Я пра тое, што назіралася ў канцы тыдня – абвяшчэнне даты «прэзідэнцкіх выбараў» і парад, ён жа «выбар, ад якога няможна адмовіцца» (ясна, успомніўся аналагічны выраз «Хроснага бацькі»). Палова падзеі – гэта канцэрт увечары 9 мая на сталічнай плошчы Перамогі, ён жа чарговае масавае мерапрыемства, праведзенае ўладамі РБ насуперак рэкамендацыям Сусветнай аховы здароўя.
Пачну з думак пра парад і канцэрт. Бадай, лішне казаць, што логіка «людзі на фронце не баяліся, а вы…» у мірны час вельмі хісткая і непрымальная ў 99,9…% выпадкаў. Гэта нават і не логіка часцей за ўсё, а дэмагогія. Дальбог, мой дзед Вульф Залманавіч ваяваў не за тое, каб гледачы – многія з якіх учора не датрымлівалі і не маглі датрымліваць санітарнай дыстанцыі – падстаўляліся пад небяспеку захварэць на COVID-19.
Фота адсюль
Павел Севярынец заранёў – яшчэ 3 мая – ахрысціў учорашнюю імпрэзу «парадам смерці». Ён палітык і мусіць «завастраць», а калі ўключыць менш эмацыйны рэгістр, то варта ўдакладніць, што з удзельнікаў і гледачоў у бліжэйшы час памруць не ўсе – і дай Б-г, каб ніхто не памёр. Аднак рызыка таго, што мноства людзей у тлуме падхапіла кантагіёзны вірус – вялікая, а наступствы хваробы, выкліканай каранавірусам, які мутыруе, непрадказальныя. Ну, калі маем «высачайшае» стаўленне да жыхароў Беларусі як да «народца», а нават часам як да «пагалоўя» (прымаўка пра «карову, якая ідзе да сена» ў 2016 г., агаворкі ці «шутки юмора» пра «чыстку капытоў» у 2017 г. і «напыснікі» ў 2020 г.), то насамрэч няма розніцы, колькі «галоваў» захварэе: на тысячу болей, на тысячу меней… Вонкавым назіральнікам гэткі пафігізм часам, як ні дзіўна, здаецца лібералізмам (як жа, «гаспадар» не зачыняе быдла народ у тухлых стойлах кватэрах!)
Паўмесяца таму я пісаў, што «Нават калі б памірала на аднаго чалавека меней за кожны патрачаны або недаатрыманы мільён долараў – няўжо яно не было б таго вартае?» Гаворка ішла пра некалькі дзясяткаў мільёнаў замест аднаго (!) няпоўнага мільёна, вылучанага пастановай урада 21.03.2020. На той час у краіне яшчэ не было памерлых ад COVID-19, i я дапускаю, што колькасць іх можна было б скараціць мінімум удвая, хоць бы абавязаўшы рэзідэнтаў РБ на працягу чатырох-пяці тыдняў насіць маскі ў публічных месцах. І загадаўшы TV устрымацца ад «растопчынскіх афішак» тыпу «Беларусь – не істэрычная дзяўчына-падлетак, якая хавае свой твар пад маскай, а гордая рэспубліка-партызанка» (СТВ, 10.04.2020; у 1986-м, прыпамінаю, гэтак жа «бадзёра» змагаліся з наступствамі аварыі на Чарнобыльскай АЭС).
Натуральна, маскі мусілі б распаўсюджвацца бясплатна або за сімвалічную суму, i хай бы на тое пайшло не 50, а 100 мільёнаў USD – пры васьмі мільярдах золатавалютных рэзерваў сума пад’ёмная. Нагадаю, на «Еўрапейскія» гулі 2019 г. было выдаткавана мінімум чвэрць мільярда.
Нашэнне масак не дае поўнай гарантыі ад заражэння, аднак істотна зніжае верагоднасць апошняга. Калі ж яно непамыснае, то чаму, цікава, нацыянальная авіякампанія 8 мая запатрабавала, каб «з 11.05.2020 усе пасажыры, уключаючы дзяцей, старэйшых за 6 гадоў, пры афармленні ў аэрапорце… павінны пастаянна быць у ахоўных масках у час рэгістрацыі, пры надглядзе на бяспеку, у аўтобусах або на тэлетрапе, а таксама на борце паветранага судна цягам усяго палёту (за выняткам часу прыёму ежы)»? Патрабаванне слушнае, вось толькі выстаўленае са спазненнем на паўтара-два месяцы. Многія авіярэйсы ў маі проста давялося адмяніць…
Дадатковыя дзясяткі мільёнаў «зялёных» з рэзерваў Нацбанка (я ўжо не кажу пра прэзідэнцкі фонд) маглі б пайсці таксама на лекі, своечасовае заахвочванне медперсаналу і г. д.
Здаецца, нічога крамольнага ў агучаным не было й няма. Абгрунтаваныя надзвычайныя захады ў надзвычайнай сітуацыі не маюць нічога супольнага з «таталітарызмам». Ды нездарма кажуць: «Калі нешта можа быць зразумета няправільна, гэта будзе зразумета няправільна». Адна цікавая асоба перакруціла мае словы так, быццам я прапаную 8 мільярдаў рэзерваў «узяць і падзяліць» – г. зн. кожнаму з 9,4 млн жыхароў выдаць па 800 з нечым USD. Значыць, або звышсквапнасць, або транжырства – трэцяга не дадзена ¯\_(ツ)_/¯
Агулам, усё часцей назіраю тут у некаторых «стакгольмскі сіндром». Гэтыя «некаторыя» разважаюць: улада кепская, мафіёзная, але «можа, так і трэба», бо «кожны народ заслугоўвае свой урад», а калі торгацца, будзе яшчэ горай. Інтэлектуалы 🙁
Выклікае павагу пазіцыя прэзідэнта Украіны, якім бы пан Зяленскі ні быў: «Памятаючы ўсе жахі таго перыяду, мы не робім з вайны культу. І гэты важны дзень — не рэкламная кампанія, не спаборніцтва лозунгаў, не пампезны конкурс танцаў на касцях. Таму што для ўшанавання подзвігу кожнага, хто набліжаў перамогу, галоўнае не гучнасць, а шчырасць». Помнікаў павінна быць нямала, а ўсё-ткі няма чаго ператвараць цэлую краіну (будзь то Украіна, Беларусь, Ізраіль…) у «помнік вайне». Традыцыя пышных вайсковых парадаў у нас насамрэч замацавалася, тым не менш парад i святочны канцэрт мажліва было перанесці на 03.07.2020 – гадавіну вызвалення Мінска, пагатоў паводле шэрагу прагнозаў к таму часу пандэмія COVID-19 крыху суцішыцца… Як не суцішыцца, то пачакалі б і да Дня горада (12.09.2020).
Сам «галоўны» 8 мая заявіў, што «калі будзем ісці гэтым (цяперашнім – В. Р.) шляхам, мы абавязкова праз месяц забудзем пра гэты каранавірус». Не, не забудзем; што праўда, ёсць шанс, што вірус «аслабне» ў нашым клімаце; тады праз колькі тыдняў будзе больш людзей ачуньваць, чым трапляць у бальніцы, і медыкі, многія з якіх цяперака працуюць за траіх, уздыхнуць з палёгкай.
Пакуль што лічбы не цешаць: па стане на 08.05.2020 захварэла на 516 чалавек болей, чым паправілася. На наступны дзень розніца была меншай, але таксама істотнай: 385. 10.05.2020 паведамілі, што за суткі дадаўся 921 хворы, а паправіліся 356 (розніца 565!) Ці ад харошага жыцця, напрыклад, Пінская цэнтральная бальніца з 8 мая працуе ў рэжыме інфекцыйнага шпіталя? Карацей, аніяк не было ўчора падстаў для гучных святкаванняў, калі ў краіне мелася 16 тыс. нявылекаваных хворых на COVID-19, г. зн. цэлы райцэнтр.
Белчынавенства пазірае на канцэрт. Мінск, 09.05.2020. Фота адсюль
Зміцер Дзядзенка напісаў 06.05.2020 у fb: «САЎДЗЕЛЬНІКІ ЗЛАЧЫНСТВА. Менавіта гэтая фармулёўка прыходзіць на розум, калі думаеш пра тых артыстаў, якія пагадзіліся ўдзельнічаць у канцэрце 9 траўня. Бо як іначай можна назваць людзей, якія дапамагаюць стварыць умовы для заражэння небяспечнай інфекцыяй?» Я б не «сёк з пляча» (паслухаць бы меркаванні саміх «саўдзельнікаў»), але, у прынцыпе, абурэнне Змітра падзяляю. Эх, міністэрства культуры і «рэжысёрска-пастановачная група на чале з лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва Аляксандрам Вавілавым»…
*
Восьмага мая квазіпарламент абвясціў пра квазівыбары квазіпрэзідэнта (09.08.2020). Адразу заявілі пра сябе… ну няхай «кандыдаты ў кандыдаты»: Гайдукевіч-малодшы, Дзмітрыеў, Цапкала, Ціханоўскі, Чэрачань. Адноснай нечаканасцю стала толькі (пакуль што віртуальнае) вылучэнне Валерыя Цапкалы, якога, зрэшты, яшчэ ў 2006 г. уключыў у «Спіс беларускіх палітыкаў», падрыхтаваны для кнігі «Палітычная гісторыя незалежнай Беларусі». Тады пан Цапкала кіраваў новаствораным «паркам высокіх тэхналогій»; я прадчуваў, што на гэтым ён не спыніцца. 🙂
У сярэдзіне 1990-х малады Валер чытаў лекцыю нам, студэнтам ЕГУ. Мае – цяпер ужо даволі цьмяныя – уражанні ад лектара: хітры, чэпкі, адукаваны (менавіта ў такім парадку). Па заканчэнні крыху паспрачаўся з ім тэт-а-тэт… Калі б 55-гадовы дыпламат і дасведчаны топ-менеджэр рэальна паставіў на кон усе свае рэсурсы, то мог бы стаць не абы-якім супернікам для 65-гадовага Лукашэнкі.
Цяпер чытаю праграмную заяву Цапкалы, пад якой – тысячы лайкаў. I перакладаю фрагменты на беларускую:
Звыш чвэрці стагоддзя… у краіне ўсталёўваліся сямейныя, неафеадальныя адносіны з магчымасцю праяўлення розных форм капрызнасці, бесцырымоннасці і грубасці ў дачыненні да тых, хто стаіць ніжэй у сацыяльнай лесвіцы.
Адбывалася паслядоўная ізаляцыя энергічных асоб альбо іх выцісканне з краіны. Прадпрымальнік быў крыміналізаваны, а грамадзянін «стэрылізаваны». У выніку сфармавалася грамадства, пазбаўленае іскраў творчасці, смеласці, адвагі. Вынікі гэтага мы добра бачым. Эканоміка страціла канкурэнтаздольнасць, а грамадства – здольнасць да развіцця…
Моладзь з’язджае за мяжу сем’ямі. Бо лічаць, што там больш перспектыў, ведаў, свабоды, грошай і… надзеі. Надзеі на тое, што заўтрашні дзень можа быць лепшы за сённяшні… Беларускае Адраджэнне, магчымасць якога яшчэ адчувалася ў сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя, не адбылося. Яно змянілася ліхалеццем («безвременьем»), перыядам застою, стагнацыі, грамадскай апатыі і абыякавасці…
Сёння Беларусь стаіць перад гістарычным выбарам! Або працягваць траціць час і энергію на развязанне праблем учорашняга дня. Або і далей выдаткоўваць грошы падаткаплатнікаў на дарагія спартыўныя мерапрыемствы, бутафорскія парады, палацы і рэзідэнцыі.
Або рухацца ўперад, у будучыню!
І г. д.
Амаль з усім я б згадзіўся (у нечым аўтар аж занадта радыкальны), але… у палітыцы важна не толькі тое, што сказана, але і тое, кім сказана. Не абавязкова быць палітолагам, каб заўважыць, што пан Цапкала ў канцы 1990-х – пачатку 2000-х актыўна будаваў тую самую сістэму, якую цяпер лупцуе. Першы намеснік міністра замежных спраў РБ (1994–1997), без сумневу, ухваліў вынікі «рэферэндуму» 24.11.1996, іначай не стаў бы паслом Беларусі ў ЗША (1997–2002). У 2002–2005 гг. В. Ц. служыў памочнікам прэзідэнта, быў прадстаўніком Лукашэнкі ў Нацыянальным сходзе. Пра яго пратэсты супраць чарговага квазірэферэндумy восенню 2004 г. – які, зняўшы канстытуцыйныя абмежаванні на колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў, даў зялёнае святло тым самым «сямейным, неафеадальным адносінам» – мне, на жаль, не вядома.
Ніхто не ідэальны, і людзі з часам мяняюцца… Можа, дыпламат раптоўна зрабіўся відушчым, як на выступе прапаведніка-харызмата? Можа быць, але ў такім разе закон жанру вымагае пакаяння за «жыццё без веры»… У нашым выпадку мінімальная вымога – тлумачэнне патэнцыяльным кандыдатам сваіх ранейшых паводзін.
Ёсць і яшчэ адна аксіёма палітыкі: важна не толькі тое, што сказана, але і тое, што не сказана. Насцярожвае цэнзураваны варыянт біяграфіі «кандыдата» на яго сайце:
Зрэшты, і ў фэйсбуку В. Ц. сарамліва памоўчвае пра тры гады на пасадзе памочніка Лукашэнкі:
Так сабе пачатак. Хаця… якія выбары, такія і прэтэндэнты (правацэнтрысты вунь увогуле пастанавілі не вызначаць «адзінага» кандыдата, згамаваўшы свае «праймерыз»). Не выключаю, што кандыдат Ц. зойме 2-е месца, і гэта з’явіцца «суцяшальным прызам» для айцішнікаў усяе Беларусі. Міністэрства лічбавай эканомікі, пра якое шмат гаварылася ў 2018–2019 гг., ім не адшкадавалі, дык хоць такую сімвалічную «моркаўку» перад носам павесяць.
Вольф Рубінчык, г. Мiнск
wrubinchyk[at]gmail.com
10.05.2020
Апублiкавана 10.05.2020 21:00