Шалом пасляпейсаховы! Сёння – зноў пра тое, што тут адбываецца… Зірнем таксама, як падзеі прарастаюць скрозь каўтуны… пардон, адлюстроўваюцца ў свядомасці «лідараў думак».
Разумна, па-мойму, напісаў расійскі публіцыст Зміцер Шчарбачоў (22.03.2021):
Паняцце рэвалюцыі, хутчэй метафізічнае, чым сацыяльна-палітычнае, імплікуе не надлом, а карэнны пералом, злом. У цяперашні час на сваім троне застаецца ранейшы суверэн. Яго заявы наконт новых прэзідэнцкіх выбараў акрэслена здзеклівыя. Палітычныя зняволеныя працягваюць знаходзіцца ў турмах (некаторыя – у калоніях і на «хіміі». – В. Р.), вінаватыя ў катаваннях і забойствах пратэстоўцаў не пакараныя, некаторыя з вінаватых атрымалі падвышэнні. Ніякага злому няма.
Ёсць аўтары, якія прызнаЮць, што перамога ў Беларусі (яшчэ) не дасягнутая, але, маўляў, затое надышла Рэвалюцыя Свядомасці – маці ўсіх рэвалюцый. Чаму? Між іншага таму, што ў 2020 г. людзі значна болей пачалі дапамагаць адно аднаму, з’явіліся дваровыя ініцыятывы, і г. д.
Калі я чую пра беларускую рызому, то хапаюся за кошык для грыбоў… Так, багата было цікавых & карысных ініцыятыў, вось толькі ў вызваленне вязняў яны не канвертуюцца, дый нават у з’яўленне новых аўтарытэтных лідараў, якіх «народ» абараняў бы на мясцовасці, а не ў віртуальнай прасторы. Ініцыятыва «Сход» працуе, і на здароўе; з’явіліся ў яе нават старшыня (экс-пасол Ігар Ляшчэня) і сакратар (Юрый Данскоў). Аднак мне яна здаецца «рэччу ў сабе»… і пакуль што для сябе.
Прыпамінаю надпартыйны «Усебеларускі Кангрэс за незалежнасць» (прайшоў 21.12.2014) – яго дэлегаты таксама былі «выбраны грамадзянамі Беларусі наўпрост», прымалі рэзалюцыі, мелі сваю Раду і намер сабраць мільён подпісаў. Пяць год таму яны яшчэ з’язджаліся на сесіі, але дзе цяпер той кангрэс? Яго прадстаўніца Алена Анісім у 2016–2019 гг. пабыла дэпутаткай «парламента», а потым ціхмяна сышла з палітыкі, дарма што двойчы (2015, 2019) голасна заяўляла пра свае прэзідэнцкія амбіцыі.
Карацей, варта шчэ давесці, што «Сход» – гэта не «Кангрэс». Асобныя, нават яркія праекты, на жаль, не сведчаць пра «рэвалюцыю свядомасці», якая вымагае: а) адрознага ад «праўладнага» набору каштоўнасцей; б) узаемадаверу жыхароў Беларусі, без якога нашмат цяжэй тыя каштоўнасці трансляваць.
Што там з даверам? Сумна, але праўда: шматлікія акцыі салідарнасці ў цэлым яго не ўмацавалі. Паводле снежаньскага даследавання, праведзенага нямецкім інстытутам ZОiS сярод жыхароў беларускіх гарадоў з насельніцтвам звыш 20 тыс.:
Толькі 10% беларусаў сталі больш давяраць іншым за апошняе паўгоддзе. Сярод іх нямала тых, хто пацярпеў ад рэпрэсій сілавікоў і адчуў падтрымку іншых. У той жа час 30% рэспандэнтаў адзначылі зніжэнне ўзроўню даверу да іншых людзей. Сярод іх нямала прыхільнікаў цяперашняга рэжыму.
Большасць насельнікаў буйных і сярэдніх гарадоў (каля 53%), выглядае, прагаласавалі ў жніўні 2020 г. за Святлану Ціханоўскую з матывацыяй «абы не за Лукашэнку», ды не гатовыя былі бараніць сваю пазіцыю. Адна з арганізатарак даследавання, прафесарка Гвендалін Засе, звяртае ўвагу на «вялікае нездавальненне існуючым становішчам, якое, аднак, не выкрышталізоўваецца ў адназначную падтрымку пратэстаў або акрэсленыя ўяўленні пра тое, якой павінна быць палітыка ў Беларусі». Усё так, і дзе ж тут месца для «рэвалюцыі»? Глухое нездавальненне трывае ў краіне шмат гадоў, час ад часу выходзячы на паверхню (забурэнні ў снежні 2010 г., мітынгі і маршы недармаедаў у пачатку 2017 года…)
Праф. Г. Засе
Усё-такі беларускі палітолаг Андрэй Казакевіч мяркуе, што зменаў у параўнанні з 2019 г. «мноства». Пра гэта ён паведаміў мне… у каментах да вып. 1 свайго відэаблогу на Youtube-канале «еPramova».
https://www.youtube.com/watch?v=5uJlbYr41Zg
Само ўступленне ў нефармальную дыскусію калегі, старэйшага па навуковым званні (Андрэй даўно абараніў доктарскую дысертацыю), сведчыць пра пэўныя перамены; у ліпені 2020 г., аспрэчваючы яго думкі, на дыялог я не дужа разлічваў. А што перамянілася к вясне 2021 г. паводле самога А. Казакевіча? Яго заўвагі ад 02.04.2021:
- Сістэма існуе ў рэжыме «ваеннага становішча» і цалкам змяніла правілы палітычнай гульні. Наперад выходзяць радыкалы з радыкальнымі праграмамі. Бюракраты і «памяркоўныя» адсоўваюцца на перыферыю. Упершыню ў гісторыі на першае месца выходзяць «сілавікі», а не бюракраты.
- Упершыню за 20 год існуе рэальна папулярная альтэрнатыва, якая можа выйграць выбары і прыцягвае ўвагу грамадства на ўзроўні ўлады. Папулярнасць недзяржаўных медыя вышэй за дзяржаўныя, і сітуацыя, калі недзяржаўныя значна больш папулярныя (заслугоўваюць даверу) за дзяржаўныя, нетыповая. Такое раней фіксавалася толькі як спарадычны ўсплёск, а не як устойлівы трэнд, які з’явіўся ў жніўні 2020 г. Улада вымушана рэагаваць і праз рэпрэсіі, і праз планаванне рэформаў. Сістэма існаваць так, як існавала да лета 2020 г., ужо ніколі не будзе. Таму і пачынаюцца партыйная рэформа, кадравыя перастаноўкі, гісторыя з канстытуцыяй. Але гэта, натуральна, не значыць, што развіццё пойдзе па дэмакратычным шляху.
- А.Лукашэнка стаў «кульгавай качкай», незалежна ад таго, колькі яшчэ будзе ва ўладзе. І ён сам, і яго атачэнне пастаянна кажуць пра транзіт. Гэта змяніла гарызонты палітычнага планавання.
Ё што запярэчыць. «Ваеннае становішча» ў сучаснай Беларусі, як і «1937 год» з тутбаеўскага інтэрв’ю Паўла Мацукевіча – хутчэй метафары, чым рэальнасць. Калі мець на ўвазе жорсткую цэнтралізаваную ўладу, якая рашае, што з канстытуцыйных норм выконваць, што ігнараваць, то ў РБ яна існуе не з 2020 года. Разам з тым хунты ў класічным выглядзе ў нас дагэтуль няма, каменданцкай гадзіны не прадбачыцца, Беламорканалы з працоўнымі арміямі (пакуль?) адсутнічаюць.
З ваенным становішчам выбарчыя кампаніі, нават імітацыйныя, спалучаюцца кепска; вось жа, у Беларусі-2021 склікаўся «Усебеларускі народны сход», дый у сваім роліку А. Казакевіч разважае пра мясцовыя «выбары»… Згодна з планам, яны маюць адбыцца ў пачатку 2022 г. – значыць, пакуль што «правілы палітычнай гульні» не змяніліся цалкам. Хоць пра гібрыдную, не(да)абвешчаную вайну адміністрацыі з грамадствам гаварыць можна і трэба.
«Альтэрнатыва» мела пэўныя шансы ў жніўні 2020 г., але потым у значнай ступені дыскрэдытавала сябе. Ну, а «давер» недзяржаўным медыя набыў характар, аналагічны галасаванню за Ціханоўскую, – гэта найперш недавер дзяржаўным… Рэальны давер ператвараўся б у вялікія наклады і разбудову эфектыўнай сістэмы распаўсюду, чаго, як адзначалася ў лютым 2021 г., не відаць. «Бясплатная» інфармацыя з сацсетак і тг-каналаў, пры ўсёй павазе да распаўсюднікаў і спажыўцоў, – пераважна фастфуд, які наўрад ці мацуе грамадзянскую супольнасць. Зрэшты, і «сур’ёзныя» недзяржаўныя СМІ нярэдка тлумяць галаву; прыклад – сакавіцкі артыкул «Хто такая Вольга Карач, якая хоча падсядзець Ціханоўскую?» (каму пільна трэба – знойдзе). Рост даверу да такіх выданняў можа не быць знакам пазітыўных зрухаў у масавай свядомасці…
Улада заўжды рэагавала на праблемы, ужываючы пугу і пернікі, а Лукашэнка рэгулярна праводзіў кадравыя ператрахі перастаноўкі. Выходзіць, і тут, параўнальна з «давыбарным» перыядам 2020 г., у ісце мала што змянілася. Уплыў рэжымных «радыкалаў», расцярушаных па міністэрствах і ведамствах, я б не перабольшваў: як і раней, «шэрыя пачынаюць і выйграюць».
Узор «шэрага» ўрадавага паведамлення (26.03.2021) – з канцылярызмамі, жаргонам і паўпраўдай. Пра COVID-19 у санаторыях РБ гл. артыкул 2020 г.
Думаю, неўзабаве нас чакае традыцыйны торг з Захадам вакол вызвалення палітвязняў і зняцця санкцый.
Пра транзіт у апошні год сапраўды гамоняць часцей, ды зноўку, ніц радыкальна новага. Я-та пачаў узважваць кандыдатуры магчымых пераемнікаў у сакавіку 2019 г., але ж і апалагеты рэжыму нашмат раней за 2020-ы прасоўвалі тэзіс аб тым, што палітык Лукашэнка – не вечны. Так, Аляксей Дз-т жаваў тэмку яшчэ ў жніўні 2016 г.
«Кульгавай качкай» першы прэзідэнт РБ зрабіўся пасля вышэйзгаданых «недармаедскіх» пратэстаў 2017 г., а мо і раней (дапусцім, пасля скандальнай дэвальвацыі 2011 г., якая моцна лупянула па кішэнях «люду паспалітага»). Што не адмяняе трываласці выбудаванай за чвэрць стагоддзя сістэмы… «Стратэгічна рэжым даўно ўжо “едзе з кірмашу”, але ён трымаецца дзякуючы інэрцыі ды праз разрозненасць сваіх апанентаў (цяжка сказаць, які фактар “важыць” болей)», – маё назіранне ў чэрвені 2020 г. У ліпені ўдакладніў: «сістэма здольная захавацца, нават ахвяраваўшы некалькімі сваімі ключавымі фігурамі (пасля 9 жніўня напэўна, адбудзецца “разбор палётаў”, “пакаранне невінаватых і ўзнагароджанне недатычных”)». Па-мойму, так і сталася: у першыя тыдні сышлі сакратар савета дзяржбяспекі, старшыня КДБ, генпракурор, міністр аховы здароўя… а гібрыдны аўтарытарызм астаўся. Этас яго хутчэй пірацка-мафіёзны, чым ваенны.
Папусціцеся – паглядзіце нешматслоўны мульцік пра піратаў…
Не выключаю, што ў нейкіх істотных аспектах дзяржсістэма такі змянілася параўнальна з 2019 г., але, каб ведаць дакладна, трэба правесці комплекснае даследаванне, а як яго правядзеш, не будучы інсайдэрам?.. Ні «партыйная рэформа», ні праца над новай Канстытуцыяй не сведчаць пра глыбінныя змены, а выглядаюць пакуль што як звычайная бюракратычная валтузня + спроба пусціць пыл у вочы «замежным партнёрам»… i, у другую чаргу, наіўным суграмадзянам (іх яшчэ гарою).
* * *
Чарговы «іспанскі сорам»: гутарка з доктарам палітнавук Уладзімірам Мельнікам, у брэжнеўскі час – лектарам райкама партыі. У 1990-х я дзівіўся з кандовых тэкстаў выкладчыка Акадэміі міліцыі… A як вам заявачка ў «прэзідэнцкай» газеце ад «найбольш кампетэнтнага суразмоўцы» (sb.by, 31.03.2021): «бчб-сцяг ніколі не з’яўляўся сімвалам рэальнай беларускай дзяржавы».
Добры дзядуля з «Кнігі Народнай Славы»… Фота адсюль
Няхай дохтур не палюбляе БНР – так, уплывовасць гэтага дзяржутварэння можна аспрэчваць – але як наконт Рэспублікі Беларусь 1991–1995 гг.? Забаўна, што Мельнік і аўтар інтэрв’ю Осіпаў «падстаўляюць» свайго вярхоўнага боса: невялікі быў бы гонар служыць дэпутатам і выбірацца першым прэзідэнтам «нерэальнай» беларускай дзяржавы 🙂
Мінск, цырымонія прывядзення да прысягі, 20.07.1994
Названы сцяг «ад самага пачатку стаў сімвалам калабарацыянізму»? Цікава, канешне, каму прыслугоўвалі суполкі вайскоўцаў-беларусаў і арганізатары Першага Ўсебеларускага з’езду, якія карысталіся адпаведнымі колерамі ў 1917 годзе…
А вось і прыклады «чытання дупай»: Першай устаўнай граматай 21.02.1918 быццам бы «абвяшчалася БНР» (як лёгка бачыць, не гаварылася там пра рэспубліку; прахвесар хіба паблытаў Першую грамату з Другой, прынятай 09.03.1918); ССРБ, абвешчаная 01.01.1919 на злосць БНР i задуманая бальшавікамі як «буфер» паміж Расіяй і Польшчай, нібыта была ўтворана як суверэнная дзяржава (харош суверэнітэт на штыках Чырвонай Арміі – гл. «Маніхвэст»; да таго ж праз колькі тыдняў савецкую Беларусь на ініцыятыву бальшавіцкага ЦК у Маскве фармальна злучылі з савецкай Літвой…) І г. д.
Рэзюмэ трывіяльнае: не кожны, хто лічыць сябе «аналітыкам і палітолагам», ім з’яўляецца. Паставіў бы смайлік, аднак ад лухты а-ля Мельнік неяк ужо не смешна. Праз гэткіх «экспертаў» людзі зазнаюць канфіскацыі, плацяць штрафы, а цяпер і рызыкуюць надоўга прысесці па абвінавачваннях у экстрэмізме.
Вольф Рубінчык, г. Мінск
04.04.2021
wrubinchyk[at]gmail.com
Апублiкавана 04.04.2021 23:26