В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (42)

Усім шалому з алэйхемам! Зласлівасць ды ідыятызм крочаць па Расіі, даючы метастазы ў заканадаўчых органах. Не паспеў сціхнуць скандал з Пятром Т., як вылез яшчэ адзін «прыгажун», дэпутат Віталь М. (у 1990-х памочнік разважлівай даследчыцы-палітыкіні Галіны Старавойтавай, якая заўжды агітавала за мірнае вырашэнне міжэтнічных канфліктаў; на жаль, сваё атачэнне пераканаць не здолела). М. выказаўся ў тым сэнсе, што актывісты (для ілюстрацыі выбраў акурат яўрэяў Барыса Вішнеўскага і Максіма Рэзніка), якія выступаюць супраць перадачы Ісакіеўскага сабора праваслаўнай царкве, – нашчадкі тых, хто варыў у катлах і аддаваў на ежу звярам першых хрысціян, etc. Потым, як і Т., прынёс прабачэнне, ухілістае і непераканаўчае.

У 2004 г., паназіраўшы за тым, як разгортваўся суд па справе «Обозревателя» (раённы суддзя пастанавіў, што гэтая мінская газета не абразіла дэпутата Валерыя Фралова, беспадстаўна запісаўшы яго ў антысеміты; здаецца, Фралоў, цяпер ужо нябожчык, не аспрэчыў рашэнне ў вышэйшых інстанцыях), я пакпіў у артыкуле для амерыканскага выдання: маўляў, быць антысемітам у Беларусі не ганебна. І меў падставы: на пачатку 2000-х нямала такога дабра, як Віталь М., сядзела сярод «лепшых людзей краіны». Найчасцей выступаў Сяргей К. з палаты прадстаўнікоў, чаго вартыя яго словы 2002 г.: «у нас славянская страна, а не еврейская и жидомасонская. Америка полностью сионо-фашистское государство, теперь это надо сделать с Беларусью?.. Поэтому плевал я на все эти синагоги…».

Аднак трэба прызнаць, што шчырых юдафобаў хітруны з адміністрацыі прэзідэнта паступова павыціскалі з першых пазіцый, пазамянялі на «пластылін», людзей, гатовых сябраваць хоць з Ізраілем, хоць з Іранам, хоць з Суданам, абы грошы капалі. У Расіі ж, выглядае, тэндэнцыя процілеглая… Напэўна, у ліпені 2016 г. пераацаніў я памяркоўнасць расійцаў, калі пісаў пра «нястрашную Маскву». У 2017 г. нешта мнагавата сярод іх прыхільнікаў Сталіна, Івана Жахлівага, увогуле такіх, што кладуцца ў характарыстыку Леаніда Філатава з казкі пра Фядота-стральца: «Может, он и безопасный, но пущай за ним следят!». Калі верыць Аляксею Навальнаму – а ў гэтым выпадку яму няма прычын не верыць – то і хлуслівая лалітыка на ўсходзе квітнее.

Расійцам расійскае, а мне тут дагэтуль брыдка ад паводзін калісьці рэспектабельнай «Нашай Нівы» на фоне міжнароднага кніжнага кірмашу. Газетчыкі ўбачылі кнігі са «страшнымі» назвамі («Шырока прадстаўленыя кнігі ўжо нябожчыка Алеся Бузіны – «Вурдалак Тарас Шаўчэнка», «Саюз плуга і трызуба: як прыдумалі Украіну». Назвы гавораць самі за сябе»), прычапілі ім цэтлік «антыўкраінская літаратура», паскардзіліся… Гледзячы па ўсім, на наступны дзень, 09.02.2017, арганізатары кірмашу націснулі на прадаўцоў, каб тыя знялі «кніжкі сумнеўнага зместу», бо, маўляў, «у Беларусі ёсць спіс экстрэмісцкай літаратуры, забароненай» (якім бокам ён, напрыклад, да твораў Бузіны?) Аўтары «НН» яшчэ і пахваліліся, што пасля іх публікацыі кнігі прыбралі са стэндаў.

   

«Экстрэмісцкія» кнігі А. Бузіны (19692015). Забойцы аўтара дагэтуль не знойдзены.

У заметцы для ўкраінскага сайта я «па гарачых слядах» адзначыў, што ў Беларусі прыярытэт усё ж павінна мець Канстытуцыя, дзе ў арт. 33 сказана ясна: «Кожнаму гарантуецца свабода поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне. Ніхто не можа быць прымушаны да выказвання сваіх перакананняў або адмовы ад іх. Манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай, грамадскімі аб’яднаннямі або асобнымі грамадзянамі, а таксама цэнзура не дапускаюцца». Абзываць тое, што не падабаецца, «антылітаратурай», цешыцца з пазасудовай забароны – прамы шлях у 1937-ы, або, прынамсі, у 1958-ы, калі Пастарнака не чыталі, але асуджалі. Трэба сказаць, што ў апошнія дні выставы здаровыя глузды, здаецца, перамаглі, творы Бузіны вольна прадаваліся… Праўда, 12.02.2017 я не знайшоў яго кніг на «Белэкспа»; не падказала, дзе іх знайсці, і Іна Ч., намесніца гендырэктара фірмы-арганізатаркі, якая ўзяла 3 р. 50 к. за зборнік показак ад Крыжаноўскага.

Зразумела, «НН», дзе адны адчуваюць сябе на інфармацыйнай вайне, а другія імі маніпулююць, не змяніла сваёй пазіцыі, і ўжо праз дзень зноў стала ў позу «грамадскага абвінаваўцы»: «Антыбеларускім аўтарам “Рэгнума” выстаўлена мякчэйшае абвінавачанне». Нагадаю, Алімкін, Паўлавец, Шыптэнка сядзяць за свае публікацыі трэці месяц; суда, які прызнаў бы іх вінаватымі ў распальванні і г. д., не было. Некаторыя альтэрнатыўна адораныя «патрыёты» самасцвярджаліся за кошт вязняў у снежні 2016 г.; відаць, і ў лютым 2017 г. няма спакою ***банутым. Сітуацыя ўскладняецца тым, што амаль ніхто не ведае, якія менавіта публікацыі ставяцца ў віну кожнаму з падазраваных, але, напрыклад, артыкул эканаміста Сяргея Шыптэнкі ад 02.11.2016 змяшчаў тэзісы, у якіх нямала слушнага (перакладу з рускай):

Цягам 25 год незалежнасці ў Беларусі папросту праядалі савецкую спадчыну, пачынаючы з прамысловасці і сельскай гаспадаркі, канчаючы медыцынай і адукацыяй. Сёння настаў момант, калі ўжо немагчыма схаваць фатальнае адрахленне беларускай прамысловасці… Вядомыя ва ўсіх краінах былога СССР маркі тэлевізараў, грузавых аўтамабіляў, матацыклаў, веласіпедаў і іншых вырабаў, якія, здавалася б, лёгка можна было ператварыць у абноўленыя брэнды запатрабаваных сучасных тавараў, бясслаўна зыходзяць у мінулае.

Я не адвакат грамадзяніна Шыптэнкі, дый далёка не з усімі яго выказваннямі згодны (не думаю, што варта паглыбляць саюз з Расіяй дзеля «ўз’яднання штучна падзеленага народа» – хутчэй патрэбен хаўрус Беларусі з Літвой і Украінай), але адчуў у аналітыка боль за беларускую прамысловасць, за краіну ўвогуле… Дакажыце, што гэтага ў яго тэксце няма, «незалежнікі», ахвочыя да бюджэтных датацый.

Катэгарычна сцвярджаць, што А., П. і Ш. ні ў чым не вінаватыя, я на сёння не маю права, аднак вельмі верагодна, што іх справа высмактана з пальца. А што, калі «рэгнумаўцаў» апраўдаюць па ўсіх пунктах, і нехта з іх у сваю чаргу падасць у суд на зласціўцаў, якія віртуальна «білі нагамі» ляжачых вязняў? Так, «антыбеларускі аўтар» – дэ-юрэ, можа, і не абраза, але замах на дзелавую рэпутацыю, кажу як былы выкладчык курсу «Асновы права».

Перастаў пісаць у «Нашу Ніву» ў 2007 г., але яшчэ гадоў сем таму ў вольны час падказваў, як пазбегнуць непрыемнасцей. Пару разоў рэдакцыя прыслухоўвалася і мяняла зусім ужо скандальныя загалоўкі, за якія яе элементарна маглі прыцягнуць да адказнасці (у адным выпадку – БРСМ, у другім – не-помню-хто). Больш раіць гэтым людзям нічога не стану; хочацца камусьці быць «вершнікамі без галавы» – на здароўе.

Праблема яшчэ ў тым, што адна з канстант беларускага жыцця – мазахізм, які ў побыце выражаецца формуламі «чым горш, тым лепш», «мышы плакалі, калоліся, але працягвалі жэрці кактус». Хто слухаў гурт «Аліса», успомніць і трапнае: «Моё поколение чувствует боль, но снова ставит себя под плеть». Ад спаткання Сярэдзіча з Лукашэнкам, згаданага ў мінулай серыі, акурат мазахізмам і патыхае; не кажу нават пра асобныя ўчынкі нобелеўскай лаўрэаткі. З апошніх забаўных казусаў – абяцанка зноў запрасіць у свой інтэлектуальны клуб «філосафа» М., які ў снежні і студзені дэманстратыўна сыходзіў.

Пашыранасць з’явы і яе аднаўляльнасць, напэўна, звязана з наяўнасцю ў сем’ях мноства «хатніх тыранаў», асабліва п’яніц, і сузалежных ад іх партнёраў. Мяркую, аналагічная песня ў Расіі (дзе, кажуць, зроблены рашучыя захады па легалізацыі сямейнага гвалту), і нездарма ж Алесь Бузіна пісаў, што «Расія – гэта краіна садамазахізму». Калі заглыбіцца ў этымалогію, то граф Захер-Мазох – ён родам з Усходняй Еўропы, са Львова… Ды мне бліжэй тое, што адбываецца ў краіне Тутэйшыі.

Лішне казаць, што ахвяра мазахізму, якая імкнецца вылезці з яго цянётаў, часцяком кідаецца ў садызм. Ці не тут крыніца паводзін хлопца з сякерай і бензапілой, якога вось-вось асудзяць у Мінску? Паводле маіх суб’ектыўных уражанняў, нармальныя чалавечыя адносіны, пабудаваныя на эмпатыі, даверы, узаемапавазе, сустракаюцца ўсё радзей. Гэта, дарэчы, адна з прычын, чаму ў мяне знікла ахвота займацца грамадскай дзейнасцю: інтарэсанты ў Беларусі або займаліся самапрыніжэннем («разжуй нам усё і вядзі, а мы мала што разумеем»), або імкнуліся падпарадкаваць і прынізіць («прыйдзі-папрацуй, а навошта – не твая справа»).

Не бяруся казаць, што ўсе ўдзельніцы скандальнага чэмпіянату свету сярод жанчын у Іране (пачаўся 10.02.2017) паехалі туды праз мазахісцкія схільнасці – заўсёды хапала і цалкам цынічных дам, якім абы грошы – аднак доля віктымнасці ў тых, хто згадзіўся гуляць у шахматы ў хіджабах, безумоўна, прысутнічае. Наколькі ведаю, толькі амерыканка Назі Паікідзэ і ўкраінка Марыя Музычук (экс-чэмпіёнка свету) рашуча адмовіліся выступаць у хустах мусульманскага стылю, а дзясяткі шахматыстак з усіх кантынентаў плюс суддзя з Беларусі паддаліся на прынаду. Калі б гэта было таварыскае спаборніцтва – справа іншая, асабістая, а тут жа афіцыйны чэмпіянат пад эгідай сусветнай федэрацыі, якая быццам бы «адпрэчвае дыскрымінацыю па нацыянальных, палітычных, расавых, сацыяльных або рэлігійных прычынах»… 17 тыс. подпісаў пад пратэстам не змусілі ФІДЭ адмовіцца ад ганебнай імпрэзы.

М. Музычук (злева) і чэмпіёнка ЗША Н. Паікідзэ-Барнс.

У шахматы даўно вырашыў гуляць толькі як аматар, і сёлета яшчэ раз пераканаўся ў слушнасці свайго шляху: сёння прымушаюць жанчын закрываць валасы ў турнірнай зале (не ў мячэці!), заўтра прапануюць мужчынам замацаваць у носе кальцо, бо ў якой-небудзь афрыканскай краіне так прынята… Нават таталітарны Савецкі Саюз у 1930-х гадах, ладзячы міжнародныя турніры за свае грошы, не патрабаваў ад замежнікаў, каб яны надзявалі ў час гульні будзёнаўкі або махалі сцяжкамі з сярпом і молатам.

* * *

Апошнія два месяцы ў адміністрацыі Лукашэнкі спрэс перастаноўкі: замянілі медыка Косінца на інжынерку-вадаправодчыцу Качанаву, першым яе намеснікам паставілі Рыжанкова-малодшага, каторы ў канцы 1990-х служыў у пасольстве Беларусі ў Ізраілі, аднак мала чым запомніўся, зволілі намесніка Бузоўскага («мудры эксперт» Раман Я. за пару дзён да звальнення Б. прадказваў рост палітычнай вагі «маладога ідэолага рэжыму»…) Усё гэта cамо па сабе мяне турбуе; ліхаманкавыя, cупярэчлівыя крокі ўрадоўцаў – 11.02.2017 спярша абвясцілі пра высылку з Беларусі ўкраінскага літаратара Сяргея Жадана, праз некалькі гадзін скасавалі сваё рашэнне – пацвярджаюць, што давяраць «новым тварам» няма падстаў. Адбываецца соўганне напарсткамі перад вачыма наіўных, якія і на 23-м годзе кіравання вераць у «добрых чыноўнікаў»… Хіба для таго кіраўнікам адміністрацыі і «дэкрэт № 3», каб паказаць сваю «дабрыню» – узяць спраўкі ды вызваліць бедакоў ад збору на «дармаедства»?! (Амаль паводле Някрасава: «И – недоимку дарю!..»)

Злева направа: Р. Барадулін, Г. Рэлес, А. Карлюкевіч.

Тым не менш пабуду на хвілю наіўным і я. У снежні 2016 г. хваля вынесла наверх краязнаўцу, літаратара Алеся Карлюкевіча, экс-рэдактара «Чырвонай змены» і «Звязды» – ён стаў намеснікам міністра інфармацыі. У 2003 г. Рыгор Барадулін, светлая яму памяць, нахвальваў мне Карлюкевіча. Зважаючы на яго ранейшыя публікацыі, А. К. мае пэўны сантымент да яўрэйскага пісьменства (браў інтэрв’ю ў Гірша Рэлеса) і моваў. Не пацярпела б дзяржава сінявокая, калі б пры падтрымцы міністэрства ў ёй выйшаў, напрыклад, зборнік ідышных вершаў аўтарства кагосьці з ураджэнцаў Беларусі, таго ж Фелікса Баторына, які ў інтэрв’ю А. К. чамусь ператварыўся ў іўрытамоўнага паэта. Паведамляюць, што «ідыш вяртаецца ва Украіну», а мінкультуры колькі год таму падтрымала выхад вялікага ідыш-украінскага слоўніка. Чым Беларусь горшая? 🙂

Вольф Рубінчык, г. Мінск

17.02.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 17.02.2017  22:39