В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (34)

Меркаваў ужо прыпыніць серыял, прынамсі да Новага года, але падзеі разгортваюцца ў такім рэчышчы, што «не магу маўчаць» (С). На мінулым тыдні па падазрэнні ў «распальванні варожасці» і г. д. былі арыштаваны трое грамадзян Беларусі, «праімперскіх» публіцыстаў: мінчукі Юрый П., Сяргей Ш., брэстаўчанін Дзмітрый А. Супраць іх знаходжання пад вартай маю довады маральныя, юрыдычныя і палітычныя.

Маральны аспект палягае на тым, што, завёўшыся, рэпрэсіўная машына патрабуе паліва і зазвычай імкнецца караць вінаватых ды невінаватых. Гора-прагназіст Сяргей П. (ён жа намрэдактара не абы-якой беларускай газеты) не без іроніі прыгадаў «шматпавярховае» выказванне пастара Німёлера: «Калі прыйшлі па камуністаў, я маўчаў, бо не быў камуністам. Калі прыйшлі па яўрэяў, я маўчаў…» і г. д. Насампраўдзе наіўна думаць, што наступнымі «вярблюдамі» не будуць тыя, хто цяпер цешыцца: «Далі чосу “рускаму міру”!» Зрэшты, гэта добра сфармуляваў Віталь Цыганкоў, з якім я разыходжуся ў многіх пытаннях, але сёння пагаджуся: «у найлепшым выпадку будзе раўнавага — і “нам” пры цяперашнім рэжыме па-ранейшаму будзе даставацца».

І тут мы павольна пераходзім да юрыдычнага аспекту. Насцярожвае цьмянасць канкрэтных абвінавачванняў, што, зрэшты, характэрна для прадукцыі органаў правапарадку і не толькі (узгадаем нядаўні «прысуд» 77-гадоваму майстру з Разані, вынесены тутэйшай федэрацыяй шахмат). Няясна, што паказала экспертыза і хто выступаў у ролі экспертаў. Ведаючы, як ацэньваўся ў судах змест часопіса «Шахматы» ў 2003 г. і альбома «Belarus Press Photo 2011» у 2013 г., я не збіраюся давяраць экспертнаму заключэнню, не прачытаўшы яго. Тым не менш следчыя органы палохаюць, што арыштаваным пагражае ад 5 да 12 гадоў.

У сеціве блукаюць асобныя цытаты з падазраваных аўтараў, тыпу: «Беларусь – звар’яцелая недадзяржава, якая імкнецца звярнуць сабе шыю на Майдане паводле прыкладу суседзяў» (Дзмітрый А.), «беларусы ссумаваліся па “ветлівых людзях” (Сяргей Ш.; маюцца на ўвазе інтэрвенты з РФ)». Безумоўна, я, дый большасць суайчыннікаў, пад гэтым ніколі не падпішуся. Аднак выглядае, што у тых допісах больш суб’ектыўных меркаванняў, чым заклікаў… Прыніжэнне нацыянальнага гонару таксама трэба яшчэ даказаць – здаецца, наўпрост нідзе не гаворыцца, што адзін народ горшы за другі. Карацей, шкода ад гэтых тэкстаў – з якімі можна і трэба спрачацца ў СМІ, а лепей бы прапанаваць дыхтоўную альтэрнатыву – для беларускай дзяржавы невідавочная. І нават многія прыхільнікі судовага пераследу, заўзятыя змагары з «рускім светам» кажуць: «Лепей бы гэтым пісакам далі штраф, чым садзіць». Ізноў жа, не лічу старшыню Беларускай асацыяцыі журналістаў аўтарытэтным адмыслоўцам, ды ён заўважыў слушна: «Калі ёсць рэальная пагроза — так, трэба «садзіць». Калі не, то не. Ці была ў дадзеным выпадку ад “адэптаў рускага свету” рэальная пагроза? – Я яе не бачу”».

І аспект палітычны. Зусім не падобна, што «смелы» крок (атака на карэспандэнтаў расійскага інфармагенцтва, афіцыёзнага, але фармальна недзяржаўнага) палепшыць аўтарытэт беларускай улады ў свеце, асабліва ў Расіі. Цень жа ад крокаў дзяржаўных службоўцаў падае на многіх з нас. Калі ў выпадку з Уладзіславам Баўмгертнерам – нагадаю, расійскага бізнэсоўца, шэфа «Уралкалія», арыштавалі ў Мінску ў жніўні 2013 г. пасля сустрэчы з прэм’ер-міністрам РБ – справа мела палітычнае адценне, але яе яшчэ можна было замаскаваць пад «спрэчку гаспадарчых суб’ектаў», то тут – непасрэдны ўдар па «балявых кропках» расійцаў.

Не выключаю нават варыянту са «шматхадовай» правакацыяй, мэта якой – дыскрэдытаваць беларускія ўлады і, калі не замяніць на стаўленікаў Масквы, то зрабіць больш згаворлівымі. Праўда, фактар банальнага глупства больш верагодны… Наўрад ці «наверсе» пралічвалі хады на манер Карлсена з Каракіным; гуляць у шахматы там умеюць пераважна дошкай. Няўжо ў «Чырвоным доме» спадзяюцца, што ў абмен на вызваленне траіх грамадзян у РБ нехта ў Крамлі дасць адмашку купляць больш беларускага сыру і творагу ці знізіць цану на газ для «сінявокай»?.. Няўжо так можна пабудаваць трывалыя эканамічныя стасункі?

Міністарка інфармацыі РБ – асоба, мякка кажучы, абмежаваных здольнасцей – заявіла 09.12.2016, што «пачасціліся факты з’яўлення ў шэрагу СМІ і інтэрнэт-рэсурсаў матэрыялаў тэндэнцыйнага, а часам і непрыхавана дэструктыўнага характару ў дачыненні да Беларусі, дзяржаўнай улады нашай краіны, беларускага народа… Найбольшую актыўнасць у публікацыі такога кшталту матэрыялаў выяўляе інфармагенцтва… (не хачу лішні раз піярыць – В. Р.), падаючы ў тэндэнцыйным ключы дзейнасць кіраўніка беларускай дзяржавы, уладных структур у розных сферах – палітыцы, эканоміцы, культуры», прызнаўшы палітычную падаплёку скандала. Адлупцаванае агенцтва, спрабуючы абараніць сябе і сваіх людзей – жаданне ў гэтай сітуацыі цалкам легітымнае – ужо «паставіла на вушы» частку расійскай эліты, у т. л. Леаніда Левіна (не, не той, што памёр, а старшыня камітэта Дзярждумы).

Усё гэта насцярожвае, аднак ёсць у гісторыі і «пазітыў»: высвятляецца, з кім не варта мець справу. Дзесяць год таму актывістка «Маладога фронту» Наста Палажанка выглядала годна, схадзіла на мінскую «Яму» разам з іншымі: «Моладзь запаліла сьвечкі і ўшанавала хвілінай маўчаньня ахвяраў фашызму». Пра гэты паход я даведаўся постфактум і адзначыў у «Мы яшчэ тут!» Днямі ж блогерка Наста, па мужу Дашкевіч, з’едліва, каб не сказаць зласліва, звярнулася да аднаго з арыштаваных карэспандэнтаў расійскага інфармагенцтва: «Ну што, Сярога, спадзяюся, табе цяпер ня сумна». І далей да сваіх чытачоў: «Абараняючы іх (арыштаваных), вы абараняеце Кісялёва зь ягоным “ядзерным попелам”, Салаўёва зь “беларускімі нацыстамі”, расейскае ТВ з укрыжаванымі хлопчыкамі і зьбітымі боінгамі». No comments.

Лаяльна я ставіўся да Андрэя П., адказнага за «Belarus Security Blog». Яго выступы рэдка затрымлівалі маю ўвагу, аднак апрыёры я не меў прэтэнзій, ну калега і калега. Не турбавала, што, паводле thinktanks.by, яго кантора ўпэўнена займала месца ў «хвасце» рэйтынгу аналітычных цэнтраў… Пасля шквалу дэмагогіі а-ля Наста Д., які ён абрынуў на мазгі чытачоў тут і тут, пасля заяў тыпу «Таццяна Караткевіч і Вольга Карач пахавалі сябе як палітыкі» (бо ўстрымаліся ад ухвалення арыштаў) не ўважаю Андрэя П. за аналітыка, адно за прапагандыста. Дадатковы доказ – яго «пужалкі» пра Беларусь у 2030 г., якая, маўляў, будзе даведзена ўладай да стану аграрнай дзяржавы, дзе зброя акажацца ў вольным доступе і г. д.

Наўрад ці ў далейшым стану марнаваць час і на многапісучага публіцыста Аляксандра Т., які на сайце «Беларуская праўда» (!) 09.12.2016 выказаўся так: «Паводзіны людзей, якія жывуць у краіне і яе абражаюць, недапушчальныя… Абодвух (на той час журналіст хіба не ведаў пра арышт Сяргея Ш. – В. Р.) трэба адназначна судзіць. Мне вельмі шкада і Караткевіч, і Карач… Разумею, што ім трэба дэманстраваць аб’ектыўнасць, выказаць сваё стаўленне да падзеі, трэба трымаць справаздачу перад грантадаўцамі…» Тожа мне Міхаіл Шолахаў пасля працэсу Сіняўскага і Даніэля!

Апошні раз я чуў падобныя довады («вы ж не проста так выйшлі на вуліцу, вам за гэта добра плацяць») у раённым аддзеле міліцыі 15 год таму, калі разам з маладафронтаўцамі чакаў, ці адпусцяць нас пасля антыфашысцкага шэсця, якое фактычна і не пачалося. Аматарам лічыць чужыя грошы, відаць, было без нас сумна, таму васьмярых адвезлі на Акрэсціна, аднаго ці дваіх вызвалілі. Не стану сцвярджаць, што Т. пераняў мянтоўскую аргументацыю – проста шэрасць, нічога не паробіш. Cведчыць пра стан тутэйшай журналістыкі тое, хто для яе з’яўляецца «Асобай года» (і варта згадаць, хто быў такой асобай сто год таму). У канцы 1916 г., умоўна кажучы, – 25-гадовы Максім Багдановіч, у канцы 2016 г. – 26-гадовы Эдуард Пальчыс… Адчуйце розніцу.

Cам па сабе клуб «Святлана Алексіевіч запрашае» не вытруціць шэрасць з мінскай публікі, але дае шанс на тое, што нехта з наведнікаў уздымецца над сабою… Крытыкаваць фармат («“разумныя” пасядзелкі чалавек на 200 з дакладам і абмеркаваннем»), як зрабіў на-ўсе-рукі-майстар пасля дэбютнай сустрэчы 7 снежня, я б не стаў, а тым болей недарэчна вешаць ярлыкі на ўдзельнікаў («траўматычныя разумнікі з комплексам сацыяльнай непаўнавартасці, які пераходзіць у манію вербальнай велічы») – тут больш аўтапартрэт былога выкладчыка ЕГУ і РІВШа, з якім я некалі нават быў знаёмы. Але, зразумела, праблемы ліха і дабра ў рэшце рэшт вырашае кожны для сябе сам, не ў масе.

Віншуючы ўсіх з доўгачаканым адкрыццём клуба (хоць планавалася яно на верасень, і ў лістападзе арганізатары абяцалі, што пускаць будуць усіх ахвотных, а не толькі «лідэраў думак» па запрашэннях), спытаюся… Ці надоўга хопіць запалу заснавальніцы? Мяркую, скора ёй надакучыць-такі новая цацка «грамадская дзейнасць», пісьменнiца вернецца да свайго opus magnum – кнігi, прысвечанай каханню. Між іншага, у адным інтэрв’ю 1992 г. Святлана Аляксандраўна разважала аб тым, што напіша значна больш, чым ёсць у яе «актыве» на 2016 г.: «Дзевяць кніг, якія я хачу напісаць, я ўжо ведаю, а больш, напэўна, не буду… Ведаю дзевяць тэм і нават дзевяць загалоўкаў. Пятая кніга будзе пра Чарнобыль, а шостая – пра мужчын і жанчын». Вядома, не папракаю С. А. у распыленні сіл – у кожнага творцы свае прыёмы, і выхад шасці добрых кніг лепей, чым дзевяці тысяч пасрэдных 🙂

Яшчэ на тэму «сабакі, які фарбуе будку», закранутую ў мінулай серыі. Беларускае міністэрства аховы здароўя ўзялося за пытанні дрэс-коду і этыкі зносін дактароў з пацыентамі. Не рэкамендаваны будуць высокія абцасы, міні-халаты, макіяж і… перабрэхі (я-та думаў, што дарослым людзям не трэба чытаць натацыі). Тое ж пытанне: «Няўжо ўсе астатнія праблемы ў сістэме вырашаны?»

Зноў параўнаем сітуацыю ў Ізраілі і Беларусі на пачатку 2010-х гг., пры Нетаньягу і Лукашэнку. Як мы бачылі, коштам вялікіх страт кіраўніцтва РБ за два дзесяцігоддзі скараціла адставанне па такім паказчыку, як ВУП на жыхара: на 2015 г. у Ізраілі прыпадаў 31671$, у Беларусі – 16621$. Некалі разрыў быў чатырохкротны, цяпер – двухкротны (? – вынікаў за 2016 г. яшчэ няма). Аднак, калі паглядзець на ахову здароўя, то ўсё не так проста…

Выдаткі на ахову здароўя ў пераліку на жыхара, USD Прырост
Гады 2010 2011 2012 2013 2014 2010-2014
Беларусь 323 293 336 465 450 +39,3%
Ізраіль 2248 2460,5 2515 2854 2910 +29,4%

Табліца як бы намякае на недафінансаванне сістэмы ў «сінявокай», – а ў нас жа насельніцтва старэйшае, чым у Ізраілі, дый Чарнобыль дае знаць… Разрыў скараціўся, але не нашмат, і стабільнасці няма. Няхай бы ў міністэрскіх начальнікаў пра гэта галава балела, не пра дрэс-код падначаленых.

Можа, хоць у такой звышістотнай галіне, як лячэнне сухотаў, белмедыцына робіць цуды? Не зусім…

Колькасць выпадкаў туберкулёзу на 100 тыс. жыхароў
Гады 2010 2011 2012 2013 2014
Беларусь 69 67 64 61 58
Ізраіль 5,6 5,5 5,6 5,6 5,8

Добра, што колькасць зніжаецца, але адзначым, што ў БССР 1990 г. яна раўнялася 35, да чаго пакуль далёка. У Ізраілі паказнік дзесяцігоддзямі не перавышае 10; слабое «суцяшэнне», што ў Расіі ён сягае 80, а зашкальваў і за 130 (на пачатку 2000-х).

Ну, нарэшце, добрая навіна: тое, пра што я марыў у 2003-2004 гг., здзейснілася, шахматны турнір у Гродне рэкламуецца пасродкам белмоўнай афішы.

Жыве Беларусь шахматная!

Вольф Рубінчык, г. Мінск,

13.12.2016.

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 13.12.2016 15:15