Tag Archives: книги памяти

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (77)

Шалом, ён жа мір! Тут за «прэзідэнцкі» шакалад з аўтографам-зычэннем бізнэсовец Аляксандр Машэнскі, «наш чалавек», выклаў 10 тыс. USD – хоць стой, хоць падай… Раней мне выпадала прасіць на друк ідышна-беларускіх кніг па 50-100 долараў, дык і тады калегі сп. Аляксандра круцілі носам. Калі хто раскашэльваўся, то «люд паспаліты».

А. Машэнскі (фота А. Несхадзімава для РБК) і яго прыз

Кажуць, грошы за супершакаладку пойдуць дзецям… Добра, калі так, дый увогуле не маю нічога супраць тутэйшага трэцяга прадпрымальніцкага саслоўя. Больш за тое, хацеў бы, каб яно, у рэшце рэшт, стварыла «сваю» палітычную партыю – дахадзяжная АГП з яе гумарным старшынёй на гэтую ролю не цягне 🙁 Пакуль жа, выглядае, гродзенская панчошная фірма фінансуе чужых палітыкаў – няйначай новы прэм’ер-міністр Італіі Джузэпе Контэ быў выбраны, каб прапіярыць вырабы «Conte» 😉

Попыт у Беларусі на партыйную сістэму, адрозна ад першых лукашэнскіх гадоў, цяпер ужо ёсць. У грамадстве па меры развіцця капіталізму – амаль паводле дзеда-Леніна – нарастаюць супярэчнасці і фармуюцца групы ціску. Аптымальнай сталася б двухпартыйная сістэма а-ля ЗША або Вялікабрытанія. Мазаіка а-ля цяперашні Ізраіль з яго крохкімі кааліцыямі, а пагатоў італьянская палітчахарда тут непамысныя, бо выдаткі на «згладжванне вуглоў» акажуцца завялікімі. У горшым выпадку зноў забуяе аднапартыйнасць з дэкарацыйнымі карлікавымі парцейкамі (зірнем на КНР).

Карацей, патрэбныя выбары ў «парламент» (зараз палата прадстаўнікоў – гэта квазіпарламент, але потым – хто ведае?) паводле прапарцыйнай сістэмы з досыць высокім прахадным бар’ерам, хіба 10%. Для ізраільскіх партый доўгі час ён сягаў 1% ад галасоў выбаршчыкаў, потым падвышаўся, але і цяпер, па-мойму, занадта нізкі (3,25%).

Cтратэгічная задача партый у РБ – пераключыць «знешні локус кантролю» на ўнутраны. Іначай кажучы, важна, каб грамадзяне (пераважная большасць…) паверылі ў свае сілы ды перасталі шукаць рашэнняў па-за межамі краіны. Як «правацэнтрысты» Губарэвіч, Лябедзька і Рымашэўскі з іх травеньскай выправай у ЗША. Ці як Лукашэнка ды яго паплечнікі, што занадта часта ківалі на сусветны эканамічны крызіс, злы Рассельгаснагляд etc.

«Аб’яднанне апазіцыі» ў адной суперпартыі – утопія; сёлета, у сувязі з адзначэннем 100-годдзя БНР і падзеямі вакол Курапатаў, гэта высветлілася канчаткова. Узбуйненне ж альтэрнатыўных сіл непазбежнае. Да 2020-га, году фармавання палаты прадстаўнікоў чарговага склікання, можна было б падрыхтавацца – зляпіць і раскруціць дзве магутныя партыі (два магутныя блокі?) «левых» і «правых», якія здолелі б правесці ў ПП НС па некалькі асобаў. Нават паводле мажарытарнай сістэмы і з улікам агульнавядомых «нюансаў» падліку.

Няхай бы левыя ў парламенце крытыкавалі Лукашэнку за адмену льгот і камерцыялізацыю сацыяльнай сферы, а правыя, са свайго боку, – за недастатковыя тэмпы прыватызацыі, паборы з прадпрымальнікаў і г. д. Спярша гэта можа выглядаць як гульня, пазней з лідараў блокаў вырастуць сапраўдныя палітыкі… I не прыйдзецца ўжо прыхільнікам перамен выбіраць паміж (Сірожам, Алегам – непатрэбнае закрэсліць) Гайдукевічам ды Таняй Караткевіч.

Ізноў жа, усё гэта падобна да ўтопіі, але праект хітры план ажыццяўляльны. Агулам, некаторыя ідэі з серыяла рэалізуюцца, хоць і ў скажоным выглядзе: расфармаваны Інстытут журналістыкі БДУ (дый інстытут псіхалогіі працуе з канца 2016 г. – у структуры педуніверсітэта; лепей бы самастойна ці пры тым жа БДУ), людзі ў Беларусі менш сталі бухаць, чым пазалетась. Пішуць, паводле ўжывання алкаголю краіна з 2-га месца пераехала на 27-е; з іншага боку, МУС РБ за першыя 5 месяцаў 2018 г. зафіксавала ажно 600 смяротных атручванняў, так што цешыцца ранавата.

А тут яшчэ адна песімістычная канстатацыя ад обер-кардыёлага: «Сярод жанчын за апошнія пяць год колькасць курчых павялічылася ў тры разы і складае 14%. Сярод мужчын [у Беларусі] паляць 46-52%». Паводле звестак 2016 г., Беларусь аказалася на 3-м месцы ў свеце па спажыванні цыгарэт (Ізраіль – у шостым дзясятку, і тым не менш каля 20 ізраільцаў паміраюць штодня ад хваробаў, звязаных з курэннем). Можа, хто і верыць, што курэнне памагае даць рады са стрэсам, а я не веру: паводле колькасці суіцыдаў Беларусь таксама ў 2016 г. была сярод першых у свеце (5-е месца, 26,2 выпадкі на 100 тыс. чал.; Ізраіль – у сярэдзіне, там 5,4 выпадкі). Анамія, выкрытая мудрым французам Эмілем Дзюркгеймам яшчэ пад канец ХІХ ст., – у рот ёй ногі…

За апошні месяц актывізаваліся «настаўнікі жыцця» для яўрэяў і беларусаў. Часткова гэта звязана з праблемай Курапатаў – у скандальную ўстанову харчавання «Поедем поедим» былі ўкладзены т. зв. «яўрэйскія грошы», што непакоіць не толькі Марата Гаравога, а і Зянона Пазняка. З. П. заявіў, што «ў Курапатах стаіць помнік габрэям, расстраляным энкавэдзістамі. Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя – БНФ плянуе таксама паставіць там мэмарыяльны знак у памяць расстралянага менскага габрэйскага паэта Ізі Харыка».

У асяроддзі пратэстоўцаў загучала прапанова – запрасіць у Курапаты прэзідэнта Ізраіля Рэўвена Рыўліна (можа прыехаць у канцы верасня на адкрыццё трасцянецкага мемарыяла), падвесці да «народнага» помніка расстраляным яўрэям, каб госць пранікся… Асабіста я сумняюся, што з гэтага штось атрымаецца, але марыць не забаронена.

Перадача пра адносіны яўрэяў і беларусаў на «Белсаце» планавалася яшчэ ў красавіку… Выйшла ў эфір пару тыдняў таму ў рамках праграмы «Intermarium» пад шматабяцальнай назвай «Беларусы і габрэі: што насамрэч адбылося?» Нягледзячы на нелюбоў да польскага псеўдаліберальнага канала, мусіў паглядзець… На жаль, вядучы і рэдактары адпрацавалі на ўжо знаёмым узроўні. Чаго варты зачын: «Беларуская дзяржава… па-ранейшаму праводзіць гістарычную палітыку Савецкага Саюзу. Гісторыя габрэяў у Беларусі амаль не даследуецца». І што за трызненне далей? «Другая сусветная вайна цалкам справядліва прымусіла нас глядзець на масавыя забойствы ХХ ст. толькі як на трагедыю габрэйскага народу, толькі як на гісторыю габрэяў».

Абмеркаванне адразу ж скацілася ў заезджаную тэму, як нас называць: яўрэі, габрэі ці жыды. Мо’ каму гэта й цікава, мне – не (збольшага выказаўся на той конт у публікацыі яшчэ 2000 года). Ладна журналісты… Фальшывай выявілася і «арыя ізраільскага госця», што не дзіўна (пра «пана прафесара» гл. напрыклад, тут, тут і крыху тут). У яго яшчэ ўзялі асобнае інтэрв’ю: павярхоўшчына руліць. То слова «жыд» у БССР з афіцыйнай мовы выдалілі нібыта ў 1926 г. (насамрэч у 1925 г., і «БАН», г. зн. Беларускай акадэміі навук, тады не існавала, дзейнічаў Інбелкульт), то Лукашэнка апошні раз быў на «Яме» ў 2005 г. (насамрэч – у кастрычніку 2008 г.), то ў Лідзе – адзіная вуліца Шолам-Алейхема ў Беларусі (а як жа горад Рагачоў?) То кожны з былых прэзідэнтаў Ізраіля, народжаных тутака, называў сваю радзіму «не Беларуссю, а Усходняй Польшчай»… Шымон Перэс, які ў 1990-х двойчы наведаў нашу краіну, такі менаваў Беларусь сваёй малой Радзімай і ўласнаручна пазначыў на кнізе, што «Ізраіль нарадзіўся ў Беларусі», ды каго хвалююць факты?

Шыльда ў Вішневе, на месцы, дзе жыў Ш. Перэс. З’явілася ў 2013 г.

Парады адносна рэстытуцыі мелі б пад сабой грунт у пачатку 1990-х – там, здаецца, і «закансерваваўся» гісторык С-цкі. Пасля 20+ гадоў кіравання «адзінага палітыка» ясна, што маёмасць былых яўрэйскіх абшчын вяртаецца суполкам цяперашнім толькі ў выключных выпадках, калі ў дзяржавы не стае рэсурсаў юзаць будынкі старажытных сінагог… Нярэдка спаруды, вернутыя на перыферыі, «вылазяць бокам». Яскравы прыклад – Слонім, дзе амаль няма жыхароў-яўрэяў, але сінагогу ў 2000 г. перадалі на баланс Іудзейскага рэлігійнага аб’яднання РБ. У выніку, звыш 10 год рамонту ў ёй фактычна не вялося.

Што да разваг пра тое, ці з’яўляецца гісторыя яўрэяў Беларусі неад’емнай часткай гісторыі Беларусі – тут ужо не рэкамендацыя разбіць мур ілбом, а спроба ўзламаць адчыненыя дзверы… Даўно ўсе адэкваты разумеюць, што з’яўляецца, і няма цяпер такога, што «яўрэі ў Беларусі – самі па сабе, беларусы – самі па сабе». Інтэракцыі ідуць пастаянна, на розных узроўнях – часам незалежна ад «Чырвонага дома», часам з яго санкцыі.

На лакальным узроўні ў многіх дзяржаўных музеях усталяваныя стэнды, дзе гаворыцца пра яўрэяў (Пінск, Магілёў…). У школах ладзяцца конкурсы краязнаўчага характару з выхадам на «яўрэйскі тэмат» (паказальна, што ў Навагрудку адзін з школьных класаў у 2010 г. узяў сабе імя Джэка Кагана)… Райвыканкамы найчасцей не замінаюць захаванню памяці пра яўрэяў, а бывае, і падтрымліваюць. Амаль ва ўсіх раённых «Кнігах памяці», выдадзеных у 1990-х–2000-х гадах згодна з пастановай ураду, ёсць звесткі пра ахвяраў адпаведных гетаў, нярэдка і пра партызанаў-яўрэяў.

На ўзроўні нацыянальным – Дні памяці ахвяр арганізоўваюцца больш-менш рэгулярна, пачынаючы з 1993 г. Нямала ў іх казёншчыны (вось і зварот пра конкурс 2018 г. пад эгідай мінінфармацыі насцярожвае бюракратычным слэнгам), але ёсць і нешта жывое. У 2008 г., напрыклад, дзяржава дапамагла паставіць рад помнікаў і зняць дакументальны фільм, узнагародзіла медалямі былых вязняў гета, падпольшчыкаў – чым кепска?

Даўно не вымагае празмерных высілкаў апублікаваць артыкул (ці некалькі), прысвечаны яўрэям, у навуковым/навукова-папулярным выданні. Нябожчык Рыгор Рэлес друкаваў матэрыялы пра яўрэйскіх пісьменнікаў у часопісе «Полымя» (1995–1996), я расказваў пра сінагогі Беларусі ды ідышных паэтаў у «Родным слове» (2005), Фелікс Баторын агледзеў яўрэйскую літаратуру Беларусі ў розных нумарах газеты «Літаратура і мастацтва» (2015)… «Яўрэйскі спецвыпуск» міністэрскага часопіса «Маладосць» (№ 4, 2016) таксама пра нешта сведчыць. Як і тое, што Нацыянальны мастацкі музей ахвотна ўключае мастакоў-яўрэяў (Якаў Кругер, Натан Воранаў…) у серыю «Славутыя мастакі з Беларусі».

Ясная рэч, праблем & шурпатасцей у становішчы яўрэяў Беларусі было і ёсць гарою, пра што безліч разоў пісаў (тут, тут, тут, тут…). Але за 40 з чымсьці мінут тэлепраграмы ўдзельнікі прымудрыліся не заглыбіцца ні ў адну з рэальных праблем. ¯\_(ツ)_/¯

Не хадзіце, дзеці, на ТV гуляць! 🙂 І яшчэ бачу, што беларусістыка ў Ізраілі па-ранейшаму мадзее. Канстатаваў гэта 7 год таму ў зборніку «На ізраільскія тэмы», паўтара года таму ў «Катлетах…» Мала што мяняецца. Перакананы, што ў кітайскіх універах даследуюць беларускую сітуацыю куды глыбей, чым у Тэль-Авіўскім, таму і поспехі на тутэйшым рынку ў выхадцаў з КНР значна большыя. Ізраільскі ж партнёр «Белсату» даводзіць, што «развіццё беларуска-ізраільскіх адносінаў вельмі тармозяць арабскія краіны». Тыповы казус знешняга локусу кантролю, ці, прасцей кажучы: «кепскаму танцору…»

Як пазначаецца «тэрыторыя ўплыву». Гродна, май 2018 г. На люку з гербам горада, вырабленым у дзясятках экземпляраў, – надпіс па-кітайску, але ні ідыша, ні іўрыта... Для даведкі: у 1816 г. у Гродне жылі 8422 яўрэі (85% насельнікаў), у 1859 г. — 10300 яўрэяў (53%), у 1887 г. — 27343 (68,7%), у 1897 г. — 22684 (48,4%), у 1910 г. — 31055. Нават 80 год таму яўрэяў сярод гараджанаў была амаль паловатрохі болей, чым кітайцаў.

«Вольфаў цытатнік»

«Людзі, на жаль, у нас як бы пазбаўлены памяці. Яны як бы згадзіліся з тым, што памятаць не трэба, і гэта ўсё роўна, што грузіць сябе… Гэта ўмова такога папулісцкага рэжыму, як наш. Усё спрашчаецца. І першы элемент спрашчэння – гэта страта памяці» (Глеб Паўлоўскі, 12.06.2018).

«Няма такога дыктатара, які б не гукаў пра асаблівы шлях краіны”, бо гэта галоўны довад для падтрымання веры ў рэжым… Ідэялагічныя локшыны маюць за мэтавую аўдыторыю толькі ўнутранага спажыўца… На самай справе ў Беларусі зусім не ўнікальная, а хрэстаматыйная дыктатура з заканамерным фіналам у перспектыве» (Андрэй Вардамацкі, dw.com)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

15.06.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 15.06.2018  13:21

Марат Гаравы. Кобрынскія замалёўкі

Кобрынскія замалёўкі: Духоўнасці скарбы жывыя

Сайт газеты “НоВЫ ЧАС” 30-01-2018

Марат Гаравы

Для Кобрына існуе адна шчымлівая праблема, якую нельга не ўзняць. Пра больш чым 500-гадовае супольнае жыццё мясцовых габрэяў з кобрынцамі іншых этнасаў сёння ў горадзе нагадваюць толькі старадаўнія габрэйскія могілкі, мемарыял ахвярам Халакосту на паўднёвым ускрайку горада ды гмах былой сінагогі.

Наш аўтар, Марат Гаравы, са жніўня жыве ў Кобрыне над Мухаўцом — чароўным заходнебеларускім горадзе на Берасцейшчыне. У рубрыцы «Кобрынскія замалёўкі» мы будзем распавядаць пра цікавыя справы па вяртанню краю яго спрадвечнай гістарычна-культурнай спадчыны.

Кобрын і па сёння захоўвае старадаўнюю планіровачную структуру свайго гістарычнага цэнтру, асноўныя элементы гарманічнага архітэктурнага ландшафту і багатыя скарбы свайго шматвекавога духоўнага жыцця.

Вялікую працу ў зберажэнні гэтых скарбаў вядуць слухачы секцый «Універсітэта залатога ўзросту» пры Кобрынскім клубе дзелавых жанчынаў «Бона», якім кіруе Ала Сапяжынская.

Родная мова — грунт нацыі

Нядаўна з ініцыятывы кіраўнічкі літаратурна-музычнай гасцёўні ўніверсітэта, бібліёграфа Людмілы Заяц, у горадзе адбылася вечарына «Матчына мова — родная мова», пад час якой гучалі творы з фальклорных скарбаў і нацыянальнай літаратурнай спадчыны, у тым ліку класікаў беларускага прыгожага пісьменства Францішка Багушэвіча, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча, Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча, Кандрата Крапівы, Яўгеніі Янішчыц і Дануты Бічэль-Загнетавай. Кожны з іх у свой час дадаў фарбаў да арэолу нашай мовы, каб узнесці яе на вяршыню духоўнага жыцця беларусаў.

Удзельнікі вечарыны «Матчына мова — родная мова»

Тая цеплыня, з якой ўдзельнікі гасцёўні прымалі выступоўцаў, сведчыць пра неўміручасць і магутны патэнцыял такой старадаўняй, мілагучнай і багатай роднай мовы, якая найперш вылучае беларусаў сярод іншых народаў свету і натхняе ў самых цяжкіх варунках жыцця.

Людміла Заяц

Праблемы папулярызацыі беларускай мовы абмяркоўваліся на пасяджэнні гістарычна-краязнаўчай секцыі «Кобрынскі ключ». Гаворка, між іншым, ішла пра намаганні, каб Свята горада і ўсе масавыя мерапрыемствы ў Кобрыне праводзіліся на дзяржаўнай беларускай мове — мове тытульнай нацыі Беларусі; каб падчас Свята горада працавала школа беларускага народнага танца; сярод школьнікаў распаўсюджвалася ідэя калектыўных спеваў сучасных беларускіх песень, такіх, скажам, як «Будзь разам з намі» гурта «Крама».

Каб ладзіўся гарадскі конкурс знаўцаў мясцовай гісторыі і культуры, вынікі якога будуць агучвацца на Свяце гораду: на лепшую беларускамоўную рэкламу тавараў і паслуг, на лепшы беларускамоўны дызайн, налепку, слоган, на лепшую беларускамоўную назву прадукцыі і прадпрыемства.

Каб штогод 21 лютага ў Міжнародны дзень роднай мовы, які курыруе ЮНЕСКА, праводзілася свята «Кобрын размаўляе па-беларуску» і гарадскі конкурс вышыванак. Намагацца, урэшце, правядзення ў Кобрыне Рэспубліканскага свята беларускага пісьменства і друку, якое будзе спрыяць духоўнаму адраджэнню кобрынцаў і пашырэнню ўжывання сярод іх роднай мовы.

Удзельнікі пасяджэння секцыі «Кобрынскі ключ»

Трэба мець на ўвазе, што кобрынцы рупліва шануюць скарбы сваёй народнай мовы ў выглядзе мясцовых гаворак, якія маюць шмат агульнага з гаворкамі паўночных раёнаў Валынскай і Ровенскай абласцей Украіны, а таксама рысы іншых славянскіх, балцкіх і германскіх моваў.

Спявае Любоў Асіпчук, акампаніруе на баяне Васіль Заруба

Спявае кіраўніца вакальнай групы ўніверсітэта Юзэфа Алейнік

Будзем удзячныя нашым землякам-габрэям

Для Кобрына, як і для іншых беларускіх гарадоў, існуе адна шчымлівая праблема, якую нельга не ўзняць. Пра больш чым 500-гадовае супольнае жыццё мясцовых габрэяў з кобрынцамі іншых этнасаў і веравызнанняў сёння ў горадзе нагадваюць толькі старадаўнія габрэйскія могілкі, мемарыял ахвярам Халакосту на паўднёвым ускрайку горада, а таксама гмах былой сінагогі.

Сёння пра мінулую веліч габрэйскай супольнасці месца нагадвае толькі гмах былой Кобрынскай вялікай харальнай сінагогі сярэдзіны XIX стагоддзя, якая па раскошы свайго ўбрання не мела роўных ва Усходняй Еўропе, а па сваёй велічыні была другой у Беларусі пасля Мінскай сінагогі. Габрэйская святыня Кобрына, якая перажыла разбурэнне ў гады Халакосту і знявагу пад саветамі, што выкарыстоўвалі Божы храм пад піўзавод, і па сёння сіратліва чакае выратавання…

Апроч таго, у кнізе «Памяць. Кобрынскі раён» прыведзены спіс «Мірныя жыхары яўрэйскай нацыянальнасці, што загінулі, як мяркуецца, у 1941-1942 гадах», у які ўвайшло не больш за 550 ахвяраў Халакосту, у той час як па афіцыйных дадзеных пад час акупацыі з 16 тысяч даваенных жыхароў гораду нацысты забілі 6900 чалавек, у асноўным габрэяў. Імёны, лёсы і вобразы большасці кабрынчанаў — ахвяраў Катастрофы еўрапейскага габрэйства яшчэ чакаюць свайго ўшанавання.

Вуліца Першамайская, дзе ў міжваенны час у асноўным жылі габрэі

Днямі сябры гістарычна-краязнаўчай секцыі «Кобрынскі ключ» абмеркавалі праблему вывучэння гісторыі мясцовага габрэйства і ўвекавечвання ягонай памяці.

Слухач універсітэта — былы суддзя і намеснік старшыні Кобрынскага гарвыканкама Алесь Сапяжынскі — пазнаёміў удзельнікаў вечарыны з велічнай чатырохтысячагадовай мінуўшчынай габрэяў і іхнага веравызнання — юдаізму, які быў не толькі першым у гісторыі рэлігійным культам адзінага Бога, але і духоўным падмуркам хрысціянства і ісламу.

Віктар Бордзюг і Алесь Сапяжынскі

Спадар Алесь звярнуў увагу на тое, што, паколькі габрэйскі прарок Майсей быў чалавекам пакорлівым, верным і паслухмяным Усявышняму, Ён сярод усіх народаў абраў менавіта народ Ізраіля і заключыў з ім запавет у выглядзе Дэкалогу (10 запаведзяў), якія сталі этычнымі нормамі юдэяў, а затым і сучаснай цывілізацыі. Вось чаму габрэі лічаць, што калі яны парушаюць запавет з Богам, грашаць і дэградуюць, дык самі вінаватыя ў сваіх пакутах.

Разам з тым, выкананне Дэкалогу разумеецца юдэямі, як грунт для ўнутранага развіцця сваёй асобы, а не падстава для сцвярджэння нейкай перавагі над іншымі, іхнай дыскрымінацыі альбо прыгнёту. Гэты падыход адлюстраваны ў прынцыпе жыцця верніка-габрэя: жыві сам і дай жыць іншым, падкрэсліў выступоўца.

Ён нагадаў, што ў другой палове I стагоддзя н.э. у выніку Юдэйскай вайны супраць Рыму габрэі страцілі сваю дзяржаўнасць і вымушаны былі пакінуць радзіму продкаў і сваю духоўную святыню — Другі храм у Ерусаліме, разбураны рымлянамі. Каб захаваць сваю этнічную і духоўную непаўторнасць, не стаць ахвярамі нацыянальнай і рэлігійнай асіміляцыі, габрэі ў галуце (выгнанні) жылі кагалам (абшчынай), цэнтрам якога была сінагога. Дзякуючы гэтай адасобленасці народ не толькі захаваўся, нягледзячы на абмежаванні, пагромы і здзекі, аднак амаль праз дзве тысячы гадоў зноўку адрадзіў сваю дзяржаўнасць на гістарычнай радзіме, што ўвогуле ёсць унікальная з’ява ў гісторыі чалавецтва.

Былы вайскоўца Віктар Бордзюг, апантаны ідэяй вярнуць гораду яго габрэйскае мінулае, узяўся за сур’ёзную і цяжкую працу — перакласці 407-старонкавы зборнік успамінаў «Кніга Кобрына; скрутак жыцця і знішчэння» пад рэдакцыяй Бэцалеля Шварца, выдадзены на іўрыце ў Тэль-Авіве (Ізраіль) Хаімам Білецкім у 1951 годзе.

 

Спадар Віктар распавёў, што ў час паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі габрэі складалі большасць жыхароў Кобрынa, былі людзьмі адукаванымі, займаліся, у тым ліку, асветай, аховай здароўя, рамесніцтвам, банкаўскай справай і прадпрымальніцтвам. Мясцовым габрэям належaлі большасць гарадскіх камяніцаў, два кінатэатры, лесапільня, тры паравыя млыны, два цагельныя заводы, усе гатэлі і цырульні горадa, дзве друкарні, дзе выдаваліся мясцовыя газеты на мове ідыш «Кобрынэр штыме» («Голас Кобрына») і «Кобрынэр вохенблат» («Кобрынскі штотыднёвік»), мылаварня, маслабойня, свечачны і вяровачны заводы, фабрыка гільзаў для цыгарак. Аднак за саветамі ўся гэтая маёмасць была нацыяналізаваная.

Кобрынскія габрэі ў міжваенны час. Здымак са зборніка ўспамінаў «Кніга Кобрына; скрутак жыцця і знішчэння», Тель-Авіў, 1951

Выступоўца прывёў цікавыя факты, што тычацца нацысцкага «новага парадку» і «канчатковага вырашэння габрэйскага пытання» ў Кобрыне. Як толькі горад быў акупаваны, нацысты падпалілі габрэйскую школу, а калі мясцовыя габрэі кінуліся тушыць будынак, іх забілі і саміх кінулі ў агонь… Ужо пасля вайны, 20 траўня 1946 года, габрэйская дзяўчына цягніком дабралася да станцыі Тэўлі, а затым пешшу да Кобрына, каб паглядзець на свой дом. Аднак убачыла зруйнаваны мёртвы горад без габрэйскага жыцця, дзе яе ніхто не чакаў, а ў сваім доме знайшла вайсковую ўстанову. З дазволу ахоўніка на гарышчы абрабаванай хаты дзяўчына паспрабавала знайсці здымкі сваякоў, але безвынікова, пастаяла, нараўлася і сышла з думкай: «А знаёмыя казалі, каб не ехала. Дарма іх не паслухала…».

Паводле доктаркі Жаны Разліванавай, да вайны большасць мясцовых габрэяў жыла на вуліцах Першамайскай (былая 3 траўня), Інтэрнацыянальнай (былая Іцхака-Лейбуша Перэца) і Суворава (былая Рамуальда Траўгута), а часткова — на пляцы Волі (былы пляц Рынак).

Жана Разліванава

Як зазначыла спадарыня Жана, каля 100 мясцовых габрэяў збеглі з гарадскога гета і змагаліся супраць нацыстаў у партызанах, аднак паколькі многія загінулі, у тым ліку і ад рук саміх партызанаў, з лесу ў Кобрын вярнуліся толькі 16 чалавек.

Кіраўніца секцыі «Кобрынскі ключ», гісторык Ірына Сіманава паведаміла, што падчас акупацыі гораду нацыстамі ксяндзы Кобрынскага касцёлу Ян Вольскі і Уладзіслаў Гробэльны схавалі восем габрэйскіх дзяцей, за што былі расстраляныя разам з вязнямі мясцовага гета.

Ірына Сіманава

Паводле спадарыні Ірыны, згодна апошняга перапісу насельніцтва ў краі жывуць усяго толькі 14 габрэяў, у тым ліку 13 — у Кобрыне.

Трэба мець на ўвазе, што з гістарычнай Кобрыншчынай непасрэдна звязаныя лёсы многіх выбітных беларускіх габрэяў, у тым ліку першага прэзідэнта Дзяржавы Ізраіль Хаіма Вейцмана і амерыканскага матэматыка Оскара Зарыскага.

На вечарыне прагучалі прапановы аб падрыхтоўцы і выданні на беларускай мове «Кнігі Кобрына; скрутак жыцця і знішчэння», а таксама пра неабходнасць усталявання ў цэнтры горада сціплага сімвалу памяці гараджанаў пра тых, з кім яны паўтысячы гадоў жылі разам адной сям’ёю. Гэткім сімвалам можа стаць невялікая пластычная кампазіцыя «Удзячныя кабрынчане сваім землякам-габрэям», у якой будзе адлюстраваны больш чым 500-гадовы ўнёсак мясцовага габрэйства ў гісторыю месца, амаль поўнае знішчэнне тутэйшай габрэйскай супольнасці пад час Другой сусветнай вайны, а таксама той факт, што значная частка камяніцаў у гістарычным цэнтры Кобрыну некалі належала сем’ям габрэяў.

Фота аўтара

Крыніца

Апублiкавана 31.01.2018  00:18

“Кніга памяці габрэяў Бельска Падляшскага”

27.01.2018

У Беластоку прэзентавалі “Кнігу памяці габрэяў Бельска Падляшскага”

“Кніга памяці габрэяў Бельска Падляшскага” – гэта пачатак да разумення супольнай мінуўшчыны. У Цэнтры Людвіка Заменгофа ў Беластоку прайшла прэзентацыя кнігі ўспамінаў бельскіх габрэяў у перакладзе на польскую мову.

Над кнігай працавалі даследчыкі Войцех Кананчук і Дарафей Фіёнік: – Той сімбіёз дзвух светаў стварыў новую якасць, стварыў асаблівае места на фоне іншых, якое паказвала, як можна мірна добра жыць разам. Габрэі прыйшлі да Бельска, калі тут было моцнае мяшчанства – рускае, польскае, з многавекавымі багатымі традыцыямі, і яны чэрпалі з таго дасведу, які быў перад імі. Габрэі ў Бельску пачалі масава пасяляцца ў пачатку 19 стагоддзя. “Кніга памяці габрэяў Бельска Падляшскага” – гэта першы польскі пераклад кніг памяці, якія напісалі выхадцы з Падляшша. Агулам ёсць 44 такія кнігі памяці.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя Фота аўтаркі

***

Пабачыла свет «Кніга памяці габрэяў Бельска Падляшскага»

Апублiкавана 27.01.2018  23:17