Tag Archives: Беларусь и Китай

В. Рубінчык. Народнае адзінства?

З новым годам! Навучальным перадусім, але і з Рош а-Шаной таксама. Надыходзіць год 5782-і ўвечары 6 верасня, ды нешта не ўпэўнены я, што ў бліжэйшыя паўмесяца захочацца выходзіць у сеціва. Таму віншую зараней (або заранёў, як на захадзе Беларусі добрыя людзі кажуць).

Была на мінулым тыдні харошая дата – 25.08.2021, 30 год як Вярхоўны Савет надаў дэкларацыі аб суверэнітэце БССР 1990 г. статус канстытуцыйнага закона. Тое быў важны сімвалічны крок (у палітыцы амаль усе сімвалічныя крокі важныя), ды не сказаў бы я, што 26 жніўня 1991 г. прачнуўся ў незалежнай дзяржаве. Прыпамінаю, дый бачу з дакументаў, што ўсю восень доўжыўся пераходны перыяд, і толькі пасля роспуску СССР у снежні 1991 г. шлюпка «Рэспубліка Беларусь» адплыла ад… «Тытаніка» «Адмірала Нахімава» хай будзе «вялікага карабля».

У маі 2016 г. пісаў пра чвэрць стагоддзя беларускай дзяржаўнасці: «Хоць яна ладна-такі аб’едзена рознымі жучкамі, у нас ёсць свае межы, законы, пашпарты, валюта…» Ды перасцярагаў: «Вядома, уласная валюта, мытня і г. д. не гарантуюць, што не існуе пагрозы для нашай дзяржаўнасці». Ці многае падставова змянілася за «пяцігодку»? З аднаго боку, частка народу адчула смак да супраціву і пачала самаарганізоўвацца. Развой «новай апазіцыі» (з 2017 г.) не маглі не заўважыць вонкавыя назіральнікі; дарма што многія яе лідары кінуты за краты або выціснуты за краіны, «зубы» ў незалежнікаў засталіся, і простая анексія (часткі) краіны, каторай пужалі ў 2018 г., а) проста не мела права адбыцца; б) у бліжэйшы час малаверагодная.

Разам з тым у культурна-каштоўнасным плане краіна – а, значыць, і дзяржава – хутчэй аслабла, чым наадварот. Ад візітоўкі Беларусі, Купалаўскага тэатра ў цэнтры Мінска, засталася абалонка, як і ад многіх іншых тэатраў; непапраўная шкода нанесена ў 2020–2021 гг. дзясяткам, калі не сотням, грамадскіх устаноў, у т. л. і культурніцкіх. Неяк суцяшае тое, што за апошні год развіліся (адносна) новыя формы грамадскага бытавання, т. зв. культура супраціву. Аднак, у адрозненне ад 2000-х гадоў, ідэолагі & cілавікі рэагуюць на яе больш узгоднена і жорстка, што давёў прыклад «Плошчы Перамен».

Не ўнушае аптымізму дэградацыя «прыўладнай эліты». Пра недапісьменнасць і разбэрсанасць апошняй згадваў не раз, ды тое паўбяды, гэтыя заганы ў прынцыпе можна было б выправіць – не цяпер, то ў чацвер… Але праяўляецца ўсё болей сведчанняў таго, што тутэйшая «элітка» – на кручку ў расійскіх ды кітайскіх «таварышоў». Расійцы ставяць тут перш за ўсё палітычныя эксперыменты, кітайцы – сацыяльна-эканамічныя, і сарвацца з іхніх кручкоў можа быць вельмі а вельмі балюча.

«Акенцы ў Кітай» – задумка ў прынцыпе неблагая, калі б вялося пра розныя бакі жыцця Паднябеснай (Лю Сяабо ды цкаваных уйгураў няможна забыць…), а не толькі пра рэкламу яе прыродных багаццяў і тэхналагічных дасягненняў. У менш сяброўскіх краінах, калі верыць «СБ», спрэс ураганы, землятрусы, выбухі…

Дзве нататкі на «галоўным беларускім рэсурсе» пра пяюху ротам з суседняй краіны за адзін дзень – двайная ганьба. І сігнал тутэйшым поп-лаялісткам кшталту Юліі Быкавай, Алёны Ланской, etc., пра тое, як іх насамрэч «цэніць» адміністрацыя. Дзіва што іх каляжанка па шоў-бізу Ларыса Грыбалёва цярпела-цярпела, дый выказала год таму сваё «фэ» – выступіла супраць апантанага гвалту і несумленных выбараў. А потым, у кастрычніку 2020 г., упісалася за «народны ўльтыматум» наконт усеагульнай забастоўкі ў Беларусі (што было ўжо дарэмна, па-мойму).

Хоць мне за гэта і не плацяць, часам знаёмлюся з палітычнай прапагандай і контрпрапагандай у лукашэнскіх медыя. Нядаўна зрабіў для сябе вывад: ставіўся б да яе лепей, калі б яна была… няхай зласлівай, але насамрэч аўтарскай, «тутэйшай». Гатовы быў бы нават дараваць М-ку, калі б адстаўны КВЗ-дзеяч сам у ліпені 2021 г. прыдумаў пагрозу «прапалоць» тых, хто падпісаўся за вызваленне Валерыі Касцюговай і Таццяны Кузінай. Не-а, не сам… А. Халдзей, 2018 г.: «Пуцін усур’ёз yзяўся за праполку нашых ліберальных грядак». Высветлілася, што гэтая «метафара» – агульнае месца ў расійскіх імперцаў: «праходзім чарговую фазу пабудову пуцінскай дзяржавы, і гэтая фаза звязаная з чарговай праполкай ліберальнай градкі» (А. Праханаў, 24.08.2021).

Iдзем далей. Скандальнае «Пакарай іх Божа, пакарай» пра «здраднікаў Беларусі» ў перадачы А-ка – перапеў опуса «Памажы ім Божа, памажы» Міхаіла Ножкіна, ганаровага сябра «Саюза пісьменнікаў ДНР». Пра трыяду «Духоўнасць. Дзяржаўнасць. Дастатак», пазычаную ардэнаносным прапагандонам у расійскага літаратара Юрыя Палякова, я ўжо згадваў. Праўда, не выключаю, што сваю трыяду Палякоў «вылушчыў» з пяці пунктаў праграмы Леаніда Краўчука на прэзідэнцкіх выбарах ва Украіне-1991, і тады СТВ-шныя замалоты – наогул цень ад цені…

На праімперскіх рэсурсах суседняй дзяржавы Кастусь Каліноўскі (яны звычайна «расшыфроўваюць» яго адпачатнае імя, Вікенцій-Канстанцін, быццам гэта нешта кепскае) трактуецца як польскі мяцежнік або нацыяналіст. Не далей як учора, 01.09.2021, блогер Юрый Ц-x вылез на сайт выдання «адміністрацыі прэзідэнта РБ» з падобнай заявай. Рэдакцыя падтрымала…

  

Мастак «СБ» Алег Карповіч падае ўсё ніжэй

Пакуль што гаварылася пра дылетантаў. Але нават выхадзец з супольнасці гісторыкаў, «дэпутат палаты прадстаўнікоў» РБ Ігар Марзалюк 19.08.2021, незадоўга да гадавіны падпісання пакта Молатава-Рыбентропа, у той жа «СБ» выставіў Польшчы рахункі за тое, што 26.01.1934 яна «першая ў Еўропе падпісала з нацысцкай Германіяй дэкларацыю (пакт) аб ненападзе тэрмінам на 10 гадоў…» Яшчэ адно агульнае месца расійскай прапаганды – адцягнуць увагу ад таемнай сталінска-гітлераўскай дыпламатыі ды раздзелу ІІ Рэчы Паспалітай у 1939 г. Вось і дырэктар службы знешняй разведкі РФ С. Нарышкін (па сумяшчальніцтве – старшыня расійскага гістарычнага таварыства!), следам за квазігісторыкам В. Шведам, апераваў «марзалюкоўскімі» аргументамі… усяго на паўтара года раней за нашага дзівуна, у лютым 2020 г.

Што сказаць пра студзень 1934 г.? Збліжэнне з нацысцкай Германіяй дзеля ўласнай бяспекі не ўпрыгожвала польскі ўрад, але мала хто ў першы год гітлераўскай дыктатуры мог прадбачыць, як яна павернецца для Еўропы і свету. Не было яшчэ ні паглынання Саара ды «Нюрнбергскіх законаў» (1935 г.), ні рэмілітарызацыі Рэйнскага краю (1936 г.), ні аншлюсу Аўстрыі ды «Хрустальнай ночы» (1938 г.)… Усё гэта і многае іншае адбылося к часу падпісання германска-савецкіх пагадненняў 23.08.1939. Карацей, Сталін з Молатавым у 1939–1940 гг. заляцаліся да куды больш замацярэлых бандзюкаў, чым тое рабілі Пілсудскі і яго каманда ў 1933–1934 гг. Прыказку пра сучок і бервяно ў воку я (адрозна ад усяжэрнага «прагрэсіўнага рабіна» Грышы А.) не дужа палюбляю; не з нашай яна спадчыны. Ды ў гэтым выпадку, бадай, не лішнім будзе ўзгадаць яе.

Яшчэ адзін носьбіт прыгожых тытулаў, загадчык аддзела інстытута гісторыі Акадэміі навук РБ Сяргей Траццяк, на манер старэйшага калегі Марзалюка безадказна ахвяруе навуковым падыходам на карысць ідэалогіі. Крыху спрашчу яго думкі з інтэрв’ю В. Гедройцу: БССР 1930-х у складзе сталінскага Савецкага Саюза – белая і пухнатая, «панская Польшча» – філіял пекла на Зямлі… Чытайце самі: «Калі ў БССР была фактычна ліквідавана непісьменнасць, то ў Заходняй Беларусі ў 1931 годзе 43% жыхароў, старэйшых за 10 год, былі непісьменнымі». Нават к 1939 г. у БССР было звыш 20% непісьменных: паводле перапісу, 21,1%. У той жа перыяд непісьменнымі ў Заходняй Беларусі лічыліся блізу 35% жыхароў; не бачу прынцыповай розніцы, пагатове статыстыку па-савецку з яе прыпіскамі трэба правяраць-пераправяраць…

Ды зноў жа, не так фактоіды засмуцілі мяне ў інтэрв’ю, як слоган, узяты на ўзбраенне выпускніком гістарычнага факультэта БДУ: «Хто валодае мінулым, валодае будучым». Чытачы «1984» Джорджа Оруэла адразу ўспомняць, чый гэта слоган і да чаго ў рамане давяло яго ўжыванне. Але Траццяк, хутчэй за ўсё, абапіраецца не на брытанскага антыўтапіста, а на расійскага чыноўніка Уладзіміра Мядзінскага (гл. крэда апошняга тут і тут).

Не, я разумею, што інструменталізацыя мінулага палітыкамі & чыноўнікамі была, ёсць і будзе. Проста заўжды меркаваў, што задача гісторыкаў – працівіцца ёй, мінімізаваць наступствы, ці хаця б яе не апраўдваць… Іначай прафесіяналы, апрача ўвядзення ў зман люду паспалітага, падсякуць сук, на якім сядзяць. Таму што, калі следам за дарадцам Пуціна не верыць у само існаванне аб’ектыўнай карціны свету, калі 2Х2 = столькі, колькі кажа партыя, то навошта ўвогуле гістфакі ды акадэмічны інстытут гісторыі? Хай кожны піша сабе «карціну маслам» з падручных матэрыялаў – міфаў і пад.!

Рэзюмэ: сфера «дзяржідэалогіі РБ» ва ўмовах інанекратыі шмат у чым (верагодна, як ніколі) аблытана імперскім павуціннем, беларусаў падштурхоўваюць да таго, каб глядзелі на сваю гісторыю і палітыку вачыма Пуціна, Лаўрова, Мядзінскага…

Мяркую, і 17 верасня было выбрана сёлета як «дзень народнага адзінства» калі не па загадзе, то з узгадненнем у Маскве. Зазначаў ужо: дата 17.09.1939 нам не чужая, помніць яе трэба, але наступ Чырвонай арміі на Захад, распачаты ў той дзень, кіраваўся не з Мінска, і камандзіраў мала цікавілі беларускія інтарэсы (між іншага, не быў ён і бяскроўным, суправаджаўся тысячамі ахвяр). Пра тое, што здарылася па далучэнні Заходняй Беларусі, казаў у 2019 г. паэт Васіль Жуковіч, раўналетак «вызваленчага паходу»:

Колькі людскіх лёсаў паламала за кароткі час перад вайною савецкая рэпрэсіўная машына! А колькі несправядлівасці, крыўды і гвалту зазналі заходнікі ў пасляваенны час! Дастаткова згадаць прымусовы згон у калгасы, што разбуралі сем’і, сціралі адвечныя звычаі, забіралі ў чалавека свабоду… Але няма ліха без дабра – аб’яднанне Беларусі ўсё ж адбылося. І гэта факт бясспрэчна станоўчы.

В. А. Жуковіч, фота адсюль

Да 1941 г. граніца між усходняй і заходняй часткамі Беларусі, нягледзячы на адміністратыўнае «ўз’яднанне», дэ-факта існавала, проста так цераз яе не пускалі, дый пасля вайны «заходнікі» доўга заставаліся ў СССР грамадзянамі другога гатунку. Сапраўднае адзінства, па-мойму, наогул не дасягаецца пасродкам штыкоў, і нездарма 17 верасня пад канец ХХ ст. – на пачатку ХХІ ст. амаль не святкавалася ў народзе.

У сакавіку 2021 г. я прапаноўваў альтэрнатыўныя даты для «свята народнага адзінства» – тое самае 25 жніўня або 15 сакавіка (дзень, калі ў 1994 г. была прынятая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь). Калі камусьці карціць заглыбіцца ў мінуўшчыну, мог бы прапанаваць 18 снежня – дзень адкрыцця Першага Ўсебеларускага з’езду ў 1917 г. Ну, але што такое з’езд або Вярхоўны Савет Беларусі ў параўнанні з доблеснай Чырвонай арміяй і яе правадыром, тав. Сталіным!..

Вольф Рубінчык, г. Мінск

02.09.2021

w2rubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 02.09.2021  18:08