В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (14)

Сёлета новай беларускай дзяржаўнасці – 25 гадоў. Хоць яна ладна-такі аб’едзена рознымі жучкамі, у нас ёсць свае межы, законы, пашпарты, валюта… «Абразанне» чатырох нулёў, намечанае ў РБ на 1 ліпеня 2016 г. (багата дзе ў крамах цэны прыведзены ўжо ў двух варыянтах), гаворыць пра тое, што «адзіная з Расіяй валюта», пра якую столькі трындзелі з 1994 г., у бліжэйшы час дакладна ўводзіцца не будзе.

Памыляюцца тыя, хто бачыць у дэнамінацыі 2016 г. выключна тэхнічны акт, бяскрыўдны для «люду паспалітага». Можна прагназаваць, што кошты будуць «акругляцца» ў бок павелічэння. Цікавы фрагмент нядаўна знайшоў у кнізе экс-чэмпіёна свету па шахматах Анатоля Карпава «Сястра мая Каіса», дзе ён распавядае пра рынак роднага Златавуста (Расія) пасля хрушчоўскай грашовай рэформы:

Колькі я сябе помніў, шклянка суніц або пучок кісліцы заўсёды каштавалі рубель. Калі ў 1961 годзе памянялі грошы ў суадносінах 10:1, тыя ж суніцы і кісліца ні дня не каштавалі грыўню. 15–20 капеек, дый тое з неахвотай, а ўжо ў наступнае лета пра цану, ніжэйшую за 30 капеек, нават і размаўляць не жадалі.

Вядома, уласная валюта, мытня і г. д. не гарантуюць, што не існуе пагрозы для нашай дзяржаўнасці. Пра гэтую пагрозу таксама шмат гукалі на пачатку 2000-х (асабліва пасля пуцінскай заявы наконт «мух і катлет» не, нашага серыялу тады яшчэ не было, крамлёўскі начальнік меў на ўвазе, што беларусам трэба вызначыцца і, магчыма, увайсці ў склад РФ «шасцю губернямі»). Але ў 2016 г. рэжым Лукашэнкі выглядае куды менш умацаваным, чым 15 гадоў таму. І калі на яго «наедуць» з Усходу, можа пацягнуць за сабой у бездань усю краіну.

Надта многа апошнім часам сустракаецца трывожных фактаў. Кожны з іх паасобку мо’ і не заслугоўваў бы ўвагі, але ўзятыя разам, яны ствараюць уражанне ўмела аркестраванай кампаніі.

Першы прэм’ер-міністр незалежнай Беларусі раптам стаў апраўдвацца за сваіх сучаснікаў і продкаў – за Кастуся Каліноўскага, за ўдзельнікаў бітвы пад Оршай… Цэлую кнігу надыктаваў напісаў, каб яго не западозрылі ў «русафобіі»: «Любим ли мы Россию?».

Жанчынка з заходнебеларускага (!) Івацэвіцкага раёна, якая мае дыплом настаўніцы беларускай мовы (!), збірае подпісы за перавод сельскай школы на рускую мову навучання…

Малады ўраджэнец Ліды – блогер, які даваў адлуп «расійскаму імперыялізму» на даволі нягеглым сайце 1863х.com (яго контрпрапагандныя метады – не нашы метады) – пры загадкавых абставінах трапляе ў бранскую вязніцу… Яго праект блакуецца, хоць 25.01.2016 рэдакцыя абяцала, што «наш сайт прадоўжыць сваю працу… Абяцаем, што станем яшчэ больш злымі ды напорыстымі».

Іменна сёлета я ўбачыў на пераходзе да станцыі метро «Пушкінская» ў Мінску, як нехта дапісаў ад рукі да паказніка «Трымайцеся правага боку» «Придерживайтесь правой стороны», ды яшчэ са спасылкай на Канстытуцыю… Між тым нават цяперашняя Канстытуцыя РБ, лаяльная да рускай мовы (дзяржаўнай з 1995 г.), не прадугледжвае перакладу ўсіх гарадскіх надпісаў на рускую.

14-1

Камусьці падавай «русского языка»…

Інтэрнэт-зануда Анатоль С. (беларус, які перабраўся на ПМЖ у Амерыку і на ўсіх сайтах каецца за ранейшыя «антылукашэнкаўскія» погляды) карава звяртаецца да тутэйшых у траўні 2016 г.: «Калі ўсё застанецца як мае быць зараз, то існая беларуская ўлада прайграе інфармацыйную вайну [Захаду], а з ёй дзяржаву Беларусь, і, зразумела, ўладу, якая пакуль ёсць адзінае, што нас аберагае ад хаосу. Нажаль, не бачу іншага выйсця, акрамя вяртання Беларусі ў склад Расеі. (…) Расея зберажэ і захавае нас – дзяржаву і беларускі народ». Навуковы супрацоўнік мінскага інстытута філасофіі, яшчэ адзін былы «змагар» Дз., выгадаваны «трэцім сектарам», адказвае яму чыста па-беларуску: «Добрая прамова».

* * *

Не збіраюся рабіць заявы ў стылі «Як страшна жыць». Аднак што праўда, то праўда: усё больш суайчыннікаў расчароўваюцца ў Захадзе (я-та ім ніколі не зачароўваўся) і не спадзяюцца ўжо на яго падтрымку «ў выпадку чаго». Некаторыя з расчараваных схільны кінуцца ў абдымкі Расіі з яе прагай новых тэрыторый.

Свежыя падзеі, якія падарвалі веру ў Захад, – рэферэндум у Нідэрландах, які скончыўся не на карысць збліжэння Украіны з Еўрапейскім Саюзам (красавік 2016 г.), і адмова Рады Міністраў Паўночных краін надалей фінансаваць Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у Вільні (май 2016 г.). Нагадаю, гэтая ўстанова – ЕГУ – дае магчымасць нашым грамадзянам атрымліваць «альтэрнатыўную» вышэйшую адукацыю. Большая частка выпускнікоў працуе ў Беларусі і на карысць Беларусі. Сам я скончыў ЕГУ 17 год таму.

Як агідна было чытаць каментар былога старшыні Вярхоўнага Савета: «Нічога не бачу дрэннага ў спыненні такога фінансавання. Мабыць, скандынавы паразумнелі, таму што ў значнай ступені ЕГУ – гэта антыбеларускі ўніверсітэт». Аргумент – на ўніверсітэцкім сходзе ў 2002 г. не прагучала ні слова па-беларуску. І гэта кажа асоба, якая ў снежні 2010 г. запрашала расійскае кіраўніцтва ў рамках «саюзнай дзяржавы» ўвесці войскі ў Беларусь, каб «паклапаціцца пра захаванне чалавечых жыццяў і чалавечага здароўя» (!) Дапраўды, «чалавек без галавы» (у гэтай канкрэтнай ацэнцы палітыка-пенсіянера згаджуся з начальнікам беларускай «Свабоды»).

Няма сумневу, некаторых выкладчыкаў (не толькі і не столькі беларускамоўных) выціскалі з ЕГУ ў ХХІ ст. груба і несправядліва. Я пісаў пра ўціск, у свой час звяртаўся быў да рэктара… Але як пачытаеш сяго-таго, адчуваеш: няма ўжо асаблівай ахвоты бараніць гэтых «уладароў думак».

Адзін, культуролаг Максім Ж., відаць, мяркуе, што юныя беларусы абыйдуцца без апекі педагогаў – выхаваюць сябе самі ды з дапамогай «вуліцы»: «Школка насамрэч важыць няшмат… Рэальная культура стварае сябе сама». Другі, этнолаг Павел Ц., марыць пра «рэдукцыю культуры да прыроды» (гэта ў Беларусі, дзе ў гарадах жыве звыш 3/4 насельніцтва), пра «экалагічна арыентаванае неапаганства». Дай гэтым летуценнікам уладу, яны б канчаткова зацягнулі краіну ў стан «трэцяга свету», калоніі або паўкалоніі.

Трэці, палітолаг Андрэй К., у дыялогу з расійцам лёгка выйшаў за рамкі сваёй кампетэнцыі: «Беларусь і Расія могуць быць выключэннямі, але па пытанні Халакосту гэта не вельмі апраўдана. Гэтая тэма і тут замоўчваецца, мясцовыя жыхары таксама не наведваюць помнікі загінулым габрэям». Беларускія яўрэі наведваюць помнікі загінулым (хаця хто ведае – можа, для К. мы і не «мясцовыя жыхары»…). Больш за тое, на «Яму» ў Мінску штораз прыходзяць людзі рознай веры і рознага паходжання, а ў Шчучыне Гродзенскай вобласці школьнікі даглядаюць мемарыяльную зону ля аэрадрома. Мяркую, падобная сітуацыя і ў іншых мясцінах: прынамсі чуў, што зембінскую «Яму» парадкавалі навучэнцы Барысаўскага будаўнічага каледжа. Некаторыя неяўрэі ставілі помнікі загінулым землякам-яўрэям – прыклады ад былой дырэктаркі музея тут.

14-2

Ля месца згубы моўчадскіх яўрэяў (Баранавіцкі раён). Жыхар вёскі Моўчадзь Эдуард Хіркоўскі (злева) і аўтар тэкста. Фота А. Астравуха, верасень 2009 г.

Напэўна, мой калега, які скончыў БДУ, але працуе ў Літве, мае права не ведаць, што ўжо чвэрць стагоддзя «тэма Халакосту» ў Беларусі не замоўчваецца, што абараняюцца дысертацыі, ладзяцца выставы, знята мноства фільмаў, у пераважнай бальшыні кніг «Памяць» гаворыцца пра пакуты вязняў гета etc. Ну дык і я, пры ўсёй павазе, не абавязаны давяраць яго клопатам пра беларускіх даследчыкаў…

Дзякуй Б-гу, нямала шчэ ў нашай краіне прыстойных ды кваліфікаваных людзей. Па магчымасці абапіраюся на іх. Не ўсё страчана ў бізнэсе, літаратуры, мастацтве, сістэме адукацыі, аховы здароўя… ды нават судовай сістэме.

Так, у цэлым корпус суддзяў у Беларусі слабы і падатлівы, на «трэцюю галіну ўлады» ён пакуль не цягне. Так, юрысты не здолелі абараніць сябе ад антыканстытуцыйнай рэформы 2013 г. У асноўным юрыдычным дакуменце прапісана існаванне гаспадарчых судоў (паралельна з агульнымі), якія падпарадкоўваюцца Вышэйшаму гаспадарчаму суду Рэспублікі Беларусь. 29 лістапада 2013 г. Лукашэнка выдаў дэкрэт № 6, у якім пераназваў гаспадарчыя суды ў эканамічныя ды «скасаваў» ВГС. Яго работнікі, хацелася ім таго ці не, перайшлі на працу ў Вярхоўны суд, дзе з 2014 г. утварылася калегія па эканамічных справах… Між тым у раздзеле IV Канстытуцыі, які, паводле арт. 140, можа быць зменены толькі шляхам рэферэндуму, гаворыцца пра існаванне ў краіне як Вярхоўнага Суда, так і Вышэйшага гаспадарчага. Рэферэндуму ж у Беларусі не адбылося ні ў 2013 г., ні пазней. Затое ў чэрвені 2016 г. у Мінску рыхтуецца чарговы хурал «Усебеларускі народны сход» на дзве з лішнім тыс. галоў – от ужо дзе эканомія сродкаў падчас крызісу…

Свавольства «гаранта Канстытуцыі» для нас не навіна. Навіна – у тым, што сёлета нават млявыя і падкантрольныя суды Рэспублікі Беларусь баранілі грамадзян ад выбрыкаў выканаўчай улады. Так, у сакавіку 2016 г. суддзя Шабуня не паверыла паказанням трох міліцыянтаў і адправіла адміністрацыйную справу супраць грамадскага дзеяча на дапрацоўку. Суддзя Ціцянкоў спыніў справу, ініцыяваную Транспартнай інспекцыяй супраць кіроўцы, які нібыта нелегальна зарабляў на падвозе пасажыраў. Калі пільныя грамадзяне затрымалі за рулём п’янага начальніка міліцыі з Віцебска, то суд – о, шчасце! – не прыцягнуў іх да адказнасці за «вымаганне грошай», а наадварот, аштрафаваў палкоўніка і яго маці (за ілжэсведчанне). Нарэшце, на днях малады журналіст-фатограф выйграў справу ў КДБ. Камітэт больш за месяц незаконна трымаў фатографа ў турме пасля «мядзведжага дэсанту» ў 2012 г.

Няўжо тэндэнцыя? Можа, прыйдзе час, калі суддзі спытаюцца і з тых, хто прызначае такіх палкоўнікаў МУС, такіх кадэбістаў…

Тым часам яўрэі – фармальна самая адукаваная група ў cталіцы, як нагадаў мінскі інтэрнэт-часопіс – на падзеі ў Беларусі аказваюць мінімальны ўплыў. Маглі б уплываць крыху лепей, калі б выяўлялі больш салідарнасці, менш «клаліся» пад чыноўнікаў… Толькі адзін прыклад. Летась пасля дыскусій у «галоўным яўрэйскім саюзе» было вырашана спыніць выхад газеты «Авив» на паперы – на яе, маўляў, аніяк не знаходзіцца грошай. З 1992 г. выжывалі, а праз 23 гады чытачам (пераважна пажылым людзям) параілі асвойваць інтэрнэт, прасіць дапамогі ў дзяцей і ўнукаў… Са студзеня 2016 г. працуе сайт aviv.by – што характэрна, ён у некалькі разоў менш папулярны, чым сайт газеты беларускіх армян (miasin.by).

Здавалася б, няма рэсурсаў, дык няма. Але да aфіцыёзнай выставы «СМІ ў Беларусі» (май 2016 г.) рэдакцыя настрыгла з сеціўных матэрыялаў папяровы нумар накладам аж 300 ас. Абы дзяржаўныя службоўцы мелі шанс пусціць пыл у вочы нешматлікім наведвальнікам выставы.

У пілотным выпуску газеты «Анахну кан» (2002) я цытаваў Шолам-Алейхема (1859-1916): «Тое, што вісіць у паветры, абавязкова павінна ўпасці. Гэта не асабліва прыемна, але праўда». Каб хаця ўсё грамадскае яўрэйскае жыццё не скацілася да ўзроўню сэканд-хэнднага «Авива», які ўсё цягне мяне ў свае абдымкі… Забаўна, што адзін з кіраўнікоў «Лімуда» Сэндзі Кан напярэдадні імпрэзы выказаўся так: «Мы становімся сведкамі надыходу новай эры ў жыцці беларускіх яўрэяў, яны сталі зусім незалежнымі і вызначаюць формы яўрэйскага жыцця самі і для сябе». Вой, аптыміст… Хочацца, аднак, верыць, што заклікі і лозунгі з «Анахну кан» усё ж пакінулі след на свядомасці «яўрэйскіх лідараў».

Што да становішча ва ўсёй Беларусі, тут ад мяне мала што залежыць. Аднак у верасні 2016 г. я, відаць, схаджу на «парламенцкія выбары» – упершыню за доўгі час – і выкрэслю ў бюлетэні праімперскіх кандыдатаў, калі такія будуць. У незалежнай дзяржаве, няхай недасканалай, жыццё мне ўсміхаецца больш, чым на расійскай ускраіне («плавалі – знаем»). Залічыцца мой голас ці не – іншае пытанне.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

20.05.2016

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 20 мая 2016