Tag Archives: Виктор Чернов

В. Рубінчык. Ці зможам адказаць?

Шалом! Гэтае лета, дый шырэй, апошні год у РБ – нейкі трыумф альбо шабаш пасрэднасці (на мове суседняй дзяржавы маю трэцяліпеньскі тэксцік «Пасрэднасць на маршы», дзе, натуральна, былі паказаны далёка не ўсё факты й тэндэнцыі). А пачалося ўсё значна раней…

З нагоды ўганаравання «вялікага гуманіста» Міколы Чаргінца званнем «Народны пісьменнік Беларусі» (у канцы чэрвеня 2022 г.) успомнілася перапіска Янкі Брыля з Уладзімірам Калеснікам. У 1966 г. Калеснік пісаў сябру:

Вульгарызатары вельмі шмат нарабілі зла, унушыўшы пасрэдным рамеснікам погляд, быццам літаратура і ёсць рамяство, сутнасць якога заключаецца ў лоўкасці пераказу агульнавядомых палажэнняў сацыялогіі на мову наглядных вобразаў. Гэты погляд і зручны, і выгадны для людзей, якія робяць творы «без божества, без вдохновенья», бо ён аблягчае ім занятак і заробак, а галоўнае — ураўнівае пасрэднасць з талентам, рамяство з творчасцю. І ніколі гэтая катэгорыя літаратараў не адступіцца ад мілых іхняму сэрцу прынцыпаў. Барацьба за сапраўднае мастацтва заўсёды была і будзе барацьбой супраць рамяства, якое заўсёды гатова на кан’юнктурныя «подзвігі». Гэта горкая праўда, але ад яе няма куды дзецца… Мне думаецца, у гэтай сітуацыі трэба асцерагацца лішняй уражлівасці, хваравітасці, а старацца весці барацьбу сістэматычна і з такім напружаннем сіл душы, якога вымагаюць абставіны, каб не растрачваць пачуццяў па-дурному… Іронія, на мой погляд, якраз найлепшая зброя, бо яна наносіць удар праціўніку і зберагае агонь душы, псіхічную энергію, якая ў адрозненне ад фізічнай затрачваецца беззваротна.

Ну, я-то свае жарцікі (часам удалыя, часам не) як наступальную зброю не трактую – хіба што для самаабароны юзаю… Быццам Аркадзь Аверчанка, жартую, калі мне весела; паколькі мне даволі часта бывае весела, то і жартую не так ужо рэдка.

Cуперсерыю з 12 кніг, аб’яднаных (на думку ініцыятараў праекта) тэмай справядлівасці, прэзентавала тутэйшае міністэрства інфармацыі. Да Льва Талстога, Уладзіміра Караткевіча ды інш. далучылі «Вам – заданне» таго самага Чаргінца – «Гамер, Мільтон і Панікоўскі» ^_^

Сайт «Звязды», 9 жніўня. Данііл Гранін стаў у прапагандыстаў «Аляксандрам», а брытанка Этэль Ліліян Войніч з яе «Аваднём» – ці то беларускай, ці то ўкраінскай пісьменніцай. Намміністра інфармацыі Бузоўскі ў «СБ», 10.08.2022: «Мы ўзялі ў гэтую падборку вядомыя ўсім класічныя раманы рускіх, беларускіх і ўкраінскіх аўтараў» О_о

Увогуле-то, зразумела, не да смеху, не да фіесты. Абурае, калі марадзёры & аматары прыпісак, якія цягнуць прэміі з дзяржбюджэту ў «міжсабойчык», бяруцца вяшчаць-верашчаць пра справядлівасць.

Да спадчыны Адама Іосіфавіча Мальдзіса (1932-2022) стаўлюся збольшага з піетэтам… прафесар насамрэч багата зрабіў для беларускай культуры. Але ў канцы 2000-х я быў збянтэжаны, калі зусім ужо не малады А. І. пайшоў аглядальнікам у казённую «Советскую Белоруссию», ды неяк няўклюдна патлумачыў свой крок у газеце «Народная воля»: маўляў, у любым разе трэба ведаць непрыяцеля знутры.

А. І. Мальдзіс (на фота) пісаў у газеціну, здаецца, пераважна пра тое, што беларускія скарбы расцярушаны па розных краінах, у пэўным сэнсе «цывілізуючы» мурло «СБ», выдання адміністрацыі Лукашэнкі. К 90-годдзю з дня нараджэння Мальдзіса – 7 жніўня 2022 г. – на будынку астравецкай бібліятэкі меркавалі павесіць шыльду ў гонар знакамітага земляка…

Цяпер, калі стала вядома, што рашэнне Астравецкага райвыканкама аб наданні бібліятэцы імя Мальдзіса прыпынена аблвыканкамам, не магу не ўзгадаць крыху нецэнзурную прыказку: «Служы пану верне, ён табе …»

Копіі дакументаў адсюль. Спачатку «актывістцы» Бондаравай, для якой Мальдзіс быў занадта «прапольскім», адказалі, што адмены рашэння не плануецца, праз пару дзён – што яго выкананне прыпынена 🙁 Эх, «губернатар» Гродзеншчыны, займаўся б ты лепей медыцынай…

Добра, адзначым Мальдзісаў юбілей па-свойму – перачытайма цытаты, датычныя беларускіх яўрэяў, з яго кнігі «Як жылі нашы продкі ў ХVIII стагоддзі» (перавыдавалася не раз; тут карыстаюся выданнем 2009 г.). Наколькі распаведзенае слушна – ацэньваць не мне, я не гісторык.

Асаблівай праслойкай сярод жыхароў тагачаснай Беларусі былі яўрэі-карчмары. З аднаго боку, іх няшчадна эксплуатавала шляхат, з другога – яны самі з такой жа няшчаднасцю абдзіралі сялян, значна павялічвалі феадальны прыгнёт у вёсцы… Прыезд шляхціца і тым больш магната не прадвяшчаў карчмару нічога добрага. У лепшым выпадку падарожны госць здзекаваўся з яго веры, угаворваў прыняць хрысціянства. У горшым – выганяў з дзецьмі прама на вуліцу, на дождж і снег. Саламону Маймону, чыё дзяцінства прайшло пад берагам Нёмана, у Жукавым Барку, не раз даводзілася начаваць у кустах. Побач з карчмой Маймонаў быў стары мост, які ніхто не хацеў рамантаваць. За гэта бацьку будучага філосафа часта білі бізунамі. А аднойчы яго прымусілі выпіць цэбар вады, ад чаго ён захварэў ліхаманкай. Аднойчы ў карчму Маймонаў зайшоў поп і патрабаваў бясплатна гарэлкі, а калі яму адмовілі, падгаварыў селяніна-баброўніка падкінуць у карчму чалавечы труп. Арандатара-пахтара (іначай «фактара», г. зн. пасярэдніка, гандлёвага агента. – В. Р.) абвінавацілі «ў забойстве хрысціяніна». Пачаліся жорсткія допыты. Баброўнік прызнаўся, што гэта ён падкінуў тапельца. Збітага карчмара ўрэшце выпусцілі, селяніну далі розаг, аднак папа, які ўсё падстроіў, так і не пакаралі. Пра гэтыя перыпетыі бацька Саламона Маймона склаў «нешта накшталт эпапеі з лірычнымі спевамі» і часта яе зачытваў…

Ф. Булгарын расказваў у сваіх «Успамінах» такую гісторыю. Неяк у Слуцку перад яго бацькам яўрэй-адкупшчык не зняў шапку. Абражаны шляхціц папрасіў Кароля Радзівіла («самага… добрага і высокароднага чалавека!») даць яму ў арэнду маленькі фальварак пад Слуцкам і стаў там прадаваць гарэлку па самай нізкай цане. Карчмару пагражала банкруцтва, таму ён прыбег да Булгарына прасіць прабачэння. Шляхціц нібы злітаваўся і нават прапанаваў яўрэю ўзяць «карчму» ў арэнду. Але як толькі адкупшчык падпісаў кантракт, выбеглі слугі, павалілі новага «арандатара» і ўсыпалі яму дзвесце ўдараў скуранымі пастронкамі. Яўрэі паскардзіліся ў Нясвіж [Радзівілам]. Але Булгарын з’явіўся туды і лёгка апраўдаўся: ён біў свайго арандатара і па сваёй частцы яго цела!

***

Учора ў Варшаве прэзентавалі кнігу «ПП» – гэты скарот значыць «Плошча Перамен». Змешчаны ў ёй здымкі журналіста Яўгена Атцецкага, які жыў побач з самай знакамітай «бунтоўнай» пляцоўкай г. Мінска (што знаходзіцца паміж Смаргоўскім трактам, вуліцамі Кахоўскай і Чарвякова). Таксама Атцецкі і яго памочнікі сабралі расповеды жыхароў суседніх дамоў, якія 2 гады таму пачалі збірацца ў дворыку ля вентыляцыйнай будкі. Каму цікава, як яна тады выглядала, зазірніце ў мае матэрыялы 2020 г.: раз, два, тры, чатыры

Я. Атцецкі падпісвае кнігу. Адсюль

Праца над праектам «ПП» вялася з канца 2020 г., інтэрв’ю з рэзідэнтамі Плошчы Перамен пачалі збірацца ў лютым 2021-г. Характэрны расповед Яўгена на прэзентацыі: «Тыя словы, што людзі казалі тады — яны былі шчырымі, яны былі дастаткова вострымі, і людзі не цэнзуравалі сябе ў той ступені, як яны, на жаль, робяць гэта цяпер… Мы сутыкнуліся з гэтым на апошняй стадыі рэдактуры тэкстаў, калі пачалі ўзгадняць іх з героямі. Мы пабачылі, што многія з іх хочуць перапісаць ранейшыя тэксты». Я таксама заўважыў, што некаторыя цяпер «баяцца ўласнай смеласці» (праяўленай летам-восенню 2020 г.). Нават часам думаю – а ці была ў некаторых тая смеласць? Або, як у «Джэнтльменах удачы», «усе пабеглі, і я пабег(ла)»?

Яшчэ адна важная для культуры кніга «Ля вытокаў беларускай палітычнай навукі» (204 с.) выйшла надоечы ў Вільні (Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт) пры дапамозе беларускага офіса нямецкага фонда Адэнаўэра. Гэта зборнік артыкулаў палітычных аналітыкаў Ірыны Бугровай, Святланы Навумавай, Сяргея Панькоўскага, Уладзіміра Роўды, Віктара Чарнова. Усе яны зарана памерлі, усіх я так ці іначай ведаў, у першых траіх нават навучаўся (той самы ЕГУ, Мінск, канец 1990-х). На жаль, не ўсё ў іх тэкстах пра Беларусь вытрымала выпрабаванне часам, але прадстаўлены матэрыял каштоўны, як мінімум з гістарычнага пункту гледжання. Добрую справу зрабілі ўсе, хто спрычыніўся да выхаду зборніка – найперш яго ўкладальнікі Уладзіслаў Іваноў і Андрэй Сцяпанаў, аўтар прадмовы Валер Карбалевіч. Што істотна, кніга зараз даступная ў сеціве – яе можна спампаваць, прааналізаваць, зрабіць на аснове прачытанага самастойныя высновы. Аспрэчыць, у рэшце рэшт.

C. Рогач, А. Ільінчык. Фота з адкрытых крыніц

Пасля колькіх дзён адседкі выйшла на волю аштрафаваная Сняжана Рогач, магістарка гісторыі, выкладчыца ВНУ, каторая час ад часу была пачытвала мае назіранні. Промні падтрымкі ёй… І гомельскаму барду, арганізатару канцэртаў Аляксею Ільінчыку, якога міліцыя на днях затрымала за «творчую дзейнасць у інтэрнэце» – таксама.

І культур-мультурны фінал. Год таму ў Менску (!) выйшаў альбомчык паэта і кампазітара Віктара Лупасіна з кампазіцыяй «Я – скумбрыя»… Сцёбнае танга не для ўсіх, але паслухаць варта.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

19.08.2022

w2rubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 19.08.2022  19:41

В. Рубінчык. Першачэрвеньскае

Шалому! Здаецца, лета ў Беларусі будзе гарачае ва ўсіх сэнсах. «Фортка магчымасцей» для альтэрнатыўных палітыкаў паступова пашыраецца, і цяпер у яе могуць пралезці нават кандыдаты пэўнай камплекцыі. Як у мульціку: «приятной наружности и вот такой окружности» (развіваць тэму не буду, каб не абвінавацілі ў фэтшэймінгу).

Збор подпісаў у Салігорску, май 2020 г.

Дальбог, многае ў гэтым сезоне грае супраць «сонцападобнага» – ён лепіць памылку за памылкай. «Наезды» на ахвотных заняць прэзідэнцкі фатэль у стылі дурнаватага рэкламнага персанажа ўзору 1991 г. («Прыйдзе дзень, і я скажу ўсё, што я думаю з гэтай нагоды»). Развагі пра тое, што жанчыны не прыдатныя для кіравання тутэйшай дзяржавай, што ў нас нібы гэтак пабудавана Канстытуцыя, значаць адштурхоўванне ўсіх маладых-амбітных прадстаўніц прыўкраснага полу (мо нават і Качанаву пакрыўдзіў…) Намёкі на нягегласць прэм’ер-міністра, уласнаручна прапхнутага на пасаду ў абыход той самай Канстытуцыі – усяго 21 месяц таму.

Дапусцім, што ў кожны з прэзідэнцкіх тэрмінаў мае ў парадку ратацыі з’яўляцца новы прэм’ер-міністр. Тады з 1996 г. (год, калі Лукашэнка атрымаў права прызначаць другую асобу ў дзяржаве фактычна без згоды заканадаўчага органа) у нас мусіла быць 5 прэм’ер-міністраў, якія служылі б да 2001, 2006, 2010, 2015 гг. і во цяпер – да «выбараў» 2020 г. Насамрэч жа іх налічваецца 7 – Лінг, Ярмошын, Навіцкі, Сідорскі, Мясніковіч, Кабякоў, Румас – а цяпер запланаваны восьмы. За гэты ж перыяд, 1996–2020 гг., набралося 9 кіраўнікоў адміністрацыі прэзідэнта… што сведчыць пра імкненне «цара» ўсцяж перакладваць адказнасць на «баяр» (што і назіралася ў крытычныя моманты – напрыклад, увесну 2017 г., калі разгараліся пратэсты супраць «дэкрэта № 3»). Які сур’ёзны чалавек з уласнай пазіцыяй пажадае будаваць кар’еру ў дзяржапараце пры такім раскладзе?

Мабыць, і вышэйшыя чыны спецслужбаў не ўсім здаволены: з 2005 г. змянілася 4 старшыні КДБ і 4 міністры ўнутраных спраў, але на пасадзе памочніка Аляксандра Лукашэнкі па нацыянальнай бяспецы 15 гадоў застаецца 1 чалавек, і па дзіўным супадзенні яго прозвішча таксама Лукашэнка. Калі Віктар-сын-першага-прэзідэнта ў 4 разы разумнейшы за сваіх паплечнікаў-урадоўцаў, гэта неабходна прапісаць у новай Канстытуцыі! 🙂

Хіба толькі верная Ліда, 1953 г. нар., крочыць у нагу з Лукашэнкам-старэйшым ад 1996 г., але і яна ўсё часцей скардзіцца, што пасада «галоўнай лічылкі» ёй надакучыла. А тыдзень таму прызналася, што пасля адстаўкі будзе… чакаць сыходу з жыцця, міжволі падклаўшы свайму шэфу тлустае свінчо. Цяпер маладыя юрысткі & юрысты зірнуць на Ярмошыну – і сто разоў падумаюць, перш чым наймацца на службу да Рыгорыча. Мала хто хацеў бы к 67 гадам быць высмактаным настолькі, каб весці паўрасліннае існаванне, хай сабе ў «элітным» квартале на вул. Ціхай. Уваход у той драздоўскі квартал – рубель, выхад – два 🙂

Памылка меншага маштабу – адклад «прэзідэнцкага паслання» нацыянальнаму сходу і беларускаму народу, з сярэдзіны красавіка да… грэцкіх календаў (29 мая стала вядома, што яно толькі рыхтуецца). Не, «так можна было», але спасылка на вонкавыя фактары не пераканала – незабыўная «міжнародная абстаноўка» яшчэ доўга будзе напружаная. 25 красавіка А. Л. вяшчаў: «Нам патрэбен дакладны прагноз. Яго сёння даць нельга». Як быццам на пачатку лета ўсё ў свеце «ўстаканіцца»…

Рэзюмэ? «Гэты чыноўнік зламаўся, прынясіце новага». Не думаў cёлета нікога падтрымліваць, але пасля чарговай пасадкі Сяргея Ціханоўскага, гэтым разам у выніку правакацыі (29.05.2020), і выступленняў «лепшых людзей горада» (прывет Яўгену Шварцу) з асуджэннем гродзенскай імпрэзы Сяргея, падпісаўся за вылучэнне жонкі блогера – Святланы Ціханоўскай. Праўда, пан Троцкі (! – Валянцін, каторы паплечнік Міколы Статкевіча) мяркуе, што збор подпісаў у нечым нават шкодны, бо адцягвае людзей ад рэальных пратэстаў.

І тым не меней… Мінск, 31.05.2020, каля 12:00

Трохі пацяплеў я да Валера Цэпкалы, якога «падсцёбваў» тут і тут. Агулам-то яго свежае інтэрв’ю Арцёму Шрайбману не ўразіла; В. Ц. даў зразумець, што ўдзел у палітычнай кумпаніі для яго – чарговы эксперымент (37:48–38:30). Але істотна, што Валер выказаўся супраць адкрыцця ў Беларусі АЭС (можна спытацца, дзе ён быў у сярэдзіне 2000-х гадоў, калі ў нетрах адміністрацыі рыхтавалася прынцыповае рашэнне аб пачатку будоўлі, ды лепей позна, чым ніколі), за абмежаванне прэзідэнцтва двума тэрмінамі… І, як той Віктар Бабарыка, амаль адразу выступіў у абарону Ціханоўскіх – гэткай салідарнасці «кандыдатаў у кандыдаты» бракавала ўлетку 2015 г. Сёння каля мінскай Камароўкі падпісаўся я і за Цэпкалу.

Чарга ахвотных пакінуць свой аўтограф «не за Лукашэнку» расцягнулася бадай на кіламетр… 31.05.2020, каля 12:30.

Мікола Казлоў і Анатоль Лябедзька (абодва – «у цэнтры ўвагі») за перамогу кандыдата ад АГП насамрэч не змагаюцца, а подпісы збіраюць для «зносін з народам»

Пікецік Андрэя Дзмітрыева быў не такі папулярны

На Камароўку прыйшоў і знаны «курапацкі» пратэстоўца Леанід Кулакоў

Над «ціханоўскай» палаткай развяваліся сцягі з еўрасаюзаўскімі зорачкамі і «Пагоняй»; гучала песня на матыў «We will, we will rock you» з пераробленымі словамі («Свер-гнем та-ра-кана!»)

Прадстаўнікі «Нямецкай хвалі» і Арцём, які працуе на тэлеканал «Белсат»

З Бабарыкам больш складана. Кандыдатурку фінансіста прасоўваюць Святлана А-ч з Мінска-Беларускага і Галіна А-т з Тверыі-Ізраільскай (зрэшты, Галіна – за таямнічага «Бабарэку» :)) Гэта дзве дамы, якіх варта паслухаць… і зрабіць наадварот. Тое, што лаўрэатка «наўзаем» падтрымае свайго фундатара, прадбачыць было няцяжка, ды ад гэтага не лягчэй. Трэці факцік – адзін колішні знаёмы, лукашыст і надаеда, «раптам» адкрыта запісаўся ў ініцыятыўную группу Бабарыкі. З аднаго боку, гэта сведчыць пра эрозію сістэмы, за якую шмат гадоў «тапіў» мой раўналетак, з другога – да тру-дэмакрата яго не пацягне…

Дарэчы, за тыдзень прадугадаўшы пазіцыю Святланы Аляксандраўны, я памыліўся ў іншым: у статусе Юрыя Глушакова. Ён-такі першы нам. старшыні ў партыі «Зялёныя» (ад пачатку 2020 г. – пасля колькігадовай паўзы), тут «Беларускі партызан» меў рацыю. А, напрыклад, у тым, што журналіст Віталь Цыганкоў з’яўляецца «вядомым палітолагам» – не.

Яшчэ раз пра бульбу, бо зноў чамусьці са мной пра яе спрачаюцца… Напэўна, ёсць сэнс развіваць вытворчасць некаторых яе гатункаў у Беларусі, але з галавы не выходзіць адзін эпізод. Увесь дзень у верасні 2004 г. на полі каля адной з вёсак Шчучынскага раёна капалі бульбу (я таксама капаў). Пад вечар прыехалі фуры са смуглымі людзьмі, перакупшчыкі хуценька пагрузілі мяхі з бульбай і павезлі «на Маскву», заплаціўшы вяскоўцам мізэрныя грошы.

Тутэйшыя бульбаводы былі – і, мяркую, застаюцца – прайстэйкерамі, а не прайсмэйкерамі. «Пужалкі» пра будучы голад у суседзяў трэба «дзяліць на шаснаццаць»; існуе праўдападобная версія, што пандэмія COVID-19 пайшла нават на карысць расійскай сельскай гаспадарцы, дый ва Ўкраіне не ўсё так кепска, як прадказвалі. Таму да парады галоўнага клюшкара «Трэба пасеяць паболей. Гэта будзе ўратаванне… Калі вы паводле тэхналогіі будзеце гэта абслугоўваць, атрымаеце хоць невялікую, але жывую капейку. Да вас прыедуць на поле і забяруць» (15.05.2020) стаўлюся даволі скептычна. Яна, між іншага, супярэчыла развагам таго ж «маркетолага»: «Галоўнае – прадаць па добрай цане, а не проста выпхнуць тавар за мяжу». Дый пазнавата ў сярэдзіне траўня было даваць парады наконт бульбы, не?

В. а. цара згадаў вытворчасць малака і мяса, але не настойваў, што ў іх «уратаванне». Пэўна, рэч у тым, што вырабы, якія прыносяць краіне ў разы больш валюты, так і не зрабіліся нацыянальнай «фішкай». Некаторым жа карцела пагуляцца з тутэйшай сімволікай і стэрэатыпамі (як пазалетась, калі мяхі бульбы былі дастаўлены Пуціну на Новы год), а да таго ж па прызначэнні даты «выбараў» паказаць уласную «блізіню да народу»… Ну, і зацыкленасць палітычнага пенсіянера на мінулым адыграла ролю. У кастрычніку 2019 г. в. а. даводзіў казахам (не перакладаю, каб захаваць cтылёвыя адметнасці):

Картофель — это же наш спаситель. Что такое картофель? Картофель в войну и прочее где-то вырастил, и ты вместо хлеба, вместо молока… На картошке на одной люди выживали. Когда мне говорят, какой бы памятник вы за войну поставили в Беларуси… Я бы мешок картошки на памятник воздвиг и корову.

На хвілінку, вайна скончылася 75 год таму. У XXI ст. нават на прасторах СНД вага бульбы ў спажывецкім кошыку зніжалася… Я не супраць бульбы, сам яе люблю на сняданак – але супраць таго, каб з гэтага клубняплода рабіўся нейкі фетыш. І хопіць пра «піянераў ідэал».

Іегуда Пэн. Аўтапартрэт 1932 г.

* * *

Першага чэрвеня 2009 г., г. зн. акурат 11 год таму, памёр Аляксандр Сяргеевіч Патупа – фізік, прадпрымальнік, пісьменнік, даследчык сацыяльна-палітычных працэсаў, якому сёлета ў сакавіку магло б споўніцца 75. Між іншага, у 1960-х гадах юны першаразраднік Патупа лічыўся ў БССР перспектыўным шахматыстам.

А. Патупа і адна з яго мастацкіх кніг, якая ёсць і ў маёй бібліятэцы

Зважаючы на млявую зваротную сувязь, не ўсім «зайшла» ідэя пра помнік дачасна памерлым беларускім медыяменеджарам. Усё-такі, прыпомніўшы мае сустрэчы з Аляксандрам Сяргеевічам у 2004 г., якія пакінулі добрае ўражанне, высоўваю яшчэ адну ідэю – помнік беларускім палітычным аналітыкам. Такі помнік мог бы стаяць на прыватнай тэрыторыі ды мець форму «абстрактна-канкрэтнай» скульптуры, прысвечанай наступным рана памерлым людзям:

Алег Багуцкі (1968–2017)

Ірына Бугрова (1954–2011)

Святлана Навумава (1956–2011)

Сяргей Панькоўскі (1956–2009)

Аляксандр Патупа (1945–2009)

Віталь Сіліцкі (1972–2011)

Віктар Чарноў (1957–2013)

Яднае гэтых людзей тое, што яны глынулі вольнага паветра канца 1980-х – пачатку 1990-х гадоў – а потым, цытуючы выраз аўтара belisrael.info пра медыяменеджараў, «не маглі ўжо вярнуцца ў ранейшыя цуглі». Унёсак пералічаных у развіццё палітаналітыкі на нашых землях быў розны, але галоўнае, што ён быў. І стаўся падмогай для новых пакаленняў…

Нехта запярэчыць, што палітычныя даследаванні для Беларусі не актуальныя, і лепей бы ўвекавечыць у метале працаўнікоў больш патрэбных прафесій. Дык не адзін год існуюць ужо ў нашых гарадах скульптуры паштальёнаў…

Мінск (ля кінатэатра «Кастрычнік»), Барысаў (ля вакзала)

Крыху шануюць у нас і дворнікаў – іх вобразы ўвасоблены як мінімум у Гомелі і Мінску. Зрэшты, калі меркаваць паводле мінскай скульптуры, дзе даўно бракуе кавалу мятлы, ні мастацтва, ні нават прыбіранне смецця ў вачах тутэйшага начальства не ёсць прыярытэтам 🙁 Іначай раённае або сталічнае чынавенства знайшло б невялікія грошы для рамонту.

Выгляд скульптуры на вул. Карастаянавай – у 2012 г. і ў 2020 г.

Ну, а завяршыць хочацца, натуральна, на мажорнай ноце. У вясну, сапсутую распаўсюдам COVID-19 (на 31.05.2020 у Беларусі, пішуць, памерла 235 чалавек, і 24 тысячы яшчэ не акрыялі) ды хабёльствам асобных гора-кіраўнікоў, выявіліся і лепшыя якасці чалавечага роду. Гл. дзве наступныя аб’яўкі, сфатаграфаваныя ў Цэнтральным раёне г. Мінска:

На бульвары Шаўчэнкі і вул. Веры Харужай (пад’езд аднаго з дамоў)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

01.06.2020

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 01.06.2020  00:04