Tag Archives: Дни памяти

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (77)

Шалом, ён жа мір! Тут за «прэзідэнцкі» шакалад з аўтографам-зычэннем бізнэсовец Аляксандр Машэнскі, «наш чалавек», выклаў 10 тыс. USD – хоць стой, хоць падай… Раней мне выпадала прасіць на друк ідышна-беларускіх кніг па 50-100 долараў, дык і тады калегі сп. Аляксандра круцілі носам. Калі хто раскашэльваўся, то «люд паспаліты».

А. Машэнскі (фота А. Несхадзімава для РБК) і яго прыз

Кажуць, грошы за супершакаладку пойдуць дзецям… Добра, калі так, дый увогуле не маю нічога супраць тутэйшага трэцяга прадпрымальніцкага саслоўя. Больш за тое, хацеў бы, каб яно, у рэшце рэшт, стварыла «сваю» палітычную партыю – дахадзяжная АГП з яе гумарным старшынёй на гэтую ролю не цягне 🙁 Пакуль жа, выглядае, гродзенская панчошная фірма фінансуе чужых палітыкаў – няйначай новы прэм’ер-міністр Італіі Джузэпе Контэ быў выбраны, каб прапіярыць вырабы «Conte» 😉

Попыт у Беларусі на партыйную сістэму, адрозна ад першых лукашэнскіх гадоў, цяпер ужо ёсць. У грамадстве па меры развіцця капіталізму – амаль паводле дзеда-Леніна – нарастаюць супярэчнасці і фармуюцца групы ціску. Аптымальнай сталася б двухпартыйная сістэма а-ля ЗША або Вялікабрытанія. Мазаіка а-ля цяперашні Ізраіль з яго крохкімі кааліцыямі, а пагатоў італьянская палітчахарда тут непамысныя, бо выдаткі на «згладжванне вуглоў» акажуцца завялікімі. У горшым выпадку зноў забуяе аднапартыйнасць з дэкарацыйнымі карлікавымі парцейкамі (зірнем на КНР).

Карацей, патрэбныя выбары ў «парламент» (зараз палата прадстаўнікоў – гэта квазіпарламент, але потым – хто ведае?) паводле прапарцыйнай сістэмы з досыць высокім прахадным бар’ерам, хіба 10%. Для ізраільскіх партый доўгі час ён сягаў 1% ад галасоў выбаршчыкаў, потым падвышаўся, але і цяпер, па-мойму, занадта нізкі (3,25%).

Cтратэгічная задача партый у РБ – пераключыць «знешні локус кантролю» на ўнутраны. Іначай кажучы, важна, каб грамадзяне (пераважная большасць…) паверылі ў свае сілы ды перасталі шукаць рашэнняў па-за межамі краіны. Як «правацэнтрысты» Губарэвіч, Лябедзька і Рымашэўскі з іх травеньскай выправай у ЗША. Ці як Лукашэнка ды яго паплечнікі, што занадта часта ківалі на сусветны эканамічны крызіс, злы Рассельгаснагляд etc.

«Аб’яднанне апазіцыі» ў адной суперпартыі – утопія; сёлета, у сувязі з адзначэннем 100-годдзя БНР і падзеямі вакол Курапатаў, гэта высветлілася канчаткова. Узбуйненне ж альтэрнатыўных сіл непазбежнае. Да 2020-га, году фармавання палаты прадстаўнікоў чарговага склікання, можна было б падрыхтавацца – зляпіць і раскруціць дзве магутныя партыі (два магутныя блокі?) «левых» і «правых», якія здолелі б правесці ў ПП НС па некалькі асобаў. Нават паводле мажарытарнай сістэмы і з улікам агульнавядомых «нюансаў» падліку.

Няхай бы левыя ў парламенце крытыкавалі Лукашэнку за адмену льгот і камерцыялізацыю сацыяльнай сферы, а правыя, са свайго боку, – за недастатковыя тэмпы прыватызацыі, паборы з прадпрымальнікаў і г. д. Спярша гэта можа выглядаць як гульня, пазней з лідараў блокаў вырастуць сапраўдныя палітыкі… I не прыйдзецца ўжо прыхільнікам перамен выбіраць паміж (Сірожам, Алегам – непатрэбнае закрэсліць) Гайдукевічам ды Таняй Караткевіч.

Ізноў жа, усё гэта падобна да ўтопіі, але праект хітры план ажыццяўляльны. Агулам, некаторыя ідэі з серыяла рэалізуюцца, хоць і ў скажоным выглядзе: расфармаваны Інстытут журналістыкі БДУ (дый інстытут псіхалогіі працуе з канца 2016 г. – у структуры педуніверсітэта; лепей бы самастойна ці пры тым жа БДУ), людзі ў Беларусі менш сталі бухаць, чым пазалетась. Пішуць, паводле ўжывання алкаголю краіна з 2-га месца пераехала на 27-е; з іншага боку, МУС РБ за першыя 5 месяцаў 2018 г. зафіксавала ажно 600 смяротных атручванняў, так што цешыцца ранавата.

А тут яшчэ адна песімістычная канстатацыя ад обер-кардыёлага: «Сярод жанчын за апошнія пяць год колькасць курчых павялічылася ў тры разы і складае 14%. Сярод мужчын [у Беларусі] паляць 46-52%». Паводле звестак 2016 г., Беларусь аказалася на 3-м месцы ў свеце па спажыванні цыгарэт (Ізраіль – у шостым дзясятку, і тым не менш каля 20 ізраільцаў паміраюць штодня ад хваробаў, звязаных з курэннем). Можа, хто і верыць, што курэнне памагае даць рады са стрэсам, а я не веру: паводле колькасці суіцыдаў Беларусь таксама ў 2016 г. была сярод першых у свеце (5-е месца, 26,2 выпадкі на 100 тыс. чал.; Ізраіль – у сярэдзіне, там 5,4 выпадкі). Анамія, выкрытая мудрым французам Эмілем Дзюркгеймам яшчэ пад канец ХІХ ст., – у рот ёй ногі…

За апошні месяц актывізаваліся «настаўнікі жыцця» для яўрэяў і беларусаў. Часткова гэта звязана з праблемай Курапатаў – у скандальную ўстанову харчавання «Поедем поедим» былі ўкладзены т. зв. «яўрэйскія грошы», што непакоіць не толькі Марата Гаравога, а і Зянона Пазняка. З. П. заявіў, што «ў Курапатах стаіць помнік габрэям, расстраляным энкавэдзістамі. Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя – БНФ плянуе таксама паставіць там мэмарыяльны знак у памяць расстралянага менскага габрэйскага паэта Ізі Харыка».

У асяроддзі пратэстоўцаў загучала прапанова – запрасіць у Курапаты прэзідэнта Ізраіля Рэўвена Рыўліна (можа прыехаць у канцы верасня на адкрыццё трасцянецкага мемарыяла), падвесці да «народнага» помніка расстраляным яўрэям, каб госць пранікся… Асабіста я сумняюся, што з гэтага штось атрымаецца, але марыць не забаронена.

Перадача пра адносіны яўрэяў і беларусаў на «Белсаце» планавалася яшчэ ў красавіку… Выйшла ў эфір пару тыдняў таму ў рамках праграмы «Intermarium» пад шматабяцальнай назвай «Беларусы і габрэі: што насамрэч адбылося?» Нягледзячы на нелюбоў да польскага псеўдаліберальнага канала, мусіў паглядзець… На жаль, вядучы і рэдактары адпрацавалі на ўжо знаёмым узроўні. Чаго варты зачын: «Беларуская дзяржава… па-ранейшаму праводзіць гістарычную палітыку Савецкага Саюзу. Гісторыя габрэяў у Беларусі амаль не даследуецца». І што за трызненне далей? «Другая сусветная вайна цалкам справядліва прымусіла нас глядзець на масавыя забойствы ХХ ст. толькі як на трагедыю габрэйскага народу, толькі як на гісторыю габрэяў».

Абмеркаванне адразу ж скацілася ў заезджаную тэму, як нас называць: яўрэі, габрэі ці жыды. Мо’ каму гэта й цікава, мне – не (збольшага выказаўся на той конт у публікацыі яшчэ 2000 года). Ладна журналісты… Фальшывай выявілася і «арыя ізраільскага госця», што не дзіўна (пра «пана прафесара» гл. напрыклад, тут, тут і крыху тут). У яго яшчэ ўзялі асобнае інтэрв’ю: павярхоўшчына руліць. То слова «жыд» у БССР з афіцыйнай мовы выдалілі нібыта ў 1926 г. (насамрэч у 1925 г., і «БАН», г. зн. Беларускай акадэміі навук, тады не існавала, дзейнічаў Інбелкульт), то Лукашэнка апошні раз быў на «Яме» ў 2005 г. (насамрэч – у кастрычніку 2008 г.), то ў Лідзе – адзіная вуліца Шолам-Алейхема ў Беларусі (а як жа горад Рагачоў?) То кожны з былых прэзідэнтаў Ізраіля, народжаных тутака, называў сваю радзіму «не Беларуссю, а Усходняй Польшчай»… Шымон Перэс, які ў 1990-х двойчы наведаў нашу краіну, такі менаваў Беларусь сваёй малой Радзімай і ўласнаручна пазначыў на кнізе, што «Ізраіль нарадзіўся ў Беларусі», ды каго хвалююць факты?

Шыльда ў Вішневе, на месцы, дзе жыў Ш. Перэс. З’явілася ў 2013 г.

Парады адносна рэстытуцыі мелі б пад сабой грунт у пачатку 1990-х – там, здаецца, і «закансерваваўся» гісторык С-цкі. Пасля 20+ гадоў кіравання «адзінага палітыка» ясна, што маёмасць былых яўрэйскіх абшчын вяртаецца суполкам цяперашнім толькі ў выключных выпадках, калі ў дзяржавы не стае рэсурсаў юзаць будынкі старажытных сінагог… Нярэдка спаруды, вернутыя на перыферыі, «вылазяць бокам». Яскравы прыклад – Слонім, дзе амаль няма жыхароў-яўрэяў, але сінагогу ў 2000 г. перадалі на баланс Іудзейскага рэлігійнага аб’яднання РБ. У выніку, звыш 10 год рамонту ў ёй фактычна не вялося.

Што да разваг пра тое, ці з’яўляецца гісторыя яўрэяў Беларусі неад’емнай часткай гісторыі Беларусі – тут ужо не рэкамендацыя разбіць мур ілбом, а спроба ўзламаць адчыненыя дзверы… Даўно ўсе адэкваты разумеюць, што з’яўляецца, і няма цяпер такога, што «яўрэі ў Беларусі – самі па сабе, беларусы – самі па сабе». Інтэракцыі ідуць пастаянна, на розных узроўнях – часам незалежна ад «Чырвонага дома», часам з яго санкцыі.

На лакальным узроўні ў многіх дзяржаўных музеях усталяваныя стэнды, дзе гаворыцца пра яўрэяў (Пінск, Магілёў…). У школах ладзяцца конкурсы краязнаўчага характару з выхадам на «яўрэйскі тэмат» (паказальна, што ў Навагрудку адзін з школьных класаў у 2010 г. узяў сабе імя Джэка Кагана)… Райвыканкамы найчасцей не замінаюць захаванню памяці пра яўрэяў, а бывае, і падтрымліваюць. Амаль ва ўсіх раённых «Кнігах памяці», выдадзеных у 1990-х–2000-х гадах згодна з пастановай ураду, ёсць звесткі пра ахвяраў адпаведных гетаў, нярэдка і пра партызанаў-яўрэяў.

На ўзроўні нацыянальным – Дні памяці ахвяр арганізоўваюцца больш-менш рэгулярна, пачынаючы з 1993 г. Нямала ў іх казёншчыны (вось і зварот пра конкурс 2018 г. пад эгідай мінінфармацыі насцярожвае бюракратычным слэнгам), але ёсць і нешта жывое. У 2008 г., напрыклад, дзяржава дапамагла паставіць рад помнікаў і зняць дакументальны фільм, узнагародзіла медалямі былых вязняў гета, падпольшчыкаў – чым кепска?

Даўно не вымагае празмерных высілкаў апублікаваць артыкул (ці некалькі), прысвечаны яўрэям, у навуковым/навукова-папулярным выданні. Нябожчык Рыгор Рэлес друкаваў матэрыялы пра яўрэйскіх пісьменнікаў у часопісе «Полымя» (1995–1996), я расказваў пра сінагогі Беларусі ды ідышных паэтаў у «Родным слове» (2005), Фелікс Баторын агледзеў яўрэйскую літаратуру Беларусі ў розных нумарах газеты «Літаратура і мастацтва» (2015)… «Яўрэйскі спецвыпуск» міністэрскага часопіса «Маладосць» (№ 4, 2016) таксама пра нешта сведчыць. Як і тое, што Нацыянальны мастацкі музей ахвотна ўключае мастакоў-яўрэяў (Якаў Кругер, Натан Воранаў…) у серыю «Славутыя мастакі з Беларусі».

Ясная рэч, праблем & шурпатасцей у становішчы яўрэяў Беларусі было і ёсць гарою, пра што безліч разоў пісаў (тут, тут, тут, тут…). Але за 40 з чымсьці мінут тэлепраграмы ўдзельнікі прымудрыліся не заглыбіцца ні ў адну з рэальных праблем. ¯\_(ツ)_/¯

Не хадзіце, дзеці, на ТV гуляць! 🙂 І яшчэ бачу, што беларусістыка ў Ізраілі па-ранейшаму мадзее. Канстатаваў гэта 7 год таму ў зборніку «На ізраільскія тэмы», паўтара года таму ў «Катлетах…» Мала што мяняецца. Перакананы, што ў кітайскіх універах даследуюць беларускую сітуацыю куды глыбей, чым у Тэль-Авіўскім, таму і поспехі на тутэйшым рынку ў выхадцаў з КНР значна большыя. Ізраільскі ж партнёр «Белсату» даводзіць, што «развіццё беларуска-ізраільскіх адносінаў вельмі тармозяць арабскія краіны». Тыповы казус знешняга локусу кантролю, ці, прасцей кажучы: «кепскаму танцору…»

Як пазначаецца «тэрыторыя ўплыву». Гродна, май 2018 г. На люку з гербам горада, вырабленым у дзясятках экземпляраў, – надпіс па-кітайску, але ні ідыша, ні іўрыта... Для даведкі: у 1816 г. у Гродне жылі 8422 яўрэі (85% насельнікаў), у 1859 г. — 10300 яўрэяў (53%), у 1887 г. — 27343 (68,7%), у 1897 г. — 22684 (48,4%), у 1910 г. — 31055. Нават 80 год таму яўрэяў сярод гараджанаў была амаль паловатрохі болей, чым кітайцаў.

«Вольфаў цытатнік»

«Людзі, на жаль, у нас як бы пазбаўлены памяці. Яны як бы згадзіліся з тым, што памятаць не трэба, і гэта ўсё роўна, што грузіць сябе… Гэта ўмова такога папулісцкага рэжыму, як наш. Усё спрашчаецца. І першы элемент спрашчэння – гэта страта памяці» (Глеб Паўлоўскі, 12.06.2018).

«Няма такога дыктатара, які б не гукаў пра асаблівы шлях краіны”, бо гэта галоўны довад для падтрымання веры ў рэжым… Ідэялагічныя локшыны маюць за мэтавую аўдыторыю толькі ўнутранага спажыўца… На самай справе ў Беларусі зусім не ўнікальная, а хрэстаматыйная дыктатура з заканамерным фіналам у перспектыве» (Андрэй Вардамацкі, dw.com)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

15.06.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 15.06.2018  13:21