Tag Archives: Моисей Кульбак

Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (51)

Калі паважаныя чытачы (не называю «сябрамі», бо далёка не ўсе мне сябры, а ў давер, як асобныя прадстаўніцы клана Ч., уцірацца не люблю і не ўмею) заўважылі, то лейтматывам амаль усіх папярэдніх серый быў заклік жыць сваім розумам. Па-мойму, заклік актуальны, і доўга такім застанецца. У 1930-х Марына Цвятаева кпіла з чытачоў газет, параўноўвала апошнія з «экземай». У 1990-х, прыпамінаю, Гірш Рэлес у адным сваім вершы выказаўся пра «тэлесоску» для гледачоў. Ну, а зараз ад інтэрнэтнай інфы ды пустой балбатні паратунку няма. У нечым меў рацыю расійскі філосаф Аляксандр Зіноўеў: «Інфармацыяй свет завалены… Свет увогуле, з інтэлектуальнага гледзішча, засмечаны настолькі, што спатрэбіцца стагоддзе для яго ачысткі».

Вось і госць № 4 «клуба Алексіевіч» вяшчае: «Сацыяльныя сеткі расчынілі дзверы для папулізму». Праблема яшчэ ў тым, што, дэманструючы маніпулятыўную сутнасць «сучасных тэхналогій», паняволі мусіш карыстацца гэтымі самымі тэхналогіямі… Зрэшты, чаго-чаго, а мабільнага тэлефона ў мяне ніколі не было. Як і акаўнтаў у пэйсбуках.

З надыходам вясны заняўся інвентарызацыяй і «поглядам акінуў шлях» (як не ўспомніць файны зборнік вершаў Фелікса Баторына «Паглядам акідваю шлях» – Мінск, 2001). Вылушчыў з пяцідзесяці папярэдніх серый «Катлет і мух» фразачкі, якія патэнцыйна могуць зачапіць і зараз, а ў цэлым пакідаюць пэўнае ўражанне пра серыял. Да афарызмаў Ларашфуко – і нават Сальвадора Далі – ім далёка, але да рэфлексій кагосьці падштурхнулі ўжо. Ці не?..

  1. «Можа быць, справа ў эпосе, якая высоўвае на першы план людзей з недысцыплінаваным, кліпавым мысленнем» (10.10.2015).
  2. «Трывожыць пашырэнне ў Беларусі паганскіх каштоўнасцей (не блытаць з атэізмам савецкага ўзору)» (22.10.2015).
  3. «Жыццё ў сучаснай Беларусі такое, што кожны – ці амаль кожны – час ад часу мусіць займацца не сваёй справай» (06.11.2015).
  4. «2016 год хацелася б сустрэць без агрэсіі, якую жывіць падманлівая прапаганда з розных бакоў… Ідэі “дэсаветызацыі” беларусаў, выціскання на задні план “чырвонага чалавека” спазніліся – калі не на 15, то на 10 гадоў» (22.12.2015).
  5. «У Беларусі назіраецца сумная заканамернасць – чым горш становішча ў гаспадарцы, тым больш актыўна сябе паводзяць прапагандысты» (18.01.2016).
  6. «Ёсць і ў дзяржаўных установах людзі, якія прафесійна выконваюць сваю працу ды кажуць, што думаюць (асцярожна, але кажуць)… Ад стрыжня ў чалавеку многае залежыць – калі не ўсё» (03.04.2016).
  7. «Не паглядзеўшы ў мінулае без ружовых акуляраў, не прааналізаваўшы памылкі папярэднікаў, не “закрыўшы гештальт”, нікуды мы не прыйдзем. Гэта разумеў украінскі літаратар і журналіст Алесь Бузіна» (24.04.2016).
  8. «Дзякуй Б-гу, нямала шчэ ў нашай краіне прыстойных ды кваліфікаваных людзей. Не ўсё страчана ў бізнэсе, літаратуры, мастацтве, сістэме адукацыі, аховы здароўя… ды нават судовай сістэме» (20.05.2016).
  9. «Аксіёма: без ведання ідыша немагчыма ніякае сур’ёзнае вывучэнне гісторыі і культуры ўсходнееўрапейскіх (у прыватнасці, беларускіх) яўрэяў» (12.06.2016).
  10. «Што да вышэйшых чыноўнікаў РБ – яны з 1990-х гадоў прызвычаіліся ўдаваць з сябе дурнаватых. Магчыма, так ім лягчэй існаваць у гэтым складаным свеце; улічваючы тое, што сеанс “калектыўнай тупаватасці” доўжыцца трэці дзясятак гадоў, не такая дурная тая верхавіна, як часам хоча падавацца» (24.06.2016).
  11. «Не дзяржава павінна кантраляваць інфармацыйныя плыні ў сям’і; стагоддзямі гэтым займаліся бацькі і апекуны, якія неяк давалі рады з выхаваннем дзяцей без цэтлікаў “0+”, “6+”, “12+” і г. д. Збыткоўная паліткарэктнасць, спалучаная з аўтарытарызмам, здольная адно выгадаваць пакаленне прыстасаванцаў і забіць ахвоту да творчасці ў дарослых» (27.06.2016).
  12. «Бяда многіх расійскіх (i беларускіх…) дэмакратаў – ім фатальна не стае глыбіні, і яны, бы тыя “strangers in the night”, блукаюць у прыцемках» (17.07.2016).
  13. «Ёсць прадчуванне, што сёлета і ў “палаце № 6” (сур’ёзна – палата прадстаўнікоў шостага склікання!) з’явіцца кволае прадстаўніцтва «альтэрнатыўных сіл» (15.08.2016).
  14. «Баязліўцаў-перастрахоўшчыкаў замнога ў Беларусі, і не заўсёды яны тояцца ў дзяржаўных установах» (05.09.2016).
  15. «Украінска-яўрэйскія і, шырэй, украінска-ізраільскія адносіны заўсёды былі… не тое што канфліктнымі, а непрадказальнымі. Можа, справа ў тэмпераменце двух народаў. Пры ўсіх глупствах і пераходах на асобы добра тое, што дыскусія па гістарычных пытаннях у нашай паўднёвай суседцы cяк-так вядзецца… У Беларусі ж, выглядае, не так многа людзей, якіх цікавіць мінулае» (07.10.2016).
  16. «Як крыніцай улады з’яўляецца народ, так і крыніцай варожасці да “іншых” з’яўляецца ўсімі любімае грамадства. Калі б з боку апошняга не было запыту на “hate speech”, то мова нянавісці і не вылазіла б на публіку. Што не здымае адказнасці з канкрэтных “-фобаў”» (19.10.2016).
  17. «Беларусі нагвалт патрэбен самавіты Інстытут псіхалогіі, а не адна кафедра пры БДУ. А вось інстытутам журналістыкі (экс-журфак) лёгка можна ахвяраваць: гэта праект познесталінскага часу, калі ўсе газетчыкі лічыліся важнымі ідэалагічнымі работнікамі, таму іх і рыхтавалі ажно пяць гадоў» (06.11.2016).
  18. «Тутэйшым працоўным трэба ўжо адмовіцца ад арыентацыі на сярэднемесячныя паказчыкі, а дабівацца падвышэння мінімальнага заробку за гадзіну працы» (18.11.2016).
  19. «Дастаткова крыху пажыць у Беларусі, каб дазнацца, што ў нас мнагавата службоўцаў, якія дублююць функцыі адно аднаго» (22.11.2016).
  20. «Стаміўся ўжо валтузіцца з прымаўкай “Рыба гніе з галавы”, аднак нічога лепшага пра беладукацыю на розум не прыходзіць» (04.12.2016).
  21. «Cам па сабе клуб “Святлана Алексіевіч запрашае” не вытруціць шэрасць з мінскай публікі, але дае шанс на тое, што нехта з наведнікаў уздымецца над сабою… Зразумела, праблемы ліха і дабра ў рэшце рэшт вырашае кожны для сябе сам, не ў масе» (13.12.2016).
  22. «Ахвяры і пакутнікі не заўсёды становяцца героямі, дарма што з іх раз-пораз лепяць герояў. Папраўдзе, дужа рэдка становяцца» (16.12.2016).
  23. «20 год таму ўмоўны «Захад» мог адносна лёгка стаць на шляху спаўзання Беларусі ў аўтарытарызм, ды не пажадаў… Пара б кандыдатам на ролю “беларускага Гаўла” ўцяміць, што, перш чым ісці “бацьку біць”, трэба хоць міжсобку дамовіцца» (19.12.2016).
  24. «Зараз Беларусі нагвалт патрэбная інтэграцыя з Літвой і Украінай, утварэнне федэрацыі тыпу Злучаных штатаў. Тры названыя краіны маюць розныя сістэмы кіравання, даходы, клімат, але многае іх яднае» (22.01.2017).
  25. «Завабліваць на пяць дзён у Беларусь лепей бы не толькі і не столькі ролікамі, а нiзкiмі цэнамі на жытло» (05.02.2017).
  26. «Людзі, якіх залічваюць у апазіцыю (лепей бы называць іх альтэрнатыўнымі або дэмакратычнымі сіламі), не настолькі бязглуздыя, як часам выглядае. Адсотак “разумнікаў” сярод іх не меншы, а нават большы, чым сярод чыноўнікаў» (15.02.2017).
  27. «Адна з канстант беларускага жыцця – мазахізм, які ў побыце выражаецца формуламі “чым горш, тым лепш”, “мышы плакалі, калоліся, але працягвалі жэрці кактус”… Ахвяра мазахізму, якая імкнецца вылезці з яго цянётаў, часцяком кідаецца ў садызм» (17.02.2017).
  28. «Часцей за ўсё неправавыя рашэнні – на першы погляд, простыя і эфектыўныя – вядуць да ўскладненняў у эканоміцы, дый невыгадныя палітычна» (27.02.2017).
  29. «Любы п’янтос часу дзеяння «антыалкагольнага закона» ахвотна перанёсся б у нашу эпоху… Няхай бы замежнікі паціху ўсю нашу акавіту выпілі або з сабой забралі – дальбог, цвярозым беларусам лягчэй бы жылося» (06.03.2017).
  30. «Заб’еш аднаго чалавека – атрымаеш працяглы тэрмін зняволення. На роўным месцы падпсуеш жыццё тысячам сваіх суграмадзян, забраўшы ў кожнага, магчыма, год-два жыцця – і нічога…» (12.03.2017).
  31. «Жыццё нярэдка імітуе літаратуру. Магчыма, тыя, хто чытаў правільныя мастацкія кнігі, уладаюць перавагай, бо здагадваюцца, чым усё скончыцца – а можа, і не… Дзе шмат ведаў, там шмат смутку» (27.03.2017).
  32. «Без грамадскіх абаронцаў, голасу якіх у Беларусі праз інфармацыйны шум амаль не чуваць, дзяржава захлынецца ў таннай канспіралогіі» (12.04.2017).

А зараз спусцімся ад абстрактнага да канкрэтнага, да інтэрв’ю з чалавекам, якога «Радыё Свабода» пару дзён таму прэзентавала так: «Адзін з самых аўтарытэтных экспэртаў па Беларусі ў сьвеце, аўтар некалькіх манаграфій і прафэсар Альбэрцкага ўнівэрсытэту». Забаўна-сумная выйшла гутарка… Знаны беларусіст скарыстаўся пяцідзённым бязвізавым рэжымам, прагуляўся па Мінску з адной з самых гнуткіх асоб тутэйшай журналістыкі, і выдаў нешта дужа павярхоўнае.

Летась нобелеўская лаўрэатка рэйдала пра агульнае «народнае цела», якое нібыта гойсае па Мінску. Заакіянскі госць Дэйвід Марплз так нас не трактуе, аднак і яму здаецца, што беларусы збольшага – «Эйсавы», якія за ежу гатовыя прадаць «першародства» (дэмакратыю, правы чалавека…) Паблажліва кінуў: «Яны дбаюць пра свой дабрабыт, і калі б я быў на іх месцы, я рабіў бы гэтаксама».

Мала што дзядзька і яго калегі тыпу францужанкі Віржыніі С., якая таксама малявала жыхароў Беларусі ХХІ ст. у вобразе дзікуноў, зразумелі ў нас. Так, апісаны Марплзам псіхатып – не рэдкасць; магчыма, 20-25% тутэйшых яму адпавядаюць, аднак астатнія – людзі з годнасцю, якіх не трэба «цывілізаваць». Дапамагчы паразумецца – іншая справа, ды тое складана. Куды лягчэй даць параду: прыбярыце Леніна з грошай помнікі Леніну і Калініну.

Ці во яшчэ: «Калі гэты дурны дэкрэт аб дармаедзтве будзе спынены, тады можна будзе пазьбегнуць пратэстаў». Чалавек дзесяцігоддзямі вывучаў (?) становішча ў Беларусі, а не сцяміў, што дэкрэт № 3 – толькі вяршыня айсбергу… Не ў ім, па сутнасці, справа, а ў тым, што людзі не бачаць перспектыў пад камандзёрствам «недыктатара». Добра, што ВУП і золатавалютныя рэзервы нарэшце сталі марудна павялічвацца, але даходы пераважнай большасці работнікаў на фоне росту цэн застаюцца ганебна нізкімі. Ліквідацыя беспрацоўя к 1 мая, заробак «па 500» к канцу 2017 г. – хімеры ды ўтопіі, затое для прафесара важна, што развіваюцца сацыяльныя сеткі, якія «даюць людзям усё больш магчымасьцяў выказвацца, атрымліваць інфармацыю. І ніхто ня можа гэтым кіраваць». Нават спрачацца ўжо няма ахвоты.

 

На мінскім вакзале: было і стала (пасля пісьма да Беларускай чыгункі 29.03.2017)

Канспектыўна – добрыя навіны: палітзняволенага, які «пасварыўся» са статуяй гарадавога ў Мінску, нарэшце адпусцілі з СІЗА; 22.04.2017 пройдзе бясплатная экскурсія выпускніцы ЕГУ Марыі Неабердзінай па тэрыторыі былога Мінскага гета (за дзень не было месцаў!) Кіраўнік музычнага партала tuzin.fm задумаў праект «(Не)расстраляная паэзія», у рамках якога Святлана Бень мае заспяваць на словы Ізі Харыка, а Аляксандр Памідораў – на словы Майсея Кульбака: «Усяго паўстане 12 новых кампазыцый ад 12 выканаўцаў… на восень запланавана зладзіць 12 адкрытых лекцый». Гомельскі гісторык Юрый Глушакоў (друкаваўся і ў нас), падрыхтаваў змястоўны артыкул пра землякоў-яўрэяў – праўда, у асобных імёнах дапусціў памылкі, якія tut.by чамусьці не пажадаў выправіць. Гэта ж не Белчыгунка…

Вольф Рубінчык, г. Мінск

21.04.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Ад belisrael.info:

Нагадваем, што ў сваёй аўтарскай серыі В. Рубінчык выказвае асабістае меркаванне, якое не абавязкова ва ўсім супадае з рэдакцыйным.

Апублiкавана 21.04.2017  15:52

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (43)

От ред. belisrael
.

Когда весной 2017 напросился приехать ко мне в июне с жонкой на 3 недели из Минска на свое 40-летие борец с лукой, я никак не мог предполагать, что столкнусь с циничным подлецом.

Хотя уже тогда можно было заметить его  хитрые заходы. В дальнейшем все более проявлялась патологическая трусость того, кто спрятавшись за израильским сайтом, сидя в минской квартирке, «боролся» с диктатором и его опричниками, гордо заявляя, что никто его не заставит уехать, при этом жаловался на тяжесть жизни и годами занимался вымогательством, вытащив огромные финансы. Засыпав сайт бесконечными опусами, украл тысячи часов времени на публикацию, да еще и кроме своих присылал массу др, отысканного в сети, в большинстве своем заумного и интересного только самому «политологу». Когда же окончательно достал переустройством своей любимой Синеокой, услышав, что принес много вреда, то ответил: «у такім выпадку сайт мяне не цікавіць».

А после израильской трагедии 7 октября, эта нечисть на своем канальчике с тремя десятками подписчиков, чем« гордится!, хотя среди них никто не обращает внимание на полнстью съехавшего с катушек,  уже 2 года показывает себя как защитника «бедных газоватов». Как он шел к этому в материале Хронология бесконечной подлости Вольфа Рубинчика

В связи с проведенной американцами операции по высадке в президентском дворце в Каракасе и арестом Мадуро, сябра хозяина Синеокой, минский паразит, живущий заа счет смародеренного бабла и квартирок, прикупленных после дефолта дядькой-одиночкой, вернувшимся из Израиля в конце 90-х,  где в Ерушалайме около 10 лет перебивался на разных черных работах, экономя на всем,  вспоминил свой опус.

4 января 2026    21:26

***

Добрага чаго-та там! «Что мы знаем о лисе? Ничего! И то не все» (С). Што я, просты смяротны, не дасведчаны ў іспанскай мове, знаў пра Уга Чавеса да XXIV Міжнароднай кніжнай выставы ў Мінску, дзе мне ля венесуэльска-кубінска-эквадорскага стэнду ўручылі пару кніг, брашурку і буклецік?! Здагадваўся, што карані гэтага дзядзькі – у Чавусах, што на Магілёўшчыне (Беларусь жа – радзіма сланоў і мамантаў, а таксама чылійскага героя Дамейкі, дык чаму ёй не даць свету і прэзідэнта Венесуэлы? :)) А калі больш сур’ёзна, то прыпамінаў, што У. Чавес на піку сваёй славы ў 2006 г. прыязджаў у Мінск, што пазней, пасля яго смерці, у «маім» Фрунзенскім раёне адкрылі парк яго імя… Пагартаў «раздатачныя матэрыялы» не без цікавасці.

 

Адразу насцярожылі некаторыя дэталі. Па-першае, у кнізе 2016 г., аўтарам якой пазначаны Хасэ Багіяна, яго «пяру» належыць хіба 10–15% тэксту. Асноўная частка – матэрыялы таго самага Педра Артэгі Дыяса, падрыхтаваныя ў мінулым стагоддзі. Ну, мне, дапусцім, падабаецца твор Майсея Кульбака «Зельманцы», у свой час я пару старонак накрэмзаў пра гэты раман і яго аўтара – стаў бы выдаваць фаліянт пад назовам «Актуальнасць “Зельманцаў”…», уціскаючы туды ўвесь тэкст Кульбака і ставячы на вокладку сваё прозвішча? Не, я б пасаромеўся.

«Сакрэт фірмы» аказаўся просты: Х. Б. – не нейкі там графаман, а «Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла, віцэ-адмірал флота». Напэўна, такому важнаму чалавеку – можна. Тут я знянацку ўспомніў, як цяперашняя міністарка інфармацыі РБ у 2003 г. «прыбудавалася» да кнігі кандыдата філалагічных навук 2002 г., зрабіўшыся яе фармальнай сааўтаркай.

 

Розніца паміж зместам першай кнігі і другой – у спісах беларускіх выдаўцоў, правайдэраў ды інш., узятых з даведніка (правайдэры тыпу ТДА «Айчына» названы… «інтэрнэт-рэсурсамі»). Творчай працы, укладзенай у другую кнігу, не прыкмеціў: мо камусьці пашанцуе болей? Здаецца, тагачасная намміністра таксама лоўка скарыстала сваё службовае становішча.

Венесуэльцы вабяць чорнай вокладкай і бел-чырвоным слоганам: «Смерць тыраніі! Жыве свабода!» Больш за тое, ад імя віцэ-адмірала чытачам у пачатку кнігі задаюцца пытанні, быццам у «Маскве-2042» Уладзіміра Вайновіча. Помніце плакат у маскарэпаўскай лазні: «Ты змарнаваў лішнюю ражку?» Вось і ў пасла на с. 13: «Хіба мексіканец – не амерыканец? Хіба венесуэлец – не амерыканец?.. Тады чаму ж ты, паважаны чытач, не называеш іх амерыканцамі?» Гэта хто на што вучыўся: у маёй школе № 79 заўсёды ведалі, што Мексіка і Венесуэла знаходзяцца ў Амерыцы, адна ў Паўночнай, другая ў Паўднёвай… Карацей, прэтэнзіі да «паважанага чытача» вычварныя ад слова «зусім»; яго правасхадзіцельства ў поўным сэнсе «адкрывае Амерыку». Імкнецца зрабіць беларускіх чытачоў без віны вінаватымі, каб ямчэй маніпуляваць?

Хацеў бы звярнуць увагу і на «пячатку» ў правым ніжнім куце апалагетычнай кнігі «Наш Чавес». Там напісана (па-руску): «Кніга задарма. Продаж гэтай кнігі з’яўляецца контррэвалюцыйным актам». Я аж спалохаўся – прадаваць намеру не меў, ды раптам кніга сапсуецца, як потым тлумачыць венесуэльскаму КДБ, што незнарок?.. Але потым падумаў: калі што якое, то нашы доблесныя спецслужбы абароняць ад «доўгіх рэвалюцыйных рук» з Каракаса.

Зусім збянтэжылі звесткі пра бітву пры Карабоба 1821 г., дзе нібыта «было разгромлена пераможнае войска Напалеона Банапарта». Ізноў жа, мяне вучылі, што пасля Ватэрлоа (1815 г.) Напалеон І ні ў якіх бітвах не ўдзельнічаў… Не кажучы пра тое, што да «каланіяльнага прыгнёту з боку Іспаніі», ад якога вызвалілася Венесуэла, Францыя мела дужа ўскоснае дачыненне: лацінаамерыканцаў прыгнятаў кароль Фердынанд VII, з якім Банапарт зусім не сябраваў… Ну, камусьці закарцела прыцягнуць за вушы «агульныя рысы» ў гісторыі беларусаў і венесуэльцаў: маўляў, і тыя, і другія гнілі ў адных акопах пакутавалі ад Напалеона.

Напэўна, у «чавізме» былі і ёсць здаровыя элементы, аднак, гледзячы на друкаваную прадукцыю пасольстваў Венесуэлы ў РБ і РФ, гэтага не скажаш. Ужо згадвалася, што ў лютым 2017 г. паўднёваамерыканскія агітатары пашыралі брашуры cямігадовай даўніны.

У ліпені 2006 г. кіраўнік Венесуэлы «падчапіў» першага прэзідэнта РБ, раўналетка, на чэгеварскую рамантыку іхняга юнацтва. Паміж імі адбыўся такі дыялог. У. Чавес: «Мы ў Гаване, калі сустрэнемся, падпішам афіцыйны дакумент аб стварэнні змяшанай камісіі. Я б хацеў, каб мы з табой такі дакумент стварылі, як ваенную дырэктыву – з чоткім вызначэннем адказных, графікаў, падкамісій… А ў канцы напішам: “Радзіма або смерць!”» А. Лукашэнка: «Згодзен!»

Так, у другой палове 2000-х гг., на фоне адноснай эканамічнай стабільнасці, Беларусь магла сабе дазволіць геапалітычныя эксперыменты – заваёўваць плацдарм у Лацінскай Амерыцы праз Венесуэлу і г. д. – але, здаецца, усё даўно атавізьмъ. Паводле «Еўрарадыё», к сярэдзіне 2010-х з распрацоўкай радовішчаў нафты, дый з тавараабаротам, меліся вялікія праблемы. Пры ўсёй павазе да «Баліварыянскай рэвалюцыі», лепей бы афіцыйная Беларусь 10 год таму гэтак жа імпэтна мацавала сяброўскія адносіны з суседнімі краінамі, а то і ў 2017-м адбывалася, между протчым, туруканне з Літвой («У вас засталося мала суверэнітэту!» – «Самі вы дурні!»). Суседзям, магчыма, бракуе лацінаамерыканскага тэмпераменту ды харызмы, якую цэніць «галоўны хакеіст», але ж прадказальнасць – яна даражэйшая.

Дзейкаюць, гісторыя не мае ўмоўнага ладу… І ўсё-такі: што замінала адкрыць бязвізавы ўезд для развітых краін свету не цяпер, а тады, у 2000-х? Баяліся варожага ўплыву на стэрыльна-чысты «цэнтр Еўропы»? Усё роўна ж цяпер ліхаманкава даводзіцца шукаць дадатковыя сродкі, «пераабуваючыся ў палёце». За студзень 2017 г. валавы ўнутраны прадукт Беларусі ўпаў на 0,5% (за 2016 г. – на 2,6%). Цешыцца няма з чаго; я і не цешуся. Заўважу толькі, што ва Украіне намячаецца рост ВУП, актывізуецца вытворчасць, так што на месцы калегі Прэйгермана я б не выказваўся гэтак катэгарычна: «Да саюза з Украінай у нас няма перадумоў».

Тут нядаўна намеснік з адміністрацыі (п)рэзідэнта не без гордасці адказваў на заклік дэпутаткі Ганны Канапацкай адмяніць «антыдармаедскі» дэкрэт 2015 г.: «На прадпрыемствах Беларусі запаволілася цякучасць кадраў, былі запоўнены многія незапатрабаваныя раней вакансіі». У перакладзе з бюракрацкай на чалавечую гэта значыць: цяпер наёмныя работнікі яшчэ больш баяцца запярэчыць начальству, ідуць, куды скажуць… Адпаведнай становіцца і прадукцыйнасць працы ў РБ.

Не ведаю, якія маніторынгі наконт «падтрымкі» дэкрэта № 3 прадстаўнікамі «рэальнага сектару» ладзілі ў адміністрацыі, дый ці ладзілі ўвогуле. Як па мне, то пра многае гаворыць масавае галасаванне (+319-2) на talks.by за камент чытача ад 06.02.2017: «Трэба з 8 да 17 адбыць на працы? Чалавек адбудзе гэты час. Іменна адбудзе, ну і, магчыма, адпрацуе тыя 200 рублёў, якія вы яму плаціце. А можа, і скрадзе на 300. Дачакаецеся, што ў маторы пачнуць пясок сыпаць, а піламі камяні рэзаць».

Многіх работнікаў дэмаралізуе і тое, што выхад на пенсію для іх адкладваецца згодна з панскім указам 2016 г. Да таго ж летась служкі таварыша Напалеона чыноўнічкі рабілі празрыстыя намёкі, што падвышэнне пенсійнага ўзросту ў Беларусі на тры гады – гэта толькі пачатак. Каму ахвота паўтараць лёс каня Баксёра з класічнай казкі-антыўтопіі Джорджа Оруэла?.. Мазахістаў/мазахістак у Беларусі хапае, але каб яны пераважалі – з гэтым, бадай, не згаджуся.

Тым часам асобным маладым паўсюль у нас дарога. Па-свойму бліскучую кар’ерку робіць Наталля Эйсмант, якая нядоўга працавала акцёркай у музычным тэатры, потым гадоў восем вяла перадачы на БТ… У канцы 2014 г. яе прызначылі прэс-сакратаркай Лукашэнкі, і во ў пачатку 2017 г. паўнамоцтвы істотна пашыраюцца; калі верыць указу № 40, то Наталля будзе не толькі «языком», а і «вачыма» ды «вушамі» Рыгоравіча. Прывабная 33-гадовая дама ўвойдзе, умоўна, у сямёрку самых уплывовых дзяржаўных службоўцаў, хоць дагэтуль наўрад ці трапляла ў дваццатку.

Місія «прахадной пешкі» – тлумачэнне і прапаганда асноўных кірункаў унутранай і знешняй палітыкі… Не, хутчэй, прапаганда – на першым месцы; нездарма ж адна з асноўных задач чыноўніцы фармулюецца так: «фармаванне праз СМІ грамадскай думкі пра дзейнасць прэзідэнта».

Сумняюся, што ў акадэміі мастацтваў і на тэлебачанні давалі глыбокія веды ў сферы ўнутранай і знешняй палітыкі, дый менеджменту («каардынацыя дзейнасці буйных дзяржаўных СМІ»). Калі Н. Э. сапраўды «чалавек адказны», то лепей бы ёй элегантна адмовіцца ад новых паўнамоцтваў, а мо ад працы ў адміністрацыі ўвогуле… Кепска выйшла ў Наталлі нават арганізацыя «Вялікай Размовы з Прэзідэнтам» 03.02.2017; ну, якую «аналітычную і іншую інфармацыю пра дзейнасць дзяржаўных органаў» яна зможа рыхтаваць? Прэс-сакратары Ельцына і Пуціна, як бы да іх ні ставіцца, былі дыпламатамі, спецыяльна абучанымі людзьмі; адна з папярэдніц Эйсмант – кандыдаткай юрыдычных навук (Пяткевіч).

Калі абстрагавацца ад канспіралагічнай версіі, паводле якой Наталлю ўзвышаюць, каб потым рэзка скінуць, і ад непазбежных думак «пра гэта», то сэнс указа чытаецца так. Па-першае, экс-супрацоўніца БТ умее маляваць начальству прыгожыя карцінкі так, што апошняе верыць, што і народ у іх верыць (піяр, яшчэ больш піяру і лалітыкі, з Колем ці без…) На фоне працяглага крызісу, калі маршы ў Мінску і абласных цэнтрах супраць «падатку на дармаедства» прадвяшчаюць перамены, так хочацца адгарадзіцца ад праМблем! Па-другое, недалёкасць падначаленай часам бывае перавагай, гл. «феномен Псакі»: «З дапамогай некампетэнтнай Дж. Псакі дзяржаўны дэпартамент ЗША выйграваў час для поўнага аналізу той ці іншай сітуацыі… яны прапаноўвалі свету слухаць Псакі, словы якой усур’ёз не ўспрымаліся».

На жаль, у доўгатэрміновым перыядзе і густы піяр, і праявы недакампетэнтнасці гуляюць «на паніжэнне» краіны. А можа, насамрэч усё не так, як на самай справе, і першай асобе проста маркотна? У такім разе не дапамогуць ні прэс-сакратары, ні аналітыкі: лепей наняць блазна. Мяркую, Яўген Крыжаноўскі, які ведае звыш 1000 показак, не адмовіўся б пайсці на такую пасаду. Ці кандыдат філасофскіх навук Уладзімір Падгол – чым ён тут не блазен са сваёй «анексией» [sic]?

Ад сябе рэкамендую пацыенту патэнцыйнаму кліенту пачытаць зборнікі кандыдата гістарычных навук Льва Раманавіча Казлова: «Большой музей остроумия» (Мінск: АРТИ-ФЕКС, 1999), «З дазволу караля і вялікага князя» (Мінск: Галіяфы, 2016). Смешна й павучальна; хіба ў наступных серыях нешта працытуем.

І па-добраму пра міністра МУС Украіны. Яго можна і трэба ганіць за нераскрытыя забойствы Алеся Бузіны, Паўла Шарамета, за смяротную перастрэлку падначаленых у Княжычах, многае іншае, але ў гісторыі з Аляксандрам Лапшыным ён павёў сябе годна: адмовіў афіцыйнаму Азербайджану ў выдачы. Ды потым Лапшын апынуўся ў Абсурдыстане, дзе адзін міністр («унутраных спраў») не ўмее адрозніваць мух ад катлет, аліеўскія «хацелкі» ад запыту Інтэрпола… А іншы міністр («культуры») лічыць, што сваёй пастановай здольны вызначыць, якая суполка творчая, якая не. Чаво, СБП, заснаваны ў 1934 г., куды ўваходзяць усе самыя вядомыя пісьменнікі краіны? Не, куды яму да саюзa журналістаў!

* * *

Сёння атрымаў пісульку з мінінфармацыі, дзе А. Карлюкевіч (паказаны ў мінулай серыі) фактычна пацвердзіў наяўнасць цэнзуры на Мінскай кніжнай выставе: «Мелі месца спробы асобных экспанентаў выставіць у першы дзень на паліцы кнігі няпэўнага зместу, якія былі адразу спынены арганізатарамі выставы». Тое, што «пад раздачу» трапілі творы А. Бузіны, намеснік міністра не прызнаў, але і не абверг. Свежае слова ў юрыспрудэнцыі: «кнігі няпэўнага зместу»…

Вольф Рубінчык, г. Мінск

21.02.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 21.02.2017  23:59

Майсей Кульбак. Муня-птушкавод і яго жонка Малкелэ

Муняў тата

Некалі Муняў тата, яўрэй з каўтунаватай барадой, у самотныя зімовыя вечары сноўдаўся па хаце са сваімі думамі. Ён думаў пра свайго сына-пераростка, жывую душу… Бязногі небарака нічога не меў, соваўся з ранку да ночы на сваім азадку па глінянай падлозе і – гвалт! – заганяў бацьку ў жабрацтва. Тата ўсе ночы думаў і сплёўваў, і лаяўся ад болю. Хлапец выядаў яму мозг.

Аднак аднойчы, на пачатку вясны, калі снег ужо раставаў, тата, гэты каўтунаваты яўрэйчык, зайшоў у домік з патаемнай радасцю і пыхаю. Ён прынёс закрытую клетку з птушкамі, паставіў яе на стол і з-за пазухі пачаў пакрысе выцягваць адэскіх галубоў. Ён, тата, цягнуў іх паціху з аглядкаю, як быццам яны прыраслі былі да яго цела. Тады Муня раптам злавіў пяшчотнае цяпло, што зыходзіла ад птушыных цельцаў, пачуў смачнае вуркатанне і свіст, які выбіваў слёзы. Разгублены, ён злез з тапчана, яшчэ ўвесь у мінулым, і ледзь не страціў прытомнасць. А пакамечаны тата яго прабурчаў праз глухую, калючую бараду:

– На, гора маё, гадуй і зарабляй грошы!

А потым ён узяў ды памёр, гэты яўрэй, Муняў тата.

Муня

Муня гадаваў і прадаваў птушкі. Прагнілая хатка, абвітая плюшчам, аблепленая слізкімі, вадзяністымі грыбамі, набыла выгляд катуха. Галубы пакрылі старыя сцены, шафы і сталы нечым кшталту вапны. У паветры стаяў густы пах пер’яў, птушынага памёту. Праз маленькія, брудныя шыбкі зазірала жменька рэдкіх, халодных промняў. З усіх клетак свістала, птушкі танчылі за дротам, грукалі дзюбамі па бляшанках і накрыўках. Муня поўзаў на сваёй цяжкой скураной сядушцы, залазіў у клеткі да галубоў, мацаў іх, дзьмухаў на пёркі, паціху падбіраючы пары. У маленькіх клетачках спявалі жоўтыя, нібыта лімоны, танклявыя канарэйкі. Па хаце разгульвалі падрослыя галубы, моцныя, бы тыя пеўні. У прыцемках нязменна маляваліся каржакаватыя мужычкі з тоўстымі бульбянымі насамі: птушкаловы, якія прыходзілі ў хату аднекуль з мокрадзі беларускіх лясоў. Яны драмалі ў кутках на мяхах з бульбай, смярдзелі, запальвалі аграмадныя люлькі, што выдавалі на цэлыя паравыя машыны.

Гешэфты рабіліся ў цішыні. Таўсматых гілёў з чырвонымі жывоцікамі мянялі на разбітыя клеткі; чыжыкаў мутна-рамонкавых адценняў – на пасткі-мышалоўкі, старыя абцерханыя капелюшы, якія шмат гадоў валяліся на гарышчах. Застыглыя дуркаватыя вочы пакрысе выглядвалі з-пад шчыльных павекаў, як вада пад зарасцямі хмызняку, і часам вымаўлялі слоўца-другое – ленавата, хрыпла. Словы тыя былі падобныя да кашлю альбо крактання.

Муня паўсюль паспяваў, пляскаў па халодных стогадовых руках. Гэта значыла, што недзе ў бярозавым лесе заўтра на досвітку пакажацца маўклівы мужычок: пры патрэбе ён будзе цягацца тамака тыднямі, пакуль у пастку не трапіць вавёрачка і, можа быць, чыстапёры кенар. Напэўна, пра Муню спявалі ўжо на ўсіх балотах і ва ўсіх далёкіх лясках Беларусі! Справы яго ішлі як мае быць.

Цётачка Нэха

Гарачыя, здранцвелыя сонечныя дні. Дрэвы, што былі выразаны з празрыстай яснасці, стаялі без ценяў. Ніводная галінка не варушылася. На паркане дзівавалася сарока з раскрытай ад сквару чорнай дзюбай. Муня сядзеў на парозе сваёй хаты і чакаў людзей, але ніхто не крочыў па распаленай дарозе.

Толькі к вечару завітала ў госці цётачка Нэха. Яна – кірмашовая баба, гандлюе на рынку, але няблага знаецца і на халасцяцкіх справах.

Птушкі, скачучы, спявалі з усіх клетак. Муня падлез да стала і сабраўся слухаць. Нэха рэйдала вакол ды вакол з прыгожымі зваротамі. Намякала яна, што мужчына ў нашыя дні павінен мець гаспадыню ў доме. Яна, цётачка Нэха, таксама гандлюе птушкамі, таму ведае, што гэта за цяжкая праца.

Муня сядзеў чырвоны і нерухомы, не як чалавек, а як аскепак шэрага валуна. Ён ані міргануў, але сэрца яго ліхаманкава тахкала. А цётка Нэха ўсё гаварыла вакол ды вакол з прыгожымі зваротамі. Акенцы, якія быццам наблізіліся, прапускалі праз сябе водбліск беднага захаду сонца, што не даваў ні фарбаў, ні цяпла. Урэшце зірнула на Муню цётка Нэха, пасунулася бліжэй і прашаптала ў вуха такое, што нібы апякло Муню, і агонь разліўся там, дзе для яго заставалася месца.

Муня маўчаў, але ў тую ноч ён павольна залез у клетку да галубоў і з расплюшчанымі вачыма праседзеў там да світання. Ён думаў, ён разважаў. З першымі промнямі канарэйкі заспявалі прыўкрасныя арыі, і Муня памыўся з місы. Ён расчасаў свае чорныя патлы, падкруціў вусы і сеў ля адчыненых дзвярэй.

Бралася на вечар, а цётка Нэха ўсё не прыходзіла. Унутры ўжо драмалі каменныя мужычкі, нібы абкручаныя дротам старыя жбанкі. На каленях іхніх стаялі маленькія клеткі. Мужычкі па-дзіцячы дурэлі, балбаталі з радаснымі птушкамі, і Муня таксама быў у добрым гуморы. Ён нават насвістваў, рыхтык птушка, а потым выцягнуў шыю і пачаў спяваць басам, адылі ён не ўмеў спяваць.

Увечары на зрубы леглі тоўстыя цені. Маларослы мужычок, стары як свет, дамовіўся заначаваць у Муні. Мужычок прынёс са сваёй далёкай вёскі варону, якую сам гадаваў пяцьдзясят гадоў. Цяпер ён стаяў, абапершыся на два свае кійкі, і прамаўляў да птушак. Муня ўзрушана поўзаў па хаце, паціраючы сабе лоб, бо ў ягонай галаве кіпелі важныя думкі, і калі мужычок на хвілю сціх, ён, Муня, выставіў палец у яго бок ды крыкнуў у бруднае, мшыстае вуха:

– Ці мажліва, каб мы ўзялі бабу ў хату, га?

– Можна, чаму няможна? – фальцэтам выціснуў з сябе мужычок. Голас у яго выходзіў аднекуль з пляча. Пасля гэтых слоў надумаў мужычок яшчэ і пасмяяцца, але з гэтага нічога не выйшла. Ён выглядаў, бы стары абвалены катушок, у якім шчыруе вецер, дзе грукаюць перасохлыя дошчачкі і гонта. Птушкі паснулі ўжо, а мужычок, толькі ў два разы старэйшы за сваю варону, усё мітусіўся, крактаў, нешта мармытаў, пакуль таксама не задрамаў недзе на мяху з бульбай.

Так у цёмнай хатцы заснула блізу пяці соцень жывых душ.

На ранку прыйшла цётка Нэха з навіною. Паколькі няможна рушыць птаства, хатку бяліць не будуць. Але Муня мае павесіць шыльду, каб Малкелэ, нявеста, ведала, з кім мае справу.

– Маеш, Муня, грошыкі ў куфары?

Цётка Нэха пакруцілася па хаце, зазірнула ва ўсе куткі, прыадчыніла акенцы, а потым па-гаспадарску закасала рукавы і сама ўзялася за мятлу. Пашмаравала лаўкі, папырскала з рота вадою, узбіла падушкі. Раптам, схапіўшыся за кошык, яна непрыкметна знікла.

Так, цётка Нэха знікла, бы той вецер.

Муня падпоўз да абабітага тканінай зялёнага куфра і доўгім ключом, што вісеў у яго на голым целее, марудна адкрыў цяжкое дубовае вечка. Там хавалася ўсё Мунява майно: беласнежныя кашулі з па-сялянску расшытымі каўнерамі, па-фабрычнаму квяцістыя гальштукі, розныя сурдуты і камізэлькі. На самым дне куфра ляжалі адпрасаваныя порткі і нават пара новых лакіраваных чаравікоў.

Нікога тады не было дома, калі Муня пашчоўкаў па мяккіх падэшвах, быццам па гліняным гарлачыку. НІхто не азірнуўся на Муню, калі ў той жа вечар ён цягнуўся з лазні дахаты з кашуляй пад пахай, распараны, як печаны яблык. Ніхто не паглядзеў на яго.

Малкелэ-нявеста

Цётка Нэха памагала Муню завязаць чырвоны, агністы гальштук. Вечар стаяў белаваты. Там, дзе мелася зайсці сонца, зеўрала пустэча. Голыя сцежкі між аблокамі нагадвалі аблезлыя рыштаванні на недабудаванай спарудзе. На доміку цяпер віселі аканіцы, як пара акуляраў, праз якія ўсё адно нічога не відаць. Але ўжо гарэла лямпа, і цётка Нэха памагала Муню завязаць чырвона-агністы гальштук. Стол зіхацеў халодна-белым, як снег, абрусам. Булькацеў самавар. Начыста вымытыя шклянкі з карычневай пахкай гарбатай пасялілі ў доме шэрае свята, і ў вычышчаных клетках таксама панавала шэрая цішыня. Муня круціў свае чорныя вусы. Цётка Нэха мітусілася: то заходзіла ўнутр доміка, то выходзіла. Ці няма яшчэ чарнявай, прынадлівай нявесты, Малкелэ? Лямпа гарэла доўга, і гальштук Муні пераліваўся ўсімі колерамі вясёлкі.

Нарэшце цётка Нэха паціху, з нізкім паклонам, адчыніла дзверы нявесце. Тая павольна ўвайшла ў хату і моўчкі маўчала. Тут самае месца падзівіцца з клёку цёткі Нэхі, якая адразу вываліла купу размоў і расперажывалася праз дарагоўлю ў горадзе. Не ў дакор нявесце, тая ў пачатку была дужа збянтэжана і нават не паставіла свой парасонік у куток, як гэта прынята рабіць. Муня самавіта пакашліваў, вылупліваў вочы і падцягваў рэмень на пузе, як быццам той сапраўды трымаў порткі. Аднак потым Малкелэ загаварыла. Як запэўнівае цётка Нэха, у нявесты ў той вечар проста перліны з рота сыпаліся, а Муня сядзеў, абапершыся на далонь, слухаў ды захапляўся. Потым цётка Нэха сказала так:

– Муня, ты не пашкадуеш, таму што, калі Малкелэ хоча, у яе ўсё гарыць у руках…

Так яму стала ясна, што Малкелэ будзе ў доме добрай гаспадыняй. Ён сядзеў, ваўсю цешыўся і чакаў. Цётка Нэха выйшла, і Малкелэ тады ўпершыню загаварыла пра тое, як трэба сябе паводзіць, паўшчувала Муню за тое, што ён не п’е гарбаты раніцой, на пусты страўнік. Тады Малкелэ нават узнялася з месца і паказала пальцам, дзе яна расставіць рэчы ў доме. Вядома, гэта было правільна.

Ужо набліжаўся ранак. Малкелэ сядзела ўсутыч з Мунем, знянацку шчыканула свайго жаніха дакладна ўнізе жывата і сказала:

– Мунечка, помні мой зарок, са мною ты будзеш мужчынам…

Так Муня даведаўся, што Малкелэ ў яго моцна закахалася, і сэрца яго задрыжэла ад захаплення, ён аж прытуліўся да нявесты і, разамлелы, стаў марыць:

– Малкелэ, ты будзеш варыць мне бульбу ў мундзірах… Тлусты селядзец купляй у Ханы-Двойры…

Яны ўжо і пацалаваліся. А першым у паўзмроку прачнуўся стары чыж, атрэс сваё цёпла-рамонкавае футра і засвістаў, звяртаючыся да сонца, якое толькі-толькі акрапляла акенцы ружовай расой. У клетках распачалося чуханне і няяснае цёмнае буркатанне галубоў ва ўсіх кутках. Канарэйка зайграла ў сваю залацістую дудку…

Муня і Малкелэ

Прагнілая хатка мокла пад нуднай восеньскай імжой. Дах звісаў ледзь не да зямлі, як кавал сырога торфу, а пахілы комін чадзіў і даваў смурод на ўсю акругу. Крывыя дзверцы на адной пятлі голасна рыпелі. Уверсе, акурат пад дахам, вісела шыльда на сіняй дошчачцы – чырвонаногі голуб з раскрытай зялёнай дзюбай і жоўтым вокам. Пад ім было выведзена чорнымі літарамі: «Тут прадаюць галубоў і іншых птушак».

Вецер ламіўся ў пульхны дах, церабіў анучу, якой заткнулі шыбу, і доўгімі вадзяністымі рукамі ляпаў па сценах.

Малкелэ стаяла ля дабудаванага прыпечка. Было задушліва, птушкі надзьмуліся і совалі дзюбы сабе пад крылы. Мужычкі з усёй акругі ў кажухах сядзелі ціхенька, гладзілі сабе вусы, абсыхалі. У той дзень душа пакінула цела чорнага дразда, і ён спруцянела ляжаў на стале з жоўтымі выцягнутымі нагамі і з адкрытым мутным вокам. Муня ўжо завіхаўся ля клеткі. Кашчавы мужычок стаяў над ім і нешта казаў, квохчучы, быццам курыца. У сваіх ільняных портках мужычок нагадваў пудзіла, што ставяць на палку ў восеньскім гародзе. Муня дужа смяяўся з яго расказаў, ажно выціраў сабе рукавом слёзы з вачэй і гойдаўся на сваёй скураной сядушцы.

Заспаная варона на пячным гзымсе павярнулася да ўсіх задам і з сілай махнула хвастом. Малкелэ схапілася за твар і гнеўна закрычэла:

– Муня, прыбяры сваю варону, яна спаскудзіла мне фрызуру!

І Малкелэ надзьмулася, як мыш на крупуы. З павагі да Муніхі мужычкі ўзняліся і замахалі рукамі: «Кыш, кыш…» Тады варона, дыбаючы на сваіх даўжэзных нагах, няспешна адышла за печку і прамовіла:

– Бачыла я вас усіх у труне…

Тым часам Малкелэ ўсё сядзела надзьмутая, ні з кім не размаўляла. Потым яна падышла да стала, схапіла мёртвага дразда і шпурнула яго на падлогу. Муня засмуціўся, скора падпоўз да птушкі і сунуў яе сабе пад паху. Але яму не варта было так рабіць, бо Малкелэ збляднела, падскочыла да Муні, выцягнула раздушаную птушку і выкінула яе за дзверы з крыкам:

– Ад цябе ж ужо вечна смярдзіць падлай, цудоўны муж мой!

Так яна выгукнула. Муня падняў ацяжэлыя вейкі, дурнатава паглядзеў, але не адказаў нічога. Мужыцкія авечыя вочы таксама паблукалі па доме, а потым павольна згаслі пад халаднаватымі павекамі. Была восень.

І была восень, і было хмарнае святло ў Мунявай хацінцы. Касыя восеньскія дажджы пазяхалі ў паветры, сточваючы апошнія сляды радасці. Недзе там, на калючым мутным полі, самотнае дрэва рыпела да меднага звону. Брудныя туманы віселі над дахамі, як рыззё…

Была восень. Адзін за адным цягнуліся вечары – вадкія, маркотныя, без зорак, найнуднейшыя вечары ў свеце. Муня ўсё сядзеў ля стала і абіраў бульбу ў мундзірах. Лямпа чадзела. Малкелэ б у такія доўгія вечары цыраваць мужавы шкарпэткі, але яна сядзела, склаўшы рукі, і бясконца драмала. Шчыраваў хіба вільготны вецер, цягнуў тонкія струменьчыкі, шмараваў сцены.

Восень. Вечар, які ніяк не скончыцца. Муня сядзіць сабе – і раптам чуе свіст пад самым акном. Нехта заклаў пальцы ў рот і свіснуў яму, Муню, проста ў вуха. Малкелэ спахапілася, узяла хусту, а Муня спытаўся:

– Малкелэ, хто свішча?

– Паглядзі ты на яго, паглядзі, – адпавяла Малкелэ, – гэта ж Зіска, сын Ханы-Добкі!

Муня крыху раззлаваўся, што не пазнаў Зіску, сына Ханы-Добкі, паводле свісту. Нешта яго дратавала, і ён прадоўжыў пытацца:

– Хто гэта такі – Зіска Ханы-Добкі, га, Малкелэ?!

– Ха, ты паглядзі… Гэта ж Зіска з брацтва…

І яна ўжо была далёка за дзвярыма. Муня пачухаў сабе патыліцу, пракляў увесь свет, а потым у цемры біў сябе кулакамі ў грудзі. Ля дома ўсё сціхла – значыць, Малкелэ такі пацягнулася са злодзеем Зіскам. Дожджык лупіў сваімі кроплямі ў падстаўленае дзесьці вядро.

У тую ноч Муня залез у ложак, прыкрыўся коўдрай і праляжаў да світання з расплюшчанымі вачыма. Тады дзверы ціхенька рыпнулі. Малкелэ прыйшла, хутка скінула сукенку, непрыкметна лягла ў ложак і тут жа заснула. Муня ляжаў ля сцяны без руху і баяўся паварушыцца, так яму было балюча. Аднак на ранку Малкелэ паказала спрыт: печка была распалена, на стале курэла бульба, птушкі, падскокваючы, пілі чыстую ваду, а сама Малкелэ заспявала нешта дужа прыгожае.

Тады Муня думаў патаемную думку: «У Малкелэ дапраўды ўсё гарыць у руках, але ж яна не павінна цягацца з іншымі мужчынамі, ці не так?»

Зіска, сын Ханы-Добкі

Мужычкі з паскубанымі бародкамі, адзетыя ў кажушкі, прыносілі з сабою холад ядлоўцавых лясоў. У Мунявай хатцы яны гандлявалі прыпозненымі птушкамі. Звар’яцелыя сінічкі штурхаліся ў клетках, праточваліся праз дрот. Ружовыя жывоцікі гілёў нагадвалі крамяныя суніцы. Ад птушак патыхала балотнай вільгаццю. Вятры штораз праточваліся ў домік – вятры, настоеныя на кіслым водары шэрых садовых яблыкаў. З туманаў вылушчвалася мацёрая, крывавая восень. Яна апаліла наваколле вінна-пахкімі агнямі і звінела сваімі вятрамі над кожнай люстэркавай лужынай.

Што Муні было рабіць у гэткую п’янкую восень, калі Малкелэ, яго жонка, сыходзіла ўжо амаль кожны вечар? Па начах, поўных гукаў, ён ляжаў, бы сабака ў нары, і прыслухоўваўся да далёкіх крокаў вакол сваёй хаткі. Ён затрымліваў дыханне пад коўдрай і чакаў, і толькі на маразявым серабрыстым досвітку вылазіў ён на двор да студні, абліваўся сцюдзёнай вадой, паволі атрасаў з сябе начную тугу. Так жыў Муня, і аднойчы Малкелэ мовіла яму:

– Скажу табе праўду, Муня… Скажу табе праўду – Зіска саромеецца заходзіць.

Тады Муня апусціў вочы, добра паразважаў і адказаў:

– Чаго саромецца? Я ж не мядзведзь.

І неўзабаве Малкелэ прывяла яго, гэтага сарамяжлівага Зіску, сына Ханы-Добкі. Ён гойдаўся на сваіх бліскучых боціках, карантыш з чырвонай патыліцай. Гойдаючыся, ён працягнуў Муню халодную мясніцкую далонь:

– Як справы, Муня?

Муня паціснуў яго цяжкую руку, што нагадвала растрыбушаны агузак, і мармытнуў:

– Нічога, жывем сабе.

– А як твае гадаванцы?

– Дзякуй, што пытаешся.

Пасля гэтай размовы Зіска ўсеўся і з выгодаю выцгнуў ногі, паляпаў сябе па дужым карку і ззаду нацягнуў сабе шапку на вочы, як быццам хацеў схавацца ад сонца. Ён ужо гаварыў толькі да Малкелэ. Муня ціха палез да галубоў. Ён сышоў, таму што ўцяміў сваю збыткоўнасць, як лішнімі былі ў ліловай восені запозненыя спевы птушачкі недзе ў бакавой клетцы. Пара аканіц, што прапускала праз сябе заўсёды толькі вадкае, свінцовае, няўклюднае святло, гэтым разам прапусціла віннае ззянне захаду з палёў. А можа, тое быў водбліск чырвона-жылістай восені, якая тапталася меднымі нагамі ды грымела па ўсіх шляхах.

У той вечар Малкелэ паслала Муню ўжо на тапчане ля акна. Ён, Муня, і насамрэч крыху саромеўся, калі поўз на свой халасцяцкі ложак. Ён крыху саромеўся. А потым ён не раз ляжаў у цемры і пільна ўслухоўваўся ў тое, што, уласна, вырабляла Малкелэ. У ночы, калі ніхто не прыходзіў, Малкелэ спала трывожна і часам дзіка раўла ўва сне. Тады ўжо Муня падпаўзаў і будзіў яе.

Так цягнуліся праклятыя, спустошаныя ночы. Здавалася, што свет стаіць на месцы. Аднойчы Муня не спаў, вырашыўшы пакласціся, калі Зіска сыйдзе, але той прыйшоў не тады, калі яго чакалі. Ён уварваўся сярод ночы раз’ятраны, рыкаў, нібы звер, і ўзяў Малкелэ на калені. П’яны Зіска смяяўся і цалаваў яе, Муня маўчаў. Тады раптам Зіска дзьмухнуў на лямпу і разам з Мунявай жонкай паваліўся ў ложак. Яны рагаталі. Муня ў жаху ледзь узлез на сваю пасцель, адчуў задышку і слязлівым голасам спытаўся:

– Што вы там робіце, га?!

Рогат адразу спыніўся, і востры Зіскаў голас, як мясніцкі нож з-пад халявы, прарэзаў цемру:

– Супакойся, брат, я ў цябе тваю смятанку не забяру…

І доўга потым у цемрадзі віраваў гарачы шэпт, які шыпеў, нібыта распаленая змяя, што расцягнулася па доме.

Муня ўціснуўся ў сцяну, заткнуў вушы і здранцвеў. Шмат гадзін ён ляжаў напяты і халодны, бы застыглая гліна. Ён маліў, каб хутчэй надышоў дзень, і толькі з першымі промнямі сонца злез з пасцелі. Бруднае святло капала з шыб і змешвалася з ценямі на сценах. Варона на печцы махнула цвёрдымі крыламі, а тады моўчкі зляцела з гзымсу. У ложку ля сцяны ляжаў Зіска, дугою падклаўшы руку пад голаў. Ён храпеў і тонка прысвістваў. Малкелэ чухалася, потым прыўзнялася, расплюшчыла вочы. Калі далёка ў кутку яна заўважыла Муню, то пазяхнула:

– Муня, будзь ласкавы, прынясі мне папіць.

Ён прынёс вады. Малкелэ прагна выпіла, аддала конаўку і перавярнулася на другі бок. Акенцы зашарэлі, як халаднаватая мутная сталь. У доміку загаспадарыў аблезлы світанак. Муня падыбаў да вялікай драцяной клеткі, павольна адкрыў дзверцы і залез туды, да цёплых галубоў. Спалоханыя птушкі залапаталі крыламі, паўзляталі, аднак хутка суцішыліся, зноў паселі на жэрдачкі, прытуліліся адна да адной парамі і задрамалі вакол Муні. Ён сядзеў нерухома, абапершыся далонямі аб падлогу, ужо не як чалавек, а як аскалепак шэрага валуна.

1928

Пераклаў з ідыша Вольф Рубінчык паводле «Yiddishe kultur» (№ за сакавік-красавік 1996 г.)

Апублікавана ў часопісе «Дзеяслоў», № 5 (84), 2016

Размешчана на сайце 30.12.2016  9:39

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (20)

Чарговае лета мінула, а можа быць, цячэ, як вада ў ярок. Не ўсе за мітульгой падзей прыкмецілі, што пасада пасла Ізраіля ў Беларусі вакантная ўжо год, але мы-та прыкмецілі: яшчэ і таму, што вялікаразумная часовая павераная абяцала прыезд новага пасла ў ліпені або ў жніўні 2016 г. Праўда, гэтак яна абяцала ў красавіку, а 7 жніўня падчас пасяджэння «Каардынацыйнага савета» галоўнага (?) яўрэйскага саюза Беларусі на адпаведны запыт адказала іначай: «гэтае пытанне зараз вырашаецца ў ізраільскім урадзе». Маўляў, як толькі, так адразу; чым марудней, тым хутчэй, і ўвогуле, Рым Тэль-Авіў не ў адзін дзень будаваўся… «Школа Шагала».

На жаль, марнаслоўе характэрнае як для ізраільскіх чыноўнікаў & чыноўніц, так і для мясцовых «яўрэйскіх лідараў». Ну хто цягнуў за язык бізнэсоўца Макса Ю., калі ў сакавіку 2015 г. ён рэагаваў у пэйсбуку фэйсбуку Іудзейскага рэлігійнага аб’яднання (ІРА) на мой артыкул пра Левіна & левіншчыну? Адзін з маіх тэзісаў тычыўся герантакратыі ў яўрэйскіх арганізацыях, выціскання моладзі на трэцеразрадныя ролі. Па сутнасці запярэчыць нічога не знайшлося, але ж Ю. запэўніваў: «у 2016 годзе ў большасці [яўрэйскіх] груп адбудзецца натуральная змена пакаленняў…» Нешта не відаць. Напэўна, прыйдзецца камусьці за астатнія 4 месяцы забяспечыць «натуральную змену» ўласнымі сіламі, а ў адваротным выпадку… ці дазволена будзе лічыць лімуднага піяршчыка пустабрэхам?

Aviv2016

Маладыя яўрэйскія інтэлектуалы з «Каардынацыйнага савета», 07.08.2016. Фота з aviv.by.

Дарэчы, калегі з ІРА пякуць напалмам, да штыху прыраўнаўшы пяро. Чаго варты іхні допіс ад 30.08.2016 пра падарожжа 500 рабінаў з Расіі ў Беларусь, які пачынаецца з перафразаванай дзіцячай песенькі:

Ехали раввины темным лесом

За каким-то интересом

Интер, интер, интерес

Из ЦК КПСС…

Далей расказ пра інцыдэнт 22.08.2016 у перакладзе на беларускую гучыць прыкладна так:

Яны рабіны, у іх з’езд, яны едуць у Беларусь з Расіі, не паклапаціўшыся пра наяўнасць беларускай візы для тых, каму гэта трэба. І пры выездзе з Расіі ў Беларусь расійскія ўлады не выпускаюць іх у Лёзна, што для любавіцкага хасіда на другім месцы пасля Сцяны плачу. Ну, у прынцыпе, правільна робяць, што не выпускаюць, таму што Беларусь хаця і сяброўская краіна для Расіі, але ўсё ж суверэнная краіна і адсутнасць візы ў замежных грамадзян не дае магчымасць легальна перасекчы мяжу. У паветры ствараецца нейкае напружанне… І тут адбылася падзея, якая на першы погляд не вельмі ўпісваецца ў свядомасць тых, хто прызвычаіўся ўсё беларускае паддаваць абструкцыі. Прыехаў Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанід Гуляка, прывёз вітанне ад Прэзідэнта Лукашэнкі, рабінаў пусцілі ў Беларусь. Магчыма, паслядоўнасць была іншай, але факт не мяняецца. Напружанне было знята, рабіны трапілі, куды ім трэба было, а Беларусь адным махам атрымала «сто ачкоў на барабане і прыз»…

Вось ён, таленавіты піяр! І першага прэзідэнта Беларусі ўспомнілі, і яго нукера (які, праўда, прыклаў руку да знішчэння мінскай сінагогі на Дзімітрава, 3 у 2001 г., але хто тое помніць?) з вялікай літары пазначылі, і перадачу з Лёням Якубовічам ненавязліва прыплялі… Заадно заявіўшы сябе апанентамі тых, хто «прызвычаіўся ўсё беларускае паддаваць абструкцыі», а сала беларускае жарэ, а бабруйскім алеем «Шалом» мінскі фалафель залівае. Вось хто заслугоўвае суперпрызу – пазачарговага прыёму ў старшыні гарвыканкама і чарговай абяцанкі пазначыць месца, дзе была Халодная сінагога, ды аднавіць яўрэйскія могілкі!

Такой бяды, што той жа аўтар (тыя ж аффтары?), пішучы пра канферэнцыю ІРА 28 жніўня, на каліва сказілі прозвішча новага галоўнага рабіна: ім стаў ураджэнец Мардэхай Райхінштэйн, а ў фэйсбуку было «Ранхінштэйн». ПраМблема ў тым, што памылачку адразу падхапіў – і не выправіў – «партызанскі» сайт. Між іншым, партызаны такія партызаны, што, у адрозненне ад рэлігійнага партала, забыліся нават пра тое, што гал. рабіна мае яшчэ зацвярдзіць дзяржаўны ўпаўнаважаны… Хаця, здавалася б, някепская нагода патроліць урад, які соваецца ва ўсе дзіркі.

Апошнім часам неяк панура ўсё з журналістыкай у нашым краі. Будаўніца «Брамы» Ларыса Фінкельштэйн змясціла ў сябе звышэмацыйны допіс пра «бандытызм і езуіцтва» медыкаў, з якімі ўступіла ў жорсткую спрэчку праз… нявыкліканы ў паліклініцы ліфт. «Новы час» і «Салідарнасць» некрытычна перадрукавалі фэйсбучны крык душы: даць слова другому боку ў рэдакцый глуздоў не хапіла… Безумоўна, лекары, педагогі (а таксама жэсаўцы, паштары…) – зручная мішэнь для крытыкі яшчэ з савецкай эры. Дапяць, што гэтыя катэгорыі адлюстроўваюць стан грамадства і не могуць скокнуць «вышэй галавы», дадзена не ўсім.

Не здзівілі мяне і крокі аднаго з вядучых аўтараў «НЧ», які, насуперак нашаму прагнозу з папярэдняй серыі «Катлет і мух», даказваў, што ў «палату № 6» ніхто з апазіцыянерчыкаў не патрапіць. На словах «незалежны журналіст» быў гатовы пайсці ў заклад, а ў адказ на канкрэтную прапанову «саскочыў»: хіба спалохаўся, што прайграе пляшку спіртнога або акарыну 🙂

Насамрэч баязліўцаў-перастрахоўшчыкаў замнога ў Беларусі, і не заўсёды яны тояцца ў дзяржаўных установах. Наадварот, часам супрацоўнікі гэтых устаноў аказваюцца смялейшымі за «вольных стралкоў». Так, трэнер СДЮШАР-7 г. Брэста нярэдка змяшчае ў сябе на сайце спасылкі на шахматныя матэрыялы belisrael.info (дарэчы, сёлета праекту «Брэсцкія шахматы» грукнула 10 гадоў), вядучы бібліятэкар і загадчык кафедры дзяржаўнага педуніверсітэта не адмаўляюцца ад супрацы з намі. А магілёўскаму гросмайстру К., які «сам сабе гаспадар» і зарабляе пераважна гульнёй на сярэдняй рукі замежных турнірах (яшчэ піша кнігі, агляды etc.), нават згадкі ізраільска-беларускага сайта здаюцца крамолаю: мы ў яго вачах амаль гэткія ж страшныя, як «Хартыя»… Праігнаруем яго блог, дзе трапляюцца кур’ёзныя шахматныя (і каляшахматныя) назіранні, але ў той жа час пануе тупая цэнзура.

Ёсць прымаўка: «чым вышэй залазіць малпа, тым лепей відаць яе зад». Грубавата, аднак слушна. У Беларусі, дарма што не без выняткаў, дзейнічае правіла: чым вышэй статус «дзяржаўнай асобы», чым больш рэсурсаў яна падбірае пад сябе, тым менш у ёй павагі да «простых грамадзян» і схільнасці да «нестандартных» учынкаў. Цытаваў тут адказ намесніцы міністра сувязі… Не склалася і з Рагачоўскім райвыканкамам. У лістападзе 2015 г. намеснік старшыні падтрымаў маю прапанову, ды нават пайшоў далей: абяцаў разам з дэлегацыяй «общественного объединения “Союз белорусский писателей“» (так!) запрасіць у горад на ХХІІІ Дзень беларускага пісьменства і Вашага пакорлівага слугу… Ці трэба казаць, што ў верасні 2016 г. у Рагачове (акурат як 10 год таму ў Паставах) не было дэлегацыі Саюза беларускіх пісьменнікаў, а запрашэння з райвыканкама я так і не дачакаўся?

Дасць Б-г, калі-небудзь з’езджу ў горад Гервасія Вылівахі без узгаднення з чыноўнікамі. Хочацца верыць, што Дзень пісьменства 4 верасня запомніцца рагачоўцам надоўга – не толькі тлумам і галёканнем. У Шчучыне год таму аналагічнае свята мела нямала дадатных рысаў; з іншага боку, чытаць і выбіраць сабе чытво я прызвычаіўся задоўга да заснавання «Дня пісьменства»/«Дамоў кнігі»… Дый прэміі, якія прысуджаюцца чыноўнікамі і афіцыёзным «Саюзам пісьменнікаў Беларусі» без уліку інтарэсаў найстарэйшай творчай суполкі Беларусі, не дужа мяне цікавяць.

Летась райвыканкамаўцы планавалі «при наличии финансовых средств» устаноўку да свята «ротонды и скульптуры Гервасия Выливахи на памятнике архитектуры – Замковой горе г. Рогачева». Фінансавых сродкаў, відавочна, хапіла толькі на Дом кнігі імя Караткевіча. Арганізатары пералічылі юбілеі ўсіх, каго маглі – Бядулі, Крапівы, Багдановіча, Мележа, Шамякіна – а 120-годдзе Майсея Кульбака забылі. Не ўзгадалі ў інтэрнэт-спісе між ураджэнцаў рагачоўскай зямлі выдатнага паэта Самуіла Галкіна, хоць у горадзе здаўна ёсць яго вуліца. Але ж якое беларуска-яўрэйскае сэрца не ўзрадуецца ад весткі пра ўрачыстае наданне імя мастака Анатоля (Танхума) Каплана дзіцячай школе мастацтваў (ідэя абмяркоўвалася на сайце «раёнкі» з вясны 2015 г.), ад таго, што ў Рагачове з 2011 г. праводзяцца Капланаўскія чытанні?

Паколькі ў Рагачоў я не завітваў, то і здымкаў з імпрэзы не прапаную (перадрукоўваць з іншых крыніц сумотна). Паглядзіце-ка лепей, шаноўныя, як балявалі ў іншым горадзе Гомельшчыне – у Калінкавічах. Узровень прыкладна той самы… Абразкі з VIII фестывалю гумару «Аўцюкі» (ліпень 2016 г.) прыслаў пастаянны аўтар belisrael.info Уладзімір Лякін.

20-1 20-3

Асаблівага сэнсу ладзіць фэсты гумару ў Беларусі, па-мойму, няма: жыццё і так смешнае да слёз. Тым, хто яшчэ не верыць, раю паглядзець перадвыбарныя ролікі на БТ Уладзіміра Падгола («Містэр Шалом» кампаніі-2016; мабыць, Артура Клінава абчытаўся) і Дзмітрыя Кучука («Містэр Адгазнік»). Шкада, што не бярэ ўдзелу ў парламенцкіх выбарах Юрый Шульган: на шляху да халяўнай вады ў парку 60-годдзя Акцябра ён паведаміў нам, што ўзмоцнена рыхтуецца да прэзідэнцкіх. Каго не цікавяць баталіі кандыдатаў, няхай уважліва пазнаёміцца са справаздачай бешанковіцкай газеты пра «29 адважных даследчыкаў» (не раўнуючы, 26 бакінскіх камісараў), якія ледзь не згубіліся сярод магільных камянёў. Феерычны таксама пасаж «Зары» пра «незвычайныя» імёны тутэйшых яўрэяў: Роза, Якаў, Іосіф…

Крыху – папраўдзе, самую крыху – насмяшыла Жэня Ч., дачка «нармалізаванага» беларускага медыямагната, якая атабарылася ў Ізраілі. 4 верасня г. г. яна зарэгістравала ўласны бізнэс і на пытанне, чым будзе займацца, горда заявіла: «зліваць у экстазе дзве краіны, якія я люблю: Беларусь і Ізраіль». Калі на любові зарабляюць грошы, гэта завецца?.. Праўда, крыху пазней удакладніла: «вязу групы ІТ-прадпрымальнікаў з Беларусі ў Ізраіль».

Багата мільганула такіх, хто спрабаваў абстрагавацца ад палітычных рэалій і ўхапіць свой кавалак на беларускім рынку… Не дужа «пакаціла» ні ў Эліэзера Фішмана (ці выпадкова пасля апрацоўкі Мінска ён апынуўся на грані банкруцтва?), ні ў Леві Леваева, ні нават у беларускага рэзідэнта Міхаіла Шурыма з ізраільскімі партнёрамі. Можа, спярша правілы гульні ў РБ варта было зрабіць больш празрыстымі і стабільнымі?.. Ну, з такім магутным-тылам, як мама-«культОролог» (хіба аналаг «проффесора»?), у дзяўчыны ўсё мае атрымацца, прынамсі шчыра ёй гэтага зычу.

Усміхнуў і маскоўскі публіцыст Алесь Ч., які хоча быць большым беларусам, чым мясцовыя (што, зрэшты, характэрна для эмігрантаў – аўтараў «Радыё С.»), і падказвае ўладам: «Зьдзіўляюся, як беларускі МЗС і беларускія ідэолягі не выкарыстоўваюць габрэйскі фактар чыста з прагматычных меркаваньняў: гэта ж сапраўды калясальны, гіганцкі патэнцыял для турызма і ўвогуле для разьвіцьця сувязяў з Ізраілям, ЗША, Брытаніяй. Нашчадкаў беларускіх габрэяў – дзясяткі ці сотні тысячаў, сярод іх вельмі шмат багатых і ўплывовых людзей». У 2016 годзе! Пасля безлічы афіцыйных прамоў на тэму «Беларусь – радзіма яўрэйскіх сланоў мастакоў і партызан», пасля місіі лорда Бела, які ў 2000-х «адмываў» Беларусь ад антысемітызму, і шматлікіх заляцанняў высокіх чыноўнікаў да Софы, Эвіка, Фаіны, Грышы Іофе ды іншых інтарэсантаў! Выглядае, мінспорту на пачатку 2016 г. ўзяло экс-дырэктарку ІРА начальніцай беларускага агенцтва па турызму іменна ў спадзеве, што яна прывязе ў «сінявокую» яшчэ болей нашых супляменнікаў. Меркаваў даведацца пра поспехі Веранікі Д. за паўгода з сайта ўзначаленай ёю канторы, ды стаміўся чакаць, пакуль паадкрываюцца яго старонкі…

Яшчэ не заведзены атамны Молах пад Астраўцом ужо забірае людзей (дырэкцыя будоўлі АЭС праз дзень, 27.08.2016, пацвердзіла згубу рабочага). І што-што, а гэта саўсім не смешна.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

05.09.2016

wrubinchyk[at]gmail.com

Кароткі змест папярэдніх дзесяці серый

№ 19 (15.08.2016). Перадвыбарны перыяд. «Хто пасля Лукашэнкі?» Кампанія А. Лагвінца 2016 г. Успамін пра 2004 г., калі «адмінрэсурс» працаваў на карысць І. Аляксанавай. Выкрыцці П. Спірына ў 2012 г. І. Аліневіч пра А. Дзмітрыева. Прагнозы адносна шансаў А. Дзмітрыева, Т. Караткевіч, А. Трусава. Інцыдэнт на АЭС і кампанія «зялёных». Павольная беларусізацыя. Вывучэнне творчасці Ф. Гюлена беларускімі «інтэлектуаламі». Неадназначнае стаўленне да праспекта С. Бандэры ў Кіеве, крытыка з боку яўрэйскіх суполак. «Грамадская рэабілітацыя» нацысцкіх калабарантаў у Беларусі.

№ 18 (17.07.2016). Трэш ад С. Алексіевіч. Развагі пра адносіны палякаў і яўрэяў у вайну. «Адстаронены» падыход да ахвяр (Т. Снайдэр і інш.). Рэакцыя прэзідэнта Расійскага яўрэйскага кангрэса. Кніжныя падарункі з аўтографамі (М. Шуканаў, Д. Шульман, Зм. Дзядзенка, І. Бердзічэўскі, Г. Піліеў). Кароткі агляд рамана «Малінавы пелікан» Ул. Вайновіча. Палітычная кар’ера Г. Каспарава і яго недальнабачная пазіцыя пры адкліканні прэміі Гавела, прысуджанай П. Паўленскаму.

№ 17 (27.06.2016). Выступ С. Ландвер на «Усебеларускім сходзе». Яе скандальнасць. Думкі пра суполку, якой яна кіравала. Фільм «Гуд бай, бацька», эвалюцыя «першай беларускай газеты». Закон аб абароне дзяцей, «лалітыка». Бязглуздасць празмерных абмежаванняў у мастацтве. Атмасфера ў Беларусі і «перабудовачныя» фільмы. Канец брэжнеўскага кіравання вачыма А. Рыбіна. Наіўная «вера ў Захад» А. Лагвінца. Добрыя навіны (выстава «яўрэйскіх лялек» В. Гайшун і г. д.), кароткі ўспамін пра Д. Сімановіча. «Шагалаўскае» шоў на АНТ. Індульгенцыі ад кнігароў.

№ 16 (24.06.2016). «Усебеларускі народны сход», падабенства ў бачанні народу А. Лукашэнкам і С. Алексіевіч. Думкі Ю. Хашчавацкага, С. Ландвер. Цяганіна з выплатай пенсій выхадцам з Беларусі ў Ізраілі. Спробы М. Салодкінай і С. Ландвер дамовіцца з М. Шчоткінай (2007, 2012 гг.). Спрэчныя выказванні пра «сялянскасць» беларусаў, «інтэлігентнасць» яўрэяў. Гісторыя М. Шурыма, які страціў кароў. Водгукі на 15-ы выпуск «Катлет і мух». Канферэнцыя «пра яўрэяў» у БДУ (2008 г.). Помнік Э. Севелe ў Бабруйску. Дыскрэдытацыя ўрада Гройсмана міністрам Авакавым.

№ 15 (12.06.2016). Стан іудаікі ў несвабоднай краіне. Назіранне Бенькі пра паступовыя абмежаванні ў Беларусі. Сумнеў у тым, што дзяржава дапаможа развіваць іудаіку. «Афіцыйная» беларуская навука і фестываль нацыянальных культур у Гродне. Гіпатэтычныя крокі да выхаду з крызісу: сацыялагічнае даследаванне, заснаванне Цэнтра ідыша ў Пінску або Бабруйску, «Інстытут беларускай іудаікі». Замежныя інстытуцыі. Бюракратычны адказ на прапанову выпусціць канверт з выявай М. Кульбака.

№ 14 (20.05.2016). 25 гадоў беларускай дзяржаўнасці. Пастка будучай дэнамінацыі. Магчымыя пагрозы для незалежнасці. Расчараванне ў Захадзе, грубыя нападкі Ш. на ЕГУ. Глупствы ад зволеных з ЕГУ выкладчыкаў. Рэальнае месца тэмы Халакосту ў Беларусі. Антыканстытуцыйная ліквідацыя Вышэйшага гаспадарчага суда. Выпадкі, калі суддзі ў 2016 г. касавалі рашэнні выканаўчай улады. «Сэканд-хэндная» газета «Авив». Меркаванне пра парламенцкія выбары.

№ 13 (10.05.2016). Матэрыял Ю. Чарняўскай пра яўрэяў у СССР як падстава для вывадаў пра стан грамадства. Слабыя месцы гэтага артыкула і партала «прагрэсіўнага іудаізму». Малапісьменны дапаможнік для беларускіх студэнтаў «Гісторыя Беларусі. Ад старажытных часоў – па 2008 год». Думкі Дз. Сляповіча пра «моду на яўрэйства» ў Беларусі. Юдафобія ў колах «патрыётаў». «Цяжкасці перакладу» (дакументацыя АЭС, нарыс Бядулі). Алей Шалом з Бабруйска. Гастролі ізраільскага гурта «Арава» ў Мінску, Сабантуй у Рышон Ле-Цыёне.

№ 12 (24.04.2016). «Вясна юбілеяў»: Натан Воранаў, Майсей Кульбак, Змітрок Бядуля. Погляд Алеся Бузіны на Тараса Шаўчэнку. Апартунізм Бядулі і Кульбака ў 1930-х гг. Падарожжа Этгара Керэта ў Мінск-2016. Меркаванне пра агенцтва па турызму і Барыса Луцэнку. Праект па вывучэнні гісторыі савецкіх яўрэяў. «Такі Песах» і «Лімуд» у Мінску. «Экстрэмізм» у кнігах Зянона Пазняка і яго рэальныя памылкі. Зварот пра Курапаты ў пасольства Ізраіля.

№ 11 (03.04.2016). Рашэнне прэм’ер-міністра Ізраіля захаваць пасольства ў Беларусі. Лёс «ідышкайт». Выхад і прэзентацыя рамана П. Касцюкевіча «План Бабарозы». Кніга афіцыёзных філосафаў «Беларусь: культурно-цивилизационный выбор». Успамін пра наведванне Інстытута філасофіі і прапановы дырэктара. Гастролі «Серебряной свадьбы» ў Маскве. Разборкі вакол недзяржаўнай літпрэміі «Дэбют». Яўрэі і гумар.

№ 10 (26.02.2016). Візіт у Мінск ізраільскага паэта Ёнатана Барга. Уражанні ад выставы «Час і творчасць Льва Бакста», ад экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея ўвогуле. Некалькі слоў пра Майсея Кульбака. «Шарыкаўскія» выказванні дзяржаўных службоўцаў. Гісторыя з маечкай «Holocoste» на Нямізе, саматужная канспіралогія асобных публіцыстаў. Рэальныя праблемы яўрэйскага жыцця – у Ракаўскім прадмесці і не толькі.

Змест першых серый гл. у № 10 🙂

Ад рэдакцыі. Мы не заўсёды згодныя з суб’ектыўнымі ацэнкамі нашых аўтараў, у тым ліку і В. Рубінчыка.

Апублiкавана 6.09.2016 0:10