет усё ж як прыладу для вырашэння лакальных праблем. Ва ўлётцы Казлова, закінутай мне ў паштовую скрыню на Кахоўскай (дзён за пяць да 18-га), пра тыя праблемы амаль нічога не сказана – бракуе «зазямлення».
Здымак, на якім кандыдат нагадвае Пятра Машэрава, мелаваная папера – усё гэта няблага, але некаторыя з 4000 атрымальнікаў улёткі – сюрпрыз! – цікавяцца і кантэнтам… Цытаваць крэатыў не стану; паверце, ад яго няма ўражання, што кандыдат прагне перамогі. Асобныя чытачы, патэнцыйны электарат М. К. – я ў тым ліку – зусім не пайшлі на ўчасткі для галасавання.
Сёлета М. Казлоў разам з партыйным «шэфам» зноў абвясціў пра парушэнні ў акрузе; на іхнюю думку, ля гімназіі № 34 круцілася «карусель». Пераканаўчых доказаў таго, што жанчынкі на лябедзькавым відэа галасавалі па колькі разоў і/або на чужым участку, прадстаўлена, аднак, не было. Таптанне ўдзень 14.02.2018 ля гімназіі групы асоб («куратарка» трымала ў руках спіс) можа тлумачыцца «добраахвотна-прымусовым» датэрміновым галасаваннем, якое нярэдка практыкуецца ў дзяржаўных арганізацыях разам з навязлівымі рэкамендацыямі, каго выбіраць. З’ява таксама агідная (мякка кажучы, не робіць гонару «Белтэлекаму», калі ён гэтым займаецца), але ўсё ж не «карусель», не прамая фальсіфікацыя народнага волевыяўлення.
Cумна, але факт: АГП за апошнія …ццаць гадоў паказала сваю няздатнасць даваць адпор выбарчай машынерыі (як было ў 2004 г., пісаў тут). Зрэшты, не толькі АГП… Штораз прымаюцца гучныя заявы пра несумленныя выбары, «а Васька слушает, да ест».
Цяжка разлічваць на прагрэс у такой далікатнай сферы, як выбары, калі гражданы павязаны па руках-нагах на працоўных месцах. Многім актывістам, як мне здаецца, ямчэй паказваць дулю якой-небудзь Ярмошынай (не кажучы пра знакамітыя турнэ па Брусэлях і прочых Страсбургах), чым бараніць правы работнікаў у сябе пад носам.
Яшчэ многа дзе ў Беларусі заключаюцца калектыўныя дагаворы; амаль ва ўсіх выпадках яны не выконваюцца напоўніцу. Партыя, што абапіралася б на ячэйкі незалежных прафсаюзаў (або проста суполкі незадаволеных работнікаў), стала б рэальна масавай. Лідару такой партыі не прыйшлося б гойсаць з дыктафонам па Кіеўскім скверы ды крычаць «Воўкі!» «Злачынцы!»
Карціць азірнуцца на 4-5 гадоў… Тады актыўна форсілася ідэя «Народнага рэферэндуму». Aрганізатары – БНФ, pyx «За свабоду», «Гавары праўду» і інш. – збіралі подпісы за шэсць пытанняў: «кампанія “Народны реферэндум” мае намер сабраць 500 тысяч подпісаў грамадзян, ад якіх улада “адмахнуцца ўжо не зможа”» (дэкларацыя ад 29.01.2014). І не сабралі нават чвэрці ад заяўленай колькасці, і ўлада адмахнулася, і фінішавала кампанія ў снежні 2015 г. не без скандалу… Калі ўжо «альтэрнатыўныя сілы» ў Беларусі паразумнеюць, га?
А крыху вышэй можаце бачыць абяцанку ад Нацыянальнага агенцтва па турызму, арганізацыі мінспорту РБ. Звыш года таму з’явіўся ролік НАТ для патэнцыйных турыстаў. Тады ж, у канцы студзеня 2017 г., нехта з НАТ напісаў, абы напісаць: «відэа на англійскай… з’явіцца ў найбліжэйшы час, зараз працуем над перакладам 🙂» Падобна, года не хапіла, каб пераагучыць пяцімінутны ролік; прынамсі ён і цяпер на сайце Беларусі ў Вялікабрытаніі падаецца ў арыгінальным выглядзе, нават без субтытраў. Затое, напэўна, стымул для брытанцаў і «розных прочых шведаў» вучыць белмову!
Тым часам Вялікі тэатр Беларусі 25.02.2018 абяцае вечар яўрэйскай музыкі «Шалом», пра канцэпцыю чытайце на сайце тэатра. Маю спадзеў, што там-то ўсё будзе чык-чак.
Вольф Рубінчык, г. Мінск
19.02.2018
wrubinchyk[at]gmail.com
Апублiкавана 19.02.2018 18:53