Tag Archives: Национальная книжная палата

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (69)

Шалом-68 на біс! У папярэдняй серыі не ўдалося выказацца пра ўсё, што хацеў…

У цэлым год аказаўся для Беларусі традыцыйна няпросты цяжкі. У 2017 г. валавы ўнутраны прадукт зноў пачаў расці, а золатавалютныя рэзервы павялічыліся недзе на 2,5 млрд «зялёных», але… ВУП – не самы галоўны паказчык (некалі пераклаў я для «Arche» – гл. № 11, 2008 – артыкул аднаго амерыканскага таварыша пад назвай «Эканоміка наша туфтовая», дзе дасціпна паказана, як ВУП напампоўваецца рознай лухтой), і рэзерваў у Беларусі па-ранейшаму няшмат. Да таго ж рост знешняй запазычанасці перакрыў рост «залатога запасу» працэнтаў на 15–20. «Затое» занятых тут людзей за год паменела на насельніцтва райцэнтра… Заняпад працоўнай сілы доўжыцца з пачатку 2010-х (за гэты час у нашай эканоміцы кудысьці знік ужо цэлы абласны цэнтр :() Ледзь не кожны з астатніх працуе «за таго хлопца», ды абяцанкі-цацанкі «ў сярэднім па 500» не спрацоўваюць: падвышэнні жарэ інфляцыя, дый у асобныя месяцы зарплата, наадварот, зніжаецца. Цягам двух гадоў запар насельніцтва прадавала больш валюты, чым купляла; зараз падушкі бяспекі садзьмуліся. А тым часам «спецыяліст па ўсіх пытаннях» усё грабе рэсурсы пад сябе… пардон, у рэзервовы фонд прэзідэнта. І без Еўрапейскіх cпартовых гульняў у 2019 г. нам – аніяк!

На першы погляд, дзіўна, што 21-гадовая ўраджэнка Наваполацка біятланістка Дар’я Блашко выбрала для працоўнай эміграцыі гаротную Украіну, але яе можна зразумець. «У Беларускай федэрацыі амаль прама кажуць, што спартоўцы – гэта расходны матэрыял», – тлумачыць Дар’я. Ці толькі ў федэрацыі біятлона такое? Парада «не падабаецца – з’язджайце» даўно стала гербавым дэвізам… не скажу, большасці, але ве-е-льмі значнай часткі белчыноўнічкаў ды іншых начальнічкаў.

Дзіва што беларусы (не ўсе, дык наведвальнікі аднаго з найбольш папулярных сайтаў) збольшага не вераць у тое, што Беларусь зробіцца «лічбавым Сінгапурам». На вечар 27.12.2017 вынікі апытанкі былі такія: з амаль 16 тысяч удзельнікаў вераць – 7,27%, не вераць – 59,1% (траціна вагаецца). Наўрад ці тут нейкая падтасоўка, бо гаспадар сайта якраз дэкларуе сваю адданасць ідэалам «IT-дэкрэта» ад 21.12.2017. Адзін з найбольш папулярных каментаў (+32-0): «У краіне калі быў заяўлены электронны дакументаабарот? А воз і цяпер там. “Поспехі” мадэрнізацыі дрэваапрацоўкі і цэментнай прамысловасці як бы намякаюць, што да лічбавага Ганконга з цяперашнімі кіраванцамі нам далёка».

Між тым суд у Мінску над беларускімі аўтарамі расійскіх інфармацыйных агенцтваў, пачаты 18.12.2017, працягваецца, вылазяць новыя падрабязнасці. У канцы 2016 г. экспертызу спрэчных тэкстаў на прадмет выяўлення экстрэмізму міністэрства інфармацыі РБ даручыла… дырэктарцы кніжнай палаты Алене Івановай. Гэтая дама атрымала вышэйшую бібліятэказнаўчую адукацыю і чамусьці вырашыла, што гэтага дастаткова для ацэнкі тэкстаў пра мінулае Беларусі, ідэнтычнасць, кірункі ў дзяржаўнай палітыцы і г. д. Будучы членам Рэспубліканскай экспертнай камісіі, адмовіцца нібыта не магла. Па-мойму, яна папросту збаялася сваіх начальнікаў (на пасаду яе прызначыў якраз мінінфарм). Уласна, яе меркаванне – з апорай на расійскую (!) не адпрацаваную ў Беларусі (!) методыку – не магло мець юрыдычнай сілы, аднак з яго, як на дражджах, вырасла справа, не закрытая дагэтуль.

На пасяджэнні 22.12.2017 сведка Іванова стаяла на сваім: на яе думку, сказаць пра тое, што большая частка беларускага грамадства – нацыянальныя нігілісты, якія нічога не кемяць у палітыцы, значыць «распальваць варожасць»… Фэйспалмішча – і праз такую логіку публіцыста могуць пасадзіць на 5 гадоў, а дырэктарка палаты не будзе супраць? Гэх, адправіць бы спадарыню ў адстаўку следам за яе былой апякункай Ліляй… Ва ўсякім разе, пакуль псеўдаэкспертка вядзе рэй у Нацыянальнай кніжнай палаце, мне з гэтай установай не па дарозе.

Дарэчы, мушу перапрасіць аднаго з падсудных, Юрыя Паўлаўца, які выступаў ў сеціве пад псеўданімам «Радов». Насуперак таму, што пададзена са слоў пракурора на сайце БАЖ, Паўлавец не заяўляў, што «беларуская мова – [амаль] мёртвая», гэта вольная інтэрпрэтацыя «мовазнаўцаў у цывільным». Цытата з артыкула 2016 г. у перакладзе: «яна [беларуская мова] к пачатку 2000-х гадоў канчаткова ператварылася ў прыкмету этнічнай самаідэнтыфікацыі – паводле ўсеагульнага перапісу 1999 г. 73,7% беларусаў назвалі беларускую мову ў якасці роднай, хаця ў побыце ёй карысталася не больш за 1,5−2% насельніцтва». Няма тут нічога пра «мярцвячыну», г. зн. няма абразы, таму нават пад арт. 9.22 КоАП РБ творчасць Паўлаўца не трапляе, і дарма я «кінуў» яго ў агульны кацёл. Тэксты Алімкіна, відаць, усё ж парушаюць названы артыкул (санкцыя – штраф ад 4 да 10 базавых велічынь), наконт Шыптэнкі не ўпэўнены, патрэбна годная экспертыза. Так ці іначай, у імя Канстытуцыі ўсе трое павінны быць у бліжэйшы час вызвалены ў залі суда. Павел Севярынец мае іншую думку, але ў гэтым выпадку, апелюючы да «інстынкту самазахавання», моцна памыляецца.

А тым часам «адзіны палітык» (паводле вызначэння калегі У. з Магілёва, які падвучыўся ў Польшчы і цяпер назірае за намі, рыхтык той Кук за абарыгенамі, паралельна блытаючы творы Оруэла «1984» і «Ферма») зноў пацешыў, гэтым разам выказваннем пра амерыканскага прэзідэнта і Блізкі Усход: «у мяне ў галаве, шчыра кажучы, не ўкладваецца рашэнне Дональда наконт Іерусаліма. Можа, за гэтым нешта крыецца, чаго яшчэ не бачым. Але рашэнне на першы погляд здаецца трохі дзіўным. Нельга разбураць мір, які дастаўся гэтай зямлі такой цяжкай працай». Можа, я тут чагосьці не бачу, можа, гэта ў мяне «кудлатасць павысілася»? Ну, «Дональд» – хай будзе, хіба каб парагатаць (многім адразу ўспомніўся гогалеўскі Хлестакоў, які «с Пушкиным на дружеской ноге»). Але які «мір», здабыты «цяжкай працай», быў разбураны ў Ізраілі заявай ад 06.12.2017 пра будучы перанос пасольства ЗША ў Іерусалім? За 2017 г. ШАБАК прадухіліў 400 сур’ёзных тэрактаў, а дзясяткі не прадухіліў… Людзі гінулі да дэкларацыі Трампа, гінуць пасля: sad but true.

Можа, Егіпет ці там Іярданія разарвалі дыпадносіны з Ізраілем? Зноў жа не. А «лідары арабскага свету» кшталту Саўдаўскай Аравіі як не мелі адносін, так і не збіраюцца іх мець. Гэта іхняе права, але подла выглядае рашэнне ўладаў Эр-Рыяда не пусціць на чэмпіянат свету ФІДЭ па хуткіх шахматах (26-30 снежня) ізраільскіх удзельнікаў. Улады проста не адказалі на запыт… Нават СССР такога сабе не дазваляў: калі ў жніўні 1987 г. у Мінску адбываўся чэмпіянат свету па міжнародных шашках сярод жанчын, то з Ізраіля прыязджала Лілі Кармі, хоць савецка-ізраільскія адносіны, спыненыя ў 1967-м, былі адноўлены толькі ў кастрычніку 1991 г.

Па маей просьбе 26.12.2017 сітуацыю пракаментаваў Аляксандр Кентлер, вядомы шахматны дзеяч з Санкт-Пецярбурга: «Лічу, было б правільна патрабаваць з ФІДЭ выдачу матэрыяльнай кампенсацыі ўсім ізраільскім шахматыстам, якія мелі права ўдзелу ў чэмпіянатах свету ў Эр-Рыядзе». Зрэшты, у Ізраільскай шахматнай федэрацыі, калі верыць яе прэс-сакратару Ліору Айзенбергу, ужо некалькі дзён абдумваюць варыянт са зваротам у суд. Праблема ў тым, што нямногія федэрацыі ў такім разе падтрымаюць калег – «не сваё, не баліць». Вунь беларуская дэлегацыя на чале са старшынькай федэрацыі шахаў ціха-мірна выправілася да саўдытаў. «Штрэйкбрэхерамі» выявіліся і чэмпіён свету Магнус Карлсен, і Лявон Аранян з яго яўрэйскімі каранямі… І нават віцэ-прэзідэнт ФІДЭ Ісраэль Гельфер, чалавек з ізраільскім пашпартам, калі справа дойдзе да суда, магчыма, будзе асцярожна бараніць гаспадароў пляцоўкі (маўляў, суайчыннікі самі вінаватыя – не так падалі чалабітную каралю Салману…) Хацеў бы я памыліцца!

Так, «саўдызм» галаўнога мозга – не лепшы, а напэўна, горшы ад саветызму і лукашызму. А ёсць яшчэ такая забаўная (збольшага) з’ява, як «Хартыя галаўнога мозга», апісаная д-рам Баранічам. Тупы перадрук матэрыяла пра Ізраіль адсюль прывёў вось да чаго:

Намесніцу міністра замежных спраў Цыпі Хатавелі «адмыслоўцы» прымусілі змяніць прозвішча і пол – LOL 🙂

Калі помніце, у 32-й серыі прапанаваў неяк адсвяткаваць у 2017-м юбілеі рабінаў Менашэ Іліера і Нафталі Берліна, скульптара Абрама Бразера і паэта Самуіла Галкіна… Можна было б успомніць і 200-годдзе Машэ Дыскіна (1817, Гродна – 1898, Іерусалім), вядомага як «дэр брыскер роў». Між іншага, служыў рабінам не толькі ў Берасці, а і ў Менску, а калі перабраўся ў Зямлю Ізраіля (1877), то падтрымліваў тамака апантаных вернікаў і… заснавальнікаў сельскагаспадарчага паселішча Петах-Тыква, дзе цяпер знаходзіцца галоўны офіс нашага сайта 🙂 Кажуць, ешыва Дыскіна дагэтуль працуе ў Іерусаліме ў раёне вул. Райнэс.

Мне не вядома, што для захавання памяці пра названых людзей сёлета зрабілі тутэйшыя «прафесійныя яўрэі», змагары за «чысціню радоў». Для парадку ўзгадаю таксама цікавыя, на мой погляд, юбілеі будучага года (пра Р. Бярозкіна і Э. Савікоўскага пісаў ужо) – а раптам каму з «аматараў» прыгадзіцца гэтая інфа… Будзе:

– 120-годдзе з дня нараджэння талмудыста, літаратуразнаўцы Шауля (Сола) Лібермана (28.05.1898, Моталь пад Пінскам – 23.03.1983, ЗША, падчас палёту ў Іерусалім);

– такі ж юбілей у разведчыка, Героя Савецкага Саюза Льва Маневіча (20.08.1898, Чавусы – 09.05.1945, памёр у Аўстрыі па вызваленні з канцлагера).

  

Ш. Ліберман, Л. Маневіч

– 200 гадоў «малодшаму эканамісту» Карлу Марксу (1818–1883). Як бы да ні ставіцца да марксізму, гэты чалавек магутна паўплываў на грамадскае жыццё і палітыку ХІХ-ХХ ст., і творы яго чытаюць дасёння. Заадно згадайма, што ў сакавіку будзе 120 год, як у Менску прайшоў Першы з’езд РСДРП (трое дэлегатаў з дзевяці – бундаўцы!). Рэканструяваны «домік Румянцава» стаіць на беразе Свіслачы, некаторыя заходзяць. Калі гадоў 20 таму зайшоў туды я, то бачыў у экспазіцыі запісы на ідышы, праўда, паказаныя дагары нагамі 🙂

– 120 гадоў споўнілася б налета Голдзе Меір (03.05.1898, Кіеў – 08.12.1978, Іерусалім), ізраільскай начальніцы, дзяцінства якой прайшло ў Пінску.

Неблагі літаратар, які да таго ж пісаў як на ідышы, так і на іўрыце, таксама нарадзіўся 120 год таму. Гэта Арон Цэйтлін з Уваравіч на Гомельшчыне (22.05.1898 – 28.09.1973). У маленстве жыў у Гомелі; аўтар адной з найвядомейшых яўрэйскіх песень «Дона Дона», якую спявалі нават у японскіх школах. Пахаваны ў Іерусаліме. Перад вайной А. Цэйтлін паспеў з’ехаць у ЗША, а ўся яго сям’я загінула.

– ёсць сэнс адзначыць і 120-годдзе прафесара Макса Эрыка (насамрэч Залмана Меркіна, 1898–1937). Ураджэнец Польшчы, ён некалькі гадоў жыў у савецкім Менску і пакінуў значны след у літаратуразнаўстве; аналізаваў, у прыватнасці, творчасць Мойшэ Кульбака. У 1932 г. пераехаў у Кіеў і загінуў ад сталінскага тэрору.

Пакідаю чытачам самім папоўніць гэты спіс. Такі да пабачэння… Не, раней анонс: 21.01.2018 з 19 гадзін у Белдзяржфілармоніі плануецца канцэрт «Жоўтыя зоркі» да дня памяці ахвяр Халакоста, мае выконвацца і твор беларускага кампазітара Льва Абеліёвіча. Афішы ўжо расклеены ў Мінску; падрабязнасці і заказ білетаў – тут (кошт 6-8 рублёў, або 3-4$…)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

27.12.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 28.12.2017  00:33