Tag Archives: Первый Всебелорусский съезд

В. Рубінчык. Народнае адзінства?

З новым годам! Навучальным перадусім, але і з Рош а-Шаной таксама. Надыходзіць год 5782-і ўвечары 6 верасня, ды нешта не ўпэўнены я, што ў бліжэйшыя паўмесяца захочацца выходзіць у сеціва. Таму віншую зараней (або заранёў, як на захадзе Беларусі добрыя людзі кажуць).

Была на мінулым тыдні харошая дата – 25.08.2021, 30 год як Вярхоўны Савет надаў дэкларацыі аб суверэнітэце БССР 1990 г. статус канстытуцыйнага закона. Тое быў важны сімвалічны крок (у палітыцы амаль усе сімвалічныя крокі важныя), ды не сказаў бы я, што 26 жніўня 1991 г. прачнуўся ў незалежнай дзяржаве. Прыпамінаю, дый бачу з дакументаў, што ўсю восень доўжыўся пераходны перыяд, і толькі пасля роспуску СССР у снежні 1991 г. шлюпка «Рэспубліка Беларусь» адплыла ад… «Тытаніка» «Адмірала Нахімава» хай будзе «вялікага карабля».

У маі 2016 г. пісаў пра чвэрць стагоддзя беларускай дзяржаўнасці: «Хоць яна ладна-такі аб’едзена рознымі жучкамі, у нас ёсць свае межы, законы, пашпарты, валюта…» Ды перасцярагаў: «Вядома, уласная валюта, мытня і г. д. не гарантуюць, што не існуе пагрозы для нашай дзяржаўнасці». Ці многае падставова змянілася за «пяцігодку»? З аднаго боку, частка народу адчула смак да супраціву і пачала самаарганізоўвацца. Развой «новай апазіцыі» (з 2017 г.) не маглі не заўважыць вонкавыя назіральнікі; дарма што многія яе лідары кінуты за краты або выціснуты за краіны, «зубы» ў незалежнікаў засталіся, і простая анексія (часткі) краіны, каторай пужалі ў 2018 г., а) проста не мела права адбыцца; б) у бліжэйшы час малаверагодная.

Разам з тым у культурна-каштоўнасным плане краіна – а, значыць, і дзяржава – хутчэй аслабла, чым наадварот. Ад візітоўкі Беларусі, Купалаўскага тэатра ў цэнтры Мінска, засталася абалонка, як і ад многіх іншых тэатраў; непапраўная шкода нанесена ў 2020–2021 гг. дзясяткам, калі не сотням, грамадскіх устаноў, у т. л. і культурніцкіх. Неяк суцяшае тое, што за апошні год развіліся (адносна) новыя формы грамадскага бытавання, т. зв. культура супраціву. Аднак, у адрозненне ад 2000-х гадоў, ідэолагі & cілавікі рэагуюць на яе больш узгоднена і жорстка, што давёў прыклад «Плошчы Перамен».

Не ўнушае аптымізму дэградацыя «прыўладнай эліты». Пра недапісьменнасць і разбэрсанасць апошняй згадваў не раз, ды тое паўбяды, гэтыя заганы ў прынцыпе можна было б выправіць – не цяпер, то ў чацвер… Але праяўляецца ўсё болей сведчанняў таго, што тутэйшая «элітка» – на кручку ў расійскіх ды кітайскіх «таварышоў». Расійцы ставяць тут перш за ўсё палітычныя эксперыменты, кітайцы – сацыяльна-эканамічныя, і сарвацца з іхніх кручкоў можа быць вельмі а вельмі балюча.

«Акенцы ў Кітай» – задумка ў прынцыпе неблагая, калі б вялося пра розныя бакі жыцця Паднябеснай (Лю Сяабо ды цкаваных уйгураў няможна забыць…), а не толькі пра рэкламу яе прыродных багаццяў і тэхналагічных дасягненняў. У менш сяброўскіх краінах, калі верыць «СБ», спрэс ураганы, землятрусы, выбухі…

Дзве нататкі на «галоўным беларускім рэсурсе» пра пяюху ротам з суседняй краіны за адзін дзень – двайная ганьба. І сігнал тутэйшым поп-лаялісткам кшталту Юліі Быкавай, Алёны Ланской, etc., пра тое, як іх насамрэч «цэніць» адміністрацыя. Дзіва што іх каляжанка па шоў-бізу Ларыса Грыбалёва цярпела-цярпела, дый выказала год таму сваё «фэ» – выступіла супраць апантанага гвалту і несумленных выбараў. А потым, у кастрычніку 2020 г., упісалася за «народны ўльтыматум» наконт усеагульнай забастоўкі ў Беларусі (што было ўжо дарэмна, па-мойму).

Хоць мне за гэта і не плацяць, часам знаёмлюся з палітычнай прапагандай і контрпрапагандай у лукашэнскіх медыя. Нядаўна зрабіў для сябе вывад: ставіўся б да яе лепей, калі б яна была… няхай зласлівай, але насамрэч аўтарскай, «тутэйшай». Гатовы быў бы нават дараваць М-ку, калі б адстаўны КВЗ-дзеяч сам у ліпені 2021 г. прыдумаў пагрозу «прапалоць» тых, хто падпісаўся за вызваленне Валерыі Касцюговай і Таццяны Кузінай. Не-а, не сам… А. Халдзей, 2018 г.: «Пуцін усур’ёз yзяўся за праполку нашых ліберальных грядак». Высветлілася, што гэтая «метафара» – агульнае месца ў расійскіх імперцаў: «праходзім чарговую фазу пабудову пуцінскай дзяржавы, і гэтая фаза звязаная з чарговай праполкай ліберальнай градкі» (А. Праханаў, 24.08.2021).

Iдзем далей. Скандальнае «Пакарай іх Божа, пакарай» пра «здраднікаў Беларусі» ў перадачы А-ка – перапеў опуса «Памажы ім Божа, памажы» Міхаіла Ножкіна, ганаровага сябра «Саюза пісьменнікаў ДНР». Пра трыяду «Духоўнасць. Дзяржаўнасць. Дастатак», пазычаную ардэнаносным прапагандонам у расійскага літаратара Юрыя Палякова, я ўжо згадваў. Праўда, не выключаю, што сваю трыяду Палякоў «вылушчыў» з пяці пунктаў праграмы Леаніда Краўчука на прэзідэнцкіх выбарах ва Украіне-1991, і тады СТВ-шныя замалоты – наогул цень ад цені…

На праімперскіх рэсурсах суседняй дзяржавы Кастусь Каліноўскі (яны звычайна «расшыфроўваюць» яго адпачатнае імя, Вікенцій-Канстанцін, быццам гэта нешта кепскае) трактуецца як польскі мяцежнік або нацыяналіст. Не далей як учора, 01.09.2021, блогер Юрый Ц-x вылез на сайт выдання «адміністрацыі прэзідэнта РБ» з падобнай заявай. Рэдакцыя падтрымала…

  

Мастак «СБ» Алег Карповіч падае ўсё ніжэй

Пакуль што гаварылася пра дылетантаў. Але нават выхадзец з супольнасці гісторыкаў, «дэпутат палаты прадстаўнікоў» РБ Ігар Марзалюк 19.08.2021, незадоўга да гадавіны падпісання пакта Молатава-Рыбентропа, у той жа «СБ» выставіў Польшчы рахункі за тое, што 26.01.1934 яна «першая ў Еўропе падпісала з нацысцкай Германіяй дэкларацыю (пакт) аб ненападзе тэрмінам на 10 гадоў…» Яшчэ адно агульнае месца расійскай прапаганды – адцягнуць увагу ад таемнай сталінска-гітлераўскай дыпламатыі ды раздзелу ІІ Рэчы Паспалітай у 1939 г. Вось і дырэктар службы знешняй разведкі РФ С. Нарышкін (па сумяшчальніцтве – старшыня расійскага гістарычнага таварыства!), следам за квазігісторыкам В. Шведам, апераваў «марзалюкоўскімі» аргументамі… усяго на паўтара года раней за нашага дзівуна, у лютым 2020 г.

Што сказаць пра студзень 1934 г.? Збліжэнне з нацысцкай Германіяй дзеля ўласнай бяспекі не ўпрыгожвала польскі ўрад, але мала хто ў першы год гітлераўскай дыктатуры мог прадбачыць, як яна павернецца для Еўропы і свету. Не было яшчэ ні паглынання Саара ды «Нюрнбергскіх законаў» (1935 г.), ні рэмілітарызацыі Рэйнскага краю (1936 г.), ні аншлюсу Аўстрыі ды «Хрустальнай ночы» (1938 г.)… Усё гэта і многае іншае адбылося к часу падпісання германска-савецкіх пагадненняў 23.08.1939. Карацей, Сталін з Молатавым у 1939–1940 гг. заляцаліся да куды больш замацярэлых бандзюкаў, чым тое рабілі Пілсудскі і яго каманда ў 1933–1934 гг. Прыказку пра сучок і бервяно ў воку я (адрозна ад усяжэрнага «прагрэсіўнага рабіна» Грышы А.) не дужа палюбляю; не з нашай яна спадчыны. Ды ў гэтым выпадку, бадай, не лішнім будзе ўзгадаць яе.

Яшчэ адзін носьбіт прыгожых тытулаў, загадчык аддзела інстытута гісторыі Акадэміі навук РБ Сяргей Траццяк, на манер старэйшага калегі Марзалюка безадказна ахвяруе навуковым падыходам на карысць ідэалогіі. Крыху спрашчу яго думкі з інтэрв’ю В. Гедройцу: БССР 1930-х у складзе сталінскага Савецкага Саюза – белая і пухнатая, «панская Польшча» – філіял пекла на Зямлі… Чытайце самі: «Калі ў БССР была фактычна ліквідавана непісьменнасць, то ў Заходняй Беларусі ў 1931 годзе 43% жыхароў, старэйшых за 10 год, былі непісьменнымі». Нават к 1939 г. у БССР было звыш 20% непісьменных: паводле перапісу, 21,1%. У той жа перыяд непісьменнымі ў Заходняй Беларусі лічыліся блізу 35% жыхароў; не бачу прынцыповай розніцы, пагатове статыстыку па-савецку з яе прыпіскамі трэба правяраць-пераправяраць…

Ды зноў жа, не так фактоіды засмуцілі мяне ў інтэрв’ю, як слоган, узяты на ўзбраенне выпускніком гістарычнага факультэта БДУ: «Хто валодае мінулым, валодае будучым». Чытачы «1984» Джорджа Оруэла адразу ўспомняць, чый гэта слоган і да чаго ў рамане давяло яго ўжыванне. Але Траццяк, хутчэй за ўсё, абапіраецца не на брытанскага антыўтапіста, а на расійскага чыноўніка Уладзіміра Мядзінскага (гл. крэда апошняга тут і тут).

Не, я разумею, што інструменталізацыя мінулага палітыкамі & чыноўнікамі была, ёсць і будзе. Проста заўжды меркаваў, што задача гісторыкаў – працівіцца ёй, мінімізаваць наступствы, ці хаця б яе не апраўдваць… Іначай прафесіяналы, апрача ўвядзення ў зман люду паспалітага, падсякуць сук, на якім сядзяць. Таму што, калі следам за дарадцам Пуціна не верыць у само існаванне аб’ектыўнай карціны свету, калі 2Х2 = столькі, колькі кажа партыя, то навошта ўвогуле гістфакі ды акадэмічны інстытут гісторыі? Хай кожны піша сабе «карціну маслам» з падручных матэрыялаў – міфаў і пад.!

Рэзюмэ: сфера «дзяржідэалогіі РБ» ва ўмовах інанекратыі шмат у чым (верагодна, як ніколі) аблытана імперскім павуціннем, беларусаў падштурхоўваюць да таго, каб глядзелі на сваю гісторыю і палітыку вачыма Пуціна, Лаўрова, Мядзінскага…

Мяркую, і 17 верасня было выбрана сёлета як «дзень народнага адзінства» калі не па загадзе, то з узгадненнем у Маскве. Зазначаў ужо: дата 17.09.1939 нам не чужая, помніць яе трэба, але наступ Чырвонай арміі на Захад, распачаты ў той дзень, кіраваўся не з Мінска, і камандзіраў мала цікавілі беларускія інтарэсы (між іншага, не быў ён і бяскроўным, суправаджаўся тысячамі ахвяр). Пра тое, што здарылася па далучэнні Заходняй Беларусі, казаў у 2019 г. паэт Васіль Жуковіч, раўналетак «вызваленчага паходу»:

Колькі людскіх лёсаў паламала за кароткі час перад вайною савецкая рэпрэсіўная машына! А колькі несправядлівасці, крыўды і гвалту зазналі заходнікі ў пасляваенны час! Дастаткова згадаць прымусовы згон у калгасы, што разбуралі сем’і, сціралі адвечныя звычаі, забіралі ў чалавека свабоду… Але няма ліха без дабра – аб’яднанне Беларусі ўсё ж адбылося. І гэта факт бясспрэчна станоўчы.

В. А. Жуковіч, фота адсюль

Да 1941 г. граніца між усходняй і заходняй часткамі Беларусі, нягледзячы на адміністратыўнае «ўз’яднанне», дэ-факта існавала, проста так цераз яе не пускалі, дый пасля вайны «заходнікі» доўга заставаліся ў СССР грамадзянамі другога гатунку. Сапраўднае адзінства, па-мойму, наогул не дасягаецца пасродкам штыкоў, і нездарма 17 верасня пад канец ХХ ст. – на пачатку ХХІ ст. амаль не святкавалася ў народзе.

У сакавіку 2021 г. я прапаноўваў альтэрнатыўныя даты для «свята народнага адзінства» – тое самае 25 жніўня або 15 сакавіка (дзень, калі ў 1994 г. была прынятая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь). Калі камусьці карціць заглыбіцца ў мінуўшчыну, мог бы прапанаваць 18 снежня – дзень адкрыцця Першага Ўсебеларускага з’езду ў 1917 г. Ну, але што такое з’езд або Вярхоўны Савет Беларусі ў параўнанні з доблеснай Чырвонай арміяй і яе правадыром, тав. Сталіным!..

Вольф Рубінчык, г. Мінск

02.09.2021

w2rubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 02.09.2021  18:08

В. Рубінчык. Сістэма змянілася?

Шалом пасляпейсаховы! Сёння – зноў пра тое, што тут адбываецца… Зірнем таксама, як падзеі прарастаюць скрозь каўтуны… пардон, адлюстроўваюцца ў свядомасці «лідараў думак».

Разумна, па-мойму, напісаў расійскі публіцыст Зміцер Шчарбачоў (22.03.2021):

Паняцце рэвалюцыі, хутчэй метафізічнае, чым сацыяльна-палітычнае, імплікуе не надлом, а карэнны пералом, злом. У цяперашні час на сваім троне застаецца ранейшы суверэн. Яго заявы наконт новых прэзідэнцкіх выбараў акрэслена здзеклівыя. Палітычныя зняволеныя працягваюць знаходзіцца ў турмах (некаторыя – у калоніях і на «хіміі». – В. Р.), вінаватыя ў катаваннях і забойствах пратэстоўцаў не пакараныя, некаторыя з вінаватых атрымалі падвышэнні. Ніякага злому няма.

Ёсць аўтары, якія прызнаЮць, што перамога ў Беларусі (яшчэ) не дасягнутая, але, маўляў, затое надышла Рэвалюцыя Свядомасці – маці ўсіх рэвалюцый. Чаму? Між іншага таму, што ў 2020 г. людзі значна болей пачалі дапамагаць адно аднаму, з’явіліся дваровыя ініцыятывы, і г. д.

Калі я чую пра беларускую рызому, то хапаюся за кошык для грыбоў… Так, багата было цікавых & карысных ініцыятыў, вось толькі ў вызваленне вязняў яны не канвертуюцца, дый нават у з’яўленне новых аўтарытэтных лідараў, якіх «народ» абараняў бы на мясцовасці, а не ў віртуальнай прасторы. Ініцыятыва «Сход» працуе, і на здароўе; з’явіліся ў яе нават старшыня (экс-пасол Ігар Ляшчэня) і сакратар (Юрый Данскоў). Аднак мне яна здаецца «рэччу ў сабе»… і пакуль што для сябе.

Прыпамінаю надпартыйны «Усебеларускі Кангрэс за незалежнасць» (прайшоў 21.12.2014) – яго дэлегаты таксама былі «выбраны грамадзянамі Беларусі наўпрост», прымалі рэзалюцыі, мелі сваю Раду і намер сабраць мільён подпісаў. Пяць год таму яны яшчэ з’язджаліся на сесіі, але дзе цяпер той кангрэс? Яго прадстаўніца Алена Анісім у 2016–2019 гг. пабыла дэпутаткай «парламента», а потым ціхмяна сышла з палітыкі, дарма што двойчы (2015, 2019) голасна заяўляла пра свае прэзідэнцкія амбіцыі.

Карацей, варта шчэ давесці, што «Сход» – гэта не «Кангрэс». Асобныя, нават яркія праекты, на жаль, не сведчаць пра «рэвалюцыю свядомасці», якая вымагае: а) адрознага ад «праўладнага» набору каштоўнасцей; б) узаемадаверу жыхароў Беларусі, без якога нашмат цяжэй тыя каштоўнасці трансляваць.

Што там з даверам? Сумна, але праўда: шматлікія акцыі салідарнасці ў цэлым яго не ўмацавалі. Паводле снежаньскага даследавання, праведзенага нямецкім інстытутам ZОiS сярод жыхароў беларускіх гарадоў з насельніцтвам звыш 20 тыс.:

Толькі 10% беларусаў сталі больш давяраць іншым за апошняе паўгоддзе. Сярод іх нямала тых, хто пацярпеў ад рэпрэсій сілавікоў і адчуў падтрымку іншых. У той жа час 30% рэспандэнтаў адзначылі зніжэнне ўзроўню даверу да іншых людзей. Сярод іх нямала прыхільнікаў цяперашняга рэжыму.

Большасць насельнікаў буйных і сярэдніх гарадоў (каля 53%), выглядае, прагаласавалі ў жніўні 2020 г. за Святлану Ціханоўскую з матывацыяй «абы не за Лукашэнку», ды не гатовыя былі бараніць сваю пазіцыю. Адна з арганізатарак даследавання, прафесарка Гвендалін Засе, звяртае ўвагу на «вялікае нездавальненне існуючым становішчам, якое, аднак, не выкрышталізоўваецца ў адназначную падтрымку пратэстаў або акрэсленыя ўяўленні пра тое, якой павінна быць палітыка ў Беларусі». Усё так, і дзе ж тут месца для «рэвалюцыі»? Глухое нездавальненне трывае ў краіне шмат гадоў, час ад часу выходзячы на паверхню (забурэнні ў снежні 2010 г., мітынгі і маршы недармаедаў у пачатку 2017 года…)

Праф. Г. Засе

Усё-такі беларускі палітолаг Андрэй Казакевіч мяркуе, што зменаў у параўнанні з 2019 г. «мноства». Пра гэта ён паведаміў мне… у каментах да вып. 1 свайго відэаблогу на Youtube-канале «еPramova».

Само ўступленне ў нефармальную дыскусію калегі, старэйшага па навуковым званні (Андрэй даўно абараніў доктарскую дысертацыю), сведчыць пра пэўныя перамены; у ліпені 2020 г., аспрэчваючы яго думкі, на дыялог я не дужа разлічваў. А што перамянілася к вясне 2021 г. паводле самога А. Казакевіча? Яго заўвагі ад 02.04.2021:

  1. Сістэма існуе ў рэжыме «ваеннага становішча» і цалкам змяніла правілы палітычнай гульні. Наперад выходзяць радыкалы з радыкальнымі праграмамі. Бюракраты і «памяркоўныя» адсоўваюцца на перыферыю. Упершыню ў гісторыі на першае месца выходзяць «сілавікі», а не бюракраты.
  2. Упершыню за 20 год існуе рэальна папулярная альтэрнатыва, якая можа выйграць выбары і прыцягвае ўвагу грамадства на ўзроўні ўлады. Папулярнасць недзяржаўных медыя вышэй за дзяржаўныя, і сітуацыя, калі недзяржаўныя значна больш папулярныя (заслугоўваюць даверу) за дзяржаўныя, нетыповая. Такое раней фіксавалася толькі як спарадычны ўсплёск, а не як устойлівы трэнд, які з’явіўся ў жніўні 2020 г. Улада вымушана рэагаваць і праз рэпрэсіі, і праз планаванне рэформаў. Сістэма існаваць так, як існавала да лета 2020 г., ужо ніколі не будзе. Таму і пачынаюцца партыйная рэформа, кадравыя перастаноўкі, гісторыя з канстытуцыяй. Але гэта, натуральна, не значыць, што развіццё пойдзе па дэмакратычным шляху. 
  3. А.Лукашэнка стаў «кульгавай качкай», незалежна ад таго, колькі яшчэ будзе ва ўладзе. І ён сам, і яго атачэнне пастаянна кажуць пра транзіт. Гэта змяніла гарызонты палітычнага планавання.

Ё што запярэчыць. «Ваеннае становішча» ў сучаснай Беларусі, як і «1937 год» з тутбаеўскага інтэрв’ю Паўла Мацукевіча – хутчэй метафары, чым рэальнасць. Калі мець на ўвазе жорсткую цэнтралізаваную ўладу, якая рашае, што з канстытуцыйных норм выконваць, што ігнараваць, то ў РБ яна існуе не з 2020 года. Разам з тым хунты ў класічным выглядзе ў нас дагэтуль няма, каменданцкай гадзіны не прадбачыцца, Беламорканалы з працоўнымі арміямі (пакуль?) адсутнічаюць.

З ваенным становішчам выбарчыя кампаніі, нават імітацыйныя, спалучаюцца кепска; вось жа, у Беларусі-2021 склікаўся «Усебеларускі народны сход», дый у сваім роліку А. Казакевіч разважае пра мясцовыя «выбары»… Згодна з планам, яны маюць адбыцца ў пачатку 2022 г. – значыць, пакуль што «правілы палітычнай гульні» не змяніліся цалкам. Хоць пра гібрыдную, не(да)абвешчаную вайну адміністрацыі з грамадствам гаварыць можна і трэба.

«Альтэрнатыва» мела пэўныя шансы ў жніўні 2020 г., але потым у значнай ступені дыскрэдытавала сябе. Ну, а «давер» недзяржаўным медыя набыў характар, аналагічны галасаванню за Ціханоўскую, – гэта найперш недавер дзяржаўным… Рэальны давер ператвараўся б у вялікія наклады і разбудову эфектыўнай сістэмы распаўсюду, чаго, як адзначалася ў лютым 2021 г., не відаць. «Бясплатная» інфармацыя з сацсетак і тг-каналаў, пры ўсёй павазе да распаўсюднікаў і спажыўцоў, – пераважна фастфуд, які наўрад ці мацуе грамадзянскую супольнасць. Зрэшты, і «сур’ёзныя» недзяржаўныя СМІ нярэдка тлумяць галаву; прыклад – сакавіцкі артыкул «Хто такая Вольга Карач, якая хоча падсядзець Ціханоўскую?» (каму пільна трэба – знойдзе). Рост даверу да такіх выданняў можа не быць знакам пазітыўных зрухаў у масавай свядомасці…

Улада заўжды рэагавала на праблемы, ужываючы пугу і пернікі, а Лукашэнка рэгулярна праводзіў кадравыя ператрахі перастаноўкі. Выходзіць, і тут, параўнальна з «давыбарным» перыядам 2020 г., у ісце мала што змянілася. Уплыў рэжымных «радыкалаў», расцярушаных па міністэрствах і ведамствах, я б не перабольшваў: як і раней, «шэрыя пачынаюць і выйграюць».

Узор «шэрага» ўрадавага паведамлення (26.03.2021) – з канцылярызмамі, жаргонам і паўпраўдай. Пра COVID-19 у санаторыях РБ гл. артыкул 2020 г.

Думаю, неўзабаве нас чакае традыцыйны торг з Захадам вакол вызвалення палітвязняў і зняцця санкцый.

Пра транзіт у апошні год сапраўды гамоняць часцей, ды зноўку, ніц радыкальна новага. Я-та пачаў узважваць кандыдатуры магчымых пераемнікаў у сакавіку 2019 г., але ж і апалагеты рэжыму нашмат раней за 2020-ы прасоўвалі тэзіс аб тым, што палітык Лукашэнка – не вечны. Так, Аляксей Дз-т жаваў тэмку яшчэ ў жніўні 2016 г.

«Кульгавай качкай» першы прэзідэнт РБ зрабіўся пасля вышэйзгаданых «недармаедскіх» пратэстаў 2017 г., а мо і раней (дапусцім, пасля скандальнай дэвальвацыі 2011 г., якая моцна лупянула па кішэнях «люду паспалітага»). Што не адмяняе трываласці выбудаванай за чвэрць стагоддзя сістэмы… «Стратэгічна рэжым даўно ўжо едзе з кірмашу”, але ён трымаецца дзякуючы інэрцыі ды праз разрозненасць сваіх апанентаў (цяжка сказаць, які фактар важыцьболей)», – маё назіранне ў чэрвені 2020 г. У ліпені ўдакладніў: «сістэма здольная захавацца, нават ахвяраваўшы некалькімі сваімі ключавымі фігурамі (пасля 9 жніўня напэўна, адбудзецца “разбор палётаў”, пакаранне невінаватых і ўзнагароджанне недатычных”)». Па-мойму, так і сталася: у першыя тыдні сышлі сакратар савета дзяржбяспекі, старшыня КДБ, генпракурор, міністр аховы здароўя… а гібрыдны аўтарытарызм астаўся. Этас яго хутчэй пірацка-мафіёзны, чым ваенны.

Папусціцеся – паглядзіце нешматслоўны мульцік пра піратаў…

Не выключаю, што ў нейкіх істотных аспектах дзяржсістэма такі змянілася параўнальна з 2019 г., але, каб ведаць дакладна, трэба правесці комплекснае даследаванне, а як яго правядзеш, не будучы інсайдэрам?.. Ні «партыйная рэформа», ні праца над новай Канстытуцыяй не сведчаць пра глыбінныя змены, а выглядаюць пакуль што як звычайная бюракратычная валтузня + спроба пусціць пыл у вочы «замежным партнёрам»… i, у другую чаргу, наіўным суграмадзянам (іх яшчэ гарою).

* * *

Чарговы «іспанскі сорам»: гутарка з доктарам палітнавук Уладзімірам Мельнікам, у брэжнеўскі час – лектарам райкама партыі. У 1990-х я дзівіўся з кандовых тэкстаў выкладчыка Акадэміі міліцыі… A як вам заявачка ў «прэзідэнцкай» газеце ад «найбольш кампетэнтнага суразмоўцы» (sb.by, 31.03.2021): «бчб-сцяг ніколі не з’яўляўся сімвалам рэальнай беларускай дзяржавы».

Добры дзядуля з «Кнігі Народнай Славы»… Фота адсюль

Няхай дохтур не палюбляе БНР – так, уплывовасць гэтага дзяржутварэння можна аспрэчваць – але як наконт Рэспублікі Беларусь 1991–1995 гг.? Забаўна, што Мельнік і аўтар інтэрв’ю Осіпаў «падстаўляюць» свайго вярхоўнага боса: невялікі быў бы гонар служыць дэпутатам і выбірацца першым прэзідэнтам «нерэальнай» беларускай дзяржавы 🙂

Мінск, цырымонія прывядзення да прысягі, 20.07.1994

Названы сцяг «ад самага пачатку стаў сімвалам калабарацыянізму»? Цікава, канешне, каму прыслугоўвалі суполкі вайскоўцаў-беларусаў і арганізатары Першага Ўсебеларускага з’езду, якія карысталіся адпаведнымі колерамі ў 1917 годзе…

А вось і прыклады «чытання дупай»: Першай устаўнай граматай 21.02.1918 быццам бы «абвяшчалася БНР» (як лёгка бачыць, не гаварылася там пра рэспубліку; прахвесар хіба паблытаў Першую грамату з Другой, прынятай 09.03.1918); ССРБ, абвешчаная 01.01.1919 на злосць БНР i задуманая бальшавікамі як «буфер» паміж Расіяй і Польшчай, нібыта была ўтворана як суверэнная дзяржава (харош суверэнітэт на штыках Чырвонай Арміі – гл. «Маніхвэст»; да таго ж праз колькі тыдняў савецкую Беларусь на ініцыятыву бальшавіцкага ЦК у Маскве фармальна злучылі з савецкай Літвой…) І г. д.

Рэзюмэ трывіяльнае: не кожны, хто лічыць сябе «аналітыкам і палітолагам», ім з’яўляецца. Паставіў бы смайлік, аднак ад лухты а-ля Мельнік неяк ужо не смешна. Праз гэткіх «экспертаў» людзі зазнаюць канфіскацыі, плацяць штрафы, а цяпер і рызыкуюць надоўга прысесці па абвінавачваннях у экстрэмізме.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

04.04.2021

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 04.04.2021  23:26