Tag Archives: историческая политика

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (78)

Ціхамірны шалом! Зачасціў я з новымі серыямі – даруйце, каласкі й калінкі, скора гэткага непарадку не будзе.

Актыўная фаза канфлікту вакол Курапат(аў) і прымежнай рэстарацыі доўжыцца трэці тыдзень. Выказаліся «жук і жаба», дык што ж застаецца мне, не-жуку-не-жабу? ¯\_(ツ)_/¯

Як я і апасаўся, канфлікт не прамінуў-такі набыць этнічнае адценне. Нямала ў Беларусі асоб, якія пратэстуюць супраць ядальні, выпукляючы паходжанне (або, калі хочаце, нацыянальнасць) ейных гаспадароў. Сярод гэтых пратэстоўцаў, як падаецца, меншасць лічыць, што «ўсе яны такія», а большасць вызнае «мяккі» варыянт: няхай, маўляў, сумленныя яўрэі дадуць прачуханца несумленным…

Узята з resurs.by

Пра небяспеку распальвання антысемітызму папярэдзілі ў сваіх публікацыях ужо мінімум адна культуралагіня і двое журналістаў. Аднак «люд паспаліты», па-мойму, схільны меркаваць так: «Рэчы трэба называць сваімі імёнамі. Робіш кепска – будзь гатовы, што цень ляжа і на тваіх супляменнікаў. Супляменнікам не падабаецца, што на іх кладзецца гэты цень? Дык гэта не нашы праблемы, няхай разбіраюцца са сваімі кідальнікамі ценяў самастойна. Калектыўная адказнасць – вельмі дзейсная штука. У вас сусветная дыяспара – ну дык у вас і рычагі ціску на яе ёсць» (камент на nn.by, рэйтынг на 19.06.2018 – +51-9).

На самай жа справе «яўрэйская абшчына» ў Беларусі кволая ды атамізаваная. Па вялікім рахунку, яе няма, як бы ні пнуліся давесці адваротнае інтарэсанты – у прыватнасці, гендырэктарка «галоўнага яўрэйскага саюза» Віка Б-а, адна з тых трох «разумніц», што ў 2006 г. ля «Ямы» нацкоўвалі на мяне людзей у цывільным… Як і ў 1990–2000-х, шчыруюць асобныя актывісты, а на кожнага – па дзясятку (ОК, па пяцёрцы) імітатараў бурапеннай дзейнасці. Гэта досыць добра «прасёк» заснавальнік праекта «Belarus Shtetl» Рыгор Хейфец: «На мой погляд, у нас вельмі раз’яднаная абшчына. Ёсць вялікі міжпакаленны разрыў… Яўрэйскія суполкі існуюць пакуль толькі дзякуючы падтрымцы з ЗША і Ізраіля». Праз чвэрць стагоддзя «паспяховай» дзейнасці ў суверэннай Беларусі 🙁 І якія «рычагі ціску» на сусветную дыяспару ў прынцыпе могуць з’явіцца ў такіх варунках?

Да «дыяспары» таксама шмат пытанняў. Згаджаймася або не з Аляксандрам Лапшыным, але ён, аб’ехаўшы 100+ краін і пасядзеўшы ў турмах, сёе-тое кеміць у жыцці… Лапшын 02.06.2018 напісаў так: «Яўрэі вельмі раз’яднаны народ, і многія абшчыны маюць такое ж дачыненне адна да адной, як японцы да іспанцаў. Прасцей кажучы, ніякае… У яўрэяў дзясяткі, калі не сотні абшчын і арганізацый, кожная з якіх жыве сваімі «местачковымі» інтарэсамі… Пры гэтым значная частка яўрэяў увогуле не належыць ні да якіх абшчын».

Не сумняюся ў шляхетных матывах ізраільца, выхадца з Беларусі Барыса Давіда Б., які з 10.06.2018 збіраў подпісы яўрэяў (як ён паясніў, у першую чаргу беларускіх яўрэяў) пад зваротам «против кабака на костях в Куропатах», але ў такой парадыгме я не працую. І парэшткаў расстраляных пад рэстаранам не было знойдзена, і асобны «яўрэйскі» ліст не бачу сэнсу падпісваць.

Карацей, упэўнены, што без дээтнізацыі канфлікту – ніяк. У гэтым выпадку Зайдэс і Сурысы, зацягнутыя ў каламутную гісторыю, маюць несці індывідуальную адказнасць: маральную і/або матэрыяльную. А незаконная, як выглядае (не бачыў я ўсіх дакументаў, толькі некаторыя), абрэзка ахоўных зон ля гісторыка-культурнай каштоўнасці першай катэгорыі ў 2014 г. мусіла б стаць прадметам адмысловага расследавання, у тым ліку і парламенцкага. Чыноўнікі, якія выдавалі дазволы на «Поедем поедим», апрыёры вінаватыя зусім не менш, чым рэстаратары, што надоечы зрабіліся, фактычна, «казламі адпушчэння». Харош і той, хто прызначыў чыноўнікаў, і – будзем шчырыя – тыя мільён-два грамадзян падданых, якія ў 2015 г., нягледзячы ні на што, аддалі за яго свае галасы, дарма што к таму часу здарыліся ўжо дэвальвацыя 2011 г., «дэкрэт № 3» і многае іншае. Ладна б яшчэ ў 2001-м або 2006-м аддавалі…

Па-ранейшаму лічу, што, калі рэстаранны комплекс (або яго частка, як прапаноўваў Аркадзь Ізраілевіч) не ператворыцца ў музей, то трэба дабівацца пабудовы плота або сцяны паміж абшарамі рэстарана і некропаля, каб да наведвальнікаў Курапацкага лесу не даносіліся лішнія гукі, пахі etc. Ну, а кампанія «сімвалічнага» адпору з акцыямі прамога дзеяння – кшталту ўкусу наведвальніка за руку – выклікала хвалю кпінаў. Вяшчае знаёмы чытачам belisrael.info Сяргей Спарыш:

У адказ пратэстовец з Лагойска, віцэ-чэмпіён па складзеных на яго міліцэйскіх пратаколах (наперадзе толькі Павел Севярынец, які мяркуе, што развязка ў справе скора наступіць), «вызначыўся» публічнай заявай пра «жыдакамунізм»:

Натуральна, адзін гэты факт вымушае мяне асцярожна ставіцца да купкі зухаў, якія пікетуюць уваход у харчаблок. Агулам жа з сімпатыяй стаўлюся да самадзейных ініцыятыў у Беларусі, як і да свабоды чужога кулака… пакуль ён не кранае майго носа.

Тым часам «любімыя ўлады» ўсё ж распачалі конкурс на мемарыял у Курапатах, пра які шмат гаварылася летась. Выявілася, што было пададзена звыш трыццаці праектаў, а журы папярэдне выбрала тры.

Не будучы сябрам журы, магу выказацца без дыпламатыі: cлабавата… I наўрад ці адлюстроўвае маштабы трагічных падзей у сталінскай БССР. Другі варыянт, напрыклад, – амаль копія хатынскага звона… Адносна прымальны першы варыянт, калі яго трактаваць як браму паміж жыццём і іншасветам, дапоўніць гукавым суправаджэннем, пра якое расказаў Марат Гаравы тутака. Паводле Алеся Разанава, «сярод гукаў, што чулі бязвінныя ахвяры, мусяць быць не толькі любасныя поклічы бацькоў, мілыя сэрцу галасы каханай і дзяцей, спевы птушак, посвіст ветру, шум лесу, скрып возу, конскае іржанне, рыканне каровы, шоргат снегу, гарадскі гул, гудок паравозу і звон трамвая, але і лозунгі, песні, папулярная музыка 1920-1930-х гадоў, галашэнні сваякоў падчас арыштаў, пагрозы следчых, стогны сукамернікаў, катэгарычныя словы бязлітасных прысудаў, брэх аўчарак, лясканне турэмных засавак, жорсткія загады энкавэдзістаў, грукат “чорнага варанка” і бразганне затвору. Напрыканцы ў немаце гучыць толькі адно чалавечае сэрца…»

Але, баюся, для афіцыёзнай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, якая плануе быць заказчыкам будаўніцтва, усё гэта занадта складана. Буду рады памыліцца.

Для мяне важна, каб належнае было аддадзена як Курапатам, так і Трасцянцу. Заклікаючы да інтэграцыі гістарычнай памяці, да адмовы ад гульні з «нулявой сумай» (па-ранейшаму хапае такіх, хто хацеў бы прынізіць або БНР, або БССР; пра апошнюю, напрыклад, небезвядомы грамадскі дзеяч В. сказаў, што яна была «байструкаватым дзіцём БНР»), ва ўсіх выпадках я не магу забывацца на «яўрэйскія матывы». Заўважу, дарэчы, што не бачу крамолы ў выразе «яўрэйскі турызм у Беларусі» (маюцца на ўвазе праграмы, разлічаныя перадусім на замежнікаў-яўрэяў і тых, хто цікавіцца згаданымі матывамі). Да «недарэчнага» выразу чапляюцца хіба «інваліды пятай групы» савецкіх часоў; ім жа даспадобы эўфемізмы кшталту «падарожжы па сцежках яўрэйскай гісторыі». Можна вывезці сябе з Саюза – цяжэй вывесці Саюз з сябе…

Вяртаючыся да тэмы «БНР і БССР (ССРБ)»: ля вытокаў абедзвюх рэспублік стаялі яўрэі, хоць іхні ўплыў і не варта перабольшваць. Пра БНР пісаў ужо; дадам, што не толькі сярод міністраў былі «нашы людзі». Станіслаў Рудовіч у артыкуле «Стаўленне яўрэйскай грамадскасці да абвяшчэння БНР (1918 г.)», апублікаваным у зборніку канферэнцыі «Беларуска-яўрэйскі дыялог у кантэксце сусветнай культуры» (БДУ, 2008) прыйшоў да вываду, што гэтае стаўленне было «спакойна-прагматычнае»: «Многія яўрэі падтрымлівалі з яе 283 ўстановамі дзелавыя адносіны: у друкарні Я. Грынблата выдаваліся беларускія перыёдыкі і кнігі, Т. Кац пастаўляў прадукты для беларускіх дзіцячых прытулкаў, Б. Гохштэйн і Ю. Іргер удзельнічалі ў справе пераводу студэнтаў, ураджэнцаў Беларусі, з расійскіх універсітэтаў на Украіну і ў Вобласць Войска Данскога. Пасля пастановы Народнага сакратарыяту Беларусі аб рэгістрацьі грамадзян БНР нямала яўрэяў атрымалі адпаведныя пасведчанні». Праўда, з другога квартала 1918 г. нешта пайшло не так гладка: «Прэтэнзіі з боку яўрэйскіх колаў да Рады БНР узмацніліся ў сувязі са змяненнем палітычнага аблічча апошняй пасля ўступлення ў яе Мінскага беларускага прадстаўніцтва на чале з Р. Скірмунтам, выхаду шэрагу левых груп і прызначэння Скірмунта на пасаду старшыні ўрада».

«Пагоня» ад Яўгена Меркіса (знойдзена на pinterest.com.au)

Адной з аўтарытэтных персон у першай беларускай савецкай рэспубліцы, задуманай у снежні 1918 г., а абвешчанай у Смаленску 01.01.1919, стаў Рэйнгольд – ураджэнец Слуцкага павета, першы савецкі начальнік Віцебшчыны (у 21 год). Піша Анатоль Сідарэвіч: «10 снежня 1918 бальшавікі прыйшлі ў Менск. 13-га старшыня Менскага рэвалюцыйнага камітэта Ісак Рэйнгальд даносіў у Смаленск: тут рай на зямлі, ёсць і хлеб, і бульба. У выніку кантактаў з камуністамі, якія дзейнічалі на паднямецкай тэрыторыі Беларусі і ўжо звыкліся са словамі «Беларуская Рэспубліка», у яго нарадзілася ідэя… Літоўска-Беларускай Рэспублікі. Ідэю падтрымаў сябар Цэнтральнага Камітэта РКП(б) Мікалай Бухарын, які аб той пары знаходзіўся ў Менску. І 20 снежня Рэйнгальд адпраўляе адпаведную тэлеграму Свярдлову». Аператыўнае ўмяшанне Масквы скончылася тым, што з’явіўся ўрад беларускай рэспублікі з удзелам Рэйнгольда (камісар фінансаў) і былога эсэра Майсея Калмановіча (камісар па гандлі/харчаванні). Нейкі час яны заставаліся на сваіх пасадах і пасля лютага 1919 г., калі насамрэч з’явілася Літоўска-Беларуская рэспубліка, aka «Літбел».

 

Рэйнгольд і М. Калмановіч (фоты з вікіпедыі)

Лёс І. І. Рэйнгольда быў сумны, як і ў многіх заснавальнікаў БНР – куля ў галаву, хіба што ў Маскве-1936, а не ў Менску-1937/1938, і не за «буржуазны нацыяналізм», а за трацкізм. Калмановіч, які «дарос» да ўсесаюзнага наркама, перажыў калегу на год… Як бы скептычна гэтыя прыхільнікі сусветнай рэвалюцыі ні ставіліся да «беларускага этнасу», але ж пакінулі след у гісторыі нашай дзяржаўнасці. Цікава, што ў аграгарадку Грозаве Капыльскага раёна ляжыць здаравезны валун, а да яго прымацавана шыльда з надпісам па-беларуску: «У мястэчку Грозава нарадзіўся Ісак Ісаевіч Рэйнгольд, знакаміты дзяржаўны дзеяч БССР, СССР. 18.XI.1897–22.VIII.1936».

«Вольфаў цытатнік»:

«За многімі дзяржаўнымі інстытутамі або пасадамі не стаіць нічога, акрамя ўсведамлення таго, што гэтая пасада – неабходная частка сістэмы, якая склалася» (Леанід Фрыдкін, 01.02.2016)

«Антысемітызм зусім і не страшны, а толькі брыдкі, варты жалю і дурны: брыдкі, таму што скіраваны супраць крыві, а не супраць асобы, варты жалю таму, што зайздрослівы, хаця жадае здавацца пагардлівым, дурны таму, што яшчэ мацней яднае тое, што ставіў сабе за мэту разбурыць» (М. Агееў, «Раман з какаінам», 1934)

«Як прыняць непапулярныя законы, мы адразу знаходзім кучу сусветных прыкладаў: то ў Амерыцы так робіцца, то ў Германіі… Як толькі гаворка аб правах і свабодах, то ніхто нам не ўказ» (Ірына Прохарава, 18.06.2018)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

19.06.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

***

От редактора. Приводим перевод на русский вступления материала В.Р., в основном посвященного происходящему вокруг Куропат, из его авторской серии.

Как я и опасался, конфликт не преминул-таки приобрести этнический оттенок. Немало в Беларуси людей, которые протестуют против едальни, раздувая происхождение (или, если хотите, национальность) её хозяев. Среди этих протестующих, как кажется, меньшинство считает, что «все они такие», а большинство исповедует «мягкий» вариант: пусть, мол, честные евреи снимут стружку с нечестных…

На самом же деле «еврейская община» в Беларуси слабая и атомизированная. По большому счёту, её нет, как бы ни стремились доказать обратное интересанты, в частности гендиректорша «главного еврейского союза» Вика Б-а, одна из тех трёх «умниц», которые в 2006 г. у «Ямы» науськивали на меня людей в штатском… Как и в 1990–2000-х годах, усердствуют отдельные активисты, а на каждого – по десятку (ОК, по пятёрке) имитаторов бурной деятельности. Это довольно хорошо «просёк» создатель проекта «Belarus Shtetl» Григорий Хейфец: «На мой погляд, у нас очень разъединённая община. Есть большой поколенческий разрыв… Еврейские общины существуют пока только благодаря поддержке [из] США и Израиля». И это – после четверти века «успешной» деятельности в суверенной Беларуси 🙁 И какие «рычаги давления» на всемирную диаспору в принципе могут появиться в таких условиях?

Опубликовано 19.06.2018  23:27

***

Ганкина Инесса Да, при чем тут община? А своих голов у владельцев бизнеса нет? У нас что-ли коллективная кагальная средневековая ответственность? Я не планирую отвечать за всех идиотов: евреев, белорусов, русских и т. д.

Гутман Яков Мне кажется, что, говоря о Куропатах, надо не забывать о Белорусской Масаде, могилах жертв Холокоста в Мозыре, еврейском кладбище в Минске и других местах. Это звенья одной цепи беспамятства и государственного антисемитизма.

Добавлено 21 июня 07:19

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (77)

Шалом, ён жа мір! Тут за «прэзідэнцкі» шакалад з аўтографам-зычэннем бізнэсовец Аляксандр Машэнскі, «наш чалавек», выклаў 10 тыс. USD – хоць стой, хоць падай… Раней мне выпадала прасіць на друк ідышна-беларускіх кніг па 50-100 долараў, дык і тады калегі сп. Аляксандра круцілі носам. Калі хто раскашэльваўся, то «люд паспаліты».

А. Машэнскі (фота А. Несхадзімава для РБК) і яго прыз

Кажуць, грошы за супершакаладку пойдуць дзецям… Добра, калі так, дый увогуле не маю нічога супраць тутэйшага трэцяга прадпрымальніцкага саслоўя. Больш за тое, хацеў бы, каб яно, у рэшце рэшт, стварыла «сваю» палітычную партыю – дахадзяжная АГП з яе гумарным старшынёй на гэтую ролю не цягне 🙁 Пакуль жа, выглядае, гродзенская панчошная фірма фінансуе чужых палітыкаў – няйначай новы прэм’ер-міністр Італіі Джузэпе Контэ быў выбраны, каб прапіярыць вырабы «Conte» 😉

Попыт у Беларусі на партыйную сістэму, адрозна ад першых лукашэнскіх гадоў, цяпер ужо ёсць. У грамадстве па меры развіцця капіталізму – амаль паводле дзеда-Леніна – нарастаюць супярэчнасці і фармуюцца групы ціску. Аптымальнай сталася б двухпартыйная сістэма а-ля ЗША або Вялікабрытанія. Мазаіка а-ля цяперашні Ізраіль з яго крохкімі кааліцыямі, а пагатоў італьянская палітчахарда тут непамысныя, бо выдаткі на «згладжванне вуглоў» акажуцца завялікімі. У горшым выпадку зноў забуяе аднапартыйнасць з дэкарацыйнымі карлікавымі парцейкамі (зірнем на КНР).

Карацей, патрэбныя выбары ў «парламент» (зараз палата прадстаўнікоў – гэта квазіпарламент, але потым – хто ведае?) паводле прапарцыйнай сістэмы з досыць высокім прахадным бар’ерам, хіба 10%. Для ізраільскіх партый доўгі час ён сягаў 1% ад галасоў выбаршчыкаў, потым падвышаўся, але і цяпер, па-мойму, занадта нізкі (3,25%).

Cтратэгічная задача партый у РБ – пераключыць «знешні локус кантролю» на ўнутраны. Іначай кажучы, важна, каб грамадзяне (пераважная большасць…) паверылі ў свае сілы ды перасталі шукаць рашэнняў па-за межамі краіны. Як «правацэнтрысты» Губарэвіч, Лябедзька і Рымашэўскі з іх травеньскай выправай у ЗША. Ці як Лукашэнка ды яго паплечнікі, што занадта часта ківалі на сусветны эканамічны крызіс, злы Рассельгаснагляд etc.

«Аб’яднанне апазіцыі» ў адной суперпартыі – утопія; сёлета, у сувязі з адзначэннем 100-годдзя БНР і падзеямі вакол Курапатаў, гэта высветлілася канчаткова. Узбуйненне ж альтэрнатыўных сіл непазбежнае. Да 2020-га, году фармавання палаты прадстаўнікоў чарговага склікання, можна было б падрыхтавацца – зляпіць і раскруціць дзве магутныя партыі (два магутныя блокі?) «левых» і «правых», якія здолелі б правесці ў ПП НС па некалькі асобаў. Нават паводле мажарытарнай сістэмы і з улікам агульнавядомых «нюансаў» падліку.

Няхай бы левыя ў парламенце крытыкавалі Лукашэнку за адмену льгот і камерцыялізацыю сацыяльнай сферы, а правыя, са свайго боку, – за недастатковыя тэмпы прыватызацыі, паборы з прадпрымальнікаў і г. д. Спярша гэта можа выглядаць як гульня, пазней з лідараў блокаў вырастуць сапраўдныя палітыкі… I не прыйдзецца ўжо прыхільнікам перамен выбіраць паміж (Сірожам, Алегам – непатрэбнае закрэсліць) Гайдукевічам ды Таняй Караткевіч.

Ізноў жа, усё гэта падобна да ўтопіі, але праект хітры план ажыццяўляльны. Агулам, некаторыя ідэі з серыяла рэалізуюцца, хоць і ў скажоным выглядзе: расфармаваны Інстытут журналістыкі БДУ (дый інстытут псіхалогіі працуе з канца 2016 г. – у структуры педуніверсітэта; лепей бы самастойна ці пры тым жа БДУ), людзі ў Беларусі менш сталі бухаць, чым пазалетась. Пішуць, паводле ўжывання алкаголю краіна з 2-га месца пераехала на 27-е; з іншага боку, МУС РБ за першыя 5 месяцаў 2018 г. зафіксавала ажно 600 смяротных атручванняў, так што цешыцца ранавата.

А тут яшчэ адна песімістычная канстатацыя ад обер-кардыёлага: «Сярод жанчын за апошнія пяць год колькасць курчых павялічылася ў тры разы і складае 14%. Сярод мужчын [у Беларусі] паляць 46-52%». Паводле звестак 2016 г., Беларусь аказалася на 3-м месцы ў свеце па спажыванні цыгарэт (Ізраіль – у шостым дзясятку, і тым не менш каля 20 ізраільцаў паміраюць штодня ад хваробаў, звязаных з курэннем). Можа, хто і верыць, што курэнне памагае даць рады са стрэсам, а я не веру: паводле колькасці суіцыдаў Беларусь таксама ў 2016 г. была сярод першых у свеце (5-е месца, 26,2 выпадкі на 100 тыс. чал.; Ізраіль – у сярэдзіне, там 5,4 выпадкі). Анамія, выкрытая мудрым французам Эмілем Дзюркгеймам яшчэ пад канец ХІХ ст., – у рот ёй ногі…

За апошні месяц актывізаваліся «настаўнікі жыцця» для яўрэяў і беларусаў. Часткова гэта звязана з праблемай Курапатаў – у скандальную ўстанову харчавання «Поедем поедим» былі ўкладзены т. зв. «яўрэйскія грошы», што непакоіць не толькі Марата Гаравога, а і Зянона Пазняка. З. П. заявіў, што «ў Курапатах стаіць помнік габрэям, расстраляным энкавэдзістамі. Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя – БНФ плянуе таксама паставіць там мэмарыяльны знак у памяць расстралянага менскага габрэйскага паэта Ізі Харыка».

У асяроддзі пратэстоўцаў загучала прапанова – запрасіць у Курапаты прэзідэнта Ізраіля Рэўвена Рыўліна (можа прыехаць у канцы верасня на адкрыццё трасцянецкага мемарыяла), падвесці да «народнага» помніка расстраляным яўрэям, каб госць пранікся… Асабіста я сумняюся, што з гэтага штось атрымаецца, але марыць не забаронена.

Перадача пра адносіны яўрэяў і беларусаў на «Белсаце» планавалася яшчэ ў красавіку… Выйшла ў эфір пару тыдняў таму ў рамках праграмы «Intermarium» пад шматабяцальнай назвай «Беларусы і габрэі: што насамрэч адбылося?» Нягледзячы на нелюбоў да польскага псеўдаліберальнага канала, мусіў паглядзець… На жаль, вядучы і рэдактары адпрацавалі на ўжо знаёмым узроўні. Чаго варты зачын: «Беларуская дзяржава… па-ранейшаму праводзіць гістарычную палітыку Савецкага Саюзу. Гісторыя габрэяў у Беларусі амаль не даследуецца». І што за трызненне далей? «Другая сусветная вайна цалкам справядліва прымусіла нас глядзець на масавыя забойствы ХХ ст. толькі як на трагедыю габрэйскага народу, толькі як на гісторыю габрэяў».

Абмеркаванне адразу ж скацілася ў заезджаную тэму, як нас называць: яўрэі, габрэі ці жыды. Мо’ каму гэта й цікава, мне – не (збольшага выказаўся на той конт у публікацыі яшчэ 2000 года). Ладна журналісты… Фальшывай выявілася і «арыя ізраільскага госця», што не дзіўна (пра «пана прафесара» гл. напрыклад, тут, тут і крыху тут). У яго яшчэ ўзялі асобнае інтэрв’ю: павярхоўшчына руліць. То слова «жыд» у БССР з афіцыйнай мовы выдалілі нібыта ў 1926 г. (насамрэч у 1925 г., і «БАН», г. зн. Беларускай акадэміі навук, тады не існавала, дзейнічаў Інбелкульт), то Лукашэнка апошні раз быў на «Яме» ў 2005 г. (насамрэч – у кастрычніку 2008 г.), то ў Лідзе – адзіная вуліца Шолам-Алейхема ў Беларусі (а як жа горад Рагачоў?) То кожны з былых прэзідэнтаў Ізраіля, народжаных тутака, называў сваю радзіму «не Беларуссю, а Усходняй Польшчай»… Шымон Перэс, які ў 1990-х двойчы наведаў нашу краіну, такі менаваў Беларусь сваёй малой Радзімай і ўласнаручна пазначыў на кнізе, што «Ізраіль нарадзіўся ў Беларусі», ды каго хвалююць факты?

Шыльда ў Вішневе, на месцы, дзе жыў Ш. Перэс. З’явілася ў 2013 г.

Парады адносна рэстытуцыі мелі б пад сабой грунт у пачатку 1990-х – там, здаецца, і «закансерваваўся» гісторык С-цкі. Пасля 20+ гадоў кіравання «адзінага палітыка» ясна, што маёмасць былых яўрэйскіх абшчын вяртаецца суполкам цяперашнім толькі ў выключных выпадках, калі ў дзяржавы не стае рэсурсаў юзаць будынкі старажытных сінагог… Нярэдка спаруды, вернутыя на перыферыі, «вылазяць бокам». Яскравы прыклад – Слонім, дзе амаль няма жыхароў-яўрэяў, але сінагогу ў 2000 г. перадалі на баланс Іудзейскага рэлігійнага аб’яднання РБ. У выніку, звыш 10 год рамонту ў ёй фактычна не вялося.

Што да разваг пра тое, ці з’яўляецца гісторыя яўрэяў Беларусі неад’емнай часткай гісторыі Беларусі – тут ужо не рэкамендацыя разбіць мур ілбом, а спроба ўзламаць адчыненыя дзверы… Даўно ўсе адэкваты разумеюць, што з’яўляецца, і няма цяпер такога, што «яўрэі ў Беларусі – самі па сабе, беларусы – самі па сабе». Інтэракцыі ідуць пастаянна, на розных узроўнях – часам незалежна ад «Чырвонага дома», часам з яго санкцыі.

На лакальным узроўні ў многіх дзяржаўных музеях усталяваныя стэнды, дзе гаворыцца пра яўрэяў (Пінск, Магілёў…). У школах ладзяцца конкурсы краязнаўчага характару з выхадам на «яўрэйскі тэмат» (паказальна, што ў Навагрудку адзін з школьных класаў у 2010 г. узяў сабе імя Джэка Кагана)… Райвыканкамы найчасцей не замінаюць захаванню памяці пра яўрэяў, а бывае, і падтрымліваюць. Амаль ва ўсіх раённых «Кнігах памяці», выдадзеных у 1990-х–2000-х гадах згодна з пастановай ураду, ёсць звесткі пра ахвяраў адпаведных гетаў, нярэдка і пра партызанаў-яўрэяў.

На ўзроўні нацыянальным – Дні памяці ахвяр арганізоўваюцца больш-менш рэгулярна, пачынаючы з 1993 г. Нямала ў іх казёншчыны (вось і зварот пра конкурс 2018 г. пад эгідай мінінфармацыі насцярожвае бюракратычным слэнгам), але ёсць і нешта жывое. У 2008 г., напрыклад, дзяржава дапамагла паставіць рад помнікаў і зняць дакументальны фільм, узнагародзіла медалямі былых вязняў гета, падпольшчыкаў – чым кепска?

Даўно не вымагае празмерных высілкаў апублікаваць артыкул (ці некалькі), прысвечаны яўрэям, у навуковым/навукова-папулярным выданні. Нябожчык Рыгор Рэлес друкаваў матэрыялы пра яўрэйскіх пісьменнікаў у часопісе «Полымя» (1995–1996), я расказваў пра сінагогі Беларусі ды ідышных паэтаў у «Родным слове» (2005), Фелікс Баторын агледзеў яўрэйскую літаратуру Беларусі ў розных нумарах газеты «Літаратура і мастацтва» (2015)… «Яўрэйскі спецвыпуск» міністэрскага часопіса «Маладосць» (№ 4, 2016) таксама пра нешта сведчыць. Як і тое, што Нацыянальны мастацкі музей ахвотна ўключае мастакоў-яўрэяў (Якаў Кругер, Натан Воранаў…) у серыю «Славутыя мастакі з Беларусі».

Ясная рэч, праблем & шурпатасцей у становішчы яўрэяў Беларусі было і ёсць гарою, пра што безліч разоў пісаў (тут, тут, тут, тут…). Але за 40 з чымсьці мінут тэлепраграмы ўдзельнікі прымудрыліся не заглыбіцца ні ў адну з рэальных праблем. ¯\_(ツ)_/¯

Не хадзіце, дзеці, на ТV гуляць! 🙂 І яшчэ бачу, што беларусістыка ў Ізраілі па-ранейшаму мадзее. Канстатаваў гэта 7 год таму ў зборніку «На ізраільскія тэмы», паўтара года таму ў «Катлетах…» Мала што мяняецца. Перакананы, што ў кітайскіх універах даследуюць беларускую сітуацыю куды глыбей, чым у Тэль-Авіўскім, таму і поспехі на тутэйшым рынку ў выхадцаў з КНР значна большыя. Ізраільскі ж партнёр «Белсату» даводзіць, што «развіццё беларуска-ізраільскіх адносінаў вельмі тармозяць арабскія краіны». Тыповы казус знешняга локусу кантролю, ці, прасцей кажучы: «кепскаму танцору…»

Як пазначаецца «тэрыторыя ўплыву». Гродна, май 2018 г. На люку з гербам горада, вырабленым у дзясятках экземпляраў, – надпіс па-кітайску, але ні ідыша, ні іўрыта... Для даведкі: у 1816 г. у Гродне жылі 8422 яўрэі (85% насельнікаў), у 1859 г. — 10300 яўрэяў (53%), у 1887 г. — 27343 (68,7%), у 1897 г. — 22684 (48,4%), у 1910 г. — 31055. Нават 80 год таму яўрэяў сярод гараджанаў была амаль паловатрохі болей, чым кітайцаў.

«Вольфаў цытатнік»

«Людзі, на жаль, у нас як бы пазбаўлены памяці. Яны як бы згадзіліся з тым, што памятаць не трэба, і гэта ўсё роўна, што грузіць сябе… Гэта ўмова такога папулісцкага рэжыму, як наш. Усё спрашчаецца. І першы элемент спрашчэння – гэта страта памяці» (Глеб Паўлоўскі, 12.06.2018).

«Няма такога дыктатара, які б не гукаў пра асаблівы шлях краіны”, бо гэта галоўны довад для падтрымання веры ў рэжым… Ідэялагічныя локшыны маюць за мэтавую аўдыторыю толькі ўнутранага спажыўца… На самай справе ў Беларусі зусім не ўнікальная, а хрэстаматыйная дыктатура з заканамерным фіналам у перспектыве» (Андрэй Вардамацкі, dw.com)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

15.06.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 15.06.2018  13:21